Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/Наперад! Наперад!
← Па пятах ворага | Наперад! Наперад! Раман Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Лукаш Калюга |
У акопах → |
НАПЕРАД! НАПЕРАД!
На вайне вялікае значэньне мае сыстэматычнае і паступовае прытупленьне ўсялякіх салдатавых пачуцьцяў, затуманьваньне ягонага розуму ўсялякімі надзеямі.
Калі адарваць звычайнага сярэдняга абываталя, рамесьніка або гандляра ад ягонай сям’і, ад ягоных заняткаў, ад ягонага штодзеннага жыцьця, так як хлапчукі вымаюць з гнязда маладых шпакоў, і паслаць іх проста на фронт, дзе ім праз дваццаць чатыры гадзіны давялося-б апынуцца перад варожаю арміяй, — дык магло-б здарыцца, што аднае прыгожае раніцы паўарміі вісела-б на хвойках у лесе або на сьлівавых дрэвах пры дарозе. Бо салдаты самі павесіліся-б з роспачы, ня стрымаўшы ўсяго жаху такога хуткага пераходу.
Таму дзейнічаюць павольна; адно ідзе за адным, і доза паступова павялічваецца, — зусім так, як прымаюць аршэнік, пачынаючы з аднае пілюлі на дзень.
Перш — гразь казармы і подласьць афіцэраў і паганыя дачыненьні пад ашуканскаю маскаю заклапочанасьці; дрэнная ежа і паскудныя нары; страшэнная цесната ў набітых поўна сьмярдзючых вагонах, утома і змучанасьць ад вялікіх пераходаў, і з кожным днём новая надзея, што заўтра ўсё гэта скончыцца, што мо’ і не давядзецца трапіць у бой і што ні з кім нічога дрэннага ня здарыцца…
Надзея, што «заўтра ўсё скончыцца», не дазваляе салдатам узбунтавацца або скончыць самагубствам; а тое, што жыцьцё робіцца ўсё больш паганым і ператвараецца ў пекла, спрыяе таму, што салдат пачынае не баяцца сьмерці. Такі духовы стан Гаўлічэк, найбольшы чэскі пісьменьнік XIX стагодзьдзя, выказаў такімі славамі: «Што? Я — аўстрыйскі падданы? Што са мной можа быць яшчэ горшае?»
От чаму, як паны афіцэры сышліся на нараду, а конныя ордынарцы прыляталі адзін за адным і тэлефоністы скручвалі правады, салдаты швэйкавага батальёну сталі ў рады таксама тупа і пакорліва, як бараны перад брамаю разьніцы.
Ніхто не гаварыў ні слова, і ўсе зрабіліся адразу вельмі скрытнымі; а калі раптам наперадзе, зусім блізка, часта загрымелі гарматы, так што зямля дрыжала пад нагамі, а крыху пачакаўшы за імі загулі і цяжкія гарматы, кожны толькі зблажнеў і ўбачыў, шго ягоны сусед таксама мяняецца ў абліччы. На трывогу ня білі — ня трэба было. Салдаты самі бралі на плечы ранцы і ва ўсіх зьявілася адна думка: «Потым, як будзем уцякаць, я яго кіну, мучыцца з ім я ня буду».
Потым капітан Загнэр скомандваў: «Зважай!», узьлез на пустую бочку і пачаў прамову.
Ён прырадаў салдатам прысягу біцца да апошняе каплі крыві за палкавы сьцяг і асабліва падкрэсьліў, што слаўная аўстрыйская армія адкінула расійцаў амаль да старое дзяржанае мяжы; яшчэ мэтраў колькі і расійцы на каленях будуць прасіць міру. Ён маліў салдатаў не баяцца; ён правядзе іх праз жалезныя сьцены і яны няхай захаваюць славу «жалезнага палка», што ніколі не адступаў, але заўсёды меў перамогу. Ён гаварыў, што чым хутчэй даб’юцца пасьпехаў на полі бойкі, тым хутчэй можна будзе вярнуцца да сваёй сям’і, у абнімку каханых жанок і дарагіх дзяцей; ён вытлумачыў, што наш гэройскі саюзьнік кайзэр Вільгэльм (тут узводныя пачалі штурхаць салдат: «Крычэце гура, слава! На-здар! — а не, дык будзеце падвязаны!») сваімі славамі. «Яшчэ не асыплюцца лісты, вы будзеце дома!» меў на ўвазе сяголетнюю восень, і што гэта сапраўды так будзе. Вялікіх боек і асаблівай небясьпекі больш ия відаць, бо расійцы ня маюць знарадаў і ім даводзіцца адбівацца кулакамі. Калі хто-небудзь будзе ранены, дык павінен перавязаць сам сябе, а потым ісьці на перавязачны пункт; калі стратэгічныя меркаваньні падкажуць адступаць, і будзе дадзен на гэта загад, дык раненых ня кідаць, а забраць і вынесьці з сабою. Лёгка параненыя не павінны нічога кідаць — усё, а злашча: карабін данесьці на перавязачны пункт, дзе яго прымуць пад расьпіску.
— Карабін — гэта не абаранак, што можна сьпячы за хвілін колькі, — горача гаварыў ён. — Калі вы вернецеся без карабіна, дык гэта значыць, што вы кідаеце ў сьмяротную небяспеку таварышы, у якога нічога ня будзе ў руках, каб бараніцца ад ворага. Хто прынясе карабін, атрымае за гэта пяць крон, а хто яго не прынясе, застанецца пасьля ачуняньня ці сьмерці бяз водпуску. А цяпер яго імпэратарскай вялікасьці, нашаму найласкаўшаму гаспадару гура, гура, гура!
Салдаты без асаблівага захапленьня падхапілі:
— Гура! Гура! Гура!
Капітан Загнэр зьлез з бочкі і дадаў як-бы неофіцыяльна, менш урачыста, а больш па-бацькоўску:
— Старайцеся не папасьці ў палон, бо тады вы, чаго добрага, і праз дзесяць год ня вернецеся з Расіі дамоў. Калі-ж хто з вас загіне ў бойцы, дык удава атрымае за яго трыста крон… А да канца сьвету нам усяроўна не дажыць. А мо’ хто з вас хацеў-бы жыць вечна?
Ён абвёў салдат вачыма і яго погляд спыніўся на Швэйку, таму Швэйк выступіў з радоў і, казырнуўшы, адрапартаваў:
— Дык дазвольце паведаміць, я не хачу!
А потым пачулася команда: «Наперад… марш!» і батальён рушыў у дарогу, і кожнай роце далі іншы кірунак. Гарматы грымелі часьцей і галасьней. Стрэлы чуліся адзін за адным. Праходзячы каля батарэі, было відаць, як пасьля кожнага стрэлу дрыжала паветра і гармата падскоквала ўгару; артылерысты паскідалі курткі; закасаўшы рукавы, працавалі з усёй сілы і пот ліў з іх цурком…
Швэйк крочыў поруч з Балуном ззаду за паручыкам Лукашам; тоўсты млынар склаў рукі на ладунку і маліўся, а Швэйк цешыў яго:
— Ды ты ня бойся, нябога. Ты-ж чуў, як пан капітан казаў, што калі цябе заб’юць, то твая жонка атрымае за цябе трыста крон. За варону лясьніку даюць дзесяць гэлераў, за тхора або куну — крону, за ліса — пяць. Так яно і вылічана, што трыста крон удаве за мужа і сіротам за бацьку зусім даволі!
Раптам гарматы забухалі дзесьці далека наперадзе і над галавамі салдатаў з выцьцём праляцеў знарад. Тыя, што першы раз трапілі ў бой, з цікавасьцю азірнуліся, а бывалыя запэўнілі іх:
— Гэта з шаснаццаці- або восемнаццацісантымэтроўкі: пакуль ён ляціць над намі, дык нам можна не шманаць. Ну, а калі такая цацка бухне між намі, дык вы так і пакоціцеся… з рогату, хлопцы.
Тымчасам Швэйк далей выкладаў свае думкі ў пытаньні пра ўзнагароду за забітых у бойцы.
