Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/Па пятах ворага
← Швэйк ізноў апынуўся ў сваёй маршавай роце | Па пятах ворага Раман Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Лукаш Калюга |
Наперад! Наперад! → |
ПА ПЯТАХ ВОРАГА
Кожная профэсія мае сваю практыку, зьбірае свае назіраньні і робіць вынаходкі, што дазваляюць дакладна прадбачыць прыход тых або іншых выпадкаў. Старыя авечыя пастухі вам скажуць, якое будзе заўтра надвор’е лепш за мэтэоролёгічную станцыю на Пэтжыне; паненкі каля Парахавое вежы з аднаго погляду пазнаюць, ці варта папрасіць папяроску ў сур’ёзнага з выгляду пана, што ўначы разглядае будынак Жыўнасьценкскага банку; дактары наперад кажуць вам, ці ёсьць у вас сухоты, і што, калі ў вас няма грошай, вы ўсяроўна памрыцё ад іх; і нават у Праскай поліцэйскай управе ёсьць адзін інспэктар, што добра ведае: калі чалавек, якога прывялі на допыт, папросіць шклянку вады, дык ён ва ўсім прызнаецца.
Таму старыя, спрактыкаваныя ваякі, як маршавы батальён 91-га палка атрымаў у Золтанцы неўспадзеўкі загад выкапаць новыя равы, на патрэбныя каморкі, зусім сур’ёзна сказала:
— Ну, хлопцы, гэта нездарма! Заўтра, а напазыьней — пасьля заўтра, нас адтуль пагоняць. Цяпер справа сур’ёзная.
Ніхто на сьвеце ня зможа вытлумачыць гэтую дзіўную сувязь паміж патрэбнымі каморкамі і аўстрыйскаю арміяй. Аднак паміж імі існавала яна, як сувязь паміж зьяўленьняў плямаў на сонцы і павялічэньнем вульканічнае дзейнасьці. У вёсках, дзе стаялі салдаты, ніхто не клапаціўся пра тое, дзе ім адпраўляць свае натуральныя патрэбы; але, як толькі прыходзілі вядомыя загады пра ператасоўку войска, салдаты атрымоўвалі рыдлёўкі, сякеры і строгі загад збудаваць вялікія, прасторныя патрэбныя каморкі. Было падобна да таго, нібыта вайсковыя аддзелы ўвесь нас баяліся, каб часьць, што прыдзе ім на зьмену, не раскрытыкавала іх і ня высьмеяла.
Такім чынам, у Золтанцы салдаты выкапалі пад вечар равы, а раніцою ўжо білі на трывогу — у штаб палка прыехала двух афіцэраў з генэральнага штабу. Яны прыехалі на зусім абляпаным гразёю аўтомобілі, а салдаты, што стаялі навокал, віталі іх радаснымі заўвагамі:
— Ах, каб іх разарвала! Як толькі зьявяцца гэтыя асобы, дык зараз-жа ў нас наступ або бойка. Чорт яго ведае, чаму расійцы такія дурні, што ўсё ўцякаюць? Няўжо мы маем якую-небудзь карысьць гнацца за імі?
І пачалася музыка. Роты сталі ў рады на ўзгорку, а абозныя каламашкі пачалі пад’яжджаць адна за аднэю. Салдатам раздалі па дзьвесьце патронаў, два з паловаю баханы хлеба на пяць дзён наперад, дзьве скрынкі консэрваў, крыху сухароў і кавы. Гэта была нагрузка, вартая сланя, а не чалавека, якому трэба было ўжо рабіць сорак кілёметраў за дзень. Але гэткая была ўжо аўстрыйская сыстэма весьці вайну, бо ніколі ня было вядома, калі пачнуць яны ўцякаць або дзе ў паходзе адстане абоз.
Салдаты, уздыхаючы, пачалі складаць консэрвы і хлеб у ранцы, а патроны ў мяшкі, ранцы і падсумкі. А дзесьці ззаду свае роты Швэйк горача тлумачыў Балуну:
— Ну, цяпер дадуць дыхту… Слухай, дурніла — ты ня думай, што гэта табе далі толькі на адзін дзень. Не, браце, гэтага табе павінна хапіць на цэлы тыдзень. Цяпер ты ўбачыш паходную кухню не раней, як пераможам і пагонім ворага. Толькі тады мы будзем мець ізноў гарачую страву. Магчыма, што тады дадуць нам і рому.
— Сьвятая багародзіца Клакоцкая! — застагнаў Балун. — Ой, капцы мне прыдуць! Ой, ведаю, што зьем усё гэтае яшчэ раней, як пан ротны скамандуе: «Марш наперад!»
— Ня будзь дурнем, — урачыста сказаў Швэйк. — Прыгадай прысягу і свой садацкі гонар. Вось ведаеш у Чаславе ў дванаццатым палку быў адзін салдат, нейкі Старэк, такая самая добрая, але нешчасьліва жывёлінка; і быў ён крыху прыдуркаваты. Як ён зьявіўся ў войска, дык папаўся пад начальства капрала Эндлера, а той яму сказаў: «Ты такі дурны, што нават немагчыма быць такім ідыётам. Я толькі дзіўлюся, як гэта доктар, што вас прапускаў, мог быць такім ідыётам, што не заўважыў, што вы ідыёт». Справа ў тым, што гэты Старэк быў такі самы пражора, як і ты. Як бывала раздавалі хлебныя пайкі, ён браў сабе хлеб на ложак і так еў ад цэлага бохана, нават не разрэзаўшы яго, а на вячэру ў яго не заставалася нават скарыначкі. У тыя дні ад яго заўсёды так сьмярдзела, што ягоныя суседзі на ложках павінны былі раніцою ісьці да доктара і той прыпісваў ім ляжаць, бо яны, відаць, былі атручаныя газамі. Толькі пасьля ўжо скемілі, у чым справа, і пачалі выганяць Старэка нанач, і ён спаў на гары, каб яго не знайшлі. Але толькі праз гэта ён страціў у салдатаў усякую пашану; усе яго туркалі, а ротны, як вучыў на пляцы, заўсёды пасылаў яго, каб ён куды-небудзь схаваўся і не зьяўляўся яму на вочы, а пасьля прышлося выправіць яго дахаты, бо салдаты 12-га і нават 21-га палкоў зьбіралі яму рэшткі хлеба. Пра гэта пачалі пісаць у газэтах і таму яго прагналі з вайсковае службы. Якраз у той час да нас перавялі аднаго фэльдфэбэля з Часлава і ён расказваў нам пра гэты выпадак, як прыклад, да чаго даводзіць, калі салдат ня ўмее стрымліваць сябе. Справа ў тым, што гэтага фэльдфэбэля перавялі да нас за тое, што ён раскрадваў часлаўскія вайсковыя рэчы са складу і ўкрадзенае траціў на адну кельнэршу з піўной, з якою ў яго быў роман і якой ён хацеў купіць шоўкавае ўбраньне…
А пасьля, як паны афіцэры скончылі нараду, пачаўся выдатны паход праз галічанскія балоты і галічанскія пяскі. Гэта быў паход, калі ў людзей плечы былі намулены рамнямі, бедры амаль да касьцей падрапаны мяшкамі, а на нагах былі вадзяныя мазалі з галубова яйцо. Тры дні ішлі такім чынам па спаленых вёсках, начуючы ў чыстым полі. Салдаты засыналі, яшчэ ня ўправіўшыся паставіць стрэльбы ў козлы, людзі былі змораны, як жывёла, што нават не размаўлялі паміж сабою; праўда, раніцою то адзін, то другі прабаваў засьпяваць песьню, пажартаваць, пасьмяяцца, але ўсялякая спроба ўзьняць настрой была дарэмная. Патронаў нельга было выкінуць таму, што тры разы на дзень рабіліся праверкі, колькі іх ёсьць; таму кідалі па дарозе бялізну і хлеб. На трэці дзень, як батальён спыніўся увечары з краю невялічкага ляску, ён быў падобен больш да збору кульгавых і калекаў, як да вайсковае часьці; познаю ноччу падыходзілі да месца прыпынку салдаты, што адсталі ў дарозе і тут-жа бяз памяці валіліся на зямлю. Раніцою тыя, хто пасьпеў крыху аддыхнуць, былі ўстрывожаны стралянінаю з усходняга боку. Перад імі справа і зьлева грымелі граматы: «трах, трах, трах».
Няспынная страляніна пабудзіла і Швэйка. Невялікі гурток салдатаў ужо ўстаў і яны спрачаліся, дзе і хто страляе:
— Гэта нашы!
— Ды не, гэта расійцы. Чуеш, зусім іншы гук!
— Ну, тады гэта немцы.
— Каб іх чорт! Магчыма, і нам давядзецца сёньня папасьці туды.
Паручык Лукаш кепска спаў уначы, бо да крыві намуляў ногі і ў яго ад сядла ныла ўсё цела. Як Швэйк падышоў да ручаінкі, што цякла па сенажаці колькі крокаў ад лесу, дык ён заўважыў там паручыка, што сядзеў, разьдзеўшыся, на беразе і абліваўся халоднаю вадою. Швэйк па-вайсковаму прывітаў яго.
— Добры дзень, пане паручык! Дазвольце спытацца, ці будзе нам сёньня кава? І ці пад’едзе паходная кухня?
— Добрая раніца, Швэйк, — ласкава адгукнуўся Лукаш. — Ну, што скажаш, хлопча? Магчыма, давядзецца нам ужо сягоньня ісьці ў бойку. Напэўна я гэтага ня ведаю і ня ведаю, ці пад’едзе кухня… А ведаеце, Швэйк, што самае цікавае ў гэтай вайне? Тое, што ніхто нічога ня ведае! Такім чынам, у нас усе цяпер зрабіліся Сократамі. А вы ведаеце, Швэйк, хто такі быў Сократ? Гэта быў грэцкі мудрэц: а мудрацом ён быў таму, што гаварыў: «Я ведаю, што я нічога ня ведаю». Ну, а як вы сябе адчуваеце пасьля ўчарайшага спацыра?
— Дык дазвольце паведаміць, што я спадзяюся на пана бога, што ён пашле мне сілу перацярпець за яго імпэратарскую вялікасьць усё добрае і ліхое, — лагодна адказаў Швэйк. — Ці няма ў вас, дазвольце спытацца, пане паручык крышку сьлівавіцы ў пляшцы? Мне штосьці пагана, і я адчуваю сябе крышку
— На! Толькі глядзі, Швэйк, усяго раз пацягні. А то якраз вып’еш усё да рэшты, — сказаў Лукаш, як Швэйк узяў пляшку ў рукі.
— Я толькі крышку пакаштую, каб у мяне ня было паганага смаку ў роце… от так… эх, і добрая-ж сьлівавіца! Вельмі шчыра дзякую, — сказаў Швэйк, выціраючы далоньню рот. Пасьля ён сеў на другім беразе ручаінкі і з цікавасьцю стаў разглядаць мускулістыя ногі і валасатыя лыткі паручыка.
— Дальбог, пане паручык, у вас прыгожае, сапраўды як у жанчыны цела; у вас гладкая белая скура. А вось да нас у «Звонак» прыходзіла танцаваць некая Марыя Мрочэк, і была яна таксама гэтакая-ж беленькая. Яна вельмі любіла мужчын і ў адным пустым месцы, як яе праводзілі ў Бжэўноў, яна ўначы дазваляла вытвараць з ёю, што хочаш. Але нікому яна не дазваляла гладзіць ёй калені або яшчэ вышэй каленяў. Ну, як гэта стала вядома хлопцам, дык тыя аднаго разу змовіліся, каб правесьці яе гуртам ды і схапілі яе, каб выявіць, чаму яна не дазваляе пагладзіць сябе вышэй каленяў. І от выявілася, што скура ў яе, як у абдзёртай гусі, такая-ж самая няроўная. Дальбог, пане паручык, што азадак быў у яе, як тарка.
— А што, Швэйк, у цябе таксама былі з ёю справы? — папытаўся паручык, нацягваючы на сябе споднікі. — Прызнайся, брат, колькі дзяўчат ты зрубіў на сваім вяку?
— Я, пане паручык, трымаўся заўсёды прыстойна, але от у мяне быў таварыш, што мне вельмі шмат апавядаў. Справа ў тым, што гэты таварыш быў вялікі бабнік. Ён вёў пра жанчын, з якімі меў дачыненьне, бухгальтарскія кнігі, як фабрыкант Шыхт пра мыла, што ён адпускае ў крэдыт бакалейным крамкам. Ён насіў у кішэні каляндар і запісваў кожны дзень імя таей жанчыны або дзяўчыны, з якою ён марнаваў час, і колькі гэта каштавала грашыма, і дзе гэта было. А на новы год ён заўсёды рабіў падлік, складаў балянс і выводзіў статыстыку. Гэта таму, што ён служыў у банку і добра ведаў бухгальтэрыю. Дык от ён нам часта гаварыў: «Самыя танныя — гэта пакаёўкі, бо з імі можна пайсьці на Косараў луг або ў нядзелю паехаць за горад, у Зацішы. На дваццаць процантаў даражэй каштуюць краўчыхі, бо яны любяць хадзіць у кіно. Яшчэ на дзесяць процантаў даражэй канторшчыцы і мадысткі, а таксама гувэрнанткі; іх трэба ўжо вадзіць у тэатр, а пасьля куды-небудзь вячэраць. Нарэшце ідуць актрысачкі і танцоркі з балету; гэтым трэба плаціць за іх рахунак у краўца і частаваць іх у багатых рэсторанах, але затое ў іх заўсёды ўласная кватэра. Такія дамы, вядома, нашаму брату вялікая раскоша, але ўсё-ж неяк цярпець можна. А от як надумаешся завесьці інтрыжку з паненкаю з добрае сям’і, што нічога ня робіць, дык тут ужо зусім даводзіцца збанкрутаваць або абакрасьці які-небудзь банк. Таму што такая «прыстойная» паненка хоча мець усё адразу: і кіно, і тэатры, і вячэры, і кветкі, і ўбраньні, і выяжджаць за горад. Імпэратарскі сад яе ня вабіць, бо ёй больш падабаецца нумар у добрым готэлі». І, ведаеце, гэты мой таварыш быў такі спрактыкаваны, што ведаў, якія патравы падабаюцца сьветлавалосым, а якія чорным, што любяць худыя, а што тоўсьценькія, і што трэба гаварыць Тоням, а што Анэлям. Адным словам, ён усяго пакаштаваў.
— Такім чынам, значыць, у яго быў свой уласны мэтод, мэтод навуковага назіраньня, — заўважыў паручык, якога зацікавіла апавяданьне Швэйка, што адкрыла яму новыя пэрспектывы і пункты погляду. А Швэйк ласа зірнуў на пляшку са сьлівавіцай; калі-ж ён убачыў, што паручык Лукаш не супярэчыць, каб ён яшчэ раз пацягнуў з яе, ён добра сербануў з яе і вельмі задаволена казаў далей:
— Пра гэтыя мэтоды я мог-бы шмат чаго расказаць. От, напрыклад, жыў на Сьміхаве адзін купец, Ворлічэк, дык у таго таксама быў свой мэтод наймаць сабе работнікаў. Калі яму патрэбен быў чалавек, ён зьмяшчаў у газэтах абвестку:«Патрабуецца ў вялікі колёніяльны магазын у Празе малады, сумленны, старанны прыказчык, што цікавіцца ня так вялікаю пэнсіяю, як добрым выхаваньнем. Ён павінен ведаць нямецкую мову і ўмець падсмажыць каву і саліць гуркі». І калі такі беспрацоўны прыказчык пасылаў яму просьбу, прапануючы свае паслугі на гэтую пасаду, абяцаўся выказаць сябе вартым яго давяронасьці і выявіць вялікую стараннасьць, дык пан Ворлічэк запрашаў яго да сябе ў магазын і казаў яму: «А ну, шаноўны, абыдзеце навокала прылаўка.» Прыказчык асьцярожна абходзіць прылавак, а пан Ворлічэк падасьць яму заяву і атэстат і скажа: «Не, ці ведаеце, шаноўны, я не магу вас прыняць — вы надта павольна рухаецеся». Так ён усё шукаў і шукаў прыказчыка, пакуль, нарэшце, не натрапіў на такога, што чмыхануў наўкола прылаўка, як ласіца. У Ворлічка нават вочы заблішчэлі і ён сказаў: «Вы мне падабаецеся і я вас бяру. Але толькі майце на ўвазе, каханы, у мяне быў аднаго разу прыказчык, што піў атрамант. Аднак я яго адразу заўважыў, бо пасьля таго, як вып’еш атраманту, губы робяцца чырвоныя. Так, я вялікі спэцыяліст, што да мэтодаў». Адным словам, ён паставіў гэтага маладога чалавека загадчыкам аддзяленьня фірмы ў Кошыржы, бо той яму вельмі-ж упадабаўся. А на каляды той распрадаў усе тавары і ўцёк з нейкаю дзяўчынаю ў Італію. Дык, пане паручык, не на кожны мэтод можна быць упэўненым, бо і самым лепшым мэтодам можна ашукацца… Э, ды гэта Балун вас шукае, пане паручык. Ён напэўна зварыў вам каву.
— Швэйк пашоў поруч з паручыкам Лукашом, як добры таварыш, да салдацкага гурту і, пабачыўшы, што Лукаш і сапраўды ўзяў з рук Балуна конаўку з каваю і адказыраў яму:
— Дык дазвольце сказаць, пане паручык: жадаю вам добрага апэтыту.
— Дзякуй табе, — прамовіў паручык над конаўкай.
— Паслухайце, Швэйк, — спытаўся крыху пазьней вольнапісаны Марэк, — з якога гэта часу пан паручык з вамі на «ты».
Швэйк зірнуў на таго, хто пытаўся і зусім шчыра прызнаўся:
— Ён хацеў, каб я яму гаварыў «ты», бо мы толькі кагадзе, вось там каля ручаінкі, выпілі на брудэршафт сьлівавіцы. Ён вельмі добры чалавек і адразу-ж пачынае гаварыць салдату «ты» як толькі пачуе гарматы. А от, як мы ўчуем страляніну з карабінаў, на «ты» з намі пяройдзе і пан палкоўнік. Гэта ўжо такі звычай на вайсковай службе, што паны афіцэры, як ім даводзіцца цяжка, пачынаюць лічыць салдатаў за сваіх братоў.
Навокала гарэлі дзесяткі кастроў і да іхняга трэску прымешвалася булькатаньне вады ў сотнях кацялкоў, дзе кава разварвалася ў густую, чорную, сьмярдзючую і нясмачную жыжку; сырыя дровы дыміліся і ніяк не хацелі разгарэцца, а салдаты, размахваючы шашкамі, выбіваліся з сіл, стараючыся разьдзьмухаць агонь, і з іх вачэй з дыму цяклі сьлёзы. Пасьля зьявіўся аднекуль капітан Загнэр і сказаў салдатам, што ім даецца дзённы адпачынак. Гэтую вестку салдаты прынялі з вялікім задавальненьнем; але настрой яшчэ больш узьняўся, як распаўсюджвалася вестка, што пад’яжджае кухня. Гэты цуд здарыўся каля дванаццатае гадзіны дню, і ў кухні была ўжо гатова поліўка, якую тут-жа раздалі салдатам. Яна была нават смачная і Швэйка вельмі зьдзівіла, як нейкі салдат сказаў:
— Каб такую поліўку далі ў рэсторане, дык можна было-б напісаць у мэню па латыні: Консомэ Aqua fontana або яшчэ карацей — H2O.
Швэйr адшукаў каптэнармуса Ванэка і перадаў яму салдатавы словы. Ванэк засмуціўся.
— Гэта сказаў нейкі ласун, што любіць дагадзіць чэраву, — сказаў ён. — Але трэба-ж эканоміць і таму я не магу даваць туды ўсё, што належыць. Апроч таго, кухары, гэтыя мазурыкі, усю дарогу штосьці жавалі… А тое, што сказаў гэты лабатрос, дык гэта латынская назва, якою азначаюць звычайную ваду. Чаго толькі не дазваляюць сабе гэтыя паскуднікі!.. Памятай, Швэйк, што сёньня будуць раздаваць віно!
