Станіслаў Манюшко і беларусы
Станіслаў Манюшко і беларусы Публіцыстыка Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1920 год Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 19 студня 1920. — №1 (23); бач. 2-3 |
Станіслаў Манюшко і беларусы.
Багацьце беларускага народу ў творах народнага пісьменства, якое выяўляецца ў казках, лягендах, прыказках, загадках, а так-сама ў песьнях, не выклікае ўжо супярэчак паміж вучонымі славістамт. Іншая справа, калі пагаварыць аб беларускай музыцыю Досьць закрануць гэткае пытаньне, і мы пачуем ад усялякіх няпрошаных апякуноў беларусаў, людзей якіе маюць адвагу паказываць сваё „ўсёзнаўство“, што беларускай народнай музыкі няма, а калі ёсьць, дык такая нікчэмная, што сур‘ёзна аб ёй гаварыць нельга.
Калі пазнаёміцца з вялізарным багацьцем беларускіх песьняў, каторые дагэтуль надрукованы, на жаль без мэлёдый, з малымі выняткамі, немагчыма дапусьціць, каб, калі зьмест песьні багаты, мэлёдыя песьні ня была прыгожай або цікавай.
Так ёсьць узапраўды, і толькі цёмны або вораг беларусаў можа адмаўляць народу істнаваньне ў яго орыгінальнай, цікавай, хоць малазнаёмай шырэйшаму сьвету, беларускай музыкі.
Вядома агульна, што расійскіе компазытары, як Глінка, Рымскі-Карсакоў і другіў вельмі часта карысталіся беларускімі мэлёдыямі. У сваіх успомінах яны ясна прызнаюцца да гэтага.
Ня іначай было і з польскімі компазытарамі, якіе радзіліся на Беларусі. Яркім прыкладам служыць можа знамяніты польскі музыка Станілаў Манюшко.
Радзіўся ён 5 мая 1819 году ў мабнтву Убель, каля Сьмілавіч у Ігуменскім павеце. Ад самага дзяцінства Манюшко любіў слухаць песьні беларускага народу. Ахвоту да музыкі заўважылі яго бацькі і пачалі яго вучыць у гэтым кірунку. Хоць сам Манюшко лічыў сябе палякам і намагаўся кампанаваць па-польску, аднак музыка яго і амаль ня ўсе кампазыцыі вызначаюцца так ярка духам беларускае народнае музыкі, што гэта ў 30 гадоў пасьля яго сьмерці выклікала досьць гарачую палеміку, праўдзівага значэньня якой не разумеюць у Польшчы яшчэ і сагоньне.
Што Манюшко мог быць знаёмым з беларускай народнай музыкай і прытым толькі з беларускай, можна пераканацца, калі праглядзець бібліаграфію кніжак ці нотаў польскіх народных песьняў.
У гэтым і няма ніякага дзіва, бо дасканальна, напрыклад, вядома, што сучасны Манюшцы Адам Міцкевіч цалком у сваіх бязсьмертных творах апіраўся на беларускую народную творчасьць, ці возьмем, як прыклад, яго вершы, баляды, ці паэму „Дзяды“.
Так сама і Манюшко, жывучы на Беларусі, павінен быў апірацца па беларускую народную мэлёдыю, бо польскіе народные песьні вядомы сталі толькі з этнаграфічных прац багатыра фольклёру Оскара Кольбэрга, друкаваных ад 1858 году.
Такі музыкальны талент, як у Манюшкі, калі і браў еларускую народную мэлёдыю, дык не перадаваў яе жыўцом, але прапушчаў праз прызму высокага свайго артызму, заховуючы іх дух і рытм так, што беларуская скромная мэлёдыя пачынала блішчаць пышнымі вясёлчатымі фарбамі, бытцам райская птушка.
Досьць узяць гэткіе песьні Манюшкі, як: Кум І кума, Лілея, Паніч і дзяўчыны, Дзед і баба, Прасьнічка, Грозная дзяўчына, Прыяцелі саколікі, музыка да слоў Яна Чачота, Сыракомлі, да „Дзядоў“ Міцкевіча, каб пераканацца, што гэта мэлёдыі па духу і характару чыста беларускіе.
Ужо ў 1909 годзе паляк, Людомір Міхал Рагоўскі, вельмі зацікавіўся беларускай народнай музыкай і тады шмат каму гаварыў аб уплыве на Манюшку беларускай мадёдыі. Сам Рагоўскі, апрача гармонізацыі беларускіх песьняў для хору, скампанаваў у беларускім духу мэлёдыю да вершу Я. Купалы „А хто там ідзе“ і напісаў на оркестр знамянітую „Беларускую Сюіту“.