— Трыста крон, — гэтага зусім даволі, — казаў ён. — Гэта якраз цана сярэдняга бычка. А каб-жа ты зваліўся дома ў млыне ў вір і ўтапіўся, дык тваёй жонцы ня толькі нічога не далі-б, але ёй яшчэ давялося-б хаваць цябе за свае грошы. І то-ж праўда: яна-ж можа, калі па табе дастанецца ёй млын, добры млын і без даўгоў, яшчэ падхапіць каго-другога, бо паважную жанчыну, сумленную ўдаву, з добрым млыном у дадатак, кожны ахвоча возьме. І хто ведае, ці ты так абыходзіўся з сваёю жонкаю, як такая добрая жанчына і жонка таго варт была? От я табе раскажу, Балун, які выпадак быў у праскім магістраце. Хадзіла туды атрымліваць дапамогу некая Андруля Проўс з Францішкавага пляцу, работніца з Малеравае папяровае фабрыкі на Бубне; і от аднаго разу касір ёй дапамогі не дае, а глядзіць на яе з жалем, каўтае сліну і кажа: «Вы, калі ласка, пані Проўс, ня пужайцеся, а толькі дапамогі вы больш не атрымаеце. Я маю сказаць вам сумную вестку: мужыка вашага забілі на сэрбскім фронце. От атрымайце аднаразовых трыста крон». Тут Андруля Проўс склала рукі, як на малітву, сьлёзы ў яе з воч — цурком і яна як расплачацца: «Дзякуй табе, божа, дзякуй табе! Ужо я і ня ведаю, пане мой, як вас і дзякаваць, што вы мяне так зацешылі. Значыць Вашэка і сапраўды забілі? От радасьць, што вы, пане мой, даеце мне за яго трыста крон. Я ад яго, праклятага, за ўсё жыцьцё столькі грошай ня бачыла. Дык, значыцца, яго, саколіка майго яснага, душачка ўжо супакоілася? Ён, ці ведаеце, мой пане, перад ад’ездам так мяне зьбіў, што ў мяне і да гэтага часу сінякі на плячох і на руках не загаіліся. Во, зірнеце!» І яна скінула з сябе блюзку і паказала касіру рубцы, што засталіся пасьля мужыковае бойкі. Але тады другая баба ўзьняла гвалт, каб яна ня трывожыла касіра, бо ён можа памыліцца, выдаючы дапамогу. Адна нават стала перад касаю на калені і пачала маліць касіра даць ёй трыста крон, мужа яе няхай заб’юць. Пасьля-ж выявілася, што гэта зусім і ня жонка, а якаясьці Сэрынэк і атрымлівае дапамогу за якогасьці Франца Сланаржа, тачыльніка з Лібэня; яна была толькі ягонаю палюбоўніцаю, прыдабыла ад яго двое дзяцей, а ён кінуў і пачаў круціць з аднэю работніцаю з цягельні ў Прошэку. Можа, твая жонка таксама…
Але тут Швэйк мусіў спыніцца: высока над іх галовамі разрывалася шрапнэль і па дарозе ўзьняўся пыл ад упаўшых на зямлю куль. У задніх радох адзін салдацік схапіўся за плячо, з якога пабегла кроў, і бягма кінуўся назад.
— Пашанцавала хлопцу! — сказаў хтосьці ззаду за Швэйкам. Але ўжо разарвалася другая шрапнэль і яе візг прарэзаў высокі, гучны голас паручыка Лукаша:
— Рота, слухай! Гужком — наступай! Раўняцца на першы разьдзел!
Пад страшэнную лаянку ўзводных, што рассоўвалі салдатаў улева і ўправа, рота пачала рабіць перабежкі. У трэцім разьдзеле фэльдфэбэль злосна піхнуў салдата і зароў:
— Наперад… тваю… Ня ведаеш, як гужком наступаюць?
— Да душы ня ведаю, — плачучы, адказаў салдат. — Я з апалчэнцаў, два тыдні ў роце, дый тыя пралежаў увесь час у шпіталі — грудзі хворыя. Я ня з гэтага палка, я быў у 42-м, а там мяне толькі вучылі адказваць: «Шэф імпэрска-каралеўскага 42-га пяхотнага палка ёсьць эрцгэрцог Фрыдрых Кумэрлянскі-Брухвільскі-Люмбурскі».
— Маўчы! Езус-Марыя, нам прысылаюць дзяцей, якім яшчэ нянька трэба! — у роспачы хапіўся за галаву фэльдфэбэль.
Салдаты, рассыпаўшыся, ішлі далей. Тыя, што ня ведалі, бо былі ня вывучаны, што ім рабіць, глядзелі на бывалых і на разьдзельных. Шрапнэль налятала роўнымі інтэрваламі, высыпаючы, аднак град сваіх куляў ззаду за наступаючымі.
Паручык Лукаш, падпаручык Дуб і кадэт Біглер ішлі, відаць, бяз страху на чале, з чаго спрактыкаваныя салдаты зрабілі вывад:
— Значыцца, мы, хлопцы на падтрымку, наперадзе яшчэ хто-небудзь ёсьць. Бо як справа пачнецца сур’ёзная, дык паны афіцэры кінуцца назад.
Рота дайшла да сенажаці, сярод якое бегла ручаінка, заросшая кустамі вербалозу. Над галовамі загуў аэроплян і паручык Лукаш скомандаваў:
— У кусты заляж! Хутка за прыкрыцьцё! Ён будзе кідаць бомбы.
Вялізны птах трашчаў, робячы кругі, дзесьці высока ў небе, потым павярнуў і паляцеў паўз гужок управа. Да Лукаша падбег ордынарац ад капітана Загнэра, што залёг з сваёю ротаю ў полі каля дарогі.
— Ляжаць, пакуль ня будзе новага загаду! — скомандаваў паручык Лукаш.
Салдаты зачэрпалі бляшанкамі вады з ручаю і напіліся; потым яны ляглі дагары і пачалі меркаваць, хто гэта перад імі.
— Сёньня або найпозьней заўтра нас добра скубянуць, — сказаў адзін, а другі запярэчыў:
— Ну, ужо і скубянуць! Гэта проста які-небудзь невялічкі расійскі ар’ергард, што прыкрывае іхні адступ.
Поруч са Швэйкам ляжаў дробненькі, увесь у рабаціньні салдацік; як паручык Лукаш крышку адсунуўся ў бок, ён дастаў з хлебнага мяшка расійскі патрон і пачаў раскалупваць яго штыхом. Пасьля дастаў кулю, высыпаў порах з патрону сабе на далонь, потым перасыпаў так з палову назад і ізноў забіў кулю тупым бокам штыха.
— Што гэта ты робіш? — запытаўся ў яго Швэйк. — Так-жа ён ня выстраліць?
— Супакойся, браток, выстраліць! — адказаў салдацік. — А ўсяго пораху там нельга пакінуць, бо гэта быў-бы вельмі вялікі набой і мог-бы адарваць усю лапу. Калі, дай божа, расійцы пачнуць нас абстрэльваць, пакуль мы яшчэ тут, я ў кустах і выстралю сабе ў руку, і ніхто гэтага не заўважыць, а потым гайда на перавязку! Я ўжо маю сапраўдную рану ў жывот, дык другую такую мець мне зусім ня хочацца. Плюю я на ўсю вайну. Чалавек павінен быць практычным. Намачы кавалак брэзэнту, павяжы ім руку і страляй сабе на здароўе ў яе расійскім патронам — найлепшы пралаза-доктар не разьбярэцца. Так, браток ты мой, я ўжо паўгода быў на фронце, усяго нагледзеўся, і мяне ўжо нялёгка ашукаць.
— Яшчэ лепш, калі на нагу палажыць бохан хлеба, — уступіў у гутарку другі салдат. — Казённы хлеб выцягае ўсю гразь, порах і дым з раны, а костка прастрэльваецца вельмі гладка.
— Не, браткі, лепш за ўсё дзёран, — дадаў трэці. — Трэба акуратна выразаць добры кавалак густога дзёрну, моцна абвязаць яго на сабе, і тады страляй хоць поўным аўстрыйскім — застанецца толькі зусім роўненькая дзірачка. Расійская куля вельмі хутка круціцца ў дуле, дык можа раскрышыць костку.
— Мне мой брат, што быў на італьянскім фронце, пісаў з лазарэту, што ў іх салдаты робяць сабе такія рэчы каменьнем, — пачуўся чыйсьці голас з кусту. — Яны кладуць адну руку на камень, а другою б’юць па ёй таксама каменем. Мой брат пісаў, што ён такім чынам леваю рукою адбіў сабе ўсё мяса з правае аж па локаць і што ў яго рука адсохне. Так, так, у яго характару хопіць.
— А на вошта табе калечыцца? — адгукнуўся куст з другога боку? — З вамі і так нічога ня будзе. Не страляйце, што-б з вамі ні здарылася — і ўсё па ўсём! От я пяць месяцаў быў на фронце, быў восем раз у бойцы і ня выстраліў ніводнага патрону. Не забівай і цябе не заб’юць, не калеч іншых і сам будзеш цэлы. Над намі — лёс, і лёс справядлівы!
Голас чалавека, што гаварыў апошні ўяўляў з сябе найпрыгажэйшы квет чалавечае культуры; салдат, якому ён належаў, быў большы за найвыдатнейшага мастака, скульптара, поэта, узятых разам.
У Швэйку тая акалічнасьць, што салдат не страляў, узбудзіла жывую сымпатыю; ён з прыемнасьцю распытаў-бы яго дакладней, але вярнуўся паручык Лукаш, пасьля таго, як да яго ізноў зьявіўся ордынарац, і адразу скомандаваў:
— Наперад! Раўняцца на мяне!
Шрапнэлі сыпаліся радзей, перастрэлка пачала сціхаць, і салдаты ізноў гужам рушылі наперад па сенажаці, перайшлі засеянае поле і пачалі падымацца па схілу на ўзгорак. І тут яны ўбачылі малюнак бойкі, што кагадзе скончылася: горы трупаў расійскіх салдат. Ніводнага аўстрыйскага, бо вышэйшае начальства і тут старалася ўплыць псыхолёгічна. Пакуль салдат сам не трапляў у бойку, ён павінен быў уяўляць сабе малюнак бойкі ў стылі рынкавых абразкоў: гінуць адны варожыя салдаты, а нашы страляюць усіх, колюць, даганяюць па пятах і выходзяць з гэтае кашы бяз ніякіх страт, бо іх бароняць легіёны анёлаў-абаронцаў і за іх моліцца ў сваім вялікім палацы стары монарх.