Выдаваньне віна, шакаладу і розных прысмакаў, «каб палепшыць страву», было таксама асаблівасьцю аўстрыйскае арміі і аднадушна думка салдатаў пра гэту асаблівасьць казала: «Гэта з пачатку да канца ашуканства і зладзейства!» Выдавалі, напрыклад, вядро віна на роту, да гэтага вядра падыходзіў фэльдфэбэль і чэрпаў з яго поўную конаўку. З яго браў прыклад каптэнармус. Як з-пад зямлі зьяўляліся аднекуль кухары, ордынарцы і кожны чэрпаў. Тое, што заставалася пасьля іх, павінна было здаволіць цэлую роту. Звычайна здаралася так, што як капрал выклікаў свой разьдзел браць віно, у ягонай бляшанцы было ня больш дзьвёх лыжак чырванаватае бурды і дзесяць чалавек у адзін голас казалі: — «Пеце самі, пане капрал, — ня варта і вусы мачыць у такой каплі!» Таму і Швэйк рэагаваў на паведамленьне Ванэка, што, відаць, мусіла ўзьняць і пацешыць яго, толькі гэтакім чынам:
— Гэта кпінкі, бо віно даўно ўжо выжлукталі паны афіцэры, а нам дадуць яго толькі панюхаць, каб нельга было сказаць, што мы ня ўсё атрымліваем, што нам належыць. От таксама, як нашы адступілі з-пад Красьніка, быў у адным палку, ня памятаю ў якім, салдат з настаўнікаў; дык той запыніў камандзіра корпуса і заявіў яму, што іхні полк цэлы тыдзень ня меў ня толькі гарачае стравы, але нават і хлеба, а гэта-ж ім належыць. Тады генэрал пастукаў яму па плячы і сказаў: «Ну, што-ж, гэта справядліва! Што належыць вам, дык належыць, але-ж хлеба няма. Гэта-ж зразумела, ці ня праўда?» Пасьля гэтага настаўнік апыніўся ў Празе ў вар’яцкім доме і, кажуць, усё бегаў па камеры і крычаў: «Дайце людзям тое, што ім належыць… Справядлівасьці няма, але людзі маюць на яе права. Ці ня хочаце вы права з маёнэзам, пане генэрал?»
— Але-ж, Швэйк, — зьдзівіўся каптэнармус, — што гэта ў вас за расказы і прыклады? Вайна ёсьць вайна, а на вайне павінна людзям кепска жыцца. Прыпомніце, што яшчэ і ў царкве моляць: «Захавай нас ад голаду, пошасьці і вайны, о божа!» А от ужо нясуць і віно; ну, зірнеце, на якую гэта роту.
Швэйк зрабіў крокаў колькі наперад. Ад ручаінкі ішоў нейкі салдат і нёс у брэзэнтавым вядзёрцы ваду. Раптам яму насустрэч трапіў падпаручык Дуб.
— Што нясеш? Навошта вада?
— Вада, каб коні напаіць, коні ад паходных кухняў.
— Адкуль ты яе ўзяў? З ручаю? З якога часу дазволена браць ваду з ручаю?
Салдат моўчкі глядзеў на падпаручыка і можна было заўважыць, што ён марна стараецца вырашыць загадку, хто з іх звар’яцеў: ці ён, ці афіцэр.
— Чорт ведае, што гэта за дысцыпліна! — роў Дуб. — Узводны, чаму вы не паслалі разам з ім ефрэйтара? Няўжо вы ня ведаеце, што трэба, каб у нарадзе быў і ефрэйтар, як салдатаў пасылаюць па ваду людзям або казённым коням? Я ў вас пытаюся: чаму вы не паслалі разам з ім ефрэйтэра?
І тады заместа ўзводнага адказаў Швэйк:
— Дык дазвольце сказаць, што вада зусім здаровая, што пан паручык мыў у ёй свае ногі і што яе бралі на каву. Ён ўжо ні ў якім выпадку нічога туды не падсыпаў, пане падпаручык, бо цяпер казённым коням стрыхніны не даюць, каб яны не шалелі. От ў Радашовіцах, пане падпаручык, скуралуп казаў што…
— … што я загадаю вас падвязаць, пакуль вы не пачарнееце, як эгіпецкая мумія! — зароў на яго Дуб. — Нягоднік, ня важцеся кпіць з маіх слоў! А не, дык… Езус-Марыя, каб мы былі далей ад фронту, дык я ўжо і ня ведаю, штоб з вамі зрабіў, каб толькі пазбыцца вас. Вы зганьбілі ўвесь батальён!.. Пашлі адгэтуль!
— Ну і раве-ж ён, як бык, — заўважыў хтосьці з салдатаў, як Дуб пайшоў. — Як я стаяў у Чаславе, там служыў у ляндвэры стары Цыбулька. Дык той от роў! Ён заўсёды прымаў рапарты конна і трэба было крычаць на ўвесь двор, а ён мацней за ўсіх крычаў: «Навабранец, абібок, гаварэце мацней, а то я вам рот разьдзяру да вушэй, каб вам лягчэй было. Што-ж вы думаеце, тут можна мармытаць, як старой шлюндры на споведзі? Памятайце, што перад вамі пан капітан і што яму зусім ня хочацца праз вас, смаркачоў, натруджваць слых!» Гэты капітан так роў, што з Врда прысылалі да палкоўніка дэпутацыю, жанчын, каб той забараніў яму павышаць голас, бо дзеці прачынаюцца і з не адным ужо дзяцінец стаўся з пераляку.
Пасьля абеду ўвесь лягер перарабіўся ў зграю голых малпаў, што старанна шукалі на сабе вошай. Усе трымалі перад вачыма споднікі, або кашулю і дасьледавалі ўсе рубчыкі і столачкі, як астроном, што абавязкова хоча знайсьці новую комэту і прымушае свой тэлескоп вандраваць па ўсім небе. Некаторыя даставалі з ранцоў слоічкі з нейкаю шэраю масьцю і націралі ёю плечы і ногі; гэта выклікала пачуцьцё зайздрасьці ў іншых, што забыліся ўзяць з сабою гэтакі сродак ад вошай, і сярод салдатаў пачыналіся гарачыя спрэчкі.
— Лепш за ўсё ад вошай, гэта — укропны алей, — заявіў нейкі барадач, што не забіваў вошай, а пазногцем скідаў іх у траву. — Хопіць некалькі кропель і ўсе вошы паздыхаюць; але ў мяне іх столькі, што мне патрэбен быў-бы цэлы літр алею.
— Яшчэ лепш памазацца газаю, — умяшаўся ў гутарку другі салдат. — Гэта памагае ад вошай як сьвіньням, так і людзям.
— А от кажуць, што вошы наогул не заводзяцца ў шаўковай бялізьне, — сказаў трэці. — У газэтах пішуць, што наогул ня будзем мець вошай, калі будзем насіць шаўковыя кашулі.
— Гэта праўда, — адгукнуўся Швэйк, — але ня ўсе-ж могуць хадзіць у шоўку. Лепш за ўсё яны вядуцца ў таўстых вязаных фуфайках, — там іх бывае, як насыпана. Вядома, трэба было-б даваць ім здыхаць ад старасьці, ды толькі няма загаду, каб яны згрызлі жывых салдатаў. Салдат — ён павінен памерці за свайго імпэратара, а зусім не таму, што нейкім паршатым вошам жэрці хочацца.
Дзень стаяў ясны, прыгожы. Людзі выпралі сабе бялізну, памылі азызкшыя з хадзьбы ногі і пачалі гуляць у карты. На ўсходзе бухалі гарматы, але тут шасталі карты і было чутно толькі: «Хадзі!.. а я казырамі!.. без аднае!.. бі яго дзесяткаю, дурная галава!.. Гэта чаргавалася з лузганьнем трапіўшых пад пазногаць вошай. І калі гэтыя паразыты маюць сваю гісторыю, дык 1914 год павінен быць запісаны ў іх залатымі літарамі, бо на вошах збылося біблійнае слова: «Пладзецеся і множцеся, як пясок марскі!»
Швэйк, што да змроку гуляў у карты, пашоў бліжэй да кухняў, каб крыху заснуць. Балун, Ванэк і вольнапісаны Марэк ужо ляжалі, завінуўшыся ў шынэлі і пазіраючы ў чыстае, цёмнасіняе неба, на якім зоры зьзялі, як залатыя спражкі на цяжкай аксамітнай рызе. Юрайда тлумачыў ім:
— Кожная зорка — гэта цэлы сьвет, астральны сьвет. І от калі вы ўявіце сабе, што існуе нешта з дваццаць мільёнаў гэтых нярухоммх зор, што променю сьвятла трэба пяцьсот трыццаць сем год, каб прабегчы адлегласьць ад іх да нас, і нарэшце, што сонца ў паўтара мільёны раз большае за нашу зямлю, дык што такое ў параўнаньне з гэтым усім я і мая паходная кухня і тыя некалькі дзесяткаў кілёмэтраў, што мы прайшлі?! Сусьвет неймаверна вялікі і ён хавае безьліч таямніц. Мы нічога ня ведаем, што там робіцца і што за істоты там жывуць…
— Хацеў-бы я ведаць, ці ёсьць там такія самыя ідыёты, што распачынаюць войны, — пазяхаў вальнапісаны Марэк.
— Магчыма! Ніхто пра гэта ня ведае. Магчыма, там людзі, а магчыма, там жывёла, у якую пераходзяць душы людзей перад тым, як ізноў вярнуцца на гэты сьвет… Я чытаў пра гэта ў Флямарыёна.
— Зерне праўды ў гэтым, напэўна, захована, — пачуўся голас Швэйка. — Пане каптэнармус, ня круцеце галавою. Каб вы былі знаёмы з паняю Маршалэк з Жыжкава, дык яна-б вам гэта сьцьвердзіла. Справа ў тым, што гэта пані Маршалэк была яснавідучая, умела кідаць карты і прарочыць будучыню. Жыла яна на глухой вуліцы ў ваколіцы, але да яе прыяжджалі людзі з усяе Прагі, вельмі-ж добра яна варажыла і прадракала ўсім заўсёды адно і тое-ж! Яна ўмела і нячыстую сілу замаўляць.
— Швэйк, — з найвялікшаю цікавасьцю запытаўся Юрайда, — ці былі вы ў яе калі-небудзь на сьпірытычных сэансах? Што гаварыў яе мэдыум?
— Я не хаджу ні на якія «сэнсацыі», — сказаў Швэйк, — але я чуў пра іх ад аднаго мэдыка, што жыў у яе. Таму мэдыку захацелася спрабаваць гэта дзеля навуковае цікавасьці, дык ён запрапанаваў сябе пані Маршалэк за мэдыума, а як, бывала, сядзеў, падвыпіўшы, у «Поўным кубку», дык ахвоча пра гэта апавядаў. Дык от ён пачаў працаваць з гаспадыняй напалову, а як пачалася вайна, дык жанчыны ў іх перад домам станавіліся ў чаргу, у вялікі хвост. А пасьля раптам бяз дай-прычыны пані Маршалэк уздумала не гаварыць усім жанчынам адно і тое-ж: што от іхнія гаспадары вярнушца з вайны цэлыя і здаровыя і што яны яшчэ доўга будуць жыць з імі шчасьліва і ў дастатку. Наадварот, яна стала гаварыць тым, хто ёй мала заплаціў, што гаспадар нібыта забіты, або застаўся бяз ног ці галавы, яшчэ як-небудзь пакалечан. Тады дурныя басы пачалі лаяць вайну і клясьці нашага імпэратара за тое, што ён нібыта адабраў у іх мужыкоў, а пачуўшы ўсё гэта, поліцыя забрала ўсіх і адвяла ў вучастак. На допыце яны паказалі, што гэта нібыта пані Маршалэк ім на картах вываражыла, што іхніх гаспадароў ужо больш няма жывых. Тады зьвярнулі ўвагу на паню Маршалэк, прывялі яе ў вучастак і перш хацелі як-бы павесіць за дзяржаўную здраду, але пасьля пусьцілі дахаты і толькі сказалі ёй, што яна можа браць з людзей, колькі ёй захочацца, але варажыць павінна ім толькі добрае. І яна, нябога, так перапужалася, што ад усяго адступілася і толькі дапамагала мэдыку. От неяк раз прыехала да яе жонка аднаго пракурора, вельмі адукаваная жанчына, і кажа, што яна бачыла сон, нібыта яе муж, што вёў у Градшыне справы па абвінавачаньні ў дэзэртырстве і абразе імпэратара, ня то памёр, ня то загінуў у бойцы, нібыта яго душы давялося з кару перайсьці ў каня. Уласна кажучы, так яму і трэба было-б, бо ён быў сапраўдны кат. Напрыклад, адну старэнькую з Кухэльбаду, што купляла ў аднаго яўрэя панчохі і, як той папрасіў за іх вельмі дорага, сказала: «От пачакайце, прыдуць расійцы… яны вам пакажуць!» — ён засудзіў на паўтара гады! Дык от прыехала да пані Маршалэк ягоная жонка і дае ёй пяцёрку, каб тая вытлумачыла ёй гэты сон; але Маршалэк і слухаць ня хоча. Тады прокурорава жонка прыкінула яшчэ пяцёрку, і пані Маршалэк пайшла будзіць мэдыка, каб ён удаў з сябе мэдыума. Але мэдык яшчэ з учарашняга вечару быў п’яны і ў вельмі дрэнным настроі; ён бадай адразу заснуў, і пані Маршалэк давялося ізноў будзіць яго, як яму трэба было адказваць. І дух мужа, як яго выклікалі, і сапраўды адказаў, што перайшоў у каня і што гэта паслана яму за кару. Пракурорава жонка тут-жа самлела, а пасьля спыталася, які час яго душа застанецца ў канёвым целе. Пані Маршалэк ізноў штурханула мэдыка пад сёмую рабрыну і той адказаў: «Да таго часу, пакуль я не набуду ўсіх уласьцівасьцяй каня!» — «А ня шмат табе засталася вучыцца, даражэныкі мой?» — ледзь прашаптала бедная жонка, бадай зусім у бяспрытомнасьці ад страху. «Ды цяпер ужо ня шмат. Я ўмею есьці авёс, піць з вядра, жаваць сена і спаць стоячы. А душа мая будзе вызвалена тады, як я навучуся пусчаць ветры на хаду. Гэта — адзінае, чаго я яшчэ не патраплю зрабіць!» Пасьля таго пасадзілі і пані Маршалэк і мэдыка.
Каптэнармус зайшоўся такім сьмехам, што гучаў, як рык галоднага тыгру ў джунглях, а сонны вольнапісаны Марэк ікаў, затое рэззлаваны Юрайда стукнуў Швэйка каленам ззаду і прагаварыў:
— Швэйк, вы ня толькі ідыёт, але і сьвіньня! Вы проста кпіны строіце з окультных навук! Бог вас за гэта пакарае. Адважцеся толькі прыйсьці калі-небудзь да мяне на кухню абгрызаць косьці!
— Ёсьць шмат чаго між небам і зямлёю, — адказаў Швэйк, — што зьяўляецца неразгаданаю тайнаю. От, напрыклад, гэтыя самыя вошы… Вы, пане Юрайда, можаце мне сказаць, навошта яны існуюць на сьвеце?.. Аднак, сёньня, з прычыны таго, што я надзеў чыстую бялізну і памыўся, мне здаецца, што я ляжу на добрым спрунжыновым сяньніку… У мяне-ж на нагах была дагэтуль сапраўдная кара ад гразі, калені абрасьлі мохам, а паміж пальцаў на нагах зьявіўся як-бы лімбургскі сыр. Пане Юрайда, а што, у вас ногі таксама пацеюць?
Юрайда ўпарта маўчаў, каптэнармус хроп на ўсе застаўкі, а вольнапісаны Марэк мармытаў праз сон:
— Ня гледзячы на град знарадаў, кіпеўшую наўкола бойку і пякельны стук гармат, наш гэрой, узводны 91-га пяхотнага палка Антось Выходзіл з Вэйжэрака пад чэскім Бродам ня пужаецца нічога і нястрымана імкнецца наперад, па лаўры перамогі…
Пасьля ён прашаптаў нешта зусім незразумелае, перавярнуўся на другі бок і мармытаў далей:
— Сырая галіцкая зямля ўкрыла гэтыя гэройскія грудзі, аздобленыя вялікім срэбным мэдалем, якім наш найвышэйшы правадыр узнагародзіў гэтакую адданую сьмеласьць. Пасьля гэроя засталася хворая на сухоты жонка і пяцёра маленькіх дзяцей…
Прыдумваньне ўсялякае дурніцы на гонар 91-га палка даймала батальённага гісторыеграфа нават уначы, і яго здаровы розум плёў тады такія рэчы, якія лёгка маглі давесьці іхняга аўтара да вайсковае турмы. З афіцэрскае палаткі даляталі паасобныя адрыўкі нейкае спрэчкі і нэрвовы сьмех, і Швэйк, якому ўсё яшчэ чамусьці ня спалася, глядзеў на неба і думаў, ці гэты месяц зьзяе таксама і над Прагаю. А таму што вошы ято больш не турбавалі, у яго на душы зрабілася так добра, што ён памаленьку пачаў сьпяваць:
Нашы слаўныя ваякі |
Заўважыўшы, што Юрайда ўсё яшчэ ня сьпіць і цяжка ўздыхае, ён павярнуўся да яго і сказаў:
— А вы ўжо чулі анэкдот пра настаўніка і вош, пане Юрайда? У Младай Болеславе жыў адзін настаўнік прыродазнаўства пры рэальным вучылішчы, і яму было вельмі сумна, што ў ягонай колекцыі казюлек ня было вошы. Блох у яго было шмат, бо іх дала яму дырэктарка жаночае гімназіі, але вошай дык нідзе ня мог дастаць. Калі-ж там пачалася работа па рэгуляваньні Ізерскага каналу і туды найшло шмат чорнарабочых, дык выявілася, што на іх вошай, колькі хочаш. От гэты настаўнік аднае нядзелькі сабраўся, узяў з сабою бутэлечку на вошы і пайшоў туды да чорнарабочых. На беразе рэчкі ён спатыкае нейкага абарванца, што якраз лавіў у сябе за пазухаю вошы і кідаў іх рыбам у ваду; а вядома, што рыбы вельмі ласы на вошы, пане Юрайда. Дык от гэты настаўнік і кажа абарванцу, што яму патрэбны вошы дзеля школьнае колекцыі — ці не падаруе ён пару другую. Тады абарванец пакалупаўся ў сябе пад пахаю і выцягнуў пяць штук з добрае ячнае зерне кожную і кажа: «Пяць штук па дваццаць гэлераў — адна крона. Бярэце!» Але настаўнік быў скупаваты і не хацеў плаціць, а таму і кажа абарванцу: «Можа, вы-б іх дарма далі школе?» А той сунуў вошы сабе назад і крыкнуў: «Ну, дык сам гадуй іх!» І выявілася, што гэты абарванец — былы доцэнт філёзофіі, соцыолёгіі і політычнае экономіі, што так апусьціўся пасьля таго, як ягоная жонка скруцілася з другім; ён вельмі добра зразумеў, што калі чалавеку патрэбны вошы, а ён ня хоча гадаваць іх сам, то ён павінен плаціць за іх і што яны ў такім выпадку — тавар. Як на вашу думку, пане Юрайда: добра гэта ці не?
Юрайда, што ня ўмеў доўга злаваць, мірным тонам адказаў:
— Так, бываюць выпадкі, пане Швэйк, над якімі варта падумаць і ў якіх няма нічога сьмешнага. От, напрыклад, жанчыны згубілі шмат народу і ўся сонечная сыстэма ня можа з гэтым нічога зрабіць. І ў гэту хвіліну, пане Швэйк, — Юрайда папярхнуўся з расчуленьня, што называе Швэйка панам, — я таксама намагаюся вырашыць загадку, ці трымае мая жонка вернасьць, пра якую яна мне прысягала, ці сьпіць ужо з кім-небудзь іншым. Мы ўжо колькі часу як пакінулі нашы сем’і, а жонка ў мяне — прыгажуньня з чорнымі, пякучымі вачыма. У старажытныя часы, як рыцар ехаў на вайну, ён купляў асаблівы пояс, якім і замыкаў сваю жонку, тады была выключана магчымасьць здрады. Вы-ж напэўна пра гэта чулі? А заўтра на абед, пане Швэйк, будзе гуляш з консэрваў з бульбаю. Я вам крыху прыхаваю. Толькі каб бог даў мая жонка мне ня здрадзіла!
