Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Я малады…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Мілы сэрцу, дорагі і любы… Я малады…
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Крылатым гасьцям
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я малады…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я МАЛАДЫ…

..........
Я малады…
У сэрцы кроў струменіць,
і сілай творчаю
істота ўся гарыць…
Але шмат хворых ёсьць
у нашым пакаленьні,
што квола поўзаюць
пад промнямі зары.

Гляджу на іх, —
плыве за думай дума:
„куды нясе іх
вецер-сухавей?“
падаюць яны,
як ліст пажоўклы дуба,
калі ўсё дрэва так
прыгожа кудравее.

Я чую плач і сум…
Стаяць на раздарожжы
і шапкай мерацца,
прастору сінь залатаць…
I веру страцілі
(на што гэта пахожа?!),
што шлях свой барацьбы
прайсьці ня зможа
мужыцкі лапаць.

Глядзяць яны:
здаецца, ўсюды пуста,
здаецца ім —
пабеглі дні назад…
Бо ловіць погляд іх
ліхіх людзей распусту,
і п‘яны рэстаран,
і ночы блудны сад.

Ну, а чаму-ж
не паглядзець вам далей,
не паглядзець туды,
дзе творчых сіл агонь,
ня бачыць тых,
што новых дзён скрыжалі
мільёны рук
надпісваюць сягоньня?..

Ці помніце,
хто вышаў з сутарэньня,
i вежу сьветлую
будуе ў гэты дзень?
О, маладое
наша пакаленьне,
ня снуйце вы
пад сонцам,
нібы цені.

І ў песьнях я
чытаю часам роспач,
як-бы свой лёс
пясьняр на струнах плача…
На раздарожжы ён
і дні, і ночы,
нібы свой шлях
ён страціў —
ня іначай!

О, мой сабрат,
знайдзі ты чалавека,
калі яго
чамусьці ты згубіў…
У нашы дні, —
дні залатога веку, —
ты чалавек!..
і чалавек —
змаганьня й барацьбы.

Мой мілы край,
спрадвеку ў сумных сьпевах,
і ў казах жудасных
народ твой з роду ў род,
Толькі цяпер,
як сьціхнулі завеі,
ты скончыш свой.
вялікі свой паход!

Я і хачу,
йдучы з табой ў паходзе,
не сумаваць,
ня плакаць,
не стагнаць!
Красуй, мой край,
бо сонца не заходзіць,
дзе балаты твае,
і сенажаць,
і гаці.

Я шлях знайшоў,
я слаўлю песьняй радасьць,
і песьню я
складаю ў сэрцы тон…
Я ведаю — даўно,
доўно пара даць
поэтам маладым
дзён нашых перазвон.

О, Беларусь!
ты ўзросьціш пакаленьне
сваёй змагарніцкай
і вольнае пары!..
..........
Я малады…
У сэрцы кроў струменіць
і сілай творчаю
істота ўся гарыць!..