Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Крылатым гасьцям

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я малады… Крылатым гасьцям
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Поле ціха шаптала калосьсем
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крылатым гасьцям.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЛАТЫМ ГАСЬЦЯМ

Над туманным лесам, балотам,
Дзе калісь хлапчуком падпаскам
Скакаў з каровамі кадрылю я,
Сёньня горда плывуць самалёты…
Нібы то дзіўная казка!..
Над туманным лесам, балотам
Крылатая эскадрылія.
Чую ўвысі мора шум —
Чалавек за птушкаю гоніцца…
Вітаюць пропэлеры маршам
Герояў крылатай коньніцы.
У блакітную даль хачу я
Падняцца арлом чырвоным…
Пропэлера песьню пачуе
Край, што ў тумане —
Край сонны.
Хачу, каб чырвонае раньне
Змагло чалавека бясьсільле…
Мы здолеем хутка і сьмерць…
Ужо здабыты крыльля,
Каб з зямлі узьляцець.