Даўно ўжо, даўно з тэй пары адбылой
Сталецьцяў мінула нямала, —
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
Сьвятляная думка лунала.
Яна аглядала бязьмежна прастор,
І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі з зямлі працягалі да зор
І ў цемры каналі паволі.
Быў жыць адзінока надзел бедакоў,
Нішто іх з сабой ня лучыла—
Ні крыльлі свабоды, ні скруты акоў…
Адна толькі маці-магіла.
Ня ўмелі змагаць грамадою нягод
І бога хваліць грамадою;
Па шчасьці нязьведаным грэшны народ,
Як каня, ўздыхаў, за вадою.
І шкода зрабілася думцы людзей,
Што чахлі, як чэрві у плесьні,—
І з высі зышла к ім, як дух-яснавей,
І вольнай зьмянілася песьняй.
У тысячы сьветычаў, сонц залатых
Яна разьлілася між імі,
Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,
Сваё, іх праславіла імя.
Пры песельным звоне народ акрылеў,
Зарухаўся шчасьцем, свабодай,
У бітвах верх браў і свой боль адалеў,
Ня страх быў змагацца з прыродай.
І многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў
І ў долі, і ў волі бяз меры,
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў,
І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.
За ласыя словы, за золата звон
Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
А песьню аддалі на зьдзекі.
Як славай праз песьню палаць стаў, так згас,—
Хілеці ізноў стаў памалу;
Папробуе песьню—йшчэ звоніць падчас,
Толькі ня так, як бывала.
Гібелі зноў людзі у сьпеку, ў мароз,
І долі і волі збыліся,
І страшная кара пасьцігла іх лёс:
Народ сваёй песьні забыўся.
Мінае сталецьце, другое ідзе,
Ня песьняй, а путамі звоне,
І вечную гібель народу вядзе;
Народ-жа ўсё стогне і стогне.
З лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,
Аднекуль зноў песьню дасталі,—
І думалі з ёй, як калісь, дзівіць сьвет,
Палаць зноў у даўнешняй хвале.
А толькі іх душ ажывіць не магла,
І к шчасьцю масьціці гасьцінец…
Бо думка… бо песьня… чужая была…
З ярмом даў і песьню чужынец!
|