Развагі і думкі
Развагі і думкі эсэ Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі 1914 Крыніца: Выбраныя творы / Максім Гарэцкі; уклад. Р. Гарэцкага і Т. Голуб, прадм. і камент. Т. Голуб. — Мінск : Кнігазбор, 2009. (С. 587-605) Друкуецца паводле выд.: Гарэцкі, М. Творы. Мінск, 1990. Упершыню — зб. «Велікодная пісанка: 1914 год». Вільня, 1914. |
Беларускі рух… беларускі рух… Што гэта за дзіва? Што яшчэ
за праява — адраджэнне белых русічоў? Што гэта за навіна часоў
нашых — «свядомыя» беларусы? Скуль яно, тое дзіва, пайшло,
адкуль узялося? I што гэта за дзіва?
Гм, гм… ці гэта бязгрэшнае зыканне рамантыкаў дваццатага веку, што спярша заткнулі вушы ад гудзення самакатаў, заплюшчылі вочы ад бліскання радыю, наставілі каўняры ад падвеву касмапалітызму, завярнуліся прад эсперантыстамі, інтэрнацыяналістамі і рознымі другімі альбо добракарыснымі, альбо не вартымі славы «істамі»; пасля таго разінулі рот прад гістарычным гоманам дзядоў сваіх з таго свету і на ўсю сілу пачалі ўжо лашчыць капрызна-хваравіты і не саўсім дзеля іх саміх зразумелы нахіл свайго сэрца да нечага, здаецца-то і праўда, новага і прыемнага ў разуменні слова «нацыя», «народ» і, нездаволеныя, што іх цягнуць за валасы, а часамі і пужкаю паддаюць ім ахвоты, падганяюць іх на жаданае лона трыядынай «россійской» нацыянальнасці, хапіліся шукаць новых падмуровак гэтаму разуменню, і не дбаючы на канцавыя вынікі сваёй справы, неўраджайна, бясплодна і шкодна кіруюцца да таго, каб утопію, немажлівасць зрабіць рэальным фактам?..
Гм, гм… ці то, можа, памінальная псальма добранькіх унукаў па абкропленых хвалою дзядах і бацьках, расійскіх народніках 60-х гадоў і польскіх праўдзівых дэмакратах часоў ранейшых і пазнейшых?
Гм, гм… А можа, гэта сякі-такі кампраміс, змова і згода інтэлігентнага чалавека беларускай косткі, абросшай польскім ці расійскім мясам, змова з глухімі дамаганнямі беларускага карэння, што аніяк жа не ўсыхае ў яго душы і троху-патроху ды безупынна, бесперастанку шкодзіць спакою яго сумлення?
Ці гэта законная зайздрасць к другім, мо і драбнейшым, галінкам дрэва славянскага, што куды раней пукацца пачалі і к часу беларускага адраджэння закрасавалі? Гм… гм… Тут, можа, кірунак з прымусу, каб пазбыцца векавечнага сораму ў гісторыі? Гм… тут, можа, людская рацыя: украінцы адрадзіліся і закрасуюць — з жыццём спрачацца няможна; а раз так — павінен, павінен адрадзіцца і твой народ, праўда?
Ці гэта балбатанне «тутэйшых патрыётаў», што дзеля дзяцінай славы завялі не дзяціную справу?
Ці гэта, можа быць, праяўленне эканамічнага гнёту, што выдавіў у беларуса-мужыка ўсе духі і прымусіў яго брыкацца з-пад калоды?
Што гэта?
Можа, гэта здаровы і патрэбны крык аб сваіх правах беларуса як сына беларускай нацыі, нацыі па сваіх духоўных асаблівасцях самабытнай… Можа, гэта крык аб правах народа, ядынага ў псіхіцы і здольнага да самабытнага жыцця сярод народаў, катораму не да твару быць прыбаўкаю, дадаткам да нацыі дужэйшай… і асабліва блізкай па крыві, што яшчэ горш, бо з чужым! — так дык так, а не так і не трэба, ну а з няўдалаю раднёю цацкайся, дзядзька, пакуль яна з хаты твае не турыць цябе.
Можа, так?
Ці ж я ведаю? Можа, і так… «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю».
А я хачу ведаць, і ці не варта будзе мне прыслухацца да шчырага, толькі шчырага пачування беларусаў і правых, і левых, і сярэдніх, і тых, што «тоже белорусы», і тых, што нясуць крыж са славамі: «жыве Беларусь!»?
А ці не чулі вы, дзядзькі, цёткі, ад людзей не нашай нацыі і ці не чыталі ў некаторых этнографаў, што беларусы ў большай сваёй часці не могуць быць шчырымі ў жыцці грамадзянскім і ў іншым, што яны нейкія няшчырыя, «палавіна на зямлі, палавіна пад зямлёю», што пакуль за беларуса не задавішся, шчырасці ад яго не дажджэшся… ці не чулі вы, што:
— Беларусы двудушны?..
А?
Ведама, гэта няпраўда, паклёп, напасць!
I ўжо некалі вы, магло быць, ого-го як і гневаліся за гэткі прыгавор няпрошаных пракурораў. Даводзілі, мусіць, якраз іншае, маючы на ўвазе мнагалікі тып дабрадушнага, рахманага, трошку тужлівага беларуса-гумарыста, што калі-та і выяўляе сябе нібыта няшчырым, дык дзеля таго, каб спрадвечную жыццёвую нуду захаваць ад прыкра-сцюдзёнага погляду чужынца па думках.
Вы, а не вы, дык я, а не я, дык яшчэ хто, пэўна, гневаўся за тую напасць… Што ж, скажаце, рацыі не меў? — Меў рацыю…
А цяпер нехта ой — таёмны, ой — цвёрды ў слове, з вялікаю непамернаю тугою шэпча дый шэпча мне пад вуха:
— I «тоже белорусы», і младабеларусы, і ўсе яны, усе троху-многа двудушны і рэдка саўсім шчыры ў сваіх справах палітычных…
Ой, не кляніце мяне, адраджоныя! Сярод вас ёсць верныя і аглашоныя, а сярод верных і аглашоных многа серадзінкі. Гэта серадзінка ці не двудушна!
Усякая бывае двудушнасць. «Грэх і сорам, — вучаць нас прапісныя маралі, — быць двудушным». Тым жа самым дакучае нам і пачуццё дабра і зла.
У каго тое пачуццё ў большай пашане, той меней двудушны.
Двудушнасць ад прыроды ў чалавеку.
I бывае адна двудушнасць, калі чалавеку ўжо не стае сіл разумнай волі, штоб не здвудушнічаць, альбо двудушным ён бывае, узіраючы на вымогі вума. За гэткую двудушнасць сварыцеся, людзі, калі ў вас язык мяккі.
