Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/Швэйк ізноў апынуўся ў сваёй маршавай роце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Духовая ўцеха Швэйк ізноў апынуўся ў сваёй маршавай роце
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Švejk opět u své marškumpanie
Пераклад: Лукаш Калюга
Па пятах ворага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ШВЭЙК ІЗНОЎ АПЫНУЎСЯ Ў СВАЁЙ МАРШАВАЙ РОЦЕ

Маёр, што раніцою ў вайскова-палявым судзе выконваў у справе Швэйка абавязкі аўдытара, быў той самы афіцэр, што ўвечары піў з фэльдкуратам у генэрала на «ты», а пасьля ізноў задрамаў.

Ніхто не заўважыў, калі і як маёр пакінуў уначы генэральскую компанію. У тым стане, у якім былі ўсе госьці, ніхто ня ўзяў увагі, куды ён зьнік. Генэрал быў да таго п’яны, што нават ня мог распазнаць, хто з ім гаворыць. Маёра ўжо гадзіны дзьве ня было на месцы, а ён усё яшчэ пакручваў вусы і з ідыёцкай ўсьмешкай зьвяртаўса ў яго бок:

— Гэта вы вельмі справядліва заўважылі, пане маёр.

Раніцою агледзеліся, што маёра нідзе няма. Ягоны шынэль вісеў у прадпакоі, шабля ў кутку і толькі маёрава афіцэрская шапка таксама бяз сьледу зьнікла. Дапускаючы, што ён мог заснуць у патрэбнай каморцы, абшукалі ўсе патрэбныя каморкі ў доме, але дарэмна. Замест яго, на другім паверсе знайшлі аднаго паручыка з тае-ж самае компаніі, што спаў стоячы на каленях і перагнуўшы галаву ў ракавіну так, як на яго напаў сон у часе прыступу ванітаў.

Маёр-жа як у ваду патануў.

Але каб хто здагадаўся глянуць за краты вакенца камеры, дзе быў зачынен Швэйк, ён пабачыў-бы, як пад расійскім салдацкім шынэлем спалі на адных нарах два чалавекі і з-пад шынэля выглядалі дзьве пары ног.

Тыя, што былі са шпорамі, належалі маёру, а бяз шпораў — Швэйку.

Абодва спалі цесна прытуліўшыся адзін да аднаго, як кацяняты. Швэйк падсунуў сваю лапу пад галаву маёру, а маёр абхапіў Швэйка рукою за пояс.

Ва ўсёй гэтай прыгодзе ня было нічога ненатуральнага. Гэта было нішто іншае, як выкананьне панам маёрам сваіх службовых абавязкаў.

Прызнайцеся чытач, што і вам здаралася назіраць гэткі выпадак: вы сядзіце з кім-небудзь і п’іцё цалюткую ноч аж да палудню другога дню, і от раптам ваш таварыш па бутэльцы хапаецца за галаву, ускаквае і крычыць: «А, божа-ж мой, ды мне-ж трэба было быць а восьмай гадзіне на службе!» Гэта называецца прыпадкам службовага стараньня, што зьяўляецца ў пэўнай меры штучным продуктам зьявы, калі вас грызе сумленьне. Чалавек, з якім здарыўся такі прыпадак, не паддаецца ніякім угаворам і ён пэўны, што яму трэба зараз-жа нагнаць усё тое, што ён прапусьціў. От такія дзівакі і складаюць контынгент тых асоб, якіх швэйцарцы на службах ловяць у калідорах і кладуць у каморцы на канапу, каб яны добра выспаліся…

Гэткі прыпадак здарыўся і з нашым маёрам, калі ён раптам прачнуўся ў сваім крэсьле: яму здалася, што неабходна зараз-жа зрабіць Швэйку допыт. Гэты прыпадак службовага стараньня праявіўся так неспадзявана і з такою сілаю і так хутка і рашуча ўплыў на яго, што ніхто наогул нават не заўважыў, як маёр сабраўся і вышаў.

Тым больш заметна было зьяўленьне маёра ў каравульным памяшканьні вайсковае турмы. Ён упаў туды, як фугасны знарад.

Дзяжурны фэльдфэбэль моцна спаў за сталом, а навакола яго ў самых неспадзяваных позах драмалі людзі каравульнае команды.

Маёр ссунуў шапку на патыліцу і выпусьціў такую нячуваную лаянку, што ўсе так і застылі, шырока расчыніўшы вусны: у абліччы ўсіх зьявіўся жах і вачом маёра ўявілася не вайсковая частка, а група павіянаў, што сьмешна робяць грымасы. Маёр з усяе сілы стукнуў кулаком па стале і зароў на фэльдфэбэля:

— Гультай вы, сьвіньня, я ўжо тысячу раз казаў вам, што ў вас ня людзі, а…

І тут пачулася зусім нецэнзурная лаянка. А пасьля, зьвярнуўшыся да каравульнае команды, ён крыкнуў:

— Зважай, салдаты! Калі вы сьпіцё, дык ваша дурота так і лезе з вашых вачэй, а калі вы, паскуднікі, іх расплюшчыце, дык трымаецеся так, нібы зьелі па вагону дынаміту.

Пасьля пачалася доўгая прамова пра абавязкі каравульнае команды, а нарэшце загад зараз-жа адчыніць камеру, куды пасадзілі Швэйка, бо трэба яго ізноў дапытаць.

Дык вось якім чынам маёр уначы трапіў да Швэйка.

Ён зьявіўся да яго ў стане, калі, як кажуць, усё пасьпела. Апошні яго пыл выліўся ў загад даць яму ключ ад камеры.

Фэльдфэбэль апошнім страшным намаганьнем свае волі прыпомніў статут каравульнае службы і адмовіўся выканаць гэтае патрабаваньне, што неспадзявана зрабіла на маёра найлепшае ўражаньне.

— Вось-бы вы былі безгаловыя, — крыкнуў ён на ўвесь двор, — вось каб вы аддалі мне ключ, дык я паказаў-бы вам, дзе Макар цяляты пасе!

— Маю гонар паведаміць, — сказаў фэльдфэбэль, — што я прымушан вас замкнуць і каб вам было бясьпечна, пастаўлю да вас вартавога, а калі вы захочаце выйсьці, дык пастукайце, калі ласка, у дзьверы, пане маёр.

— Дурань! — адсёк маёр. — Жывёліна, асёл, няўжо ты думаеш, што я баюся арыштаванага, што хочаш даць мне вартавога, калі я яго буду дапытваць? Каб цябе чорт схапіў! Замыкайце мяне і каб духу вашага тут ня было. Зразумелі?

У невялічкай утулінцы над дзьвярыма за мэталёваю сеткаю стаяла лямпа, у якой гарэла газа, але прыкручаны кнот даваў такое малое сьвятло, што маёру цяжка было знайсьці Швэйка, які прачнуўся і па-вайсковаму выцягнуўся каля сваіх нараў і флегматычна чакаў, што выйдзе з гэтага візіту.

У Швэйка раптам зьявілася думка, што лепш за ўсё было-б паведаміць пра сябе пану маёру, і таму ён брава адрапортаваў:

— Дык дазвольце паведаміць, пане маёр: адзін арыштаваны знаходзіцца тут, а асаблівых здарэньняў ня было.

Маёр ня мог раптам прыпомніць, чаго менавіта ён прышоў, і таму скамандаваў:

— Вольна! Дзе ў цябе арыштаваны?

— Дазвольце паведаміць, пане маёр, што і зьяўляюся ім самім, — з гонарам адказаў Швэйк.

Аднак маёр ня ўзяў увагі на яго словы таму, што віно і лікёры пана генэрала выклікалі ў яго мазгох апошнюю алькогольную рэакцыю. Ён пазяхнуў так шырока, што кожны штацкі зьвіхнуў-бы сабе з месца пашчанкі. Але ў маёра гэтае пазяханьне проста адсунула думкі ў такія мазгавыя куткі, якія ў чалавека зьяўляюцца цэнтрам таленту сьпеваў. Ён зусім весела паваліўся на швэйкавыя нары і, уяўляючы сабе, што ён вельмі прыгожа пяе, запішчаў, як сьвіньня, якую колюць.

Потым ён паваліўся дагары і, як мядзьведзянятка, скурчыўся і хутка захроп.

— Дык дазвольце, пане маёр, паведаміць, што вы вошай набярыцёся, — спрабаваў пабудзіць яго Швэйк, але з гэтага нічога ня вышла. Маёр спаў, як забіты.

Швэйк пяшчотна на яго зірнуў.

— Ну і валяйся тут, п’яная ты морда, — прашаптаў ён і накрыў яго шынэлем. Пасьля і сам ён залез пад шынэль і так знайшлі іх раніцой, цесна прытуленых адзін да аднаго…

Каля дзесятае гадзіны, калі пошукі маёра дайшлі да найвышэйшага напружаньня, Швэйк падняўся з нараў і вырашыў, што пара будзіць пана маёра. Ён некалькі разоў моцна патрос яго за плечы і крыху сьцягнуў з яго шынэль, якім ён накрываўся. Нарэшце маёр сеў на нарах і тупа зірнуў на Швэйка, шукаючы ў яго адказу на пытаньне: што менавіта здарылася?

— Дазвольце паведаміць, пане маёр, — сказаў Швэйк, — што ўжо некалькі разоў прыходзілі вартаўнікі даведацца, ці жывы вы яшчэ, таму я адважыўся вас цяпер пабудзіць і яшчэ таму, што я ня ведаю, як доўга вы прывыклі спаць, каб вы, барані божа, не праспалі… Вось у аднэй піўной ў Ожыноўцы я сустракаў якогасьці цесьля, дык той заўсёды ўставаў а шостай гадзіне раніцой, але, калі яму здарылася праспаць толькі чвэрць гадзіны, да чвэрці на сёмую, дык ён спаў далей да полудня і рабіў гэта да тых пор, пакуль яго ня зволілі, і ён тады са злосьці зрабіў злачынства — абразіў члена імпэратарскага дому.

— Ты, напэўна, слабы на галаву, га? — з адценьнем некаторай роспачы спытаўся маёр на ламанай чэскай мове, бо пасьля ўчарайшае гулянкі ў яго ўсё яшчэ гуло ў галаве. Ён ніяк ня мог знайсьці адказу, чаму менавіта ён сядзіць тут, якім чынам ён трапіў сюды і чаму гэты тып, што стаіць перад ім, гародзіць такія дурніцы. Усё гэта здалося яму вельмі сьмешным. Смутна прыпомніў ён, што адзін раз ён быў ужо тут уначы. Але чаго, чаго?

— А што, ці быў я тут уначы? — нерашуча спытаўся ён.

— Так, пане маёр, — адказаў Швэйк. — Як я разумею з вашае гутаркі, дык пан маёр зьявіліся сюды, каб яшчэ раз дапытаць мяне.

Цяпер у галаве маёра раптам стала ясьней і ён перш паглядзеў на сябе, а пасьля азірнуўся назад, як-бы нечага шукаючы.

— Вы, калі ласка, ня турбуйцеся, пане маёр, — казаў далей Швэйк, — вы зьявіліся сюды зусім так, як і цяпер сядзіце, бяз шынэлю, бяз шаблі і ў шапцы. Шапачка ваша вунь там ляжыць, бо я мусіў яе ўзяць ад вас, калі вы абавязкова хацелі палажыць яе пад галаву. А я-ж ведаю, што афіцэрская парадная шапка — гэта ўсяроўна, як штацкаму капялюш-цыліндар. Спаць на цыліндры — гэта мог толькі нейкі пан Кардэраш з Лодэніча. Той, бывала, ляжа ў карчме на жываце і паложыць сабе пад галаву цыліндар, таму што ён хадзіў сьпяваць на хаўтурных процэсіях і зьяўляўся на ўсе хаўтуры ў цыліндры, дык вось ён клаў сабе пад галаву цыліндар і наказваў сабе, што не павінен яго паламаць; і сапраўды, усю ноч ён трымаўся як-бы над ім, так што цыліндру гэта зусім ня шкодзіла, што ён спаў на ім, а нават, магчыма, наадварот, бо пан Кардэраш, калі спрасонку варочаўся з боку на бок, асьцярожна чысьціў яго сваімі валасамі, як шчоткаю, і цыліндар пачынаў блішчэць, як новенькі.

Маёр, нарэшце, зразумеўшы, у чым справа, і ўвесь час тупа пазіраючы на Швэйка толькі і казаў:

— Не, ты прыдуркаваты. Такім чынам, я тут, а зараз пайду.

Ён устаў, падышоў да дзьвярэй і пачаў моцна стукаць, але перад тым, як яму адчынілі, ён яшчэ раз зьвярнуўся да Швэйка:

— Калі ня будзе тэлеграмы, дык цябе ўсяроўна павесяць.

— Вельмі дзякую, пане маёр, — адказаў Швэйк.- Я ведаю, пане маёр, што вы пра мяне вельмі турбуецеся, але калі вы набраліся тут на нарах зьвяркоў, дык ведайце, калі ён маленькі і з чырвоным задам, дык гэта самец, а калі знойдзеце ў сябе тольку адну гэтакую поскудзь і пры тым яна ня будзе такая доўжынькая з чырвонаю стужачкаю на жываце, дык гэта добра, бо ў іншым выпадку іх будзе пара, а гэта зараза множыцца вельмі хутка, яшчэ хутчэй, як трусы.

— Пакінь гэтыя гутаркі, — пахмура прамовіў маёр, як Швэйк адчыніў перад ім дзьверы.

У памяшканьні каравульнае команды маёр не зрабіў больш ніякае сцэны. Ён стрымана загадаў паклікаць рамізьніка і ў той час, як яго брычка трэслася па немагчымым бруку Пярэмышля, у яго ў галаве моцна засела думка, што засуджаны сапраўды зьяўляецца ідыётам, але ўсё-ж ён зусім нявінная жывёліна. Што-ж датычыцца асабіста яго маёра, дык не застаецца нічога іншага, як зараз-жа застрэліцца ў сябе на кватэры або паслаць да генэрала па шынэль і шапку, паехаць у гарадзкую лазьню, пасьля лазьні падсілкавацца ў рэстаране і нарэшце замовіць тэлефонна білет у гарадзкі тэатр.

Яшчэ не даехаўшы да свае кватэры, ён ужо спыніў свой выбар на апошнім варыянце.

Дома яго чакала маленькая неспадзяванка. Ён зьявіўся якраз у час…

У калідоры стаяў генэрал Фінк і трос маёравага ордынарца і крычаў:

— Кажы, паганец, дзе ты дзеў свайго маёра! Ну? Кажы, мярзотнік!

Але «мярзотнік» ня мог прамовіць ні слова, а толькі ўвесь пачырванеў — так моцна здушыла яго генэралава рука.

Гэта сцэна здалася маёру вельмі сьмешнаю. Таму ён спыніўся на парозе напаўадчыненых дзьвярэй, гледзячы ўвесь час на пакуту свайго адданага слугі, выдатнага тым, што ён даўно ўжо абрыдаў яму сваім нахілам да зладзейства.

Генэрал на момант адпусьціў пасінелага хлопца, але толькі на тое, каб выцягнуць з кішэні тэлеграму, якою ён ізноў пачаў біць па мордзе і прыгаварваць:

— Дзе ты дзеў свайго маёра, жывёліна, дзе ты дзеў свайго маёра-аўдытара, нягоднік? Як-жа цяпер перадасі ты яму гэтую офіцыйную тэлеграму?

— А вось і я! — крыкнуў маёр Дэрвота, якому комбінацыя слоў «маёр-аўдытар» і «тэлеграма» прыгадала пра нейкія службовыя абавязкі.

— Ах! — крыкнуў генэрал. — Ты вярнуўся?

У інтонацыі было столькі гіроніі, што маёр не палічыў за патрэбнае адказваць і нерашуча спыніўся. Генэрал папрасіў яго прайсьці за ім у габінэт. Як яны селі, генэрал кінуў яму пагамтаную аб фізіяномію ордынарца тэлеграму і трагічным голасам сказаў:

— Прачытай. Гэта твая работа!

Пакуль маёр чытаў тэлеграму, генэрал устаў і пачаў бегаць па пакоі ўзад і наперад, пераварочваючы крэслы і столікі.

— Але я такі яго павешу! — роў ён.

Тэлеграма паведамляла:

«Салдат пяхотнага палка Швэйк Язэп, ордынарац 11-ае маршавае роты, якога паслалі кватэр’ерам, лічыцца загінуўшым бяз вестак на пераходзе з Хірува ў Фэльдштэйн з 16-га гэтага месяца. Азначаны Швэйк Язэп мусіць быць зараз-жа дастаўлен у штаб брыгады ў Вояліцы».

Маёр выцягнуў шуфляду стала, дастаў карту мясцовасьці і задумаўся… Фэльдштэйн ляжыць на адлегласьці сорак кілёмэтраў на паўдзённы ўсход ад Пярэмышлю, таму атрымалася загадка, якую нельга было вырашыць, якім чынам салдат пяхотнага палка Швэйк мог дастаць у 150 кілёмэтрах ад фронту расійскую вайсковую форму, бо фронт быў якраз на лініі Сокаль–Турцэ–Казлоў.

Калі маёр падзяліўся сваімі думкамі з генэралам і паказаў яму на карце тое месца, дзе Швэйк са слоў тэлеграмы прапаў колькі дзён назад, генэрал зароў, як бык, бо адчуў, што ўсе яго надзеі на вайскова-палявы суд расьсеяліся, як дым. Ён падышоў да тэлефону, пазваніў у вайсковую турму і загадаў зараз-жа прывесьці арыштаваната Швэйка ў кватэру маёра.

