Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/Духовая ўцеха

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Швэйк у ролі расійца палоннага Духовая ўцеха
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Duchovní útěcha
Пераклад: Лукаш Калюга
Швэйк ізноў апынуўся ў сваёй маршавай роце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ДУХОВАЯ ЎЦЕХА

Фэльдкурат не ўвайшоў, а літаральна ўскочыў да Швэйка, як балерына на сцэну. Сум па райскім жыцьці, па райскай асалодзе і бутэлька белага віна зрабілі яго ў гэты момант лёгкім, нібы пёрка. І яму здавалася, што ў гэтую смутную хвіліну ён, набліжаючыся да Швэйка, набліжаўся да бога.

За ім зачынілі дзьверы, пакінуўшы яго са Шзэйкам сам-на-сам. Тады ён падышоў зусім блізка да салдата, што сядзеў на столку, і ўзрушана прамовіў:

— Мой любы сын, я фэльдкурат Мартынец.

Такі зварот ўсю дарогу здаваўся яму самым адпаведным і, так сказаць, бацькоўскі-шчырым.

Швэйк ветла падняўся, як мядзьведзь у бярлозе, патрос фэльдкурата за абедзьве рукі і сказаў:

— Вельмі прыемна. Маё прозьвішча Швэйк, ордынарац 11-ае маршавае роты 91-га пяхотнага палка. Наш кадр нядаўна перавялі ў Брук на Лейце. Дык прашу вас сядайце, пане фэльдкурат, і раскажэце мне, за што вас пасадзілі. У вас-жа афіцэрскі чын і вам трэба сядзець у афіцэрскай камеры. Дык чаму-ж вы тут? Тут і сяньнікі ўсе вашывыя. Здараецца, вядома, што часам іншы чалавек і сам ня ведае, у якую камеру яго трэба пасадзіць, але тады яго значыць пераблыталі ў канцылярыі. От мне самому, пане фэльдкурат, давялося сядзець арыштаванаму пры палку ў Будэёвіцах і да мяне раптам пасадзілі кандыдата на першы афіцэрскі чын, самі ведаеце, хто такі кандыдат на першы афіцэрскі чын, гэта ўсяроўна, як фэльдкурат ні сьвіньня, ні парася. Гэтага пасадзілі за тое, што ён лаяў салдатаў як праўдзівы афіцэр, а такіх знарок саджалі з салдатамі. Гэта былі, пане фэльдкурат, проста нейкія дурні; у унтэр-афіцэрскі кацёл іх ня прымалі, карыстацца салдацкім катлом ім дазвалялася таму, што яны не салдаты, а абедаць у афіцэрскім сабраньні іх таксама ня пускалі. У нас было такіх пяць чалавек у палку, і спачатку яны жывіліся адным толькі сырам з салдацкае крамкі, бо іх нідзе не кармілі. Так гэта цягнулася да таго часу, пакуль іх не застаў там паручык Вурм і не забараніў ім хадзіць туды, бо гэта ніяк не пасуе да годнасьці кандыдата на першы афіцэрскі чын хадзіць у салдацкую крамку. А што яны павінны былі рабіць? У афіцэрскую-ж крамку іх таксама ня пускалі. От так яны і віселі ў паветры і за дзён колькі яны тах змарнелі, так зьнябыткаваліся, што адзін з іх кінуўся ў Мальшу, а другі зусім уцёк з палка і праз два месяцы напісаў у казарму, што ён зрабіўся вайсковым міністрам у Мароко. Такім чынам іх засталося чацьвёра, бо таго, што кінуўся ў Мальшу, выцягнулі з вады яшчэ жывога. Бачыце, ён з страху забыўся, што ўмее плаваць і нават вельмі добра вытрымаў экзамены ў школе плаваньня. Яго адвезьлі ў больніцу, а там таксама ня ведалі, куды палажыць і якую коўдру даць яму: ці простую салдацкую ці афіцэрскую. З гэткага становішча знайшлі такі выхад, што зусім пакінулі яго бяз коўдры, а накрылі толькі аднэй просьцінаю. Дык ён ужо праз паўгадзіны стаў прасіцца назад у казарму. От гэтага чалавека і пасадзілі зусім мокрага ў маю камеру. Ён прасядзеў нешта чатыры диі і быў вельмі здаволен, бо яму давалі, праўда арыштанцкую, але ўсё-ж ежу і яна была яму кожны дзень забясьпечана. На пяты дзень па яго прышлі, праз паўгадзіны ён яшчэ вярнуўся па шапку і, плачучы з радасьці, гаворыць мне: «Нарэшце прышло вырашэньне нашай справе. Цяпер мы, кандыдаты на першы афіцэрскі чын, будзем адбываць пакараньне на гаўптвахце разам з афіцэрамі і абеды будзем мець з афіцэрскае кухні. Калі паны афіцэры наядуцца, дык нам астачу. А спаць мы будзем разам з салдатамі, каву таксама з салдацкае кухні будзем даставаць, і папяросы таксама атрымліваць як салдаты».