Другая двудушнасць, калі чалавек сумысля і ў угоду свайму злому боку не слухаецца голасу дабра і забівае ў сабе добрае карэнне, а ўсё дзеля таго, каб…
«Тоже белорус», калі толькі ў ім захаваліся чалавечыя пачуцці, вечна змагаецца з голасам свайго сумлення: «Глядзі не ашукайся! ці добра ты ўцяміў заветы дзядоў сваіх? ці па той дарозе пайшоў ты? Не станься пракляццем роднай зямліцы… ці не варта ізноў палічыць, ацаніць, зважыць тое-другое? А што, калі праз колькі гадоў «утопія» младабеларусаў будзе жыццём?»
I вот ён важыць і раз, і другі, трэці, а ўсё не мае пакою.
Ён думае: «Вот жа людзі ідуць па-іншаму і часам мукі зносяць за думкі свае… Недарма ж. I гэты «тоже белорус», ваюючы і пяром і ўсім за «тоже Белорусію», за яе выключнае права на жыццё, ён, паказваючы сябе шчырэйшым шчырэйшага, ён… не пэвен сам у сабе, ён заўсёды сварыцца з голасам дэмакратычнага беларускага карэння, мучаецца праз тое і часам неспадзявана, раптоўна ідзе з ім на змову, паднімае гоман сярод паноў «чорнай сотні», чапурыцца, пакуль… пакуль ізноў «пакута» і лізанне рукі грашавітых паноў чорнай сотні!»
I дробныя душы маюць у сабе драбінкі золата, але так і астаюцца дробнымі.
I калі «тоже белорус» — сумленны чалавек, — вяліка драма душы яго, жалобен ён дужа… Калі ж ён толькі «дзялец», — памаўчым аб ім. Потым ёсць у нас і нерухомыя і нерухавыя людзі, калоды, пні, шчаслівыя пад сваім сонцам; не проч яны пажадаць і лепшага сонца, але калоды яны.
Ёсць і такія, што Богу свечку нясуць, а чорту качаргу валакуць. Няма ў іх толку ў поглядах на мінуўшчыну і будучыню Беларусі і на саміх сябе як сыноў сваёй бацькаўшчыны. Куды вецер дзьме… Прыходзіцца: заплюшчу вочы прад тым і закрычу на ўсю сілу аб гэтым.
А ладныя маладзенькія беларусы, хлопцы і дзяўчаткі, хварэюць у сваім часе на адну больку: «Не ведаем, куды і як нам ісці, каб было найлепей…» цяпер гэткі тып асабліва часта спатыкаем. I варта было б, каб ён паказаўся ў нашай літаратуры, пакуль ён ёсць ува ўсёй сваёй цікавасці; зараз яго і саўсім не будзе: расце беларуская маладзёж, свядомая ад малых гадоў!..
Шкода неяк гэтых маладзенькіх, слаўных браткоў і сястрычак — на раздарожжы яны.
Пайсці ў адзін бок — у старую родную Беларушчыну, куды магнэсам цягне, — мулка, няшчыра-беларускае гадаванне сварыцца, дый ці ж варта цяпер, ці ж выйдзе тут добрае, а ці не позна, а чаго ж дабівацца ў канцы, якіх ідэалаў, — няўжо ж тых страхаў-страшных сепаратызму страшнага? Ой, як паўзці туды, слухаючы сэрца і не чуючы галавы, што страшыць немажлівасцю справы, недасцігласцю ідэалаў жаданых!..
А пайсці ў другі бок, па «обшчэ» расійскаму ці польскаму шляху, — уй, тошна, ой, роднае карэнне не дазваляе… А злашча цяпер і гідка, і брыдка, і не хочацца, цяпер, калі ёсць жа і гэты, люба-таёмны, свой родны шлях, і па ім людзі ідуць дый ідуць…
Дык дзе ж ступаці? Хіба-ткі па роднаму шляху? А ён так і пайшоў поплеч і блізюжынька са шляхам працуючага дэмасу ўсяго свету і вядзе, мусіць, да адной мясцінкі…
Можа, гэта ступанне па роднаму шляху і ёсць «беларускі рух»!..
Маладая Беларусь будзіцца на абломках старыны. Будаваць
новае младабеларусам дужа трудна, бо ў абломках старыны
многа-многа трухляціны, ад каторай у наш час толькі пыл
ідзе.
I недарма ў младабеларуса, катораму жыццё яшчэ не паказалася добра з розных бакоў цяпер і ў мажлівай будучыні, недарма ў яго ўсхопліваецца пытанне: ці варта яму дзеля нейкай блізка што утопіі «беларусіцца». Ці варта яму зарабляць жалосна-прыкрыя ўхмылкі няпрошаных жаласнікаў, што пазіраюць на яго як на нейкага летуна-фантазёра або як на пустога чапурышніка. ці варта яму часам завадзіць у сваёй сямейцы нейкую нязгоду праз «беларушчыну», нейкі разлад, нейкую непрыемнасць?
Недарма так пытаецца ён сябе.
I тым часам… Тым часам ідэя бярэ сілу, верх. I вот слухайце, дзядзькі і цёткі — літаратары нашы, слухайце, якія добрыя мэты вам…
Колькі цяпер на Беларусі сямеек, дзе спрачаюцца дзеткі з бацькамі! Колькі іх цяпер такіх, у каторых ёсць новага заводу «самавольнікі» ці «самаволачка».
Гэта ж дзіва! У сямейцы пануе польская мова, польская ідэалогія, польскія традыцыі… Сам бацька з гасцямі даволі добра гаворыць «па-польскаму», саўсім рэдка, абмыліўшыся, кульганець «папросту», кашлянець, перханець, і абмылка няўзнаку…
Ён гадуе добрых дзетак на карысць маткі-Польшчы… I вось табе на! — адзін ці адна з гэтых дзетак, пасля новага нейкага паветра, нясмела, але няўступна гаворыць, цвёрда і сумна гледзячы бацьку ў вочы: «Не, татка, я ведаю: мы беларусы…» Гвалт! Адкуль ён ведае? Папсаваўся хлапец, сапсавалася дзеўка… Гора пану, сорам пані…
А самавольнік ці самаволачка, нічога не чуючы, нікога не слухаючы, сваволіць, беларусіцца болей і болей.
Пойдуць рады, лекі. «Не пускай ты яе, панічка, да беларусоў: гэта яна там нейкую сымпацію таіць, з таго ўсё і выходзіць. Не пускайця, час усё вылечыць». I яшчэ паддаюць духу… Прыходзіць у госці к матцы самаволачкі добрая суседка. Тое- гэта, аб тым аб сім, але вот: «А я да пані маю інтэрас…» Ідуць у другі пакой.
«А-ей, панічка, ня думаіця вы аб панні Ядзі… Сватоў трэба ждаць, а яна ўсё папросту ды папросту… Гэта ж ніхто паненку і замуж ня возьміць…»
I на самаволачку пачынаюць насядаць, пачынаюць лячыць яе ад «мужыцкай» беларушчыны, і…
Дарма! Калосіцца ўраджай…
А то вот. «О-о, я ж рускі! Бацька мой за сахою хадзіў, а я ў людзі выйшаў, звязду над казыром нашу. Гавару «правільна» (па-расійску)… жонку маю не абы-якую — з папоўскага роду; школіць яна мяне часам за «мужыцкі закалец», а я, каб падражніцца, і наўмысля дзеля жарту дыкну ці якну. Дзеткі мае слова па-мужыцку не скажуць, матка ўжо за іх не чырванеіць…» Добра, ладна, пане з мужыкоў! Лацвей табе…
I раптам — скуль бяда? Сын — студэнт, гордасць, спадзяванне бацькоў, прыязджае з універсітэта і… ані слова «правільна»: па-мужыцку так і сыпле!
Праўда, выходзіць у яго неяк не саўсім па-мужыцку, а даволі прыемна, як бы і па-панску, літаратурна, але ўсё ж словы «хамскія», якія ўжывае дворнік, вадавоз, пячкур… Так, пане з мужыкоў!.. Слёзы, квохі, упрашэнні. «Міценька! Пабойся Бога… Паслушай мамы… не срамі нас. Дзядзя-інспектар у госці прыедзет… Не гавары хоць пры ім на гэтым жаргоне…» А Міця, той яшчэ, ці чуў ты дзіва, за слова «жаргон» скрыўдзіўся. Ах, і гэтага дзіцятку папсавалі таварышы.
Хітрэйшыя бацькі пачынаюць і хітрэйшую палітыку: яны і самі як бы не чураюцца родных слоў, часам выпінаюцца прад сынам за горкую долю мужыка і трошку-патрошку заводзяць з сынам гаворку аб тым, што «шкада — справа спознілася», «ах, не маіць яна ў нашы часы сэнсу», «трэба глядзець каля сябе глыбей, трэба спытацца ў народа, ці ж ён пойдзіць за вамі» і т. д.
I жыццёвая драма для чулага хлопца — гатова, а сын свайго бацькі патрапіць «расчаравацца»…
Руху сярод нашай праўдзівай інтэлігенцыі найболей і шкодзіць недахват волі і гэта рэфлексія, гэта самакрытыка, гэты са ма аналіз лепшых адросткаў карэння беларускага.
Вот тут-то я і звярнуся да «генералаў» адраджэння, кіраўнікоў руху… Тут я скажу ім: смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей!! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. Смялей спраўляйце хаўтуры па тых святых мучаніках, на касцях каторых радзілася новая Беларусь, і смялей пасылайце добрыя весткі тым братам нашым, што «сярод лядоў, сярод жуды» пакутуюць за адраджэнне!
Смялей і выразней кажыце новую дарогу. Смялей і выразней цвярдзіце і гаварыце, да чаго вы кіруецеся і куды вядзіцё народ. I да паэтаў сваіх звярнуся: і ты, дзядзька Янка, і ты, дзядзька Якуб, і вы, усе другія «парнаснікі» нашы, калі вы хочаце папраўдзе быць прарокамі народа нашага, а не толькі хваленымі аўтарамі кніжак у беларускай мове, — смялей і выразней гаварыце сваё новае слова і дбайце, дбайце аб тым, каб у вас слова і дзела было нешта адно, каб у вас слова радзіла дзела, а дзела паддавала духу слову… Скажуць: слова паэта — яго дзела. Так! Але ў наш час беларускі паэт павінен памятаць, што толькі таго прарока вера шырыцца паміж народа, каторы быў прарокам як на слове, так і на дзеле, бо як вера без дзела мёртва, так і слова без дзела можа быць нікчэмна і яшчэ горай — шкодна. Памятайце, хто мае на тое памяць, як жыў Тарас Шаўчэнка. Не меў спакою вялікі Талстой, пакуль лупежыў панства, жывучы ў панстве, і недарма, «на санёх седзя», прад смертухнай сваёю ўцёк ён ад панства.
Дык смялей і цвярдзей! I выразней! Не баючыся болек і не хаваючыся ад святла.
Прыйдзіце к нам, справядлівыя, прыйдзіце к нам, цвёрдыя, упорныя, смелыя, прыйдзіце к нам, рухавыя. Прыйдзіце к нам з воляю крэпкаю, прыйдзіце к нам, асілкі волі! А вы, браты мае, сястрычкі мае, здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-наперш будзьце вольны ў саміх сабе.
У часы палітычнай завірухі ў Расіі, калі хлынула хваля
навіны, калі погляды мяняліся, часам плуталіся, калі навіна
часам прымушала спачатку здзіўлена разяваць рот, многа тады
было жалобнага, нямала і смешнага на грунце пашырэння сярод людзей гэтых новых палітычных думак, новых слоў, новых
паняццяў. Было смешнага такжа і сярод троху-многа адукаваных
галоў, малазнаёмых з тым новым, прыляцеўшым з Захаду, ну а
сярод шэрага, белага жупана дык і пагатове. Помню, расказвалі
гэткае здарэнне. Два браты дужа сварыліся паміж сабою. Адзін
раз яны далаяліся да астатняга. Чаго толькі не казаў Якім на
Яхіма, — і катаржнік, і машэннік, і брадзяка, і сабака, і такі
і гэткі… Яхім або адбіваўся, або змоўчваў. Але Якім захацеў
дапеч саўсім брата.
— Ах ты «самакрат» (дэмакрат)! — крыкнуў ён на Яхіма, і той гэтага новага, страшнага, невядомага не знёс.
— Дык я «самакрат»? — і паляцеў у бой. Так ухадзіла ў наша жыццё новае слова.
Таксама і цяпер. Пачынаюцца жарты…
— Вацлаў! Дык, значыцца, сепаратысты мы, а? — Ён усё можа знясці, але каб яго звалі сепаратыстам — ніколі.
— А пакіньце вы гаварыць, слухайце, ну што звягаеце: «Сепаратысты, сепаратысты…» Я вам раз назаўсёды скажу, што я перш-наперш ні ад каго аддзяляцца не рыхтаваўся, я «расійскі падданы» і беларус… ну чаго вам трэба, які я вам сепаратыст. Запытайцеся вы ў народа, зразумелым для яго словам, сепаратыст ён ці не? Што ён вам скажыць:
— Супакойцеся, дзядзічка, дзякую Богу, хоць вы троху разышліся. А я, ведаіця, — сепаратыст. Чулі прыказку: «Хоць гаршком заві, толькі ў печ не садзі».
Так і мяне, заві якім сабе хочаш сепаратыстам, а не бунтуй адно быць мне самім сабою і жыць па-беларуску. Тыя, каторыя завуць мяне сепаратыстам, добра не ведаюць, у чым мой сепаратызм.