Перш чым яго загад быў выкананы, генэрал бяз ліку і меры страшэнна лаяўся і гэтым выказаў сваё незадаваленьне з прычыны таго, што ён не загадаў на свой страх павесіць Швэйка адразу без усялякіх допытаў.

Маёр супярэчыў і казаў нейкія дурніцы пра тое, нібы права і справядлівасьць заўсёды ідуць поруч. У доўгіх і красамоўных сказах ён гаварыў пра справядлівыя прыгавары наогул, пра судовыя памылкі і пра ўсялякія іншыя рэчы, што яму ў гэтую хвіліну прыходзілі на язык, бо пасьля ўчарашняе гулянкі ў яго шумела галава і яшчэ не працавала.

Калі нарэшце прывялі Швэйка, генэрал загадаў яму вытлумачыць, што мекавіта з ім здарылася і што значыць яго расійская форма.

Швэйк расказаў пра ўсе драбніцы, ілюстраваў сваё апавяданьне некалькімі прыкладамі са свае скарбніцы людзкіх няпрыемных здарэньняў. На пытаньне маёра, чаму-ж ён не сказаў усё гэта на судзе, як яго дапытвалі, Швэйк адказаў, што — праўду кажучы — ніхто яго не пытаўся, як ён дастаў сабе расійскую шынэль і што ўсе пытаньні білі ў адно: «Прызнайцеся, што вы добраахвотна і без усялякае прынукі апранулі варожую форму». Ну, а таму, што гэта адпавядала праўдзе, ён ня мог адказаць нічога іншага, як толькі: «Так, так… так… вядома… без ўсялякае хубы»: Але ён-жа з абурэньнем адкінуў на судзе абвінавачаньне, нібыта ён здраднік яго вялікасьці імпэратара…

— Гэты чалавек — поўны ідыёт, — сказаў маёру генэрал. — Апрануць на дамбе нейкага там возера расійскую вайсковую форму, якую невядома хто там пакінуў, і дазволічыць залічыць сябе ў партыю расійскіх палонных — гэта можа зрабіць толькі ідыёт!

— Дык дазвольце паведаміць, — дадаў Швэйк, — што я і сапраўды заўважаю, што ў мяне слабы разум, асабліва пад вечар…

— Ціха, асёл, — крыкнуў на яго маёр і зьвярнуўся да генэрала з запытаньнем, што зрабіць са Швэйкам.

— Няхай яго павесяць у штабе брыгады, — вырашыў генэрал.

Гадзіну часу пазьней канвой, што павінен быў адвесьці Швэйка ў Вояліцы, адвёў яго на вагзал.

У камеры Швэйк пакінуў пасьля сябе невялічкую памятку, надрапаўшы лучынкаю на сьцяне ў тры рады сьпіс усіх полівак, соўсаў і салодкіх патраў, што ён зьеў да таго часу, як яго прымацавалі ў дзеючую армію. Гэта было штосьці накшталт протэсту супроць таго, што яго цэлы дзень ні разу не накармілі.

Разам са Швэйкам, у штаб брыгады была накіравана паперка гэткага зьместу:

«Разам з гэтым накіроўваецца ў штаб брыгады радавы пяхотнага палка Швэйк, Язэп, дэзэртыр 11-ае маршавае роты.

Падстава: Тэлеграма469».

Канвой складаўся з чатырох чалавек і выяўляў мешаніну ўсіх народаў. Там былі паляк, мадзяр, немец і чэх; апошні ў чыне ефрэйтара быў прызначаны начальнікам канвою. Перад арыштаваным, сваім земляком, ён трымаўся гарда, прымушаючы яго на кожным кроку адчуваць яго вялікую перавагу. Калі на вагзале Швэйк папрасіўся ў патрэбную каморку, ефрэйтар груба адказаў яму, што той пасьпее яшчэ зрабіць, што яму трэба, пакуль яны даедуць да брыгады.

— Добра, — сказаў Швэйк. — Але толькі вы дайце мне гэта на пісьме, каб было вядома, хто адказвае, калі ў мяне лопне мачавы пузыр. На тое і закон, пане ефрэйтар.

Ефрэйтар, былы пастух, спужаўся адказнасьці за швэйкаў пузыр і Швэйка ўвесь канвой павёў у патрэбную каморку на вагзале… Наогул гэты ефрэйтар рабіў уражаньне ўпартага чалавека і трымаўся так задзірыста, нібы яго мусілі на другі дзень прызначыць командзірам цэлага корпусу.

Як цягнік ішоў перагон Пярэмышль–Хіраў, Швэйк сказаў ефрэйтару:

— Пане ефрэйтар, як я вось так гляджу на вас, я ўсё ўспамінаю аднаго ефрэйтара, якога звалі Босбэр і які служыў у Трыенце. Той, як толькі яго зрабілі ефрэйтарам, адразу-ж пачаў павялічвацца ў сваіх памерах, шчокі ў яго пачалі пухнуць, а жывот так вырас, што на другі дзень яму ня прышліся нават казённыя штаны. І што горш за ўсё — вушы ў яго сталі расьці ўдажкі ўсё больш і больш. Ну, павялі яго ў лазарэт і палкавы доктар сказаў, што гэта вельмі цяжкі выпадак і што ён можа лопнуць, бо яго пухліна зьявілася ў яго ад ефрэйтарскіх нашывак і дайшла да пупа. І вось, каб яго ўратаваць, давялося спароць ягонае лычка, пасьля чаго ён ізноў адужаў.

З гэтага моманту Швэйк дарма намагаўся пачаць размову з ефрэйтарам і дагодліва вытлумачыць яму, чаму ефрэйтараў называюць «ротнымі скуламі».

Ефрэйтар адказваў толькі нейкімі нявыразнымі пагрозамі, што пачакай, добра сьмяецца той, хто сьмяецца апошні, і што там будзе відаць, як прыедуць у штаб брыгады. Адным словам, выявілася, што зямляк вельмі цяжкі чалавек і калі Швэйк спытаўся ў яго, адкуль ён родам, дык той адказаў, што Швэйку няма да гэтага ніякае справы, і ніякага дачыненьня.

Швэйк прабаваў пачаць з ім гутарку і так і гэтак, расказаў яму, што яго вязуць пад вартай ня першы раз, але што да гэтага часу ён заўжды жыў у злагадзе са сваімі спадарожнікамі. А таму што ефрэйтар упарта маўчаў, Швэйк казаў далей:

— Здаецца мне, пане ефрэйтар, што з вамі здарылася ў жыцьці нейкае няшчасьце і што вы страцілі язык. Я ведаў шмат панурых ефрэйтараў, але такое боскае кары, як вы, пане ефрэйтар, — выбачце і не сярдуйце на мяне! — я яшчэ ня бачыў. Скажыце мне, што вас гняце, і, магчыма я магу вам параіць што-небудзь добрае, бо салдат, якога вядуць пад вартаю, заўсёды мае куды большую практыку, чым тыя, якія яго вартуюць. Або ведаеце што, пане ефрэйтар? Каб нам ня нудзіцца ў дарозе, раскажэце нам што-небудзь, напрыклад: ці прыгожы ваш край, ці ёсьць там рэчка, або возера, або руіны якога-небудзь замку, і якія паданьні зьвязаны з ім.

— Ну, гэтага даволі з мяне, — крыкнуў ефрэйтар.

— Шчасьлівы вы чалавек, — адазваўся Швэйк, — бо іншаму чалавеку ніколі нічога не даволі.

— Пачакай, ужо ў брыгадзе дадуць табе чосу, а я з табою ня буду кешкацца, — прамармытаў яшчэ ефрэйтар і зноў стаў нямы, як труна, ці магіла.

Наогул прыемнасьцяй за ўвесь час падарожжа было мала. Мадзьяр гаварыў з немцам нейкім зусім асаблівым чынам, бо ведаў па-нямецку толькі тры словы: «так», «і» і «што». Калі немец яму што-небудь тлумачыў, ён ківаў галавою і гаварыў: «так, так!», а калі той спыняўся, дык перапытваў: «Як?» і немец ізноў пачынаў трашчаць. Паляк трымаўся збоку, не зьвяртаючы ні на кога ўвагі, і займаўся толькі самім сабою. Ён смэркаў на падлогу і вельмі спрытна карыстаўся ў гэтай рабоце вялікім пальцам правае рукі; пасьля ён мэлянхолічна размазваў смаркачы па падлозе прыкладам карабіна і, нарэшце, акуратна абціраў запэцканы прыклад аб порткі і ўвесь час мармытаў сабе пад нос:

— Матка боска, матка боска!

— Ну, гэта яшчэ нічога! — зьвярнуўся да яго Швэйк. — А от на вуліцы «На Боішці» ў Празе ў адным сутарэньні жыў падмятач вуліц Махачэк, дык той смаркаўся на шыбу ў вакне і пасьля так спрытна размазваў смаркачы, што атрымваўся абраз, як Любуша вяшчуе пра наступную вялікую славу горада Прагі. За кожны такі абраз ён атрымліваў ад свае жонкі так, што ў яго вочы вылазілі на лоб, але ён ўсё-ж ня кідаў свайго мастацтва і ўвесь час у ім дасканаліўся. Праўда, гэта была яго адзіная забава.

Паляк нічога на гэта не адказваў і запанавала поўнае маўчаньне, нібы людзі ехалі на хаўтуры і пабожна прыпаміналі нябожчыка.

Яны набліжаліся да мэты свайго падарожжа, да штабу брыгады ў Вояліцах.


Тымчасам, у штабе брыгады адбыліся некаторыя грунтоўныя зьмены.

За начальніка штабу брыгады быў прызначаны палкоўнік Гэрбіх. Гэта быў чалавек з вялікімі «тактычнымі» здольнасьцямі, якія чамусьці палі яму на ногі, бо ён хварэў на падагру. У вайсковым міністэрстве ў яго былі добрыя сувязі; таму ён ня выходзіў у адстаўку, а туляўся ў розных штабах буйных вайсковых злучэньняў, і атрымліваў павялічаную пэнсію з адпаведнымі дадаткамі ваеннага часу, але ён заставаўся на адным месцы датуль, пакуль прыступ падагры не прымушаў яго зрабіць якую-небудзь страшэнную дурніцу. Тады яго пераводзілі ў другі штаб, і, звычайна, з павышэньнем. Абедаючы ў афіцэрскім сабраньні, ён, звычайна, гутарыў з афіцэрамі сама больш пра свой вялікі палец на назе, што часам распухаў да страшэнных памераў і палкоўніку даводзілася насіць знарок пашытыя боты.

У абед яму самай прыемнай гутаркай было тлумачыць усім і кожнаму, што яго палец надта пацее і што ён завінае яго ў вату, а пахне ён, як пракіслы мясны бульён.

Таму ўсе афіцэры са шчырасьцю разьталіся з ім, як яго пераводзілі куды-небудзь у іншае месца. Аднак ён быў даволі дабрадушны і ставіўся добразычліва да сваіх супрацоўнікаў, якім ён любіў апавядаць, чаго ён толькі ні еў і ні піў, калі ў яго яшчэ ня было гэтае праклятае падагры.

Як Швэйка прывялі ў штаб брыгады і дзяжурны афіцэр загадаў адвесьці яго да палкоўніка Гэрбіха, у таго ў канцылярыі якраз сядзеў падпаручык Дуб.

Некалькі дзён пасьля пераходу Санок–Самбор з падпаручыкам Дубам зноў здарыўся выпадак.

Справа ў тым, што за Фэльдштэйнам 11-я маршавая рота сустрэла партыю кавалерыйскіх коняй, што накіроўвалася ў драгунскі полк у Садову-Вішню. Падпаручык Дуб і сам дакладна ня ведаў, чаго гэта раптам захацелася паказаць паручыку Лукашу, як ён езьдзіць конна; ён бяз дай-прычыны ўскочыў на каня, што неспадзявана панёс яго і ўскочыў разам з сваім коньнікам у лагчыну каля рэчкі, дзе падпаручык Дуб заграз у балоце так моцна, нібы гэта была кветка, якую знарок насадзіў туды спрытны агароднік. Калі з дапамогаю дошчак і вяровак яго адтуль выцягнулі, падпаручык Дуб ні на вошта ня жаліўся, а толькі ціха стагнаў, нібы яму прышоў скон. Таму яго адвезьлі ў штаб брыгады і палажылі ў лазарэт.

Праз два-тры дні ён так паправіўся, што доктар сказаў, што давядзецца толькі яшчэ разоў два памазаць яму ёдам плечы і жывот, пасьля чаго ён зноў можа вярнуцца ў сваю часьць.

Такім чынам, ён сядзеў цяпер у палкоўніка Гэрбіха і апавядаў яму пра розныя хваробы.

Пабачыўшы Швэйка, ён голасна крыкнуў, бо ён ведаў, што Швэйк зьнік пад Фэльдштэйнам.

— Ага, папаўся, галубок! Шмат хто вельмі хітра ўцякае, а яго яшчэ хітрэй варочаюць. Ты вельмі хітры Швэйк.

Да рэчы будзе заўважыць, каб наша апавяданьне было больш поўным, што, зваліўшыся з каня падпаручык Дуб крышку парушыў сабе мазгі; таму ия трэба дзівіцца, што ён стаў поруч з Швэйкам і, прызываючы ўсе нябесныя сілы на змаганьне з ім, закрычаў:

— Усемагутны, да цябе я малюся… пад гарматныя стрэлы… у бляску штыхоў… даруй нам перамогу… усемагутны божа… о дай нам… над гэтым паганцам… Кажы, дзе ты загінуў быў, падлюка? Што гэта ў цябе за форма?

Трэба яшчэ дадаць, што палкоўнік, які цярпеў так ад свае падагры, завёў у канцылярыі зусім дэмократычны лад. Розныя вайсковыя чыны, як няспынны паток зьмяніліся перад яго сталом, каб выслухаць думку палкоўніка пра яго распухлы палец на назе з пахам пракіслага бульёну. А таго дня, як боль у пальцы сьціхаў, канцылярыя была паўнютка людзей і палкоўнік весела хадзіў і расказваў няпрыстойныя анекдоты. Гэта відавочна яму рабіла прыемнасьць, а слухачы мелі зручны выпадак парагатаць з старога анэкдоту, што, магчыма, быў ужо ў звароце яшчэ пры генэрале Лаўдоне.

Служыць з палкоўнікам Гэрбіхам тады было аднэй прыемнасьцю; кожны рабіў што яму заманецца і ўжо ставілася за правіла, што ў кожным штабе, дзе зьяўляўся палкоўнік Гэбріх, расьцягвалі маемасьць, кралі і рабілі розныя іншыя недазволеныя рэчы.

От і цяпер разам са Швэйкам у палкоўнікаву канцылярыю зьявіліся розныя вайсковыя чыны з надзеяй пасьмяяцца. У гэты момант палкоўнік чытаў адносіну маёра з Пярэмышлю, дзе гутарка ішла пра Швэйка.

Падпаручык Дуб ня спыняў свае пачатае гутаркі са Швэйкам:

— Пачакай, ты мяне яшчэ ня ведаеш, але калі даведаешся, то здохнеш ад страху.

Палкоўнік ніяк ня мог зразумець, што пісаў маёр, бо той дыктаваў паперку яшчэ ня зусім цьвярозы.

Аднак палкоўнік Гэрбіх быў у найлепшым настроі, бо ні сёньня, ні ўчора, не адчуваў болю ў пальцы і зусім ня чуў яго, нібы да таго ня было.

— Што-ж вы менавіта начаўплі там? — ветліва зьвярнуўся да Швэйка, так што ў падпаручыка закалола нават пад сэрцам і ён пасьпяшаўся адказаць за Швэйка:

— Гэты чалавек, пане палкоўнік, — сказаў ён і паказаў на Швэйка, — прыкідваецца дурнем, каб апраўдаць свае паскудныя штукі і ўчынкі слабым розумам. Я, праўду кажучы, ня ведаю, што там напісана ў паперцы, але ўсё-ж думаю, што гэты чалавек і зноў зрабіў якую-небудзь штуку, але на гэты раз у больш значных памерах. Дазвольце, пане палкоўнік, глянуць у яго е глянуць у яго паперку; тады я напэўна мог-бы вам што-небудзь параіць, што рабіць з ім.

І, павярнуўшыся да Швэйка, ён прамовіў па-чэску:

— Ты з мяне ўсю кроў высмактаў! Так?

— Так, пане падпаручык, — з годнасьцю адказаў Швэйк.

— От бачыце, пане палкоўнік! Чулі? — казаў далей падпаручык Дуб па-нямецку. — Вы ня можаце яго ні пра што запытацца. З ім наогул нельга гаварыць. Ну, дык пачакай. Круці ні круці, а трэба памерці. Давядзецца яго пакараць так, каб быў іншым прыклад. Дазвольце, пане палкоўнік…

Падпаручык Дуб заглыбіўся ў дакумант пярэмышльскага маёра і пасьля, дачытаўшы яго да канца, з трыумфам крыкнуў Швэйку:

— Ну, браце, цяпер табе канец! Кажы дзе дзеў вайсковую амуніцыю.

— Я пакінуў яе на дамбе, на беразе возера, калі прабаваў, як павінен адчуваць сябе расійскі салдат у гэтых лахманох. Уся гэта справа, дазвольце паведаміць, адно непаразуменьне.

І от Швэйк пачаў апавядаць падпаручыку Дубу ўсё, што давялося яму перацярпець праз гэта непаразуменьне; а калі ён скончыў, падпаручык Дуб закрычаў на яго:

— От калі ты пазнаеш мяне! Дык ты разумееш, што значыць згубіць на вайне ўсю сваю амуніцыю?