— Я пра гэта чуў і нават чытаў, — хутка адказаў Швэйк, пачуўшы вестку пра гуляш. — Гэта дзеялася ў часе крыжовых паходаў, калі рыцары хадзілі вынішчаць гэтых няверных сабак туркаў і паганцаў, каб адабраць ад іх труну Ісуса. І такія паясы можна бачыць у парыскім музэі, пане Юрайда. Пан Хоркэй, пісьменьнік, што выдаваў у Празе газэту «Сьлед», пісаў пра тое, што там можна пачуць самыя тонкія сапраўдныя парыскія анэкдоты. У Парыжы, пісаў ён, ёсьць толькі тры вартыя ўвагі рэчы: па-першае, морг, куды прыносяць усіх нябожчыкаў, што памерлі, не пакінуўшы адрасы, і ляжаць там цэлыя месяцы на лёдзе пакуль поліцыя не атрымае адказу на фотаграфію ў «Кур’еры» з пытаньнем «Хто гэта? Хто яго ведае?»; па-другое, Монмартр з Мулен-Ружам, дзе зьбіраюцца ўсе простытуткі, і нарэшце Музэй, дзе выстаўлены гэтыя паясы цноты, якімі рыцары рабілі немагчымай здраду сваёй вернай жонкі. А ведаеце, пане Юрайда, мне вельмі шкада, што нас не паслалі на францускі фронт. Я без адкладу пайшоў-бы зірнуць на тыя паясы, як толькі мы-б узялі Парыж.
— А навошта яны вам, калі мы тут, а нашы жонкі дома? — уздыхнуў Юрайда. — Такі пояс, пане Швэйк, вельмі тонкая і мастацкая рэч і павінен быць зроблен паводле меркі. А што, калі жонка возьме ды знарок прышле няверную мерку?
— Ну, нашымі часамі, — запярэчыў Швэйк, — не памагла-б, магчыма, і правільная мерка, бо цяпер на сьвеце — адно ашуканства і жульнітва. Самі падумайце. У старыя часы, пане Юрайда, такі пояс замыкаўся, а ключ да яго рабіў сьлёсар пад страхам кары сьмерцю, толькі ў адным экзэмпляры. Гэты ключ рыцар вёз з сабою ў паход і заўсёды насіў яго на сваіх грудзёх. А як канчалася бойка і рыцар заколваў ці засякаў шмат гэтых сарацынскіх сабак, або трапляў у палон, дык ён цалаваў яго і маліўся сьвятой дзеве, каб яна бараніла скарб, ад якога ў яго от гэты самы ключ. Ну, а цяпер, пане Юрайда, у Гофмана ў Харжавіцы такія ключы адліваюць сотнямі кілё, а ў Рота на Малым рынку вы можаце купіць ключы, якія толькі хочаце. Цяпер людзі ломяць, нават жалезныя, літыя касы ў банках, а вы самі ведаеце, якія там запоры і замкі! Не, гэтыя рыцарскія жонкі былі не такія, хоць ім і даводзілася шмат перацярпець. Вы толькі вазьмеце ўвагу на старыя абразы, якія яны ўсе былі бледыя. Але ўсё-ж яны толькі маліліся за сваіх гаспадароў і цярпліва чакалі, пакуль тыя вернуцца з ключом дахаты. А як гаспадар гінуў на чужыне, дык яго жонку так і клалі з гэтым поясам у магілу. Па гэтай прымеце мы іх пазнаем у дзень страшнага суду, пане Юрайда. Я не хачу чапаць вашае жонкі, я яе зусім ня ведаю, але іншая жонка бывае такая халера, што, каб муж нават заказаў ёй найменшы пояс, яна адразу пабегла-б да сьлёсара, каб той дарабіў ёй запасны ключ або адмычку.
— Так, так кепска быць жанатым! — уздыхнуўшы, адказаў Юрайда і змоўк. Усе наўкола спалі і толькі чутно было рытмічнае дыханьне, пасьвістваньне і храпеньне; час-ад-часу праходзіў дзяжурны ефрэйтар. Уся мясцовасьць дыхала глыбокім спакоем, які раптам парушылі чатыры гарматныя стрэлы ў далячыні. Швэйк бадай што ўжо заснуў, але думка, што на францускім фронце было-б лепш і там можна было-б заваяваць Парыж і музэй з паясамі цноты, яшчэ тлела ў яго сьвядомасьці. «Я-б выкраў адзін з іх і прывёз-бы як вайсковую здабычу маёй пані Мюлер», набягала яму на думку. Вольнапісаны Марэк варочаўся з боку на бок і мармытаў: — Пад градам шрапнэлі, што наўкола разрывалася, піонэры зрабілі мост… Вытрымаць да канца і перамога наша! — і Юрайда быў пакінуты на гэтым сьвеце адзін, і сьвет душыў яго сваёю бязмежнасьцю.
Напярэдадні бойкі салдат думае шмат рэчаў, і офіцыяльныя гісторыёграфы і вайсковыя корэспондэнты пішуць пра тое, як у такія хвіліны салдаты зьліваюцца душою цалкам са сваёю нацыяй і сваёю дзяржаваю, што ім здаецца нікчэмным і міззэрным іхняе жыцьцё ў параўнаньні з інтарэсамі ўсяго чалавецтва, і з якою радасьцю яны ахвяруюць яго са сьвядомасьцю, што шчасьце ўсяго чалавецтва стаіць вышэй за іх уласнае шчасьце асобнае адзінкі. Магчыма, у гэтым ёсьць крыху праўды, але Юрайда думаў толькі пра тое, ці не абнімае ў гэту хвіліну хто іншы яго жонку ў яго пасьцелі, і ніякая іншая рэч яго ня цікавіла, бо ўсе яго думкі былі зьвернуты да аднаго гэтага пытаньня. А поруч з ім хроп у здаровым сьне слаўны ваяка Швэйк, што вырашыў пытаньне пра вайну, як ехаў на фронт, у гэтакіх словах:
— Чэсна гуляць у мар’яж для нас важней, як сусьветная вайна.
☼
Раніцою ніхто яшчэ ня ведаў, што будзе далей. Капітан Загнэр ня меў яшчэ ніякіх загадаў з батальёну, таксама як і палкавы командзір не атрымаў іх у палку. Капітан рэзка абарваў кадэта Біглера, што прабаваў скарыстаць свае веды ў чытаньні карты мясцовасьці, і пашоў з паручыкам Лукашам да ручаю. Лукаш, як і ўчора, абмыў свае натомленыя ногі і апечаную сонцам скуру і скардзіўся капітану Загнэру, што ледзь можа сядзець на кані. На гэта той яму адказаў:
— Глупства! Пройдзе! Гэта таму, што ня меў практыкі, трэба было дома практыкавацца на коніку-гойданцы.
Як раздалі каву, на салдат найшоў, відаць, добры настрой, яны павыцягвалі з кішэняў па трыццаць два лісткі і пачалі гуляць на запалкі і гэлеры. І каб ня было страляніны з паўночнага боку, можна было-б падумаць, што гэта адпачываюць на манэўрах.
Пад паўдня затрашчаў тэлефон. Афіцэры сышліся на нараду, а фэльдфэбэлі і ўзводныя пачалі крычаць:
— Трывога! Трывога! Кідайце, такую вас, карты. Няўжо ня чуеце, што трывога? Кідайце, а то так заеду па карку…
І праз пяць хвілін батальён ужо стаяў у стройных радох, з ранцамі на плячох, са стрэльбамі ў руках.
Пасьля батальён узмоцненым маршам крочыў аж да позняе начы. Дарога ішла праз вёскі, дзе былі відаць напалову сьцёртыя сьляды боек, што адбываліся тут. Начаваць спыніліся ў якімсьці лесе.
Паходныя кухні падыйшлі толькі раніцою. Гуляш, што ўчора быў прызначан на абед, раздалі аж на сьняданьне.
Гарматы бухалі дзесьці зусім блізка, і шмат салдат казала, што чулі ўночы нават сакатаньне кулямётаў. У аднох гэта выклікала павышаную нэрвовасьць, другіх апанавала поўная апатыя да ўсяго, што адбывалася і павінна было адбыцца. Ледзь управіліся раздаць гуляш, як прыляцеў конны ордынарац, ізноў пачалася трывога. Салдаты пхалі ежу сабе ў рот абедзьвюма рукамі, каб ня кідаць яе. Афіцэры ізноў сышліся на нараду, доўга разглядалі карту і спрачаліся пра кірунак; капітан толькі хістаў галавою, параўнаўшы карту з паказаным яму ў загадзе кірункам. Пасьля афіцэры разыйшліся кожны ў сваю роту, а капітан Загнэр сказаў невялічку прамову.
— Салдаты, — сказаў ён. — Тое, што нам трэба будзе зараз зрабіць — проста дзіцячая забаўка. Магчыма, што нам наогул не давядзецца пачаць бой, бо наша брыгада лічыцца ў трэцім рэзэрве. Прыблізна за дзьве гадзіны хады адгэтуль стаіць адзін расійскі батальён, што заблудзіў у вялікім лесе; ён там ад учарашняга дню і ніяк ня можа адтуль вылезьці. Дык от, перад нашым палком стаіць задача абступіць гэты лес і прымусіць расійскіх салдатаў здацца. Гэта яна і зробяць, напэўна, вельмі ахвоча. Магчыма, што ня будзе зроблена ніводнага стрэлу. Таму вам няма чаго баяцца. Гэта, яшчэ раз скажу я, дзіцячая забаўка. Гура, гура, гура!
Салдаты адказалі даволі вялым «гура!», і капітан Загнэр даў дыспозыцыю, у якім парадку кожная рота павінна ісьці наперад. Салдаты, што былі ўжо ў бойках, мармыталі:
— Езус-Марыя, мы ў трэцім рэзэрве, значыць мы апынімся ў гэтым пекле, магчыма, праз гадзіну. Пад Гродкам мы таксама былі ў трэцім рэзэрве, і там усё было скончана за тры чвэрці гадзіны. У нашых заўсёды ёсьць трэці рэзэрв… Няхай мяне павесяць, калі нас не завядуць у такое месца, дзе наша і нага ня ступала! Так і ведайце, хлопцы, ня ўправіцца яшчэ ў нас у жываце стравіцца гуляш, як нам такога дыхту дадуць,
Варта ўвагі, што чэхі ў аўстрыйскай арміі ніколі не гаварылі «мы будзем біцца» або «мы ім дамо», а заўсёды ў такой горкай, пакутніцкай форме: «Дадуць нам дыхту».
Адзінаццатая рота павінна была ісьці ў авангардзе. Галоўны разьдзел, чацьверты, пад командаю кадэта Біглера, паслаў разьведку наперад і на флангі. Сам кадэт Біглер з шасьцю салдатамі, у тым ліку і Швэйк, што разахвоціўся ісьці добраахвотнікам, ішлі наперадзе. Рэшта салдатаў цягнулася адзін за адным па дарожцы так, каб яны маглі бачыць адзін аднаго, зрабіць рукою знак і паказаць у лесе дарогу, па якой ішла галава калёны. Тыя, што праракавалі, што ім «дадуць дыхту» праз гадзіну, надта памыліліся, бо разьдзел ішоў ужо дзьве гадзіны, а ворага ўсё яшчэ ня было відаць. Прайшла яшчэ гадзіна, трэцяя. Настрой палепшаў, у асаблівасьці таму, што і канонада як-бы сьціхла. Адзін-другі выказаў меркаваньне, што расійцаў адкінулі назад і цяпер яны ня спыняцца раней, як у Маскве. Паз вечар увесь батальён дайшоў да краю лесу, дзе яго чакаў авангард, што ня меў загаду ісьці далей. Новага загаду, што цяпер рабіць, ня было. Толькі, як зусім ужо зьмерклася, прыляцеў ордынарэц з загадам, каб начавалі тут-жа на месцы і чакалі да раніцы разьвіцьця ваенных опэрацый. Капітан адвёў свой разьдзел крыху глыбей у лес і загадаў яму застацца так, каб на першы сыгнал трывогі ўсе былі на месцы.
Лес атуліла імгла. Ноччу заімжыў нясуцішны дробны, халодны дождж. Да поўначы ніхто не заплюшчыў вачэй. Салдаты так змоклі, што з іх вада сьцякала цурком, і наважыліся разлажыць касьцёр. Дроў было колькі хочаш — недалёка ляжалі цэлыя сьпілаваныя бярвеньні, але адно зьявіўся над паколатым цесаком сухім паленьнем першы агенчык, як падскочыў падпаручык Дуб і зашыпеў:
— Пагасеце! Зараз-жа пагасеце! Хочаце, каб нас абстралялі?
Салдаты неахвоча раскінулі касьцёр і мармыталі штосьці пра трэці рэзэрв. Падпаручык Дуб зазлаваў:
— Хто адважыцца пярэчыць? Ні гуку! Каму прыемна, каб праз ваш касьцёр загінуць? Эх, я не хацеў-бы, каб вы мяне як сьлед пазналі!
І ён злосна тупнуў нагою па кастры, што іскры паляцелі ва ўсе бакі.
— Паслухайце, падпаручык, кіньце гэта, — пачуўся з пацёмак голас паручыка Лукаша, у якога ад холаду зуб на зуб не пападаў. — Пакіньце, калі ласка. Лепш самі пагрэйцеся. Разлажэце, хлопцы, касьцёр і нам гэтаксама. Чорт іх ведае, ці ў гэтым лесе расійцы, ці дзе ў іншым. А за лесам агню ўсяроўна ня відаць.
Салдаты хутка пабеглі па дровы і прыцягнулі па вялікаму бярэмю кожны, і раптам лес асьвяціўся радам яркіх кастроў. Каля аднаго з іх прыселі паны афіцэры і слухалі, як лаецца капітан Загнэр:
— Чорт ведае, ці там мы, дзе нам трэба быць! Каб ім ліха, гэтым штабавым!! Заўсёды што-небудзь параблытаюць! Прымаюць ад нас зывесткі, даюць нейкія загады і нікому ў галаву ня прыйдзе падумаць, ці ільга іх выканаць.
Загнэр выцягнуў з кішэні карту, палажыў яе сабе на калені і даў паручыку Лукашу загад па брыгадзе.
— Ну, на, прачытай! «Паводле зьвестак партыі разьведчыкаў, на вышыні 431 паказаўся варожы разьдзел сілаю каля шасьцісот чалавек, што схаваўся ў лесе. Загад: маршаваму батальёну 91-га пяхотнага палка рушыць у кірунку вышыні 431 з мэтаю забраць ворага, што схаваўся ў лесе. Зьвесткі даваць у штаб брыгады». Цяпер зірні на карту: Кавалачак лесу, нейкая невядомая рэчачка, ніякіх сьлядоў шашы або дарогі і навокала адно балота. Бясспрэчна расійцы адступаюць, але навошта і чаго ім лезьці сюды — гэтага я ніяк не зразумею.
Лукаш нічога не адказаў і ўтаропіўся ў карту. Замест яго загаварыў падпаручык Дуб:
— Мы ня можам вымагаць, каб расійцы рабілі так, як зрабілі-б ў аднолькавых умовах мы. Расійцы маюць практыку вайны з Японіяй і яны маюць лёгкія абозы, вельмі рухомыя і здольныя пераходзіць з артылерыяй па самай нязручнай мясцовасьці.
Загнэра злавала опозыцыя, якую ў кожным выпадку выяўляў супроць яго падпаручык Дуб; але ён даў яму дагаварыць і пасьля зноў зьвярнуўся да паручыка Лукаша:
— Добранькая ноч, га? У мяне ўжо ліхаманка. Няхай іх чорт, чаму мы павінны абавязкова ўнікаць, спыняцца, начаваць у вёсках! Можа, каб салдаты не распладзілі вошай сярод насельніцтва… Не, калі такое жыцьцё працягнецца яшчэ дзён некалькі, дык я ня вытрымаю; на гэта трэба жалезнае здароўе… Як ты думаеш, даражэнькі, ці ня пусьціць цябе за «бядой» батальённага командзіра ў галаве колёны, а я свой раматус у нагах буду лячыць масажом дзе-небудзь у самым хвасьце яе?
Капітану Загнэру становішча штосьці пачынала не падабацца. Дзе там! Фронт ідзе наперад, расійцы адступаюць і чорт ведае, куды яшчэ трапіш са сваім батальёнам. Толькі і чакай, што страціш галаву. У лазарэце было-б цяпер куды лепш… Эх, каб там паляжаць крыху… Хоць аднак з дня на дзень можна чакаць, што вайна скончыцца; расійцы дайшлі ўжо да свае былое дзяржаўнае граніцы. Які-ж сэнс гнаць іх далей? Навошта? Капітан зараз-жа і выклаў свае думкі.
— Не, таму і трэба іх гнаць далей, — запярэчыў падпаручык Дуб. — Расійцы толькі спадзяюцца на бязьмежныя прасторы і стэпы свае краіны, што павінны ўратаваць іх ад разгрому. Адно пан расійцы забыліся, што ў нас 1915, а не 1812 год. Расійскія генэралы захацелі забыцца, што цяпер вайна адбываецца ў зусім іншых умовах тэхнічных, як тады, калі Наполеон ішоў на Маскву. У той час армія павінна была харчавацца з запасаў тае краіны, праз якую яна праходзіла, а цяпер амаль адразу першым ланцугом стральцоў пракладаецца чыгунка, па якой падвозяць з тылу ўсё патрэбнае. А да таго-ж французы ня былі прызвычаены да расійскіх маразоў, якімі нас цяпер ня зьдзівіш, бо мы, дзякуй богу, цэлую зіму прабылі на Карпатах.
— Так, так цяпер сьледам за арміяй вязуць нават ілюстраваныя паштоўкі, пасту на зубы і невядома яшчэ што. Калі справа зацягнецца яшчэ на пару год, дык на фронце можна будзе купіць нават гумовую пойку малому дзіцяці, — пазяхаючы, адказаў паручык Лукаш, якому абрыдалі ўсякія тэорэтычныя развагі.
Як ён убачыў, што яны не падабаюцца і іншым, ён гукнуў на Швэйка, што сядзеў каля другога кастра, дзе гутарка была пра тое, як лепш за ўсё зьнішчыць палявыя мышы і як сыпаць ім у норкі атручаныя зярняты.
— У нас ставяць на іх пасткі, — сказаў адзін салдат, — пасткі, што адразу іх забіваюць. Як мышэй бывае шмат, дык ледзь пасьпяваеш мяняць пасткі.
— Яшчэ лепш ісьці за плугам і забіваць іх палкаю, — дадаў другі. — Тады забіваеш іх разам з іх племем.
Швэйк хацеў таксама штосьці сказаць, але пачуў гола паручыка Лукаша, ускочыў і пабег да яго.
— Скажэце нам, Швэйк, — запытаўся падпаручык Дуб, — ці ня вядзіцё вы там ізноў агітацыі? Пра што вы гэта там размаўлялі?
— Не, пане падпаручык, — выкруціўся Швэйк. — Мы гаварылі пра вайну, і таварышы казалі, што расійцаў вельмі шмат і што лепш за ўсё забіваць іх палкаю. Гэта, кажуць, вельмі добры спосаб і ад палявых мышэй, пане падпаручык.
Падпаручык закусіў губу, бо зразумеў, што Швэйк спрытна адказаў яму. Паручык Лукаш запытаўся:
— Швэйк, а табе ня страшна тут гэтае начы? Бачыш, цяпер справа робіцца сур’ёзная. Такі начлег пад чыстым небам у нас цяпер можа быць сем раз на тыдзень. Як ты сябе пачуваеш? Я хачу сказаць — фізычна?
— Так яно, пане паручык, — адказаў Швэйк, — я пачуваю сябе фізычна так, нібыта сьпераду я ўжо абсох, а па плячох у мяне яшчэ цячэ вада. Бо, пане паручык, дазвольце сказаць, што калі трэба было знайсьці добрае бясьпечнае прыстанішча на нач з усімі выгодамі на чужой старане, то гэта і ў мірны час было ня так лёгка. Ці былі вы калі-небудзь у Німбурку, пане паручык? Не? Ну, значыцца вы ня можаце ведаць гэтага, там ёсьць готэль, ён называецца «Прага»; гэта вельмі солідны і чысты готэль. І от аднойчы адзін тынкаўшчык, нейкі Бэнэш з Любоча, захацеў падараваць сваёй жонцы на імяніны ангорскую казу. Я вам, пане паручык, ужо казаў, што я гандляваў сабакамі, але калі хто хацеў дастаць якую-небудзь іншую завадзкую жывёлу, дык я яму ніколі не адмаўляў. А якраз у газэтах была зьявілася абвестка, што ў Німбурку пад № 286 танна прадаецца ангорская каза. Паехаў я, значыцца, па гэту казу ў Німбурк, але як я туды прыехаў, хлеў быў пусты, казу прадалі. Тады мне сказалі, што ў Горжатве таксама хтосьці хоча прадаць казу і што паглядзець яе можна раніцою. Справа была ўжо надвечар, а ў Німбургу быў кірмаш. Ні на адным заездным дварэ я ня мог знайсьці месца, каб пераначаваць, таму мне давялося ісьці ў готэль «Прага». Порт’е, як я даў яму дваццаць гэлераў, абяцаў мне пакой, але пасьля пакой ўсё-ж ня звольнілі і ён хацеў вярнуць мне грошы. У гэты момант праходзіў паўз нас гаспадар готэлю і спытаўся, у чым справа. Я яму кажу, што мне няма дзе пераначаваць, і тады ён кажа да порт’е: «Скажэце касіршы з кавярні, каб яна спала сёньня разам з пакаёўкаю, а гэтага пана пусьціла наверх у свой пакой. А ў мяне, пане паручык, душа балела з таго, што я ня купіў казы, і з такім сардэчным горам я ня мог ісьці спаць. Таму я пайшоў уніз у кавярню, каб крышку забавіцца, і выграў у шэсьцьдзесят шэсьць дзьве кроны семдзесят два гелэры. Ну, а пасьля порт’е павёў мяне наверх у касіршын пакой. У яе было ўсё вельмі міла, усюды аксаміт і карункі. І нават у яе быў карункавы пэнюар, і ён лежаў ужо прырыхтаваны на ложку. Ня ведаю, пане паручык, што гэта мне раптам уздумалася, але таму, што я люблю прымяраць як мне што да твару, то я хутка скінуў кашулю і споднікі ды адзеў пэнюар. Ён прышоўся якраз на мяне, толькі Ў грудзях крышку быў шырокі, але ён быў такі мяккі і так добра ад яго пахла што я ў ім лёг спаць і нават забыўся замкнуць дзьверы. Сплю я гэта і раптам прачынаюся, бо пачуў нібыта скрыпяць ўсходы — пакой-жа быў на падстрэшшы. І от адчыняюцца дзьверы і да мяне ўваходзіць нейкі пан; ён напэўна быў п’яны, бо паваліў крэсла. Садзіцца да мяне на ложак, скідае боты, прысоўвае да ложка крэсла і акуратна складае на ім сваё адзеньне. Бо, ці ведаеце, іншы чалавек, нават калі ён і не цьвярозы, заўсёды трымаецца разумна. Я, напрыклад, ведаў аднаго шаўца на Здэражэ, Бурэша, што ўсю ноч гуляў і добра такі стаміўся і лёг спаць пад помнікам Палацкаму, разьвесіў на ім усё адзеньне, падлажыў пад галаву боты і нават выняў фальшоўную сківіцу і палажыў яе на плечы аднэй з фігур. У такім выглядзе яго там знайшлі і адвезьлі ў поліцэйскім фургоне ў вучастак. А там нейкі доктар сказаў, што ён вар’ят і яго адаслалі ў вар’яцкі дом, дзе профэсары дасьледавалі стан яго разумовых здольнасьцяй. І от неяк аднойчы доцэнт павёз яго з сабою на лекцыю і дэмонстраваў на ім пігмаліёнізм, бо ён нібыта больш любіць статуі, як жывыя жанчыны, як пан палкоўнік Рэдль з Малой Стараны, што прадаў Аўстрыю варожай Расіі, а пасьля мусіў у Вене застрэліцца, каб выратаваць свой афіцэрскі гонар. Мне адзін дэтэктыў пасьля расказваў, пане паручык, што ў пана палкоўніка Рэдля былі тры шафы, і там у яго былі гумовыя лялькі адна каля другое, як у магазыне «Парыж». Але кожная была зусім як дарослая жанчына, і былі яны ў яго ўсялякага гатунку. І яшчэ гэты чалавек казаў мне, што неяк пан палкоўнік Рэдль, вярнуўшыся з прычасьця, падараваў такую ляльку свайму дзяншчыку, бо ў яе не разьбіраўся зад і яна такім чынам выйшла з моды, адным словам застарэла… Ну, а той доцэнт вытлумачыў студэнтам усё такое пра шаўца Бураша, і от Бураш пачаў раўці: «Нягоднік, ня важся мяне абражаць, я жанаты чалавек і ніколі не прыставаў з нахабнымі рэчамі да статуй. У мяне ёсьць жонка, а ты, ідыёт, ня сьмей казаць пра мяне такую мярзоту, а ня то я дам табе па мордзе. І таму што доцэнт ня спыняўся, Бураш заехаў яму добрую плюху, а потым трапіў на два гады ў вар’яцкі дом і, як яго выпусьцілі, наняў сабе адвоката і падаў на доцэнта ў суд за абразу ягонага гонару. Як ён, бывала, падап’е, то стукае кулаком па столе і крычыць: «Я ад свайго не адступлюся, панове, каб мне, нават давялося перанесьці справу ў Венскі касацыйны суд. Калі чалавек неморальны, дык нельга дапускаць яго чытаць лекцыі, бо ён разбэшчвае маладых людзей і абражае гонар бацькоў сям’і. Што-ж з іх пасьля выйдзе, з гэтых ідыётаў?». Дык от, дазвольце сказаць, пане паручык, той пан, што прышоў да мяне, зусім разьдзеўся і лёг поруч са мною, але гэта была не памылка, бо прышоў ён туды з пэўнаю мэтаю… Я адвярнуўся да сьцяны, а ён пачаў мяче песьціць і гладзіць і замуркаў, як кот: «Мая котачка ўжо сьпіць? Яна-ж сказала, што будзе чакаць мяне». Я нават ня дыхаў, каб ён не заўважыў памылкі, а ён пачаў цалаваць пэнюар, абняў мяне і пачаў цалаваць у плечы, а пасьля ўсё ніжэй і ніжэй, і, адкінуўшы пэнюар, дайшоў да таго месца, па якім лупцавала мяне маці, як я быў маленькі. Пасьля ізноў перайшоў вышэй і пачаў шаптаць: «Ах, котачка, ну як можна так моцна спаць! А я прынёс ёй гасьцінца на каптан, а калі яна будзе зусім добраю, я дадам яшчэ гумкі на падвязкі. Ну, дзіцятка, ня трэба мяне так доўга прымушаць чакаць, бо я-ж ведаю, што мая мушка ня спіць». І ён ізноў пачаў мяне цалаваць, але толькі цяпер ён ня быў такі далікатны, што яму было даволі задняе часткі пэнюару, а пачаў прыціскацца ротам да маіх грудзей і хацеў перавярнуць мяне на плечы. Я перавярнуўся, а ён шчасьліва прыціснуў мяне да сябе і шэпча: «Ну, сьпі, сьпі, котачка, а я прыкіну яшчэ панчошкі шаўковыя, тонкія, як павуціна». І раптам я на яго як закрычу: «Ці ня пойдзеце вы к чорту? Ці ня думаеце вы, што вы нямецкі прынц і што мы ў Бэрліне?» Дык, пан паручык, дазвольце сказаць, гэты пан так перапужаўся, што ледзь не памёр. Нават ня піснуў, а схапіў з крэсла сваё адзеньне і кулём скаціўся з усходаў. Я замкнуў за ім дзьверы, ізноў лёг і пачаў чакаць, што будзе далей, а пасьля зьявіўся порт’е і пачаў тлумачыць, што ў маім пакоі адзін пан, што начаваў у ім дзень перад гэтым, забыўся свае боты, бо з раніцы пайшоў у паўботках і каб я зрабіў ласку і аддаў іх. Але я адказаў, што ён ня мае права будзіць мяне, а то я адмаўлюся плаціць за тое, што пераначаваў. Тады порт’е за дзьвярыма прызнаўся, што той пан даў яму пяць крон, каб ён прынёс яму боты, і маліў мяне пашкадаваць яго, порт’е, бо ён мае вялікую сям’ю, якую трэба карміць. Я, нарэшце, даў яму боты. Выявілася, што той пан быў купец з Кралёва Градца, а ягоная жонка была з Неханіцэ, і быў ён жанаты ўсяго два месяцы ды меў цешчу, што тады была ў Расіі. Яна іграла там на арфе і не вярнулася на бацькаўшчыну нават у часе вайны таму, што яе, магчыма, пасадзілі ў Расіі за шпігоўства… І от гэтак, пане паручык, чалавек заўсёды можа трапіць у небясьпеку, і каб яго не абараняў ягоны анёл абаронца, то з ім маглі-б здарыцца ўсялякія няпрыемнасьці, асабліва як едзеш у чужы край. Тады нікому ня трэба верыць. Я, напрыклад, адстаўны салдат, а рызыкаваў страціць у Німбурку сваю цноту. А то от яшчэ чуў я…
Але тут Швэйк змоўк, бо ўсе афіцэры спалі, седзячы тут-жа ля кастра, нібы іх заразіў прыклад салдат, што прысунуўшыся адзін да аднаго, спакойна храплі каля кастроў, якія бадай зусім патухалі. Дождж спыніўся і з усходу з-за дрэў нясьмела паказаліся першыя проблескі дню; пачало ўжо крыху сьвітаць і лісты на дрэве раптам ажылі ў таемным шолаху, якім прырода вітала раніцу. Швэйка таксама змарыў сон; ён скінуў з сябе куртку, кашулю, штаны, нацельную адзежу і патрымаў усё гэта над гарачымі вугальлямі, каб яно хутчэй высахла. Яго прыклад пераняў адзін салдат, што толькі што зьмяніўся з каравулу і таксама пачаў сушыць свае рэчы. Яны стаялі адзін перад адным паабапал кастра і разьдзьмухвалі агонь пад кашулямі, што ўздымаліся, як напоўнены газам балён. Салдат здаволена прамовіў:
— Эх, добры гэта спосаб пазбыцца вошай, братка ты мой! Яны самі ад агню нагрэюцца і адваляцца, а гніды зварацца і лопнуць. І ведаеш, братка ты мой, калі мы сёньня рушым далей, дык нашы хлопцы будуць імі, як макам абсыпаны. Вошам адна прыемнасьць, калі чалавек змокне, а пасьля добра пройдзецца і ўспацее ды сонца будзе яго прыпякаць так, што ўсе заводзяцца, як кураняты пад квактухаю. І ўсё гэта, братка ты мой, з гразі. Дый уся гэта вайна — адна толькі гразь! — Ён шукаў у сваёй куртцы і выкідаў адтуль вошы каравым пазногцем і сумна казаў далей: — каб я быў дома, я цяпер пакляпаў-бы касу ды пайшоў-бы на сенажаць касіць. Траву, братка ты мой, лепш за ўсё касіць раніцою, калі ўначы дождж быў ці выпала густая раса, бо тады трава мякчэйшая. А такою раніцою на лузе так хораша, што і сказаць нельга; з вечару нальлеш сабе крыху гарэлкі або рому ў пляшку, раніцою пасілкуешся, дык каса так і сьпявае ў руках… А от цяпер мы тут з табою нішчым і самых сабе. Ну, скажы мне, братка ты мой, навошта мы ваюем?
Швэйк змоўчыў. Салдат палез рукою пад пахі, пацёр сабе грудзі і з увагаю зірнуў на свае ногі.
— Тут яны мяне найбольш кусаюць. Во, бачыш, як у мяне ад іх праклятых усё чырвона, — сказаў ён. Потым ён адзеўся, лёг, палажыўшы галаву на руцэ, выцягнуў ногі пад агонь і прамармытаў: — Швэйк, браток ты мой, на што гэта, на што? Авечкі мы з табой, браток, жывёла шэрая, быдла…
Раніцою, як салдаты мыліся ў лужынах паміж гнілых карчоў і зьбіраліся піць каву, на запененым кані прыляцеў ордынарац; ён перадаў капітану нейкія паперы, павярнуў каня і шпарка паехаў назад. Загнэр зірнуў на загад, абярнуўся да афіцэраў, і праз хвіліну ў лягеры разьлягаліся крыкі: — Трывога! Трывога!
— Каб вас чарты, халеры! — крычалі ўзводныя і капралы. — Ці адзенеце вы амуніцыю, ці не? Рухайцеся жвавей, такую вашу, расійцы падыходзяць ужо! Хутчэй, кажу, хлопцы! А то лезуць у амуніцыю, як наравісты конь у хамут. Ну, жвавей!
Батальён станавіўся ў рады, а пракляцьцё і лаянка віселі ў паветры.
— Так і звар’яцець можна, няўжо-ж нельга нават кавы згатаваць? Ну, давай сюды бляшанку на вугольлі, жару яшчэ стане! — чуліся галасы.
А нейкі жартаўнік ва ўсё горла крыкнуў:
— Вораг ніколі ня бывае так блізка, каб я ня ўправіўся прырыхтаваць сабе гуляш з папрыкаю.
Ізноў паслалі наперад авангард, што выдзеліў кадэта Біглера ў галаўны дазор і наладзіў сувязь на флангах. Пасьля рушылі зноў праз лес, таею самаю дарогаю, што і прышлі, але крыху правей.
На ўскраі лесу спаткалі аўтомобіль, у якім сядзеў афіцэр генэральнага штабу; ён загадаў спыніць батальён, паклікаў да сябе афіцэраў і, гаворачы з імі, так страшна махаў рукамі над разложанаю картаю мясцовасьці, што салдаты аднадушна вырашылі:
— Значыць, мы ізноў заблудзілі! Глядзеце, браткі, як ён на іх сварыцца, бо яны нарабілі шмат дурніцаў.
— Ну, не, браце, тут размова пра іншае. Хлопцы, ці чуў з вас хто сёньня перастрэлку? Не, бо з раніцы ня было ніводнага стрэлу. Магчыма, ужо замірыліся, ён прыехаў паведаміць нам, куды нам ісьці, каб сесьці на цягнік і ехаць дахаты? — заўважыў нейкі дабрадушны голас з задніх радоў. — От нядаўна адзін ефрэйтар з шостае роты, якога каханка служыць за пакаёўку ў аднаго дэпутата ў Празе, казаў мне, што яна яму пісала, што яе пан казаў, што хутка канец вайне, бо ён чуў гэта ад аднаго швэйцара ў міністэрстве ў Вене і гэта вядома…
— Кірунак — на мяне! Крокам — марш! — спыніла яго разважаньні звонкая каманда капітана Загнэра.
Авангард і пярэдні дазор тым часам ішлі наперад, а колёнка бяз прыкрыцьця амаль яшчэ дзьве гадзіны ішла лесам. Пасьля лес парадзеў, зьявіліся пералескі і па шырокай дарозе батальён перайшоў у хваёвы бор; кадэт Біглер ізноў падаўся ў разьведку наперад.
Зрабілі кароткі прыпынкак і хуткім маршам рушылі наперад, нібыта трэбабыло абагнаць расійцаў. Дайшоўшы да нейкае прагаліны, капітан Загнэр, што вёў свайго каня на повадзе, сваёю ўласнаю асобаю натрапіў на сьвежы доказ таго, што тут нядаўна праходзіў чалавек; а дасьледаваўшы кусты выявілася, што гэтакіх доказаў было шмат на гэтай прагаліне і што тут, напэўна, адпачывала нядаўна нейкая вайсковая часьць.
Салдат ахапіха нейкае радаснае ўзрушэньне, а на афіцэрскіх абліччах зьявілася няпэўнасьць і запытаньне: тут былі расійцы, ці нашы? Паводле паху гэтага нельга высьветліць, а надворных адзнакаў няма ніякіх; у сьлядох, на якія напаў капітан, трапляліся вішнёвыя костачкі, крыху мякіны, скурка ад кілбасы і некалькі гарошын, але усё гэта лёгка маглі зьесьці як расійцы, так і аўстрыйцы.
Афіцэры моўчкі назіралі на гэтыя рэшткі ежы, і паручык Лукаш першы выказаў меркаваньне:
— Ці ня наш гэта авангард? Хоць пасьля яго не магло застацца так шмат…
— Не, наш авангард ня мог тут спыняцца, — запярэчыў падпаручык Дуб, — бо мы яго дагналі-б. Напэўна, тут былі расійцы і ад страху захварэлі на мядзьведжую хваробу, а мы, — ён дакорліва зірнуў у бок капітана Загнэра, — ішлі наперад бяз ніякага прыкрыцьця.
Раптам падпаручык Дуб стукнуў сябе па лобе.
— Ды мы-ж гэта можам даведацца. Хлопцы, збегайце ў кусты ды прынясеце ўсё, чым падціраліся! — загадаў ён салдатам, што стаялі бліжэй да яго.
Салдаты пабеглі ў кусты і вельмі хутка вярнуліся з надта дзіўнымі рэчамі, што яны трымалі на шчэпачках: пучкамі травы, абламанымі галінкамі з лістамі, белаю лайкаваую жаночаю рукавічкаю, малюнкам нейкага сьвятога, паштоўкаю палявой пошты; адзін прынёс нават кавалак газэты з нейкаю фотографіяй. Падпаручык загадаў тым, хто прынёс траву і лісьця, кінуць гэтыя нявартыя і непатрэбныя на досьледы рэчы і ўзяў у аднаго салдата паштоўку палявое пошты. Яна была напісана па-мадзьярску, і таму ён ня мог зразумець, пра што ў ёй гаворыцца; але ўсё-ж ён узрадаваўся ёй і ўрачыста заявіў капітану Загнэру:
— Я чамусьці раптам прыгадаў, што ўзяўшы адзін лягер, першае, што было загадана, гэта абшукаць патрэбныя каморкі. Бо такім чынам лягчэй за ўсё выявіць, якая варожая часьць там стаяла. Такім чынам, перад намі, — ён перавярнуў паперку, — перад намі… не, не магу прачытаць: вельмі-ж яна захуцана. Але гэта ня так важна. Як-бы там ні было, тут былі не расійцы. Ну, давайце мне кавалак газэты. Як яна называецца? «Копжывы»? От бачыце, газэта ды яшчэ чэская!
Салдат паднёс яму на палачцы паперку пад самыя вочы і падпаручык Дуб уголас прачытаў апошнія словы апошніх радкоў нейкага патрыётычнага вершу, дзе гаварылася пра бліскучыя перамогі над сэрбамі і расійцамі.
Газэта, у якой былі ўрыўкі вершу, так захапіла падпаручыка Дуба, што ён, забыўшыся, узяў яе ў рукі, каб прачытаць усю да канца. Але папера прыліпла з абодвых бакоў да ягонага пальца і ягоны нос папярэдзіў, што ён вымазаўся. Дуб пусьціў паперку і, выціраючы пальцы насаткаю, з чароўнаю ўсьмешкаю зьвярнуўся да паручыка Лукаша:
— Латынская прыказка кажа: „Inter arma silent musae“ — г. зн. калі гаворыць зброя, маўчаць музы. На шчасьце ў нас гэта ня так. Тое, што я вам прачытаў, я ўважаю за прыгожы, лёальны патрыётычны верш. Шкода, што ён не дайшоў да нас цалкам. Я прачытаў-бы яго салдатам і ўпэўнен, што яно іх падбадзёрыла-б. Адным словам, панове, я сьцьвярджаю, што тут перад намі праходзілі нашы.
Капітан Загнэр злосна адвярнуўся, а паручык Лукаш адкінуў ботам кавалак газэты і запрапанаваў:
— Можа вы загадаеце яго вымыць? Гэтыя салдаты такія сьвіньні! Тут патрыётычны верш, што мог-бы ўзьняць дух цэлае арміі, у які паэта ўлажыў усю сваю душу, а такая зараза падцерлася ім, нібы на сьвеце няма іншае паперы.
Ягоная ўсьмешка была поўна сарказму і гіроніі.
Пасьля разьдзел рушыў далей. Прайшло з гадзіну часу і ніхто ня думаў пра тое, што даўно страчана сувязь з авангардам. Пад паўдня падыйшлі да нейкае прагалінкі ў лесе, адкуль пачуліся чалавечыя галасы. Капітан загадаў выслаць наперад разьведчыкаў. Яны вярнуліся з весткаю, што на прагаліне прыпыніўся невялічкі разьдзел аўстрыйскае артылерыі, каб даць змучаным коням крыху адпачыць.
Батальён наблізіўся да прагаліны і салдаты радаваліся, што змогуць адпачыць, як раптам на ўскраіне лесу зьявіўся конны афіцэр. Ён галёпам падскочыў да капітана Загнэра і крыкнуў:
— Якога палка? 91-га? Куды-ж вы яго вядзіцё? Паслухайце, гэта-ж ня той кірунак! Я-ж вам загадаў налева!
І паляцеў хутка назад. Капітан прыскабліў каня, дагнаў афіцэра, адрапартаваў яму як сьлед і прасіў даць дакладнейшы загад, бо пазнаў у гэтым афіцэру начальніка брыгады, але ніякага загаду ён не атрымаў. Стары толькі ўпарта сказаў: «Я-ж загадаў налева», а як капітан закіраваў каня і казырнуў: «Слухаю, пане палкоўнік!», стары пярдун закрычаў яму ўсьлед:
— Пане капітан, прашу заўважыць сабе раз на заўсёды: ня пан палкоўнік, а пан генэрал-маёр!
Капітан Загнэр падумаў, што от бываюць-жа на сьвеце такія дурні, і паехаў назад да свайго батальёну. Ён знарок, каб узлаваць брыгаднага, даў салдатам больш адпачыць. Нікому ня прышло на думку, што іх авангард ішоў у кірунку, вызначаным яшчэ раніцою, што трэба было вярнуць яго і што батальён застаўся без заслонаў і авангарду. Ён бясьпечна ішоў насустрач ворагу зусім так, як у малавіцкім лягеры ён выходзіў на стрэльбішча, каб практыкавацца страляць у кардонныя фігуры, што рухаліся на другім канцы стрэльбішча на мішэняз з дапамогаю цэлае сыстэмы блёкаў і вяровак…
☼
Кадэт Біглер, ня спускаючы вачэй з карты і параўноўваючы знакі на ёй з мясцовасьцю, асьцярожна пасоўваўся наперад, хоць яму было зусім незразумела, куды яму трэба ісьці і дзе спаткаць расійцаў. У кожным разе ён ведаў, што яму даручылі сур’ёзную задачу і стараўся выканаць яе так, каб атрымаць за гэта ўзнагароду. Ён пільна азіраўся ў бакі і бадзёра крочыў на чале свае маленькае арміі, падганяючы салдатаў і нецярпліва чакаючы, калі зьявіцца вораг, каб зараз-жа паслаць у свой батальён паведамленьне, што можна пачынаць бой.
Крыху ззаду за кадэтам Біглерам ішоў для сувязі Швэйк з другім салдатам, якому абрыдзела адзінота і які знарок пачакаў Швэйка і прывітаў яго гэткімі словамі:
— Удваіх яно лягчэй ісьці і бараніцца, калі хто на нас нападзе і захоча абакрасьці. Тут, браце, такі глухі лес, што толькі разбойнікам Бабінскім у ім жыць. Што, карабін у цябе зараджаны? На кадэта і на таварышаў, што наперадзе, разьлічваць няма чаго. Яны сабе ідуць наперад, а на нас нават і не азірнуцца. Ну, ды заблудзіцца тут, відаць, цяжка. Тут адна толькі сьцежачка:
— Не, карабіна я не зарадзіў, — спакойна адказаў Швэйк, — бо з зараджаным карабінам жарты малыя. Возьмеш гэта ты яго ў рукі, паграеш, а той — бух! Увесь набой табе ў жывот. Правільна казаў падпаручык Фрэмлер, як я служыў у Будзёвіцах: «Магазыновы карабін Манліхера ўзору 1895 году найлепшы ў сьвеце, а як хто пасьля вучэньня забудзецца ў ім патрона, дык я яму ўсе зубы выб’ю!» Ну, а заблудзіць ты ўсюды можаш, нават, у Празе. От, напрыклад, знаў я аднаго чалавека прозьвішчам Галда; ён працаваў за ліцейшчыка на заводзе Рынгхофера ў Празе і жыў каля мытніцы. У Бубне была ў яго адна знаёмая, з якою ён хадзіў у «Куцілэк» на Бэльвэдэры танцаваць прыстойныя танцы — гэта таму, што ў «Куцілэку» на сьцяне была абвестка: «Просяць танцаваць толькі прыстойна!» А раз ён там крыху перапіўся, пасварыўся з сваёю паненкаю, пашоў адзін дахаты. Дайшоў ён да Нэнцэслававу пляцу і пытаецца ў поліцэйскага, як дайсьці да Сьміхава. Той яму растлумачыў і сказаў: «Ідзеце ўсё проста па рэйках». Ну, Галда і пайшоў сабе проста па рэйках; ішоў, ішоў, пакуль ня выбіўся з сілы і ня прысеў на хвілінку адпачыць. Раптам яго хтосьці будзіць і цягне за каршэль; ён расплюшчыў вочы і бачыць перад сабою чыгуначнага вартаўніка, што крычыць яму: «Сыходзь адгэтуль! Ці, можа, хочаш пад цягнік трапіць?» І толькі тут Галда заўважыў, што заблудзіўся; была ўжо раніца, а ён сядзеў на чыгуначнай насыпе за станцыяй Вінаграды і твар у яго падрапаны, нібыта ён заявіўся пад адхон… Але, ведаеш, мне здаецца, што ніхто ня ідзе ні перад намі, ні за намі.
Гэта была праўда: кадэт Біглер паводле карты павярнуў па сьцежцы ўправа, а батальён, як мы ведаем, таксама зьмяніў свой ранейшы кірунак. У швэйкавага падарожніка сэрца ўвайшло ў пяты.
— От бачыш, боўдзіла! Ты тут байкі баеш, а мы тымчасам заблудзілі. Давай вернемся да артылерыстаў на прагалінку. Цяпер напэўна абедзеная гадзіна і яны нас чым-небудзь накормяць.
— Зразумела, мы адны ня можам ваяваць, а павінны з кім-небудзь злучыцца, — згадзіўся Швэйк, і яны павярнулі назад.
Командзірам паўбатарэі быў маладзенькі паручык, на шчасьце чэх. Як Швэйк адрапартаваў яму, што яны трымалі сувязь 6-га батальёну 91-га пяхотнага палка, але згубілі свой авангард і нават батальён, ён весела засьмяяўся:
— Пачакай, хлопцы, гэта вам дарма ня пройдзе, — сказаў ён. — Дзе-ж вы прападалі, абібокі, га? Ня ведаю, ці праходзіў тут ваш батальён; мы тут ад самае раніцы, а за гэты час тут прайшло хто іх ведае колькі вайсковых часьцей. Езус-Марыя! Ну і малайцы хлопцы! Пайшлі трымаць сувязь пры наступе на ворага, а самі ўзялі і зблудзілі! Вас-жа за гэта расстраляюць!
— Ды дазвольце сказаць, пане паручык, — узяў слова Швэйк, — што мы цалкам усьведамляем сур’ёзнасьць становішча. Бо салдату гэта ня жарты, калі ён адаб’ецца ў паходзе ад свае часьці. Салдат павінен заўжды думаць, як больш за ўсё зрабіць карысьці свайму палку і ўкрыць новаю славаю ягоны сьцяг. Калі я служыў яшчэ перад вайною, пане паручык, быў у нас адзін капітан прозьвішчам Мурчэк; ён быў гарбаты, але служыў за шпіёна ў Сэрбіі і за гэта яму далі чын капітана. Дык от гэты самы капітан Мурчэк кожан раз, як былі вялікія манэўры, загадваў салдатам, каб кожны браў у ранец па дзьвесьце пядьдзесят баявых патронаў, а потым, як авангард адыходзіўся наперад, разьяжджаў конна паміж салдатамі сувязі, прыслухоўваўся да іхніх гутарак і ўсё запісваў сабе ў кніжачку. Потым, як канчаліся манэўры і ўсе спыняліся на адпачынак, ён клікаў да сябе салдатаў команды сувязі і казаў ім: «Вы ведаеце, што такое моральнасьць? Моральнасьць, салдаты, гэта дакладнае выконваньне ўсіх абавязкаў, што вам даручаюць паводле вашых здольнасьцяй вашы начальнікі. Таму неморальна, калі вы, сучыя дзеці, дастаўшы па дзьвесьце баявых патронаў, цягнецеся з апушчанымі галовамі, як загнаныя коні, і ў асобе вашых начальнікаў абражаеце, смаркачы паршывыя, вашага імпэратара. Заўтра зьявецеся з рапартам! Кругом — марш!» Дык дазвольце сказаць, пане паручык, што мы зусім не хацелі заблудзіць і паслабіць армію на два штыхі. Просім зрабіць ласку і прыняць нас на харчы і прыварак у сваю батарэю. А грашовае ўтрыманьне мы спагонім ўжо са свайго батальёну, як яго знойдзем, наш пан каптэнармус Ванэк усё як мае быць выплаціць.
— Хлопцы, — засьмяяўся паручык у адказ на шчырую гутарку Швэйка, — не магу я ўзяць вас у сваю батарэю. Што-б я рабіў з вамі? Але, тымчасам, вы свой батальён знойдзеце напэўна яшчэ сёньня, бо ён ня можа быць далёка і хто-небудзь ды ведае, дзе ён. У кожным разе гэта ведаюць палявыя жандары. Яны ўжо напэўна скажуць вам ці завядуць туды.
— Не, пане паручык, — смутна вымавіў Швэйк, — дазвольце вас прасіць падумаць добра перш, чым адмовіць нам. Мы, можна сказаць, стаімо супраць самага ворага, і мы ўдвох гэта ўсяроўна, як капля ў моры, а калі батарэя ўзмоцніцца на два чалавекі, дык гэта, пане паручык, у бойцы шмат значыць. І мы будзем служыць вам з усіх сіл і пойдзем з вамі ў агонь і ваду; а паёк і ўтрыманьне з катла мы маглі-б атрымаць з сёнешняга дню.
— Не, не, хлопцы, гэта немагчыма, — вырашыў паручык. — Але пакарміць вас нашы кашавары крыху пакормяць, і хлеба вы ў нашых артылерыстаў таксама лусту знойдзеце. Ідзеце! Шчасьлівае дарогі!
Швэйк са сваім спадарожнікам, што ўголас захапляўся швэйкавым красамоўствам, пайшлі з паручыкавым загадам у паходную кухню. Кашавар, праўда, пачаў штосьці бубніць пад нос пра галадранцаў, што заўсёды цягаюцца галодныя, але палез з чарпаком ў кацёл і наклаў ім у міскі да самага верху густой рысавай кашы з мясам. Швэйк і яго таварыш скінулі з плеч ранцы, селі на іх, паставілі міскі паміж каленаў, дасталі лыжкі і пачалі ўмінаць.
Да іх падышоў фэервэркер і загаварыў з імі па-нямецку. — Швэйк, у якога рот быў на той час повен кашы, не адказаў, і фэервэркер паўтарыў сваё пытаньне па-польску. Таварыш Швэйка прамармытаў: «Не разумею», пасьля чаго госьць пачаў тлумачыць ім нешта ламанаю вэнгерскаю моваю і так моцна ляпнуў Швэйка па руцэ, якою той трымаў лыжку, што рысавая каша разьляцелася ў бакі. Гэта Швэйка раззлавала; ён павярнуў галаву да фэервэркера і сказаў:
— Гэй, ты, Каннітфэрштан, што гэта ты там вярзеш? Няўжо цябе хто-небудзь зразумее, дурная галава! Кінь блазнаваць, а то як заеду поўху…
Фэервэркер зарагатаў:
— Дык, ты, значыцца, чэх? Чаго-ж ты адразу не сказаў? Ну, цяпер мы зразумеем адзін аднаго, — сказаў ён і сеў поруч з імі на траву.
— Мне здаецца, — сказаў ён, — што тут прахадзіў 91-шы полк ці нейкая ягоная часьць, але куды яны накіраваліся, — я ня ведаю. Цяпер, як увесь фронт заварушыўся, вам, хлопцы, трэба добра пільнавацца, каб не адбіцца ад сваіх. Цяпер вас ня прымуць ні ў якую іншую часьць, а калі і прымуць, дык дадуць вам нумар і вам давядзецца прынесьці ў сваю часьць пасьведчаньне, дзе вы былі і ў якіх бойках бралі ўдзел. А то гэтакіх шкурнікаў цяпер шмат разьвялося, што нібыта адбіліся ў паходзе ад сваіх, а самі проста перайшлі на ўтрыманьне ў другую часьць. А потым, як гэтай часьці даводзілася ісьці ў наступ і біцца, яны, ня кажучы кепскага слова, падаваліся ў трэцюю часьць. Здараліся такія спрытныя мальцы, што за тры месяцы былі на пярдніх позыцыях і ні разу з карабіну ня выстралілі. Ну, от за іх цяпер і ўзяліся… Вы, хлопцы, ня з Прагі?
Швэйк адразу адрэкомэндаваўся як зямляк і запытаўся:
— А вы ці ня прыказчык пана Пэксідэра на Вінаградах? Хоць не, той быў як-бы крыху сьвятлейшы, як вы. А ці не рабілі вы ў каваля Соўчка на Стэфановай вуліцы? Таксама не? Дзіўна! Але я ўпэўнен, што я вас дзесьці ўжо бачыў!
Фэервэркер прынёс ім булку хлеба і два пачкі тытуну; Швэйк чула падзякаваў добрага земляка і яны хацелі ўжо ўскінуць на сябе ранцы, як да іх падышоў паручык і шчыра зьдзіўлены сказаў:
— Як, хлопцы, вы ўсё яшчэ тут? Му, жвава ідзеце! Мне здаецца, што ніхто з вас пораху ня вынайшаў, шкурнікі вы!
Швэйк выцягнуўся, як струна, узяў карабін да нагі і нязвычайна сур’ёзна, зрабіўшы «паварот галавы напра-ва!», сказаў:
— Так што, пане паручык, маю гонар сказаць, што з батарэі я адбыў. І толькі і дурному здараецца рабіць вялікія вынаходкі. Бо людзі зусім ня такія дурныя, як здаюцца. Што вы, напрыклад, пане паручык, думаеце, калі глядзіцё на сваю гармату? Нічога! А я думаю! От ці бачыце, пане паручык, у гармаце ёсьць усялякія там нарэзы, і гэтыя нарэзы прымушаюць шрапнэль ці гранату перш ляцець уверх, а потым зрабіць дугу і зваліцца ўніз. Адным словам, знарад ляціць от так. — Швэйк узяў карабін у левую руку і зрабіў праваю параболю. — От як ён ляціць. І вам тады не зьяўлялася ніякае думкі? Дык от, каб вы артылерысты палажылі гармату на бок, на адно з кол, дык ваш знарад паляцеў-бы дугою зьлева направа ці справа налева, залежна ад таго, на каторым коле ляжала-б гармата, і вы маглі-б, такім чынам, страляць з-за вугла. Вы маглі-б абстраляць расійцаў з флангу, і ніколі-б ім не здагадацца, хто і адкуль лупіць па іх.
Паручык аж зайшоўся ад сьмеху; фэервэркер і іншыя артылерысты, не зразумеўшы вялізарнага значэньня швэйкавай вынаходкі, тупа пазіралі на паручыка і на Швэйка. Праз хвіліну, супакоіўшыся, паручык падаў Швэйку некалькі папярос.
— От вам! Ну, а цяпер — гайда, хлопцы! А пра сваю вынаходку паведамце ў генэральны штаб.
Швэйк у другі раз паведаміў, што адбыў з батарэі і, атуліўшы яе командзіра пяшчотным поглядам сваіх слаўных вачэй, сантымэнтальна дадаў:
— А вашае ласкі, пане паручык, я век не забудуся!
Яны ўзялі на плечы стрэльбы і зноў вышлі на дарогу, на якой ужо крочылі гэтага дня туды і назад. Яны ішлі доўга, гэтыя дзьве заблудлівыя авечкі аўстрыйскае арміі, увесь час радзячыся, ці павярнуць управа ці ўлева. Насустрач ім нікога не пападалася ні конна ні пехатою. І што больш яны ішлі, то больш дзіўным здавалася, што мясцовасьць такая бязьлюдная. Швэйкаў спадарожнік пачаў ныць, што яны, магчыма, ужо трапілі за лінію фронту да расійцаў. Швэйк узлаваўся:
— А калі і так? Мы атакуем іх ззаду, — і толькі таго! Ну, ну, кінь хлюпаць, што мы крыху зьбіліся з дарогі! Мы малыя дзеці,ці што, што можам згубіцца. Ведаеш, як я ляжаў у шпіталі ў Празе, дык адзін хворы, што меў раматус, расказваў нам такі выпадак з яго палком у чатырнаццатым годзе, як у іх барабаншчык і гарністы таксама заблудзілі, як мы цяпер. Яны пашлі недзе ў Галічыне ў адну вёску да дзяўчат, каб апошні раз паспаць з імі перад тым, як іх заб’юць; ну і заспаліся з тымі дзяўчатамі, а як раніцою прачнуліся, дык полк іх ужо рушыў наперад — няма яго! Яны так і акамянелі. Езус-Марыя! Што цяпер рабіць? Пачалі яны гэта шукаць свой полк, ну, якраз, як мы цяпер шукаем свой батальён — туды, сюды… Гарністы нёс трубу, а барабаншчык — бубен. Гарністы быў з адукаваных, інжынэр, ці што, і нарысаваў барабаншчыку, як яны так ішлі алоўкам на другім баку бубна карту мясцовасьці. Ён адзначыў на ёй кожную вёсачку, кожную лужыну, кожны крыж, кожную дзікую грушу, кожню крыніцу, кожную фігуру ў полі, кожнага сьв. Яна Непамуцкага, кожную кучку гною, кожную царкву, кожную крамку, кожную карчму, усе дарогі, пералесак, равы, — адным словам, усё што яны бачылі, праходзячы. І так яны валацужылі ад жніўня да лістапада і выхадзілі ўдаўжкі і ўшыркі ўсю Галіччыну. Адкарміліся яны, як сьвіньні, а на барабаннай скуры было ўжо ўсё, што належыць, каб было на географічнай карце. І от аднойчы пад вечар, недзе недалёка ад венгерскае мяжы, яны натрапілі на свой полк. Але толькі там ніхто ўжо іх ня ведаў, апроч іхняга ротнага, бо за гэты час полк быў разоў колькі амаль зьнішчаны ды ізноў сформаваны з маршавых батальёнаў. А ротны ніяк не хацеў паверыць, што гэта яны, пакуль не памацаў сваімі рукамі; бо Чырвоны крыж ужо даўно паведаміў, што яны загінулі бяз весткі або трапілі ў палон, каб не плаціць пэнсіі іхнім маткам. Потым ротны паслаў бубен у Вену ў вайскова-топографічную акадэмію і там паводле гэтага бубну былі зроблены карты генэральнага штабу, дзе давялося шмат выпраўляць і дадаваць чаго нехапала на старых картах Галіччыны. Гарністаму далі пасьля вялікі залаты мэдаль, барабаншчыку — срэбны. Гарністага прызначылі за палкавога гарністага, а барабаншчыка пасадзілі ў астрог у Тэрэзіенштадзе, бо ён сказаў, што афіцэры, што складалі карты мясцовасьці, ідыёты і толькі абкрадаюць дзяржаву… І ведаеш, сябра, з таёю картаю, што зрабіў гарністы, наогул нельга заблудзіць!
І нібыта, каб сьцьвердзіць тыя словы, лес парадчэў і сярод верхавінаў дрэў зьявіліся кавалкі блакітнага неба. Швэйкаў спадарожнік прыскорыў крок, выперадзіў Швэйка і весела крыкнуў:
— Да душы, поле! А от і вёска! Там напэўна хто-небудзь будзе!
Так яно і здарылася — праз дрэвы на ўскраі лесу выступіў кадэт Біглер і запытаўся:
— Ну, што знайшлі лясьнікову хатку? Дасталі там што-небудзь мне? Гэта-ж вы ішлі са мною ў галаўным дазоры? І…
— Не, пане кадэт, — перапыніў яго Швэйк. — А вы тут самі? Мы ішлі з вамі не ў галаўным дазоры, а былі вызначаны ў сувязь. З вамі-ж ішлі іншыя. Дык, значыцца, вы іх паслалі ў лясьнікову хатку? Мы ня бачылі ні лясьніковай хаткі, ні сваіх таварышоў, бо мы заблудзілі. За намі ніхто ня ідзе, мы зусім адбіліся ад батальёну і ніхто пра нас нічога ня ведае. Цяпер батальён наш, можа, у чорта на рагах, пане кадэт, і нам давядзецца самім ваяваць… Ды вы ня вельмі пужайцеся, пане кадэт, перамелецца — мука будзе! Бо шмат хто ваюе на сваю рызыку і адказ.
Кадэт Біглер сумна зьвесіў галаву; залаты мэдаль высьлізнуў у яго з рук кудысьці ў імглістую далеч, і ён толькі цяжка ўздыхнуў:
— Ах, як мне хочацца есьці! І жывот у мяне забалеў. Я, ці ведаеце, напіўся вады, і цяпер мне трэба было-б зьесьці што-небудзь гарачае. Можа, тыя ад лясьніка хутка вернуцца.
— Ня турбуйцеся, яны ня прыйдуць, пане кадэт, — упэўнена адказаў Швэйк, — яны таксама заблудзілі. Да вечару цяпер ужо нядоўга, дык нам самым давядзецца чаго-небудзь пашукаць сабе. Нашых мы ўсяроўна сёньня ня знойдзем. Яшчэ шчасьце, пане кадэт, што вы — афіцэр і што ў вас ёсьць карта. Раніцою мы разьбярэмся, дзе можа быць наш батальён, і мы проста туды накіруемся. А цяпер я думаю, найлепш было-б пашукаць вунь ў таёй вёсцы вячэры і начлегу.
— Ідзеце, куды хочаце, — застагнаў кадэт Біглер, сударгава схапіўшыся за жывот. — Езус-Марыя, які пякельны боль! Магчыма, прышла апошняя гадзіна. Але я не магу ні ў чым паручыцца, Швэйк. У гэтай вёсцы можа здарыцца вораг!
— Ну, калі расійцаў там няма, то мы кінемся ў штыхі, а калі там расійцы, то мы адступім, — па-філёзофску заўважыў Швэйк. — Але вы-ж зусім хворы афіцэр, пане кадэт, а чэсны салдат не павінен кідаць сваё хворае начальства. Я, як старэйшы, бяру на сябе команду. Кірунак вунь тая вёска. Крокам… арш!
Яны падхапілі з абодвых бакоў пад рукі кадэта, што віўся і курчыўся ад болю, і павялі па ямах да вёскі. Біглер амаль паміраў ад страху, што яны трапяць проста да расійцаў у лапы, але Швэйк быў непарушны.
— Ведаеце, пане кадэт, — зьвярнуўся ён да Біглера, — я вам от што скажу: свае долі на кані не аб’едзеш, і бяз боскай волі ніводзін волас не спадзе з вашае галавы. Гэтымі днямі адзін салдацік каля агню расказваў, як яны летась ішлі ў наступ на расійцаў і як з імі быў фэльдкурат. Селі яны адпачыць у лесе і фэльдкурат пачаў сілкавацца. У яго была вэнгерская кілбаса, яйцы, чырвонае віно… І раптам іх расійцы там абмацалі ды як пачалі лупіць шрапнэльлю, знарадамі… Усе разбегліся, хто куды; толькі пан фэльдкурат застаўся сядзець на сьсечаным дрэве, разаслаў там сурвэтку і не шманае. Ён нават крычаў на салдатаў: «Куды пабеглі, мізэрныя баязліўцы? Вы ўсюды ў боскіх руках і бог нікога не прапусьціць загінуць бяз віны. А тое, што бог творыць, заўсёды добра». А тут як на тое разарваўся знарад, якраз апошні, і як расплыўся дым, то на камні на белай сурвэтцы засталіся толькі: бутэлька віна, шэсьць яец і вэнгерская кілбаса, парэзаная на скрылікі. Чыстая была работа, пане кадэт, такая чыстая, што ад пана фэльдкурата нават і гузіка не знайшлі, а з яго сьнеданьнем нічога ня здарылася. Бо на сьвеце так ужо вядзецца, што з кожным здараецца якраз тое, што яму лёсам прызначана. Калі нам суджана папасьці ў палон, дык мы і пападзем, бо такая боская воля. Апроч таго, кажуць, што расійцы…
— Паслухайце Швэйк, — перабіў яго кадэт Біглер, — тут гутарка у нас, вядома, ня толькі пра палон, але і расійцы зьдзекваюцца са сваіх палонных. Яны выколваюць ім вочы, адразаюць вушы і нос, адрываюць абцугамі член і засоўваюць яго палоннаму ў рот. Вы-ж ведаеце, што расійцы — людажэры і барбары.
Швэйк безнадзейна махнуў рукою.
— Усяк пра іх дзейкаюць, — сказаў ён, — але такіх рэчаў яны больш ня робяць. Гэта рабілася на вайне, з туркамі, або от яшчэ як нашы ўзялі Гэрцэговіну. А пра такое глупства, як адарваць нос, ня варта і гаварыць. На Жышкаве жыў некі Антон Вайбода, у якога хвароба гэта, рак, здаецца, ад’ела ўвесь нос, а ён потым частаваў сяброў у карчме і хваліўся: «Сёньня я настраляў сем крон сорак гэлераў, дзьве кашулі ды дзьве пары чаравік; а пакуль у мяне было рыла, як у ва ўсіх, то бывала, за цэлы дзень ледзь восемдзесят гэлераў наскрабеш». От даўней, пане кадэт, існавалі розныя спосабы катаваньня і было здумана на гэта добрае начыньне. От як прыедзеце ў Прагу, то зойдзеце ў гарадзкі музэй. Напрыклад, людзям рабілі дыбу, людзей выцягвалі на драбінах, ламалі ім косьці на кале, прыбівалі цьвікамі за язык… І людзі ахвоча дазвалялі гэта рабіць з сабою, калі толькі іх перад гэтым саборавалі; тады гэта рабілі ахвоча, бо гэта служылана большую боскую славу. У гэрэтыка або ў якое-небудзь ведзьмы крышылі ўсе косьці, заганялі ім пад пазногці падкоўныя цьвікі і здушвалі іх абцугамі. І кожнае начыньне, якім гэта рабілася, мела сваю назву, гледзячы на што яно было патрэбна; каб раздушваць ногі, ўжывалі «панажы сьвятога Язэпа», каб выбіваць зубы — «дзясны прасьвятое багародзіцы», каб ламаць косьці — «рабрыну сьвятога Пятра». Такім чынам, гэрэтык, злачынца, ці палонны наперад ўжо ведаў чым яго будуць частаваць, і калі галоўны інквізытар загадваў прынесьці абцугі сьвятога Валентына, то ён мог быць пэўны, што з яго хочуць зрабіць ліверную кілбасу на вялікі пост… Ну, дык от, усяго гэтага расійцы ня маюць, і з намі нічога ня можа здарыцца. А калі нож добра навостран, дык чык! і вуха як ня было. І калі чалавек добра цярпіць боль і застаецца спакойны, то яго абвяшчаюць за сьвятога. От-жа і ў Рыме смалілі аднаго папу агнём, укрыжоўвалі і іншае, а калі вырашылі, што можа і даволі будзе з яго, ён раптам з такою прыемнаю ўсьмешкаю і кажа ім: «Ах, калі ласка, панове, перавярніце мяне на другі бок, бо мне хочацца ў роўнае меры пасмажыцца з абодвых бакоў. Надта-ж люблю ва ўсім сымэтрыю».
Тымчасам яны падышлі да вёскі, і кадэт Біглер запрапанаваў яшчэ крышку пачакаць, пакуль зусім зьмеркнецца. Яны селі за хлявом у нейкім садку; кадэт стагнаў і войкаў, салдат папоўз бліжэй пад хату, каб выявіць становішча, а Швэйк цешыў хворага…
— Мы вам зварым бульёну, пане кадэт, і я дам туды больш цыбулі. А потым мы паложым вам на жывот цёплую цэгліну — гэта вельмі памагае. І мы вас ня кінем, пане кадэт.
Салдат вярнуўся і запэўніў іх, што ў вёсачцы апроч некалькіх сялян нікога няма. Гэта вельмі падняло кадэтаў настрой. Яны ўсталі і пастукалі ў вакно. Ім адчыніла нейкая старая і, ўбачыўшы салдатаў, перапужана закрычала. Пасьля яна заламала рукі і пачала галасіць:
— Нічога ў мяне няма, паны салдаты, нічога! Маскалі ўсё ў мяне пазабіралі!
— А ці даўно яны ў вас былі, маскалі гэтыя? — асьцярожна запытаўся кадэт Біглер.
— Нядаўна, паночку, нядаўна, — плакала старая. — І сёньня раніцою былі, і ўчора ўвечары былі, і кожны дзень прыходзяць. Няма ў мяне, паночку, нічога, усё маскалі пабралі. Нават кару з дрэба абадралі ды ад яе так і здыхалі.
— А патрэбная каморка ёсьць? — зноў запытаўся кадэт, у якога ў жываце ня спрынялася рэзаніна.
Старая энэргічна замахала галавою.
— Не, нічагуткі няма, паночку ты мой. Усё маскалі пазабіралі.
— Пастой, старая, мы самі зірнем, — сказаў Швэйк, — адпіхнуў яе на бок і кінуўся ў хатку. Як дзеля звычайнае русінскае хаткі, яна была чыстая і нават прыгожая; у вялікай печы гарэў агонь, а на століку ляжала цеста на хлеб. Швэйк адчыніў дзьверы з хаты ў баковачку; там бялелі ў кошыках кучкі яец, а са столі зьвешваліся кумпякі, кускі грудзінкі і кольцы хатняе вэнджанае кілбасы. У Шэйка, нават, дух заняло ад радасьці. Ён вярнуўся ў сенцы паклікаць таварыша і кадэта, якіх старая ўсё яшчэ хацела пазбыцца.
— Мы зусім жабракі, — казала яна. — А от там, за рэчкаю, паны салдаты знойдуць хату, дзе жывуць багатыя сяляне. У нас маскалі ўсё забралі.
— Кінь ты, лухту плесьці, бабка, — сяброўскі гукнуў на яе Швэйк. — Чулі мы гэту песьню: маскалі нібыта ўсё пазабіралі і нават кару з дрэва пазьдзіралі і ад гэтага падохлі… Пане кадэт, дазвольце сказаць: можаце ісьці далей у хату — у гэтае старое ведзьмы ў бакоўцы цэлая кілбасная крама. А ты, бабка, — ізноў зьвярнуўся ён да гаспадыні, — слухай: мы ў цябе павячэраем і пераначуем, вядома ня дарам — за ўсё будзе заплочана. Ці дабром пускай ці сілаю. Каб цябе чорт, штоты ня хочаш упускаць нават нашага пана капітана, а ну!
Швэйк схапіў з похвы штых і прыставіў ягонае лязо да горла старое; тая крыкнула, падалася назад і перапужаная і лісьлівая запрасіла паноў салдатаў ісьці за ёю. У хаце яна пад агонь ад печы разгледзела, што сярод іх быў афіцэр. Яна замармытала: — Пане капітан, пане капітан! — і пачала хапаць кадэтавы рукі, каб пацалаваць іх.
— От бачыш, бабка, цяпер ты мне падабаешся, — сказаў Швэйк і папляскаў яе па плячуку. — Так і трэба паважаць салдатаў.
Кадэт Біглер дастаў з кішэні грошы. Старая жвава прынесла нечаканым гасьцям хлеба і малака ды дастала вэнджанае грудзінкі, ня спускаючы вачэй з дзьвярэй.
Швэйк загатаваў моцнае гарбаты, палажыў хворага на ляжанку, што замяніла яму ложак, і накрыў кажухом старое. Кадэт, у якога разаніна ад гарачае гарбаты сьціхла, хутка заснуў.
За мясам і хлебам засталіся толькі Швэйк і ягоны таварыш; старая пасадзіла хлеб у печ і вышла, нібыта кагосьці чакала. Салдат, жуючы, сказаў Швэйку:
— Добрае мяса. Добра прасолена і звэнджана, і хоць крышку і прыпахла каля косткі, але гэта — дармо. Лепш за ўсё бывае, братка ты мой, калі мяса вэндзіць на пілавінах, і разам з ялаўцом. Тады яно як пірог робіцца, спраўдны пірог, скажу я табе.
— Ну, гэта ня вельмі падобна да пірага, але ты глядзі не аб’ешся, — адказаў яму Швэйк. — Мяса заўсёды мясам застанецца, а мяса ахвоча есьць нават кожны сабака.
У гэтую хвіліну вярнулася старая, а сьледам за ёю ўзайшла маладая, прыгожая, рослая жанчына. Старая яе адрэкомэндавала:
— Гэта мая дачка. Мужык у яе на вайне. Бачыш, — зьвярнулася яна да маладое жанчыны, — да нас завіталі госьці, нашы салдацікі, нашы паны і абаронцы. Яны гоняць маскалёў.
Маладая жанчына ўсьміхнулася, паказала моцныя белыя зубы, а Швэйк ветліва запрапанаваў ёй выпіць гарбаты.
— Калі ласка, выпіце з намі, пані. А як завуць пана? Каптан на вас прыгожа пашыты.
І ён правёў рукою па яе поўных грудзях.
Яна пачала піць гарбату і весела гутарыць са Швэйкам, рукі якога ніяк не маглі супакоіцца; ён то казытаў яе, то як старая адварочвалася, выціраў рукі аб каптан ці спадніцу жанчыны.
Таварыш быў зусім сонны, старая прынесла з сянец кажушок і зьнікла з ім у бакоўцы, кінуўшы на дачку выразны пагляд: але тая весела засьмяялася, як Швэйк ушчыпнуў яе за лытку.
Тады яна ўстала, сказала, што пара спаць і палезла на печ, куды перанесла перад гэтым з кадэтавай ляжанкі даволі брудную падушку. Швэйкаў таварыш лёг на лаве, але хутка яму здалося там вельмі цьвёрда і ён перайшоў на падлогу. Заўважыўшы Швэйкаў неспакой і ягоныя ласыя погляды на печ, ён прамармытаў:
— Не разумею, што табе за прыемнасьць! Няўжо дома ты ня бачыў баб? Кладзіся лепш спаць і без таго ад гэтае сьвініны ў нас будзе неспакойны сон.
— Так ты маеш рацыю, — згаздіўся Швэйк і лёг поруч з ім. — А ведаеш, гэта-ж я толькі так, знарок. Бо ні адна баба не пакрыўдзіцца, калі ты ёй дасі зразумець, што яна табе падабаецца. Ну, але гэта першы раз начуем пад страхою з таго часу, як мы згубіліся. Што-ж, тут яшчэ някепска; у кожным разе лепш, як у лесе, калі ішоў такі дождж. Я тады яшчэ расказваў панам афіцэрам каля агню, як адзін каменацёс уздумаў падараваць сваёй жонцы на імяніны ангорскую казу, а пан паручык Лукаш мне не паверыў і на другі дзень сказаў, што такія рэчы людзі на імяніны ня дораць. А тымчасам людзі па злосьці дораць на імяніны яшчэ больш няпрыемныя рэчы, як ангарская каза, што ўсё-ж такі дае хоць карысьць. От мне давялося раз купіць ў нейкага пана Краўса, бухгальтара ў Радліцкім коопэратыве, сэнбэрнара, якога яму падаравала ягоная нявестка на імяніны ў дзень сьвятога Яна. Гэта быў цудоўны сэнбэрнар; ростам з бычка пярэзімка, а ён прадаў мне яго за пяцёрку, абы збыць. Бо, паводле ягоных слоў, ён ня мог без сардэчнага болю зірнуць на гэтага сабаку. І ён расказаў мне пра ўсё сваё гора, што выцерпеў праз гэтага сабаку. Ён, разумееш падараваў сваёй каханцы на імяніны залаты гадзіньнічак на бранзалеце і заручыўся з ёю, але жаніцца ён не сьпяшаўся. І на ягоныя імяніны яна з свайго боку падаравала яму гэтага самага сабаку. Ён нават плакаў, як мне пра гэта расказваў, да душы! Кватэрная гаспадыня, у якое ён пражыў шэсьць год, адразу, як толькі ён вярнуўся на Яна з фэерварка, і прывёў на вяровачцы свайго сэнбэрнара, не захацела з ім нават размаўляць, а раніцою адмовіла яму жыць у пакоі, бо сабака цалюткую ноч выў, і іншыя кватэранты скардзіліся ёй. Ён упрасіў, каб яна яго на кватэры пакінула, што ён будзе плаціць ёй на месяц пяць крон болей, а сабаку возьме ў свой пакой, каб яму ня было страшна. Так і зрабіў: узяў сабаку ў свой пакой, а раніцою прышоў дворнік даведацца, чаму гэта ў кватарантаў унізу працякае столь, ці ня мыюць тут у пакоі бялізны і ці не працякаюць ночвы. А потым кватэрная гаспадыня заявіла, што яна за сабакам прыбіраць ня будзе. Але пан Краўс ня страпіў галавы; ён пагладзіў свайго сабаку, сказаў яму: «Эх, ты, падарунак мае каханкі, мае чароўнае Мілены!» І пашоў з ім у краму конскага мяса, да пана Штапеца ў Кашыжэ, дзе купіў сабаку кілбасы і сасісак. Ён накупіў на шэсьць крон восемдзесят штук і паўбахана хлеба, ды ў абед пачаў карміць сабаку; ён кідаў ёй кавалкі кілбасы з хлебам і радаваўся, што сабака хапае іх з лёту. Ён аддаў ёй на абед усё чыста, а як вярнуўся вечарам са службы, сабака выў ад голаду. Тады пан Краус ізноў пайшоў да пана Штапеца і накупляў лівернае кілбасы на дзесяць крон. Той хацеў паслаць яе з хлопчыкам, але пан Краус запэўніў, што ён можа і сам занесьці. Тады пан Штапец яму сказаў: «Ды вы ня турбуйцеся, мой хлопчык нікому ня скажа. Дзе ваш рэсторан? У вас у мэню часта стаіць «сьвежая хатняя лівэрная кілбаса», нават, летам? Узімку я мог-бы штодня прадаваць вам сьвежую кілбасу з «чыстае сьвініны», бо ўзімку часьцей бывае, што коні ломяць сабе ногі». Такім чынам, пан Краўс дзень у дзень хадзіў у конскую краму і да булачніка, а вечарамі вадзіў сабаку спацыраваць на ўзьбярэжжа. Там яго чакала Мілена, і яны дахадзілі да Сьміхаўскае прыстані. Мілена тулілася да яго, сабака чыкіляў за імі і паненка шчасьліва ўсьміхалася і казала: «Гэнзэль, мы з табою якраз як сапраўдныя лёрд, і лэдзі на спацыры. Ты рад майму падарунку? Падабаецца ён табе?»
— Да канца ліпеня, — казаў далей Швэйк, — пан Краўс вытрымліваў гэта, а потым сказаў сваім супрапоўнікам: «Мне застаецца выбіраць ня шмат з чаго. Або я мушу застрэліць сабаку ці самому застрэліцца, або абакрасьці каго-небудзь ці жаніцца. Іначай я не магу больш існаваць». І нарэшце вырашыў жаніцца, як Мілена пачала плакаць, што ён хоча аддаць сабаку, што яна яму падаравала. А два дні пачакаўшы пасьля вясельля ягоная маладая жонка прыйшла да мяне, каб я забраў у іх сэнбэрнара, бо яна ня хоча трымаць у кватэры і танна прадае. Так я і купіў яго за пяцёрку, ды маладая дала мне яшчэ ў дадатак вясельнага пірага… От яно як здараецца, дружа мой! Розныя бываюць у людзей намеры і мэты, але яны робяць штосьці іншае, гавораць таксама штосьці іншае і толькі падманьваюць цябе сваёю палітыкаю. Кажучы праўду, дружа, дык… Эгэ, дык ты ўжо сьпіш?
Салдат хроп, як прастуджаны бульдог. Швэйк ціха адпіхнуў яго ўбок, але той нават не парушыўся, таму ён ціханька падняўся і краткам падышоў да печы. Там ён узьлез на прымурак і, мацаючы рукамі, хутка знайшоў дзьве голыя, дужыя нагі: ён пагладзіў лыткі і вышэй і, як яны не зварухнуліся, сьмела палез на печ. Аднекуль з-пад самае столі пачуўся прыглушаны, але зусім злосны голас: «От, чорт ласы! Куды лезеш?» Пасьля пачулася некае мармытаньне і сапеньне, што кончылася лісьлівым і пакорным: «А ты мне купіш хустку на галаву?» Пасьля гэтых слоў у хаце ізноў запанавала ўрачыстая цішыня, якую перарывалі толькі храпеньне і таямнічае шастаньне на печы.