Толькі цяпер фэльдкурат настолькі апамятаўся, што мог перапыніць Швэйка фразаю, што ня мела ніякага дачыненьня да папярэдняе іхняе гутаркі:

— Так, так, мой каханы сыне. Міш небам і зямлёю ёсьць такія рэчы, пра якія трэба падумаць хрысьціянскай душы з надзеяю на боскую літасьць. Я прышоў падаць табе, каханы мой сыне, духовую ўцеху.

Ён змоўк, бо ўсё гэта ў яго неяк няскладна выходзіла. Яшчэ ў дарозе ён склаў плян прамовы, з дапамогаю якой хацеў прымусіць няшчаснага задумацца пра яго грэшнае жыцьцё і выпрасіць літасьці і жыцьця на тым сьвеце, што яму абяцае рэлігія, калі ён пакаецца і замоліць свае грахі.

Ён стаў меркаваць, што-б яму гэткае сказаць, але Швэйк папярэдзіў яго, спытаўшыся, ці няма ў яго папяросы.

Тое, што фэльдкурат Мартынец да гэтага часу не навучыўся курыць, было ўсё, што засталося ў яго ад ранейшага хрысьціянскага жыцьця. Цяпер ён прабаваў курыць цыгары, але яго ванітавала і ўсё выходзіла назад, у яго было такое пачуцьцё, нібы анёл-абаронца казытаў яго пальцам у горле.

— Я ня куру, мой каханы сыне, — з надзвычайнаю годнасьцю адказаў ён Швэйку.

— Гэта мяне вельмі дзівіць, — сказаў Швэйк, — я ведаў шмат фэльдкуратаў і ўсё яны дымілі, як бровар У Сьміхаве. Наогул, я не магу ўявіць сабе фэльдкурата, што ня піў-бы і ня курыў. Аднаго толькі я памятаю, што ня курыў, але затое ён жаваў тытун і, бывала, кажучы казаньне, заплёўваў усю катэдру… А вы адкуль самі, пане фэльдкурат?

— З Ічына, — упаўшым голасам адказаў фэльдкурат Мартынец.

— А вы, часамі, ня ведалі там нейкую Розу Гандэс, пане фэльдкурат? Яна пазалетась служыла ў вінным пограбе на Плятнэровай вуліцы ў Празе і падала на суд за алімэнты адразу на восемнаццаць мужчын, бо яна радзіла блізнята. У аднаго з гэтых дзяцей адно вока было блакітнае, а другое карае, а у другога адно вока шэрае, а другое чорнае. Таму яна вырашыла, што ў гэтай справе замешаны чатыры паны з тых, што хадзілі ў гэты паграбок і ў якіх былі вочы такога-ж самага колеру. А ў аднаго з дзяцей ножка была выкрыўлена зусім, як у аднаго радцы з магістратуры, што таксама хадзіў сюды. У другога было шэсьць пальцаў на назе, як у дэпутата, што заўсёды наведваўся ў гэты паграбок. І от уявеце сабе пане фэльдкурат, што туды хадзіла восемнаццаць такіх асоб, і ў кожнага з блізьняцоў была якая-небудзь прыкмета ад хожнага, ад усіх восемнаццаці, з якімі гэта Роза заставалася сам-на-сам у сваім пакоі або ў нумары. Нарэшце суд вырашыў, што цяжка ўстанавіць такі вялікі сьпіс бацькоў, і тады Роза зваліла ўсю віну на гаспадара і падала на яго ў суд, але той давёў, што з прычыны аднае опэрацыі ён ўжо больш дваццаці год імпотэнт.