— Так, пане падпаручык, — адказаў Швэйк, — я разумею, калі салдат згубіў амуніцыю, яму павінны выдаць новую.

— Езус-Марыя! — са злосьцю закрычаў падпаручык Дуб. — Зараза ты, жывёліна, ты ў мяне даскачашся да таго, што будзеш служыць яшчэ сто год пасьля вайны.

Палкоўнік Гэбріх, што да гэтага часу сядзеў спакойна і выхавана за сваім сталом, раптам страшэнна перакрывіў свой твар, бо ягоны палец неспадзявана ператварыўся з ціхага ягняці ў прагнага да крыві тыгра, у электрычны ток на 600 вольт, у шматтонны паравы молат. Палкоўнік Гэрбіх толькі махнуў рукою і зароў, як чалавек, якога падпякаюць на распаленай пліце:

— Ідзеце ўсе прэч! Дайце мне рэвольвэр!

Гэтае ўсё ўжо ведалі і таму без галавы кінуліся з пакою разам са Швэйкам, якога канвой таксама выцягнуў у калідор. Застаўся толькі падпаручык Дуб, з мэтаю скарыстаць гэтую, як відаць, зручную хвіліну, каб папярэдзіць палкоўніка супроць Швэйка.

— Дазвольце, пане палкоўнік, — пачаў ён, — зьвярнуць вашу ўвагу, што гэты чалавек…

Але тут палкоўнік зароў ад болю і кінуў у падпаручыка чарнільніцаю, а той, спужаўшыся, казырнуў, прамармытаў сабе нешта накшталт «слухаю, пане палкоўнік», і хутчэй уцёк за дзьверы.

Пасьля гэтага, з канцылярыі палкоўніка доўга яшчэ былі чутны роў і выцьцё, што павольна перайшлі ў жаласныя стогны; пасьля і тыя сьціхлі. Палец палкоўніка як раптоўна хапіў, так раптоўна і сьціх. Палкоўнік пазваніў і загадаў ізноў прывесьці Швэйка.

— Ну што-ж, менавіта, з табою здарылася? — спытаўся спакойна, як-бы нічога ня было, палкоўнік. У яго цяпер было так лёгка на душы, нібы-та ён ляжаў дзе-небудзь на пляжы.

Швэйк ветліва ўсьміхнуўся начальству і разсказаў яму ўсю сваю одысэю, дадаўшы, што ён ордынарэц 11-ае маршавае роты 91-га пяхотнага палка і зусім не ўяўляў сабе, як там без яго могуць абыйсьціся.

Палкоўнік таксама ўсьміхнуўся і аддаў гэткі загад:

— Выпісаць Швэйку літар праз Львоў да станцыі Золтанец, куды на другі дзень павінна прыехаць яго маршавая рота, і выдаць яму з цэйхгаўза новае вайсковае ўбраньне, а таксама 6 крон 82 гэлеры на дарогу.

Калі Швэйк у новенькай аўстрыйскай форме пакінуў штаб брыгады, каб ісьці на вагзал, падпаручык Дуб сядзеў на лавачцы супроць будынку штабу і быў вельмі зьдзіўлен, як Швэйк паказаў яму свае паперы і заклапочана спытаўся, ці не загадае той перадаць што-небудзь паручыку Лукашу.

Паручык Дуб так зьбянтэжыўся, што ня мог адказаць нічога іншага, як толькі адно слова: «Ідзі». Але, гледзячы на Швэйка, што адыходзіў ад яго, ён прамармытаў сам сабе:

— Пачакай, ты мяне яшчэ пазнаеш!.. Езус-Марыя, ты мяне яшчэ пазнаеш!..

На стакцыі Золтанец сабраўся ўвесь батальён капітана Загнэра; нехапала толькі ар’ергарда 14-й роты, што адбіўся ад іх дзесьці за Львовам.

Прыехаўшы ў гэты горад Швэйк адразу апынуўся ў зусім новых абставінах, бо тут было ўжо добра відаць, што знаходзішся ня вельмі далека ад фронту, дзе ідуць бойкі. Усюды стаялі артылерыйскія паркі і абозы, у кожнай хаце кватаравалі салдаты, сярод якіх паходжвалі як істоты вышэйшага парадку, немцы і па-панску частавалі аўстрыйцаў папіросамі са сваіх багатых запасаў. Каля нямецкіх паходных кухань на галоўным пляцы стаялі нават бочкі з півам: а наўкола бочак туляліся, як аблудныя каты, маленькія аўстрыйцы з тоўстымі ад бруднае кавы жыватамі.

Кучка яўрэяў у доўгіх лапсардаках і з пэйсамі паказвалі адзін аднаму хмары дыму на захадзе і страшэнна размахвалі рукамі. Казалі, што ўсюды пачаліся бойкі: на Бугу, у Вужку, у Вусцы і ля Дзеравяна.

Ясна была чутна канонада. Хадзіла пагалоска, што расійцы абстрэльваюць з боку Грабава Каменку-Струмілаву, што бойкі ідуць уздоўж усяго Буга і што войска затрымлівае ўцекачоў, што імкнуцца ў сваю родную краіну.

Усюды панавала разгубленасьць і ніхто ня ведаў нічога пэўнага; меркавалі, што расійцы ізноў перайшлі ў наступ і спынілі свой адыход.

Патрулі палявых жандараў увесь час вялі якога-небудзь застрашанага яўрэя за тое, што той распускаў хлусьлівыя весткі, на гаўптвахту. Там гэтых няшчасных білі да крыві і пасьля пускалі з разьбітымі галовамі і са спаласаванымі сьпінамі да хаты.

І от у гэта пекла трапіў Швэйк і пачаў шукаць сваю маршавую роту.

Ужо на вагзале ў яго амаль ня вышаў конфлікт з этапным комэндантам. Калі ён падыходзіць да стала, дзе выдаваліся даведкі салдатам, што шукалі сваю часьць, нейкі капрал раптам зазлаваўся на яго, бо здалося, што Швэйк хоча, каб рота шукала яго, а не наадварот. Швэйк адказаў, што яму хочацца толькі даведацца, дзе тут у горадзе асталявалася 11-ая маршавая рота 91-га пяхотнага палка.

— Мне вельмі важна, — солідна дадаў Швэйк, — ведаць, дзе 11-ая маршавая рота, бо я яе ордынарац.

На няшчасьце, за суседнім сталом сядзеў нейкі фэльдфэбэль, што падскочыў, як прыпечаны, і пачаў крычаць на Швэйка:

— Сьвіньня няскрэбеная! Ты ордынарац і ня ведаеш, дзе твая маршавая?


Швэйк не пасьпеў адказаць, як той ужо кінуўся ў канцылярыю і прывёў адтуль паручыка. Ён быў такі тоўсты, што можна было падумаць, што ён уласькік вялікага кілбаснага заводу.

Этапныя комэндатуры былі звычайным месцам, дзе лавілі салдатаў, што адсталі і адбіліся ад сваіх часьцей ды з прыемнасьцю шукалі-б усю вайну свае часьці і стаялі-б у даўгіх хвастох каля тых сталоў у ашчадкасах, дзе напісана: «Выдача грашовае дапамогі салдатам.»

Як тоўсты паручык увайшоў, фэльдфэбэль скомандаваў: «Зважай!» і паручык спытаўся ў Швэйка:

— Дзе твае дакуманты?

Швэйк падаў іх паручыку; той, пераканаўшыся, што маршрут праўдзівы, вярнуў іх Швэйку і зьмілавіўся сказаць капралу, каб той выдаў Швэйку даведку, пасьля чаго дзьверы за ім зноў зачыніліся.

Тады фэльдфэбэль схапіў Швэйка за плечы і прывёў яго да выхаду і даў яму каленам замест усялякае даведкі, сказаўшы:

— Каціся, чалавеча, да ліхой матары!

Такім чынам Швэйк так і ня ведаў, куды яму накіравацца і пачаў шукаць якога-небудзь знаёмага з батальёну. Ён доўга блукаў па вуліцах, пакуль не адважыўся паставіць усё на адну карту.

Ён запыніў аднаго палкоўніка і на ламанай нямецкай мове спытаўся ў яго, ці ня ведае ён, дзе месьціцца яго, швэйкаў, батальён з маршаваю ротаю.

— Са мною ты можаш гаварыць па-чэску, — сказаў палкоўнік, — бо я таксама чэх. Твой батальён стаіць тут блізка ў вёсцы Клімантова, за чыгункаю, а ў горад вашым хадзіць ня можна, бо салдаты вашае маршавае роты адразу-ж, як прыехалі сюды, пачалі бойку з сялянамі.

Такім чынам Швэйк пайшоў шукаць вёску Клімантова.

Палкоўнік паклікаў яго назад, палез ў кішэню, даў Швэйку пяць крон, каб той мог купіць сабе тытуну, яшчэ раз ласкава разьвітаўся з ім і, адыходзячыся, падумаў: «Які сымпатычны салдат».

Швэйк бадзёра закрочыў у паказаную яму вёску, разважаючы пра палкоўніка. Разам з гэтым ён прыгадаў, што дванаццаць год назад у Трыенце таксама быў адзін палкоўнік, якога звалі Габэрмэер і які быў таксама ветлы з салдатамі, а пасьля выявілася, што палкоўнік гомосэксуаліст, бо ён хацеў згвалціць, купаючыся ў Аддзе, аднаго кандыдата на першы афіцэрскі чын і пагражаў яму, калі ён будзе працівіцца, палажэньнем гарнізоннае службы.

От з такімі пахмурымі думкамі Швэйк паволі дайшоў да зусім блізкае вёскі, там яму зусім было ўжо няцяжка адшукаць штаб батальёну, бо хоць вёска была і доўгая, але ў ёй быў адзін лепшы будынак — будынак народнае школы, што ў гэтым чыста русінскім краі была выбудавана на сродкі краёвага ўраду з мэтаю больш пасьпяховае полёнізацыі жыхароў.

Школа гэта шмат бачыла за час вайны. Разоў колькі ў ёй кватаравалі то расійскі, то аўстрыйскі штабы, а аднаго разу ў часе вялікіх боек, што вырашалі лёс гораду Львову, гімнастычная заля была ператворана ў опэрацыйны пакой, тут рэзалі рукі і ногі і рапаравалі пабітыя чарапы.

Па-за школаю была вялікая яма, што ўзьнікла ад разрыву цяжкога знараду. У садзе стаяла разьвесістае грушавае дрэва: на тоўстым суку яго зьвісаў абрывак вяроўкі, на якой нядаўна павесілі мясцовага праваслаўнага папа, паводле даносу мясцовага настаўніка-паляка. Гэты настаўнік данёс, што поп быў членам вялікарускае організацыі і ў часе расійскае акупацыі служыў у царкве малебен пра атрыманьне перамогі войскам праваслаўнага цара-бацюшкі. І хоць гэта была выдумка і мана, бо папа ў гэты час зусім ня было ў вёсцы, а ён лячыўся ў адным маленькім незачэпленым вайною курорце, аднак лёс яго быў вырашан.

У справе гэтага праваслаўнага папа важную ролю адыгралі гэткія абставіны: яго нацыянальнасьць, пытаньне веравызнаньня і адна курыца. Справа ў тым, што поп перад самою вайною злавіў у сваім садзе курыцу польскага настаўніка, што падзяўбла ў яго ўсходы дыні, і зарэзаў яе.

Пасьля пакараньня праваслаўнага папа сьмерцю, дом яго стаяў сіратою, і можна сказаць, што кожны браў сабе адтуль што-небудзь на памятку пра свайго папа.

Нейкі польскі мужычок зацягнуў да сябе нават стары рояль, верх якога ён скарыстаў на рамонт дзьвярэй у сваім сывінушніку. Частку мэблі салдаты, як гэта бывае заўсёды, пасеклі на апал, і толькі з прычыны шчасьлівае выпадковасьці засталася стаяць вялікая кухонная пліта з цудоўнаю духоўкаю. Бо трэба сказаць, што праваслаўны поп нічым не адрозьніваецца ад сваіх колег іншае веры і таксама любіць дагаджаць жывату і любіць, каб на пліце і ў духоўцы было больш скавародак і гаршкоў.

Была нават як-бы нейкая традыцыя, што ўсе войскі, якія прыходзілі сюды, варылі на гэтай кухні сваім паном афіцэрам. Наверсе ў вялікім пакоі рабілася штосьці накшталт афіцэрскага сабраньня. Сталы і крэслы рэквізаваліся ў мясцовых жыхароў.

У той выдатны дзень афіцэры маршавага батальёну ладзілі якраз банкет. У складку яны купілі сьвіньню, а кухар Юрайда варыў ім абед. Юрайду абступаў патоўп яго ўлюбёнцаў з ліку афіцэрскіх ордынарцаў, паміж якімі галоўную ролю граў каптэнармус. Ён даваў параду Юрайдзе, як рэзаць сьвіную галаву, каб застаўся кусочак рыла.

Але самыя галодныя і прагавітыя вочы былі ў Балуна.

Відаць таксама прагавіта і страшна глядзяць людажэры, як капае тлушч з-пад печанага на агні місіянэра, і, падгараючы, распаўсюджвае прыемны пах. Балун адчуваў сябе, прыкладам так, як вялікі сабака, што вязе калясачку з малаком, і міма яго праходзіць хлопчык з кілбаснае з цэлым падносам сьвежавэнджаных кілбас на галаве. З кучы зьвесілася гірлянда сасісак і целяпаецца за плячыма ў хлопца. Трэба толькі падскочыць і схапіць іх!.. Ды от не дазваляюць наморднікі і праклятая вупраж; праз яе нельга вольна рухацца няшчаснаму сабаку.

Ліверныя кілбасы перажывалі яшчэ толькі першыя моманты свайго нараджэньня ў форме лівернага эмбрыёна, гэта значыць фарша, што грудаю ляжаў на гладкай дошцы і пахнуў перцам, салам і печаньню.

Юрайда, закасаўшы рукавы, адбываў як-бы імшу і з такім сур’ёзным выглядам, што мог-бы быць модэльлю фігуры бога-айца, што стварыў з хаосу нашу зямлю.

Балун ня мог больш стрымацца і голасна заплакаў. Пасьля яго плач перайшоў у няспыннае галашэньне.

— Чаго гэта ты разьліваешся рэчкаю? — спытаўся ў яго Юрайда.

— Ах, я так яскрава прыгадаў сабе родны дом, — ня спыняючы плачу адказаў Балун, — які ўдзел я браў у такой справе, і як нічога не хацеў даць свайму блізкаму, а ўсё толькі хацеў зжэрці сам, і сапраўды ўсё я зьядаў. Аднаго разу я так наеўся, што ўсе вырашылі, што я абавязкова лопну і сталі ганяць мяне на дварэ на вяроўцы, як ганяюць каровы, калі іх абабэніць ад сьвежае канюшыны. Пане Юрайда, дазвольце мне папрабаваць фаршу. Няхай мяне хоць да слупа прывяжуць, а цяпер я ня маю ўжо магчымасьці больш цярпець.

Балун падняўся з зэдля і, хістаючыся, як п’яны, падышоў да стала і выцягнуў лапу да кілбаснага фаршу.

Пачалася жорсткая заядлая барацьба. Ледзь удалося стрымаць яго ад замаху на кілбасу. Але, калі яго выводзілі з кухні, ніхто не дагледзіў, як ён схапіў з гаршка кішкі на кілбасы.

Юрайда так знэрваваўся, што кінуў ўсьлед за ім трыбухі, крыкнуўшы не сваім голасам:

— На, жары, падла!..

У гэты момант афіцэры батальёну былі ўжо ўсе сабраўшыся і чакалі таго, што пяклося ім на кухні, ды падмацоўвалі сябе, ня маючы нічога іншага, самагонкаю, падфарбаваўшы яе сьпечанаю цыбуляю. Прадаючы гэту самагонку, яўрэй карчмар запэўніваў, што гэта сапраўды францускі коньяк, што застаўся яму ў спадчыну ад бацькі, а таму перайшоў ад нябожчыка дзеда.

— Паслухай, сябра, — сказаў яму тады капітан Загнэр, — калі ты адважышся яшчэ раз заікнуцца, што твой прадзед купіў гэтыя памыі ў аднаго француза, як той уцякаў з Масквы, дык я загадаю пасадзіь цябе за краты і ты будзеш сядзець, пакуль самы малодшы з вашае сям’і ня зробіцца старэйшым.

У той час, як яны пілі і пракліналі ашуканца яўрэя, Швэйк сядзеў ужо ў канцылярыі батальёну, дзе ня было ні аднае жывое душы апроч вольнапісанага Марэка, што скарыстаў адпачынак у Залтанцы, каб апісаць некалькі пераможных баёў, што нямінуча павінны былі адбыцца ў хуткім часе.

У гэты момант ён накідаў розныя нататкі і, як Швэйк увайшоў, ён канчаў:

Калі перад нашым духоўным поглядам праходзяць усе гэтыя гэроі, што бралі ўдзел у бойцы пад вёскаю N, дзе поруч з нашым батальёнам біўся адзін батальён… палка і адзін батальён… палка, дык мы ня можам не згадзіцца, што наш батальён выявіў дзівугодныя стратэгічныя здольнасьці і бясспрэчна быў прычынаю перамогі… дывізіі, што мела заданьне замацаваць нашы позыцыі ў сэктары N.

— Ну, — сказаў яму Швэйк, — от і я.

— Дай я цябе абнюхаю, — адазваўся Марэк, — відаць, абрадаваўшыся. — Сапраўды: ад цябе пахне крыміналам.

— Як заўсёды, трапілася толькі маленькае непаразуменьне, — заўважыў Швэйк. — А ты як маешся?

