Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Чараўнік.

(Ахвяруецца Власту).

— На пяколку ў роднай хаце цяпер куды выгадней было-б, — казаў свайму суседу стары Баханчук, злазячы з санак і з болем выціскаючы пальцамі правай рукі ледзяныя сасулькі з вусоў, — старыя костачкі мае ўжо досыць вымярзалі дагэтуль.

— О ей-ей! жыцьцё ты, жыцьцё! — застагнаў яму ў адказ сусед Тодар, — аддухі захацеў чалавек! Не-е-е, братачка, ня трэба дармо жаваць хлеб на зямлі.

І суседзі пакурывалі люлькі. Па гасьцінцы ўдоўжкі цягнуўся цэлы абоз фурманак, штук з пятнаццаць. Усё — і коні, і людзі, і санкі — «кары», што былі прыгатоўлены для возкі калод з лесу да ракі, — былі пакрыты белым налётам мягкага пухкага сьнегу. Увакруг усё, як зачарованае, ляжала пад белай коўдрай: і даміны, і ўзгоркі, і лес; як-бы нейкая белая казка, што вецер разьнёс па ўсіх ваколіцах! Усё, як-бы сумысьля, прыціхла дзеля таго, каб прыслухвацца да лёгкага шораху сьнегу, што нясецца на залядзянелых палёх, да гуду глухой мяцеліцы, што часамі, як-бы ўмарыўшыся, прыціхала, а пасьля йзноў, яшчэ з большым імпэтам пачынала, сваю нудную, манатонную музыку.

Дарога была завеяна, і вясковыя, касматыя, худыя конікі памалу выцягвалі ногі са сьнегу, сумна павесіўшы галовы ўніз. Ціха йшоў кожны гаспадар за сваімі „карамі“, каторыя былі напакаваны пухцерамі сена й мяшкамі аўсу. У некаторых на санях нешта сядзела жывое, абхутанае ў дзюравыя кажухі і ў суконныя сьвіткі, Гэта былі памоцнікі — хлапчукі, якіх бацькі ўзялі з сабою на падмогу.

Ехалі сяляне на заработкі на колькі месяцаў. Іх наняў лясны купец. Ехаць прыйшлося колькі дзён да таго лесу, а надта ганяць конікаў сваіх яны шкадавалі, бо ведалі што ім, жывёлам гаротным, яшчэ хопіць нацягацца цяжкіх калод праз ўсю зіму… Вазакі паміж сабою гутарылі мала, толькі часамі, калі хто выкрасаў агонь, то другія падыходзілі задыміць люльку дый падкпівалі ў тым-жа часе з чыйго-небудзь каня, напрыклад: