Рачное імяназоўніцтва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сонечнае калясо Рачное імяназоўніцтва
Тлумачальны слоўнік
Аўтар: А. Цымборскі, Вацлаў Ластоўскі
1894 (публікацыя 1926)
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 111
Крывічанскія кнігазборы XV ст.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рачное імязоўніцтва. Рака Дзьвіна, працякаючы большую часьць свайго бегу праз крывічанскія землі і будучы доўгія часы галоўным тарговым шляхам нашай зямлі, мае шмат цікавага імязоўніцтва, вытваранага нашым народам. Ніжэйпададзеныя назовы запісаны ў 1894 годзе А. Цымборскім у Дзісьне, ад корніка Пятра Рудака. Арыгінал запісаў—цяпер ўласнасьць рэдакціі „Крывіч“.

РУЧВО, самае глыбокае цячэньне ракі (рас. „фарватер“).

ПЛЕС, шырокае, ціхае ручво ракі без закрутаў (рас. „широкій фарватер“).

ТУРЭЦ, звужанае ручво са шпаркім цячэньнем вады.

РУБА, камянная перагародка ўпоперак ракі ўступамі, або абрывам (рас. „пороги“).

ГРЫВА, падводная, або адбярэжная пясчаная мель (рас. „коса“).

ЗАБОРА, перагародка ракі зложаная з невялікіх камянёў, якія выступаюць з вады.

МЕЛЬСТЫНЬ, плоскае, роўнае пясчанае, не глыбокае дно.

ЖОСЬ, мельстынь зложаная з дробных. камянёў (жост або жорст=рас. „хрящ“).

ВЯРЖА, ВЕРАЖЛЯ, шпаркае цячэньне паверх скрытых пад вадой камянёў.

ЗАКРУТ, загіб ракі падковай або дугой.

НЕРД, падмытая вадой пад бераг яма; цячэньне вады пад берагам.

ВІР, закручаючаяся лейкай вада над глыбокай ямай.

ПРАБОР, ПРАБОРА, вузкае ручво паміж двумя мельстынямі,

ПОПЛАЎ, бераг ракі, які вясной бывае заліваны вадой.

РЫГА, рукаў ракі, („Сухая рыга“, рукаў, які акружае востраў Дален, каля Якобштада).

РУМ, мейсца звозкі і складу тавараў, перад адпраўкай іх вадой.

БАЛВАНЕЦ, абвал цэлай массай высокага берагу ў ручво ракі.

КАЛТА, КАЛТАВІНА, яма ў дне ракі.

РАЗТОКА, мейсца ў якім разьліваецца рака ўшыркі, выходзячы з цесных берагоў,

ЗАТОКА, мейсца дзе рака ўглыбляецца ў сушу, заліў.

СУТОКА, мейсца дзе зьліваюцца „стачываюцца“ воды двох рэк.

ПРЫТОКА, меншая рэчка, якая ўліваецца ў большую раку.

УЙСЬЦЯ, УСЬЦЯ, канец ракі перад мейсцам дзе яна ўліваецца ў другія, большыя воды, вышэй сутокаў.

ВОЛМА, ўпадзіна, заглыбленьне ў дне ракі ніжэй рубы.

ГОЛМ (праўдападобна заменена пачатнае славянскае х ў г), высокі бераг гарбом, або капяжом.

ПІСАНІК, камянь з надпісамі.

КЛЫГА, мейсца дзе клыгоча вада пераліваючыся цераз перашкоды.

ЯЗ, перагарода ўпоперак ракі для лавеньня рыбы.