— Тады, пане фэльдкурат, яе паслалі да вас у Ічын. Адгэтуль вынікае мораль, што хто за двума зайцамі пагоніцца, той і аднаго ня зловіць. Ёй трэба было спыніцца на кім-небудзь адным, а не казаць на судзе, што адзін з блізьнюкоў ад пана радцы, а другі ад пана дэпутата. Бо заўсёды-ж можна вылічыць, калі народзіцца дзіця. У такі і такі дзень я вось была з ім у нумары, а ў такі вось дзень радзілася дзіця. Зразумела, калі роды былі нормалыьнымі, пане фэльдкурат. А ў такіх гогэліках за пяцёрку заўсёды знойдзецца сьведка, напрыклад, дворнік або служанка, якія, прысягнуўшы, пакажуць, што вось той і той і з тэю і тэю ў нумары і што яна, калі яны сыходзілі з усходаў, гаварыла яму: «Ну, а калі будуць якія-небудзь вынікі?», а ён ей на гэта адказаў: «Ня турбуйся, котачка, я дзіця забясьпечу».

Фэльдкурат задумаўся і духовая ўцеха здалася яму цяпер вельмі нялёгкаю справаю. Праўда, ён ужо раней прыгатаваў плян таго, пра што ён меўся гаварыць: пра боскую літасьць у дзень страшнага суду, калі ўсе злачынцы ўстануць з магілы з вяроўкамі на шыі, і калі пакаюцца, дык будуць прыняты да праведных зусім так, як разбойнік з новага завету.

Ён прыгатаваў цудоўнае слова духовае ўцехі, што павінна была складацца з трох частак. Перш ён хацеў пагаварыць пра тое, што сьмерць на шыбеніцы лёгкая чалавеку, што зьмірыўся з богам. Вайсковыя законы строга караюць тых, што вінаваты ў здрадзе яго імпэратарскай вялікасьці, бацьку салдатаў. І таму кожны найменшы злачын супроць яго трэба разглядаць як бацьказабойства, як зьнявагу бацькі. Пасьля ён хацеў разьвярнуць перад ім тэорыю, што імпэратарская ўлада — ўлада з боскае ласкі і што імпэратар пастаўлен богам, каб кіраваць зямнымі справамі, як папа рымскі — каб кіраваць духовымі. Таму здрада імпэратару — тое самае, што здрада самому пану богу. Такім чынам, здрадніка чакае ня толькі шыбеніца, але і вечная кара як адступніка ад бога. Але хоць людзкія законы ня могуць адмяніць прыгавору, бо трэба падтрымліваць ваенную дысцыпліну, аднак ня ўсё яшчэ страчана, там дзе справа датычыць другое кары — вечнай пакуты ў пекле. І от чалавек можа вельмі добра ўнікнуць гэтае другое кары, калі шчыра пакаецца.

Фэльдкурат яскрава ўяўляў сабе гэтую ўзрушаючую сцэну, што павінна была і яму служыць нейкім збавеньнем ад яго ўласных грахоў і асабліва прыгодаў на кватэры генэрала Фінка ў Пярэмышлі.

Ён маляваў сабе абраз, як ён спачатку зараве на прысуджанага: «Пакайся, сын мой! Стань разам са мною на калені ды памолімся!» І як тады сьмярдзючая вашывая камера напоўніцца словамі малітвы: «О божа, да цябе, што зьяўляецца адным міласэрдзем і літасьцю, да цябе я малюся за душу ваякі, якому ты загадаў пакінуць гэты сьвет паводле загаду ваенна-палявога суду ў Пярэмышлі. Учыні, божа, так, каб гэты салдат пяхотнага палка, што шчыра і сардэчна пакаяўся, не пазнаў прыгатаванае яму вечнае мукі, але дазнаўся райскае раскошы».