І от трупы расійскіх салдатаў валяліся па ўсім адхонку. Яны ляжалі разутыя, наўзнак, на баку, ніцма, так, як захапіла іх сьмерць, і страшэнна вышчараныя зубы і пачарнелыя абліччы павінны былі абуджаць адвагу ў аўстрыйскай арміі.
Швэйк увесь стуліўся, пабачыўшы такі жахлівы малюнак, але потым зірнуў уважлівей і зьвярнуўся да вольнапісанага Марэка:
— Няўжо іх так і закапаюць? Не пасыплюць нават няпаленаю вапнаю — от, маўляў той, вам, браткі, за вашу працу! На маю думку, за гэту справу павінна было-б узяцца Праскае хаўтурнае бюро і прыслаць сюды дамавіны. Бо нават непагаблёваныя дошкі цяплейшыя, як адна кашуля, у якой іх тут хаваюць.
А Марэк адказаў як праз сон:
— Добра было-б узяць змочаны брэзэнт або густога дзёрну… А мне, Швэйк, гэтае ночы сьнілася, што я паехаў у водпуск. Маці мая зварыла варэнікі, паставіла іх на стол і я пачаў есьці. Раптам прыходзіць наша дворнічыха і кажа: «Пані, а дзе ваш сын? А мяне за міскаю з варэнікамі зусім і ня відаць. Ну, я вышаў, а дворнічыха прывіталася са мною і пытаецца: «Як-жа так, малады пане, вы ўсё яшчэ на фронце? Усе паважаныя людзі ўжо або ў шпіталі або ў Расіі. Відаць, і вам таксама ня ўстояць?» Швэйк, ці верыш ты, што сны бываюць прарочыя? Я — веру! Гэта вайна мне зусім не па сэрцы, і я напэўна пачаў-бы зьяўляцца зданьню, каб мяне закапалі босым і голым.
Швэйк, таксама ўзрушаны малюнкамі бойкі, зусім наперакор усякай лёгіцы, адказаў:
— У дзёрн я ня веру, але з брэзэнтам яно, магчыма, было-б някепска… Добра, я табе намачу брэзэнт ды і сам яшчэ адвяду на перавязачны пункт.
Далей па адхонку расла рэдзенькая бярозавая кудзерка. Дайшоўшы да яе, Швэйк ледзь ня крыкнуў ад зьдзіўленьня: у ёй было паўнютка салдат. Тут зьбіліся ў кучу немцы, гонзеды, басьнякі, сьпешаныя драгуны, некалькі командаў мінамётнікаў, гусары і пяхота з пятліцамі ўсялякіх часьцей. Як яны селі на адпачынак каля басьнякоў, тыя прывіталі іх словамі:
— Такую вашу матку, хутка пойдзем у атаку, а потым усім нам выдадуць рому. Бяз рому няма і атакі.
Наперадзе ня сьціхала страляніна з карабінаў і шалёная траскатня кулямётаў; расійская артылерыя ізноў пачала абстрэльваць кудзерку шрапнэльлю. Але хутка яе агонь аслабеў.
— Яны ня маюць знарадаў, — шапнуў падпаручык Дуб паручыку Лукашу, — яны сёныня ізноў пабягуць. Мы ім паддамо пары.
— Пакуль што яны яшчэ не бягуць, — запярэчыў падпаручых. — Справа, відаць дойдзе да штыхоў, Швэйк, — завярнуўся ён назад, — не забудзьцеся, што вы ордынарац, і будзьце каля мяне. А ты, Балун, глядзі, ня ўздумай уцячы з усімі консэрвамі. Калі я буду ранены, ты паедзеш са мною ў тыл.
Выявілася, што басьнякі маюць добры нюх; не пасьпела сонца схіліцца на захад, як за ляском зьявіліся хурманкі з бочкамі. Раздавалі ром. Узвод за ўзводам падыходзілі са сваімі бляшанкамі да бочак, і хто пасьпяваў выпіць і падыйсьці яшчэ раз, атрымоўваў другую порцыю. Уплыў рому адразу-ж сказаўся. Настрой значна палепшаў. Мацерная лаянка басьнякоў так і вісела ў паветры. Немцы засьпявалі Ich hatt einen Kameraden, а ў чэхаў адзін ахмялелы салдат устаў і, трымаючыся за бярозу, пачаў раўці:
Дзе пад Красьнікам, ля Сану, |
— Ну, ну, не раві, як старая шлюндра! — заўважыў хтосьці ззаду і тузануў сьпевака на зямлю.
Як зьмерклася, пачулася команда: «Наперад! Наперад!» і ўся маса заварушылася. Людзі, зусім п’яныя, ішлі ўміраць за бацькаўшчыну і славу імпэратара. Яны былі ў такім стане, пра які «Прэсбюро» пісала: «Наша армія ўзбуджае агульнае захапленьне сваёй адвагаю і вялікаю самаадданасьцю. Яна гэроічна і сьмела кідаецца ў атаку, поўная высокага вайсковага духу».
А гэты «дух», якім вышэйшае командваньне паіла сваіх слаўных салдатаў-ваякаў, вырабляўся на ўсіх браварных заводах ад Судэцкіх гор да Адрыятычнага мора халодным і гарачым спосабам з бульбы. І паны капіталісты так добра зараблялі на гэтым продукце, што яны дастаўлялі ўраду, каб атрымаць перамогу над ворагам, што пасьля вайны, купляючы сабе новыя заводы, палацы і маёнткі, яны маглі гаварыць:
— Усё гэта вынікі вайсковага энтузіязму і вайсковага духу!
Гарэлка туманіла галаву і сьляпіла вочы; на сьвеце нішто не здавалася страшным, усё можна было дасягнуць — алькоголь рабіў сваю справу.
Няроўнымі, ламанымі, хвалістымі лініямі ішлі шэрагі салдатаў у наступ і іх падганялі заядлыя крыкі.
— Наперад! Наперад!
Гулі кулі і сьвісталі ўсё мацней, праразьлівей і ніжэй навокала, як нябачныя мухі, з мяккім: «ці-юу, цьфі-юууу» ля самых вушэй, так што Швэйк мімаволі адмахнуўся:
— От назаляюць, праклятыя!
— Наперад! Наперад! — пачулася дзесьці зусім блізка за ім, і ён пазнаў голас капітана Загнэра.
— Наперад! Наперад! — крыкнуў таксама аднекуль ззаду паручык Лукаш.
Швэйк азірнуўся, але ня ўбачыў ніводнага знаёмага чалавека; наўкола былі ўсё чужыя абліччы. Нейкі тоўсты, здаровы немец заўважыў, што Швэйк пазірае назад і штурхнуў яго локцем ды злосна і саркастычна заўважыў:
— Ты, таксама, відаць хацеў-бы трымаць фронт ззаду? Ды гэта табе ня ўдасца, мілы! Гэта толькі паном афіцэрам дазваляецца!
— Ня ў тым справа, камрад, — адказаў Швэйк. — Але таму што я ордынарац, дык я павінен, калі што здарыцца з маім паручыкам, бегчы яму на дапамогу. А гэты асёл, Балун, напэўна, ужо даўно згубіўся ў гэткай сумяціцы.
У гэты момант у пярэднія рады трапіў знарад; сноп агню вырваўся з зямлі, цяжкі, задушлівы дым заслаў усё наўкола, а зямля задрыжала так, што Швэйк зваліўся з ног.
Ён застаўся ляжаць у той час як усе наўкола яго разыбегліся ў бакі; потым, абмацаўшы сябе, ён сказаў:
— От гэта я называю фэервэркам! Ён будзе лепшы, як той, што пускаў на Купальле пан Гаек на Стралецкай высьпе. Толькі ня трэба, каб былі такія выбухі. Так можна каго-небудзь і забіць.
Ланцуг стральцоў ізноў выраўняўся. Крыкі «наперад, наперад!» рабіліся ўсё больш дзікімі і ашалелымі, яны выліваліся ў адзінае зьвярынае выцьцё. Салдаты валіліся і ізноў кідаліся наперад, нібы іх хто падганяў ззаду бізунамі. Знарады разрываліся ўжо за іхнімі радамі. Швэйк устаў на ногі і дабег да кусту шыпшыны, што рос з краю поля. Там ён ізноў залёг. Хутка да яго падбег мад’зьярскі афіцэр з рэвольвэрам ў руках і пагнаў яго наперад. Швэйк заўважыў, што за салдатамі ішоў ззаду ланцуг афіцэраў і палявых жандараў.
«Гэта-ж якраз, як на поліцэйскай аблаве, — падумаў ён, — як поліцыя шукае каго-небудзь у Празе». І прыдаўшы кроку, сказаў афіцэру:
— Я толькі чакаў тут майго пана паручыка. Вы, калі ласка, не хвалюйцеся, бо я і сам ведаю, што строгасьць усюды патрэбна. А злашча тут у бойцы.
І ён ізноў зьнік у натоўпе. Нарэшце ён зваліўся ў нейкі акоп, дзе запальчыва адстрэльваліся некалькі зусім змораных і ашалелых салдатаў. Але толькі ўправіўся ён ускочыць, як пачуўся загад:
— Рота, проста на ворага, страляй!