Пад поўнач, як у далячыні забрахалі гарматы і іх ніхто не пачуў, бо нават на печы, пасьля ўсіх трывог і хваляваньня, Швэйка апанаваў глыбокі сон. Яму нават і на думку ня прыходзіла, што на ягоным шляху на ўсход, пасьля якіх-небудзь трохсот–чатырохсот кілёмэтраў, што ён прайшоў, моральнасьць ужо так зьмянілася, што каб дасягнуць таго, чаго ў нас дабіваюцца прысягамі на вечнае каханьне і вернасьць, нотарыяльнімі атакамі і папоўскімі бласлаўленьнямі перад алтаром, — тут ужо досыць лёгкага руху галавы на пытаньне: «А ты мне купіш хустку на галаву?» Тымчасам гэта быў толькі лёгічны вынік з гэтакага роду становішча: якой-небудзь прымадоне давай брыльлянты, а простай бабе ў русінскай хаце даволі паабяцаць, што купіш хустку, якую яна, да душы, чэсна зарабіла.
Раніцою, як кадэт Біглер прачнуўся, старая ўжо ўходжвалася каля печы, а Швэйк загатаваў яму каву з малаком і дзьмухаў на гаршчок, дзе кіпела малако. Заўважыўшы, што кадэт хоча ўстаць, Швэйк падышоў да яго і сказаў:
— Дык дазвольце, пане кадэт, паведаміць: уначы ніякіх асаблівых здарэныняў ня было. А як вы цяпер маецеся, пане кадэт? Вам лепш? Я зараз падам вам сьняданьне.
— Швэйк, — мякка адгукнуўся кадэт, — давайце яго хутчэй. У мяне больш нічога не баліць. Але я нядужы, як муха. А дзе вораг? Нічога ня відаць і ня чуць? Ох, ня ведаю, ці змагу я ісьці з вамі далей.
— Мы вас ня кінем, пане кадэт, што-б ні здарылася, — цьвёрда заявіў Швэйк. — Тут, у гэтай хатцы нам няма чаго баяцца якое-небудзь небяспекі. Маладзіца сьпіць на печы.
— А расійцы? Няўжо яны ня прыходзілі? — запытаўся кадэт.
— Не, пане кадэт. Нас старая ўчора ашукала — расійцаў тут наогул ня бачылі. Маладзіца, тая куды шчырэйшая і дала мне праўдзівыя весткі: расійцы адступілі па лініі чыгункі, дзе праходзіць шаша. Мне здаецца, пане кадэт, што лепш за ўсё будзе адпачыць тут, пакуль вы зусім не паправіцеся. Гарматы страляюць сёньня ўжо далёка адгэтуль.
Кадэт больш нічога не сказаў і дазволіў Швэйку павесьці сябе ў сад; каля хлява салдат сек дровы і паклікаў Швэйка дапамагчы яму.
Яны пачалі секчы ўдваіх; тупая іржавая сякера скрыпела, але расьсякала дровы і іх набралася цэлая куча і як маладзіца выйшла на двор, яна ўдзячна ўсьміхнулася салдатам.
— Ну, што, браткі? Га? Куды прыемней секчы дровы, як біцца на вайне? А колькі работы вы з мяне зьнялі!
— Эх, мілая, — адказаў Швэйк, — ды чаго-б я для вас не зрабіў! Сэрца-б я з вамі падзяліў, а ня то што дроў вам насекчы. У мяне да вас найлепшыя думкі.
Баба, што і так ужо мала яго разумела, засьмяялася і пашла працаваць: Швэйк кінуў сякеру і зьвярнуўся да свайго прыяцеля:
— Слухай чалавеча, што-б ты там ні рабіў, ты заўсёды павінен рабіць гэта з найлепшымі думкамі, калі хочаш, каб яно ўдалося. Ну, вядома, перш табе трэба падумаць, каб ня здарылася нічога такога, што магло-б ім пашкодзіць. От, напрыклад, у Находзе быў бургомістр і яго выклікалі ў акруговую ўправу і паведамілі, што ў Наход прыбудзе яго імпэратарская вялікасьць і што горад павінен яму наладзіць спатканьне, як той будзе праяжджаць. Бургомістр — даўно гата ўсё было! — адразу-ж склікаў нараду ўсяе гарадзкое ўправы і паведаміў, як іхны горад будзе адрозьнен ад іншых, бо ён самы шаноўны бургомістр, а не такі, як нейкі Зэманак у Казаедзе, што заўсёды, як зачынаў паседжаньне рады, казаў: «Бывайце здаровы, панове. Памятайце, што мы — члены гарадзкое рады і што нашым справы кожны раз горшыя!» Ну, а находзкі бургомістр загадаў пабудаваць трыумфальную браму, а таму што чалавек, што любіў што-небудзь асаблівае, то пачаў выдумляць надпіс на гэту браму. За два дні да ўрачыстасьці ён загадаў паклікаць мастака, замкнуў яго з пэндзалямі ў сваёй кватэры і наогул ня пускаў яго да хаты; пасьля ўдвух уначы прыбілі надпіс да брамы, захінулі яго заслонаю, каб ніхто ня мог прачытаць, і пачалі чакаць раніцы, калі павінен быў прыехаць імпэратар. Ну, імпэратар прыехаў, поліцэйскія пацягнулі вяровачку, заслона ўпала і ўсе людзі прачыталі на браме мастацка выкананы надпіс: «Хвала Ісусу хрысту! Да нас едзе Франц-Іозэф!» Імпэратару гэта вельмі падабалася, і, як бургомістр зьвярнуўся да яго з прывітаньнем, ён яму адказаў: «Вельмі я рад, што ў Находзе такі бургомістр. А што, ці ходзяць яшчэ плыты па Влтаве?» Пасьля ён паехаў далей, а бургомістр атрымаў на памятку залаты гадзіньнік, а ў тым гадзіньніку на вечку быў гравіраваны той самы надпіс, што і на браме, ды таксама ён атрымаў ордэн з каронаю «за асаблівыя паслугі». Бургомістр гэтым, вядома, вельмі ганарыўся, і таму што ён быў стары, выбралі замест яго ягонага сына. Сын яшчэ толькі першы год быў бургомістрам, як яго таксама паклікалі ў акруговую ўправу, бо яго імпэратарскай вялікасьці ізноў заманулася праехаць праз Наход, і трэба было яго адпаведным чынам спаткаць. Малады бургомістр таксама замкнуўся і пачаў прыдумляць, які надпіс зрабіць на трыумфальнай браме. Потым ён купіў палатна, сам намаляваў надпіс і ўночы прымацаваў яго да брамы, зноў завесіў заслонаю і нікому, нават бацьку, не сказаў ні слова. От прыехаў імпэратар, поліцэйскі спускае заслону, і на браме зьяўляецца надпіс: «Езус-Марыя! Да нас едзе Франц-Іозэф!» Ну, імпэратар наогул не захацеў з ім размаўляць, нават калі той сказаў прамову са шпаргалкі, якую ён прыхаваў у капялюшы. Імпэратар нават не сказаў яму, што рад, што Наход знаходзіцца ў Эўропе. Пасьля гэтага бургомістра ссадзілі і запяклі на чатыры месяцы за абразу яго вялікасьці і ўсяе імпэратарская фаміліі. Аднак і ў яго былі найлепшыя жаданьні, як і ў ягонага бацькі, але толькі ён ня скеміў, як пачаць справу і што з усяго гэтага можа
— Але-ж кажуць, што наш імпэратар ня ўмее гаварыць па-чэску, — сказаў швэйкаў слухач, — што ён наогул ня ведае ні слова па-чэску.
— Гэта яму так заўсёды даводзяць, — пачаў бараніць яго Швэйк, — але ў яго добрае сэрца і па-чэску ён таксама калісьці вучыўся. Ён вельмі далікатны з дэпутатамі, калі прымае іхныя дэлегацыі. Ён у кожнага пытаецца: «А што, у Празе ёсьць яшчэ каналізацыя?» — «Як на вашу думку, ці доўга гэты год пратрымае зіма?» — «Гэта вельмі цікава, што ў вас масты вядуць з аднаго берага рэчкі на другі!» Трэба ведаць даражэнькі, што панаваць — справа не такая лёгкая, а тут яшчэ распытвайся пра каналізацыю. Няма ніякага дзіва, што чалавек часамі памыліцца. Вось з ім раз быў такі выпадак: прыехаў ён дзесьці на Мораве ў адну вёсачку недалёка ад Гэдынга і пытае ў тамтэйшата бургомістра: «Ну як, які ў вас сёлета ўраджай? Калі-б не дожджы, дык, напэўна, не такі-б быў кепскі?» А бургомістр чалавек неасьвечаны, узяў дый ляпнуў яму па-чэску: «Ваша вялікасьць, пшаніца наліваецца добра, аўсы буйныя, буракі найлепшыя, от толькі бульба — г…! Імпэратар яго не зразумеў і спытаўся ў ад’ютанта, што значыць гэтае слова. Той адказаў, што гэта просты народны выраз: калі што кепскае, хібіла, то гэта называюць «г…». А праз тыдзень яны прыехалі ў Пшэраў, і там начальнік акруговае ўправы адрэкомэндаваў імпэратару дырэктара народных школ. Імпэратару здалося дзіўным, што яго спаткала мала дзяцей, і ён запытаўся ў дырэктара, якая на гэта прычына. «Ваша вялікасьць, — пэкаючы, адказаў дырэктар, — у нас тут шмат хворых на адзёр і палова школьнікаў хварэюць на яго…» — «Ведаю, ведаю, — адказаў на гэта імпэратар, здаволена хістаючы галавою, — гэта страшэннае г…, страшэннае г…». Разумеецца, такая высокапастаўленая асоба таксама можа часамі памыліцца, але адгэтуль не вынікае, што з яго трэба сьмяяцца.
☼
Кадэт Біглер так хутка падужэў у садку пад грушаю, што па абедзе хацеў ужо рушыць далей, але Швэйк запротэставаў:
— Дык дазвольце сказаць, пане кадэт, што гэта было-б дарэмна. Нам трэба пайсьці ўправа на станцыю, а батальён ужо сам знойдзе нас. Апроч таго вы яшчэ вельмі слабы, пане кадэт, а туды ня так блізка, нават калі ня лічыць таго, што старая кажа, што ўначы напэўна будзе дождж.
Кадэт пачаў вывучаць карту і ў душы згадзіўся, што Швэйк мае рацыю. Да таго-ж яму зрабілася ясна і тое, што капітан Загнэр не памыліўся, калі казаў, што расійцы ніколі-б не адступілі там, дзе іх шукалі аўстрыйцы, бо зусім немагчыма праехаць з абозам і артылерыяй праз такія лясы і балоты.
Швэйк ізноў загатаваў гарбату, а ўначы ізноў узьлез на печ, дзе пачаў уцяшаць пакінутую маладзіцу. Уся вёска спала ціхім і глыбокім сном; дождж ліў, як з вядра, і спыніўся толькі перад раніцою.
Кадэт адчуваў сябе пасьля доўгага сну моцным і дужым, і да яго вярнуўся ягоны ранейшы ваяўнічы дух. Ужо з раніцы ён пачаў крычаць на салдата, што гатаваў сьняданьне, у той час як Швэйк хадзіў з маладзіцаю ў хлеў даіць карову.
— Каб вас чорт задзёр! Як вы ізноў стаіцё, калі я з вамі гавару? Пяты, пяты пастаўце як сьлед! — крычаў ён, а пасьля сьняданьня хутка апрануўся і загадаў выступаць.
Ён разьлічыўся з старою, што пацалавала яму ў руку, і першы, разам з салдатам, вышаў з хацінкі. Тымчасам Швэйк разьвітаўся з маладзіцаю і, гладзячы яе, гаварыў:
— Ну, ну, ня плач, прыгажуня! Мы-ж не на век разьвітваемся! А потым і стары твой прыйдзе ў водпуск. Ну, а калі што здарыцца, дык я думаю, што і ў вас знойдзецца радзільны дом… Ну дык — з богам! Шчасьліва табе заставацца!
Кадэт накіраваўся проста праз сад на поўнач, дзе, як расказала старая, дарога выходзіць на шашу. Ён крочыў так хутка, што салдат і Швэйк адсталі ад яго. І тады салдат сказаў Швэйку:
— Калі ты, браток, захочаш есьці, дык толькі скажы. Я такі схапіў адну кілбасу ў старое з яе каморкі.
— Як табе ня брыдка абкрадаць такіх добрых людзей! — пачаў лаяць яго Швэйк. — Не, мне маладзіца сама дала на дарогу кавалак шынкі і бохан хлеба. Раніцою ў садку я скруціў галаву чатыром куркам і двум пеўнікам, яны ў мяне ўсе ў ранцы і я ледзь цягаю гэтую ношу. Баюся, каб яны часамі ў нас ня
Кадэт падаўся ў бок ад вёскі, паўз якую яны ішлі ўжо з чвэрць гадзіны па дарозе. Швэйк апошні раз зірнуў на хатку, што была яму такою гасьціннаю і, раптам ахоплены наплывам успамінаў, засьпяваў:
Як анел чыстая душой, |
Але яму здалося, што такія жаласныя словы гэтае песьні ня зусім выказваюць ягоны пачуцьці, таму ён засьпяваў іншую:
Калі пакідаў я вас сёньня, |
Раптам кадэт спыніўся і, прыкрыўшы вочы рукою, як казырком, стаў узірацца ў далячыню; потым ён, як маланка, хутка кінуўся на зямлю і зашыпеў:
— Вораг! Расійцы! Кладзіся!
— Значыць, яны сапраўды тут? — зьдзівіўся Швэйк. — Значыць, яны…
А салдат, швэйкаў таварыш, пры слове «расійцы» выпусьціў карабін і падняў уверх рукі; але потым, убачыўшы, што ніякага ворага няма, ён ізноў апусьціў іх і лёг на зямлю, у той час, як кадэт закомандаваў:
— Набівай! Набівай!
Кадэт выказваў напружаньне і быў, як сьмерць бледы; ягоная рука нэрвова сьціскала рэвольвэр. Швэйк, што да гэтага часу нічога ня мог убачыць, стаў поруч з ім на калені і з цікавасьцю запытаўся:
— Дык дазвольце вас спытацца, пане кадэт, дзе-ж расійцы? Я ня ведаю нават, як яны выглядаюць, бо за ўсё сваё жыцьцё я ні разу ня бачыў расійца. А от мадзьяраў шмат даводзілася бачыць.
Кадэт моцна пацягнуў яго і той паваліўся, а сам ён выцягнуў наперад руку з набітым рэвольвэрам. І тады Швэйк убачыў расійцаў.
Паміж хат пракрадваліся тры расійскія салдаты — два старшыя векам з барадою і адзін малога росту хлопчык, зусім яшчэ дзіця. Яны ішлі павольна, ледзь ступаючы і хісталіся пры ходзе, як мядзьведзі; іхныя карабіны віселі на вяровачках за плячыма. Яны ішлі стомленыя, прыглушаныя, як бараны, якіх так загналі, што яны ўжо ня могуць больш крануцца з месца; увесь іхні выгляд выказваў тое, што аўстрыйскія салдаты выказвалі словамі: «Піхні нас наперад, піхні нас назад — усяроўна з нас нічога не даб’ешся, усяроўна нам усё абыякава!»
От яны спыніліся і пачалі пра нешта раіцца ў пераходзе між двух хат, у той час, як каля іх на дварэ прыхаваліся кадэт і два добрыя ваякі з варожага лягеру. Убачыўшы, што Швэйк на загад сунуў у карабін абойму дагары нагамі, кадэт схапіў у яго з рук карабін; набіў яго сам, ды, аддаючы назад Швэйку, паціху шапнуў:
— Жывёла, нават набіць як сьлед ня ўмее! Прыцэлься добра! Падрыхтуйся! — загадаў ён коратка і падняў рэвольвэр.
Але «страляй!» яму так і не давялося скомандаваць; рука швэйкава адвяла ўзброеную кадэтаву руку, а сам Швэйк прамармытаў:
— Езус-Марыя, пане кадэт, няўжо вы і сапраўды хочаце іх застрэліць? Яны-ж нас не чапаюць. Дык дазвольце сказаць, пане кадэт, што калі мы выстралім і не патрапім, дык яны нас застрэляць, яны-ж таксама маюць карабіны, ды яшчэ якія доўгія. Магчыма, яны — разьведка, а за імі ідзе ўся дывізія?.. А можа іх толькі трох і яны таксама заблудзіліся, як і мы. І тады, калі мы іх застрэлім, дык нам давядзецца капаць ім магілы, а гэта ў такую сьпёку ня так лёгка, пане кадэт.
Швэйка захапіла думка, што яны, гэтыя варожыя салдаты, таксама зьбіліся з дарогі, як і яны, і яго сымпатыі расьлі да іх з кожнаю хвілінаю. Ён абняў кадэта так, што ў таго і дух спыніла і горача зашаптаў:
— Вы толькі ўявеце сабе, пане кадэт, што яны таксама адбіліся ад свае часткі. Цяпер ім, бедным, давядзецца туляцца па сьвеце і ніводзін полк ня прыме іх да сябе і ніхто ня дасьць ім ні грошай ні пайкоў. Яны, напэўна, жадаюць папасьціся ў палон; магчыма, нават, яны чулі пра нас і лічаць, што мы забяром іх з сабою і будзем клапаціцца, каб прахарчаваць іх. Ды не, тут яны і памыліліся, бо наш начальнік, пан кадэт Біглер, а ён не такі дурань, каб падбіраць расійскія недабіткі і браць на сябе такі цяжар.
Швэйк туліў да сябе кадэта і ўсё мацней і мацней. Тымчасам расійцы скончылі нараду і пашлі далей. Швэйкавыя абнімкі аслабелі; нарэшце, ён пусьціў кадэта і лагодна, па-бацькаўску паказаўшы на доўгія трохкантовыя штыкі салдат, што адходзілі, прамовіў:
— Дык, пане кадэт, цяпер мы выратавалі адно аднаму жыцьцё. Я ня вельмі баюся, калі мяне казычуць, але мне здаецца, што каб тыя захацелі нас паказытаць вось такою цацкаю, гэта было-б ня вельмі прыемна.
Кадэт Біглер змоўчаў, бо ня ведаў, што адказаць; ён нават гатоў быў згадзіцца, што Швэйк мае рацыю. Калі цяпер тут было толькі трое расійцаў, дык іх магло быць тут куды больш: перастрэлка выклікала-б трывогу ва ўсім раёне, і нямаведама чым-бы ўсё гэта скончылася. Як можна ніжэй яны схіліліся да зямлі і накіраваліся праз поле да ўскраю лесу. Калі кадэт Біглер пачуў, што небясьпека мінула, ён, каб падтрымаць афіцэрскі гонар, накінуўся на Швэйка:
— Цяпер командую я! Я магу загадваць, што хачу, а вы павінны мае загады выконваць і трымаць язык за зубамі. Разумееце? Зразумелі?
— Так, зразумеў, пане кадэт. Буду слухацца загадаў і трымаць язык за зубамі! — пакорліва адказаў Швэйк. — Так што, пане кадэт, дазвольце запытацца, ці не хацелі-б вы зьесьці кавалачак кілбасы? Яна добрая, сухая, з часнаком.
Яны асьцярожна і паволі перасоўваліся паўз край лесу; апроч некалькіх жанчын і сялян, што працавалі ў полі, нікога ня было відаць. Па абедзе яны вышлі на дарогу, што вяла праз густы бор проста на поўнач.