Якія мы сепаратысты?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Аўтаномія… Слова нявузенькае, шырокае слова. Самаўпраўленне… І туды яго можна пакіраваць і туды. I вялікі сепаратызм і малы сепаратызм, і ёсць ён, і няма яго. Мне здаецца, што тыя людзі добра, хоць і па-свойму, разумеюць і аўтаномію і сепаратызм, калі гавораць: «Дайце нам жыць па-свойму, і мы, і ўсе «інародцы» расейскія дадуць новую сілу, новую моц і асабістую здольнасць да вялікага жыцця Расеі. Бо цяпер, плюшчы сабе вочы, хто не хоча пазіраць, а каму не відна, што старыя абмылкі дужа вялікі і на іх цяпер няможна будаваць здаровае жыццё вялікай імперыі».
Няхай сабе новыя ідэі раўнапраўя ўсіх нацый абмылкавы і не ўдзержацца ў жыцці… Гм… А толькі ж зірніце, паночкі, каля сябе, уцямце ўсё тое, што даў нам 19-ты век у адраджэнні заціснутых нацый, паглядзіце, што прынёс 20[-ты]! Трэба ж лічыцца з жыццём! Вы скажаце: «Мы самі творым жыццё!» Няхай сабе і так, як той казаў. А якім жа вы творыце жыццё? Вы творыце яго такім, якім яно выходзе і якое от цяпер яно ёсць. Ужо добра натварылі. Не, галубчыкі, як ні садзіце калякі ў спіцы бягучай гістарычнай калясніцы, гэта будзе дарэмная праца і смешнае марнаванне пігмеямі сілы сваёй на барацьбу з нявернымі ім сіламі натуры. Не крычыце: «Прыгожыя словы!» Не тлуміце галавы: «Палітычная распуста!» Не прыстаўляйцеся: «Мы гэтаго не цямім!» Не цешцеся: «Адна справа — адраджэнне чэхаў з-пад нямецкага ярма і другая справа — «мазепінства» ўкраінцаў, сепаратызм беларусаў, над каторымі няма ніякага ярма, бо і яны рускія і будавалі расійскае жыццё!» Паны! не ашуквайце самі сябе, бо гэта ашуканства найлягчэйшае і страшнейшае… Праўда, справа нашага адраджэння іншая, чым справа хаця бы чэшская. Добра розніцу гэту нам і паказвае жыццё, але тое ж жыццё нам гаворыць: «Справа ідзе, ідзе як нешта нармальнае, законнае, жыццёвае…» Значыцца, няхай, каму люба, хавае, як трус, галаву сваю пад паху, няхай жа брыкаецца ўзад і ў бокі і ўбрыкне каго, пацешыць сябе, а жыццё як ідзе сабе, так і будзе ісці, бо можам згаджацца ці не згаджацца з палажэннямі тымі ці інымі аб значэнні звычайнага чалавека і генія ў ходзе міравых здарэнняў, няхай адны кажуць, што чалавек у гэтай справе — недалужная шчапінка ў акіяне, а другія няхай сабе кажуць: «Чалавек у гэтай справе, як рулявы на караблі», няхай гадае кожны так, як яму гаворыць яго розум, а толькі ж лічыцеся, паночкі, з жыццём, не жмурыцеся ад яго зіяння, не плюшчыце вочы ад яго святла, тады вы самі скажаце, што адна вам найлепшая рада ў адносінах да таго, што завяцё вы «мазепінствам» ды «сепаратычнасцю», і рада гэта дзве тысячы гадоў назад сказана лепшым членам сінедрыёна: «Пакіньце іх… Калі ж іх дзела дрэннае і Богу непрыемнае — яно само, без вас, згіне, а калі не — дык ніякімі сіламі зямнымі не здзяржаць вам яго і не патушыць!» Дык жа тыя, што валаклі апосталаў у сінедрыён, баяліся, дрыжэлі за сябе, каб новая навука апостальская не пакрышыла ў прах іхніх старых жыццёвых бажкоў… А вы? А вы чаго ж баіцёся? Мы ж даходзім праўды, толькі праўды, мы шукаем толькі таго, хто па праву належыць да нас, і чужога нам не трэба, не трэба, няхай бачыць найвышні! Дык пакіньце ж перашкаджаць нам, пакіньце мучыць нас, дайце нам нашу мясцінку пад небам, а вашы скарбы — вашы, — нам іх не трэба, хопіць нам свайго. Калі па вашай старане праўда, на ваш ахвярнік пашле Бог святы агонь; па нашай — наша ахвяра загарыцца і Богу прыемным дымам пойдзе ў нябёсы. Дык чаго ж вы, чаго ж вы хочаце быць горшымі за тых, што гналі святых апосталаў? Вам трудна вызірнуць з цёплага гнязда на тое, што праведнае і ясна і за што праз сотні гадоў вас асудзяць і людзі сваёю навукаю, як і подаўна асудзіць вас Бог. Апамятайцеся! Калі вы людзі, дык бы вы яшчэ радаваліся, што людзей у нас павялічваецца, што з’яўляецца нешта нова-самабытнае, з’яўляецца новая арыгінальная літаратура, што племя, каторым сотні лет кіравалі цямнота і няпраўда, аб каторым і свет добра не ведаў, якое яно, што яно пачало па любаму для яго шляху так рупліва варушыцца да лепшай долі, да чалавечага жыцця, да таго, каб закрасаваць прад відам другіх народаў сваімі арыгінальнымі, самабытнымі, выразнымі прыгожасцямі.
«Апекуны» нашы! Я вам тут скажу два факты. Прашчуры «апекуны» з маскоўскага боку, не так ужо даўно, пры Аляксандры Першым, глядзелі на Беларусь як на край чыста польскі. Нават адукаваныя галовы, як, напрыклад, вучоны акадэмік Северін, так няясна сабе выяўляў істоту Беларусі і беларусаў, што ў сваіх дарожных пісульках (каторыя ён пісаў, ездзячы па нашаму краю) лічыў нашых дзядоў-беларусаў як бы «схізматыкаў» і дзівіўся, што тут сярод праваслаўных царкоўныя адправы і рызы папоў дужа падобны да нашага, грэка-расійскага… Таксама пазіралі на наш край і «высшыя сферы». Тады яшчэ прашчуры апекуноў нашых не дайшлі, не даўміліся да таго, якія можна гешэфты рабіць з паняццем «ісконі русскія начала».
Цяпер другі факт. Знамяніты польскі Ліндэ і другія вучоныя польскія яго часоў лічылі беларусаў («крывічоў» — так пісалі нас тады ў польскай літаратуры) за адростак племені польскага. Але навука сказала сваё слова аб тым, хто мы ёсць. І ўжо самі польскія слаўныя дзеячы з Літвы і Беларусі не выракаліся свайго «крывіцкага» роду, а тым часам былі вернымі і гуманнымі сынамі маткі Польшчы. цяпер… ці ж мы гаворым ілжу і няпраўду на іх хвальныя імёны? Не, мы яшчэ гаворым шчырае дзякуй ім, тым, што пазнавалі навучна свой родны беларускі, літоўскі край, гаворачы і думаючы не па-беларуску (Тышкевічы, Зянькевіч, Чачот, Нарбут, Кіркор і др.).