— Як бачыш, — адказаў Марэк, — я занатоўваю на паперы гісторыю гэройскае абароныдвуадзінае монархіі, але справа ў мяне неяк ня клеіцца. Выходзіць усё нейкая дрэнь. Я асабліва падкрэсьліваю ў сваёй працы літару Н, літару, што хавае ў сабе надзвычайныя значэньні, як у цяперашні час, так і ў будучыні. Апроч маіх, ужо вядомых, якасьцяй, капітан Загнэр знайшоў ва мне фэномэнальныя матэматычныя здольнасьці. Мне даручана контраляваць усе рахункі батальёну і, пакуль што, я прышоў да выніку, што ў батальёнах вялізарны пасыў і што ён толькі і чакае, каб пачаць бойку з рускімі крэдыторамі, бо пасьля паражэньня, як і пасьля перамогі, лягчэй за ўсё захаваць канцы ў воду, але гэта ня так важна. Нават калі-б усіх нас да апошняга чалавека перабілі, дык от дакуманты пра нашу перамогу, бо я, летапісец батальёну, дазволіў сабе напісаць гэткае:

… Новы паварот у бок ворага, які, відаць, лічыў, што перамога ўжо ў ягоных руках. Адважная атака нашых пераможных ваякаў і кароткі штыкавы ўдар былі справаю аднае хвіліны. Вораг кінуўся ў панічны бег, кідаецца назад у свае акопы, але мы бязьлітасна б’ем; тады ён у бязладзьдзі пакідае акопы, кінуўшы ў нашых руках вялікую колькасьць раненых і палонных».

Гэта адзін з самых урачыстых момантаў. Хто яго перажыў, той пасылае жонцы палявою поштаю паштоўку:

«Добра мы далі, дарагая жоначка! Я здароў. Ці кончыла ты карміць нашага маленькага Фрыца? Толькі калі ласка, ня вучы яго называць чужых людзей «татам», бо гэта мне было-б вельмі няпрыемна».

Пасьля цэнзура закрэсьліць, замажа сказ: «Добра мы далі», не зразумець, пра што ідзе гутарка і таму, што выраз няясны, можна ўявіць сабе што хочаш.

— А таму, галоўная справа — ясна выказваць свае думкі, — перабіў яго Швэйк. — От таксама ў 1912 годзе, калі ў Празе місіянэры прапаведвалі ў царкве св. Ігната, дык там быў адзін казальнік, што ў катэдры сказаў, што ён напэўна нікога не спаткае ў раі. А ў царкве ў гэты час быў бляхар Кулічак, што пасьля ў карчме апавядаў, што місіянэр мусіць шмат награшыў, бо ён сам каяўся ў царкве пры ўсім народзе, што нікога не спаткае ў раі; і вельмі дзівіўся гэты Кулічак, чаму такіх людзей пускаюць на царкоўную катэдру. От я і кажу, што трэба заўсёды гаварыць ясна і зразумела, без дагадак. У «Брэйшку» год колькі перад гэтым быў адзін Купар, у якога быў звычай, калі ён злаваўся, ня прыходзіць нанач дахаты, а туляцца па начных кафэ і піць з незнаёмымі людзьмі, гаворачы: «Мы на вас, а вы на нас…». За гэта ён неяк раз ад аднаго пана з Іглавы такатрымаў па мордзе, што гаспадар кавярні, калі на другі дзень вымятаў ягоныя зубы, паклікаў сваю дачку, што вучылася ўжо ў пятай клясе народнае школы і спытаўся яе, колькі зубоў у роце дарослага чалавека. А таму што яна ня ведала, дык ён выбіў ёй два зубы, а на трэці дзень атрымаў ад Купара ліст, у якім той прасіў выбачэньня за ўсе няпрыемнасьці і тлумачыў, што ён не хацеў сказаць нічога няпрыстойнага, што яго ня так зразумелі, бо трэба было сказаць: «Мы на вас, а вы на нас ня будзем злавацца». Значыць, хто гаворыць двусэнсіцу, перш павінен добра падумаць. Калі шчыры чалавек будзе гаварыць усё, што пападзецца яму на язык, дык яго, вядома, не заўсёды-ж будуць біць па мордзе. Але калі гэткая няпрыемнасьць з ім здарыцца раз, другі, трэці, дык ён будзе сьцерагчыся і больш маўчаць. Бо і праўда, пра гэтага чалавека кожны думае, што ў яго ня ўсе клёпкі ў галаве, а таму яго і б’юць. Але тут ужо ён мусіць зразумець, што ён адзін, а іх шмат, якія лічаць сябе пакрыўджанымі; таму, каб ён захацеў з усімі біцца, дык яму паадбівалі-б бакі. Такому чалавеку даводзіцца быць ціхім і цярплівым. От у Нусьлі жыў нейкі Гаўбэн і от гэтага пана Гаўбэна, калі ён неяк у нядзелю вяртаўся з экскурсіі дамоў, папаролі нажом. Так з нажом у плячох ён і зьявіўся дахаты; а калі ягоная жонка скінула з яго паліто, яна асьцярожна выцягнула нож з плеч і ўжо рэзала на абед ім мяса на гулеш, бо нож быў золінгенскай сталі і добра наточаны, а ў іх былі ўсё толькі тупыя нажы. Пасьля ёй захацелася мець цэлы тузін такіх нажоў, яна стала пасылаць свайго мужа кожную нядзельку за горад, але той быў такі спакойны чалавек, што нікуды не хадзіў далей піўное «Банзэт» на Нусьлях. Гэта таму, што ён добра ведаў, што гаспадар яе вывядзе яго за дзьверы раней, чым хто-небудзь яго зачэпіць.

— А ты зусім не зьмяніўся, — сказаў Марэк.

— Дзе там! — прамовіў Швэйк, — у мяне і часу ня было на гэта. Ты-ж ведаеш, што мяне хацелі расстраляць, але гэта яшчэ ня самае горшае, а от бяда, што я з дванаццатага гэтага месяца не атрымаў пэнсіі.

— Ну, браце, у нас ты цяпер чорта лысага атрымаеш, бо мы цяпер ідзем у Сокаль і пэнсію будзем плаціць толькі пасьля бойкі, каб гэтым зрабіць пасьля экономію. Скажам, што ўся гэта прыемнасьць закончыцца праз два тыдні, тады экономія на кожным забітым салдаце, будзе складаць 24 кроны 74 галеры.

— Ну, а што ў вас яшчэ цікавае?

— Па-перш, мы згубілі свой ар’ергард, пасьля паны афіцэры наладжваюць сягоньня ў паповым доме банкет, а салдаты цягаюцца па вёсцы і робяць розныя няпрыстойныя рэчы ў дачыненьні да мясцовага жаночага насельніцтва. Раніцою аднаго салдата з нашае роты прывязалі да слупа, за тое, што ён палез да сямідзесяцігадовае, старое жанчыны на сена. А на маю думку, гэты чалавек невінаваты, бо ў загадзе не гаворыцца, да якіх год гэта яму дазваляецца.

— Мне таксама здаецца, — згадзіўся Швэйк, — што гэты чалавек невінаваты, бо калі такая старая баба і лезе наверх па драбінах, дык яе твару ня відаць. Якраз такі самы выпадак быў на манэўрах у Табары. Наш узвод быў спыніўся ў готэлі, нейкая жанчына мыла ў сталовым пакоі падлогу, а адзін наш салдацік Храмоста скраўся да яе і — як-бы гэта сказаць? — памацаў яе спадніцу. У жанчыны спадніцы былі вельмі маладыя, і калі ён яе так мацаў, яна зрабіла выгляд нібыта нічога не заўважыла, ён другі раз, трэці раз, а яна ізноў нібыта гэта яе не датычыцца. Тады ён вырашыў пачаць атаку… А тая спакойна далей мые пол, а толькі пасьля павярнулася да салдата тварам і кажа: «Вось як я цябе ашукала, га?» Выявілася, што ей семдзесят год. Яна пасьля гэтую гісторыю разьнесла па цэлай вёсцы… Ну, а цяпер дазвольце ў вас запытацца, ці не сядзелі вы бяз мяне ў карцары?

— Такога выпадку ня было, — як-бы выбачаючыся прамовіў Марэк. — Але затое я мушу сказаць табе, што ў загадзе па батальёну было аддана арыштаваць цябе.

— Гэта глупства! — адгукнуўся Швэйк. — І апроч таго, яны маюць рацыю: батальён ня мог іначай рабіць, ён павінен быў аддаць загад арыштаваць мяне. Гэта быў яго просты абавязак, бо пра мяне так доўга ня было нічога вядома. Гэта зусім правільна з боку батальёну… Значыць, ты гаворыш, што ўсе афіцэры ў папоўскім доме банкетуюць? У такім выпадку я павінен пайсьці туды і зьявіцца да пана паручыка Лукаша, бо напэўна ў яго і так было шмат клопатаў без мяне.

І Швэйк цьвёрдым салдацкім крокам накіраваўся ў папоўскі дом і ўзышоў па ўсходах туды, адкуль чутны былі галасы паноў афіцэраў.

Гутарка ішла пра розныя справы; у гэту хвіліну за тэму была брыгада і тыя непарадкі, што панавалі ў яе штабе. Нават ад’ютант брыгады кінуў у яе камень, заўважыўшы:

— От, напрыклад, мы тэлеграфавалі з прычыны Шзэйка. А Швэйк…

— Я! — крыкнуў на паўадчыненыя дзьверы Швзйк, увайшоў і зноў паўтарыў: — Я маю гонар зьявіцца, радавы Швэйк Язэп, ордынарац 11-ае маршавае роты.

Пабачыўшы зьдзіўленыя абліччы капітана Загнэра і паручыка Лукаша, у якіх адлюстравалася ціхая роспач, Швэйк, не чакаючы адказу, казаў далей:

— Так што дазвольце паведаміць, мяне хацелі арыштаваць за тое, што я здрадзіў яго вялікасьці, нашаму імпэратару.

— Што вы там, Швэйк, мелеце дурніцы? — крыкнуў, зрабіўшыся бледным, паручык Лукаш.

— Дык дазвольце паведаміць, пане паручык, што справа была так…

І Швэйк пачаў дакладна расказваць, як гэта ўсё менавіта здарылася.

Афіцэры глядзелі, вылупіўшы на яго зьдзіўленыя вочы, у той час як ён з найменшымі драбніцамі апавядаў пра свае прыгоды і нарэшце не забыўся дадаць, якая на беразе возера, дзе з ім здарылася гэтае няшчасьце, расла трава; а калі ён пасьля пачаў пералічаць татарскія прозьвішчы, з якімі ён пазнаёміўся ў часе свайго о прымусовага падарожжа, паручык Лукаш ня мог устрымацца, каб не заўважыць:

— Так і сьвярбіць рука, каб даць вам у рыла, паганец! Ну, далей коратка, але ясна.

І Швэйк усё апавядаў з уласьціваю яму пасьлядоўнасьцю і дакладнасьцю; калі ён дайшоў да гісторыі з вайскова-палявым судом, генэралам і маёрам, ён не забыўся адзначыць, што генэрал быў касавокі на адно вока, у маёра вочы былі блакітныя.

— А на галаве вялікая лысіна, — дадаў ён.

Капітан Цымэрман, командзір 12-ае роты, кінуў у Швэйка чаркаю, з якой ён піў моцную самагонку яўрэя.

Аднак, гэта не зьбянтэжыла Швэйка, і ён расказаў, як была справа з духоваю ўцехаю і як маёр да раніцы праспаў у яго абдымках. Пасьля ён бліскуча бараніў брыгаду, куды яго паслалі, калі батальён запатрабаваў, каб яго выдалі, як салдата, што невядома дзе падзеўся. І калі, нарэшце ён падаў капітану Загнэру свае дакуманты, з якіх было відаць, што вышэйшыя інстанцыі апраўдалі яго і зьнялі з яго ўсякі паклёп і падазрэньне, ён заўважыў:

— Дык дазвольце яшчэ дадаць, што пан падпаручык Дуб знаходзіцца з сваімі парушанымі мазгамі ў брыгадзе і шле ўсім прывітаньне. Прашу выдаць належную мне суму грошай і тытуну.

Капітан Загнэр і паручык Лукаш зьдзіўлена пераглянуліся: але ў гэты момант адчыніліся дзьверы і ў вялікім чыгуне ўнесьлі гарачую патраву.

Гэта было пачаткам банкету.

— Такое ўжо ваша шчасьце, — сказаў капітан Загнэр Швэйку, прышоўшы ў добры настрой ад думкі, што яго чакае добрая ежа. — Вас выратаваў толькі гэты банкет.

— Швэйк, — дадаў паручык Лукаш, — калі з вамі яшчэ здарыцца што-небудзь падобнае, дык вам не давядзецца больш насіць галавы на плячох!

— Так, я гэта ведаю, — адказаў Швэйк, — мне давядзецца пагана, калі ўжо чалавек на вайсковай службе, дык ён павінен ведаць…

— Вон! — зароў капітан Загнэр.

Швэйк у той-жа момант зьнік з пакою і пайшоў на кухню. Балун пасьпеў ужо вярнуцца туды і прасіўся, каб яму дазволілі падаваць за афіцэрскім сталом.

Швэйк якраз падышоў на пачатак полемікі паміж Юрайдаю і Балуном. Юрайда ўжываў пры гэтым нейкія зусім незразумелыя выразы.

— Ты-ж — апошняя прорва, — казаў ён Балуну, — і ты пёр-бы ў сябе, пакуль-бы цябе не разарвала. А каб я дазволіў табе занесьці наверх кілбасы, ты-б за іх на ўсходах прадаў сваю душу чорту.

Кухня мела цяпер зусім іншы выгляд. Каптэнармусы з усіх рот жывіліся паводле чыну і выпрацаванага Юрайдам сьпіску. Пісары, тэлефоністы і яшчэ нейкія асобы прагавіта сёрбалі з іржавае місы, у якой мыліся афіцэры, разьведзены гарачай вадою крупнік, каб таксама што-небудзь уварваць.

— На-здар! — крыкнуў каптэнармус Ванэк Швэйку, абгрызаючы костку. — Адно тут быў Марэк і паведаміў, што вы ізноў зьявіліся і што ў вас новенькая форма. Дык от праз вас я ўляпаюся ў добрую гісторыю. Марэк напужаў мяне, што нам цяпер ніяк нельга зрабіць справаздачы перад брыгадаю ў вашым абмундыраваньні. Ваша-ж адзеньне знайшлі на беразе возера і пра гэта мы паведамілі праз батальённую канцылярыю брыгады. У мяне вы памечаны, што «ўтапіліся ў часе купаньня», дык вам наогул ня было чаго вяртацца і рабіць нам лішні клопат з вашымі двума комплектамі адзеньня. Вы, напэўна, не ўяўляеце сабе, якую вы заварылі кашу? Мейце на ўвазе, што кожная рэч з вашага адзеньня на ўліку. Кожная рэч запісана ў ведамасьць на прыход. І от цяпер у роце зьявіўся лішні комплект. Пра гэта мне ўжо давялося пісаць рапорт командзіру батальёну. А з брыгады атрымана паперка, што вам выдалі там новы комплект. Такім чынам, батальёну трэба падаваць цяпер рапорт з прычыны аднаго лішняга комплекту, што… Адным словам, я ўжо ведаю — гэта пахне рэвізіяй. Калі справа ідзе пра дробязі, рэвізоры едуць да нас адзін за другім, ну, а калі бяз сьледу зьнікаюць кудысьці дзьве тысячы пар ботаў, дык тады гэта нікому ня шкодзіць…

— Дык вось, у нас прапаў комплект вашага абмундыраваньня, — трагічным тонам казаў далей Ванэк, высмактаўшы з косткі мозаг і выкалупваючы яго рэшткі запалкаю, што служыла яму замест зубачысткі. — Праз такую рэч у нас канечне будзе рэвізія. Калі я стаяў у Карпатах, дык у нас прызначылі рэвізію таму, што ў нас ня выконвалі загаду «здымаць з замёрзшых салдат боты, ня псуючы гэтых апошніх». У нас іх большаю часткаю проста сьцягвалі; было два выпадкі, калі яны лопнулі, а ў аднаго замёрзшага яны былі разарваны яшчэ да сьмерці… Ну, от вам і гатова справа! Прыехаў інтэнданцкі палкоўнік рэвізаваць, і каб яму адразу, як толькі ён прыехаў, ня стукнула ў галаву расійская куля, дык я ня ведаю, чым-бы ўся гэта гісторыя скончылася.

— А з яго самога боты сьцягнулі? — пацікавіўся Швэйк.

— Сіцягнулі, — сумна адказаў Ванэк, — але так і не давялося выявіць, хто гэта зрабіў, так што не давялося запісаць палкоўніцкія боты на прыход.

Юрайда вярнуўся зьверху і перш-на-перш зірнуў на Балуна, што маркотка і сумна сядзеў на столачку каля пліты і з немаю роспаччу пазіраў на сваё худое пуза.

— Ты, напэўна, належыш да сэкты гезіхастаў, — са спачуваньнем прамовіў асьвечаны кухар Юрайда. — Тыя таксама вось так праз цэлыя дні глядзелі на свой пуп, пакуль ім ні пачынала здавацца, што ў іх навокал пупа зьяньне, як над галавою якога-небудзь сьвятога. Тады яны верылі, што дасягнулі трэцяе ступені дасканаласьці.

Юрайда палез у духоўку і выцяг адтуль крывяную кілбасу.

—На, еж Балун, — ласкава сказаў ён, — пры, калі табе даюць!

