Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пачатак несьвядомага адраджэньня. Адраджэньне беларускае літэратуры, з каторага пазьней разьвілося адраджэньне нацыянальнае і палітычнае, пачалося на рубяжы 18-га і 19-га сталецьцяў, разам на ўсходзе і на захадзе Беларусі, там і там падняўшысь з жывой народнай мовы. Романтызм усім народам прынёс, між іншым, любоў да старыны і да народнае поэзіі. Да нас ён заблудзіў дзьвюма дарогамі: усходнія беларусы романтычна захапіліся прыкладам украінскае „Энеіды“ І. Катлярэўскага; да заходніх ён дакаціўся простаю дарогаю на грэбнях францускай рэволюцыі і напалеонаўскіх войнаў. На ўсходзе ў нас адраджэньне пачалося з беларускай „Энеіды“, а на захадзе з твораў стара-шляхоцкага романтыка Я. Баршчэўскага. Уся наша новая літэратура выглядаець мала-сьвядомым адраджэньнем.


Беларуская „Энеіда“ напісана самастойна, але ў духоўным зьвязку з украінскай „Энеідай“ Івана Катлярэўскага, каторая выйшла з друку ў 1798 годзе ў Пецярбурзе. Калі напісана беларуская „Энеіда“, невядома; польскі крытык Падбярэскі і маскоўскі Кавелін пісалі, што яна зьявілася ў 90-х гадох 18-га сталецьця; аднак, уважаючы на тое, што ў ёй сказана так:

Дамоўкі стала выбірацца,
Як ад Кутуза Банапарт, —

можна думаць, што ці частка „Энеіды“ з гэтымі радкамі, ці ўся яна напісана толькі пасьля 1812 года. Аўторам яе даўгі час лічылі Т. Манькоўскага.

Тамаш Манькоўскі быў чыноўнікам у Магілеве, потым віцэ-губэрнатарам у Віцебску. Пахадзіў ён з дробнай магілеўскай шляхты і быў тыповым прадстаўніком яе гумарыстычнага духа.

Сучасныя гісторыкі літэратуры даходзяць, што аўторам беларускай „Энеіды“ быў не Манькоўскі, а яго сучасьнік В. Ровінскі.

Вікенці Ровінскі (1782—1842) — палкоўнік, родам са Смаленшчыны, жыў найболей у Дуброўне Духаўшчынскага павету. Апрача „Энеіды“, напісаў яшчэ колькі чаго.

Пры жыцьці Ровінскага беларуская „Энеіда“ ў друк не папала. Яна пайшла ў народ і пашыралася ў сьпісках і пераказах. Няпоўныя сьпіскі (лацінкаю і гражданкаю), дайшоўшыя да нас, часам дужа ня сходзяцца ды й сьпісаны яны многа пазьней за напісаньня твору. У друк „Энеіда“ трапляла часткамі цераз 40—60—80 гадоў пасьля напісаньня. Увесь