Карабіны заляскалі і тысячы кароткіх бляскаў агеньчыку асьвятлілі цемень. Хвілі з дзесяць ішла страляніна, з чвэрць гадзіны ляцелі шрапнэлі і гарматы з акопаў. Потым агонь узмацніўся на флангах, а ў цэнтры паводле команды: «Агонь спыніць!» змоўк.
І цішыню ізноў усхваляваў загад:
— Насадзі штыхі! У атаку! У атаку! Наперад! Наперад!
Уся гэтая чалавечая маса рынула на акоп, каб кінуцца і штыхамі ў жывот і грудзі дабіць тых, каго не чапілі кулі, шрапнэлі і асколкі знарадаў. Ледзь пасьпелі людзі вылезьці з акопу, як пачала страляць аўстрыйская артылерыя. Чутно было, як хтосьці крычаў у палявы тэлефон:
— Заслонны агонь! Шрапнэльлю!
Вайсковая тэхніка была дасканала: каму мала было аднаго рому, каб быць сьмелым, таму дапамагала свая-ж артылерыя, што расстрэльвала тых, хто адступаў.
Швэйка захапіў агульны паток. У некалькі хвілін салдаты перабеглі невялікую адлегласьць, што іх аддзяляла ад другое лініі расійскіх акопаў. Але гэтыя акопы былі ўжо пустыя. Апроч забітых і раненых, што валяліся тут усюды, ня было ніводнага варожага салдата — усе ўправіліся ўцячы.
— Не затрымвацца! Наперад! Наперад! — крычалі афіцэры. Салдаты пераскочылі цераз акоп і пабеглі далей у цемень. Швэйк застаўся адзін сярод раненых.
— Што, хлопцы, атрымалі на арэхі? — спачуваючы прамовіў ён, уліваючы ім у рот крыху вады з баклажкі. — Што-ж вы раней не ўцякалі? З нашаю пяхотаю, ведаеце, жарцікі кепскія. Ды што салдаты, — і цывільны чалавек, калі ён п’яны, можа зрабіць другому цяжкую рану на целе.
Хутка рэшта салдатаў вярнулася назад. Расійцы скарысталі цемень, зьніклі, бы ў ваду, а салдаты, выцягваючы з акопу забітых і раненых і перадаючы іх санітарам, лаяліся:
— Чорт ведае, гэта-ж, значыць, заўтра з раніцы нам давядзецца ізноў гнацца за імі! Цяпер яны, можа, і да самает Масквы ня спыняцца. Кажуць, немцы ўжо ў Варшаве. Адным словам, калі мы іх кожны дзень так паскубём, дык ім хутка аман.
— А ці шмат іх яшчэ засталося, камрад? — запытаўся Швэйк. — Добра было-б разьдзяліць іх на роўныя часткі на кожны дзень, аж да канца вайны. На кожны дзень пэўная порцыя. Бо ня добра зьесьці ўсё зараз. От у Младай Болеславе ў ашчаднай касе служыў касір, нейкі Вільд, дык ён таксама не адразу, а павольна, сыстэматычна краў з касы, каб ніхто не заўважыў. І ўсё-ж, хоць ён і пакрысе краў кожны дзень, але абабраў касу да грошыка. Або от яшчэ пан Дрозд у каталіцкай ашчаднай касе пры царкве сьв. Венцэслава, пра якую шмат пісалі ў газэтах; ён таксама краў, памалу і асьцярожна, так што нават і сам сьв. Венцэслаў нічога не заўважыў, да часу, як каса стала пустою. Адным словам, ня трэба разяўляць адразу, нават калі хочаш праглынуць увесь сьвет, бо так лёгка вывернуць сабе пашчанкі. Спакойнае панаваньне яго імпэратарскае вялікасьці цягнулася пяцьдзесят год, пакуль падрыхтаваліся да вайны. А пан Дрозд у Венцэслаўскай касе краў чатырнаццаць год.
Нейкая постаць праціснулася да яго і з крыкам: «Швэйк, ты таксама яшчэ жывы?» кінулася яго абнімаць.
— Так так, я яшчэ жыву! — зазьзяў Швэйк. — А з табою, Марэк вольнапёр, таксама нічога ня здарылася? А я думаў, што больш ніколі цябе ня ўбачу, што цябе зацяпнулі ў шпіталь.
— Капітана Загнэра санітары, сапраўды, панесьлі, — сказаў хтосьці поруч з імі. — Яго, кажуць, контузіў знарад.
— Маўчаў-бы ўжо, калі ня ведаеш! — перабіў яго другі. — Абавязкова ўжо знарад! Проста ён мае пілюлі, ад якіх чалавек адразу траціць прытомнасьць; гэта яму даў наш доктар. Я яго ўжо тры разы бачыў у бойцы і ніколі ён далей першага акопу не заходзіў. Ён траціў прытомнасьць і яго ў такім стане прыносілі ў палявы шпіталь. Што-ж, афіцэрам жывецца нядрэнна, яны маюць знаёмых дактароў. А от наш брат ня трапіць дахаты, пакуль не прынясе на перавязачны пункт пад пахаю сваю ўласную галаву.
А Марэк дадаў, нахіліўшыся да левага швэйкавага вуха:
— Я таксама чуў ужо пра гэтыя самыя пілюлі… А я, ведаеш, ня маю сьмеласьці зрабіць сабе якое-небудзь калецтва. А тут чалавека ўсяроўна заб’юць.
— Ну, пажывём, убачым! — паважна сказаў Швэйк. — Я думаю, што нам трэба цяпер крыху заснуць. А што робіцца там, наперадзе? Што вы там бачылі?
— Ды нічога, — адказаў, пазяхаючы, Марэк, — толькі тры расійскія гарматы, ды некалькі кулямётаў. Мы іх там і кінулі, бо нікому ня хочацца займацца з імі. Вох, як мы стаміліся!
Ён падняў каўнер шынэлі і адразу заснуў. Швэйк яшчэ хвілінку пакурыў, а як капрал загадаў яму ісьці ў каравул, ён моўчкі ўзяў карабін, вылез з акопу і пашоў наперад, куды яму паказаў капрал.
Прайшоўшы ўсяго крокаў колькі, ён на нешта насунуўся і пры сьвятле свае люлькі зірнуў на зямлю. Перад ім ляжала нейчая адарваная нага ў высокім боце, разам з жыватом і кавалкам кішкі, што абвіўся каля халявы.
— Небарака, — спачуваюча прамовіў Швэйк, — відаць, табе давядзецца за два разы зьявіцца на той сьвет. Ну, прынамсі санітары з табою ня мучыліся; добра, калі яны не клянуць чалавека па сьмерці.
Ён запрапанаваў салдату, што прышоў яго замяніць, легчы спаць, а сам пашоў далей. Хутка ён разгледзіў у цемені тры гарматы, дула якіх былі павернуты ў тым кірунку, адкуль наступалі аўстрыйцы, недалека каля іх стаялі два кулямёты.
— Бачыў ты, яны ў іх на колцах, — зьдзівіўся Швэйк. — Гэта яны добра дадумаліся — прынамсі, ня трэба цягнуць іх на плячох.
Ён упрогся ў пастромкі аднаго кулямёту, а другі зачапіў за заднюю частку. Гайда — пашлі!
Колы заскрыпелі, і Швэйк вярнуўся на сваё месца. Ён застаўся на варце, пакуль яго праз гадзіну не зьмянілі, дацягнуў абодва кулямёты да свайго акопу і заснуў каля іх моцным сном.
Толькі пачало шарэць, акопы ажылі; карпалы груба будзілі тых, хто заспаўся, і крычалі:
— Уставай! Кожны варочайся ў сваю частку. Хто з 91-га — ўправа. З 66-га гонвэднага — у тыл зьмяняцца.
Швэйк пабудзіў Марэка, а потым вылез з акопу, ізноў упрогся ў кулямёты і пацягнуў іх управа, дзе хутка ўбачыў паручыка Лукаша, што прыняў команду над батальёнам ды ізноў яго сформаваў. Неставала шмат людзей, і зьдзіўленьне Лукаша было зусім шчырае, як перад ім раптам зьявіўся салдат, што аддаў чэсьць леваю рукою, а ў правай руцэ трымаў шлейку, да якой былі прывязаны два кулямёты… і ён пачаў рапартаваць:
— Дык, пане паручык, маю гонар зьявіцца — радавы Швэйк, ордынарац. Асаблівых здарэньняў ніякіх ня было, а бой мы выйгралі як мае быць. Гэтыя два кулямёты я адбіў учора пры наступе, толькі яны дрэнна змазаны і колы скрыпяць. Дазвольце сказаць, што я хацеў-бы прысьвяціць гэтую вайсковую здабычу майму палку, каб ён зазьзяў большаю славаю ў газэтах.
— Швэйк, — прыкрыкнуў на яго паручык, стараючыся захаваць сур’ёзнасьць, — а вы ведаеце, што чакае ордынарца, які ў часе бою пакінуў свайго начальніка? Расстрэл!
