Вясна і дзяўчына
Вясна і дзяўчына Верш Аўтар: Міхась Чарот 1928 |
Кожнай вясне
Кожная дзяўчына рада,
Бо вясна сум дзяўчыне рассее,
Не паслухае сэрца парады.
Знаю вясну,
Знаю адну дзяўчыну,
Калі сум ў яе сэрцы заснуў,
Як змораны хтось ў адпачынак.
Той вясною дзяўчына чакала,
Што з паходу каханак прыйдзе,
Вясну радасна так загукала,
А каханка… забіў калісь злыдзень.
Дзень вясновы жальбы не развее,
Пакуль ёсць войнаў дзікіх пагрозы…
І пабачыў вясной на траве я
Не расу, а дзяўчыны той слёзы.
Ты не плач, толькі помні аб гэтым…
Ты не траць ні надзей, ні красы.
Час ідзе — я узрокам паэта
Слёз не бачу, а каплі вясенняй расы.
1928