Старонка:Барвенак (1924).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗМАГАНЦУ.

Памяці Алеся Гаруна.

У той час, калі насеньні праўды, шчасьця, долі
На зьнішчанай зямлі усходзіць пачалі
І шумам каласоў хваліцца стала поле, —
Калі цяжар вякоў жыцьцём перамаглі;

Ў той самы час, які суліў надзей вялікіх пору,
За гучны, сьмелы кліч з зьнядужаных грудзей
Ты — з маладых гадоў пазнаўшы сьлёзы, гора —
Турмы ахвярай стаў… Бяз шчасьця і надзей

Ў халодным сіверы — ў краі людзьмі праклятым,
Як колас жыў адзін пад стогны непагод,
А родны край стагнаў, як стогнуць перад катам,
І разам з ім стагнаў вялікі твой народ.

І доўга, доўга там марнеў ты на чужыне,
А думка рвалася, прасілася туды,
Дзе вёска родная глядзела сірацінай
І клікала цябе, як роднага, сюды…

Твой голас быў чуцён, і песьняю жалобнай
Ты зваў на барацьбу, на вольны шлях жыцьця,
Ты гора апяваў, сьніў шчасным край свой родны,
Любоў к яму ты меў вялікую ў грудзях.