Я помню многа вёсен,
І сонцам край убраны…
Была на сэрцы восень, —
Імглістасьць і туманы…
Мне быў тады нямілы
Вясны, зялёны дзень,
І птушак пералівы,
І шумных вод струмені.
Мне погляду ня песьціў
Прастор палёў, блакіт,
Калі я слухаў песьні, —
Сьпявалі іх ракіты.
Ня раз сівога бору
Я сумны шопат чуў…
Аб тым жыцьці і горы
Ніколі не шапчу.
Я помню многа вёсен…
Імглістасьць і туманы…
Замест вясны — у восень
Быў сонцам край убраны.
У сэрцы радасьць, песьні…
Зьнік вечны сум і жаль…
Вясёлы погляд песьціць
Блакітна-сіня даль.
Мільгаюць дні за днямі…
Адну я помню восень,
Як зорамі-агнямі
Жыцьцё ўсё залілося.
Казаць аб днях мінулых
Ня буду ў гэты дзень,
Калі з нячутным гулам
Вясна да нас ідзе.
Вяслуюць год за годам,
А праплыло іх восем…
Вялікім, знаць, паходам
Прайшла калісьці восень.
Плыць далей — хваціць вёсел, —
Ня спыніць ветравей…
Так пройдзе многа вёсен —
Адна другой навей.
|