— Выбачайце, пане фэльдкурат, — сказаў Швэйк, — вы сядзіцё ўжо пяць хвілін, як забіты, нібы гутарка не датычыцца вас. От адразу і відаць, што вы першы раз пад арыштам.

— Я прышоў, — сур’ёзна прамовіў фэльдкурат, — каб даць вам духовую ўцеху.

— Гэта нават дзіўна, што вы ўвесь час гаворыце пра нейкую духовую ўцеху, пане фэльдкурат. Я зусім не адчуваю ў сабе сілы, каб даць вам духовую ўцеху. Але вы-ж ня першы, што апынуліся за кратамі. Хоць, праўду кажучы, пане фэльдкурат, у мяне няма таго краснамоўства, каб даць каму-небудзь у цяжкую хвіліну духовую ўцеху. Неяк раз я спрабаваў зрабіць гэтае, але толькі карысьць была з гэтага малая. От сядзьце поруч са мною і раскажу вам, як была справа. Калі я жыў яшчэ на Апатовіцкай вуліцы, быў ў мяне прыяцель, звалі яго Фаусьцін і служыў ён за швэйцара ў адным готэлі. Гэта быў вельмі сумленны чалавек, чэсны, працавіты. А што датычыць розных фэяў з вуліцы, дык ён усіх іх ведаў і вы маглі-б у які хочаце час, удзень і ўначы маглі прысьці да яго і сказаць: «Пане Фаусьцін, мне патрэбна паненка» і ён зараз-бы спытаўся ў вас, якую вы хочаце: ці сьветлавалосую, ці чорную, маленькую ростам, або большую, худую, або поўненькую, немку, чэшку або яўрэйку, дзяўчыну, разьведзеную або замужнюю, інтэлігэнтную або простую.

Швэйк фамільярна прыціснуўся да фэльдкурата і, абняўшы яго за пояс, казаў далей:

— Ну, скажам вы, пане фэльдкурат, заявілі-б што вам патрэбна сьветлавалосая, з прыгожымі нагамі, удава, з простых, і от яна была ўжо праз дзесяць хвілін разам са сваімі мэтрыкамі ў вас у ложку.

Фэльдкурат аж успацеў, а Швэйк казаў далей, прыціскаючы і тулячы да сябе фэльдкурата, як матка дзіцё:

