Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўзяць крыльлі вольнай птушкі, падняцца ўверх і адтуль з вышыні паглядзець на жыцьцё ўсіх народаў. Такі пагляд з вышыні дадасьць да нашага малюнку агульны плян жыцьця.

Але раней трэба ўзяцца за чорную працу. Ужо прыйшоў гэты час працы, час індукцыйнага будаваньня. Над крыжамі бацькоў падымаецца новая, маладая Беларусь. Цяжкай працай, белай, чыстай душою, бярэ яна месца сярод братоў сваіх, іншых славянскіх народаў.

„Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начавала забытаю!
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чарвяк,
Вецер косьці тачыў непакрытыя!
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над курганамі!
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між славянамі!“
(ЯНКА КУПАЛА).

У. І.