Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

расьліны. Сярод гэтых новых расьлін асабліва хутка пачалі падымацца ўгару расьліны фэдэралізму, іначай кажучы, расьліны індывідуалізму і індукцыйнай творчасьці.

Пачалося на могілках новае жыцьцё. У нашыя часы мы бачым, як усё навокала нас фэдэралізуецца.

Найперш за усё пачалася фэдэралізацыя ў палітычным будаўніцтве. Замест адзінай і непадзельнай Расейскай імпэрыі мы бачым шмат новых палітычных арганізмаў. У цяжкіх муках творчасьці нараджаюцца на сьвет дзяржавы прыгнеценых, невялікіх, нават маленькіх народаў. Урэшце і Беларусь наша пабачыла ў векавечным сьне сваё дзяржаўнае мінулае, загаварыла аб сваіх чалавечых правох і пачала сярод рэвалюцыйнага і ваеннага гурагану будуваць сваю дзяржаўнасьць.

За палітыкай пайшло фэдэралізавацца і зканамічнае жыцьцё. Кожная старана пачала з вялікаю увагаю падлічваць свае народныя скарбы, капіталы і маетнасьці. Зьявіліся гандлёвыя палаты і зканамічныя місіі ў розных народаў.

У пазьнейшыя часы фэдэралізуецца штукарства, фэдэралізуецца і навука, шукаючы для сваёй творчасьці і працы грунту ў мясцовым і нацыянальным жыцьці. Паміж іншымі навукамі пачала сваю фэдэралізацыю і гісторыя. У шырокіх колах грамадзянства пайшоў вялікі запыт на гісторыі асобных народаў, якія да апошніх часоў і за народы ня лічыліся. Агульныя курсы перасталі здавольваць чалавека, бо ён не знаходзіў там таго, што датычыць жыцьця асобных народаў. Падняўся запыт і на гісторыю нашай бацькаўшчыны Беларусі.

Цяжкую працу будзе зараз несьці той, хто задасца мэтай працаваць над гісторыяй асобнаго народу, напрыклад — беларусаў. Вайна зруйнавала край. „Эвакуацыя“ на захад і на ўсход зьнішчылі край ня толькі ў эканамічным, але і ў навукова-культурным сэнсе. Няма гістарычных матэр’ялаў, няма падручнікаў. Рэвалюцыйны гураган не дае магчымасьці працаваць спакойна, об’ектыўна. Апроч таго, ня звыклі мы да працы над чым не невялікім, дробным. Мы прызвычаіліся лёгка глядзець на дробнае, не даваць яму цаны, а часам мы і зусім дробнага ня бачым.

Цяпер трэба пісаць і працаваць іначай. Мы павінны згары спусьціцца ўніз, каб тут, унізе, а не з вышыні птушынага лёту, рабіць нашу працу. Калі чалавек з вышыні птушынага лёту глядзіць уніз, ўсё здаецца яму гладкім, роўным і простым. Ен бачыць толькі плян і ня можа шчыльна прыгледзецца да дэталіяў малюнку. Каб знаць дэталі малюнку, трэба спусьціцца ўніз.

Узяўшы ў рукі ясны ліхтарчык, павінны мы шаг за шагам абыйсьці мінулае нашай бацькаўшчыны. Ані адзін куточак нашага многапакутнага жыцьця ня можа і не павінен астацца бяз нашага агляду. І калі ўсе, навет найцямнейшыя куточкі жыцьця кожнага народу будуць вядомы, тагды толькі магчыма будзе