— Не, пане паручык, ня ведаю, — дабрадушна адказаў Швэйк. — Але толькі дазвольце паведаміць, пане паручык, я чакаў вас, бо ведаў, што вам без мяне будзе страшна і сумна; а тут нейкі незнаёмы пан паручык гусарскага палка хацеў мяне нават застрэліць з рэвольвэру. І яшчэ дазвольце паведаміць, што мы бой выгралі бяз чужое дапамогі, а я цяпер ўжо ад вас ні на крок не адыйдуся, пане паручык… Адважуся запытацца, сёньня ізноў ром будуць выдаваць?
— А, пане Швэйк? — пачуўся ў гэты момант голас падпаручыка Дуба. — Дзе гэта вы загінулі? Я ведаю, што вы нават ніводнага патрону ня выстралілі, і вельмі дзіўлюся, што ня чую, што пан Швэйк ужо перабег на расійскі бок.
Швэйк зірнуў на Дуба, гатовы даць адказ, але паручык Лукаш папярэдзіў яго; паказваючы на швэйкаву вайсковую здабычу, ён рэзка сказаў Дубу:
— Швэйк — адважны салдат, і я падам рапарт, каб яго ўзнагародзілі малым срэбным мэдалем. Учора ўвечары ў часе атакі ён адбіў два варожыя, вось гэтыя кулямёты. — І зьвярнуўшыся да Швэйка, упаўголаса дадаў: — Маўчы ўжо, ідыёт! Дзе гэта ты знайшоў гэтае старае ламачча, што прыцягнуў сюды?
Але Швэйку так і не давялося адказаць. З другога боку раптам загрымела канонада і тры варожыя знарады разарваліся так блізка, што Швэйк схапіўся за галаву і крыкнуў:
— Дык, пане паручык, дазвольне паведаміць, што расійцы страляюць з тых самых гармат, ад якіх я ўчора павёз гэтыя кулямёты. Начай ня можа быць.
— Як? Вы нават адбілі гарматы? — запытаўся паручык Лукаш. — Чаму-ж вы пакінулі іх на месцы?
— Ды таму, пане паручык, — уздыхнуў Швэйк, — што я адзін ня змог-бы рушыць гармату з месца; гэта, выбачце, нават пары коняй не пад сілу.
Агонь расійцаў узмацняўся і рабіўся напружаным; праз паўгадзіны зьявіліся рэзэрвы, што павінны былі падтрымаць іхні наступ. Яны ішлі густымі колёнамі, спакойна і рашуча, тупа і пакорліва, нібы ім усё навакольнае было абыякава, і ўліваліся ў перадавую лінію.
«Гэта яны рыхтуюцца да контратакі або да глыбокага абходу нас з флангаў, — падумаў паручык лукаш. — Відаць, адступаць ім абрыдла».
Ягоныя прыпушчэньні, як выявілася, мелі сэнс. Варожыя рады раптам укрыла раскацістае, як грымоты, «урааа!» і расійцы кінуліся ў атаку.
Батальён уздрыгануў, але вытрымаў іхні наскок. Расійцы адступілі назад, але каля паўдня іхняе «ура, ура, ура!» ускалыхнула паветра, і паручык даў загад адступаць.
Аднак салдаты пачалі ўжо адступаць і бяз гэтага загаду. На ўсіх схілах і ўзгорках, як хапіць вокам, зьявілася расійскае войска, нібы саранча, і рота гонвэдаў, якую прызначылі прыкрыць адступленьне да таго моманту, як расійцы падыйдуць блізка і змятуць яе, ледзь магла не дапусьціць паніку. Як толькі салдаты пачулі команду Лукаша: «назад! назад!», яны з радасьцю адзелі шапкі брылямі на патыліцу і адразу павярнуліся ўцякаць.
— Цяпер мы ізноў будзем з тыдзень наступаць такім чынам, — крычалі жартаўнікі. — Глядзеце, хлопцы, усё чарнютка ад іх. Намазвай пяты заячаю тлустасьцю, браткі, і давай лататы!
Так уцякалі яны да абеду. Пасьля адступленьня спынілі немцы, якіх тэрмінова перакінулі на грузавікох у месца прарыву, нібы палажылі вату на глыбокую рану. У гэты час батальён, дзе быў Швэйк, дакаціўся да нейкае станцыі, дзе ярка гарэў інтэнданцкі склад і пагражаў падпаліць цягнік, што стаяў водалей напагатове.
Расійцы спыніліся, каб сабраць з сілы. Пад вечар яны ізноў пачалі наступ. Артылерыя ўзьняла страшэнную страляніну, пад прыкрыцьцем якое яны ўсё бліжэй і бліжэй падступалі да аўстрыйцаў. Лінію фронту нельга было ўтрымаць; яна захісталася і пачала павольна падавацца назад. Прышоў загад захапіць станцыю; батальён пашоў туды, але расійская артылерыя адразу накіравала на станцыю свой агонь, і цягнік ледзьве ад’ехаў цэлы.
— Утрымаць станцыю, каб тут няма ведама што! — загадаў паручыку Лукашу начальнік брыгады праз свайго ордынарца.
— Скажэце начальніку брыгады, каб ён сам прышоў трымаць яе, — накінуўся паручык Лукаш на ордынарца. — Тут ня толькі што чалавек, але і кот ня ўтрымаецца.
Але батальён падышоў бадай да самае станцыі, але артылерыя, што добра прыстралялася, асыпала яе градам знарадаў. Салдаты разьбегліся, і Лукаш мог толькі лаяцца:
— Каб яе чорт з гэтаю комэдыяй!
— Дык дазвольце паведаміць, — крыкнуў яму ў самае вуха Швэйк, — што наш чацьверты разьдзел увесь перабілі. Пана падпаручыка Дуба…
Знарады сыпаліся над імі, разрываліся, засыпалі іх зямлёю, і Швэйк, напружыўшы свой голас да пякельнага рову, закрычаў:
— Дык, пане паручык, здаецца мне, што лепш за ўсё было-б нам уцякаць адгэтуль. Яны, халеры, страляюць проста ў нас.
Салдаты разьбягаліся цяпер ужо цэлымі групамі, нізка прыгінаючыся да зямлі. Толькі далёка ззаду за станцыяй, у хваёвым лесе, удалося спыніць іх і павярнуць тварам да ворага. Яны ляглі, павыкапаўшы сабе рыдлёўкамі ў мяккім грунце няглыбокія ямкі. Потым зрабілі пераклічку па аддзелах, і калі выявілася, што ў другой роце не стае амаль цэлага чацьвертага аддзелу, Швэйк вышаў да батальённага Лукаша і, аддаўшы чэсьць, адрапартаваў.
— Дык, пане паручык, дазвольце паведаміць, што мы ня мелі часу падабраць пана падпаручыка Дуба, як загадаў нам капітан Загнэр, што трэба падбіраць раненых. Мы яго да самага вечара не падабралі-б, бо ў яго папаў знарад і разарваў на тысячу кавалачкаў.
— Дык за гэтым разам згубіў сваю галаву Дуб. Пра гэта ягоны «пан начальнік акруговае ўправы», відаць, нічога не гаварыў! — падумаў сам сабе паручык Лукаш, а ўголас запытаўся: — Дзе гэта было? Там каля станцыі?
— Так, яго там сустрэла гэтакае няшчасьце — адказаў Швэйк, — калі-ж расійцы так сыпалі, што… Езус-Марыя! — закрычаў ён раптам. — Я-ж там згубіў сваю люльку.
Ён пачаў шукаць ва ўсіх сваіх кішэнях, перагледзеў мяшок з рэчамі, але люлькі нідзе ня было. І Швэйк сказаў паручыку так сардэчна, як той ніколі ня чуў:
— Усё, што з намі здарылася, — зусім глупства, і вы, пане паручык, хутка пра гэта забудзецеся. Але от што я буду рабіць цяпер без мае люлькі?..
Уся швэйкава постаць выяўляла бязьмежны смутак і гора. Яны ахапілі і паручыка Лукаша, перайшоўшы аднак вельмі хутка ў гнеў і злосьць на ўсё ў сьвеце, дзе магчыма было такое вар’яцтва. Ён паклікаў Балуна, загадаў адкаркаваць бутэльку сьлівавіцы і пачаў так уцяшацца ёю, што пад вечар, як на небе загарэліся першыя зоркі і страляніна з абодвых бакоў спынілася, Швэйк, схіліўшыся каля адвечнае хвоі над паручыкам, мог спакойна і ўпэўнена констатаваць:
— Ён насмактаўся, як грудное дзіця, і цяпер яму сьніцца нешта вельмі добрае. Эх, надта ў яго мяккае сэрца, каб ваяваць! Потым Швэйк прыкрыў яго шынэлем і сам лёг поруч з ім. І раптам успомніў, што фэльдкурат, як яны выходзілі ў паход, казаў у сваёй казані, як добра на полі бойкі, калі наўкола гараць вёскі і стогнуць раненыя.
