Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Вясна і дзяўчына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня пра вясну Вясна і дзяўчына
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
З цыклю „Вясеньні балаган“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясна і дзяўчына.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСНА І ДЗЯЎЧЫНА

Кожнай вясьне
Кожная дзяўчына рада,
Бо вясна сум дзяўчыны расьсее,
Не паслухае сэрца парады.

Знаю вясну,
Знаю адну дзяўчыну,
Калі сум ў яе сэрцы заснуў,
Як змораны хтось ў адпачынак.

Той вясною дзяўчына чакала,
Што з паходу каханак прыдзе,
Вясну радасна так загукала,
А каханка… забіў якісь злыдзень.

Дзень вясновы жальбы не разьвее,
Пакуль ёсьць войнаў дзікіх пагрозы..
І пабачыў вясной на траве я
Не расу, а дзяўчыны той сьлёзы.

Ты ня плач, толькі помні аб гэтым…
Ты ня траць ні надзей, ні красы.
Час ідзе — я узрокам поэты
Сьлёз ня бачу, а каплі вясеньняй расы.

*

У жыцьці я радасьць рассыпаю
І песьнямі, і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень сьветла-вясновы.

Бывае: нешта прамільгае,
Эх, чорнае такое,
Нібы груган той па-над гаем,
Я і тады спакоен.

Таму, што веры не парушыць
Ні сябра мой, ні вораг.
На сьвеце шмат ёсьць крывадушных
Сягоньня, як і ўчора.

Бывае сьцелюць гэтак мякка,
Ой, як жа цьвёрда сьпіцца.
Ад іх далёка праўда-матка,
Ў паветры, як сініца.

Няхай, мяне не запужае
Хлусьня іх — і пяшчота…
Адкінуў ўсё, нават бяз жалю,
А іх пашлю — да чорта!

Ў жыцьці я радасьць рассыпаю
І песьнямі і словам,
Таму, што ў сэрцы усхліпае
Прамень сьветла-вясновы.