— Дома, як калолі сьвіньню, — плаксіва сказаў ён, у адзін момант разьлічыўшыся з кілбасою, — я заўсёды зьядаў перш добры кавалак мяса, пасьля лыч, пасьля сэрца, вуха і кавалак пячонкі, пасьля ныркі, касу і кавалак кумпяка, пасьля язык, а пасьля… І ціхім голасам, нібыта баючы нейкую байку, Балун дадаў: — А пасьля на стале зьяўлялася ліверная кілбаса, так з шэсьць ці дзесяць кольцаў, і пузатая крывяная кілбаса з бульбаю і сухарамі, так што нават і ня ведаеш, за што перш сесьці. Усё гэта так і тоне на языку, так і пахне, а чалавек есьць, ды есьць… І цяпер я думаю, што куля нада мной зьлітуецца, але голад мяне загубіць, я ніколі ў жыцьці не пабачу больш такіх патраў з кілбасамі, як дома. Квашаніну я ня надта любіў, бо яна так і трасецца і з яе малы наедак. Затое мая жонка дала-б сябе расьсекчы за кавалак квашаніны. А яне пакідаў ёй у квашаніне нават кавалачка сьвінога вуха, бо зьядаў усё сам, калі мне падабалася што… Так, ня ўмеў я цаніць яе, гэта значыць, добрую ежу і выгоднае жыцьцё, а цесьця я нават неяк ашукаў з аднэю сьвіньнёй: сам закалоў сьвіньню і зьеў, а бедненькаму цесьцю ні кавалачка не паслаў. Вось ён мне і напрарахаваў, што я калі-небудзь здохну з голаду.

— І ягонае прароцтва пачынае зьдзяйсьняцца, — з пафосам крыкнуў Швэйк.

У Юрайды раптоўны прыступ жалю да Балуна ўжо прайшоў. Балун штосьці вельмі хутка павярнуўся да пліткі, выцягнуў з кішэні кавалак хлеба і хацеў памачаць яго ў подліўку, што шыпела на вялікай патэльні навокала сакоўнае пражанае сьвініны.

Юрайда неспадзявана выцяў Балуна па руцэ і хлеб паляцеў у подліўку накшталт спрактыкаванага плывакі, што кідаецца з высокага трампліна ў глыбокую ваду.

Ня даўшы няшчаснаму Балуну магчымасьці вылавіць гэты смачны кавалак з подліўкі, Юрайда схапіў Балуна аберуч і выпхнуў яго за дзьверы.

Зьдзіўлены Балун пабачыў праз шыбу ў вакне, як Юрайда дастаў відэльцам падрумянены ў подліўцы кавалак хлеба, адрэзаў кавалак мяса, палажыў яго на хлеб і даў Швэйку са словамі:

— Ежце, калі ласка, мой далікатны сябра.

— Божа, божа, — ныў за вакном Балун, — прапаў мой хлеб.

І, размахваючы доўгімі рукамі ён пайшоў на вёску, пашукаць ці ня знойдзецца там чаго перакусіць.

Тым часам Швэйк, запіхваючы за абедзьве шчакі шчодры пачастунак Юрайды, з поўным ротам гаварыў:

— Эх, і рад-жа я, што ізноў трапіў да сваіх. Мне было-б вельмі няпрыемна, каб я ня мог больш прыдацца нашай роце сваімі каштоўнымі паслугамі. — І, выцершы сала на барадзе, што сьцякала з хлеба, казаў далей: — Бог ведае, што вы тут рабілі-б без мяне, калі-б мяне там дзе-небудзь затрымалі, а вайна зацягнулася-б яшчэ год на колькі.

— А як на вашу думку, Швэйк, вайна яшчэ доўга будзе цягнуцца? — з цікаўнасьцю запытаўся каптэнармус Ванэк.

— Ды год пятнаццаць будзе цягнуцца, — адказаў Швэйк. — Гэта-ж зусім зразумела, што калі была калісьці трыццацігадовая вайна, дык цяпер, калі мы зрабіліся ў два разы разумнейшыя за сваіх продкаў, яна будзе цягнуцца трыццаць год падзеленыя на два, гэта значыць пятнаццаць год.

— Ордынарац нашага капітана, — перабіў яго Юрайда, — расказаў мне, што ён чуў нібыта мы як толькі спынімся на граніцы Галіччыны, ужо далей ня пойдзем, бо расійцы пачнуць тады перагаворы пра мір.

— Якія паганцы і баязьліўцы! Ня хочуць нават далей ваяваць?! — з асаблівым націскам прамовіў Швэйк. — На маю думку, калі ўжо вайна, дык каб гэта была сур’ёзна. Я ні за вошта ня згодзен гаварыць пра мір раней, чым мы ня зоймем Пецярбург і Маскву. А то якая цікавасьць у сусьветную вайну толькі крышку патузацца на мяжы! Восы хоць-бы швэды ў Трыццацігадовую вайну. Нунь адкуль здалёк яны зьявіліся, а даходзілі да Нямецкага Броду і Ліпніку і пакінулі па сабе такі сьлед, што і цяпер у корчмах пасьля поўначы гавораць «па- швэдзку», калі пачынаюць не разумець адзін аднаго. А прусакі? Яны таксама ня нашы суседзі, а пасьля іх у Ліпніку якая процьма разьвялося прусакоў! Яны нават даходзілі да Жэдоўха і да Амэрыкі, і назад.

— Між іншым, — сказаў Юрайда, якога афіцэрскі банкет зусім зьбіў з панталыку, — усе людзі паходзяць з карасёў. Калі ўзяць тэорыю Дарвіна, дарагія сябры…

Але далейшае яго апавяданьне перарваў кагадзе зьявіўшыся вольнапісаны Марэк.

— Ратуйся, хто можа! — крыкнуў Марэк. — Толькі што да нас у штаб прыехаў падпаручык Дуб і прывёз кадэта Біглера. — Проста жах было глядзець, — інформаваў далей Марэк, — як ён выскачыў з аўтомобілю і кінуўся ў канцылярыю. Вы ведаеце, што я зьбіраўся, як выходзіў адгэтуль, добра выспацца. Дык от я толькі расьцягнуўся ў канцылярыі на лаўцы і толькі пачаў засынаць, як ён ужо падскочыў да мяне. Кадэт Біглер крыкнуў: «Зважай!» Падпаручык Дуб падняў мяне на ногі, а пасьля пачаў крычаць: «Вось я вас і злавіў, калі вы ўнікаеце ад выкананьня сваіх абавязкаў у канцылярыі! Спаць дазваляецца толькі пасьля вячэрнае праверкі». А Біглер дадаў: «Паводле § 9, разьдзел 16, Палажэньня гарнізоннае службы». Пасьля падпаручык Дуб стаў грукаць кулаком па стале і крычаць: «Вы, мусіць, хацелі адчапіцца ад мяне, але толькі вы ня думайце, гэта было не парушэньне мазгоў, мой чэрап здольны яшчэ ня гэта вытрымаць». Тым часам кадэт Біглер перавярнуў у мяне увесь стол і чытаў на голас нейкую паперку: «Слухай загад па дывізіі пад нумаром 280». А падпаручык уявіў сабе, што той сьмяецца з ягоных слоў, што ў яго чэрап яшчэ што-небудзь вытрымае і пачаў вымаўляць Біглеру за ягонае недалікатнае паходжаньне, што ня варта будучата афіцэра, а цяпер ён вядзе яго да капітана, каб паскардзіцца на яго.

Хутка падпаручык і кадэт зьявіліся на кухні, праз якую трэба было прайсьці, каб трапіць у пакой, дзе сядзелі паны афіцэры і дзе таўсты прапаршчык Малы выконваў пасьля сьвіное пражаніны арыю з «Травіяты».

Калі падпаручык Дуб увайшоў у дзьверы, Швэйк крыкнуў:

— Устаць, зважай!

Падпаручык зусім блізка падышоў да Швэйка і прашыпеў яму проста ў твар:

— Цяпер радуйся! Цяпер табе аман! Я загадваю цябе абкруціць саломаю і зрабіць з цябе пудзіла 91-му палку.

— Слухаю, пане падпаручык, — адказаў Швэйк, выцягнуўшыся ў струнку. — Я калісьці чытаў, дазвольце паведаміць, што ў аднэй вялікай бойцы забілі швэдзкага караля, а разам з яго верным канём. Абодва трупы іх прывезьлі у Швэцыю і цяпер іх рэшткі стаяць, як пудзілы, у Стокгольмскім музэі.

— Адкуль у цябе гэткія веды, дурань? — крыкнуў падпаручык Дуб.

— Гэта таму, дазвольце паведаміць, пане падпаручык, што ў мяне брат профэсар.

—Падпаручык Дуб завярнуўся ад яго, плюнуў і павёў кадэта далей у кірунку да сталовага пакою. Але ён ня мог утрымацца, каб каля самых дзьвярэй яшчэ раз не азірнуцца і з бязьлітаснаю строгасьцю рымскіх імпэратараў, што вырашалі лёс раненага гладзіятара, не зрабіць адпаведнага руху вялікім пальцам правае рукі і не скомандаваць Швэйку:

— Адцягні вялікі палец!

— Слухаю, — крыкнуў яму ўсьлед Швэйк, — адважуся паведаміць, што яго ўжо адцягнуў.


Кадэт Біплер быў слабы, як муха. За гэты час ён пабыў на некалькіх халерных пунктах і, пасьля ўсіх спробаў, што рабілі над ім, як падазроным у халеры, ён меў права на дрэнны надворак. Нарэшце ён трапіў у рукі аднаго спэцыяліста, што не знайшоў у ягоных экскрэмэнтах ніякіх халерных вібрыёнаў, падправіў яго ежу танінам, як шавец падраныя боты дратваю, і адаслаў яго на бліжэйшы этапны пункт, прызнаўшы, што кадэт «годзен несьці паходную службу».

Гэта быў, так званы, «мілы» чалавек.

Як кадэт Біглер папрабаваў вытлумачыць яму, што ён адчувае сябе яшчэ вельмі слабым, доктар, усьміхнуўшыся. сказаў:

— Ну, залаты мэдаль «за адвагу» вы яшчэ можаце насіць на сабе. Вы-ж прышлі на вайсковую службу добраахвотнікам.

Такім чынам, кадэт Біглер паехаў здабываць сабе залаты мэдаль «за адвагу».

Яго закаленыя ў больніцы кішкі ўжо нічога самавольна ня кідалі ў штаны, але частыя пазывы ўсё яшчэ засталіся, так што дарога ад апошняга этапу да штабу брыгады, дзе Біглер спаткаўся з падпаручыкам Дубам, зьяўлялася, уласна кажучы, трыумфальным паходам па ўсіх патрэбных каморках. Разоў колькі ён пазьніўся на цягнік, бо заседжваўся на станцыях у гэтых каморках так доўга, што цягнік пасьпяваў за гэты час ад’ехаць. Затое разоў колькі здаралася так, што ён не пасьпяваў зрабіць перасядку, бо сядзеў у прыбіральні свайго вагону.

Але, не ўважаючы на ўсе клёзеты, што трапляліся на яго дарозе, кадэт Біглер усё-ж набліжаўся да месца свае службы.

Падпаручык Дуб павінен яшчэ дзён колькі прабыць у штабе брыгады, але ў той самы дзень, як Швэйк паехаў у свой батальён, галоўны доктар вырашыў у дачыненьні да падпаручыка Дуба крышку іначай, як раней. Справа ў тым, што галоўны доктар даведаўся, што ў гэты дзень у тым кірунку, дзе знаходзіцца 91-ы полк, ад’яжджае санітарны аўтомобіль.

Ён быў вельмі рады пазбавіцца падпаручыка Дуба, што ўсе свае размовы з ім канечне пачынаў словамі: «Пра гэта я яшчэ гаварыў да вайны з панам начальнікам акруговае ўправы».

«Пашоў ты да ліхога чорта са сваім начальнікам акруговае ўправы», падумаў сам сабе галоўны доктар і падзякаваў лёс, што санітарны аўтомобіль выпадкова ехаў праз Золтанец на Каменку-Струмілову.

Швэйку да гэтага часу не давялося яшчэ бачыць кадэта Біглера ў брыгадзе, бо той ізноў засеў на дзьве гадзіны ў адным з ватэр-клёзэтаў, прызначаных паном афіцэрам.

Аднак трэба заўважыць, што кадэт Біглер ніколі ня траціў дарма часу ў такім месцы, бо ён паўтараў, седзячы там, усе выдатныя бойкі славутай аўстра-вэнгерскай арміі, пачынаючы ад бойкі над Нёрдлінгенам, 6 верасьня 1634 году і канчаючы бойкаю пад Сараевым 19 жніўня 1878 г.

Спускаючы безьліч ваду ў ватэр-клёзэце і слухаючы, як яна з шумам абмывае фаянсавую ракавіну, ён, заплюшчыўшы вочы, уяўляў сабе шум бойкі, артылерыйскую падрыхтоўку і грукат гарматаў.

Спатканьне падпаручыка Дуба і кадэта Біглера было ня з ліку асабліва радасных і было бяз сумніву прычынаю ўзаемных непаразуменьняў і горычы пазьней у іх дачыненьнях на службе і па-за ёю.

А менавіта: калі падпаручык Дуб спрабаваў за чацьвертым разам адчыніць дзьверы ватэр-клёзэту, ён згубіў нарэшце цярпеньне і крыкнуў:

— Ды хто-ж там сядзіць?

— Кадэт Біглер, 11-ае маршавае роты 91-га пяхатнага палка, — было адказам.

— А тут падпаручык Дуб тае самае роты, — адрэкомэндаваўся за зачыненымі дзьвярыма конкурэнт.

— Зараз звольню, пане падпаручык!

— Ну добра, пачакаем!

Падпаручык Дуб нецярпліва зірнуў на гадзіньнік. Ніхто не паверыць, колькі энэргіі і ўпартасьці трэба мець, каб вычакаць цэлых пятнаццаць хвілін перад зачыненымі дзьвярыма патрэбнае каморкі, пасьля яшчэ пяць, і яшчэ пяць, і пачынаючы стукаць, атрымліваць усё той самы стэрэотыпны адказ: «Зараз звольню, пане падпаручык».

Падпаручыка Дуба пачала трэсьці ліхаманка, асабліва пасьля таго, як яго абнадзеіў шум паперы, а пасьля гэтага шуму прайшло яшчэ сем хвілін, а дзьверы ўсё яшчэ не адчыняйіся.

Кадэт Біглер быў, акрамя таго, такі тактоўны, што ня спускаў вады.

Падпаручык Дуб траціў цярплівасьць і пачаў рэзважаць, ці ня лепш проста паскардзіцца командзіру брыгады, што мог-бы на апошні выпадак загадаць зламаць дзьверы і вывесьці кадэта Біглера з прыбіральні. Тым больш, што паводзіны апошняга зьяўляліся на яго думку сур’ёзным парушэньнем вайсковае дысцыпліны.

Падпаручыку Дубу, як мінула яшчэ пяць хвілін, стала зусім ясна, што яму больш няма чаго рабіць за гэтымі дзьвярым і што патрэба зайсьці ў прыбіральню нейкім чынам сама мінула. Аднак ён прынцыпова далей вартаваў каля дзьвярэй, стукаючы ў іх час ад часу нагою, заўсёды чуючы адзін адказ:

— Праз хвіліначку я выйду, пане падпаручык!

Нарэшце Біглер спусьціў ваду і хутка абодва сталі адзін перад адным.

— Кадэт Біглер, — узьняў голас падпаручык Дуб, — ня думайце, што я быў тут з тае самае прычыны, што і вы. Я прышоў таму, што вы, прыехаўшы ў штаб, не зьявіліся да мяне. Няўжо вы не знаёмы з статутам? Вы ведаеце, каму вы аддалі перавагу?!

Кадэт Біглер пачаў калупацца ў сваёй памяці, ці не зрабіў ён і сапраўды чаго-небудзь такога, што магло парушыць дысцыпліну і правілы дачыненьняў малодшых афідэраў са старэйшымі.

У ягонай сьвядомасьці зьзялі ў гэтым сэнсе вялікія правалы і прадоньні, бо ў школе ніхто іх ня вучыў, як у такім выпадку павінен трымацца малодшы афіцэр у дачыненьні да старшага. Магчыма, яму трэба было перарваць сваю справу ў патрэбнай каморцы, ды кінуцца ў дзьверы і, прытрымліваючы аднэю рукою штаны, другой адказыраць?..

— Ну? Адказвайце-ж, пане кадэт Біглер! — крыкнуў запальчыва падпаручык.

І тады кадэту Біглеру ўзьбег на думку зусім просты адказ, што ўсё вытлумачыў.

— Пане падпаручык, — прамовіў ён, — як я прыехаў у штаб брыгады, я не верыў, што вы тут, і таму, як толькі я выканаў усе неабходныя формальнасьці ў канцылярыі, я зараз-жа пайшоў у патрэбную каморку, дзе і застаўся, пакуль вы ня прышлі сюды.

І офіцыйным тонам дадаў:

— Кадэт Біглер мае гонар зьявіцца да пана падпаручыка Дуба.

— От бачыце, што гэта ня дурніцы, кадэт Біглер, — з гораччу адказаў падпаручык Дуб. — На маю думку, вам трэба было зараз-жа, як вы прыехалі ў штаб брыгады, даведацца ў канцылярыі, ці няма там выпадкова афіцэраў з вашага батальёну. Пра вашы паводзіны мы будзем мець нараду ў батальёне. Я еду туды на аўтомобілі, і вы паедзеце разам са мною… Ня можа быць ніякіх адгаворак.