А як толькі мы захацелі быць беларусамі, думаючымі і гаворачымі па-беларуску, дык — стоп машына! Тут пайшлі і «ісконі русскія начала» і гістарычныя правы на нашу старонку «незгінэлых» і… Божа мой! — пасылаюць-пасылаюць ужо нас вучыцца гісторыі «не па Ілавайскаму», і як толькі самі не перакруцілі саўсім яе, беднай, дагэтуль на сваю карысць, як папробаваў адзін польскі пан-гісторык з Галіччыны, аб каторым летась пісала ў свой час «Рада».
Яшчэ раз скажу: «Лічыцеся з жыццём!» Бялінскі не зірнуў глыбей у жыццё ў справе адраджэння ўкраінскай літаратуры, ён пісаў, што ўкраінская літаратура немажліва як нешта самабытнае і далей пераліцованых энеід яна не можа пайсці9 — ашукаўся!.. У нас, нягледзячы на паэтычную працоўнасць Марцінкевіча і цікавасць тагачаснага краёвага грамадзянства да беларускай мовы і пісьменнасці, нягледзячы і на афіцыяльнае прызнанне яе ў польскіх афіцыёзных выданнях 60-х гадоў у Вільні, нягледзячы і на пытанне ў расійскіх журналах («Маяк») аб яе здольнасці да жыцця і патрэбе як літаратуры народа, маючага багацейшую сярод другіх славян міфалогію, нягледзячы на яе просьбы: «жыць, жыць!» — яе задавілі і сказалі цікавым, што яна сама сябе задавіла, бо не мела чаго есці і з голаду зрабіла самагубства. А прайшло з паўсотні гадоў, і вот, таксама пад злосна-радасны рогат — «Позна! Позна! Спазніліся, беларусы!.. Го-го-го! Улюлюлю…» — яна ўсё ж ткі: жыве!
I будзе жыць, трудна з гэтым спрачацца яе злоснікам.
Наш младабеларускі фундамент — гэта свядомая інтэлігенцыя, каторая выйшла з беларускай народнай гушчы і адтуль жа
бярэ сокі для свайго жыцця.
Два дзесяткі гадоў таму назад адзін этнограф пісаў, што ў
беларусаў ужо няма «тутэйшай беларускай інтэлігенцыі…».
цяпер мы скажам, што яна ўжо, ужо ёсць! Знайшлося семячка, лягло ў добрую зямельку, узышло і… няма чаго баяцца, — з
аднаго бярозавага семячка вырасце бярозавы лес на колькі
вёрст. А калі вырасце? Калі будзе мець усё тое, што патрэбна
да жыцця расліны: свет, цеплату, ваду, паветра… I беларуская
інтэлігенцыя будзе расці, развівацца — калі? Калі будзе браць
жыццёвыя сокі ў народнай гушчы.
Значыцца, рух беларускі будзе павялічвацца беларускай інтэлігенцыяй, а яна будзе і далей багацець духоўна і фізічна, калі народ беларускі і надалей будзе здольны папаўняць яе сваімі дзяцьмі.
Што патрэбна для таго?
Што патрэбна, каб народ наш радзіў сваіх інтэлігентаў, бліжэй кажучы — шчырых младабеларусаў, а не палякаў з «Забранай Літвы» і не русакоў «с Западного Краю»?
Многае патрэбна… Паміж многа іншым — кніжка.
Яна, усемагучая, паддасць імпэту народнай гушчы нашай у нараджэнні беларусаў.
Трэба пусціць у народ кніжку.
Працаўнікі беларускага адраджэння і пусцілі яе, пусцілі з рэзультатамі вельмі добрымі і не вельмі добрымі (як мне здаецца).
А каб у гэткім важным дзеле не здаралася аніводнай няўдачы, трэба спытацца ў народа, ці хоча ён чытаць і што ён любіць чытаць.
Адказаў набярэцца хіба столькі, сколькі запытаных будзе. Калі ж хто скажа, што чытаць не хоча (мажліва!), то трэба перш-наперш давясці такому, пераканаць такога, што кніжка — лякарства ад многіх хвароб.
Калі ж хто скажа, што любіць чытаць непатрэбшчыну якую, трэба на яго словах наўчыцца і размеркаваць, як найлепей пакіраваць гэтага чытаку да добрага чытання.
О, гэта важная справа, карысная справа — такія пытанні! Чаму не падаюць сільней голасу тыя, што ўжо пыталіся, хадзілі?
Што чытае народ? Чым карміць яго? Якім спосабам пакіраваць яго да таго, каб нёс ужо ён з рынку не «мілорда глупага» ў мачульным выданні пана Сыціна, а хоць бы, скажу пакуль што, каляндар «Нашай нівы».
А найперш павінны мы даць духоўную страву сялянскай хаце і тым, яшчэ невыразным адсколкам работніцкага стану, якія цяпер у нас ёсць і ўсё выдатней выліваюцца.
Апрача двух каранёвых, асноўных мэнтаў нашага адраджэння — сялян і работнікаў, з аднаго боку, і свядомых інтэлігентаў — з другога, трэба адзначыць і вялікі шмат ступенек-прыступак у гэтых гушчах і паміж імі. Раздзелы ж труднеюць яшчэ тым, што беларусы — праваслаўныя і каталікі, па крайняй меры на паперах, а колькі іх у жыцці такіх, што шукаюць свайго Бога, што моляцца Богу невядомаму, што асцюдзянелі і закамянелі ў сучасным, пхаючым да такіх праяў, жыцці і лічаць сябе «от так сабе…», а то атэістамі, бязбожнікамі, ці даюць сабе іншыя найменні.
I ўсім гэтым людзям, пакуль іх троху расштурхаем і зацікавім да беларускай літаратуры, патрэбна і розная духоўная страва. Кожнага беларуса трэба здаволіць кніжкай.
Асабліва ж трэба гадаваць нашых маладзенькіх.
I, разумеецца, народную гушчу.
Па-мойму, цяпер дужа б ладна было зацікавіць народ беларускай кніжкай праз выбраныя народныя ж казкі, цікавейшыя песні, прыслоўі, пераказы-прэданні, легенды, жартлівыя народныя апавяданні (бытавыя, аб прыгоне і т. д.), анекдоты і гэтаму падобныя, усё тое, што сабрана на Беларусі і запісана і што ходзіць паміж нашага народа. Калі ўсё гэта добра апрацаваць і выдаць даступна народу, рэзультаты працы будуць дужа важныя для нас, сыноў Беларусі.
