Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II. НОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТЭРАТУРА.

Несьвядомае адраджэньне.
(„Энеіда“—П. Бахрым—„Тарас на Парнасе“).

Дзяленьне новае беларускае літэратуры. З пагляду гістарычнай паступовасьці і з увагі на зручнасьць выкладаньня, новую беларускую літэратуру (19-е сталецьце да 80-х гадоў) можна дзяліць на болей-меней гэткія часткі і ў гэткім парадку: несьвядомае адраджэньне (10 — 20 — 30 гады); стара-шляхоцкія романтыкі (уся першая палавіна веку); беларуска-маскоўскія пісьменьнікі (ад 50-х гадоў); рэволюцыйная і проціў-рэволюцыйная літэратура (60-я гады); нова-шляхоцкія пісьменьнікі (50—60—70 гады); рукапіснае народнае пісьменства; бібліаграфія.

Пачатак маскоўскага панаваньня. Рэлігійнае і нацыянальнае змаганьне на Беларусі скончылася тым, што ў яго ўчапілася маскоўская царыца Кацярына Другая і падзяліла Польшчу, пачаўшы з адбіраньня беларускіх земляў. Па ўмовах 1772—1773 гадоў да Расеі адыйшло Полацкае ваяводзтва (апрача часткі яго на правым беразе Дзьвіны), Віцебскае (без Аршанскага павету), Мсьціслаўскае і часьці Менскага. Падзел 1793 г. даў Расеі Менскае ваяводзтва і значныя часьці Віленскага, Наваградзкага і Берасьцейскага. Падзел 1795 г. аддаў Расеі рэшту ваяводзтваў Наваградзкага і Берасьцейскага. Калі-ж паводле трактату ў Тыльзіце (1807 г.) пад расейскае панаваньне перайшла і Беласточчына, — уся Беларусь была ў складе Расейскай імпэрыі. Тады пачалося яшчэ горшае абпалячываньне беларусаў. Палітыка маскоўскага ўраду была такая, што людзі, якія дагэтуль былі яшчэ прапітаны беларускім нацыянальным духам, аж яны кінуліся ў пальшчызну. У 1839 годзе было зроблена гвалтоўнае далучэньне уніятаў да праваслаўя. Нямала людзей перайшло на каталіцтва. Зьдзееўся больны рэлігійны падзел беларусаў, каторы нёс з сабою для ўсяго народа страшны падзел нацыянальны. Але на варце беларускай адзінасьці стаяла жывая народная мова.