Ідылія (Дунін-Марцінкевіч)
Ідылія П’еса Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 1842—1844 год Пераклад: Янка Купала |
Арыгінал лацінскімі літарамі. Пераклад празаічных уставак - Язэпа Лёсіка, беларускамоўныя прамовы сялян - з арыгінала. Гл. таксама Забытая кніжка, «Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча на менскай сцэне, Першая беларуская опера (Бэндэ) |
ІДЫЛІЯ
Опера ў двух актах
АСОБЫ
Кароль Лятальскі.
Ян Дабровіч — яго сваяк, ранейшы апякун.
Юлія — яго дачка.
Банавантура Выкрутач — Камісар маёнтка Лятальскага.
Уршуля — яго жонка.
Шчырэцкі — падданы, звольнены ад паншчыны; жыве пры двары на ласкавым хлебе.
Ян Губач — слуга Лятальскага.
Іцка — арандатар у маёнтку таго ж.
Навум Прыгаворка — Войт.
Ціт і іншыя сяляне, мужчыны і жанчыны, з вёскі Лятальскага.
Тэатр у I акце ўяўляе з правага боку карчму, з левага — вялікі куст ружы і дзе-нідзе дрэвы; у XV, аднак, сцэне змяняецца на двор з іншымі фальварковымі забудовамі.
У II акце — сад з дзвюма альтанкамі. Дзея адбываецца ў маёнтку Лятальскага.
АКТ I
[правіць]Сцэна I
Хор сялян (мужчын і жанчын)
№1
Ой, бяда ж будзе, бяда!
Прыйшла на нас чарада!
Скажыце ж, добры людзі,
Да што з гэтага будзі?
Ціт
Заказаў жа ж наш мацар,
Ясны, можны Камісар,
Сабрацца ў карчму чы ў двор.
Мал, вялік, здароў чы хвор,
Войт усіх кіём пагнаў.
Хор
Штоб ён дабра не відаў.
Ціт
Да і ён сюды ідзе,
Ён нам скажа аб бядзе.
Сцэна II
Тыя ж і Навум.
Ціт (да Навума)
Пане Войце! да што гэта?
Чы мор? чы сканчэнне света?
Навум (з павагаю)
Ціха, дурні! то... камета.
А коль хочаш знаць ту весць,
Кажы дзве кварты паднесць!
Ціт
Гэй жа, пане Аляндару!
Паўстаў нам дзве кварты гару.
Тыя ж і Іцка, арандатар.
Іцка
Гэрстэ!
Ціт'
А хто ж дарам будзе піць?
(Да Навума)
Ты, наш дарагі Навуме,
Сяла Войце, а мой куме!
Бардзея сваей малвой
Усіх нас тут заспакой.
Навум (з павагаю рэчытатывам)
Станьце тут разам усе кружком
І падзівіцеся маім слаўком.
'Спеў
Як я пайшоў да Камісара,
Я там знайшоў пана Пісара,
Што ў Радзівілаў доўга служыў
І заўсягда добрым панам ён быў.
Яны крыйком з сабой гамоняць,
Адзін другом - пасваркай звоняць.
Я цішком, я маўчком у шчэлку глядзь,
Аж яны там сабе ну ж прытыкаць.
Пісар са свару так заспяваў:
"Ты, Камісару, замнога краў,
Людзей ты без меры вельмі глуміў,
Без Бога, без веры і дзёр, і біў".
отым к сабе туды зазвалі
Яны мяне і так сказалі:
"Вялі ты сабрацца ў карчму людзям,
Нямалу весць яны пачуюць там".
І я, філют з бальшога света,
Згадаў, што тут, пэўне, - камета.
Людзі ў горадзе яе там ждуць
І з гора трасцянку якуюсь п'юць.
Трасцянку п'юць! што за камета?
Чы гэта мор, чы канец света?
Ой, бяда ж будзе, бяда і г. д. (Паўтараюць)
Ціт (кажа). Да вас, куме! (П'е да Войта і падае яму.)
Навум. Знаеш прымаўку? пій, да розуму не прапій. (Бярэ кілішак і п'е.)
Ціт. Скажы нам, каралёк, да што гэта за камета?
Навум. Баш! які ты цікун, хочаш ведаць аб камеце. Да што вам аб гэтым талкаваць, калі гэта такое вельмі бальшое дзіва, такое вялікае, што я аб нём і сам нічога не праведаў і сказаць не магу. Знаеш прыгаворку: чаго ж бы плакаў слеп, каб відзеў свет? Да і я б не дзівіўся, штоб ведаў. Дагадаўся толькі, што нам, пэўне, горшай катаргі не будзе, якую ад Камісара цярпім. Бо знаш прымаўку: і адсюль гарачо, і адтуль балячо. А калі яна к нам прыйдзе, то, пэўне, на бяду нашага гада Камісара: бо штось ён вельмі цяпер у кулак затрубіў; а лётае! а бегае! як бы блёкату наеўся. А Яснавяльможны пан Пісар так на яго накрычаў, што аж мне ў вушах і цяпер звініць.
Ціт. А дай Бог, штоб яго ад нас нячыстая выгнала сіла! Бо калі ён далей так над намі здзекавацца не перастане, то ўсе духі вытрасе. Кажуць, што мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, штоб на іх прыхаці зарабіць.
Навум. Маўчы, Ціт! Не наша дзела аб гэтым гаманіць. Знаеш прымаўку: і сцены маюць вушы. Ты гамоніш, а ён шмых - і тут! Ведаеш пры́павесць: ты з варот, а ён чэраз плот; аб воўку памоўку, а ён тут; ой, не вер нікаму, а ніхто не абмане. Бо як пачуе чы даведаецца Камісар, то і скура будзе ў рабоце, і апошнюю авечку адбярэ. Ляпей прышчамі зубамі язык і кланяйся нізка, пакуль яго мяцеліца ад нас вымеце; бо знаш? пакорнае цялятка дзве маткі ссець.
Іцка. Ну, Ціт! цы маес ты гросы?
Навум. Калі маеш грошы, то не будзеш босы.
Іцка. Ой! мой ты Навумка! І я сказу прымаўку: музык піець, як у леецку ліець; а як прыйдзецца плаціць, то, як дурань, маўцыць. Цы гэтак добра? Навум. Няма чаго казаць, пане Аляндару! Рынуў слаўцом, як пярцом; а што напішаш пярцом, то не вырубіш тапарцом.
Іцка. Яно там, Навумка! Але з ты, Цітацка, сказы, цы заплаціс?
Навум. І піць не хачу, і грошы не плачу. Знаеш прыпавесць: і рыбы не хачу, і адзежкі не змачу.
Іцка (да Ціта). Ны... калі не заплаціс, то закарбуй, а мы паліцым, і я прыму старпу сена, сто ў цябе ў адрынцы, і есцэ на барыс кварту гарэлкі пастаўлю. Гэрстэ! цы добра? мой Цітацка!
Ціт. Баш, нехрышчоная чартоўская сіла! палакаміўся на маё сена! Ты, як піяўка, усю б кроў з нас выссаў! А вось я чэраз зіму падгадую цялушку, а там прадам і табе заплачу ўсё, што накарбаваў белым па чорным. Давай сюды белае, я закарбую.
Іцка (праводзячы па сцяне падвойную рысу). Што за нячыстая сіла, здаецца, раз пацягнуў, а бачыцца, як бы найшлося два карбы́.
Іцка. Штоб цябе параліс узяў, мой ты міленькі! Табе ад водкі ўсё двоіцца; ты з раз пацягнуў.
Ціт. А мо'а і так.
Навум. Кум! а кум! Лжэ жыд, сабака, не будзь дурань, бо знаш прыгаворку: павер жыду на сваю бяду.
Ціт (апіхаючы Навума). Адчапіся, Навум! Ты ўжо сваімі прымаўкамі да прыгаворкамі ўсім абрыд.
Навум. Вот табе на! за маё дабро да мяне ж набілі. Я яму добра раджу, а ён мяне ж лае. Эй, кум, кум! знаш прымаўку: хоць кум, да сабака.
Адзін з мужыкоў (убягаючы здалёку, кажа). Ціха, браткі! цяпляк ідзе.
Навум. Станьце ж усе за мною, як гусі за гусаком.
Усе рыхтуюцца. Войт з паважнай мінай становіцца наперадзе.
Сцэна IV
Тыя ж і Камісар.
Хор сялян (да ўваходзячага Камісара)
№2
Здароў нам будзь! Вяльможны пане! (Двойчы.)
Усякі з нас
На твой прыказ
Перад табою
І з чарадою
Гатовы стане.
Добра, добра, мае дзеткі!
А!.. Чы ваша ўжо гэткі?
І табе, знаць, бесі сыну,
Запялі у злу гадзіну.
Ты дзеткамі звеш цяпер,
А даўней - "хам", "мужык", "звер".
Ой! нядарам намі трос,
Да пары збан ваду нёс.
Здароў нам будзь і г.д.
Камісар (кажа). Я паклікаў вас сюды, дзеці мае, каб паведаміць а важнай навіе: вось жа наш пан, а дзедзіч тутэйшы, у гэтых днях мае прыбыць з заграніцы; а тым часам даручыў В[яльможнаму] Пісару Дабровічу, свайму сваяку і даўнейшаму апекуну, каб ён упэўніўся пра стан тутэйшых сялян, ці не маюць ад мяне якой крыўды. Здаецца, што па-айцоўску з вамі абыходзіўся; і хоць трымаў вас строга, аднак справядлівасць заўсёды была маім правілам. Дык памятайце, каб ніхто-ніхто не пасмеў паскардзіцца на мяне, бо інакш - канчук будзе ў рабоце. Вядома вам, як слухае мяне дзедзіч і як ён настроены супроць мужыкоў. Толькі слоўца перад ім пісну і пэўны, што скажа скуру з вас паздымаць. Дык памятайце маю засцярогу ды ідзіце ў двор: там чакае вас пан Пісар.
[Усе выходзяць.]
Сцэна V
Камісар (адзін, думае і, крыху пачакаўшы, пахаджваючы, гаворыць). Хоць і ведаю спосаб мыслення нашага пана, яго пыху і пагарду простым людам, але як падумаю, што ён хутка сюды прыедзе, нейкая трывога закрадаецца ў маю душу. Калі ён, барані Божа, даверыцца пану Дабровічу, о! то згуба мая немінучая. Той патрапіць выкрыць такія ўчынкі, якія не толькі месца мяне пазбавяць, але яшчэ і тое, што мне з ласкі Стварыцеля нехаця звалілася ў рукі, патрапіць адабраць; а трудна будзе расстацца з справядліва сабраным грошам. Хіба ж мая ў тым віна, што маю вялікую слабасць да сакрэтных спекуляцый панскім дабром? Яшчэ б усім патрапіў замыліць вочы, каб не той пракляты навочны сведка ўсіх маіх учынкаў, той Шчырэцкі, звольнены прыгонны мужык, пакінуты пры двары з панскай ласкі. О калі б я мог папярэдзіць і як-небудзь ачарніць яго перад нашым панам, каб яго выгнаў! (Думае.) Шкода мне толькі дачкі яго, якая, ад дзяцінства застаючыся пры дачцэ пана Пісара, так выхавалася і так міленька цяпер выглядае! Нават не дурная, вельмі не дурная - ба! чы не разумнейшая толькі за маю жонку? Хоць тая лічыць сябе мудрэйшаю тут ад усіх. Ой, каб мог я як-небудзь тую птушачку збаламуціць! Смачны кавалак! Не ведаю толькі, як доўга тут яна забавіцца. Падазраю, ці не лагчыцца да яе сам пан Дабровіч? Бо ўжо кадучна соладка на яе пазірае; нават ён яе сюды і прывёз. Але ж і я зух, не абы-што! далажу ўсякіх спосабаў: каб той пончык прысвоіць, буду прасіць, пагражаць, ставіць сіллё; а калі мне не ўдасца, тады і бацьку і дачку пастараюся як належыцца падцукраваць. Але не трачу надзею: бо быў бы я вялікі прастак, калі б не патрапіў падашукаць нейкай там вясковай дзяўчыны! Спрабую нарэшце таго спосабу, што ўжываюць па гарадах, перад якім і свецкія жанчыны, што далёка больш маюць алею і хітрасці, саступіць мусяць.