Кадэт Біглер хацеў запротэставаць, што ў канцылярыі брыгады яму далі літэр на праезд чыгункаю і што гэтакі спосаб пераезду з прычыны яго хваробы здаецца яму больш адпаведным, бо кожнаму дзіцяці вядома, што аўтомобілі не прыстасаваны да гэтакіх выпадкаў. Не пасьпееш праехаць сотні паўтары кілёмэтраў, як ўжо будзе поўна ў портках.

Чорт яго ведае, як гэта здарылася, што язда на аўтомобілі перш не зрабіла на Біглера ніякага ўплыву. Падпаручык Дуб аж вар’яцеў з роспачы, што яго плян помсты ня ўдаўся, бо ад’яжджаючы ён думаў: «Пачакай, кадэт Біглер! Калі схопіць цябе ке чакай, што я спыню машыну!»

І таму ён пачаў гутарку, колькі гэта было магчыма ў такую хуткую язду, вельмі прыемную гутарку пра тое, што вайсковыя аўтомобілі, маршрут якіх дакладна разьлічан, павінны экономіць бэнзын і таму ня могуць прыпыняцца.

На гэта кадэт Біглер рэзонна адказаў, што калі аўтомобіль дзе-небудзь стаіць і чакае, ён наогул ня траціць бэнзыну, бо шофэр выключае мотор.

— Але, калі машына, — холадна казаў далей падпаручык Дуб, — павінна прыехаць на месца ў прызначаны час, яна нідзе ня можа спыняцца.

На гэта кадэт Біглер нічога не адказаў.

Так яны праехалі з паўгадзіны, як раптам падпаручык Дуб адчуў, што ў яго штосьці ня добрае з жыватом і што было-б карысна спыніць машыну, выйсьці і пасядзець у рове пры гасьцінцы.

Ён трымаўся, як гэрой, яшчэ кілёмэтраў колькі; але пасьля пацягнуў шофэра за шынэль і крыкнуў яму ў вуха:

— Спыніся, спыніся!

— Кадэт Біглер, — ласкава прамовіў падпаручык Дуб, на злом галавы выскачыўшы з аўтомобіля ў роў, — ці ня хочаце скарыстаць з выпадку?

— Дзякую вам, — адказаў той, — я не хацеў-бы затрымліваць машыну.

І кадэт Біглер, якому таксама нельга было ўжо стрымацца, сказаў сабе ў думках, што хутчэй згодзіцца захварэць на мядзьведжую хваробу, як прапусьціць такі выпадак, каб зрабіць брыдка падпаручыку.

Не даяжджаючы Золтанца, падпаручык Дуб яшчэ два разы загадаў спыніцца і пасьля другога выпадку сур’ёзна заўважыў Біглеру:

— Гэта ўсё гэтая праклятая сьвініна пад польскаю поліўкаю, што мне далі на абед. З батальёну я пашлю тэлеграфна скаргу ў штаб брыгады. Тухлая, кіслая капуста і гнілая сьвініна. Нахабнасьць гэтых кухараў пераходзіць усялякія межы. І хто мяне яшчэ ня ведае, таму дазядзецца ўведаць мяне бліжэй.

— Фэльдмаршал Носьціц-Рынэк, гонар нашае ландвэрнае кавалерыі, — адгукнуўся кадэт Біглер, — выдаў невялічкую кніжыцу пад назваю: «Што шкодзіць жывату на вайне?», дзе ён рэкомэндуе ўстрымліванна і ня ўжываць сьвініну ў часе цяжкіх пераходаў і наогул паходнага жыцьця. Наогул, празьмерна есьці ў паходзе вельмі шкодна.

Падпаручык Дуб не адказаў, а толькі падумаў пра сябе: «Пачакай, браце, мы з цябе выб’ем тваю навуку!» Але пачакаўшы ён усё-ж такі адказаў Біглеру страшэнна недарэчным пытаньнем:

— Дык, значыць, вы думаеце, кадэт Біглер, што афіцэр, у дачыненьні да якога вы зьяўляецеся малодшым чынам, празьмерна можа есьці? Ці ня хочаце ўжо вы сказаць проста, кадэт Біглер, што я аб’еўся? Дзякую вам за такую шчырасьць. Будзе ўпэўнены, што я з вамі разьлічуся. Вы мяне яшчэ ня ведаеце, але калі вы мяне ўведаеце, дык да сьмерці будзеце памятаць падпаручыка Дуба.

Кажучы апошняе слова, ён амаль што не адкусіў сабе языка, бо на гасьцінцы яны якраз пераехалі цераз глыбокі роў.

Кадэт Біглер ізноў не адказаў. Гэта прыіусіла падпаручыка Дуба запытацца:

— Паслухайце, кадэт Біглер, няўжо вас ня вучылі, што трэба адказваць на пытаньні свайго непасрэднага начальства?

— Гэта праўда, — згадзіўся кадэт Біглер, — такое правіла існуе. Але, перш за ўсё, трэба выясьніць нашы ўзаемныя дачыненьні. Колькі я ведаю, я яшчэ нікуды не прыкомандыраваны, таму пра непасрэднае начальства і непасрэднае падпарадкаваньне вам наогул ня можа быць і гутаркі, пане падпаручык. Але самае галоўнае ў тым, што на пытаньні старэйшых у афіцэрскіх колах малодшыя павінны адказваць ім толькі ў службовых справах. А вось так, як мы цяпер сядзімо ў аўтомобілі, мы не ўяўляем з сябе воінскае адзінкі і між намі няма службовых дачыненьняў. Абодва мы толькі яшчэ едзем у сваю частку і ніяк нельга мець за службовую гутарку, калі-б я адказаў на вашае пытаньне, пане падпаручык, што вы бясспрэчна аб’еліся.

— Вы скончылі, — зароў падпаручык Дуб, — вы, вы…

— Да вашых паслуг, — цьвёрда адказаў кадэт Біглер. — Памятайце, пане падпаручык, што пра тое, што між намі здарылася, павінен будзе выказаць сваю думку афіцэрскі суд гонару.

Падпаручык Дуб са злосьці ледзь ня страціў прытомнасьці. У яго была дзіўная звычка — тады, калі ўсхваляваны, ён гаворыць яшчэ большыя дурніцы і недарэчнасьці, як тады, калі ён спакойны.

Таму Дуб прамармытаў:

— Пытаньне пра вас вырашыць вайсковы суд.

Кадэт Біглер скарыстаў выпадак, каб зусім выбіць Дуба з роўнавагі, і самым сяброўскім тонам сказаў:

— Вы жартуеце, пане падпаручык.

Падпаручык Дуб гукнуў шофэру і загадаў яму спыніць машыну.

— Адзін з нас павінен пайсьці пяхотаю, — заікаючыся, сказаў ён.

— Добра. Я паеду, а ты рабі, што хочаш, — спакойна адказаў кадэт Біглер.

— Едзь далей, — загадаў падпаручык Дуб шофэру голасам, што дрыжаў, як з перапою, і яго агарнула маўчаньне, як Юлія Цэзара, калі да яго падыйшлі змоўшчыкі, каб працяць яго штылетам.

Так яны і даехалі да Золтанца, дзе натрапілі на сьляды свайго батальёну.

Пакуль падпаручык Дуб і кадэт Біглер яшчэ на ўсходцах спрачаліся, ці мае права кадэт, якога яшчэ не правялі за афіцэра прыказам, на ліверную кілбасу, што ўваходзіць у пайку паноў афіцэраў, — у кухні ўжо ўсе пасьпелі наесьціся і ляжалі на шырокіх лаўках. Гутарка з пустога ў парожняе ня сьціхала ні на хвіліну і люлькі дыміліся, — сіва ад дыму было.

— Сёньня я зрабіў вялікую вынаходку, — расказваў кухар Юрайда. — Я ўпэўнены, што гэта зробіць поўны пераварот У кулінарным майстэрстве. Ты-ж сам ведаеш, Ванэк, што я нідзе ў гэтай праклятай вёсачцы ня мог знайсьці маёрану ў ліверную кілбасу.

— Herba maioranae, — уставіў каптэнармус Ванэк, прыгадаўшы, што калісьці гандляваў аптэкарскім таварам.

— Проста дзіву даешся, — казаў далей Юрайда, — як чалавечы розум, як знойдзецца патрэба, карыстаецца рознымі сродкамі, як перад ім адчыняюцца далягляды, як ён пачынае вышукваць самыя немагчымыя рэчы, пра якія чалавеку да гэтага часу нават і ня сьнілася!.. Дык вось я ва ўсіх хатках шукаю маёрану, бегаю, як звар’яцелы, прабую тое, сёе, тлумачу сялянам, на што ён мне патрэбен, які ён…

— А табе трэба было расказаць ім, як ён пахне, — пачуўся з лаўкі голас Швэйка. — Ты павінен быў вытлумачыць ім, што маёран пахне так, як калі ў прысадах, дзе цьвітуць акацыі, панюхаць бутэльку атраманту. От у нас у Празе…

— Паслухай, Швэйк, — з просьбай у голасе спыніў яго вольнапісаны Марэк, — дай-жа закончыць Юрайду.

— На адным хутары, — казаў далей Юрайда, — я натрапіў на аднаго старога салдата часоў окупацыі Босьніі і Гэрцэговіны, што служыў за вулана ў Пардубіцы і да гэтага часу яшчэ не забыўся чэскае мовы. Дык той пачаў са мною спрачацца, што ў Чэхіі кладуць у ліверную кілбасу не маёран, а рамонак. От я і ня ведаю, што мне цяпер рабіць, бо кожны разумны і не папярэджаны чалавек павінен вызнаць маёран за цара ўсіх прысмакаў, што кладуць у ліверную кілбасу. І раптам я ў аднэй хацінцы ўбачыў каля абразіка нейкага сьвятога міртавы шлюбны вянок. Гаспадары хаты толькі нядаўна пажаніліся і міртавы вяночак быў яшчэ даволі сьвежы… Дык я палажыў у кілбасу гэту самую мірту; давялося толькі тры разы абварыць варам гэты вянок, каб лісткі зрабіліся мяккімі і страцілі свой крыху едкі пах і смак. Зразумела, гэта каштавала нямала сьлёз, як я рэквізаваў гэты вянок на кілбасу. Маладыя лаялі мяне і казалі, што за такое блюзьнерства, вянок, як выявілася, быў высьвенчан! — мяне заб’е першая куля. І от вы елі мой крупнік з вантробкамі і ніхто з вас не падумаў, што ён пахне не маёранам, а міртаю.

— У Кралёвым Градцы, — загаварыў Швэйк, — жыў гадоў колькі назад адзін кілбасьнік, Язэп Лінэк, і ў яго на паліцы заўсёды стаялі дзьве скрыначкі. У аднэй былі ўсе прысмакі, што ён клаў у ліверную і крывяную кілбасу. У другой ён хаваў пэрсыдзкі парашок ад казюрак, бо гэты кілбасьнік разоў колькі констатаваў, што яго кліенты здабывалі з кілбасы то блашчыцу, то таракана. А ён увесь час на гэта казаў: «Што датычыць да блашчыц, то яны смакам падобны да горкага мігдалу, што кладзецца ў пірожнае, але тараканы ў кілбасе сьмярдзяць, як старая зацьвіўшая біблія». Таму ён стараўся захоўваць у сваёй майстэрні чыстату і ўсюды сыпаў гэты пэрсыдзкі парашок, і бух! усё ў кілбасу. Але з таго часу ў Кралёвым Градцы пачалі браць ліверную толькі ў Лінэка. Людзі за яе проста гатовы былі біцца. А ён быў здагадлівы і зразумеў, што гэта дапамог пэрсыдзкі парашок і стаў выпісваць яго ад тае фірмы, што яго вырабляе, цэлымі пудамі, але толькі патрабаваў, каб на скрынках было напісана: «Індыйскія прысмакі». Гэта была яго маленькая комэрцыйная таямніца і з ёю ён памёр. І от што самае цікаўнае: у тых сем’ях, дзе куплялі яго кілбасу, пачалі выводзіцца блашчыцы і тараканы! Ад тых дат Кралёвы Град належыць да ліку самых чыстых гарадоў ва ўсёй Чэхіі.

— Ты кончыў? — спытаўся вольнапісаны Марэк, што таксама хацеў штосьці расказаць.

— З гэтым выпадкам я скончыў, — адказў Швэйк, — але я ведаю яшчэ адзін такі самы выпадак у Бэскідах. Але пра той я вам раскажу, як мы будзем на позыцыі.

— Так. Кулінарную штуку лепш за ўсё можна вывучыць на вайне, а асабліва на фронце, — пачаў вольнапісаны Марэк. — Я дазволю сабе падаць невялічкае параўнаньне. Перад вайною ўсе мы чулі пра так званую страву «буракі з лёдам». Гэта патрава, у якую кладуць кавалачкі лёду і якая асабліва пашырана ў Расіі, Паўночнай Нямеччыне, Даніі і Швэцыі. І от як здарылася вайна, у тую зіму нашы салдаты атрымалі ў Карпатах столькі мерзлае поліўкі з лёдам, што яны нават адмовіліся яе есьці, хоць гэта тонкая гастраномічная рэч.

— Мерзлы гулеш можна яшчэ есьці, — дадаў каптэнармус Ванэк, — але нядоўга, найбольш з тыдзень. Праз яго наша 9-ая маршавая рота была адклікана з фронту.

— У спакойныя часы, — надта сур’ёзна сказаў Швэйк, — уся служба круцілася выключна каля кухкі і таго, як там варацца розныя патравы. От у нас, у Будзёвіцах, служыў адзін паручык Закрыс, дык той увесь час туляўся ў афіцэрскай кухні, а калі які-небудзь салдат, бывала, праштрафіцца, дык ён прымушаў яго стаць ва фронт і пачынаў лаяць: «Нягоднік ты, такі ты, сякі, калі гэта з табою яшчэ раз будзе, дык я тваю морду расплюшчу ў катлету, а з цябе самога зраблю бульбяное пюрэ, і цябе-ж самога прымушу ўсё гэта зьесьці. Сок з цябе так і пацячэ, і будзеш ты ў мяне пражыцца, як заяц у духоўцы. Лепш табе паправіцца, калі ня хочаш, каб добрыя людзі падумалі, што я зрабіў з цябе шніцэль».

Развагі на гэтыя тэмы раптам спыніліся, бо зьверху, дзе адбываўся банкет, пачуліся крыкі і галасы.

Спаміж агульнага крыку вызначаўся голас кадэта Біглера:

— Кожны салдат яшчэ ў мірны час павінен усьведамляць сабе, чаго патрабуе вайна, а на вайне не забываць таго, што яго наўчылі на пляцы.

Пасьля можна было пачуць, як злосна шыпіць падпаручык Дуб:

— Прашу зьвярнуць увагу, што мяне трэці раз абразілі.

Там, наверсе, чаўплося штосьці нядобрае.

Падпаручыка Дуба, што, як вядома, зьбіраўся нагаварыць батальённаму командзіру на кадэта Біглера, афіцэры адразу, як толькі ён зьявіўся, спаткалі вясёлымі крыкамі. Самагонка ўжо зрабіла свой уплыў на ўсіх. Таму адзін за адным, намякаючы на здольнасьць падпаручыка Дуба езьдзіць конна, усе пачалі крычаць:

— Што, без штальмэйстара ня выходзіць?

— А, от наш ашалелы мустанг!..

— Колькі часу ты пражыў сярод каўбояў на Далёкім Захадзе, таварыш?

— Глядзеце, панове, наш выдатны яздун ізноў да нас зьявіўся!

Капітан Загнэр хутка наліў яму поўну шклянку самагонкі і падпаручык Дуб, што ўправіўся ўжо абразіцца, прысунуў зламанае крэсла і сеў поруч з паручыкам Лукашом, што спаткаў яго прыветлівым словам:

— А мы, даражэнькі, усё ўжо зьелі!

Тым часам Рыцар Смутнага Выгляду ў форме кадэта Біглера абыходзіў увесь стол, каб строга паводле палажэньня зьявицца да ўсіх афіцэраў: капітану Загнэру са службовага абавязку, а да іншых, хоць усе яго ведалі і бачылі перад сабою, на ўсялякі выпадак, паўтараючы ўсё адну і тую-ж фразу:

— Кадэт Біглер мае гонар зьявіцца ў батальён.

Пасьля Біглер узяў поўную шклянку і ціха сеў каля вакна, чакаючы зручнага выпадку, каб выявіць свае глыбокія веды, якіх ён набраўся з падручнікаў.

Падпаручык Дуб, якому паганая гарэлка адразу кінулася ў галаву, пастукаў пальцам па стале і бяз дай-прычыны пачаў:

— Мы з панам начальнікам акруговае ўправы заўсёды гаварылі, што патрыётызм, вернасьць свайму абавязку і адданасьць зьяўляюцца самаю вялікаю зброяй у час вайны. І я асабліва прыгадваю пра гэта сёньня, калі наша слаўная армія ў хуткім часе пяройдзе праз мяжу ў варожую зямлю[1].

— Перайсьці межы вялікае дзяржавы — гэта ў кожным выпадку вельмі сур’ёзная опэрацыя, — пачуўся з-пад вакна голас кадэта Біглера. — За той час, як я ляжаў апошні раз у халерным бараку, я дакладна вывучаў карту вайны і выявіў, што супроць нас на тым сэктары, які мы, відаць, хутка захопім, знаходзіцца трыкутнік расійскіх цьвярдынь: Луцк, Дубна і Роўна. Нам давядзецца мець справу ня толькі з пяхотаю ў акопах і з васьмідзюймовымі і дванаццацідзюймовымі палявымі гарматамі, а нам трэба будзе штурмаваць цытадэлі і бэтонныя казэматы, і нас будуць абстрэльваць з цяжкіх фортавых гармат. А гэта ўжо нешта зусім іншае, чым палявая вайна. Апошняе слова належыць артылерыі. Наша артылерыя праб’е іхныя ўмацаваньні, і ў гэтыя прабітыя мясьціны мы рушым, як шаранча. І ўсё скончыцца жорсткаю, штыхавою бойкаю: Ура, гура, гура-а-а!

