Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заўважыць, што даныя акад. Яўхіма Карскага ў яго I томе „Белоруссов“, на якія спасылаецца т. Шульман, даволі няпоўныя і патрабуюць значных дадаткаў. Ясна пры гэтым, што і цяпер літаратурная беларуская мова можа такім-жа парадкам убіраць у сябе чужаземныя тэрміны, як гэта адбывалася ў гістарычным разьвіцьці нашай мовы, і не сапсуецца яна ад таго, што будуць ужывацца, напр.: „пэрпэндыкуляр“, „гіпотэнуза“, „катэт“ і інш.

Аднак-жа, я не магу згадзіцца з тэю думкаю, „што інтэрнацыянальная навуковая, тэхнічная і іншая тэрмінолёгія павінна ўжывацца ў беларускай мове, за выключэньнем тых выпадкаў, калі ў мове ўжо існуюць народам створаныя іншыя адпаведныя тэрміны“.

Ясна, папершае, што толькі самы нязначны процант чужаземных слоў знаходзіць сабе эквівалент у народнай мове, бо чужаземныя словы больш ужываюцца або для азначэньня абстрактных паняцьцяў, якіх няма ў звычайнай народнай мове, або для азначэньня новых здабыткаў тэхнікі, якія толькі што ўваходзяць у народнае ўжываньне. Адсюль я лічу, што пры перакладзе чужаземных тэрмінаў адчыняецца шырокі прастор для выяўленьня творчай самадзейнасьці ўкладальнікаў навуковых тэрмінолёгій, слоўнікаў і наогул аўтараў літаратурных твораў, адным словам, адчыняецца шырокі прастор для новатвораў. Супраціўнікі такіх новатвораў звычайна любяць спасылацца на „мокроступы“, стварэньне расійскіх нэолёгістых пачатку XIX ст. Але яны не заўважаюць таго, што апроч „мокроступов“, якія не ўвайшлі ў расійскае народнае ўжываньне, расійскімі „словатворцамі“ ў XVIII і пачатку XIX сталецьця было створана шмат нэолёгізмаў, якія адчуваюцца цяпер, як зусім народныя словы. Для прыкладу даволі паказаць на словы: „предмет“, уведзены