Адным словам, звяртаючы належную ўвагу на народ, на яго жыццёвыя патрэбы, павінны мы, без аніводнай каму шкоды, улаўляць яго ў чалавечыя беларускія сеці.
Мы не можам не лічыцца з жыццём, з жыццёвымі патрэбамі на рода нават і тады, калі гэтыя жыццёвыя патрэбы народныя, на наш погляд, — хворы, ненармальны і шкодзяць адраджэнню беларусаў. Не можам не лічыцца дзеля таго, каб не адарвацца ад карэння. Калі беларуская інтэлігенцыя адарвецца ў самым пачатку ад свайго народа, яна хоць і не загіне і будзе сяк-так мадзець і расці, але буйнага калашэння яе не будзе ніколі. У справе агульнага развіцця грамадзянскага жыцця ў Расіі многа шкоды было ад таго, што там інтэлігенцыя была без грунту, яна не мела ніводнага духоўнага вязьма з народам расійскім і, калі пачынала «хадзіць у народ» ці іншым спосабам шукаць рады, каб знайсці торную палітычную дарогу, дык гэта выходзіла… скажу першым узышоўшым на вум словам… выходзіла слёзна-жартаўліва, а то і горш. Беларуская інтэлігенцыя не павінна рабіць абмылак: трэба ёй усімі сіламі хапацца за народ, пакуль яна сама народна, дэмакратычна і папаўняецца новымі і новымі дзяцьмі беларускага дэмасу, каторых ён, дэмас, вывеў «у людзі». А каб не адарвацца ад народа, а, наадварот, выкарыстаць усё, што дае самая блізкая еднасць з ім, прыходзіцца, як паказвае жыццё, ісці яму насустрэчу, паступаючыся да часу не так ужо важнымі для слаўнага канца сваімі палажэннямі. Гэта не ёсць езуіцтва, бо хаця тут «цель оправдывает средства», аднак гэтыя спосабы ўжо нікому шкоды не робяць, Бога не гневаюць і чорта не цешаць. Дарога к народу, а к народу трэба падходзіць патроху, умеючы. жывеш ты сярод беларусаў, каторыя гавораць не «ёсць», а «есь!», не дзіві, ужывай і ты гэта «есь», каб не адпужнуць ад сябе нерухомага беларуса, тым часам кіруйся, каб сынок гэтага беларуса чытаў добра беларускую кніжку і, пайшоўшы ў свет, цвёрда стаяў на тым, што ён мае чалавечае права звацца беларусам, а не палякам ды не маскоўцам і што ён мае чалавечае права, права не хавацца са сваёю моваю, хай бы яна была і горшая ад другой мовы, мае права пагарджаць «абразаплюйнікам», каторых цяпер шмат і сярод палякаў і сярод маскоўцаў і каторыя любяць, не сустракаючы доўжнага вострага адпору, пасмяяцца, паблазіць над мовай прыезджага несвядомага селяніна-беларуса.
Калі не хочаш ты расчаравацца ў жыцці, калі-ткі ты папраўдзе ёсць інтэлігент і жывеш не так, што «наеўся, напіўся і хвосцік завіўся», — не глушы ў сваім дэмакратычным беларускім сэрцы беларускіх народных здаровых пачуццяў… Дай веры, не расчаруешся. Не бяжы ад народа, а бяжы да народа. Ён цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцця, ты папрацуй шчыра. Не бойся спачатку, што выходзіць шываратнавыварат: ты к народу, ты «сярод маны, сярод насмешкаў» туліш к грудзям нешта новае і нясеш яго народу, а народ гэты ад цябе ў віры глядзіць. А ты не прынімай так к сэрцу: усё мае свае прычыны, многае з часам зменіцца і няма таго дрэннага, што б не выйшла на ладнае!..
Дык вот жа, вы — інтэлігенты — будучыня адраджэння беларусаў залежыць ад селяніна; хаця, праўда, гурток інтэлігентаў ужо глыбока пусціў у нас карані, але калі селянін перастане выдзяляць са свае хаты дзяльцоў руху, дык рух будзе марнець.
Жадалася б мне пагаманіць троху, паразважаць, палятаць
думкай і аб літаратуры нашай.
Літаратура? Што гэта ёсць — літаратура? ці не ёсць гэта само грамадзянства на фатаграфіі і ці не ёсць літаратура і грамадзянства як гук і літара?
Калі хочацца знаць, як жыве народ і да чаго ён кіруецца, трэба чытаць яго літаратуру.
Трэба чытаць і беларускую літаратуру дзеля таго ж самага.
Беларуская ж літаратура маладзенька, як дзяўчынка, і хоць вока бяжыць любавацца прыгожасцю гэтай дзяўчынкі, але, але… зразумець яе — яна ўсё яшчэ дзяўчынка!..
Не ўсё поўна адбілася з Беларусі ў беларускай маладзенькай літаратуры: тое трошачку бачком, тое брыжком, тое краюшком, тое зламаўшыся, скрывіўшыся. Часу! Часу! Вот цяпер бы я і клікнуў пісьменных беларусаў пахваліцца ў сваіх часопісах, што яны знайшлі, знаходзяць глаўнага, істотнага ў нашай літарату ры і куды яна павінна кіравацца. Гэта важна! Асабліва цяпер… Трэба добра агледзецца каля сябе, і шпарчэй, можа, пойдзем уперад. А куды ж ісці ў творчасці нашым пісьменнікам[?]
Шлях мастацкі? Шлях карысны — жыццёвы? Пісаць жыццё, якое ёсць яно? Паказаць, якім магло б быць? Якім павінна быць?
Ці не мастацкая праўдзівашнасць — найлепшая дарога літаратуры нашай?
I ці не даволі засыпацца разнаколерным канфеці з вершыкаў і дробных малюнкаў[?]
Ці не пара б нашым пісьменнікам напісаць што даў жэйшае?
Ці не дадуць нам к дзесяцілеццю «Наш[ай] нівы» нашы літаратары добры раман?
Хаця б з сучаснага жыцця раман? Аб тым, як трухлее старое і патроху, у муках, расце маладое? А можа б, якую гістарычную повесць, драму?
Я не раблю заказ, а думкамі супакойваю сябе ў жаданні найпатрэбнейшага.
Здаецца, праўду кажу?
Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайце нам!
Каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў «Шляхам жыцця» ляжала б не ценейшая кніжка прыгожай прозы.
Мне скажуць: «Беларус любіць песні — і вот у літаратуры вершы», а я скажу: «Беларус мае дзіўныя ладныя казкі — дайце прозу».