Спеў
№ 3
Калі прыгожай дзяўчыне
Павабнасць свету засвеціць, —
К ёй мігам думак рой хлыне,
Галоўку ўскружаць, ахвацяць.
Адно ўсё думае тое -
Аб вабным хлапцу і строі.
І хлопец з'явіцца хутка, -
Пойдуць гамонкі, ўздыханні,
Аб красках баіць ён чутка,
Аб шчырым баіць каханні.
За сведку неба стаўляе,
І вось млее дзеўчына тая.
Звольна пужліву асвоіць;
Каб узаемнасць здабыці,
Свае залёты падвоіць,
Моліць - яго палюбіці.
Гэтак для птушкі вясковай
Клетачка мігам гатова.
Калі ж дзяўчына спрыт мае,
Цянёты хлапцовы ўбача, -
Тады бяда, ды якая!
Душа бурліцца і плача.
Сэрца да літасці клоніць,
І так дзяўчына ўжо тонць.
Зведзена так і папраўдзе.
Аддаючы яму сэрца,
Калі ўжо іншых той здрадзіў,
Ахвярай жалю стаецца!
Бядачка кволіць дарэмна,
Але ўжо згубы не верне.
(Кажа.) Вось так папрабую і я гэтак; а можа, і мне пашанцуе злавіць птушачку? А цяпер трэба спяшацца дадому. (Выходзіць.)
Сцэна VI
Навум (адзін)
№ 4
Знаеш панску прыгаворку:
Не таргуй ката у ворку,
Дзевак з сэрца не хвалі,
Жыда, хоць хоча, не бі.
Бо як купіш за вачыма
Тавар кепскі, грашэй німа.
Дзеўка, калі мужыка
Зловіць, гэ! ўжо не така,
І не раз бядак заплача,
Вяліць жонка, то і заскача.
А жыд і рад, штоб набілі;
Для чаго ж? штоб заплацілі.
Камісар быў нам тыран;
Можа ж, горшы будзе пан?
Той хоць часта нас браніў,
Але не ўсякі раз біў:
Бо калі прымецца біць,
Можна скуру адкупіць;
А пан платы не бярэ,
Не раз добра абдзярэ.
Што ж? мужык прывык цярпець;
А калі мае балець,
Знасней ад свайго мацара,
Як ад гада Камісара.
(Кажа.) Вот табе і дзіва! Мы ж думалі невесь што, аж тут Яснавяльможны пан Пісар расказаў нам, што скора з-за мара там якогась наш пан прыедзе. Пярвей мы былі вельмі цікавыя, а як даведаліся, то і ўсё! Добра той казаў, няма чаго казаць: славен бубен за гарамі. Прыказаў нам пан Пісар, штоб, калі маем крыўду да Камісара, смела гаварылі. Але і я місцюк! Ведаю добра гутарку, што, пакуль сонца ўзойдзе, раса вочы выесць. Няма чаго казаць: воран ворану вачэй не выклюе. Пан з панамі пазнаюцца, а мы ўсё-такі ў бядзе. Добра кажа прыгаворка: і Бога хвалі, і чарта не гняві. Але досць балакаць, трэба і мне зрабіць, як там паны кажуць: досць таго лайдацтва, пойдзем у карчму да нап'ёмся гарэлкі: бо штось душы не вядзецца! Але няма чаго казаць, яно чы вып'еш, чы не, рабіць не хочацца; чалавек штось адвык ужо ад дзела. Добра кажа тая прыгаворка: не піў - не мог, а выпіў - ні рук, ні ног. (Выходзіць, напяваючы.) Знаеш панску прыгаворку і г. д.
Сцэна VII
Юлія, пераапранутая за дачку Шчырэцкага.
Юлія (адна - рэчытатывам)
№ 5
Ой, думкі, ой, мары
Дзіцячага веку!
Шмат будзіце чараў
Ў душы чалавека!
Як сягоння, здаецца, бачу век праснёны,
Калі з мілым Каролем у гэты лес зялёны
Мы хадзілі спакойна пад апекай Бога.
Нашы сэрцы дзіцячы не зналі трывогаў.
Раманс
О край мой любы, мой родны!
Ты знаеш думак прычыны.
Тут, як у раі, аздобна,
Ціснуцца дзецтва ўспаміны.
Сваймі вось гэта рукамі
Кусточак ружы саджала,
А тут павяўшы з слязамі
Тульпаны я палівала.
На месцы ўсё засталося,
Як вабна ўсё засталося!
Далей - малая крыніца,
Дзе мы глядзеліся ў пары,
Вабіла чыстай вадзіцай,
За ёй - салодкія мары!
Лог, па якім мы з Каролем
За матылёчкам ляталі
І гналі ажно у поле;
Як матылькі, мы гулялі.
Ўсё тут, як некалі, бачу,
Толькі Кароля не бачу!
(Кажа) Вітаю цябе, родная краіна, якая на кожным кроку абуджаеш ва мне салодкія ўспаміны нашых з Каролем дзіцячых гадоў! Тут кожнае месца, кожны куточак нагадвае мне яго такім, якім ведала яго некалі: ласкавым, прыхільным да свае малое сваячкі, выказваючым ёй кожную хвіліну доказы сваіх турбот пра яе і падтрымліваючым слабыя яе крокі. О гора! чаму побыт за граніцай так змяніў яго сэрца? Але што ж тут дзівіцца? Ён такім маладым, маласвядомым пакінў нас... а трапіўшы ў таварыства сапсутай моладзі, мог занядбаць звычаі і забыць збавенныя парады майго добрага айца. О калі б план, укладзены мною, патрапіў яго схіліць да мяне і цалкам удасканаліць! З лісту, адасланага з Варшавы, спадзявацца трэба, што сёння ён прыедзе. О Божа! дапамажы мне! Ты бачыш чысціню думак маіх.
Сцэна VIII
Дабровіч і Юлія.
Дабровіч (у часе яе гутаркі падкрадваецца і, вытнуўшы яе злёгку па плячы, кажа). Юлія! ты ўсё марыш, і, пэўна, аб Каролю?
Юлія. Ах, войча! Ці ж можна так мяне палохаць?
Дабровіч. Бядачка! Меркавала, можа, што гэта ён цябе так па-прыяцельску вітае?
Юлія. А пэўне ж, бо сёння тэрмін яго верагоднага прыезду, вызначаны ў яго лісце. Ах, пакажы, пакажы мне, мой войча, той ліст! Я яго яшчэ раз прачытаю!
Дабровіч. Здаецца мне, што ты ўжо на памяць павінна была яго вывучыць. (Шукае.) Вось ён, маеш.
Юлія (чытае). "Дарагі мой апякуне! Апошні твой ліст так мяне ўстрывожыў, што зараз жа, хоць з болем у сэрцы..." (Кажа.) Нядобры!.. (Чытае далей.) "...пакінуў улюбёную Францыю і лётам бліскавіцы паспяшыў да нуднага нашага краю. Цяпер баўлюся ў Варшаве, а найдалей як дзён праз 10 прыбуду ў маёнтак, каб уладзіць, як ты мне пісаў, мае не найлепшыя інтарэсы і зірнуць на стан прыгнечаных Камісарам маіх сялян. Хоць ад адой толькі думкі пра гэты нудны занятак умяне на галаве падымаюцца валасы. Папраўдзе, ты сам, мой апякуне, мог бы зрабіць для мяне гэткую паслугу, заняцца маімі інтарэсамі ды паставіць іх на лепшы ўзровень. Што да сялян, то добра робіць Камісар, што іх у паслухмянасці трымае. Дык сам бачыш, што мог бы абысціся без мае прысутнасці. Але ты правіш сваё, і я вяртаюся: толькі зазначаю, што нядоўга прагашчу сярод той дзічы, дзе не можна мець ніякай прыемнасці". (Кажа.) О пачакай! Калі толькі ўдасца мой план, патраплю тут цябе затрымаць. (Чытае.) "Бывай здароў, мой дарагі апякуне! Прыгожай кузіне (бо спадзяюся, што папрыгажэла) цалую ручкі. Зычлівы і ўдзячны кузэн Кароль Лятальскі. 1842 года, траўня 4 дня". (Кажа.) А сёння мінае дзесяты дзень. О! Калі б прыехаў! Я з ім пазмагалася б!
Дабровіч. Сумняваюся, каб ты не прайграла. Маладзён, што марыць толькі пра загранічныя прыгоствы, і не паглядзіць на цябе. Сапсутых звычаяў чалавек, усё будзе ганьбіць, што не падобна да французскага; на падданых сялян глядзіць горай, як на быдла, і імі пагарджае. А да таго ён можа цябе пазнаць.
Юлія. О не, мой войча! Бачыў мяне яшчэ малою, а так ніолі не падумае, каб яго кузіна ў строі простай сялянкі магла тут жыць. Ты, войча, скажаш. што я на навуках. Мяне тут ніхто не ведае. Таму смела за дачку Шчырэцкага маг сысці, а той не здрадзіць нашай таямніцы, бо ад душы хоча паправы сына пана і дабрадзея свайго. Тым большага дасягну трыумфу, што пад відам простай сялянкі патрапіла пакарыць яго сэрца і прывязаць да сябе.
Дабровіч. Але адкуль жа гэтая ўпэўненасць, што зацікавіш яго сабою?
Юлія (цалуючы яго ў руку). Мой добры войча! І я маю хоць шчопцю ўласнага гонару, і здаецца мне, што даб'юся свайго; толькі мне не перашкаджай.
Дабровіч. О ты, рамантычная галава! Няхай і так будзе; але ж і пасмяюся з цябе, калі твае намеры пойдуць на нішто. Юлія. Убачыш, мой войча, што ўдасца мне перамога; і тым слаўнейшай будзе, што ў постаці нейкай сялянскі, з тае касты людзей, якімі ён пагарджае, завалодаю ім. Тут буду яго чакаць... Прадчуваю, што высланы на выведы Шчырэцкі, мой падстаўны бацька, хутка шчаслівую дасць мне вестку пра ягоны прыезд. Ты ж, мой татка каханы, прыгатуй усё ў двары, каб сяляне, якіх ён ненавідзіць, як з найшчырэйшым і найпрыхільнейшым сэрцам яго сустрэлі... А я з кошыкам кветак нібы выпадкова яго спаткаю... але ціха!.. Нехта ідзе. Адыдзіся, мой войча, каб нас тут разам не засталі.
Дабровіч. Добра, адыходжуся. Абы толькі здолела ты выбіць яму з галавы тую франкаманію ды прывязаць яго да роднага краю! (Выходзіць.)
Сцэна IX
Юлія і Навум.
Навум (уваходзіць п'яны і сам сабе кажа). Добра кажа прыгаворка: куды еду, туды еду, да ўсё карчмы не міну. Вот цяпер штось пэўней чалавек стаіць на нагах. Цяпер смела пайду да двара, штоб пана нашага прыняць. (Хоча адысці, заўважае Юлію.) Гэ! а гэта што за дзеўка? У нашым сяле я дасюль яе не бачыў. Не гадкі чарвячок. Як біш там кажуць. Дзеука як цэука, а як гляне, дык сэрца дастане.
Дуэт
№ 6'
Юлія
Што за пудзіла пляцецца?
Так і рынецца, здаецца.
Ах! якая п'яніц міна!
Навум
Ой! Не гадкая дзяўчына!
Юлія
Ён сюды, знаць, ісці хоча.
На мяне ўтаропіў вочы.
Мусіць думку нейку мець.
Трэба к ней добра падсесць.
Надарма мая трывога -
Можа ён мне быць падмогай.
Кінем гідасць сваю вон
Ды спытаем, што за ён.
Добра прыгаворка кажа:
Скора едзе той, хто мажа.
Трэба рыбку прысваіць,
Гарэлкаю напаіць.
Трэба к ней добра падсесць.
Юлія (кажа). Чаго ты на мяне так глядзіш?
Навум. Усе дзеўкі выраслі пад маім вокам, а цяпер не знаю. Чы ты ягодка не з нашага агродка?
Юлія. Я прыехала з панам Дабровічам; а знаеш Шчырэцкага? Я яго дачка; а ты, мужык, хто такі?
Навум. Мужык! Але мужык! Хоць я сабе і мужык, да ўсё не просты. Знаш гутарку: мы і самі з вусамі. Я - войт тутэйшага сяла, Навум.
Юлія. Войт!.. Не гневайся, мой бацечка, да я ж не ведала.
Навум. Нічога! Нічога! Знаш прымаўку: няведанне - нягрэшанне. А штоб даказаць, што к табе нічога не маю, то пайдзём да Іцкі, пастаўлю паўкварты, там пазнаемся ляпей: бо ты мне штось вельмі к сэрцу прыпала. Як глянуў, так і грануў. От так: палюбіў, дай досыць. А ты чы б мяне спадабала?
Юлія. За гарэлку дзякуй, я не п'ю; а любіць не магу.
Навум. Дзельна! Шчэра сказана, як звязана! Да хто б вам, дзеўкам, паверыў? Вы ўсе такія; а падсядзь к вам, дык і самі вешаецес на шыю. (Падыходзіць да яе залётна.)
Юлія. Не лезь! Бо валасы выдзеру.
Навум. Хто каго любіць, той таго чубіць. (Падыходзіць да яе бліжэй - яна адсоўваецца.)
Юлія (пагражаючы). Адчапіся! Бо як трэсну, то і зубоў не пазбіраеш.
Навум (убок). Ой, цікунку! цікунка! Любіць, пэўне любіць, толькі саромеецца. Добра кажа прыгаворка: дзеўкі так любяць, што за кулакамі і свету божага не відаць. Сцэна X
Тыя ж і Шчырэцкі, задыханы, убягае.
Шчырэцкі. Пані! (Убачыўшы Навума.) Дачка мая! Паведамляю табе, што наш дзедзіч пакінуў за вярсту коні, а сам з слугою пакрыёма зараз сюды прыбудзе.
Юлія. Добра, тату! Пастараюся яго тут спаткаць першая.
Навум. Гэ! Дак ваша і па па-панску ўмееш шчабятаць. Эге, кумок! Вашая дачка, знаць, панскага хову. Хто б пазнаў дзятла, штоб не яго нос? Нечага ж нам к табе шчурыцца; ты, баш, з панамі пабраталася; пэўне, фандабэрыстка.
Юлія. Ой! што не, то не. Чы ж для таго, што гавару па-панску, то ўжо маю і нос угору задзіраць? От лепей будзь добры, пакорны, паслушны, а можа, і цябе палюблю. (Да Шчырэцкага). Ты, ойча, ідзі ў двор і паведамі, што пан зараз прыбудзе; а ты, Навум, пабудзь тут, і як толькі заглянеш якога пана, ідушчага пяшком, то зараз мяне ўведам. Я буду тут возле саду панскага рваць краскі. (Выходзіць з Шчырэцкім.)
Сцэна XI Сцэна XII
Кароль, Ян і Навум за дрэвам.
Кароль. Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Сапраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! так глуха!
Ян. А карчмы, карчмы, пане дабрадзею, то чыстыя хлявы! ніякай выгоды! У Францыі кожная аўстэрыя як палац! У кожнай чалавек як у раі! Віна па вушы! А тут, даруй, Божа, найменшай выгоды! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму.
№ 7
Вось для выгады карчма вам!
Вокны чуць відаць з гразішчы;
Мілы вецер свістам жвавым
Цераз шчэліны скрозь свішча;
Брудны выгляд у шынкаркі;
На стале бутэлькі, чаркі;
Жыжка з іх на стол сцякае;
Шабасоўка чуць міргае;
Жыды сноўдаюць, як здані;
Стары рэбе штось мямляне;
Селянін ляжыць пад лаўкай,
П’яны, рваны, нерухавы;
Яго жонка, чуць жывая,
Каля печы спачывае,
Дзіцё ядам з грудзі пое!
Вось абраз галытні тое.
(Кажа.) І мы ж тут, пане, прыгожыя дні нашай маладосці змарнаваць маем? От лепей прадай, пан, сваю фартуну, і далей уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа!
Кароль. О, калі б можна было гэта зрабіць! калі б мне акалічнасці дазволілі! А тым часам буду старацца: бо гэта праўда, паміж нашых мядзведзяў не выжыву! І што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей. Ян. А дзяўчаты, пане, чыстыя каты: падсядзь да якой, то табе зараз без цырымоніі вочы гатова выдрапаць.
Кароль. Праўду кажаш. Няма нідзе, як у Францыі!.. Там кожная хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О Францыя! Францыя!
Спеў
№ 8
Францыя! Край мой ядыны!
Добрай ты славай багата.
Маеш узнёслых шмат чынаў,
Найбольш прыгожых дзяўчатаў.
Бачачы іхнюю ўроду,
Творы шаную прыроды.
З мілым французскім дзе тварам
Калі сустрэнеш дзяўчыну,
Вочкі гараць яе жарам,
Поглядам паляць без спыну.
Гэткая постаць, здаецца,
Звабіла б тыграва сэрца.
Хай яе вабныя красы
Толькі ўпадуць табе ў вока,
Зараз жа ў сэрца без часу
Воблік уесца глыбока.
Французска дзеўчына тая
Душу тваю захапляе.
Днём тваю думку жывую
Вабіць прынаднай красою,
А як заснеш — сон малюле
Усё хараство незбытое.
Будзіць смагню без патолі,
Ах! каб мець грошы найболей!
№ 9
Ян.Ах, зірні ў бок гэны, пане!
Што ж ты ўбачыў там, мой Яне?
Вельмі пекную дзяўчынку,
Што, як сарна, лёгка, вабна,
Што, як лялька, стройна, зграбна.
Рвець малінку за малінкай.
Ў заклад стаўлю віна шклянку,
Што не ўступіць парыжанкам.
Ах, калі хто гэта бачыў?
Ці табе ў вачах маяча,
Каб раўняці дзеўку тую,
Нерухавую, брыдкую,
Да парыжскіх ненаглядак,
Што сваёй красою, складам
Цэлы свет змагчы гатовы,
Ўсім закручваюць галовы?
Пане, глянь: да нас ступае,
Складна, вабная такая!
Ой! ведаю прыгаворку:
Не ўтаіш шыла ў ворку.
Хто ж з людзей не падзівіцца
Прыгожанькай маладзіцы?
Яны, на бяду Навума,
Угледзелі дочку кума.
Тыя ж і Юлія, паволі ідучы, спявае.
Юлія.Зайшоў ужо месяц, свет спачывае,
А хто ж там кліча над борам?
Мабыць, філён мой мяне чакае
Пад маладым ясакорам.
(Заўважыўшы Кароля,
прыкідваецца перапалоханай.)
Ах!..
Некалькі тактаў паўзы.
Тэрцэт
Што за дзіўны погляд бачу?
Не згадаю, што ён знача?
І пужае, і трывожа,
Памажы мне, моцны Божа!
Ці то чары, ці з'яўленне!
Вельмі ж мілае стварэнне!
Вочы, тварык — глянуць міла!
Мне душу ўсю захапіла.
Пасуць яе, як воўк мяса,
Спадабалася ім краса,
Чы іх ліха тут прыгнала?
Сватанне маё прапала!
Ён з мяне воч не спускае.
Як яна, ах, захапляе!
Віна стаўлю ў заклад шклянку,
Пляшка будзе хай заставай…
Вер мне, пане, што яна во
Закасуе й парыжанку.
Паўтараюць тэрцэт Кароль. Хто ты, мілая дзяўчына?
Юлія. Сялянка, пане
Карль. Я гэта бачу, але як завешся?
Юлія. Дзяўчына.
Ян. Усё гэта можа быць; але пан чытае, чыя ты? Ці з гэтай вёскі падданка?
Юлія. І так, і не.
Кароль. Як гэта трэба разумець?
Юлія. Вот, пане, Югася маё імя, а сама я дачка Шчырэцкага. Нябожчык бацька цяперашняга дзедзіча гэтага маёнтка даў вольную майму бацьку і ўсёй яго сям'і, за што вечна яго ў малітвах нашых успамінаем.
Кароль. Але, як я ўважаю, дык ты досыць вольна гаворыш па-польску і нават няблага тлумачыш. Адкуль ты гэтага ўсяго навучылася?
Юлія. Я з дзяцінства гадавалася пры дачцэ пана Дабровіча; была болей яе дружкаю, як служкаю; разам мы выраслі і разам хадзілі ў пансіён.
Ян (убок). Ого! Дык гэта не простага выхавання ластавачка! Мушу да яе пазаляцацца. Гэта ж яна і парыжаніну галаву лёгка закруціць можа.
Кароль. Але скажы мне, нашто табе прыдалося тое выхаванне, што ў пансіёне атрымала?
Юлія. Чаму ж, пане? Хіба ж не на тое мы вучымся, каб лепш хваліць Бога ды вярней выконваць тыя абавязкі, якія нашстан на нас накладае?
Кароль. Сапраўды, ты аднолькава чаруеш як сваім павабным тварыкам, так і сваімі адказамі. Дадушы, з такімі манерамі ты б магла нават і ў салёнах Парыжа паспаборнічаць не з адной прыгажуняй моднага там свету.
Юлія. Пан волен жартаваць. Дзе там, каб бедная сялянка магла раўняцца з панямі, каторыя ад маладых лет да сталага веку ўвесь час вучацца салённым манерам?
Кароль. Прысягаю табе, што кажу праўду. Але думаю, мая дарагая, што ты добрая хітруха і сваёю сціплай мінкаю не аднаго ўжо каханка злавіць патрапіла. Прызнайся шчыра, шмат іх мела? Бярэ яе за руку.) Юлія. Пане!... Каханка ніводнага не мела, а скажу шчыра, што мы, сялянкі, тым рознімся ад вялікіх пань, што ніякай не маем хітрасці. Што сэрца чуе, тое без страху гавораць нашыя вусны. Але пусці мяне, пане! Трэба спяшацца ў двор, каб разам з сялянамі прывітаць тутэйшага дзедзіча, які хутка павінен да нас прыехаць. Там грамада сялян нецярпліва чакае, каб выказаць пачуцці свае прывязанасці да таго, хто будзе ім замест бацькі.
Кароль. Ніколі не спадзяваўся знайсці ў простай сялянцы столькі думак і такіх узнёслых! Але скажы мне, мой анёлак, для каго нарвала гэтых кветак? Ці не дасі хоць адну кветачку і мне на памяць тых звычаёвых навук, якія мне міла будзе захаваць вечна ў сваёй душы разам з вобразам ахвяравальніцы.
Юлія. Гэтыя кветкі прызначыла я ў падарунак таму, каго любіць лічу сваім абавязкам: складу іх ля ног сына дабрачынца нашага пры павіншаванні яго з шчаслівым вяртаннем на родную зямлю.
Кароль. Хіба ты даеш свае падарункі толькі тым, кім сэрца тваё занята?
лія. Але, мой пане! Хіба ж я не казала, што мы, сялянкі, заўсёды шчырыя? Што вусны нашыя толькі тое паўтараюць, што ім гаворыць сэрца?
Кароль. Аднак жа зважай, прыгожая дзяўчына, што той падарунак з твае рукі, якога я прашу, найчысцейшую і наймілейшую прынясе для сэрца майго радасць. Але... як жа, дасі мне хоць адну кветачку?
Юлія. А чаму ж не? Няхай пану будзе гэтая палявая ружачка. (Бярэ з кошыка ружу і, даючы яе Каролю, наіўна схіляецца ды выбягае.)
Сцэна XIV
Тыя ж без Юліі.
Кароль. Незвычайнейшая дзяўчына! Праўдзіва, не магу апамятацца ад здзіўлення з самога сябе! Міжволі закахаўся ў нейкую сялянку... я, каторы дагэтуль лічыў іх за быдла, цёмнае, нічым неўлагоджанае! О цуд! Што ж бы на гэта сказалі парыжскія прыгажуні? Спеў
№ 10
Кароль.Што за сэрца! што за вабнасць!
А якая ручак зграбнасць!
Што за розум! Што за вочы!
А як шоўк косы дзявочы!
Ах! для гэтае дзявіцы
Памяць, розум я губляю!
Прэч усё, што з заграніцы!
Я над імі крыж стаўляю.
І краса цвіце такая
Ў вашай вёсцы з ласкі боскай.
Я не знаў, што мая вёска
Гэткі скарб — дзяўчыну мае.
Не для нас, знаць, дзеўка-дворка.
Добра кажа прыгаворка:
Гдзе толькі мужык з слаўцом,
Там за ім пуга з вузлом.
Дык спяшайма ў двор затое
Да радні на прывітанне.
Там з кахання на сняданне
Лыкну чарку для настрою.
Ах! для гэтае дзявіцы
Памяць, розум я губляю!
Прэч усё, што з заграніцы!
Я над імі крыж стаўляю.
Не для нас, знаць, дзеўка-дворка.
Добра кажа прыгаворка:
Гдзе толькі мужык з слаўцом,
Там за ім пуга з вузлом.
Выходзяць.
Сцэна XV
Змена дэкарацыі: вялікі панадворак; з правага боку панскі дом; абапал гаспадарчыя забудовы; з аднаго боку стаяць сяляне і сялянкі, з другога ж - Дабровіч, Камісар, Уршуля, яго жонка, і ўсе дворныя, сярод іх Юлія. Калі ўваходзіць Кароль, паперадзе яго ідуць дзве дзяўчынкі, сыплючы яму пад ногі кветкі. Ён жа ідзе проста да Дабровіча і вітаецца з ім, а пасля дзякуе з абодвух бакоў сялян. За Каролем ідуць Ян і Навум.
Хор сялян.Да прыбывай жа к нам - яркае солнышка,
Да асвяці ж ты нам - белы аконышка!
Да расцвітай у нас - прыгожа красачка!
Да прыгалуб жа нас - мілая ласачка!
Доўга ж мы ждалі ця - наш ты кароліку!
Палётай жа пры нас - смелы саколіку.
Зірні ў бок гэты, ласкавы пане!
І тут прыхільна цябе вітаюць.
Прымі ты шчыра гэта вітанне.
Хай табе шчасцем дні ў нас лунаюць!
Калі з далёкіх ластаўка ніваў
Вясной вяртае дамоў шчасліва,
Свой забывае далёкі вырай,
Ў роднай сялібе цешыцца шчыра.
І ты, о пане, сярод сабраных
Сялян застанься жыць назаўсёды;
Шукай пацехі сярод падданых;
Будзь для іх бацькам і асалодай.
Радасць, якую тут спатыкаю,
Не меў у ніякім краю дагэтуль
Я з хвалявання слёз не стрымаю,
Ажна да чарки збыўся імпэту.
Ох, на такое пана вітанне
Дрыжу я цэлы! Што ж далей будзе?
Маё бабахне, знаць, панаванне,
Калі не з'едзе зноў ён у людзі.
Над сіратою Бог з калітою.
Што ж, Камісару, будзе з табою,
Як пан дзядзічны з намі асядзе!
Не будзеш болей глуміць нас, гадзе!
Здароў будзь дома, ласкавы пане!
Тутка прыхільна цябе вітаюць.
Прымі ты шчыра гэта вітанне.
Хай табе шчасцем дні ў нас лунаюць!
Кароль (кажа). Дзякуй вам, мае дзеткі! А табе, мой дарагі апякуне, тысячныя і найудзячнейшыя складаю знакі пашаны майго сэрца, што абдарыў мяне такой прыемнай хвілінай! Хвілінай, якое ў жыцці маім яшчэ не сустрачаў. Але дзе ж мая кузіна?
Дабровіч. Яна засталася на нейкі час у пансіёне дзеля заканчэння сваіх навук. Але ці не дазволіш жа сваім сялянам прынесці табе павіншаванне і падарункі ў час такой вялікай для іх урачыстасці - вяртання іх айца ў родную сялібу?
Кароль (да Дабровіча). Ах! гэта іх зычлівасць захапляе мяне радасцю!.. (Да Яна.) Але дзе гэта дзелася наша чарадзейка?
Ян. О, ёсць, пане! Я не спушчаю яе з вока.
Навум (выступае наперад з камічнай павагай, трымаючы лубку мёду ў адной руцэ). Вяльможны наш Пане дзядзічны, Вотча і Дабрадзею! Добра кажа прыгаворка: госць у дом, Бог у дом; а ты ж нам дарагі госць, як яснае солнышка; прыляцеў жа ж ты к нам, як чайка з-за́ мара; прыляцеў, штоб нас, сірот бедных, пацешыць; чы ж прывёз жа ты з-за́ мара сэрца для нас атцоўскае? Нябожчык стары пан, дай яму Бог круляванне на тым свеце, быў нам як родны бацька; хлеба, солі нікаму не жалеў. Не адзін дармаз’ед за яго сталом распіразаў бруха. Будзь і ты яму схожы. Тагды спраўдзіцца прымаўка: яке дрэва, такі клін; які бацька, такі сын. Мы ж табе будзем праўдаю і вераю служыць; усё, што маем, усё з радасцю табе аддадзім, бо і святая прыгаворка кажа: аддай Боскае Богу, панскае пану. Толькі ж ты, наш каралёк, не пакідай нас болі: бо хто ж сірот у злой прыгодзе ратаваць будзе? Прымаўка кажа: да Бога высока, да Пана далёка. Прымі жа, Пане, на гасцінец лубку мёду. Дай Бог, штоб жыццё тваё між намі было, як ён, со́ладка. Да штоб табе давялася жонка, як галубка, ціха, як авечачка, прыгожа, як красачка. Да будзь жа меж намі весел, як сват на вяселі, здароў, як вада, а багат, як зямля. Даруй, Вяльможны Пане, можа, якім слаўцом і загнявіў цябе; але ж мей увагу на тое, што мужык — дурань, як умее, так і пее. (Пацірае чупрыну і адыходзіць углыб.)
Кароль. Дзякую вам, ад сэрца дзякую! (Убачыўшы падыходзячую Юлію, убок да Яна кажа.) Але вось і яна. Напэўне, падаруе мне свае кветкі.
Юлія (нясмела падыходзячы з кошыкам, кажа). Перш чым павіншаваць цябе з шчаслівым паваротам, дазволь мне, пане, папрасіць прабачэння за надта смелае захаванне маё пры першай сустрэчы нашай.
Кароль. Наадварот, я бласлаўляю той выпадак, што даў мне найпрыемнейшую хвіліну ў маім жыцці.
Юлія. Пан вельмі добры; бо ці ж можа нейкая бедная сялянка ўпрыемніць хвіліны таму, хто звык у светных парыжскіх таварыствах бавіць свой час у аднолькава як карысных, так і вясёлых забавах? Але абмінаючы гэта, дазволь мне, пане, падараваць табе кошык кветак. Гэта падарунак дзяўчат з твайго каралеўства. Прымі яго з шчырым сэрцам і выслухай чулыя просьбы сваіх падданых: застанься тут з намі і шукай асалоды ў шчасці тых, для якіх, пасля Бога, ты найдаражэйшы.
Кароль. І гэта праўда? І ты разам з імі падзяляеш іхнія пажаданні?
Юлія. Пане! успомні мае словы пры першай сустрэчы з табою; я не крывадушная. Яшчэ не ведаючы пана, ахвяравала яму найпрыгажэйшую ружу з маіх кветак. Дабровіч. Чаго там загаварыўся з Югасяй? Дзівішся, пэўна, з яе выхавання? Гэта вельмі здатная дзяўчына. Дачка мая палюбіла яе і прасіла мяне аддаць іх абедзвюх у пансіён. О! не на благую глебу папала насенне мае дабрачыннасці. Але, можа, дазволіш, каб сяляне, у гэтую шчаслівую часіну твайго вяртання, пазабаўляліся сваімі народнымі танцамі? Пазіраючы на іх нявінныя забавы, пэўна, знойдзеш і тут немалую прыемнасць.
Кароль. Вельмі ахвотна. Пане Камісару! Распарадзіся тут, пан, кб пры гэтай забаве не бракавала шчодрага пачастунку маім сялянам.
Камісар. Слухаю Яснавяльможнага пана. (Адыходзіць углыб і аддае загады.
Прыносяць сталы з ядой і напоямі. Некаторыя падыходзяць і п’юць.
Дабровіч. Па звычаю наых прадзедаў сам павінен, каханы мой Каролю, выбраць каторую-небудзь сялянку і распачаць з ёю танцы.
Кароль. Ну! ужо ад гэтага дык няхай мяне звольніць каханы апякуне! Сапраўды не патраплю...
Дабровіч. ЯК хочаш, з рэштаю я цябе заступлю. Для мяне аднолькава міла забаўляцца з тваімі, як і з маімі ўласнымі людзьмі.
Ян. А я, пане, выберу сабе Югасю і з ёю прайдуся паланеза. (Ідзе да Югасі і запрашае яе.)
Кароль. Ого!.. Глядзі ты, куды трапіў! Зайздрасць мяне бярэ, гледзячы, як ён каля яе круціцца; і каб мяне не ўстрымлівала прыстойнасць, адбіў бы ў яго гэтага анёла.
Камісар. № 11
Гэй, хто жывы! млоды, стары,
Хай шукае кожны пары!
Хлопцы, клічце дзевак у таны!
Так сказаў наш пан каханы.
Добра прыгаворка кажа:
Вяліць пан, то скачы, ўража!
Гэй, хто жывы і г. д.
Спяваюць чатыры радкі, танцуючы.
Дабровіч (заканчваючы паланез).Калі споўнілі тым часам
Звычай даўны ў першым тане,
Ты, Югася, сам-насам
Павядзі для нас гулянне.
Юлія танцуе балет.
Ян (да Кароля).Ах! як яна прыгожа ў тане!
А табе маўчаць, балване!
Ах! тут кожны ашалее!
Сцеражыся! бо загрэю!
Ах, як лёгка! Як на фалі.
То вось бліжэй, то вось далей;
З ветрам мкнецца ўперагонкі,
Стан павабны, гібкі, тонкі!
Прыгожа, як анялочак,
А лёгка, як матылёчак;
Ножкамі перабірае,
Аж у вачах нам мігае.
Вельмі дзякуй! Брава! Брава!
А цяпер ўсе - толькі жвава!
Хай працягнецца забава,
Жыва ў пары... Ўлева! Ўправа!
Калі ах[в]ота начата,
Што ж стаіце, як цялята?
Далей, хлопцы, маладзіцы,
Зачніце ад «Мецяліцы».
Іграюць «Мяцеліцу».
(З чаркаю гарэлкі, ужо крыху выпіўшы, спявае ўбаку. Другія танцуюць.)
Як пайшоў жа ж наш каваль, наш каваль,
З каваліхаю на баль, дай на баль,
Да марудна ж ён ідзе, ё ідзе,
Дай дарожкі не найдзе, не найдзе;
Не пайшоў жа ж там, гдзе брод, там, гдзе брод,
Да палез ён там, гдзе лёд, там, гдзе лёд.
Ён не борзды на хаду, на хаду,
Ззябіў жонку на ляду, на ляду!
Бадай таго каваля, каваля,
Мяцеліца замяла, замяла,
Што ён яе, маладу, маладу,
Да змарозіў на ляду, на ляду.
Змена тону на «Дуду».
(Спявае.)
Я цецёрку злавіў, ух я!
Чы не дудка была?
Весялушка была,
Весяліца мяне
На чужой старане.
Было ў бацькі тры сыны,
Да ўсе яны Васілі:
Адзін оўцы пасе,
А той хадакі пляце,
Трэці й сядзіць на камені,
Дзяржыць дуду на рамені.
Як павесіў я дуду
Дай на зялёным дубу,
Мая дудка звалілася,
На кусочкі разбілася!
Чы не дудка была?
Весялушка была,
Весяліла мяне
На чужой старане.
(Далей спявае.)
Зноў змена тону.
Хадзі, дзеўка-чарнабрэўка,
Са мной у скок. (Двойчы.)
Прышчурыся і вазьміся
Смела ў бок (Двойчы.)
На вуліцы тры курыцы і пявун.
Любі мяне, чарнабрыва, я ж Навум.
А хто любіць гарбуз, гарбуз,
А я кацярыцу;
А хто любіць дзяўчыначку,
А хто маладзіцу.
А хто любіць гарбуз, гарбуз,
А я люблю дыньку;
А хто любіць гаспадара,
А я гаспадыньку.
Усе становяцца перад панам і спяваюць.
Дзякуй табе, пане, за тваё гашчэнне.
Дай жа табе, Божа, багатае менне!
Дзякуй табе, пане, за шчасну гадзіну.
Напаіў ты, накарміў цэлую дружыну.
Заслона спадае
Сцэна I
Сад, у якім дзве альтаны па баках.
Наперадзе сцэны — дрэва, каля яго — лаўка з дзёрну, а на ёй спіць Ціт.
Навум (калі падымаецца заслона, спявае).№ 1
Добра вучыць нас прымоўка:
Цягаў воўк, пацяглі воўка.
Цішком нас пан к сабе зваў,
Аб Камісару пытаў.
Мы ж языка не шчадзілі,
Добра яму засалілі.
Цяпер пан на яго зол,
Наёжыўся, як сакол.
Досыць жа яму нас мучыць.
Добра прыгаворка учыць:
Папаўся, наш пане жучку,
Да ў панскую ты ручку.
Ты намі паневяраў,
Апошняе выдзіраў;
Цяпер мы, паганску сыну,
Дадзім добра чосу ў спіну!
Бо што будзе, тое будзе,
Саўка на куце не будзе.
(Кажа.) Ой так! На што наважым, на то наважым, а яго адсюль, як мятлой, вымецем. Я пярвей маўчаў: але як пан пачаў распытываць, прыпомніў сабе прымаўку: горш, калі баішся, і ліха не мінеш і надрыжышся; бяды ж горшай не будзе; дай ну ж пець ды выспевываць усю праўду. У пана аж вушы павялі. Думаю сабе: сем бед, да адзін атвет. Чаго тут маўчаць? Чы ты мяне калі напаіў, чы накарміў? Добра гутарка кажа: ніколі я ў цябе брухам стол не адсунуў і маўчаць не буду. Ой! пане Камісару! Куды кінь, то клін. Цяпер пайду да кума да падсяду добра каля Югасі. Мусіць мне сказаць праўду: чы любіць? чы не? А там і запоіны! (Падыходзіць да Ціта.) А гэта хто? балазе Ціт? Ціт! о Ціт!
ЦІТ (праз сон). Дзякуй табе, пане, за тваё гашчэнне.
НАВУМ. Яму, баш, учарайшае спадабалася. Уставай, кум, ашчурыся да паглядзі, гдзе ты.
ЦІТ (як раней). Адчапіся, жонка, не лезь смалой у вочы; бо знаеш, што кум кажа: жонку любі, як душу, а трасі, як грушу. Дык і я цябе як трасану, дык у вачах пазелянее.
НАВУМ. Ото ж рынуў прымаўкай, як граззю ў вочы! Апамятніся, кум! Гэта ж я, Навум.
ЦІТ (праціраючы вочы). А што? чы Камісар заказа на дзела?
НАВУМ. Якое дзела! Устань да паглядзі, куды ты зайшоў.
ЦІТ (устаўшы, азіраецца па баках). Ба!.. Гэта ж я ў панскім садзе! Куды мяне нячыстая загнала сіла? Учарайшая ахота вельмі мяне амарочыла!
НАВУМ. Відна, кум, што ты ўчора губы не жалаваў. Ты, відна, помніў прымаўку: патуль пій да еш, пакуль рот свеж: бо як умрэш, то і калом не ўпрэш.
ЦІТ. Нечага казаць: ядзення было многа, але піцення і прымусу саўсём не было. (Хістаецца, быццам хоча паваліцца.)
НАВУМ. Відно, што не было, бо ты і цяпер на нагах устаяць не можаш. Ідзі дахаты да праспіся.
ЦІТ. Добра кажаш, куме! (Адыходзячы, хістаецца і спявае.) Дзякуй табе, пане, і г. д.
Сцэна II
Н а в у м і К а м і с а р
КАМІСАР. Прынялі мяне сёння ў пана гэтак холадна, што я пачынаю думаць, ці няма на мяне нагавораў перад ім? Але вось і Войт. Трэба яго выпытаць: бо гэта хітрая штучка.
НАВУМ (убок). Ой, цяпляк ідзе! Крапіся, Навум! і ты, місцюк! Хоць чалавек не баіцца, а штось па скуры мароз так і падзірае!
КАМІСАР. Што чутно, Навум? НАВУМ. Нічога, пане! Ад ліха ціха, а дабра не чуваць.
КАМІСАР. Чы ты быў сягоння ў пана?
НАВУМ. Я?.. не, гэта... бо... здаецца, быў. (Убок.) Не ведаю, як тут выверцецца?
КАМІСАР. Дак гэта ты, сабака, на мяне набрахаў штось перад панам?
НАВУМ. Хто? я?.. Э! Панок!.. Пану тыкі і стыдна і брыдка гэтак аба мне падумаць. Гэта, як кажа прымоўка, ад Бога грэх, і ад людзей смех. Каб жа я каму, калі што якое; а то ніколі, нікому, нічога... Нашто ж тое?..
КАМІСАР. Пачакай, лайдача! я прыпільную! Але не прасі Бога, калі дазнаюся! Будзе канчук у рабоце.
НАВУМ (убок). Вялікага сабакі вялікі брэх! Баш ты яго, вёльмі пабаяліся! Ведаў Бог, каму не даў рог.
КАМІСАР. Памятай!.. Але нехта ідзе. А, гэта Югася! Ідзі папільнуй за форткаю, каб хто не падышоў; асабліва калі ўгледзіш, што мая жонка ідзе, то зараз жа скажы мне. Я хачу з Югасяй пагаварыць.
(Навум не ідзе.)
Ну!.. Чаго ж чакаеш? Балване!
НАВУМ. Іду ўжо, іду! (Убок.) Ён тут гатовы сужанаю маю адмаўляць ад мяне! Пайду да прышлю тут яго жонку. Хіба яна дасць рады. Бо добра кажа прымоўка: куды чорт не даступіцца, туды бабу пашлець. (Адыходзіць.) Сцэна III
Юлія і камісар
Юлія.№ 2
Як вясна свет асвяціла,
Гоніць сон з сябе зямліца;
Ад вясенняй ласкі мілай
Ўсё смяецца, весяліцца;
Птушка песняй шчабятлівай
Славіць сонца над палянкай,
Апяваючы жычліва
Свайго мілага каханка;
Толькі ж мне журбуе сэрца,
Гэтай радасці не знае,
Да мінулых дзён імкнецца
І баліць, баліць без краю.
Ах, каго так ты ўзлюбіла,
Што запела гэтак міла?
Так не ўходзе, пан дабродзей,
Падслухоўваць, як злодзей.
Калі тут на адзіноце
Жаласліва так спявае, −
Песняй сэрца разахвоціць
І мне лёс мой разгадае.
Калі я на адзіноце
Думку думаю аб любым, −
Ён, як жораў на балоце,
Ладзіць, быццам хоча згубы.
Мая Югаська!
Ціпачка, краска!
Мой ты мігдалік!
Мой спецыялік!
Мей жа вока на залёты!
Для мяне ўсім даўно ты,
Для цябе жыву, ўздыхаю
I з любосці высыхаю!
Які чорт яму прысніўся?
Ці ж, пан, Бога не баішся?
Ўжо вам ломіць старасць косці,
А вы лезеце з любосцяй!
Маеш жонку! ці ж гадзіцца
Так жанатаму любіцца?
Арыя
Мая люба! мая міла!
Воч тваіх не земска сіла
Ўзяла сэрца мне. Ах!
Надала мук, не спытаўшы!
Дык і сэрца й душу ўзяўшы,
Дай жа мне сваё! Ах!
Ні адна калісь дзяўчына,
Хоць салодка, як маліна,
Не змагла мяне. Ах!
Ты ж мне ўсё жыццё змяніла,
І цярплю, цярплю няміла,
Бачачы цябе. Ах!
З тых пор смутак ссе мне грудзі,
Свет не міл, не мілы людзі,
Хоць гавей душой. Ах!
Разгані ж мае ўздыханні,
Сэрца выпаўні жаданні,
Ты, анёле мой! Ах!
(Кажа.) Так, Югася! Я ўвесь для цябе. А што жанаты, тым лепей для цябе: не буду такім спосабам хваліцца перад людзьмі, як дабіваўся твайго сэрца. Але не выпадае нам з табой цяпер доўга быць: можа хто-небудзь падысці. Ведаеш што, мая найдаражэйшая Югасечка? Зрабі мне адну ласку і назнач мне мінутку для размовы з табою ўвечар у гэтым садзе. Я буду чакаць цябе тут. Зробіш мне гэтую ласку? Паслухаеш жа маёй просьбы?
Юлія (убок). Пачакай жа, мой ты марцавы дзедка! Зраблю я табе штучку! (Голасна.) Што ж рабіць! Можа б, то і не выпадала, але прыйду. Цікава ведаць, што гэта мне пан скажа? Дык каля поўначы няхай пан чакае мяне ў той альтане, што направа.
Сцэна IV
Тыя ж і Уршуля; яна падкрадваецца і, як толькі канчае гаварыць яе муж, накідваецца на яго.}}
Камісар. О мая ты рыбка! пяшчотка мая! як жа я табе ўдзячны за тваю дабрату для мяне!
Уршуля. А васан што тут робіш? гэ?
Камісар. Я? я? так, мо... вот я заказваў прыгон на заўтрашні дзень.
Уршуля. І каму ж ты заказваў? гэтай дзяўчыне? што?.. А гэта добра! Яшчэ ні ў адной кніжцы гэтага не вычытала (а перабрала я іх на сваім вяку вельмі многа), каб камісар заказваў прыгон адной дворнай дзяўчыне. Ой ты, стары ветрагон! ветрагон! Заўсёды мне выдумляеш усялякія фіглі, і нічога добрага! Пайшоў мне зараз дадому! А васпанна застанься тут: я хачу распытацца.
Камісар (убок, да Юліі.). Югася! не прагаварыся, будзь растаропна; і памятай, што абяцала. (Адыходзіць.)
Сцэна V
Тыя ж без камісара
Уршуля. Ну, мая рыбка, што на гэта скажаш? Гэ?
Юлія. Ах, мосця дабрадзейка! абарані мяне, бедную дзяўчыну, ад праследавання пана камісара. Як цень, ён ходзіць пастаянна за мною і надаядае мне сваім каханнем. Намаўляў мяне, каб я прыйшла сёння ўвечар на спатканне з ім вот у гэтым садзе. Я нібы згадзілася на гэта, але хацела наўперад паведаміць паню і прасіць, каб пані пайшла на маё месца. Няхай жа гэта пані зробіць, каб потым магла пакараць яго за тое, што да другіх заляцаецца.
Уршуля. Вот гэта называецца ветла з твайго боку! Яшчэ ні ў воднай кніжцы не вычытала я, каб дзяўчына, і асабліва дворная, так пачціва мысліла, як ты. О пачакай ты, круціглова! шэсцьдзесятгадовы баламут! выб’ю я табе з галавы гэтыя твае залёты! I дзе ж, у якім тут месцы хацеў ён з табою размаўляць?
Юлія. Вот, пані, у той направа альтане.
Уршуля. Добра, мая міленькая! дзякую табе, дзякую! Рабі гэтак заўсёды, а калі будзеш пачцівай дзяўчынай, то непраменна знойдзеш сабе добрага мужа, і благаславенства боскае не перастане свяціць над табою. Пайду ды пашукаю кніжку з падобнай інтрыгай і пабачу, як у такім здарэнні паступіла жонка з сваім мужам. Бывай жа здарова, мая ты каханачка! мой ты анёлачак!.. О пачакай, пачакай ты, стары грэшнік! цяпер я цябе злаўлю! Дагэтуль ты выкручваўся, як уюн; заўсёды казаў мне адно: «Эй, то плёткі, мая душачка, плёткі...» Але ж цяпер пабачым! Плёткі, плёткі, ха! ха! Плёткі! (Выходзіць, паўтараючы апошнія словы.)
Сцэна VІ
Юлія, а потым Ян.
Юлія. Вот дык я яму ўслужыла! Але так яму і трэба: няхай не шалее ў такім веку! Але нехта там зноў ідзе? Ах, гэта Ян, камердынер Кароля. Па праўдзе сказаць, тая роля, якую я ўзлажыла на сябе, апрыкрыла мне трохі; але цешу сябе надзеяй, што папраўлю Кароля; і гэта думка асалоджвае мне цяжкасці, якія для яго дабра і свайго шчасця з ім пераношу. Ну, пабачым жа яшчэ аднаго залётніка!
Ян.Добры вечар, маё каханне!
Ваша служка, пане Яне!
Як здароўе, як жывецца?
Ў галаве мне штось вярзецца.
Я шукаў паненкі ўсюды,
А знайшоў вось тут, як цуда.
Ці ж знаходзіць рэч цяжкая?
Латва знойдзе, хто шукае.
Як прызнацца ёй у любосці?
Ажна страх трасе мне косці!
Паспытаць жа цяпер мушу,
Ці ёй сэрца не парушу?
Чую, гэты патароча
Заляцацца ка мне хоча;
Але прысягну на душу,
Што з яго закпіці мушу.
Калі ласка...
Што ж такое?
Ах! Сваё ўчуццё святое
Для цябе я пасвячаю
І любіць век прысягаю.
Пан Ян, бачу, ў жарты ўдаўся.
Як жа стрэнуць парыжанкі,
Што да простае сялянкі
Гэтак смагла заляцаўся?
А хай немач іх зматае!
Вер, кажу я не на жарты:
Парыжанка хоць якая
Пры табе і грош не варта.
У цябе, паненка, залётныя вочкі,
У іх бачу сонца і тайнасці ночкі;
А так павабна на свет пазіраюць,
Што, калі гляну, мне думкі ўсе таюць.
Чую, сэрца б’ецца сільна,
Чую, што люблю прыхільна.
Юлія
Дзякую.
Ян
У цябе, паненка, усмешка, як сонца,
А, як лілея, твар белы без конца;
Такая яснасць у твары анельскім,
Што часта к думкам ляту я нябескім:
Доля! дай мне за каханку
Вось такую багавянку.
Юлія
Дзякую.
Ян
За галасок твой срабрысты, ласк поўны,
Аддаў бы зараз, каб меў я, мільёны!
Бо як пачне ім пяяць, залівацца,
Ах! вечна табе я жадаў бы ўслухацца,
А так дорага цаню я,
Бо ўвесь чыста ў ім тану я.
Юлія
Вельмі ўдзячна за пахвалы,
Але вам скажу заране,
Што мне будзеце вы сталым,
Я не веру, пане Яне!
Ян
Ах, павер мне! бо самдзела,
Калі будзеш мне ты ўпартай,
Ў лоб сабе я тут жа стрэлю!
Гэта я кажу не жартам.
Юлія (убок)
Ох! задам табе гулянкі!
Пачакай, парыжскі пане! Не захочаш ты каханкі
Тут шукаць у сельскім стане!
Ян(убок)
От увёў яе ў гулянкі!
Ўжо магу сказаць я смела,
Што да цнот маёй Юганкі
Мне дарога папрасцела.
Юлія(кажа). Зрэшты, можа, я і не была б глухая да запэўненняў пана Яна ў каханні, калі б гэтае каханне было шчырым; але ці магу я даць веры, што бедная сялянка можа завалодаць тым сэрцам, якое ў самым Парыжы не раз атрымлівала лаўры перамогі ў найпершых, можа, яго прыгажуняў?
Ян. О! клянуся табе небам і пякельным Стыксам, што твае вочкі гэтак прыцягваюць маё сэрца, як... (Думае.) Як... напрыклад, бутэлька, калі яна напоўнена нябескім нектарам шампану!
Юлія. Аднак, пане Яне, будзь ласкавы, адыдзіся адсюль! Калі хто спаткае нас тут, гэта можа мяне скампраметаваць. Вось жа, калі хочаш мяне забавіць пяшчотнай тваёй дэкламацыяй ці спевам, прыходзь апоўначы да той налева альтанкі; і там, калі ўся прырода будзе спачываць, я пад месячыкам заслухаюся, як пан Ян у маіх ног будзе размаўляць і тлумачыцца.
Ян. О мая ты Дульцынела! на крыллях кахання прылячу да цябе і з нецярплівасцю буду чакаць, калі зорачка шчасця заяснее на маім даляглядзе. (Адыходзіць.)
Сцэна VII
Навум і Юлія.
Навум
№ 4
Добра прымаўка нас учыць:
Панска вока каня тучыць.
Што сватоў к ей маю слаць,
Лепш самому папытаць.
Юлія
Вось дык нейкае насланне!
Шчэ паўзе і гэта зданне.
Навум
Як бы тут ёй заляцацца,
Кабы лепей спадабацца?
Гутаркамі ёй заграю,—
Пазнае, што розум маю.
Юлія
Але добра, што ён тутка.
Ў галаву прыйшла мне думка:
Гэта пудзіла ўпаўне
Дапаможа ў справе мне.
Навум(з залётамі)
Што ты сама тут дзямідзіш?
А чы ты мяне не відзіш?
Ляпей сядзем на калодзе,
Пагаворым а прыгодзе;
От сядзем сабе у рад,
Кабы Пан Бог быў нам рад.
Да зрабі мне адну ласку,
Прымі абаранкаў вязку
І скажы мне праўду шчэру:
Любіш? не? а я паверу;
І тагды на скору руку
Зробім з сабою заруку.
Не саромейся, а скора
Гавары, мая сікора!
Юлія
Я смяюся проста з мусу,
Хоць да смеху й ёсць пакуса.
Але гэты дзед ўпаўне
Дапаможа ў справе мне.
Навум
Прымаўка кажа: маўчу,
Дык, пэўне, замуж хачу.
Яна ж не кажа нічога;
Ой, хоча замуж нябога.
(Кажа.) Добра гутарка кажа: сужанага да ражанага і канём не аб’едзеш. А калі ты ўжо маеш быць маёю сужанаю, дак скажы да не сушы сэрца вайтоўскага. Слова сказана, дай дзела звязана. Тагды гарэлка на стол, ручнікі гатовы, дай канцы ў ваду. Знаеш? некалі надарыцца табе другі такі жаніх, як я. Раджу, не перабірай; бо знаеш прыказку: хто перабірае чы часта мяняе, у таго заўсёды хамут гуляе.
Юлія. Папытаюся: калі ты мяне паслухаеш у адным дзеле, то, можа, мы і зладзім.
Навум. У якім дзеле? Не ведаўшы, не магу абяцаць. Не гневайся! Знаш гутарку: хто пытае, той не блудзіць. Не ведаўшы броду, не сунься ў воду.
Юлія. Баш! Прыцапіўся ка мне Ян, панскі слуга, да і адбою не маю: прасіў, штоб я прыйшла сумеркам сюды ў сад з ім пагаварыць. Я, штоб адчапіцца ад яго, абяцала прыйсці.
Навум. Абяцанка цацанка, а дурному радасць.
Юлія. Дак відзіш, Навумка, я хачу, штоб ты надзеў адзежу да на маё места прыйшоў сюда. Хадзі, я ўжо цябе навучу, як маеш з ім абайціцца.
