I.
Орыгінальныя вершы
1908—1917
У першы разьдзел увайшлі ўсе сабраныя Камісіяй орыгінальныя вершы поэты, якія былі напісаны ім з першых дзён яго літаратурнай дзейнасьці, за выключэньнем „Вянка“, які захованы ў ранейшым выглядзе і выдрукаваны ў 2-ім разьдзеле I-га тому, і 2-х вершаў з папкі № VI — „Хмурныя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі“ і „Русалка“. Гэтыя абодва вершы, як узоры раньніх, неапрацаваных у мове (русіцызмы) і ў мастацкім стылі (рытміцы, падбору вобразаў), зьмешчаны ў канцы ўваг да I-га разьдзелу. Вершы 1908–1917 г. г. узяты часткаю з рукапісаў поэты і часткаю з пэрыодычных выданьняў (у тым ліку і з беларускіх календароў), дзе яны былі выдрукаваны.
Датуюцца гэтыя вершы ці на падставе аўтарскай паметкі ў аўтографе, ці, калі аўтографу няма, тым годам, калі яны былі ўпяршыню выдрукаваны. У паасобных выпадках даты ўстаноўлены гадана на падставе некаторых допытаў, аб чым ніжэй даюцца адпаведныя даведкі.
Пры датаваньні вершаў Камісіяй выкарыстаны сьпісы, якія былі ўкладзены поэтам для зборнікаў сваіх вершаў „Красавік“ і „Шыпшына“. Зборнікі гэтыя поэта выдаць не пасьпеў, але плян да іх складаўся ім і ў чарнавым выглядзе захаваўся ў папках IV (№№ 8, 39) і XI (№№ 11, 1). (Больш падрабязна аб гэтым гл. ўвагу да разьдзелу II).
1. Мае песьні. Верш друкуецца з аўтографу (папка IV, № 12). Напісаны, як зазначана аўтарам у аўтографе, у 1908 годзе.
1 р. „Смутак дзьме душу“ напісаны поэтам, мабыць, замест „дзьме ў душу“.
У слове „нявідзімы“ (15 р.) пісьменьнікам ужыта форма, утвораная на ўзор расійскае літаратурнае мовы.
2. Hoч. Верш друкуецца з аўтографу (папка VI, № 22). Напісаны ў 1908 г., як зазначана рукой аўтара ў аўтографе. Падпісаны „Максім Крыніца“. В. Ластоўскі ў лісьце да Літкамісіі ад 12-II-26 г. піша, што псэўдонім „Максім Крыніца“ быў даны Багдановічу Ядвігіным Ш.
Багдановіч ужываў форму дзеяпрыслоўя цяперашняга часу: „аблівая“ (5 р.), „качаясь“ (7 р.).
3. На чужыне. Верш першы раз друкаваўся ў „Нашай Ніве“ 1909 г. Захаваўся ён і ў аўтографе (папка VI, № 23).
Наогул, у I разьдзеле ёсьць вершы, якія друкаваліся ў „Нашай Ніве“ і захаваліся ў рукапісах поэты. Усе гэтыя вершы („На чужыне“, „Лясун“, „Прывольная цёмная пушча“) — № 11, „Пугач“ — № 13, „Асеньняй