Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„твой, Тодарка, лысы рысак, як-бы кульгае крыху“ альбо: «глядзі, акрутня зараз перарвецца». І гэткім парадкам кожын вяртаўся зноў да сваёй «кары».

Стаяла ўвесь дзень сівая ймгла. Часам сьнег сыпаўся, часьценькі, дробненькі, як з-пад рэшата мука ў добрай гаспадыні, і ня відаць было, дзе канчаецца лес ці поле і дзе пачынаецца неба.

Часамі на момант сьнег пераставаў сыпаць зьверху; Тады ўсё — і абшар палёў, і лес, і неба, і фурманкі — вызначаліся кожнае асобна, белае на белым, нібы фігуры на мармуры. Усюды ляжала таёмная павага зімовай цішы… І конікі і людзі цёплым дыханьнем сваім вытваралі цэлыя хмары белай пары і краталіся ўсё далей і далей… Гледзячы здалёку, здавалася, что яны адвечна, гэтак кратаюцца, не памятаючы пачатку дарогі й не спадзяваючыся канца…

Болей усіх як-бы кратаўся стары Баханчук. Нешта ў яго было ня ўсё так, як трэба; то хадзіць за фурманкай было трудна, то лысы яго адсупоніцца, то нейкія думкі невясёлыя апануюць яго, то ў грудзёх падпірала і ў вачох муцілася. Наогул, сягоньня было яму нешта не па сабе. Ён сеў на сані, укапаўся ў сена хвілінку задрамаць. Ён прыплюшчыў вочы, гледзячы на дугу, што як-бы ў самае неба ўехала, але хутка мяцеліца пачала дзьмухаць яму ў самыя вочы. Ён масьціўся, масьціўся, каб сесьці як-кольвечы плячыма к ветру, але вецер, як сумысьня круціў са ўсіх бакоў, пакуль Баханчук усё-ж такі ўхітрыўся прытуліцца тварам да сена, раней атросшы з таго месца сьнег. Нарэшце, ён трохі сагрэўся й задрамаў. У сьне нешта зрабілася яму цяжка, як-бы хто душыў яго. Доўга марматаў ён сабе нешта пад нос, хацеў прачнуцца, ды ня мог. Здаецца, каб хто пабудзіў яго цяпер, дык той-бы яму вялікую ласку зрабіў; але вочь коні павярнулі на пагорак і ад штурханьня ў ваднэй ухабіне ён адразу прачнуўся й давай азірацца. Хацеў падняцца й прайсьціся, але слабасьць абхапіла яго, галава кружылася, ён адкінуўся назад на санёх. Прабаваў другі раз падняцца сам, зьдзівіўшыся такой сваёй слабасьці, але нічога ня выйшла, толькі яшчэ болей пачуў ён сваю бясьсільнасьць: у грудзёх калола, галава гарэла.

— Нейкая немач напала… Тодар, а Тодар! — глухім голасам загаманіў Баханчук да свайга суседа.

— А што? — адазваўся Тодар.

— Нешта нядужыцца мне, галава, як шротам, напоўнена, унутры млосна, а слабасьць гэткая прабірае, што ратуначку няма!

— Перамёрз, відаць, — сказаў Тодар, — альбо жонка перад выездам садам перакарміла.

— Ня ведаю. Каб не саграшыць, я не шкадуючы пад’еў… Але й мароз, хоць ты лысых лічы!

— Кепска! — казаў Тодар.