На аўтараў дробных вершыкаў у «Нашай ніве» ў нас урадліва… Індывідуальнасць у іх розная, у каждага з іх яна свая і можа быць болей выразная, чым гаворыць вершык; думкі і пачуцці — усё ў іх своеасаблівае, — але што, калі чалавек Божы лічыць, што, каб друкавалі яго творы, павінен пісаць так, як другія пішуць, — надрукаваныя, і ён пачынае рабіць па гатоваму шаблону і калечыць сваё асаблівае, можа, сваё новае, лепшае. Ён пабег па гатовай расцяробе, дзе, здавалася, лягчэй прайсці на Парнас, а сваю дарогу-расцяробу, праз каторую было б відаць адно поле ад другога, так і пакінуў, так і забыўся… Лепей бы ты, парнаснічак, не паказваў сябе, што і ты ўмееш нешта зрабіць, як паглядзіш на работу другіх; лепей бы ты схаваўся, бо ты забыўся, што не трудна зрабіць, ды трудна прыдумаць. Калі беларус бярэ ў рукі нумар газеты, ужо ён з тамленнем сэрца пытаецца сябе: «А можа, і не будзе шаблону і ёсць тут новае слова?» Чытаючы тры нумаровых вершыкі, ён хацеў бы, каб хоць адзін з іх яго, ну, хоць трошачку ўскалыхнуў, ці новую думку даў, ці прымусіў пасумаваць, ці шчыра пасмяяцца, ці сказаць вечны спакой рабу Божаму, а дзеду нашаму, мучаніку Хвядосу, што сто гадоў таму назад згніў у скляпах-мурах панскіх — каменных.
Я, не плюшчыўшы вочы, скажу: няхай як мага скарэй праявіцца ў нас хоць бы адзін добры крытык. Усякая маладая літаратура, і беларуская, калі ўжо яна мае прад светам нейкі від праз выразнейшых і выбітнейшых пісьменнікаў, асабліва мае патрэбу і ў сур’ёзнай крытыцы. Маладым пісьменнікам маладой літаратуры з самага пачатку трэба паказваць іх абмылкі, калі гэтыя абмылкі могуць пашкодзіць далейшаму развіццю творчасці пісьменнікаў.
Пісьменнікаў нашых трэба навадзіць на добрую пуцявіну. Крытык можа ўжываць і лёгкую насмешку і сарказм, каб самі пісьменнікі былі стражэй да сябе, да сваіх твораў і сваёй творчасці.
Ведама: дрэнна крытыка такая, што крытыкуе не творы, а аўтара. Хоць праўдзіва мастацкі твор — частка душы аўтара, і крытыкуючы твор, мімаволі чапаем і струны душы; але гэта не страшна, калі крытык папраўдзе крытыкуе. Што значыць крытыкаваць творы?
Па-мойму, крытыкаваць — значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар, і рабіць думку яго яснейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласць лепей. На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі і грамадзянства, і недарма з вялікай нецярплівасцю жду я беларускага крытыка.
Далей… Ёсць, дзякуй Богу, вельмі важная навучная праца шаноўнага прафесара Карскага аб нашай мове. Ёсць, хваліць Бога, ужо кавалак літаратурных проз нямалай вартасці. Ёсць даволі зборнікаў этнаграфічных, дзе можна знайсці досыць характэрных, прыгожых і граматычна цікавых зваротаў беларускай мовы.
Ёсць, такім чынам, даволі матэрыялу для навучнага пазнання мовы нашай, ёсць і навучная добрая праца.
А тым часам няма аніякай кніжачкі правіл граматычных нашай мовы для народа.
Дык няўжо няма хаця сярод студэнтаў-беларусаў ці наогул людзей з вышэйшай філалагічнай асветай, каб зрабілі першую пробу напісаць беларускую практычную граматыку?
Няхай бы іхныя палажэнні былі б толькі тэарэтычны і гіпатэтычны і ні для кога не канешны. Але гэта б быў важны крок уперад у нашым адраджэнні. Няхай бы было паказана, што калі я пішу зямля і зямлі, а не землі, дык гэта не значыць, што я пішу «жаргонам», а не літаратурнай мовай; гэта ж і расійская мова не траціць свайго значэння вялікай мовы, калі ў ёй гавораць «дѣти» і «дѣтя», а не «дѣтя», таксама і ў польскай.
Няхай бы адзін чалавек даводзіў у нас, што прыгажэй і лепей гаварыць і пісаць так:
Што захочэ — тое скажэ.
Другі так:
Што захочыць — тое скажыць.
Трэці так:
Што захочэ — тое скажэць.
Чацвёрты так:
Што захочэ — тое скажыць.
З’явілася б такая кніжка, пачалася б у нас праца мыслі ў гэтым кірунку, і мова, клянуся, дужа многа выкарыстала б дзеля граматнасці і гучнасці.
Бываюць творы: усе лініі ў іх строгай правільнасці, яны прыгожы, а нас не цягнуць.
I другія творы: нейкі недахват у іх невялікі, але гэты недахват такі любы і прыгожы, што магнэсам цягне. Так і мова.
У Польшчы да самага аж 16-га сталецця народная літаратура душылася пад панаваннем лацінскай асветы. Яна не магла закрасаваць датуль, дакуль палякі, закаваўшы сябе лацінскім жалезам, не дазвалялі адзін аднаму і падумаць, што можна ж гэтыя путы, па добрай волі ўздзетыя, скінуць. Не меншай бядою была мова царкоўнаславянская для праваслаўных славян.
А цяпер, скажу я, не меншая бяда для нас, адраджоных беларусаў, панаванне сярод нясмелых братоў нашых і сярод нашых суседаў такіх думак: «Ах, як гэта можна ламаць язык па-беларуску? Як гэта можна? ці можна?»
Таксама ў прошлым веку многія чэхі думалі: «Ах, як гэта пісаць па-чэшску? Як гэта можна гаварыць чэшскай мовай, калі ж у ёй ані законаў, ані слоў да сучасных паняццяў?»
Цяпер гэткія думкі для чэха — дурнота!..
Так жа сама было і з латышамі, так жа сама было і трохі ёсць з украінцамі (што ўжо блізка да нас).
Асабліва прыкра бачыць панаванне закарэлых думак аб мове сярод дзядзек, выяўляючых сябе — фу-га! — паступоўцамі.
Лупаюць яны вачамі, сустрэўшыся з працай праф. Карскага аб белар[ускай] мове ці пачуўшы музычны верш лепшых беларускіх паэтаў!
