Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сваёй сувязі з вёскай, зьявіцца ў рачаіснасьці твор, які ў мастацкай форме ажыцьцёвіць сувязь паміж культурнымі імкненьнямі сялянска-батрацкай і гарадзкой працоўнай стыхіі.

Такі нахіл поэзіі ў Гартнага зьяўляецца зусім натуральным: ён сам быў гарбаром, сам працаваў у майстэрні ў гразі і смуродзе…

Нахіл да карыстаньня з мотываў гарадзкога працоўнага пролетарыяту прыметны і ў Міхася Чарота, які не адмаўляецца ад сваёй сялянскай музы, але ставіць сабе і іншыя заданьні.

Ведай сьвет — я вясковы мужыччы сынок,
Я пяю, што пяе селянін,
А ты чуеш, іграе заводаў гудок,
У кузьні гучна зьвініць каваля малаток —
Пра адно мы пяём, як адзін.

І ня дзіўна, што поэта прасякаецца лятуценьнем сучаснага пролетара-гарадчаніна.

Машыны будзе век, ня трэба будзе конь,
Бляск электрычнасьці там хмара не заслоніць.

(„Буралом“).

Падобныя-ж імкненьні прыметны ў пачынаючых поэтаў, асабліва ў Александровіча, які з працягам часу вырасьце ў вельмі значную велічыню на беларускім небасхіле, а цяпер зьяўляецца найвыдатнейшым беларускім поэтай гораду.

Зразумела, што калі ўтворыцца такая чыста пролетарска-фабрычная беларуская поэзія, яшчэ больш узрасьце значэньне беларускага пісьменства ў справах агульна-пролетарскай культуры.

Аднак нельга адмаўляць таго, што такой поэзіі ў уласным сэнсе пакуль што няма ані ў Расіі, ані ў Беларусі, і тут у Беларусі маецца вельмі мала даных для яе разьвіцьця. Каб быць чыста пролетарскім пісьменьнікам, які адбівае быт і настроі фабрычнага