— Вы не паверыце, пане фэльдкурат, як гэты пан Фаусьцін паважаў чэснасьць і моральнасьць. Ад жанчын, якіх ён прыводзіў у нумар, ён ніколі ня браў ні граша сабе, а калі, часам, якая-небудзь з іх забывалася і сунула яму грошы, дык вы пабачылі-б, як ён хваляваўся і пачынаў крычаць: «Эх ты, сьвіньня, ня думай, калі ты гандлюеш сваім целам і адважылася на сьмяротны грэх, дык мне вельмі цікава ўзяць з цябе твае грошы. Я-ж табе ня зводнік, паганая ты морда! Я раблю гэта толькі таму, што шкадую цябе, каб табе, калі ты дайшла ўжо да такога жыцьця, не выстаўляць свой сорам на паказ, а то забярэ цябе ўначы варта і давядзецца табе, няшчаснай, тры дні мыць падлогу ў аддзяленьні поліцыі. А так ты, прынамсі, сядзіш у цяпле і ніхто ня бачыць, як нізка ты скацілася. Пан Фаусьцін, вядома, браў грошы ад сваіх кліентаў, хоць і не хацеў браць грошы ад жанчын. У яго была нават свая такса: блакітныя вочкі каштавалі сорак гэлераў, чорныя — трыццаць, і ўсё гэта ён, бывала, акуратна выпіша на паперачку, як рахунак, і падаць госьцю… Што-ж, за свае паслугі ён браў няшмат. От толькі за неінтэлігэнтных ён набаўляў цэлых дваццаць гэлераў, бо ён выходзіў з таго меркаваньня, што простая баба больш зьмястоўная, чым якая-небудзь асьвечаная дама. Неяк раз увечары пан Фаусьцін прыбег да мяне на Апатовіцкую вуліцу, усхваляваны, узрушаны, нібыта яго толькі што выцягнулі з-пад трамваю і ў гэты час укралі ў яго гадзіньнік. Перш ён зусім ня мог сказць ні слова, выцягнуў з кішэні бутэльку рому, адпіў сам, падаў мне і прахрыпеў: «На, выпі!» Так мы і не гаварылі нічога, пакуль не спаражнілі ўсю бутэльку, а потым ён да мяне і зьвяртаецца: «Паслухай, браце, зрабі мне паслугу. Расчыні вакно на вуліцу, я сяду на вакно, а ты бяры мяне за ногі ды і выкінь з трэцяга паверху на тротуар. Нічога мне больш у сьвеце ня трэба, а хачу атрымаць духовую ўцеху ад свайго прыяцеля, што паможа мне перайсьці ў лепшы сьвет. Не магу я больш жыць на гэтым сьвеце, бо мяне, сумленнага чалавека, абвінавачваюць у тым, што я зводнік, як які-небудзь уласьнік прытону з яўрэйскага кварталу. Наш-жа готэль — першага разраду, усе тры наймічкі і мая жонка маюць у парадку рэгістрацыйныя кніжачкі, і пану доктару за візыты мы нічога ня вінны!.. Ды от, калі ты мяне хоць крышку любіш, выкінь мяне з трэцяга паверху, дай мне гэтую апошнюю духовую ўцеху!» Ну, я яму загадаў лезьці на вакно і выкінуў яго на вуліцу… Ды вы ня пужайцеся, пане фэльдкурат!

Швэйк устаў і пацягнуў фэльдкурата за сабою.

— От так, пане фэльдкурат, от так я яго схапіў і — бразь уніз.

Швэйк падняў фэльдкурата і кінуў яго на падлогу, а сам спакойна казаў далей, у той час, як фэльдкурат мацаў, ці ўсе косьці ў яго цэлыя:

— От бачыце, пане фэльдкурат, з вамі нічога ня здарылася, бо хоць ён і казаў, што з трэцяга паверху, а ўсё-ж толькі разоў тры вышэй, як вы цяпер упалі. Справа ў тым, што пан Фаусьцін быў п’яны, як шавец, і зусім забыўся, што я жыў тады па Апатовіцкай вуліцы на першым паверсе, а не на трэцім як год перад тым, калі я жыў на Кшымянецкай вуліцы і ён прыходзіў да мяне ў госьці.

Фэльдкурат усё яшчэ сядзеў на падлозе і з жахам паглядаў на Швэйка, што стаяў на нарах і размахваў рукамі. У фэльдкурата зьявілася думка, што перад ім вар’ят, таму ён са словамі: «Так, каханы мой, сыне, гэта было толькі тры разы вышэй» ціхенька і паволі прысунуўся бокам да дзьвярэй і пачаў так па іх малаціць і з такім выцьцём, што яны адразу-ж адчыніліся.

Швэйк праз краты вакенца бачыў, як фэльдкурат, размахваючы рукамі, хутка бег разам з канвойнымі праз двор.

— Ну, от павялі боскага служку ў вар’яцкі дом, — прамовіў сабе пад нос Швэйк, саскочыў з нараў, пачаў хадзіць па камэры і сьпяваць:

Пярсьцёнак, што мне падарыла,
Я болей не нашу,
Я болей не нашу…

Некалькі хвілін пазьней, пасьля гэтага, фэльдкурат быў ужо ў генэрала Фінка.

У генэрала ізноў было вялікае «дзелавое паседжаньне», дзе галоўную ролю выконвалі дзьве прыгожанькія жанчыны, віно і лікёры.

