Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
Колькасьць народу Беларусі.

На Беларусі ў цяперашнім часе жыве каля 15½ міліёнаў людзей.

На Беларускай Зямлі найбалей, ведама, жыве беларусоў. На кожную сотню чалавек прыходзіцца ў сярэднім 77 чалавек беларусоў. Значыцца ўсіх беларусоў у Беларусі жывець 12 міліёнаў.

Пасьля беларусоў найбалей жыве ў Беларусі жыдоў. З 100 чалавек жыдоў будзе 14. А значыць усіх жыдоў у Беларусі троху балей за 2 міліёны.

Палякоў і маскоўцаў жыве на нашай зямлі па 600 тысячаў адных і другіх — значыцца з кожнае сотні будзе чатыры палякі і чатыры маскоўцы.

Жывуць у нас і іншыя народы — немцы, латышы, ліцьвіны, украінцы, татары, але кожнага з гэтых народаў жыве ня шмат. Немцаў якіх 50 тысячаў, іншых народаў па 30 тысячаў і таго меней.

Беларусы.

Беларусы жывуць масай па ўсім краі. Па вёсках і дварох яны займаюцца гаспадаркаю. Местачковыя беларусы займаюцца таксама найбалей гаспадаркаю, але шмат хто есьць хлеб і з майстроўкі. У мястох беларусы займаюцца рамяслом і дробным гандлем і навет гаспадаркаю. Але ня меншая частка, а ў вялікіх мястох у некалькі разоў вялікшая часьць працуе работнікамі на хвабрыках, у майстроў-рамесьнікаў і ў прыватных багацейшых людзей. Апроч таго, значная частка мескіх беларусоў займаецца службаю ўва ўсякіх урадах, так званай інтэлігэнцкай працай і ўрэшце належыць да тае клясы народу, якая жыве з капіталаў.

Ня ўсе беларусы яшчэ зразумелі хто яны і дзеля гэтага шмат хто можа і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсьць шмат і добра вучаных беларусоў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа і яны самі, здрадзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага. Дык цяпер, хоць яны і ведаюць другі раз, што яны беларусы, але ўжо ня хочуць адступаць ад свае прызвычкі, ад прызвычайнае мовы і ад чужога народу, да якога яны альбо дзяды іхныя прылучыліся. Ведама гэта толькі зьява пераходнага часу. Сьвядомасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны.