Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/VI/Буралом

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе ня кінь — дык клін Буралом
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Сваякі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Буралом (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БУРАЛОМ.

Пахіліўся дуб да дуба
Ды бурчыць, гамоне:
—Што-то вецер вельмі груба
Загуляў сягоньня!

Паглядзі, сусед, на пушчу,
Як трашчаць галіны,—
Там у самую ўжо гушчу
Вецер сілы кінуў!

Вун, прымець, старуха-хвойка,
Сскочыла з карэньня,
А вун там з бярозы бойкай
Валіцца паленьне.

Пакацілася удоўжкі
І асіна-сваці…
Фу! ты, аж мяне у дрожкі
Пачало кідаці!..

Што? Няўстояла і ліпа—
Рухнула бядачка!..
Ці-ж быць можа? ўжо захліпаў
І стары твой бацька.

Ах! што гэта?.. Праз узгоркі…
Ціж-то к нам?.. Ой, ногі…
І ня скончыўшы гаворкі,
Рынуў дуб, як доўгі.

14/XI—18.