Старонка:Барвенак (1924).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПОЛУДЗЕНЬ ПРЫ ЖНІВЕ.

Сонца паўднёвае, жар несьцярпімы;
Жыта шуміць ядраным каласом;
Песьняў напевы ліюцца любімых,
Хіліцца жыта пад жнеяў сярпом.

Момант… І песьня замоўкла паволі,
Гнуцца ўжо жнеі снапочкі вязаць…
Радасна сэрцу на гэтакім полі,
Рвецца яно ў паднябесьсе лятаць…

Борзьдзенька жнеі снапы павязалі;
Кожная сноп свой крыху паднясла,
Іх у радочак яны пастаўлялі
Вокал, каб цень іх гурток абняла.

Ў рад яны ціха, як гусі, паселі,
Вынялі полудзень з торбаў сваіх…
Радасна вочы іх кожнай глядзелі…
Ветрык ціхутка прымчаўся да іх.

1913 г.