ноччу“ — № 14, „Зьмяіны цар“ — № 23) друкуюцца ў выданьні з тэксту „Нашае Нівы“ з тае прычыны, што тэкст вершаў у „Н. Н.“ больш апрацаваны. Кім рабіліся папраўкі ў вершах поэты, што друкаваліся ў „Нашай Ніве“, Літаратурнай Камісіі невядома. В. Ластоўскі ў сваім лісьце ад 12-II-26 г. гаворыць, што папраўкі ў вершах, якія прысылаліся у „Н. Н.“, павінен быў рабіць Я. Купала. Мажліва, што вершы М. Багдановіча былі выпраўлены Я. Купалам ці кім-небудзь іншым з складу рэдакцыі „Н. Н.“, але магло быць і так, што гэтыя папраўкі выпадкова рабіліся і самім поэтам. Напрыклад, нам вядома, што ў лісьце да рэдакцыі „Н. Н.“ ад 31-VII-1912 г., у якім поэта просіць надрукаваць у „Вянку“ свае пераклады з Вэрлена, ім-жа, між іншым, прысланы папраўкі да вершаў: „Рыцар Няшчасьце“ і „О, сум, усьні ў душы маей“.
Таму, што рукапісных тэкстаў вышэйпералічаных вершаў з аўтарскімі ці іншымі рэдакцыйнымі папраўкамі Літкамісія ня мела, дык для друку яна прымушана была браць друкаваны тэкст „Нашае Нівы“, як больш выпраўлены. З гэтае прычыны і верш „На чужыне“ друкуецца з „Нашае Нівы“.
У аўтографе верш задатаваны 1908 годам і падпісаны „Максім Крыніца“.
Рукапісныя варыянты:
1Навокала пышна цьвяты расьцьвятаюць…
4Наш родны, забыты ў цяню васілёк…
В. напамінае пераклад з А. Крымскага (гл. V разьдзел № 286).
Да в. „На чужыне“ даецца копія аўтографу, як характэрнага па пісьме да першых гадоў творчасьці поэты.
4. З цыклю „Эрос“. „У космах схаваліся кветы“… Верш друкуецца з аўтографу (п. VI, № 48). На падставе параўнаньня па пісьме з задатаванымі вершамі 1908 і 1909 г.г. Літаратурная Камісія ўмоўна адносіць дату напісаньня вершаў (з цыклю „Эрос“. №№ 4 і 5) да 1908-1909 г.г. Юнацкімі іх трэба лічыць і па характары трактоўкі выбранае поэтам тэмы.
У лексыцы зварачае на сябе ўвагу русіцызм — „няскромная“ (6).
5. З цыклю „Эрос“, Зірнуў, як між валос… Верш друкуецца з аўтографу (п. VI, № 30). Дата напісаньня (1908-1909 г.) устаноўлена гадана па пісьме (гл. вышэй увагу да в. № 4).
У 3-ім радку слова „згадаў“ ужыта поэтам у сэнсе „вызваў“.
6. Я бальны, бясскрыдлаты поэт… Верш выдаецца з аўтографу. Напісаны ў 1909 г. на фотографічнай картачцы, зьнімак з якой зьмешчаны на 9-ай стар. Вершы прысьвечаны М. А. К-ай, з якой поэта пазнаёміўся ў Крыме на фэрме „Шалаш“, дзе лячыўся ўлетку 1909 г. („Матар‘ялы для біографіі М. Багдановіча“ — бацькі поэты А. Я. Багдановіча). Гэтай-жа асобе прысьвечаны і в. „Цемень“ (№ 18).
7. Нашай Ніве. Верш выдаецца з „Нашае Нівы“. Першы раз друкаваўся ў „Н. Н.“ 1909 г. № 46.
8. Прыдзе вясна. Верш друкуецца з „Нашае Нівы“ і задатаваны годам надрукаваньня — 1909. Напісаны быў не пазьней 1908 г. Гэта відаць з наступнага: у канцы вершу ў „Н. Н.“ ёсьць прыпіска: „Ніжні Ноўгарад“, а, як вядома, з Н.-Ноўгараду ў Яраслаўль поэта пераехаў улетку 1908 г. (Матэрыялы да біографіі М. Б. бацькі поэты).
У 9-ым р. „сна“ зам. „сну“ застаўлена для захаваньня рыфмы.
Прыводзім пераклад гэтага вершу на украінскую мову, выдрукаваны ў „Літературна-Навуковім Вістніку“ 1909 г. № 9.