Кадэт Біглер быў ужо гатовым, і нічога на сьвеце не здавалася яму такім лёгкім, як штурм расійскіх фартоў. А падпаручык Дуб, у якога алькоголь таксама туманіў мазгі і акрыляў думкі, адказаў сур’ёзна і чула:

— Так справядліва. Але майце на ўвазе, што артылерыя толькі праб’е мясьціны, а самы штурм павядзе пяхота. Таму пяхота павінна быць адважнаю, гэройскаю, бясстрашнаю. Пяхотаю павінна кіраваць адна ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя. І гэтая ідэя — патрыётызм, любасьць да свайго імпэратара і інтарэсаў краіны. Наша армія, я ведаю, мае гэту ідэю, і кіруецца ёю і таму мы пераможам, бо вайну выграе толькі ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя. Тое-ж самае гаварыў яшчэ калісьці перад вайною і пан начальнік акруговае ўправы. Панове, браты па зброі, ці разумееце вы, якая гэта вялікая рэч — ісьці ў бойку за ідэю? Бо толькі ідэя патрэбна вайне!

Падпаручых Дуб з захапленьнем азірнуўся наўкола, чакаючы знакаў спачуваньня. Ён здаваўся сабе Аўгенам Савойскім, што сказаў: «Каб вясьці вайну патрэбны грошы, грошы і яшчэ раз грошы!», і яму і ў галаву ня прыходзіла, што яго програму было яшчэ цяжэй выканаць, як лёзунг гарбатага францускага прынца. Але капітан Загнэр соннымі вачыма глядзеў кудысьці ў куток, а паручык Лукаш калупаў сваім сьцізорыкам пад пазногцямі.

— Найвялікшую ролю, — зноў пачаў падпаручык Дуб, — каб падтрымаць вайсковы дух у салдата, мае іхнае выхаваньне. Выдаваньне даем ім мы, настаўнікі і профэсары. Гэта мы творым грунт вайсковага духу, што павінен выявіцца ў часе вайны. І от вы можаце заўважыць, што дачыненьні добра выхаваных людзей, так званай інтэлігэнцыі, дачыненьне яе да вайны іншае, як дачыненьне простых салдатаў. Ім вайна значыць толькі:жанчыны, карты і п’янства! Ну, скажэце: няўжо я ня маю рацыі?

І Дуб адным духам выпіў поўную шклянку самагонкі, што падазрона пахла дэнатуратам.

Кадэт Біглер стаяў каля вакна і ўвесь час, як дурань усьміхаўся; капітан Загнэр штосьці прамармытаў і вышаў з пакою, некаторыя афіцэры зьвесілі сонныя галовы на стол і спалі, пасьвістуючы носам. Дуб, зусім п’яны, ледзь варочаў языком і гаварыў:

— Усё дзеля нашага імпэратара! Усё нашай імпэрыі!.. Найвышэйшае на сьвеце — гэта дабрабыт дзяржавы!.. Няхай жыве армія!.. Усё — на яе ўзмацаваньне!..

Пад нізкаю стольлю галічанскае школы, перад афіцэрамі аўстрыйскае арміі гаварыліся словы з маніфэсту спарахнелага старога імпэратара. Яны здаваліся вельмі шляхетнымі і гуманнымі. Але ніводзін з афіцэраў ужо ня мог падумаць, ня кажучы пра тое, каб зразумець, што гэты лёзунг павінен быў у практыцы мець такі самы вынік, як клопат сялянкі пра свае парасяты, як яна поіць іх малаком. Гэта-ж робіцца на тое, каб хутчэй іх закалоць, каб мяса іх было больш мяккае, сакаўное, каб павялічылася іх жывая вага і каб, нарэшце, пад мясьніковым нажом аплаціліся ўсе «клопаты»…

Дуб, зусім п’яны, крыкнуў яшчэ:

— Ідэя, ідэя і яшчэ раз ідэя… Каб ня было Аўстра-Вэнгрыі, яе трэба было-б стварыць… Няхай жыве нябожчык Палацкі!

І з гэтымі словамі ён пакаціўся пад стол.

Капітан Загнэр вярнуўся назад. Сьледам за ім у пакой, як віхор, уляцеў разьлютаваны Юрайда, выцягнуўся і казырнуў, хоць на ім і ня было шапкі.

— Дазвольце паведаміць, пане капітан, што ён яе ўсю зьеў! — не сваім голасам зароў Юрайда. — Дальбог, я не вінаваты, пане капітан. Я вынес яе, каб яна астыла, а ён яе зьеў. Такая цудоўная была кілбаса! І важыла, прынамсі, два кілё. Эх, каб я ведаў, што яе спаткае такі лёс!..

— Паслухайце, кухар, гаварыце ясна, што здарылася? і чаго вы лезеце сюды? Няўжо цяпер пара зьяўляцца з паведамленьнямі? Чорт ведае што такое, вы ўжо прыходзіце да паноў афіцэраў, як у рэсторан, — напусьціўся капітан Загнэр на перапуджанага Юрайду.

— Дазволье паведаміць, пане капітан, — ізноў пачаў Юрайда. — Вы загадалі мне зрабіць браўншвэйгскую кілбасу, і я яе зрабіў. Пасьля я паставіў яе, каб выстыла, у склеп: падыспад дошку, наверх дошку ды зьверху два вялікія камяні, каб зьлежалася, бо гэтак трэба. А ордынарац Балун бачыў мяне, як я яе выносіў, улез у склеп і ўсё паеў, нават не пачакаў, каб астыла… Дазвольце паведаміць, пане капітан, што вы гэтае кілбасы больш ня можаце пакаштаваць, бо яе зьеў ордынарац паручыка Лукаша. От і ўсё. А я дальбог, невінаваты!

Капітан, што ўжо са слоў Лукаша ведаў пра Балуна, які той хваравіта пражорысты, раскатурхаў задрамаўшага паручыка, ледзь стрымліваючы сьмех:

— Гэй, паслухай, Лукаш, вазьміся ты за гэтую справу! Твой Балун зьеў нашу браўншвэйгскую кілбасу, памятаеш, як ты рад быў паласавацца ёю, з воцтам, з цыбулькаю? Дык от прымі ад мяне шчырае спачуваньне твайму гору — яе няма і ня будзе!

Заспаны паручык Лукаш з лаянкай прычапіў шаблю і выйшаў за Юрайдаю па сходах. Там, на дварэ, сядзеў на бервяне Балун, а перад ім стаяў з люлькаю ў зубах Швэйк.

— От бачыш, сьвіньня, — лаяў Балуна Швэйк, — да чаго давяла цябе твая нахабнасьць і твая прагавітасьць! Ты нават мог адважыцца зьесьці кілбасу паноў афіцэраў! Каб ты яшчэ аб’еў аднаго твайго пана паручыка, дык я-б ня дзівіўся, бо гэта добры хлопец! А цяпер… Няшчасны!.. Цябе-ж, дурня, цяпер расстраляюць. Езус-Марыя, а што калі кілбаса была кепска зварана і ў ёй былі трыхіны? У цябе-ж цяпер завядуцца рабакі ў жываце, бедалажны ты!

— Ша, балбатун! — крыкнуў паручык на Швэйка. — Маўчэце! Згнаю вас у карцары, калі яшчэ што скажаце!.. А ты, Балун, паганец, дзе дзеў кілбасу? Устаць, калі з табою гавораць!

Швэйк выцягнуў з рота люльку.

— Дык дазвольце паведаміць, пане паручык, што Балун нават і ўстаць ня можа, — сказаў ён. — Ён зусім скіс. Вы-ж падумайце: кілбаса важыла больш за два кілё. Ведаеце, у Нісьле таксама быў адзін домаўласьнік, дык таму даводзілася пасьля абеду прысоўваць да стала ложак, таму што ён так наядаўся, што ня мог ўжо сам дайсьці да яго… У людзей, пане паручык, дазвольце сказаць, розныя слабасьці здараюцца. От, напрыклад, у Іноніцы жыла адна краўчыха, што…

— Сьціхніце, Швэйк, а то я вас праткну на месцы, — праскрыгатаў праз зубы паручык. — Вам зусім няма чаго ўсоўваць нос у гэтую справу. Ну, уставай, прорва, бяздонная бочка! — накінуўся ён на Балуна. — А ты, Швэйк, — казаў далей паручык, пабачыўшы, што той усё стаіць выцягнуўшыся, — калі ты яшчэ скажаш слова, дык пакаштуеш вось гэтае штучкі.

І паручык выцягнуў шаблю і бліснуў ёю ў паветры.

— Я толькі хацеў сказаць, — шчасьліва ўсьміхнуўся Швэйк, — дазвольце паведаміць, пане паручык, што такая сьмерць была-б мне толькі жаданаю і прыемнаю. Кажуць, што сьмерць ад рукі свайго пана надта салодкая. У адрыўным календары, пане паручык, я неяк прачытаў пра гэта такое апавяданьне, вельмі ўзрушаючае і цікавае. У Францыі жыў адзін маркіз, а ў яго быў стары камэрдынэр, а як там пачалася рэволюцыя і сяляне пачалі руйнаваць маёнткі, гэты маркіз памылкова застрэліў свайго камэрдынэра. І як камэрдынэр ужо ўміраў ды маркіз хацеў паслаць па доктара, камэрдынэр сказаў: «Ня трэба пасылаць ваша сьветласьць; я з прыемнасьцю ўміраю. Няўжо, як вы лучылі мне ў грудзі і я зароў ад болю, вы ня крыкнулі: «Божа, мой! Гэта ты, Жозэф? Даруй мне!» Гэта мяне зусім здаволіла». І ён памёр, зусім памёр. Дык дазвольце паведаміць, пане паручык, цяпер вы можаце мяне закалоць.

Швэйк расшпіліў два гузікі свайго мундзіру, адступіў на крок і прадэклямаваў:

Праткні халоднай стальлю мае грудзі,
Каб стух агонь у маей крыві…

— Швэйк, дурань, падла, няўжо мне праз вас звар’яцець? Езус-Марыя, мне-ж самому давядзецца застрэліцца праз ваша ідыёцтва, — прастагнаў, бедны паручык, схапіўшыся за галаву. — О, мае нэрвы, мае нэрвы!..

— Не, гэтага вы не рабеце, — рэзонна заўважыў Швэйк, зашпіляючы мундзір, — бо гэта было-б, дазвольце паведаміць, пане паручык, вялікім глупствам. Бо, калі вас застрэляць расійцы, Аўстрыі ваша сьмерць абыйдзецца таней. У іншым выпадку дзяржава панясе страты, бо патроны ў рэвальверы таксама што-небудзь каштуюць. А ведаеце, пане паручык, вершы пра халодную сталь і агонь у мяне з опэрэткі на Вінаградах; гэта там такія рэчы ставяць. І публіка за ўсім з увагаю сочыць рымае ўдзел у гульні артыстаў. Неяк раз давалі адну рэч пад назваю «Кароль Венцаслаў і кат»; і от, дазвольце паведаміць, кароль сядзеў у Кундратыцкім каралеўскім замку, піў віно і ўсё паўтараў: «Боскі пярун, боскі пярун!» А адзін з яго падданых усыпаў яму ў келіх атруты, каб пазбавіцца яго; кароль той і хацеў ужо выпіць і падняў келіх, а адна старэнькаякая на галёрцы як спужалася, ды як закрычыць: «Ня пеце, каханенькі, ня пеце, там атрута!» А другога разу ізноў…

Паручык Лукаш заткнуў вушы, злосна зірнуў на Швэйка, выкаціўшы вочы так, што яны наліліся кроўю, піхнуў нагою зусім няпрытомнага Балуна і зьвярнуўся да каптэнармуса Ванэка:

— Балуна тры дні падвязваць да слупа на дзьве гадзіны. Перадайце яго ўзводнаму. Тут не даводзіцца раздумліваць, што гэта ён ўпёр кілбасу?

І, не чакаючы на адказ, ён, як куля, вылецеў з двара. Швэйк доўга пазіраў усьлед яму сваімі дабрадушнымі, блакітнымі, як незабудкі, вачыма, і калі сьціхла бразганьне шаблі па прыступках усходаў, ён павярнуўся да непрытомнага Балуна:

— Бачыш, дурань, што ты нарабіў? Каб яшчэ крышку, і цябе-б павесілі, як апошняга сабаку! Цяпер я табе ўжо другі раз выратаваў жыцьцё, але толькі ўжо больш я гэтага ніколі не зраблю, прысягаю табе ўсімі сьвятымі. Няўжо сумленны салдат будзе есьці афіцэрскую кілбасу? Каб пра гэта даведалася яго апостальская вялікасьць, наш імпэратар, дык што-б ён падумаў пра нашага брата, пра цябе і пра мяне?

Але як Швэйк убачыў, што вечна галодны асілак плача горкімі сьлязьмі і выцірае іх крысом, ён скінуў з балуновай галавы шапку і пяшчотна пагладзіў яго па валасох.

— Дык кінь ты, ня плач, не скавычы, як старая баба, — пачаў ён яго цешыць. — Ня варта плакаць з-за такое дурніцы, як тое, што цябе падвяжуць. Пачакай, нас чакаюнь яшчэ горшыя рэчы. Ведаеш, у Радліцах жыла адна вугольшчыца, дык так заўсёды гаварыла: «Бог ніколі ня зробіць такой дурніцы, горш за якую ён ужо нічога ня мог-бы здумаць».

У гэты час прышоў узводны з вяроўкамі і двума салдатамі. Яны адвялі Балуна ўбок і падвесілі яго да маладое ліпы каля самае школы. З верхняга вакна высунуў галаву падпаручык Дуб і крыкнуў ім:

— Падвяжэце гэтую сьвіньню мацней, каб у яго ў ваччу пацямнела! Каб ён стаяў толькі на пальчыках, як балерына!.. Узводны, калі гэту асобу вы ня падвяжаце як сьлед, я вас самога падвяжу, уласнаручна! Вы мяне яшчэ ня ведаеце; я вам кажу, што вы мяне яшчэ ня ведаеце!

І ўзводны так нацягнуў вяроўку, што яна ўрэзалася Балуну ў цела.

— Ня так моцна! Ды плюнь ты на яго! — марматаў Швэйк. — Гэта-ж зусім ідыёт, нейкі дурны настаўнік, шпак!

Да падвязанага прыставілі вартаўніка, каб той сачыў, каб пакараны ня страціў прытомнасьці. А Балун, што ня так даўно быў аб’еўся, зьвярнуўся, ахоплены чыста чэшскім радыкалізмам, да Швэйка са словамі:

— Як будзе мір, я схаджу да гэтага Дуба і скажу яму: «Пацалуй мяне ззаду. Плюю я на цябе. У мяне ёсьць свой млын, а ты голы інтылігэнт, без капейкі ў кішэні!»

Набліжаўся ўжо вечар. Заходзіла сонца, абсыпаючы падвязанага Балуна крывавым зьзяньнем. Салдаты гналі ў вёску скаціну, што ўвесь дзень пасьвілася на сенажаці і ў лесе. Рыканьне кароў і сьвіст бізуноў прыгадалі Балуну яго родную хату, сытую сьвініну і смачны хатні хлеб. Сьлёзы ізноў набеглі яму на вочы. Ён зірнуў на сонца, што заходзіла там дзесьці, дзе стаяў ягоны млын, і страшэннае галашэньне вылецела з ягоных грудзей.

— Чаму, літасьцівы божа, ты не стварыў мяне бугаём? — з роспаччу шаптаў ён. — Прынамсі я ніколі ня ведаў-бы такога голаду! Колькі травы я зьеў-бы на тым полі, дзе нам давялося праходзіць.

Узводны прышоў толькі тады, як ўжо зусім зьмяркалася і адвязаў Балуна. Няшчасны напалоханы Балун разглядаў чырвоныя падцёкі на сваіх руках, паціраючы іх і хістаючыся як п’яны, а Швэйк пацяшаў яго:

— Не бярэце на такія глупства ўвагі. Тут кары нікуды не запісваюцца, ні ў якую кнігу. А толькі, браце, строгасьць да беднякоў мусіць быць і на вайсковай службе. А то да чаго-б мы дажыліся, каб людзям было ўсё дазволена? От мне, напрыклад, як я быў у аўстрыйскім палоне, давялося пабачыць вялікі вучастак нашага фронту, і ўсюды, скажу я табе, пануе вельмі вялікая строгасьць і дысцыпліна. У дэйчмэйстэраў салдатаў падвязваюць, у тырольскіх стралкоў падвязваюць, у 66-ым пяхотным падвязваюць, а ў гонвэдаў нават нядзяюць на рукі «бранзалеткі». Увесь сьвет, армія і Аўстра-Вэнгрыя трымаюцца на строгасьці. Кара павінна быць; нават усемагутны пан бог усіх карае і таксама не пагладзіў-бы ён цябе па галаве, каб ты зьеў у яго два кілё браўншвэгскае кілбасы… Ну, ды ідзі цяпер вячэраць. Мы табе вячэру пакінулі. Але толькі памятай: строгасьць з бедным народам павінна быць, нават калі ўсё наўкола ляціць да чорта.