— Трэба было гэтаму фэльдкурату даць добра па мордзе, — падумаў ён яшчэ і заснуў. Яму прысьнілася, што знарад яшчэ раз разарваў падпаручыка Дуба, і той у дыме і полымі ўзносіцца ў неба, як прарок Ільля на сваёй агністай каламашцы. Каля варот раю штурхаліся душы забітых у розных мундзярох, а душа падпаручыка Дуба старалася праціснуцца наперад, старанна расьпіхала ўсіх локцямі і крычала: «Ды пусьцеце-ж мяне, я загінуў за Аўстрыю і хачу першы гаварыць з панам богам! Што, сьв. Пётра, ты кажаш, што ты служка божы? Але я хачу гаварыць з самым начальнікам. Дайце дарогу, бо вы яшчэ мяне ня ведаеце. Я вам ня зычу ведаць мяне бліжэй». І раптам па ўсім небе разьлілося бязьмернае залатое зьзяньне, сярод якога зьявіўся паважны стары ў бялюткай вопратцы; поруч са старым стаяў русы юнак у запэцканым у кроў мундзеры і з цярновым вянком, замест шапкі, на галаве. Стары паказаў пальцам на вялікую кнігу, што трымала перад ім у руках прыгожая дзяўчына, і запытаўся ў Дуба зычным голасам: «Падпаручык Дуб, чаму ты зьдзекаваўся з адважнага ваякі Швэйка? Навошта прымушаў яго напіцца коньяку?» Падпаручык Дуб не адказаў на гэта, і юнак узьняў рукі, што накшталт чырвоных ружаў зьзялі крывавымі ранамі. Тады стары крыкнуў: «Ідзі ў пекла!», і падпаручык Дуб скаціўся на зямлю. Зьзяньне пагасла, стары зьнік, юнак з цярновым вянком заплакаў ды пашоў сабе, закрыўшы твар белым пакрыцьцём, а Швэйк прачнуўся са словамі:
— І чаго гэта чалавеку такая брыда ў вочы лезе?
Зьмяркалася. Швэйк палез у кішэню і толькі тут зразумеў, якая страта была ўчора. Ён хутка ўскочыў на ногі, увесь дрыжучы з холаду. Усе спалі і толькі каравулы мерным крокам хадзілі паміж хвоямі наперад і назад. Швэйк вышаў на ўскрай лесу. Там стаяў салдат з ягонага разьдзелу. Пачуўшы за сабою крокі, той уздрыгануў з неспадзяванкі і, прыгатаваўшыся стрэляць, крыкнуў:
— Стой! Хто ідзе?
— Ну, чаго ты спалохаўся? — нездаволеным тонам, запытаўся Швэйк. — Гэта я, іду на разьведку. Што-ж, ты мяне не пазнаеш, ці што? Езус-Марыя! От гэтыя навабранцы! Нікуды вы ня варты!
— Ах, дык гэта ты Швэйк? — працягнуў салдат, апусьціўшы карабін. — Ці ня ведаеш, братка, будзе сёньня кава, ці не? Ці ня згубілі мы наогул свае кухні?
— Ня ведаю, братка, ня ведаю, — прамармытаў Швэйк. — Я ня маю цяпер часу разважаць. Яны нам яшчэ дадуць дыхту, маскалі гэтыя.
— А пароль і пропуск ведаеш? — запытаўся салдат, і Швэйк праз зубы мармынуў:
— Згубленая люлька!
З першымі праменьнямі сонца ізноў зараўлі расійскія гарматы. Артылерыя, як сабака, што сарваўся з ланцуга, насядала на станцыю, паўз якую ішоў Швэйк, шукаючы люльку, руйнавала яе, не шкадуючы знарадаў, нібы яна мела іх так многа, што хацела пазбавіцца. З батарэі, відаць, яго заўважылі і пачалі абстрэльваць шрапнэльлю. Потым дзесьці блізка заляскатаў кулямёт, абсыпаючы кулямі ўсё поле, і Швэйк вырашыў, што болыш разумна схавацца за будынак станцыі. Паволі ўцяміўшы, адкуль і куды ляцяць кулі, ён, калі кулямёт змоўк, рушыў па лініі агню. Хутка ён дайшоў да вялікай ямы ад цяжкога знараду, што зьнішчыў гэны чацьверты разьдзел, і некалькі крокаў далей, якраз тады, як ён думаў, што яму давядзецца, відаць, праблукаюць так да канца сьвету, шукаючы сваё загубленае шчасьце, — ягоныя вочы заблішчалі.
У вільготнай траве ляжала люлька, ягоная люлька, і раса блішчала на ёй, як сьлёзы, што яна выліла па сваім гаспадары. Швэйк нахіліўся да яе, і кулямёт ізноў сыпнуў яму пад ногі кулямі, як гарохам.
Ён падняў люльку, што раптам задрыжала ў ягонай руцэ. Швэйк кулём пакаціўся ізноў на станцыю.
Там ён дастаў з свайго меху пачак тытуну, набіў сваю люльку і хацеў яе запаліць, і толькі, як ён паднёс яе да роту, ён заўважыў, што вышчарблен кавалачак цыбука і кавалак галоўкі. Іх адбіла куля, як адрэзала, і Швэйк зразумеў, што гэта здарылася тады, як ён нагінаўся па яе. Ён высунуў руку, у якой была люлька, за рог і патрос ёю ў кірунку расійскага фронту і з пагардаю прамовіў:
— Заразы! Няўжо сумленны салдат робіць такое сьвінства другому сумленнаму салдату? Хто вас вучыў ваяваць такім чынам? Сьвіньні, падлюгі!
Адказу на гэта ён не пачуў. Толькі гранаты і шрапнэль, як град, сыпаліся на станцыю. А потым агонь перакінуўся на нейкі час кудысьці за лес, адкуль яму адказала аўстрыйская артылерыя.
А за дагараючым складам сядзеў на кукішках Швэйк з пакалечанаю люлькаю ў зубах і чакаў, пакуль на галавешках, што тлелі, закіпіць у манерцы кава. Нішто ня мучыла ягонага сумленьня і боская лагоднасьць зьзяла на ягоным брудным замазаным сопухаю абліччы. Ён бястурботна выпіў кавы, а потым лёг на сонейку і засьпяваў:
У мяне дамок ёсьць гожы, |
Баявая швэйкава песьня зьлівалася з выцьцём знарадаў. Ён пеў куплет за куплетам, пакуль не дайшоў да таго, дзе паранены адказвае дзяўчыне, што ёй ня сьлед было хадзіць да салдатаў у казарму і практыкавацца з імі на ложках. Тут ён сьціх, таму што недалёка ад яго пачуліся плач і стогны.
Швэйк пашоў на голас. Адразу-ж за складам ляжаў на жываце малады салдацік і поўз, апіраючыся на локці, да Швэйка; ягоныя нагавіцы намоклі і пачарнелі ад крыві, што запяклася, ён стагнаў пры кожным руху і аж да жудасьці нагадваў ката, з перабітым хрыбетам.
Убачыўшы Швэйка, ён з мальбою злажыў рукі:
— Дапамажэце, паночку, дапамажэце! дзеля маткі боскай, дапамажэце!
— Ну, што з табою сталася, дзяцюк? — запытаўся Швэйк, падыходзячы бліжэй. Пасьля, прыгледзеўшыся, ён па салдатавых нагавіцах зразумеў, што той наскрозь паранены кулямі ў абедзьве лыткі.
Швэйк асьцярожна падняў яго і аднёс за склад; там ён разьдзеў, ададраў прыліпшыя да цела нагавіцы і прынёс са студні вады абмыць раны. Салдацік толькі ўздыхаў, сочачы вачыма за швэйкаваю работай. Перавязаўшы, Швэйк даў яму хлебануць са сваёй пляшкі і весела прамовіў:
— Глупства, брат! Усё прайшло праз мяккія часткі, і костка не зачэплена.
Салдат пагразіў расійцам кулакамі:
— Трасцу вам у бок, сукіны дзеці! Ай, мае ногі, мае ногі!
І ён заплакаў.
— Пакінь, сынку, — пяшчотна сказаў Швэйк. — Кладзіся лепш спаць і ня скоглі, каб ня прышоў хто. А я пайду пашнапаруся, ці няма тут чаго-небудзь перакусіць. Зрэшты, чакай! лепш палажу я цябе туды, у тую будку, а то яшчэ, што добрага, цябе тут прыдушыць сьцяной, калі яны яе зусім раскідаюць.
Ён перанёс параненага калеку ў будку, а сам палез у будынак станцыі. У канцылярыі нічога не засталося, апрача разьбітага тэлеграфнага апарату, але ў сутарэньні Швэйк знайшоў кошык з вялікаю бутэлькаю.
Ён зрэзаў накрыўку з прутоў вярбы, што закрывала горлачка, выкалупаў штыхом корак і панюхаў. Ягоныя вочы заблішчалі.
— Ах, ты божухна! — ускрыкнуў ён. — Ну і вінцо! тут, пэўна, быў добры начальнік станцыі, што так паклапаціўся пра мяне.
Ён нагнуў буталь і адліў сябе порцыю ў манерку; пасьля пакаштаваў, цмокнуў языком і засаб апаражніў яе.
— Эх, любата! — прамовіў ён. — Усяроўна, як у Шульца ў «Браніку» на Ўзгорках. Але толькі, кажуць, віно нашча ня вельмі карысна.
Ён вынес бутэль з сутарэньня ўверх, а потым прабраўся ў склад, што выгараў. Ён быў напалову пусты, і толькі ў адным кутку самотна ціснуліся некалькі абгарэлых скрынак.
