Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ночную і ўсходнюю Беларусь. Мяжа праходзіла па Дзьвіне і па Друці. У другі разьдзел (1793 г.) да Масквы адыйшла Меншчына і прылягаючыя паветы. Мяжа ішла ад Дзьвінска на Пінск. Урэшце па 3-му разьдзелу да Масквы адыйшла ўся Беларусь апрача паветаў Беластоцкага, Бельскага, Сакольскага і Аўгустоўскага, каторыя адыйшлі да Прусаў. Гэтыя паветы ў 1814 г. па Тыльзіцкай згодзе таксама прылучаны былі да Расеі.

Гэткім парадкам у 1814 г. уся Беларусь ізноў злучылася пад Расеяю і гэтак была ажно да вялікае вайны 1914 году.

Мы разглядалі мяжу Літоўскага Князьства, як мяжу Беларусі, дзеля таго, што фактычна гэта была дзяржаўнасьць беларуская — з беларускаю культураю, моваю, законамі і з пераважаючым уплывам на дзяржаўныя справы беларускае арыстакратыі.

Пазьней Літоўскае Гаспадарства злучылася у фэдэрацыю з Польшчаю і юрыдычна ўвесь час лічылася самастойным гаспадарствам. На Люблінскай уніі была замацавана мяжа паміж Польшчаю і Літвою-Беларусьсю. Яна йшла па цяперашняй паўднёвай мяжы Менскае і Горадзенскае губэрняў і далей па Бугу і Нарве аддзяляла Горадзеншчыну і Сувальшчыну ад Польшчы.

Значэньне гістарычных межаў вялізазнае. Як мы бачылі, Беларускі Народ блізу цераз увесь час свае гісторыі жыў пад ўладаю ці прынамсі пад моцнымі ўплывамі іншых народаў: маскоўцаў і палякоў. Народ уладар заўсёды стараўся налажыць сьлед свае культуры і на Зямлю Беларускую і на самую душу беларускага народу. Ен стараўся тую частку Зямлі Беларускае, якая была пад ім, назаўсёды зьвязаць з сабою. І трэба сказаць, што хоць народ беларускі і сьвядома і несьвядома бараніўся ад палітычнае і культурнае няволі, аднак шмат удалося пакінуць сьлядоў свайго панаваньня і маскоўцам і паляком. Гэтыя сьляды пазаставаліся, ведама, толькі на тых краёх Беларусі, якія ў свой час былі пад Маскоўшчынаю ці Польшчаю.

Вось-жа веда гістарычных межаў Беларусі вельмі паможа нам разабрацца ў шмат якіх фактах сучаснасьці. Прыкладам, проф. Карскі устанавіў мяжу, да якое даходзяць моцныя ўплывы маскоўскае мовы на беларускую. Гэная мяжа йдзе блізу што па тэй самай мяжы, якая ўстанавілася ў часе стогодніх войнаў з Маскоўшчынаю пры Васілю III. Змаскаленыя краі — ляжачыя на ўсход ад мяжы праведзенае проф. Карскім былі пад Маскоўшчынаю на 100 гадоў балей, а частка іх, што адыйшла да Масквы па Андрусаўскай згодзе — на 200 гадоў балей, чымся рэшта Беларусі.

Заходняя і цэнтральная Беларусь была пад Маскоўшчынаю каля 125 гадоў, паўночная Віцебшчына і Гомельскі край — каля 230 гадоў, а Смаленшчына і Чарнігаўшчына — 335 гадоў.