Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/V/Рунь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адступнік Рунь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
I. Забытая карчма
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рунь (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУНЬ.

Абходзіў зважна гаспадар
Свае абсеяныя межы,
Глядзеў, ці добра божы дар
На сьвет зірнуў з зямелькі сьвежай.

На небе воблачная сінь
Лягла пасьцілкаю махнатай,
А на зямлі, дзе вокам кінь,
Цьвіце, рунее рунь багата.

Над ёй круг сонца залаты
Плыўнём плыве, палае, йскрыцца;
За ёй, трывожачы кусты,
Бурліць, плюскочыцца крыніца,

На ўзьмежку, збыўшыся кары,
Тырчыць ігруша, як сухотнік,
Над грушай ястраб угары
Цікуе кінуты заплотнік.

Як вучыць нас варожбаў лунь,
Як варажыў і летась гэтак,—
Лёг гаспадар плашмя на рунь,
Стаў слухаць сёлета палетак.

Абняўшы рунь ляжыць, як сноп,
Жывых і мёртвых вызваў ў сьведкі;
Прысьмерціў сэрца, зморшчыў лоб…
І чуе руні шопат геткі:

„Забіў ты бацьку, каб на рот
Адзін паменшала ў хаце,—
Прышоў твой сёлета чарод,
Жніва табе не дачакаці!“

Ўстаў таспадар. Як дурнап’ян,
Сказ руні раны разварушыў…
Ён, зьняўшы пояс-саматкан,
Павіс над руняю на йгрушы.

2/XI—18 г.