Спрытна лазячы паміж крокваў, што абваліліся, Швэйк праціснуўся да гэтых скрынак і штыком выламаў века верхняй з іх; дошка затрашчала, і Швэйк ад глыбіні душы ўздыхнуў:
— Знашоў, знашоў! Бог пра мяне, відаць, не забыўся.
У скрынцы былі расійскія мясныя консэрвы, і Швэйк зараз-жа ўзяўся пераносіць іх у торбу і ў крысьях шынэлю ў будку да свайго параненага таварыша, куды ён перанёс таксама і буталь. І, працуючы, як мурашка, ён зусім забыўся пра знарады, што ня спынілі біць руіны няшчаснай станцыі.
Калі паранены з усіх бакоў быў абложаны манеркамі консэрваў, Швэйк прынёс апошнюю партыю і, высыпаўшы яе ў будку, сам залазячы туды, самаздаволена прамовіў:
— Ну от цяпер я нацягаў сюды, як варабей у гняздо. Цяпер няхай ніхто не спадзяецца, што выганіць нас адгэтуль.
Ён адкаркаваў некалькі манерак і пашоў разаграваць іх на вогнішчы станцыі. Вярнуўшыся з гарачай ежаю, ён са здаволеньнем сказаў:
— А ведаеш, сынку, у рускіх консэрвы надзвычайныя. Гэта нешта падобнае да смажанай печані з лаўровым лістам.
Яны ўзяліся есьці і піць; віно сагрэла іх, і з жыватоў разам з цяплынёй разьлілася па ўсіх жылках бадзёрасьць і надзея.
Пад вечар разрывы шрапнэлі і гранат здаваліся ім толькі акомпанімэнтам да соле тэнору; бо ў будцы Швэйк пеў-разьліваўся:
Як гадзіну ночы біла, |
— От тады яму з дзеўкамі гуляць! — скончыў Швэйк урачыстым і гучным голасам ды зноў нахіліў горла бутлю да сваёй манеркі; а паранены салдацік, паляк, у якога ад віна адабрала ногі, так што боль у іх на час заціх, павярнуўся на бок, абапёрся на локці і пастараўся пакінуць Швэйка далёка ззаду ў сьпевах; выводзячы высокім тэнарком:
Хутка будзе ў нас паход |
— Ну, у цябе ім ня шмат давядзецца бінтаваць, — са спачуваньнем заўважыў Швэйк, як той скончыў. — Санітары, сынку, ня дужа любяць сябе натруджаваць. Пэўне, яшчэ доўга давядзецца табе іх тут чакаць.
Агонь пачаў заціхаць; ворагі, відаць адпачывалі. Адно цяжкія гарматы рылі з аднаго і другога боку, не шкадуючы знарадаў, на аплату якіх плацельшчыкі падаткаў выбіваліся з апошніх сіл. Надышоў той момант, пра які данясеньні штабаў гаварылі наступнае:
Становішча на фронце бяз зьмен. Наша войска адышло на загадзя падрыхтаваныя позыцыі. На розных вучастках фронту ня спыняюцца жорсткія артылерыйскія бойкі. Наша прасоўваньне затрымліваецца кепскім надвор’ем і вялікімі туманамі, што перашкаджаюць разьвіцьцю буйных дзеяньняў.
Два дні, дзьве ночы жыў Швэйк са сваім нярухомым таварышам у будцы ад знарадаў, нібы ў пакоі. Другую будку, меншую, ён скарыстаў пад клёзэт, выносячы туды на рыдлёвачцы ўсё, у што перапрацоўваў ягоны таварыш консэрвы. Раніцою трэцяга дня вораг ізноў пачаў абстрэльваць зусім зруйнаваную станцыю, але раптам агонь спыніўся. Выявілася, што фронт расійцаў быў прарваны дзесьці на поўначы немцамі, і таму расійская армія ізноў вымушана была адыйсьці «паводле стратэгічных меркаваныняў», а не пад націскам ворага.
Пасьля таго, як было ўстаноўлена, што вораг разьбіты і за ім гоняцца новыя, сьвежыя сілы, некалькі афіцэраў конна зрабілі агляд поля бойкі, дзе санітары падбіралі параненых і зносілі забітых у кучы.
Праяжджаючы паўз станцыю, яны сышлі з коняй і заглянулі ў ямы, што ўтварыліся ад цяжкіх знарадаў. Раптам палкоўнік Шрэдэр зжахнуўся і падаў паном афіцэрам знак прыцішыць крыху. З-пад зямлі да іх данёсься моцны тужлівы голас, што пеў:
Ізноў сьляза маё крышталіць вока… |
— Хто гэта там: вар’ят ці што яшчэ? — запытаўся Шрэдэр, выцягваючы рэвольвэр.
І раптам ад руін станцыі вылучылася постаць салдата, шпарка падышла бліжэй, роўна за тры крокі ад афіцэра спынілася, як укапаная, і адчыкрыжыла:
— Так што дазвольце далажыць, пане палкоўнік, што я паводле загаду станцыю ўтрымліваў і аж да цяперашняга часу ўтрымліваю.
— Утрымліваеце? Як вы яе ўтрымліваеце? Гэта-ж вы яе, наогул, яшчэ не занялі, — здэтавана адказаў палкоўнік Шрэдэр.
Але тут салдат разышоўся з цэлаю прамоваю.
— Так што, пане палкоўнік, у ноч на аўторак я яе заняў і, пакутуючы ад голаду і смагі, утрымліваў яе аж да цяперашняга часу, таму што, дазвольце далажыць, салдат ня мае права пакінуць без загаду сваю варту, а я ад вас не атрымліваў загаду пакінуць маю позыцыю. Гонар маю данесьці, што ў мяне паранен адзін чалавек і адбіт куляй кавалачак цыбука ад маёй люлькі.
— Вы, здаецца, з майго палка, — са зьдзіўленьнем запытаўся палкоўнік. — Каторай роты?
— Дазвольце далажыць, пане палкоўнік, я — Швэйк, ордынарац 11-ае маршавае роты, — гарда адказаў салдат, а пасьля з укаханым і лятуценным поглядам у бок дадаў: — А вунь мой ротны командзір, пан паручык Лукаш.
— Пан паручык Лукаш, — урачыста прамовіў палкоўнік Шрэдэр, кладучы руку Швэйку на плячо. — Гэтага салдата вы ўзнагародзіце вялікім срэбным мэдалем за адвагу перад тварам няпрыяцеля і прыкладнае выкананьне баявога загаду. Гэта — сапраўды салдат, і такія гэроі вельмі патрэбны нашай арміі. Адзначыць пра яго і ягоны ўчынак у загадзе і прачытаць той загад перад строем. Усяго добрага!
І, выняўшы з кішэні 20-кронавую паперку, ён паціснуў Швэйкаву руку.
Швэйк перадаў свайго параненага санітарам, напакаваў ранец консэрвамі, што засталіся, выліў сабе ў пляшку рэшту віна і пашоў у лес да сваёй роты. Там ён даведаўся, што тэлеграфіст Хадынскі паранены куляй у галаву, а вольнапісаны Марэк яшчэ ў панядзелак быў адасланы з прастрэленаю рукою ў шпіталь.
— Ну от, абодвух маіх верных таварышоў і няма! — уздыхнуў Швэйк, — мне нават не давялося праводзіць іх на іхнім жалобным шляху. Засталіся мы з табою, Балун, апошнімі могіканамі… З гэтае прычыны от табе манерку консэрваў… За гэта ты мне будзеш чысьціць мае мэдалі, пакуль я не атрымаю самага вышэйшага. Я сёньня напішу фраў Мюльлер, каб яна прыслала мне пяць карабкоў парашка «Амур» чысьціць мэдалі.
☼
Батальён зьнялі з фронту і адаслалі на адпачынак і папаўненьне ў Ясінаў. Досыць было двух, параўнаўча невялікіх боек, каб зрабіць батальёну найвялікшую страту — з команднага складу і ніжніх чыноў засталося ў іх ня больш за палову. Вайна ізноў набыла прыемны характар; высьветлілася, што ясінаўскія яўрэі былі занадта забясьпечаны сьпірытусавым пітвом, а як абоз пачаў рэгулярна падвозіць хлеб і пачалі дзейнічаць і рабіць гуляш з каніны паходныя кухні, настрой арміі прыкметна падняўся. Людзі ізноў гатовы былі весьці вайну да самага скону, палявая пошта ізноў аджыла і везла кучы ружовых лістоў і з Ясінава і ў Ясінаў. У Ясінаве былі атрыманы паклоны ад усіх сваякоў і знаёмых з паведамленьнямі, хто і калі забіты ў бойцы ці паранены або загінуў бяз вестак. Дзяншчык Балун пісаў жонцы:
Найдаражэйшая жонка! Маліся за мяне і пастаў сьвечку перад абразом у Клакотак, каб найсьвеншая матка боская абараніла і памілавала мяне, як і дагэтуль, у гэтых жудасных бойках. Я маліўся ёй, і 16-дзюймовая бомба, што ляцела проста на мяне, ухілілася на цэлы мэтар у бок і разарвалася так далёка ад мяне, што я яе нават і ня бачыў. Быў я ў страшнай небясьпецы і вельмі галею. Прышлі мне, калі ёсьць, шынкі і булку хлеба. Не забудзься аддаць тачыць жорны і паставіць сьвечку, а шынкі ты можаш прыслаць як найбольш; калі вады малавата, бяры з мужыкоў даражэй. Даведайся ў старасты, калі будзе замірэньне, і пра ўсё мне добра напішы.