Тут быў увесь склад вайскова-палявога суду, акрамя пяхотнага салдаціка, што раніцою падаваў папяросы.

Фэльдкурат паціху, як здань, увайшоў у пакой «паседжаньня». Ён быў бледны, усхваляваны і поўны годнасьці, як чалавек, які ўсьведамляе сабе, што бяз прычыны атрымаў поўху.

Генэрал Фінк, які апошнім часам вельмі прывязаўся да фэльдкурата, пасадзіў яго поруч з сабою на канапу і спытаўся п’яным голасам:

— Што з табою здарылася, «духовая ўцеха»?

Адна з вясёлых жанчын кінула ў фэлбдкурата акуркам.

— Выпі, «духовая ўцеха», — казаў генэрал, наліваючы фэльдкурату віно ў вялікі зялёны келіх. А таму што фэльдкурат ня выпіў усё адразу, генэрал уласнаручна пачаў уліваць яму віно ў горла, і, каб фэльдкурат не пачаў старанна глытаць, яно-б усё расьцяклося па ім.

Толькі пасьля гэтай цырамоніі запыталіся ў фэльдкурата, як трымаў сябе прысуджаны, калі яму даваў ён духовую ўцеху. Фэльдкурат устаў і трагічным голасам сказаў:

— Ён звар’яцеў!

— Мусіць, добрая была духовая ўцеха, — засьмяяўся генэрал, і ўсе разам з ім голасна зарагаталі. Абедзьве жанчыны ізноў пачалі кідаць у фэльдкурата акуркамі.

На самым канцы стала драмаў на сваім крэсле маёр, што крышку перадаў. Але ў гэты момант сон ад яго адскочыў і ён жвава наліў дзьве шкляначкі лікёру, падышоў да фэльдкурата і прымусіў крыху зьбянтэжанага боскага служку выпіць з ім на «ты». Пасьля ён ледзь дабраўся да свайго месца і яго ізноў ахапіла прострацыя.

Пасьля гэтае шкляначкі фэльдкурат зусім заблытся ў сеці д’ябла, што распускаў на яго кіпці з усіх бутэлек на стале і з усіх поглядаў і ўсьмешак вясёлых жанчын, што палажылі перад самым яго носам свае ножкі на стол і сам Вэльзэвул выглядаў з прошваў і карункаў.

Да апошняе хвіліны фэльдкурат быў упэўнен, што справа ідзе пра яго душу і што ён — пакутнік. Гэта ён выказаў у прамове да абодвых ардынарцаў генэрала, якія аднесьлі яго ў суседні пакой на канапу.

— Сумнае, але ўзрушаючае відовішча, — казаў ён, — паўстае перад вашымі вачыма, калі вы з чыстым і ясным сэрцам успамінаеце рад славутых пакутнікаў, што аддалі сваё жыцьцё за веру і вядомы пад назваю: «мучальнікі». Вось і на маім прыкладзе вы можаце бачыць, колькі церпіць і зносіць чалавек, калі ў ягонай душы жывуць ісьціна і дабрадзейнасьць, што зьяўляюцца ягонаю зброяю і абаронаю ў барацьбе з грахом, у якой ён атрымлівае славутыя перамогі.

У гэты час яго перавярнулі тварам да сьцяны і ён адразу захроп.

Сон яго быў неспакойны.

Яму сьнілася, нібыта ўдзень ён выконвае абавязкі фэльдкурата, а з вечара служыць, замест Фаусьціна, якога Швэйк выкінуў з вакна трэцяга паверху, швэйцарам у готэлі. З усіх бакоў плылі на яго скаргі генэралу: то ён падсунуў даведвальніку светлавалосую, замест чорнай, то прыслаў замест разьведзенае інтэлігентнае жанчыны простую ўдаву…

Раніцою ён прачнуўся ўвесь, як мыш, мокры ад поту; у ягоным жываце было такое хваляваньне, як бура на моры, і яму здалося, што яго стары начальнік, ксёндз з Моравіі, у параўнаньні з ім, проста анел…