Навум. Ой, цікунка ты, цікунка! відна, што дабры бабры. Глядзі, мая перапёлачка, штоб з гэтага піва не выйшла якога дуру, бо знаш прымаўку: хто пад кім яму капае, часта сам у яе ўпадае. Але што рабіць? Чалавек, калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку. Відна ўжо, ты мяне не мінеш. Яно кажуць: калі шанцуе, то і Халімон танцуе. Пайдзём, да навучы мяне, што маю рабіць? (Адыходзяць.)
Сцэна VIII
Кароль адзін.
Кароль (рэчытатывам)
№ 5
Не знаю, што такое, ці сон, ці то ява.
Усюды пры мне воблік яе і пастава.
Скрозь бачу, як яснее няземскай красою
І лёгка так у скоках плыве над зямлёю!
Раманс
За леты маладыя
Я зведаў модны свет,
І ўсюды, дзе ні быў я,
Страчаў дзявочы цвет:
Гішпанкі, італьянкі
Ўсміхаліся ка мне,
Залётна парыжанкі
Там вабілі мяне;
І немак, гаспадыняў,
Чуў на сабе паглёд.
Альпійскія дзяўчыны
Мяне сачылі ў лёт;
Сябе ж я не трывожыў,
Як гэтай, ні адной.
Ах! як яна прыгожа!
О, колькі вабы ў ёй!
(Кажа.) Папраўдзе, я сам на сябе сярдую, што не магу вызваліцца з тых сетак, якія накінула на мяне гэтая сялянка. Смяюся з майго пачуцця; а выкінуць яе з сэрца не маю моцы, я, хто столькі бачыў прыгажосці! Гэта рэч незразумелая.
Сцэна ІХ
Кароль і Юлія.
Юлія ўбягае, ціха спяваючы; а ўбачыўшы Кароля, кланяецца і хоча далей ісці; ён яе затрымлівае.
Кароль. Куды ж гэта так спешна?
Юлія. Бягу ў фальварак; бацька мяне пасылае; а сюдою якраз бліжэй будзе.
Кароль. Ці не падаруеш мне хвілінку на размову?
Юлія. Што пан скажа мне? Я слухаю.
Кароль. Папраўдзе, Югася, я на цябе крыўджуся: здаецца мне, што ты ўхіляешся ад спаткання са мною. Другія далёка шчаслівейшыя: з імі ты гаворыш; толькі адзін я не маю гэтай ласкі.
Юлія. Скажу пану шчыра: я іх не баюся і рада з імі сустракацца; але пан... прызнаюся... пан здаецца мне небяспечным, і з гэтай прычыны я мушу ўхіляцца яго.
Кароль. А чаму ж я небяспечны для цябе?
Юлія (сарамліва, праз сілу). Бо... бо...
Кароль (бярэ яе за руку). Што ж? На Бога заклінаю цябе, дакажы.
Юлія. Бо... бо... пан здаецца мне вельмі мілым, пан мне падабаецца.
Кароль. Ты не паверыш, як я за тваю шчырасць удзячны табе! Ах! Югася! ведай жа, што і я цябе люблю! вельмі люблю...
Юлія. Тым горай для нас, і тым больш не павінны мы сустракацца.
Кароль. Чаму ж?
Юлія. Нашто ж нам гэтае дарэмнае каханне? Пан мяне не возьме; а я не веру, каб такая шляхетная постаць магла таіць у сабе сэрца, здольнае пакрыўдзіць бедную дзяўчыну.
Кароль. О Югася! чаму ж ты не радзілася роўнаю мне?
Юлія. І што ж бы тады было?
Кароль. Аніякага вагання!.. Ахвяраваў бы табе сваю руку: бо сэрца маё, ад першага спаткання, запалонена табою.
Юлія. Даруй, пан, але я не вельмі таму хачу верыць. Мужчыны заўсёды так штораз новых здабыч прагнуць... так яны здрадлівы!..
Спеў
№ 6
Мужчына кожнай сочыць след,
Бландынкі ці брунеткі;
Любіць усіх прыгожых — мэт
Дзяўчыны і кабеткі.
Ўздыхае дотуль, слёзы лье,
Аж сэрца не падстрэліць;
Праз хвілю, глянь!., той хітры змей
Ўжо з іншай любасць дзеліць. Дык калі сэрца праб’е ўлёт,
Хай розум яго лечыць;
Бо хоць мужчына повен цнот,
Нясталасць іх нявечыць.
Дзяўчына! слухай маіх рад,
За хлопцам не ганіся;
Кінь род мужчынскі, поўны здрад,
Ды ў манастыр замкніся.
Кароль. Аднак жа, дарагая Югася, хоць ты такая зласлівая і так прыкра пра мужчын мяркуеш, павінна мне паверыць, бо я цябе люблю, вельмі люблю, і нават не ведаю, да якога шаленства гэтая любоў давесці можа. Але ж твой погляд такі мілы, такі захопны, што душу палоніць! О! не глядзі так на мяне, не глядзі, бо розум страчу!..
Спеў № 7
Не глядзі так на мяне ты!
Твой пагляд мне будзіць сэрца!
З губ тваіх плывуць прыветы,—
Чарадзейка ты, здаецца.
Вабны ўсмех твой і наіўны,
Як на губках разальецца,
Гэткі мілы, гэткі дзіўны!..
Чарадзейка ты, здаецца.
Стрэліш вочкам — стрэл у мэце.
Тваёй ласкі не даб’ецца,
Хто пачаў любіць, цярпеці,—
Чарадзейка ты, здаецца.
Твар твой кветкамі зіяе;
А краса, што з яго мкнецца,
Так узносіць! захапляе!..
Чарадзейка ты, здаецца.
Але не! зірні, прашу я!
Будзь ўзаемнай, будзь мне сталай.
За што ж мукі так знашу я?
Ой, нашто так счаравала?
(Кажа.) Так, Югася! Югася! ты мяне ачаравала. Юлія. Пане! а парыжанкі што на гэта скажуць?
Кароль. О! яны ўжо зусім вылецелі ў мяне з галавы. Дый ці ж можна пры табе думаць пра каго іншага? Цяпер адзінае жаданне нарадзілася ў маім сэрцы: у шчаслівым вясковым зацішшы, далёка ад турбот і непакою свету, на ўлонні падобнае да цябе вернай таварышкі, сярод падданых, як сярод уласных дзяцей, праводзіць рэшту дзён жыцця і не жадаць на зямлі іншай раскошы.
Юлія (у захапленні). Кароль, дарагі!..
Тут чуваць, як трубіць пастух. (Убок.) Ах! што ж гэта я хацела зрабіць? Увесь бы свой намер папсавала!..
Кароль. Што гэта значыць? Хто гэта там трубіць?
Юлія
Спеў
№ 8
Гаспадары дзень працы штодзённай канчаюць,
Усё смагне спачынку а захадзе сонца.
Жвава з поля жывёла ідзе па пагонцы.
Потам зліты селянін да хаткі спяшаець;
А той спеў яго смутны, што мкне рэхам [з поля],
Знача, як яго цісне да болю нядоля.
Здалёку чуцен хор сялян, які штораз прыбліжаецца.
Ужо сонца западае,
Дадому нас прызывае.
Мы ж дзела сваё зрабілі,
Дворску паншчызну адбылі.
Кароль і Юлія (разам)
О як жа міла ў цішы вясковай
Думаць і думаць сабе самотна!
А гэтым думкам спеў уторыць словы
Квілячай птушкі ў вечар маркотны. Здалёку голас салоўкі мчыцца,
Там люд вяртае з поля рабочы,
Тут шнур жывёлы, тут шэпт крыніцы
Твой слух галубяць і вабяць вочы.
Хор бліжэй паўтарае «а», а пасля Кароль і Юлія разам паўтараюць 4 радкі «б».
Кароль. Прыемна і соладка гаварыць мне з табою, але скора могуць нам перашкодзіць. Дык покі не разышліся мы з табою, прашу цябе, дарагая Югася, абяцай мне, што споўніш маю просьбу.
Юлія. Што ж бы я пану адмовіць магла? Я ж пераконана ў тым, што нічога такога не пачую ад пана, што б не згодна было з шляхецкім сэрцам і спосабам яго мыслення.
Кароль. О! будзь спакойна — твой гонар для мяне так дарагі, як і свой уласны. Але прашу цябе, калі ўсё ў двары спачываць будзе, прыйдзі ў гэты сад. Я тут чакаць цябе буду. Падаруеш жа мне хвіль колькі самотных з табою? Ах, толькі час, праведзены з табою, здаецца вобразам надземскай раскошы!
Юлія (думае). Так... не адмаўляю... прыйду сюды. Каля таго дрэва няхай пан мяне чакае. Але памятай, але памятай, пан, што гонар для беднай вясковай дзяўчыны — бясцэнны скарб яе і ніякай ахвяраю ў свеце не можа быць акуплены. (Адыходзіць.)
Сцэна Х
Кароль адзін.
Штораз больш цямнее.
Кароль. О шчасце! яна падзяляе пачуцці мае! Яна прыйдзе сюды, каб напоўніць душу маю выяўленнем свайго светлага розуму, свайго мілага і павабнага сэрца! яна абдаруе мяне хвілямі, за якія паўжыцця свайго аддаў бы! Дзіўны кірунак лёсу! так нядаўна яшчэ ці ж бы мог я падумаць, што нейкая сялянка стане прадметам майго найчысцейшага кахання? (Адыходзіць, задумаўшыся.)
Сцэна XI
Дабровіч і Шчырэцкі.
Дабровіч. І што ж? Шчырэцкі! Нашыя планы прымаюць найлепшы паварот. Кароль не заўважыў, што папаўся ў пастаўленае яму сіло. Якая гэта вялікая змена ў спосабе яго мыслення!
Шчырэцкі. Усё гэта сталася дзякуючы тваёй дачцэ, пане! Тутэйшыя сяляне ніколі не перастануць бласлаўляць яе. А я, о, з якою радасцю глядзець буду на той шчаслівы момант, калі гэтая пара, створаная для сябе, злучыцца неразарваным шлюбным вузлом! Ах, у той час хацеў бы спакойна закрыць свае вочы, каб пацешыцца з нябожчыкам панам маім недаўгавечным шчасцем іх на зямлі!
Дабровіч. Але ўжо ўсё трэба давесці да канца. Што ж? ці ж маеш упэўненасць у гатоўнасці людзей стаць на першае маё запатрабаванне?
Шчырэцкі. О, будзь, пан, спакойны, яны тут блізка; на даны знак прыйдуць.
Дабровіч. То парасстаўляй іх на паказаных месцах, а я скора падайду сюды, каб пільнаваць разам з вамі. О Божа! прывядзі планы нашы да пажаданага канца! (Адыходзіць.)
Сцэна XII
Музыка іграе піяна, пасля штораз цішэй.
Шчырэцкі тройчы б’е ў далоні — некалькі людзей падыходзяць.
Шчырэцкі
№ 9
Цсыт! паволі, без галасу,
На свае мясцы ідзеце.
Кожны, покуль што да часу,
Будзь так блізка на прымеце.
Хор паўтарае, потым разыходзіцца. Музыка іграе піянісіма.
Сцэна ХІІІ
Кароль (Ідзе паволі і вобмацкам, падыходзіць да дзярновай лаўкі пад дрэвам).Прыйдзі, мой любы анеле!
Клічу цябе я ўлюбёны.
Сцежку табе тут усцеле
Кветкамі любасць да скону.
Ах! час падходзе да ранка, −
Прыйдзі, мая ты каханка!
Тонучы ў хвілях прыемных,
Сэрцы два любасці смагай
Злучым навекі ўзаемна,
Верныя слову й прысягам.
