Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/V/«Братка й сястра»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Казка аб песьні «Братка й сястра»
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Братка й сястрыца».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«БРАТКА І СЯСТРЫЦА».

(З народнага).

Ой, у лузе у зялёным,
Каля быстрай рэчкі
Маладзенькая дзяўчына
Пасьціла авечкі.

Залатое сонца з неба,
Грэла, спаць гарнула,
Аж пастушка у цянёчку
Лягла і заснула.

Па гасьцінцы жаўнеранька
Зьнекуль заблудзіўся,
Ён к дзяўчыне маладзенькай
З сядла нахіліўся.

«Ўстань, галубка, маё сэрца,
Годзе спачываці,
Кладзі ножкі у страмёна,
Будзем вандраваці!»

Уставала, маладзенька,
Ножкі ў стрэмя клала,
І з малойчыкам удалым
У сьвет вандравала.

Едуць поле і другое,
Ўзьехалі на трэцьце,
Пад дубочкам, пад махнатым
Селі пасядзеці.

Прытуліўся жаўнеранька
Да грудзей дзявочых,
Абымае і цалуе
Губанькі і вочы.

Гэтак песьцячы галубку,
Стаў яе пытаці:
«Скуль, дзяўчынка, будзеш родам,
Хто твой бацька, маці?»

А яна яму гаворыць,
Пахіліўшысь нізка:
«Старшыні я дочка буду
З гэтай вёскі блізкай.»

Спахмурнелі ясны вочы
Ў хлопца маладога;
Ён адказу ад дзяўчыны
Не чакаў такога.

«І я, кажа жаўнеранька,
Да таей дзяўчыны,
З тэй-жа самай вёскі родам,
Сын таго старшыні!»
........
Зацямнілі хмары неба
Чорнымі крыламі,
Пачалася шура-бура.
З громам, з пярунамі,

І ударыў пяруночак
У два сэрцы тыя,
Што пасьмелі снаваць грэшна,
Думкі маладыя.

Пад тым дубам іх абое
Пахавалі людзі,
Насып сыпалі жвіровы
На вочкі і грудзі.

На тым насьпе ўзышлі кветкі,
Як вясной сьнег стаяў—
Адна жоўценькая кветка,
Сіняя—другая.

Хто ў магілцы сьпіць, усьпелі
Людзі ўжо забыцца,—
Тыя-ж кветкі ахрысцілі:
«Браткай і Сястрыцай.»

23/V—13 г.