Старонка:На літаратурныя тэмы (1929).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

В. Трацьцякоўскім, накшталт польскага przedmiot, а таксама „пароход“, „паровоз“, — стварэньні поўпаляка, поўбеларуса М. Грэча. І я лічу, што цяпер слоўная творчасьць павінна выявіцца ў асабліва выразных формах.

Якія-ж маюцца для таго мотывы?

Зусім ня тыя, якія паказвае паважаны т. Шульман.

Для мяне, прынамсі, адзіночным мотывам для перакладу чужаземшчыны на нашую мову зьяўляюцца патрэбы масавай асьвета.

Растлумачу, што гэта значыць.

Зусім ясна, што Кастрычнікавая рэволюцыя зрабіла поўны пераварот у сыстэме нашае асьветы. Ясна, што пасьля Кастрычніка зьмянілася кола грамадзтва, якое абслугоўваецца кнігай і школай, што зьмяніліся самыя кірункі асьветы. З гушчы рабочых і сялян пашоў у школу новы вучань. І тутака зрабілася патрэбнай пераацэнка ранейшых культурных каштоўнасьцяй. Павінна была зьмяніцца і мова, як фактар культурнага разьвіцьця. Наогул мова рэволюцыйнай эпохі спросьцілася, зблізілася з масавай мовай. Найбольш выразна гэты процэс выявіўся ў Украіне і ў нас, на Беларусі, бо тутака расійская літаратурная мова асабліва выразна адрозьніваецца ад мовы народных мас. Гэтая навукова-літаратурная расійская мова на працягу свайго гістарычнага разьвіцьця ўвабрала ў сябе шмат інтэрнацыянальных тэрмінаў, галоўным чынам з „няжывых“ лацінскай і грэцкай моваў. Да рэволюцыі навуковая літаратура знаходзіла сабе ўжываньне, галоўным чынам, сярод тых асоб, якія прайшлі курсы чужаземных моваў. Асабліва ў вушох тых, што скончылі клясычную школу, чужаземныя словы, запазычаныя з лацінскай і грэцкай моваў, гучэлі, як знаёмыя словы. Для іх — гэта былі словы з пэўным сэнсам. Іначай стаяла справа з популярнай літаратурай. І да