Увага! Калі ёсць дзе ў кутках Беларусі слова на вышэйшае («отвлеченное») паняцце (Гродзеншч[ына]: летуцець — мечтать) ці добры тэхнічны тэрмін і т. д., каторых няхай сабе яшчэ і не ведаюць усе беларусы, дык іх варта ўвясці ў нашу літарат.[урную] мову, чымся пазычыць у суседаў. А калі для аднаго якога паняцця ў нас ёсць два ці некалькі слоў, але ў адным кутку Беларусі гавораць адно слова, а ў другім другое, то я раіў бы ўжываць такое, каторае, можна думаць, вядома большай частцы беларусаў. Так патроху ў нас выкуецца аднародная мова, мова літаратурная!.. У нас жа так многа нарэчый, гутарак, асаблівасцей фанетыкі, што калі з часам з усяго гэтага паднімецца нешта суцэльна-стройнае, то што гэта будзе за хараство, што гэта будзе за багацце, што гэта будзе за цікавасць, ой! Недарма некалі вялікі Міцкевіч хваліўся цікавейшымі і драгацэннымі скарбамі мовы нашай. Недарма ж велікарос Бяссонаў, дзівячыся «народности белорусской», хваліў разам і мову яе. «Языкъ свой наложила она на большую часть другихъ представительныхъ народностей, съ языкомъ грамоту, съ тѣмъ и другимъ міръ воззрѣній, а съ симъ посредствующимъ проводникомъ всѣ прочія самобытно-цавилизующія начала: на домашнюю бесѣду, на общественную рѣчъ, на письмо всѣхъ гражданскихъ и даже отчасти государственныхъ дѣлъ, на первыя училища, на слово и пѣснопѣніе церкви». Далей: «…пѣснею и стихомъ, не широкими и не длинными, а въ тысячѣ видовъ, съ изящнымъ и частію шутливымъ характеромъ оглашался весь этотъ видимый и невидимый образъ жизни народной (беларускай)».
I мутарна ж так на сэрцы, што многія «ў чорным» сучасныя беларусы, пахваліўшыся, што знаюць беларускую мову, умеюць толькі зламаць «дык, як…». А потым думаюць, што і папраўдзе мова бацькоў іх такая ўбогая, і забываюцца, як нядаўна хваліліся «вясёлым мужычком», у каторага «адкуля што бярэцца», каторы па-беларуску «так і столька пагаварыць… лепш чым другі ў тэатры ці ў цырку… Во, прыставіць!..»
Эх вы, людзі, людзі!
Другі нябога крычыць: «Гэта слова — паланізм! Паланізм!» Бяру кніжку песень, казак, пасловіц, загадак беларускіх, запісаных на ўсходзе Беларусі, і паказваю тое слова ў чысцейшай беларускай мове старадаўнай беларускай песні…
З другога боку: «Як можна? Гэта русіцызм усюды ўжываецца беларусам праваслаўным і заваяваў правы грамадзяніна ў мове нашай?!»
Што мы ў тым вінаваты, што «представительные народности утилизировали» мядок нашай мовы (Бяссонаў і др.), а цяперашнія сляпні кусаюць нас паланізмамі ды русіцызмамі? Што мы ў тым вінаваты і ці такі ўжо нам грэх?..
Адзін прафесар (славіст) прагаварыўся, што ўкраінская літаратура не можа быць асабліва шырока, абшырна, глыбока, як літаратура мясцовая і літаратура простага народа. Значыцца, і з беларускай літаратурай то ж самае…
О, якая абмылка!
Ці не просты ўкраінскі народ даў філосафа Скавараду і ці не прыходзілася самаму пану прафесару страчаць у простага старога селяніна-беларуса задумкі і адгадкі на пытанні агульналюдскія, на пытанні ўсясветнага характару, глыбокія, строгія, класічныя.
Сярод сялян-беларусаў не менш арыстакратаў духу, чым сярод тых людзей, з каторымі жыве пан прафесар.
Як гэта можа быць? Толькі інтэлігент па свайму дужа развітаму інтэлекту можа быць такім?! Мужыку за сахой, касою куды ўжо там!..
А я то і скажу, што і сярод сялян (беларусаў) многа граматных людзей, як і сярод «інтэлігентаў», але саха ды каса ды блізкасць да таёмнага жыцця прыроды і змалку выпрацаваны арыстакратычна-духоўны погляд на няхват скарынкі хлеба ў селяніна і робяць тое, што літаратура такога простага народа і будзе мець пры добрых варунках значэнне сусветнае, так!
Як гэта выходзіць, судзіце, людзі Божыя, а толькі чым болей я жыву і прыглядаюся да духоўнага жыцця беларуса, жыхара беларускіх таёмных пушч, чым болей я пазнаю нахіл яго да здаровага містыцызму, да неразлучных з яго жыццём пытанняў: «Адкуля ўсё і што яно?», чым болей я знаёмлюся, як мне здаец- ца, з душой беларускай, тым з большай пэўнасцю станаўлюся я на тым, што беларускай літаратуры суджана сказаць многае новае ў вобласці духа… Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т. п.
Мне скажуць недаверкі: ці ж?.. — шпарка палетуцелі: азірніцеся на вашу цяперашнюю «літаратуру»…
Гаварыце! А я скажу: гарджуся я тым, што ўжо маем! Гарджуся, і ёсць чым гардзіцца, гарджуся гордасцю не грэшнаю, а тут належнаю…
Доўга калела нешчаслівая зямля пры дрэнным надвор’і… А заззяла сонца, цяплынь пусцілася парай па зямлі, прайшоў цёплы дожджык, павеяла прыемнымі пахамі, і ўсё пацягнулася з мяккай зямелькі к свету, усё зазелянела, зарунела, закрасавала…
Вочы разбягаюцца… Той расце так, гэты жыве так, іншы сніць так… Добра! I крывое — калі добрае, прыгожа!
Так з нараджэннымі пісьменнікамі нашымі. А схопяць яны сваю беларускую істоту — пачнецца расцвет нашай літаратуры. Прырода не любіць скакаць, у яе ўсё ў свой час.
I я жду, па ўсіх прыметах, якія ўглядаю ў нашым жыцці, жду ў першай жа палавіне 20-га веку нараджэння беларуса — усясветнага пісьменніка.
Эх… Крыўдзілі і крыўдзяць нас гісторыкі літаратуры і палітыкі, калі забываюць ці не добра цямяць нашу мінуўшчыну і пішуць і думаюць аб нас, як аб нейкім нечым, што яно — «русское», прычым мы толькі так баўтаемся пад рукамі, а цэнтр вагі лажыцца на маскоўцаў…
Прыкрая сама па сабе і трагічная для нас абмылка!
Пакіньце! Навука сказала, а мы ўспамінаем вам па-людску, што мы — нешта асобна-самабытнае, што псіхіка наша не хоча нават і звацца псіхікай маскоўцаў, каторая ёй незразумела.
Дзе наш бытапісец сярод расійскіх пісьменнікаў з велікаросаў? Дзе наша душа ў расійскай літаратуры?
Ждуць людзі беларускага Гогаля… Не прыйшоў яшчэ. А можа, прыйдзе? Можа…
Але ён яшчэ не прыйшоў, а Беларусь узабралася на сваю праўдзівую дарогу, і я жду не беларускага Гогаля, а беларуса — Гогаля, як Тарас Шаўчэнка, каторага і будуць лепшыя расійскія паэты перакладаць на расійскую мову, і будзе ён гаварыць і на ўсіх людскіх мовах…
1914