Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/VI/Дзе ня кінь — дык клін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лякарства Дзе ня кінь — дык клін
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Буралом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе ні кінь — дык клін!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ НЯ КІНЬ—ДЫК КЛІН!

Ну, а як табе па службе:
Ці работы многа?—
Так сусед пытаў, між іншым,
Янку Канцавога.

—Ах, ня дай Бог за чужою
Поўзаць гаспадаркай!
Дзень і ноч, як лунь таўкуся,
Як у пекле Марка!—

А сусед яму навучна
Ды пабожна клепе:
—Хоць тут трудна жыць—затое
Будзе ў небе лепей.

—Знаю, знаю!—так суседу
Адчыкрыжыў Янка:
Бокам вылезе мне ў небе
Гэта абяцанка!

Як паткнуся,—ўраз пагоняць
Да ўсякай работы:
То сядлай каня для Юр’і,
То чысьць яму боты.

Або ўпоўнач ўстань і сонца
Запалі да золка,
Вытры з пылу усе зоры,
Месяц выбель лоўка.

Завядзі машыну з ветрам,
Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
Ды яшчэ ня квіта:

—Папіхай хутчэй, гад, хмары!
А пярун дзе кінуў?
Набівай, страляй! Маланкай
Сьцёбай, каб ты згінуў!

Янка тутка, Янка тамка,
Хоць ты ў пекла прыся!
А прыдзірак ад сьвятых ўсіх
Сколькі нацярпішся!..

1914 г.