Апрача Рагоўскага зьвярнуў увагу на „беларускасьць“ музыкі Манюшкі літвін, Адам Шымкус, і ў 1919 годзе ў беларуска-навукова-літэратурным кружку петраградакіх студэнтаў чытаў з музычнай ілюстрацыяй даклад.
Аб сымпатыях Манюшкі да беларусаў сьведчыць тое, што ён сатварыў музыку да некалькіх беларускіх опэр, якіе напісаў вялікі беларускі паэта Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Першай гэткай опэрэтай была „SIEŁANKA“, друкованая ў Вільні ў 1846 годзе, а пастаўленая ў Менску ў тэатры Поляка на Катэдральным пляцы ў 1855 годзе.
Афішу гэтай опэрэты паказываў колькі гадоў таму назад беларускі паэта Альбэрт Паўловіч у Менску. Весткі аб опэрэце і яе аўтары знайсьці можна ў сучасных польскіх газэтах, як: Dzieńnik Warszawski 1852 № 97, Gazeta Warszawska 1955 № 184, Dziennik Warszawski 1855 № 188.
Апрача „Сялянкі“ былі опэры Марцінкевіча як: „Pobór rekrucki“ і „Walka muzyków“. Музыка да іх Манюшкі і самые тэксты Марцінкевіча недзе прапалі, вядома аб гэтых опэрах з кніжкі прыяцеля Манюшкі, Аляксандра Валіцкага: „Stanisław Moniuczko przez Aleksandra Walickiego. Warszawa, nakład autora. 1873“. (страніцы 118 і 119).
Другая опэрэта Марцінкевіча — Манюшкі: „Pobór rekrucki“ вядома нам з апавяданьняў старых людзёў. Па сваему зьместу гэта была пераробка на сцэну вельмі папулярнага „Гапона“.
І вось польскі музыкальны компазытар, Станіслаў Манюшко, яўляецца першым компазытарам беларускай, опэры!
Ня думаем гэтым адбіраць ад братняга польскага народу яго генія, адзначаем толькі што Станіслаў Манюшка належыць і да беларускае музыкі. Ён, як сапраўдны грамадзянін зямелькі, дзе ўзрос і з духу якой выйшаў, сплаціў шчыра свой грамадзянскі абавязак — памагчы і падняці свайго меншага бяднейшага брата. За гэта яму слава на Беларусі ва векі вечные!
Манюшко ведаў добра беларускую мову, любіў ёю гаварыць у Менску — ў кружку Марцінкевіча, ў Вільні — ў кружку Адама Кіркора і Сыракомлі, а таксама і ў беларускім кружку ў Варшаве, дзе спатыкаўся з Вінцукам Каратынскім, Адамам Плугам ды Аляксандрам Рыпінскім. Цікавые рэчы аб Манюшцы ёсьць ў недрукававых подьскіх ўспомінах Аляксандра Тышынскага і другіх польскіх пісьменьнікаў таго часу.
Па поваду музыкі Манюшкі ў 1900 годзе паўстала ў польскай прэсе вялікая, полеміка. Польскі, крытык і артыстычны знаўца, п. Фэлікс Ясеньскі, напаў востра ў сваёй крытыцы ў часопісі „chimera“ на Манюшку, даводзячы, што ен мала „народовы“, што, ў яго музыкальных творах выяўляюцца ня польскіе рысы характару: „плачлівасьць і сьлемазарнасьць“, рысы, як нам вядома, чыста беларускіе. Полеміка скончылася нічым, бо не знайшлося чалавека, які паставіў-бы яснае тлумачэньне гэтай характэрыстыкі.
Музыкальная спадчына Манюшкі вельмі багатая, цэнная, але, на жаль, дагэтуль ня добра знаёма ўва ўсім сваім разьмеры. Шмат з песьняў Манюшкі трэба было-б ператлумачыць і ставіць на беларускіх концэртах.
Манюшко памёр 6 чэрвеня 1872 году ў Варшаве.
Памяць вялікага песьняра ніколі не загіне на Беларусі і пашана, а так сама знаёмасьць яго твораў, будзе расьці ў будучых пакаленьнях нашага народу.
Ромуальд Земкевіч.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.