Ах! час падходзе да ранка, −
Прыйдзі, мая ты каханка!
Сцэна ХІV
З другога боку ўваходзіць Камісар і тое ж спявае, а пасля з другога боку зноў уваходзіць Ян і гэтую ж песню паўтарае; урэшце ўсе спяваюць тое ж самае ў тэрцэце, ідучы кожны на сваё месца.
Кароль.Калі слух мяне не зводзе,
Голас чуецца яе!
Ах! міг гэты ўзнагародзе
Ўсе ў жыцці бяды мае.
Сцэна ХV
Ян і Камісар паўтараюць гэтыя 4 радкі. Тут паволі прыбліжаецца Юлія, акрыўшыся палярынай, і падыходзіць да дзярновай лавачкі пад дрэвам, час ад часу злёгку плешчучы ў далоні, а Уршуля да альтанкі направа, і крыху пасля Навум, пераадзеты ў вопратку сялянкі, да альтанкі налева. Юлія.О Кароль мой, о юнача!
Нікне цэлы свет у цьме.
Ці ты тут? ці дзе іначай?
Адкажы, прашу я, мне.
Прымаўкам трэба даць веры:
Паночы ўсе каты шэры.
Цёмна ж ноч – ён не спазнае,
Пэўна мяне спадабае.
(Ідзе да альтанкі налева.)
Што за радасна часіна!
Што на свеце з ёй зраўняе,
Як кахання цэль ядыны,
Сваю любу тут я маю?
О Кароль! табой жыву я,
З сэрцам да цябе ляту я.
О, каб магла чуць ты чуласць вось тую,
Што для цябе там у грудзях бушуе, −
Маім бы словам паверыла пэўна
I пакахала мяне бы ўзаемна.
Мой мілы! што я цябе спадабала,
Ці ж тваё сэрца таго не згадала?
Ах! вер, Кароль, мне! табе прысягаю,
Што мая любасць павек не сканае!
Што за радасна часіна! і г. д.
Глянь! відаць, ужо світае,
Закаханых світ вітае.
Што за радасна часіна! і г. д.
Ян. Але што ж гэта азначае? Дык жа гэта не Югася! (Зрывае чапец з галавы Навума.) О пекла! Якое ж гэта брыдкае пудзіла! Падобная авантура нават і ў Парыжы ніколі мне не здаралася. (Выводзіць Навума наперад сцэны.) Адказвай, д’ябал пракляты, хто ты?
Навум. Да я ж Навум, войт тутэйшы. А мой жа ж ты міласніку! чаго ж ты чураешся цяпер ад мяне? Знаш прымаўку! любіў добрае, палюбі ж і злое.
Камісар. А-ей, вось ліха! Маспане! дык жа гэта не Югася, а мая, пане, даруй, жонка! Прапаў я! (Выходзіць наперад сцэны.)
Уршуля. Ага, ветрагон! папаўся! Гэта такая твая малжонская вернасць? га?
Камісар. Мая любенькая! Калі ты не перастанеш верыць плёткам, дык у нас ніколі добрага жыцця не будзе.
Уршуля. А ты ж мне баяў, што пан пасылае цябе ў другі фальварак і дзеля таго дома начаваць не можаш; а ты, мой міленькі, на ўсю ноч у залёты выбраўся! О пачакай, дабрадзею! Я ж табе пакажу залёты! (Вымае з фартуха дысцыпліну і б’е яго па плячах, трымаючы за руку, а ён кругом яе круціцца.)
Камісар. Ай! ай! паволі, душачка мая! жонка каханая! Прысягаю табе на майго патрона, святога Банавантура, што ўжо з гэтага часу табе ніколі не здраджу, толькі гэты апошні раз даруй.
Навум. Баш ты яго! Не рад, што б’юць, да яшчэ і нагамі трапечыць.
Уршуля. Ах! гэта ж і пан наш тут! (Да мужа.) Шчасце тваё! (Да Кароля.) Прабач, яснавяльможны пан дабрадзей. Сапраўды не заўважыла! (Робіць рэверанс, а потым, абярнуўшыся да мужа, гаворыць.) Ну!.. папомніш ты мяне, стары ветрагон!.. дамся я табе ў знакі! (Да Кароля, робячы рэверанс.) Перапрашаю яснавяльможнага пана!.. але ж гэта такая авантура, аб якой у ніякай кніжцы я не вычытала! (Да мужа.) Ну! ну! ну! пакажу я табе гэтыя плёткі, прыйдзі толькі да дому! (Выбягае, запыхаўшыся, усцяж паўтараючы.) Плёткі! ха! ха! плёткі!.. Сцэна ХVI
Дабровіч, Шчырэцкі і некалькі людзей на знак Дабровіча ўбягаюць.
Дабровіч. Што гэта? адкуль гэты гоман?
Навум. Нічога, пане! палавілі катоў у мяшок.
Дабровіч. I ты, Кароль, тут? А гэта што? I Югася разам з табой? Гэта надта нядобра, што ты, маё сэрцайка, шпацыруеш па садзе ў начным часе, ды яшчэ і з кавалерам!
Шчырэцкі. О Божа! чы я гэтага ад маёй дачкі спадзяваўся?
Навум. Вот табе на! хто парася ўкраў, а каму ў вушах пішчыць. (Да Шчырэцкага.) Нічога, нічога, пане куме! хоць яна з панам трошкі і пагаманіла, да мы ж тут былі блізка. Я не чураюся свайго слова, вазьму яе; бо знаш прымаўку: мая душа не крывая, усё прымае.
Кароль. Годзе ўжо, мой кузыне! Здаецца, я ўжо паўналетні і не абавязаны даваць адказ за мае ўчынкі.
Дабровіч. Хто ж кажа іначай?
Кароль. Вот жа перад усімі паведамляю, што, адкідваючы ўсялякую пыху з сэрца і не звяртаючы ўвагі на розніцу станаў, бяру Югасю за жонку; і асеўшы ў маёй фартуне, пакіну свет, і толькі ў шчасці яе і маіх падданых шчасце сваё знаходзіць буду.
Дабровіч. А я з радасцю вас благаслаўляю (злучае іх), дзеці мае! бо пазнай у Югасі Юлію, адзіную дачку маю! Можаш цяпер яе як хочаш пакараць за гэтую раманціку з табой, што ў вопратцы звычайнай сялянкі захацела запаланіць тваё сэрца і выправіць твой характар, крыху сапсаваны заграніцай. Спадзяюся, што цяпер ужо пэўна перастанеш марыць пра пекнату чужаземшчыны.
Кароль. О! прысягаю, што ўжо больш не буду шукаць шчасця за граніцай. Хіба ж я не знайшоў яго на бацькаўшчыне? Але ты, пані, можаш судзіць, як моцна пакахаў я цябе, калі, пазнаўшы цябе як простую сялянку, аддаў табе ўраз сэрца маё і лёс свой не баяўся злучыць з тваім.
Юлія. Даруй мне, Каролю, гэты мой нявінны падман. Але ж ці не давёў ён нас да мэты нашых жаданняў? (Цалуючы рукі бацькі.) Дарагі войча! Ці ж я не выйграла заклад?
Дабровіч. Перамагла, мая дачка! Няхай Бог у працягу ўсяго жыцця дарыць вас гэткай радасцю, якой цяпер перапоўнена маё сэрца.
Навум (становіцца на калені). Гутарка кажа: гдзе ўвесяленне, там і прабачэнне. Даруй жа мне, паненачка, што я, дурань, асмеліўся сягаць па тваю ручку. Я ж такі калісьці молвіў, што няведанне – нягрэшанне.
Юлія. Не толькі табе прабачаю, але яшчэ і дзякую табе, што, хоць не ведаючы, дапамог мне ў маіх планах.
Навум (устае). Вот як добра, што я паслухаў паненкі. Добра кажа гутарка: кінь назад, а знайдзеш перад сабою.
Кароль. Цяпер палічымся з другімі.
Камісар. Пане! а я ці атрымаю тваё прабачэнне?
Навум (убок). Ага! на злодзею шапка гарыць.
Кароль. Дараваў бы яму гэтую апошнюю авантуру, але замнога даведаўся я аб ім, каб мог прапусціць бяскарна яго паступкі з маімі падданымі ў часе маёй адсутнасці. З гэтага часу траціш, пан, у мяне службу; за шчасце можаш палічыць сабе, што не патрабую рахункаў і справаздачы. Прашу цяпер перадаць усё Шчырэцкаму, які тут месца камісара зойме.
(Да Яна.) А ты што думаеш, Яне? калі табе не ўдалася любоў з тутэйшай сялянкай, можа, зноў шчасця за граніцай шукаць папрабуеш?
Ян. Дзякую пану! А я лепш скажу: mеа сulра! і выбіўшы з галавы думкі аб загранічных красунях, у сваім краі пастараюся знайсці сабе таварышку жыцця; а з гэтага часу не так лёгка дамся запутацца ў іхнія сеткі.
Навум. Эге! Знаш прыказку: хто апарыцца на малацэ, той і на ваду дзьмухае.
Кароль. Значыцца, цяпер, пакінуўшы думкі пра заграніцу, пачнём жыццё ў вясковым зацішшы і шчыра выпаўнім свае абавязкі: я – добрага пана, а ты – шчырага і вернага слугі. (Да Дабровіча і Юліі.) Ах! дзякуй вам, мой паважаны апякуне, і ты, дарагая мая жонка! з вашай дапамогай я пераканаўся, што нашыя сяляне маюць добрыя сэрцы; што мы іх не ведаем; што ані жыць з імі, ані іх ужыць не ўмеем. Цяпер больш ніколі іхняга лёсу не паверу на чужыя рукі, але і свой уласны з імі злучу. Хачу іх любіць і каб яны мяне любілі; а мне з імі і ім са мной, за блаславенствам Найвышэйшага, шчасліва і добра, спадзяюся, паводзіцца будзе.
Вадэвіль
№ 10
Кароль
Магутна ўлада кахання!
Яно пануе ў прыродзе;
У кожным будзіць жаданні,
У ім шчасце жыцця знаходзе.
У моднай вучаны школе,
Я жыў, як і жыць не варта.
Каханнем сходаны сёння,
Змяніў я сэрца не жартам.
Юлія
Вы, што заўладалі людам,
А заняты ўцехі шумам,
І аддалі злым прыблудам,
Мейце ж тое ў вашых думах:
Што мужык ці пан з-над пана,
Роўна Бог на небе дбае.
І ў яго той паважаны,
Хто сам іншых паважае.
Ян
Зведаў я амаль паўсвета,
Быў ў Парыжы і ў Лёндыне,
І во ўсё-ткі ў мае леты
Даў злавіць сябе дзяўчыне.
Але, кажучы між намі,
І ў Парыжы дурань зглупіць:
Каб меў золата пудамі,
Сабе розуму не купіць.
Навум
Вы, паночкі, сакалочкі,
Паслухайце гутарочкі:
Хоць умерці не падацца,
Каб вам толькі спадабацца.
Не зрабіце ж вы нам мукі;
А злажыўшы гэтак рукі,
У ладоні моцна біце,
Потым... дахаты ідзіце.
Хор
Здаваленне, якое адчуць мы гатовы,
Будзем помніць удзячна у кожнае хвілі,
Калі публіка шчыра нам скажа хоць слова,
Што ігрою сваёй мы яе захапілі.
Канец