Казка аб песьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Казка аб песьні
Казка
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/29563


Даўно ўжо, даўно з тэй пары адбылой
        Сталецьцяў мінула нямала, –
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
        Сьвятляная думка лунала.

Яна аглядала бязьмежны прастор,
        І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі зь зямлі працягалі да зор
        І ў цемры каналі паволі.

Быў жыць адзінока надзел бедакоў,
        Нішто іх з сабой не лучыла –
Ні крыльлі свабоды, ні скруты акоў...
        Адна толькі маці-магіла.

Ня ўмелі змагаць грамадою нягод
        І Бога хваліць грамадою;
Па шчасьці нязьведаным грэшны народ,
        Як каня, ўздыхаў, за вадою.

І шкода зрабілася думцы людзей,
        Што чахлі, як чэрві у плесьні, –
І з высі зышла к ім, як дух-яснавей,
        І вольнай зьмянілася песьняй.

У тысячы сьветачаў, сонц залатых
        Яна разьлілася між імі,
Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,
        Сваё, іх праславіла імя.

Пры песельным звоне народ акрылеў,
        Зарухаўся шчасьцем, свабодай,
У бітвах верх браў і свой боль адалеў,
        Ня страх быў змагацца з прыродай.

І многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў
        І ў долі, і ў волі бязь меры,
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў
        І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.

За ласыя словы, за золата звон
        Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
        А песьню аддалі на зьдзекі.

Як славай празь песьню палаць стаў, так згас, –
        Хілеці ізноў стаў памалу;
Папробуе песьню – йшчэ звоніць падчас,
        Толькі ня так, як бывала.

Гібелі зноў людзі у сьпеку, ў мароз
        І долі і волі збыліся,
І страшная кара пасьцігла іх лёс:
        Народ сваёй песьні забыўся.

Мінае сталецьце, другое ідзе,
        Ня песьняй, а путамі звоне,
І вечную гібель народу вядзе,
        Народ жа ўсё стогне і стогне.

Зь лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,
        Аднекуль зноў песьню дасталі, -
І думалі зь ёй, як калісь, дзівіць сьвет,
        Палаць зноў у даўнешняй хвале.

А толькі іх душ ажывіць не магла
        І к шчасьцю масьціці гасьцінец...
Бо думка, бо песьня... чужая была...
        Зь ярмом даў і песьню чужынец!

(1913)