Перайсці да зместу

Старонка:Наша Ніва 1910 48.djvu/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ды звярнуў вялікую увагу на народную паэзію. Людзі сталі цікавіцца народным творчэствам, сабіралі легенды, казкі і песьні, далей, апіраючыся на гэтым фундаменці, пачалі пісаць і штучные творы. Цэль беларускай літэратуры быў у тым, каб даць селянам патрэбную ім страву для душы і заахвоціць іх да чытаньня кніжок; апроч таго літэратура гэта павінна была звярнуць увагу памешчыкоў на селян і іх гаротнае жыцьцё.

Пісаць у той час па беларуску і друкаваць гэткіе творы было дужа трудна. Выступалі проціў таго ўсе, для каго беларуская мова была „хамскай“, нягоднай дапушчэньня ў літэратуру. З беларускіх пісменьнікоў сьмеяліся, а калі ўжо іх не лаялі, дык глядзелі падазрыцельна, бытцам на революціонероў. Німа што казаць, што і цэнзура ў той час не прапусьціла бы ў друк беларускай кніжкі для народа, апроч этнографічных матэр’ялоў каторые друкаваліся для вучоных.

Гэткае палажэньне будзіўшэйся да жыцьця беларускай літэратуры не магло памагаць шырокаму развіцьцю, не магло сабраць ўсіх народных працоўнікоў у адзін гурток, каторы ўзяўся бы кіраваць справай літэратурнаго і національнаго адраджэньня. Першые беларускіе пісменьнікі: Манькоўскі, Баршчэўскі, Вэрыга-Дарэўскі ня мелі можнасьці відзець у друку сваіх твороў і дзеля таго гэтые творы шырыліся ў рукапісах. Можна сказаць, што ў XIX сталецьці не было такога беларускаго пісменьніка, катораго творы не хадзілі бы з рук у рукі ў рукапісах.

Што для народа патрэбна была гэта літэратура, што ён чуў патрэбу душэўнай стравы, відаць хоць-бы с таго, што песьні і вершы першых беларускіх пісменьнікоў, як напрыклад Баршчэўскаго, Чачота, Рыпінскаго, Марцінкевіча, так глыбока увайшлі ў народ, што пасьля этнографы запісывалі іх з вуст народа, бытцам чыста народные творы[1]. Як відзім, беларуская літэратура XIX сталецьця мела сваё значэньне і ў цяжкіх варунках, хаця с пачатку ціха і ня сьмела, не перестала аднак развівацца. — Беларускіе пісменьнікі першай палавіны XIX сталецьця і значэньне іх „рукапіснай“ літэратуры дагэтуль ешчэ крытыкамі не ацэнены. Можна сказаць, што на жаль, некаторые крытыкі ня толькі не звярнулі увагі на вельмі цяжкіе варункі літэратурнай працы гэтых пісменьнікоў, ня толькі не цікавіліся тым, што аб гэтых пісменьніках і іх творах пісалі крытыкі таго часу, але нават саўсім адмаўляюць ім сурёзнаго значэньня[2]. Як гэта несправедліва німа што і казаць. Праўда, што сабраць творы гэтых пісменьнікоў труд-

  1. Глядзі: Карскій, Бѣлоруссы. І. Варшава 1905 г.; страніцы 447—449 і 453.
  2. Глядзі: „Наша ніва“ 1909 № 4 (Д. Дорошэнка: „Беларусы і іх національнае адраджэньне) стр. 53-55; М. В. Довнаръ-Запольскій, Изслѣдования и статьи. Кіевъ 1909, стр. 198 верш 3; «Украінська Хата» 1910 № 3 (стацьця С. Полуяна: Білоруська поэзія в її типових представниках) стр. 194—199.