Перайсці да зместу

Вялікодная пісанка (1914)/Гутарка аб праўдзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Развагі і думкі Гутарка аб праўдзе
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914 год
Сабака і чэлавек

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гутарка аб праудзе.

С цыклю: «Кніжнік Ярыла»


Калі кніжнік Ярыла прыйшоў у вялікі горад і стануў на рынку — прыступілі тады да яго дзеці і старцы, і мужы, радные, і баяры, і госьці пытаючыся у яго: «што такое праўда?» А ён сеўшы сярод торжышча гэтак казаў ім.

«Раз чэлавек захацеў ведаць праўду і пачаў шукаць яе. Выйшоў на торжышчэ і пытаўся: дзе ёсць праўда? — І сказалі яму адны: — праўда ёсць у жрэцоў і волхвоў. — А іншые сказалі — праўда у кніжнікоў і пісьменнікоў; а іншые: — у Эльліноў і Казароў.

«І пайшоў той чэлавек па бажніцах пытаючы праўды у волхвоў, але ні жрэцы ні волхвы не зналі праўды і дзівіліся вельмі, што апроч Пяруна і Дажджбога і Воласа і Грамавіцы і многіх іншых, вядомых ім багоў, ёсць ешчэ і Праўда. І пыталіся таго чэлавека аб сіле яе і ці знасіўбы і клаўбы жэртвы народ, калі-б пабудаваць ей жэртвеннік і бажніцу?

«А кніжнікі і пісьменнікі казалі: — праўда у кнігах нашых закрыта таёмнымі знакамі пісьма. А калі чэлавек пытаўся: — у каторых кнігах праўда? — тады, між кніжнікамі падняўся вялікі гоман. Кожны з іх казаў: ў маіх кнігах праўда, а у іншых — хула і лжа!

«А на гасьцінным торжышчы народы крычэлі: — праўда толькі у нас: у нашых жрэцоў, і волхвоў, і кніжнікоў — за морэм, а у іншых хула і лжа! — І гэтак казалі Казары, Жыды, Эльліны і Фінікійцы. І кожны народ хваліў сваіх багоў і бажніцы, кніжнікоў і волхвоў.

«А калі спытаўся праўды на княжэцкім гарадзішчы, то дружыннікі хацелі закаваць яго ў дыбы і кінуць у поруб, бо хоць яны ня ведалі, што такое праўда, але вельмі не любілі гутаркі аб праўдзе.

«Тады той чэлавек, што шукаў і не знайшоў праўды, адыйшоўся на самотню, а удумаўшыся ва ўсё, што бачыў і чуў, гэтак вось, посьле, казаў людзям аб праўдзе.

— «Праўда, як агонь: Грэе і паліць, але ня ймеш яго рукой. Праўда, як сонцэ асьвечае усю зямлю, але ніхто ня ведае што яно такое. Праўда, як блудная дзеўка прадаецца на торжышчах, па бажніцах, па харомах, але ніхто ей сыт не бывае.

«Колькі людзей, гэтулькі праўд у сьвеці і німа праўды аднакай. Падобна яна лісьцям на дрэві і пацеркам бісеру, што чужастаронные госьці прывозяць здалёку, каб праменяць у нас на воск і мёд, бабровые скуры і гаручы камень.

«Праўда падобна зярну, каторае прарастае толькі паўшы на пухляную зямлю і пад праменьнямі сонца, а ў засені і на каменьні чэзне і не прарастае.

«Апрыч жрэцоў і волхвоў кожны прачувае бытаваньне праўды — гэто знак, што зярно прарастае. Жрэцы-ж і волхвы сталіся слугамі чужой праўды і праз гэта гатрацілі пачуцьце сваей праўды: — яны засыпалі, сваё зярно апаўшымі лісьцямі с чужога дрэва.

«Кніжнікі таргуюць праўдай, прадаючы рошчэные зерняты. Але гэтае зярно не пераносіць перэсадкі, ані можэ быць засевана, як грэчка на продаж за морэ; бо кожнае зярно дае іншы цьвет, іншы плод і лісьцьця. І зерне праўды ні брата, ні суседа, ні блізкаго, ні далёкаго табе, не пражыве у тваім сэрцы.

«Тваё сэрцэ, гэта грунт пад тваю праўду, а ўсякая другая замрэ у ім, як замірае расток паложэны у попел!

«Запраўды кажу вам: ад пачатку сьвету ні на што больш людзі не патрацілі сіл сваіх, як на перэсадку чужой праўды, а найменш працавалі над тым, каб развіць зерне сваей праўды у сваім сэрцы.

«І ні зашто болі не зрабілі людзі людзям крыўды, як за чужую праўду, і ні зашто больш не разлілі крыві, як за чужую праўду, і ні зашто больш ня выціснулі сьлёз, як за чужую праўду.

«Запраўды кажу вам: німа горшаго зьвера у сьвеці, як чэлавек, каторы забіў і палажыў, як жэртву сваю праўду, на аўтар чужой праўдзе. І німа крапчэйшых ланцугоў і астрогоў, як чужая праўда.

«Будзіцяж духа, каб праўда ваша, свая праўда прарасла, узрасла, закрасавала і дала плод!..

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Але, — усьміхаючыся казаў кніжнік Ярыла на прыканцы — гэто чужая праўда, вы-ж не перайміця яе перш, аж узрасьце ваша праўда у вашым сэрцы.

Власт.