На парце ў аднэй з клясаў ляжаў кадэт Біглер, ніякавы, бледы і ўвесь нібы пазелянелы. На крэсьле каля яго сядзеў паручык Лукаш, у галавах стаяў капітан Загнэр і нездаволена гаварыў:

— От як, кадэт Біглер! Значыць ізноў у больніцу? Добра! Вельмі добра! У доктара вы былі ўжо? Не яшчэ? Дык вы напэўна яшчэ ня ведаеце, што гэта такое ў вас?.. Ну, а яна была прыгожанькая? А колькі гэта прыемнасьць каштавала? Праклятыя бабы!.. Лукаш, а ты ўсё яшчэ здаровы? Я таксама. Барані божа, каб я чаго-небудзь не схапіў. Кадэт, я прышлю да вас доктара, а ты, Лукаш, пашлі сюды Швэйка, няхай ён падае кадэту ўсё, што яму захочацца. Ну, бывайце здаровы!

І абыякава, крыху з гіроніяй, пакланіўшыся, ён вышаў з пакою. Паручык Лукаш спытаўся ў хворага:

— Значыцца гэта ў цябе на памятку пра міласэрную сястру? Пра гэту русавалосую з Польшчы? А яна сапраўды была «фон»? А, вось як! Гэта сапраўдная баронэса? Ну што-ж, тады гэта ў цябе са шляхетнай сям’і. А пакуль што, я прышлю да цябе Швэйка. Ён ужо знойдзе, як цябе пацешыць. Бывай здароў.

І ён таксама вышаў, сьмяючыся з безнадзейнага настрою кадэта.

Кадэта Біглера (так прынамсі ён думаў) у той самы вечар, як падвязалі Балуна, паваліла на гэты ложак хвароба нейкая любоўная прыгода. Ён тады хадзіў у суседнюю вёску, дзе быў разьмеркаваны палявы лазарэт з прыгожанькімі міласэрнымі сёстрамі. І вось адна з іх адразу закахалася ў Біглера. Ён загарэўся ўзаемным пачуцьцём, падараваў ёй паперку на пяцьдзесят крон і пярсьцёнак, што надзела яму, разьвітваючыся, на палец у Вене маладая, са словамі: «Гэта каб ты мяне не забыўся!» Што-ж маладая тады так плакала, што, здавалася, яна патане ў моры сьлёз, а сястрыца, убачыўшы шчодрасьць жаніха, правяла яго ўвечары дамоў і з лёгкасьцю дала сябе спакусіць…

Цяпер кадэт Біглер з жахам думаў пра яе.

— Каб яе чорт схапіў! — лаяўся ён у думках. — Калі мяне з гэтаю хваробаю адашлюць у Вэну і мая Міцці прыдзе мяне даведацца, дык… Ах, каб яна правалілася, гэта праклятая шлюха!

— Дык, пане кадэт, — зьявіўся перад ім раптам Швэйк, — дазвольце паведаміць, пан паручык паслаў мяне, каб я даглядаў вас. Вы, кажуць, хворыя і паручык вытлумачыў, што вам патрэбна ўцеха. Я вам, пане кадэт, усё дастану.

— Швэйк, — прастагнаў кадэт, — дапамажэце мне ўстаць і адвядзеце мяне ў патрэбную каморку.

— Слухаю, пане кадэт! — весела адказаў Швэйк і падхапіў яго пад рукі. — Дазвольце ў вас запытацца, якая там патрэба: малая ці вялікая? Бо ў такім выпадку я-б вам рашпіліў порткі. Ну, давайце паціху: раз, два…

І ён павеў яго ў патрэбную каморку. Біглер, скрыгочучы зубамі ад болю, ледзь справіўся там. Ягоны лоб быў мокры.

— Што, вельмі пячэ, пане кадэт? — запытаўся ў яго Швэйк. — Ну, дармо, пройдзе. Гэта-ж нядоўга. Якіх небудзь тры тыдні. І гэта нават зусім не хвароба, пане кадэт, а так — маленькая няпрыемнасьць… Ну, от цяпер трэба ізноў легчы; трэба ўсё-ж быць асьцярожным.

Ён паправіў пад галавой кадэта мундзір, накрыў яго шынэлем і з цікаўнасьцю спытаўся:

— Гэта ў вас даўно, пане кадэт? Вы ня турбуйцеся, гэта глупства. Вас паложаць у шпіталь, дадуць вам санталавых капсулек, прамыюць вас марганцава-кіслым каліем і праз пару месяцаў вы ізноў будзеце, як рыба ў вадзе. Такая рэч бывае часамі няпрыемная, але ўсё-ж даволі цяжка. От, напрыклад, на Сьміхаве жыў нейкі пан Рэгль, комівояжэр, што таксама падхапіў гэткую рэч ад аднае паненкі ў готэлі «Бэльгія». Яе, паненку гэту, звалі Сільва, але гэта ня было яе сапраўднае імя, бо сапраўды яе звалі Кацярына, і была яна з Добраўчыцы, і я ведаў яшчэ яе бацьку, што быў браконьерам і аднаго разу падстрэліў нават лясьніка. А лясьнік гэты лятаў за браконьерамі, як выжал за зайцамі. І ўсялякая дзічына была ў яго на рахунку. Ну, дык от гэты пан Рэгль пачаў заляцацца да Сільвы і перапісвацца з ёю. Ну, добра. А калі пан Рэгль схапіў таксама от гэтакую рэч, ён пайшоў да доктара Віртана ў Сьміхаве і сказаў яму, што ўночы з ім быў нейкі прыпадак, а ў выніку яго — гэткая няпрыемнасьць! Тут доктар раззлаваўся і сказаў яму: «Паслухайце, шаноўны пане, вы лепш мне скажыце, што гэта вам з ветру сталася! Ужо калі ілгаць дык ілгаць! Я-ж ня доктар, а інстытутка і вельмі люблю казкі!» Урэшце паслаў ён нашага Рэгля ў вэнэрычную больніцу. Гэты доктар, наогул, быў вельмі цярплівы чалавек, але ён быў загадчых касы хворых і хворыя часта яму надакучалі і злавалі. Напрыклад, прыходзіць да яго жонка аднаго камінара, што ўсю зіму хварэў на раматус, і просіць каб доктар падпісаў ёй бюлетэнь. Ну, той падпісаў і пытаецца: «Ну, як маецца ваш стары?» — «Ды кепска паночку, кепска, — гаворыць бяззубая старая, — бо от холад які трымае і работы няма». — «А парашкі, што я выпісаў, ён прымае?» — пытаецца доктар і пачынае штосьці пісаць. «Прымае». — «Ну, вітайце яго бабулька ад мяне». Але старая ня выходзіць і пытаецца ў доктара: «Пане доктар, а ці ня было-б лепш, каб я яго чым-небудзь пашмаравала?» — «Пашмаруйце яго, бабулька». — «А што, каб я напаіла яго рамонкам або ліпавым адварам?» — «Няхай нап’ецца чаго хоча». — «Ах, пане доктар, а от суседка казала, што яму лепш ня прымаць ніякіх парашкоў. Як вы ўважаеце, пане доктар?» Ну, тут ужо доктар ня вытрымаў, ды як тупне, як зараве: «Гэй, цётка, як вас там клічуць… Дваццаць год я вучыўся і дваццаць год працую за доктара, а вы паслухайцеся свае суседкі і выкіньце мой дыплём у памыйніцу». От і гэты пан Рэгль, дазвольце, пане кадэт, паведаміць, таксама не паслухаў і ня лёг у больніцу, пакуль яго туды не адвезьлі, бо ў яго там запаленьне і бог ведае яшчэ што. З больніцы ён вышаў, як цень, а не чалавек, а пасьля напаў тубэркулёз, і яму давялося выразаць абодва яечкі. Спачатку яго таксама вельмі паліла… А такая хвароба, як у вас, глупства, і тут нічога кепскага ня можа здарыцца. Што, яшчэ ўсё паліць, пане кадэт, ці вам ужо стала лягчэй?

— Швэйк, калі вы мне ня можаце расказаць нічога больш вясёлага, дык ужо лепш маўчыце, — прастагнаў кадэт, прыгнечаны прыемнаю пэрспэктываю, што намаляваў яму ротны ордынарац.

А Швэйк папрасіў дазволу закурыць, набіў люльку і, з асалодаю зацягнуўшыся, дабрадушна казаў далей:

— Ведаеце, пане кадэт, замест трыпэру я пажадаў-бы вам лепш, дазвольце паведаміць, атрымаць сыфіліс. От вы, пане кадэт, можна сказаць ня вельмі дурны, і маглі-б з такою рэччу зрабіць сабе кар’еру. З сыфілісу бывае разьмякне мозак ці хопіць паралюш або іншае што… што звычайна бывае ў кожнага генэрала. Вы яшчэ малады, пане кадэт, дык хутка маглі-б зрабіцца генэралам, от рады былі-б вашы бацькі. Але калі-б вы хацелі дастаць паралюш, дык павінны былі-б вельмі сачыць за сабою. От у нас, на Вышаградзе, жыў адзін калідорны, дык той папаў сыфіліс ад аднае пакаёўкі. Але ён не хацеў нікому паказвацца з ім, баяўся дактароў горш, як агню і казаў, што бабкі, якія лечаць зёлкамі, больш разумеюцца на гэтай справе, як абодва мэдыцынскія факультэты, нямецкі і чэскі, разам. Але толькі, дазвольце паведаміць, у простым народзе сапраўды ёсьць шмат людзей, што разьбіраюцца ў хваробах і ведаюць шмат такіх хвароб, пра якія вучоныя паны дактары і ня чулі. Як я быў у Чорна-касьцялецкім лягеры, туды прыходзіла адна старая, Мэдржычка яе прозьвішча. Яна хадзіла ад барака да барака і прадавала піражкі і каву. Піражкі каштавалі чатыры гэлеры, а кава шэсьць. Цяпер гэтая старая ўжо, напэўна, памёрла, — няхай ёй лёгка будзе на тым сьвеце! — але кава ў яе, паганкі, вельмі нясмачная, бо яна варыла яе толькі з жалудоў і цукорыі. І ў гэтае Мэдржычкі, ці ведаеце, таксама былі ўсялякія лекавыя зёлкі і яна нават умела замовіць сухоты. Вы ведаеце, што гэта за хвароба, пане кадэт? Ну, дык от, як адна дзяўчына пачала там блажнець і сохнуць, яе бацькі пачалі плакаць, што ў яе сухоты і паклікалі старую Мэдржычку. А ў той час, пане кадэт, як мы там стаялі ў лягерах, шмат дзяўчат блажнела і сохла… Дык от, старая загадала дзеўчыне ўкленчыць перад абразамі і маліцца: «Прасьвятая багародзіца, зьмілуйся над намі!», і сачыла, ці затрасе яе, ці не, а калі трасло, дык значыла, што сухоты. І яшчэ, дазвольце паведаміць, пане кадэт, што ў той час дзяўчат яшчэ трэсла і яны маліліся з вялікім стараньнем і не навучыліся яшчэ пісаць пад абразом сьвятое дзевы: «Сьвятая дзева, што зацяжарыла без граху, навучы мяне, як мне грашыць і не зацяжарыць!» Нарэшце, старая вымерала дзяўчыну ніткаю, якую яна перш памачыла ў сьвятой вадзе, зрабіла крэйдаю навокала яе кола на падлозе, абабіла аб яе галінку бэзу і крыкнула: «Дзева Марыя, у яе сухоты. Бог да нас, а ўсё злое — ад нас!» Мы начавалі там у аднаго гаршчэчніка, а ў яго была красуня-дачка. Узводны нашага палка пашоў з ёю ў лес у ягады, а пасьля гэтага дзяўчына раптам пачала блажнець, а Мэдрэжычка прыходзіла замаўляць у яе сухоты. І потым, як мы ўжо зусім забыліся, наш узводны раптам атрымлівае ад яе ліст, што яна радзіла блізьнят, і каб ён забіраў у яе дзеці. А яе бацька яшчэ прыпісаў ад сябе: «Пане ўзводны, выканайце свой абавязак, калі вы ўжо сапсавалі нам дзеўчынку. Я-ж і ведаў, што сухоты ў яе ад вас». Вам не абрыдзела, пане кадэт, што я апавядаю вам такія доўгія гісторыі?

— Швэйк, вы-ж сапраўдная жывая кроніка, — адказаў зацікаўлены кадэт, — але вы забыліся дакончыць, што зрабілася з калідорным…

— Гэта вы пра калідорнага з Вышаграду? — радасна спытаўся Швэйк, бо кадэт першы раз слухаў, не перабіваючы яго, не пярэчыў яму і не лаяўся. — Нічога! Яго лячыў стары Людвік са Сьміхава, што купляў яму ў краме на сем гэлераў цынкавых бяліл, каб ён засыпаў імі раны. Ну, а пасьля ў калідорнага мяса пачало адвальвацца з касьцей, і ён павесіўся каля царквы ў Кухельбадзе. І гэта было ягонае шчасьце, бо ён быў толькі просты калідорны і яго ніколі-б не зрабілі генэралам, нават каб у яго было пяць паралюшаў і ягоныя мазгі зрабіліся вадкімі, як піва… А ведаеце, пане кадэт, цяпер такая плойма гэтых хвароб, а салдаты, што сваёю дурною галавою ня могуць зразумець, якое шчасьце памерці за яго імпэратарскую вялікасьць, стараюцца атрымаць іх знарок. І от такі чалавек садзіцца ў вагон і ня крычыць: «Бывай здарова Прага, шчасьліва табе заставацна!», а абавязкова: «Да спатканьня праз тыдзень, у мяне нават білёт ёсьць на дарогу назад. Купіў яго ў «Напалеоне» за цэлых тры кроны».

— Зважай! — крыкнуў раптам Швэйк і выцягнуўся, як струна.

У дзьвярох зьявіліся капітан Загнэр і доктар Штэйн.

— Разьдзеньцеся, калі ласка, — зьвярнуўся доктар да кадэта, а пасьля пачаў яго вывучаць, паставіўшы яго ў сябе паміж каленаў, бо ён быў вельмі нізак на вочы. Швэйк з цікавасьцю сачыў за процэдураю доктарскага агляду.

— Глупства! — сказаў доктар. — Самае звычайнае затрыманьне мачы. Пане кадэт, вы напэўна выпілі залішне? Прышлеце да мяне чалавека і я дам вам парашкоў, а заўтра усё будзе ў парадку. Ну, бывайце, я сьпяшаюся.

І доктар разам з ротным командзірам пашоў далей.

— Дык дазвольце, я схаджу па парашкі, — запрапанаваў свае паслугі Швэйк. — А толькі мне вельмі шкода, што ў вас затрыманьне мачы, а ня сыфіліс, бо тады-б вы хутка атрымалі чын генэрала і пацешылі-б сваіх бацькоў. Справа ў тым, пане кадэт…

Больш яму нічога не давялося сказаць: кадэтаў бот трапіў яму проста ў твар і адскочыў ад яго носа, вымазаўшы ўсё швэйкава аблічча ваксаю. Кадэт стаяў пасярод пакою, нібыта ніколі ў жыцьці не хварэў, і крычаў, паказваючы пальцамі на дзьверы:

— Марш! Прэч! Быдла, паганец! Як ты сьмееш? Езус-Марыя, я цябе, дурня, аддам пад суд і цябе расстраляюць! Разумееш?

Як Швэйк зышоў на дол, вольнапісаны Марэк запытаўся ў яго, што ён рабіў наверсе і да каго клікалі доктара. Швэйк зірнуў у кавалак разьбітага шкла і, наплёваўшы ў насатку, сьцёр ваксу з левае шчакі і спакойным тонам адказаў:

— У пана кадэта Біглера было затрыманьне мачы, таму я за ім даглядаў і мы з ім вельмі спакойна і добра размаўлялі.

— От якое шчасьце! — зарадаваўся Марэк. — Ён якраз мне і трэба, каб памёр гэройскаю сьмерцю, а не валяўся ў больніцах. Я прызначыў яму выканаць такую справу, за якую ён атрымае бронзавы мэдаль «за адвагу», малы срэбны, вялікі залаты і яшчэ шмат узнагарод і блаславеньне сьвятога папы. Ён у мяне падрывае варожы парахавы склад і адзін бярэ ў палон расійскі генэральны штаб. Ён зробіць у гісторыі нашага палка такія ўчынкі, што, пасьля вайны, яму, кадэту Біглеру, будуць служыць малебнаю удзячнасьць.

Швэйк уважліва слухаў, а пасьля заўважыў:

— Вы, мне, здаецца, нагародзіце там такіх страшных рэчаў, што можна будзе за галаву схапіцца.

З гэтымі словамі ён выцягнуў з кішэні капшук з тытуном, сеў на лаўку і засьпяваў:

У Брно пад „Сіняю Лапшою“
Скачуць дзеўкі цэлым роем.
Вось і я туды ўваліўся,
З рыжай дзеўкай пакруціўся.
Заплаціўшы ёй па чыну,
Я залёг з ёй на пярыну. —
Раніцай папёр ў бальніцу —
Боль такі, што аж скрывіўся…
Дактары мяне спыталі:
„Дзе цябе пачаставалі?“
— З дзеўкай я гуляў шальною
Там, пад „Сіняю Лапшою“.

Чэхаславацкі вайскова-навуковы інстытут зьбірае цяпер усе салдацкія песьні і прыпеўкі, што зьявіліся ў часе сусьветнай вайны. Тут я без узнагароды даю ў іх распараджэньне некаторыя вершы і песьні ўдалага ваякі Швэйка.

  1. На гэтым скончыўся рукапіс Яраслава Гашэка, што памёр 3 студзеня 1923 году, на саракавым годзе жыцьця. Незакончаную ягоную працу давёў да канца сябра нябожчыка Карл Ванэк.