Кадэт загадаў зрабіць прыпынак. Яны ляглі на траву. Кадэт разлажыў карту і пачаў вадзіць па ёй пальцам. Швэйкаў спадарожнік, якога ў гэтай экспэдыцыі цікавіла толькі тое, каб пад’есьці і добра выспацца, адразу заснуў. Швэйк азірнуў з-за кадэтавага пляча на карту і запытаўся:
— Дык, пане кадэт, дазвольце даведацца, вы ўжо знайшлі, дзе знаходзіцца наш марш-бацьяк? Кажуць, што на гэтых картах генэральнага штабу ўсё адзначана. Каб разабрацца ў гэтай карце, пане кадэт, мусіць, патрэбна вялікая навука? Вось у нас у палку быў паручык Гофман, дык той вучыў у вучэбнай командзе чытаць гэтыя карты і заўсёды дадаваў: «Салдаты, — казаў ён, — чытаць карты куды важней, як ведаць, з якіх частак складаецца карабін. Капралы, ефрэйтары і разьдзельныя павінны рабіць гэта лепш за генэралаў; што гэта так вы, салдаты, можаце пераканацца, калі наш полк выходзіць на манэўры або на вялікае палявое вучэньне. Перш зьбіваецца з кірунку і кудысьці зьнікае пан палкоўнік разам з канём, потым пан маёр, за ім пан капітан, а пасьля і рэшта паноў обэр-афіцэраў. Полк вядзе тады фэльдфэбэль і каб вы толькі ведалі, як-бы яму папала, каб ён таксама зьбіўся з дарогі і павёў полк ня туды, куды трэба. У часе міру за гэта прызначаюць адзіночную турму, а ў часе вайны — расстрэл». А пасьля гэтага паручыка, дазвольце сказаць, пане кадэт, пазбавілі афіцэрскае годнасьці, і цяпер ён служыць у Празе за рэдактара аднае газэты і часта сядзіць у халоднай за абразу арміі. Бо і з рэдактарамі трэба быць строгім.
Кадэт нічога не адказаў, а толькі яшчэ пільней пачаў вывучаць карту; нарэшце ён падкрэсьліў пазногцем адну назву і запытаўся:
— Швэйк, як называлася тая вёска, дзе мы начавалі? Пенякі, кажаце вы? Дык гэта тут. Мы вось тут у лесе, дарога ідзе вось так, а чыгунка, пра якую гаварыла старая, нішто іншае, як вучастак паміж Львовам і Бродамі. Вузкакалейкі тут няма, хіба што расійцы зрабілі сабе новую чыгунку. Праз тры гадзіны мы будзем на шашы.
Гэтае прароцтва ня збылося, хоць яны ішлі даволі бадзёра. Толькі пад вечар дацягнуліся яны да шашы, калі наогул можна было так назваць гэтую дарогу. Гэта была ўся ў выбоінах шырокая дарога, зьмешаная колам бязьлікіх фурманак, гармат і грузавікоў, што прайшлі па ёй за год у адзін і другі бок. Калі нашыя ваякі падышлі да шашы, па ёй ехала безьліч абозных двухколак з хлебам і фуражом. З бакоў ішлі салдаты, што або адбіліся ад сваіх палкоў, або не маглі ісьці далей, або лічылі, што яшчэ пасьпеюць дагнаць сваё шчасьце,што чакала іх наперадзе.
Кадэт пачаў распытвацца, дзе цяпер 91-ы полк, але ніхто нічога ня ведаў пра яго, і толькі нейкі сапёрны капітан сказаў:
— 91-ы полк з Будзёвіц? Учора толькі я яго бачыў. Яго сьцягваюць пад Броды. Там умацаваліся расійцы — цэлая дывізія.
Кадэт ізноў дастаў сваю карту і хацеў дайсьці, як гэта яго батальён трапіў у Броды. Яны нейкі час ішлі па шашы, а потым кадэт павярнуў управа на палёвую дарогу.
— Мы ізноў вернемся на гэтую шашу, але нашы не маглі яшчэ да яе дайсьці. Магчыма, мы сустрэнем іх у якой-небудзь вёсачцы.
Яны пашлі хутчэй і хутка нагналі некалькі чалавек адсталых, якіх потым яны сустракалі цэлымі натоўпамі. Салдаты з розных палкоў па аднаму ці па некалькі ішлі, сядзелі або ляжалі ў траве абапал дарогі, і як Швэйк пытаўся у іх, куды яны ідуць, адказвалі або сярдзітым мармытаньнем, або пакорліва і лагодна:
— Мы ідзем змагацца і ўміраць за нашага імпэратара.
Дарога была праз балота, але там ішла ўжо работа, каб можна было праз яго езьдзіць. Цэлая рота салдатаў рабіла гаць, клала дрэва, камель пры камлі, якое надвозілі з лесу мобілізаваныя на гэта тутэйшыя сяляне. Другая команда забівала дзіркі мохам, трэцяя насыпала пясок, а чацьвертая раўняла дарогу на краёх, і там дзе пяску было мала, дасыпала рукамі. Ззаду стаяў падпаручык і крычаў:
— Старайцеся, каб вас чорт, каб усё было добра! Гэта мусіць быць дарога, як алея ў Шэнбрунскім парку. Узводны, скажэце там, каб пясок везьлі толькі найчысьцейшы і найдрабнейшы.
Кадэт пачаў размову з падпаручыкам. Швэйк з вялікаю цікавасьцю пазіраў, як раўнуюць дарогу, і потым сказаў салдату, што быў бліжэй да яго:
— А ты вельмі акуратна робіш. Гэта такая чыстая работа, як сказаў-бы стары Маравэк, калі-б ён убачыў, як ты тут арудуеш з сваёю лінейкаю, бо пан Маравэк — муляр і перш за ўсё паважаў чыстую работу. А вы, менавіта, з якога палка, хлопцы?
— Эх, браток ты мой, — уздыхнуў салдат, — усё тое, што мы робім, — адна дурасьць. Няхай толькі тут пройдзе хоць адна рота і ты не пазнаеш ужо краёў, што мы старанна раўнуем. А як праедзе абоз або артылерыя, коні вытапчуць мох. А яго возім за гадзіну воз. Ад такое дурной работы мы змучыліся, як сабакі. Дый ці мала робім мы такой работы, што нікому непатрэбна, бо нашы інжынэры — ідыёты. От, напрыклад, учора будавалі мы мост на канаве, якую конны мог-бы пераскочыць, а абоз чакаў вялізны, фурманак чатырыста і от ён стаў і ня можа праехаць цераз гэту канаву. Ну, паслалі нас туды. Я сам карэтнік, але каб у мяне запыталіся, як зрабіць, дык я перакінуў-бы з аднаго боку на другі тры бервяны, на іх наслаў-бы дошчак, прыбіў іх цьвікамі і… от і ўсё! Едзьце сабе на здароўе! Але наш падпаручык — інжынэр, і таму склаў сабе на гэта цэлы плян. Перш-на-перш ён паслаў у вёску, дзе мы стаімо, па мэтр, а вёска адгэтуль на паўтары гадзіны дарогі; потым ён вельмі дакладна вылічыў, якое даўжыні павінна быць бярвеньне; потым загадаў нам абчасаць іх з чатырох бакоў; потым паслаў на тоўстыя дошкі, што прывезьлі толькі падвечар, і, нарэшце, загадалі нам зрабіць з двух бакоў поручы. Адным словам, браток ты мой, мы з гэтаю справаю змарнавалі часу з адзінаццаці раніцы да трэцяе ўначы і ўвесь абоз стаяў на месцы і чакаў, а ён-жа быў з хлебам! Ну, як мы ўсё скончылі, інжынэр пусьціў хурманкі на мост, і адразу-ж самая першая паламала поручы. Потым, як ад кол перад мастом стала глыбокая выбоіна, нам давялося падымаць драбіны на мост каламі… От, браток ты мой, так мы вайны ня выграем. Бачыш таго афіцэра — дурань з дурняў, а сказаць гэта я яму не магу і з хаты яму таго не напішуць… А сам адкуль будзеш? Мы — рабочая каманда 36 палка, а самі называем сябе «Таварыствам упарадкаваньня дачнага жыцьця».
— Так, так. Значыць, у вас афіцэры таксама прыдуркі, — спагадліва адгукнуўся Швэйк. — Ну, а я з 91-га, і ў нас яны таксама дурні. Мы былі ў разьведцы, зьбіліся з дарогі і цяпер шукаем свайго палка. Але калі ваш падпаручык таксама прыдурак, дык наш кадэт ад яго ня шмат даведаецца. А як у вас кормяць, дружа?
Член «Таварыства ўпарадкаваньня дачнага жыцьця» безнадзейна махнуў лінейкаю, і ў гэты самы момант кадэт Біглер паклікаў сваіх падлеглых і загадаў ісьці далей. Швэйк яшчэ раз зьвярнуўся да салдата, з якім размаўляў:
— Ну, што-ж, хлопцы, старайцеся, аздабляйце масткі! Як выйдзеце ў адстаўку, будзеце ўмець аздабляць бальныя залі на карысьць вэтэранаў вайны.
Кадэт Біглер і сапраўды даведаўся ня больш, як сказаў яму ўжо сапёрны капітан. Расійская армія спынілася каля Бродаў — і замацоўвае свае позыцыі, відаць, на тое, каб не дапусьціць аўстрыйскае войска ў межы Расіі. А дзе патрэбны ім маршавы батальён, падпаручык ня ведаў.
Зьмяркалася. Усе трое вельмі ўтаміліся, таму кадэт не супярэчыў, як Швэйк завярнуў у бок з дарогі да нейкага доміку, як выявілася — доміку лясьнічага. Стары чалавек, лясьнічы, прыняў іх даволі ветліва, і ад яго яны даведаліся, што два дні перад гэтым тут праходзіла шмат войска. Расійцы прайшлі тут чатыры дні назад.
Лясьнічага жонка паставіла варыць на вячэру бульбу і прынесла малака. Убачыўшы, што яна гатуе вячэру, Швэйк пагрэў у вялікім гаршку вады і апарыў курачак і пеўніка, што нёс з сабою.
Убачыўшы гэтыя прысмакі, кадэт Біглер з прыемнасьцю констатаваў, што ў яго ізноў зьявіўся голад, а Швэйк, заўважыўшы ягоны галодны погляд, ізноў выказаў, якае ў яго добрае сэрца.
— Я-ж казаў вам, пане кадэт, што я вас не пакіну. З курэй я звару крупнік, а пеўніка сасмажу. Добра, што мы не змарнавалі дарма часу на забойства тых расійцаў; таму мы можам цяпер якраз у час павячэраць.
Трох курэй і двух пеўнікаў без астачы зьелі, вячэраючы ў лясьнічага ў доміку. Тры куркі, што асталіся, Швэйк старанна закруціў у анучу ды схаваў сабе ў ранец. Ікаючы ад добрае вячэры, ён задаволеным голасам сказаў:
— Так! Цяпер з намі нічога ня здарыцца.
Раніцаю яны пайшлі далей, і ў той час, як лясьнічага жонка, што праводзіла, казала ім, што будзе за іх штодзённа маліцца, яна вачыма заклапочана лічыла сваіх курачак. Потым твар яе праясьніўся і яна дадала:
— Я буду маліцца за вас, раніцою і ўвечары, добрыя ваякі. У мяне ўсе куры!
На шашы быў яшчэ большы рух, як учора. Войска праходзіла вялікімі колёнамі. Потым наша тройца сустрэла палявых жандараў, што ёй сказалі.
— Ваш батальён? Учора яшчэ быў у Смоціне, але куды ён пашоў далей, мы ня ведаем.
Кадэт запытаўся ў іх, як ісьці на Смоцін, і вырашыў пайсьці туды, каў тым хутчэй даведацца, дзе шукаць сваю часьць.
Салдаты пачалі цяпер сустракацца і на палёх. Было відаць, што тэлефоністы ставяць правады, перабягаючы з доўгімі каламі ад дрэва да дрэва, і Швэйк прыгадаў Хадынскага і спагадліва сказаў:
— Ён таксама мог-бы ласаваць кураціну, але замест гэтага ён павінен бегаць ад дрэва да дрэва, нібыта зьбірае вусеняў.
Хутка іх перагнаў конны ордынарац, што ляцеў, пусьціўшы наўзавады каня. Ён ехаў туды сама, куды ішлі і яны, і таму Швэйк крыкнуў наўздагон:
— Эй, таварыш, прывітай ад нас 91-ы полк і скажы, што мы ўжо блізка!
Ордынарац прытрымаў каня.
— Я і сапраўды еду ў 91-ы, — адказаў ён. — Ён стаіць у вёсцы Врбяны і пойдзе адтуль у Піонтак. Адсюль гэта за гадзіну дарогі. Вы можаце ісьці проста туды і там чакаць.
От як здарылася, што кадэт Біглер а шостай гадзіне ўвечары, выцягнуўшыся, дакладаў капітану Загнэру пра тое, што ён зьявіўся ў батальён, прыгатаваўшы на кожны выпадак, калі-б капітан пачаў распытвацца, належныя тлумачэньні. Але капітан Загнэр, якому паручык Лукаш перадаў паўкурыцы з трох, што прынёс Швэйк, і расказаў усю гісторыю іх вандроўкі, толькі паляпаў Біглера па плячы.
— Добра, вельмі добра вы гэта правялі, кадэт! Мы атрымалі са штабу брыгады такія цёмныя загады, што кожны нормальны чалавек звар’яцеў-бы.
Як Швэйк ізноў зьявіўся сярод таварышоў, вольнапісаны Марэк сустрэў яго такімі крыкамі:
— Магілы раскрываюцца, нябожчыкі ўстаюць з іх, і падыходзіць дзень страшнага суду! Швэйк, валацуга, няўжо вы ізноў з вамі?
— Спадзяюся, што ў цябе не туман перад вачыма, што ты-б мог мяне ўбачыць, — адказаў расчулены Швэйк. — Пачакай, я цябе пачастую курацінаю, бо мы заблудзілі і ў кадэта была няправільная карта. Курыца-ж троху цьвярдая.
А як зьявіўся Балун і зірнуў на Марэка, што абсмоктваў костку, з такой просьбаю ў ваччу і прагавітасьцю, што нават сьліны набегла поўны рот, Швэйк ізноў разьвязаў свой мяшок і раскруціў анучу.
— На, браце, зьеш, я табе таксама прынёс кавалак курыцы, — сказаў ён. — Я дзень і ноч думаў пра вас, хлопцы. Ну, новае чуваць?
— Мы туляліся ўсюды, — адказаў Марэк, аб’ядаючы другую костку. — Мы былі і тут і там, нібы хацелі заблытаць калючым дротам усю зямную кулю… А, ведаеш, Швэйк, — неяк асабліва сур’ёзна дадаў ён, — за тваю курку я напішу ў гісторыю палка доўгую рэляцыю пра цябе.
Марэк выцягнуў з кішэні скрутак папер і пачаў дэклямаваць:
— Калі ты, чытач, прачытаеш у карціне бою, — нават няхай гэта будзе згадана толькі як невялічкі эпізод! — пра «апошняга з службы пры гармаце», дык схілі ніжэй галаву, зацям сабе ягонае імя ў памяці і згадвай яго з удзячнасьцю. Бо тэрмін «апошні пры гармаце» хавае ў сабе столькі духовае сілы, такую веліч духовага ўздыму, нечалавечае вытрымкі, што кожная спроба падвесьці гэтыя якасьці пад тую або іншую номэнклятуру сумленнасьці і дабрачыннасьці і ахарктарызаваць гэты ўчынак якрй-небудзь хадзячай фразаю хвальбы толькі зьменшыла-б іхнюю сапраўдную веліч. Спрабуем бліжэй разабрацца ў гэтым становішчы. Ворагу пашанцавала намацаць нашу батарэю, і от хвілін за колькі ён ужо прыстраляўся да яе. Ён пасылае знарад за знарадам; шрапнэль рвецца адна каля аднае, і жалезны град рассыпаецца ва ўсе бакі і бязлітасна разносіць на кавалкі ўсё, што трапляецца яму на дарозе. Гудуць «чамаданы» і з грукатам стукаюцца аб нашы гарматы, ломячы і крышачы іх. Навакол валяюцца забітыя і раненыя; адзін за адным валяцца абаронцы, і толькі адна гармата яшчэ не маўчыць, толькі адзін чалавек застаўся пры ёй. Гэта — Язэп Швэйк, запасны 91-га палка, што бяз страху кінуўся да команды батарэі. Варожыя знарады прагавіта шукаюць новых ахвяр, выюць і рвуцца зьлева і справа, падаюць то бліжэй наперад, то далей назад, але — о, дзіўнае шчасьце! — не пападаюць у яго. Гэта і ёсьць «апошні чалавек пры гармаце»! І хто ў гэтым пекле, у гэтай шалёнай віхуры сьмерці, дзе кожную хвіліну можна загінуць, ня згубіць развагі, той зьяўляецца чалавекам, што мае права на кароткае, але гучнае, як звон, і вялікае імя «гэрой!».
Таму «апошні чалавек пры гармаце» даўно ўжо зьяўляецца ўлюблёнаю тэмаю вялікіх мастакоў-баталістаў, — скончыў вольнапісаны Марэк. — Гэта тэма ажыла ізноў у радавым, Язэпе Швэйку, што такім чынам зьдзейсьніў на яве паданьне пра такога гэроя. Гэта ён апошні стаяў каля свае гарматы, не ўважаючы на сьмяротную небясьпеку; гэта ён набіваў, наводзіў, страляў, ізноў наводзіў і страляў і так далей. Было немагчыма яго перамагчы, немагчыма нават Сьмерці, як і расійцам… І таму цяпер вялікі срэбны мэдаль «за адвагу» ўпрыгожвае ягоныя грудзі.
— Гэта зусім, як з канонірам Ябурэкам, — захоплена адказаў Швэйк, — з тым самым, што пад Кёніггрэцам стаяў каля гарматы і ўвесь час набіваў яе. Паслухай, Марэк, мне здаецца, ты пачынаеш загаворвацца. Калі-б пры Кёніггрэцы гэты Клям-Галяс ня сеў у галёшу, мы канечне перамаглі-б, такія ў нас там былі добрыя салдаты! А ты чуў, што плян гэтае бойкі распрацаваў аўстрыйскаму штабу… прускі генэральны штаб? Нейкі пан капітан Гэпнэр даведаўся пра гэта і, калі ня мог пераплыць Эльбы, застрэліўся. Але ён напісаў сваёй жонцы, як была справа, і таму яго імпэратарская вялікасьць загадала адмовіць ёй у пэнсіі. Тады яна перш кінулася на калені на вуліцы перад яго коньмі і працягнула да яго рукі, каб дазволіў ёй прыйсьці на аўдыенцыю, а потым яе аддалі ў вар’яцкі дом, бо яна хацела абліць імпэратара сярчанаю кіслатою…
— Швэйк, умейце трымаць язык, — параіў яму Марэк. — Вы-ж ня ведаеце, хто нас слухае.
— А няхай слухае, хто хоча! — пакрыўджана адказаў Швэйк. — Яна-ж хацела пакалечыць яго вялікасьць, каб ён больш не падабаўся Альжбэце. А тая-ж і так ад яго разоў колькі ўцякала, пакуль пан Лукені не закалоў яе ў Жэнэве напільнікам. Напэўна, ён наогул быў злосны на прыгожых жанчын… А ў расійцаў, ведаеш, штыхі таксама падобны да напільнікаў… Ну, а наш імпэратар доўга яшчэ мог-бы жыць з ёю ў непарушным шчасьці і згодзе.
Сумятня ў табары павольна сьціхла. Салдаты ляглі спаць; у суседняй палатцы хтосьці расказваў:
— Нам трэ’ было-б пайсьці да кухара, каб ён нам прынамсі хоць косткі даў пагрызьці. Трэ’ было-б пайсьці і сказаць: «Божа ты мой, якія-б мы былі падлюгі, каб нам не хацелася есьці! Бо жывем-жа мы тут, як жывёла, жлукчам адну ваду, і нават няма з кім кахацца».
Але наўкола ня было відаць ні спакою, ні ціхамірнае цішыні летняга вечара. Раз за разам чулася, як грукаталі гарматы, па дарозе грукацелі абозы ды тупацела пяхота і кавалерыя, што, бяз упынку, ішлі цалюткую ноч. Усё гэта нагадвала пра небясьпеку, што чакала нашых ваякаў наперадзе. Таму паручык Лукаш, кладучыся на ахапак сена, сказаў Швэйку на пытаньне, ці ня будзе на заўтра якіх загадаў:
— Пакуль што няма. Бог ведае, што будзе з намі заўтра… Ты ведаеш, Швэйк, што перад намі самае цяжкае? Трэба будзе вытрымаць такую гарачую лазьню, як яе напаляць.
На гэта Швэйк рашуча адказаў:
— Не, пане паручык, я гэтага ня ведаю. Але толькі халодная лазьня нікуды ня варта, бо там ніяк ня выпарышся добра, пане паручык, і я такое ня люблю. Калі ўжо лазьня, дык каб сапраўдная. Дык дазвольце, пане паручык, сказаць, што заўтра будзе відаць, як нас выпараць расійцы!