Твой аж да дамавіны верны муж.
Гэта паштоўка дала прычапку для больш рэлігійных спрэчак у Балуна са Швэйкам, куды неўзабаве ўмяшалася яшчэ чалавек колькі палякоў, што ўзяліся за Балуна. Швэйк даводзіў, што Балун брэша, як сабака, а Балун прасіў у сьведкі бога, што цуд з «чамаданам» быў якраз такі, як ён апісваў. Думка палякоў-католікаў у гэтай справе была пэўная і не дапускала ніякіх спрэчак: калі хто выходзіць цэлым з бойкі, дык гэта таму, што яго любіць і абараняе бог, а калі чалавек застаецца на поле бойкі з прастрэленымі грудзьмі або выпушчанымі кішкамі, дык бог яго таксама палюбіў і таму забраў да сябе. У гэта яны верылі цьвёрда і абаранялі сваё пераконаньне таксама, як папа рымскі абараняе сваю непаграшымасьць. Што-б там ні было, бог пасылае людзям добрае і благое з асаблівае любасьці да іх…
— Балун, ты-ж дурань, — сказаў, пярэчачы, Швэйк. — Гэта-ж бомбы, як яна ляціць, саўсім нават і ня відаць і да таго-ж у расійцаў саўсім няма саракадвухсантымэтровак, таму што пана Скоду пасадзілі-б у Плзене ў вастрог, калі-б ён надумаўся зрабіць такія самыя гарматы і расійцам… От у трэцім маршавым батальёне быў адзін салдацік па прозьвішчы Кратошвілі, які казаў, што на фронце няма чаго спадзявацца на боскую дапамогу, бо ад яе салдатам бываюць адны няпрыемнасьці. Ён апавядаў, што ў іхнай роце быў нейкі Боўчак з Моталя, чалавек надта пабожны; на шыі ён насіў ладунак з частачкай мошчаў сьв. Ігнася і пасьвенчаны епіскопам абразік сьв. Тройцы. У ягонай шапцы былі зашыты ўсе абразкі боскае маткі, што ён атрымаў у дарозе ад манашак і багамолак, а сам быў на фронце з самага пачатку вайны. Ён на бога спадзяваўся, а той яго шанаваў, так што ён пабываў у дзевятнаццаці баёх, зарабіў восем мэдаляў «за адвагу», і а ні разу з ім нічога ня сталася. Адно перад самым апошнім боем ён згубіў у лесе шапку; уначы ў яго нехта адкраў пасьвенчаны абразік сьв. Тройцы разам з грашыма і дакумантамі, а раніцою парваўся матузок на шыі, і мошчы сьв. Ігнася заехалі ў ягоныя майткі. І от, як яны пашлі ў наступ, нават яшчэ перастрэлка як мае быць не распачалася, а ён ужо і гатоў — зарабіў кулю ў плячук. Пашоў ён на перавязачны пункт, яго перавязалі і паслалі ў шпіталь.
— Проша пана, — перапыніў яго адзін з палякоў, — гэта-ж так і ёсьць, як мы гаворым.
— Дай да канца дасказаць, — далікатна заўважыў яму Швэйк. — Я-ж яшчэ ня скончыў. Ну, дык от. Гэтага Боўчанку з ягонымі талісманамі ведалі ва ўсім палку, і доктар таксама тое-сёе пра іх чуў, а таму і кажа: «От бачыце, Боўчак, што ўсё гэта ня выратавала вас ад кулі. І тое, што вы гэтак доўга заставаліся цэлым, быў проста выпадак». Тут Боўчак расказаў яму, як усё гэта сталася, і доктар задумаўся і кажа: «Ну, не бядуйце, Боўчак, мы пашлем вас у шпіталь у Прагу». Тады Боўчак расплакаўся, пацалаваў доктару руку і сказаў: «Бог узнагародзіць вас за вашу дабрату, пане доктар. А я, каб я ведаў, што ўсяроўна вярнуўся дадому параненым, дык даўно-б выкінуў вон усю гэту дрэнь».
— За гэткія словы пану трэ’ было-б даць у морду, — падаў на гэта голас другі паляк. — Каб яго халера ўзяла, каб яму вароны вочы павыдзяўбалі, каб яго першая куля ня мінула…
— Пакінь, браце, — не заставаўся ў даўгу Швэйк, — бог і сам ведае, што яму са мной рабіць, і не табе яму паказваць. Добрым-бы быў, каб пачаў слухаць кожнага такога ішака, як ты, які яго пра што-небудзь просіць. Яму вядома, што людзі за прахвосты!
☼
— Швэйк, — сказаў яму аднаго цудоўнага дня паручык Лукаш, — заўтра мы ідзем па-ротна ў Падгужы. Першай ідзе наша адзінаццатая. Вас там вымыюць у лазьні, зьнішчаць на вас вошы і дадуць вам чыстую бялізну. Глядзі, не пераблытай. Гэта надта важна. А ну, перакажы, што я сказаў.
— Так што, пане паручнік, вы сказалі, што вы заўтра першым пойдзеце з нашай ротай у Падгужы. Там вас вымыюць у лазьні, зьнішчаць ў вас вошы і дадуць вам чыстую бялізну. Дазвольце запытацца, пане паручнік, чаму мне ісьці з вамі біць вошы ў Падгужы? Мы-б вам дапамаглі ў гэтай справе і тут. Я ня ведаў, пане паручнік, што ў вас іх так шмат; я думаў, што вошы плодзяцца толькі ў ніжэйшых чыноў.
Паручнік строга ўгледзеўся на Швэйка сваімі каламутнымі вачыма.
— Боў-дзі-ла-а! Чуе маё сэрца, што ты там ізноў наробіш рабункаў. Каго-б мне паслаць з табою, каб ён прасачыў цябе? Сьцеражыся, Швэйк, калі ты ня зробіш усё так, як я табе загадаў. Ты пойдзеш з ротай — зразумела, і са мною, у Падгужы. Там ты памыешся ў лазьні, зразумеў? У лазьні. — Паручнік узьняў голас. — Потым ты надзенеш чыстую бялізну, а тымчасам будзе зроблена дэзынфэкцыя тваіх рэчаў. Пасьля ты сваю адзежу і рэчы пачысьціш, пастрыжэшся, паглянцуеш боты і вычысьціш вінтоўку, усяроўна як да вялікага сьвята. Зразумеў, што ўсё табе трэба зрабіць?
— Так, пане паручнік, зразумеў, — кінуў Швэйк. — Далібог, пане паручнік. Заўтра я буду, як прыбраная дзеўка. Але толькі дазвольце запытацца, дзеля чаго я павінен быць гэткім чысьценькім.
— Затым, — з прыціскам, нібы важачы кожнае слова, адказаў паручнік Лукаш, — затым, што ў Падгужы прыяжджае заўтра заступнік трону Карл-Франц-Іозэф і ўласнаю рукою прычэпіць да тваіх, Швэйк, грудзей два мэдалі…
— У Падгужы прыедзе ягоная імпэратарская вялікасьць эрцгэрцог Карл-Франц-іозэф і ўласнаю рукою прычэпіць да тваіх, Швэйк, грудзей два мэдалі, — у захапленьні паўтарыў Швэйк. — Дазвольце мне сесьці, пане паручык. Не, здаецца я не перажыву гэтае радасьці! Значыцца, ён уласнай пэрсонай будзе там і ўласнаручна прыколе мне мэдалі? Ну, пра гэта я ўсё жыцьцё буду апавядаць у «Поўным кубку». Так што дазвольце пра мяне быць пэўнымі, што я ў час зьяўлюся на гэту ўрачыстасьць. А што, там будуць і гэтыя, як іх? — дзяўчаты ў белых строях?
Я, пане паручнік, папрашу ў каптэнармуса Ванэка гадзіньнік з ланцужком, каб, ведаеце, адным словам не падгадзіць. Таму, што ўся, пане паручнік, справа ў тым, каб пільна трымацца часу. Калі я адбываў вайсковую павіннасьць у Будэёвіцы, дык да нас меўся прыехаць нейкі генэрал-лейтэнант, што командаваў нашым корпусам і надумаўся зрабіць агляд нашага палка. Ён хацеў і загадаў, каб полк пастроіўся на пляцы аб адзінаццай гадзіне раніцы, а напярэдадні ён нават вызваліў нас ад заняткаў, таму што любіў, калі салдаты выглядалі бадзёра і вясёла. А наш палкавы камандзір загадаў батальённым падрыхтаваць полк да дзесятай гадзіны. Тыя, каб не прамахнуцца, назначылі ротным на гадзіну раней, а дзевятай. Ротныя вялелі ўзводным пачынаць а палове восьмай, узводныя аддзялённым — а шостай, а тыя, каб не спазьніцца, пагналі нас ўжо а палове пятай. Справа была, пане паручык, у час касавіцы, перад самымі манэўрамі, і сонца так і пякло. Іхняя дастойнасьць зьявіліся роўна ў адзінаццаць, а нашы малайцы стаяць са ўсім ашалелыя, даўбешка даўбешкай, таму што з паловы пятай прастаяць, ведаеце, таксама ня жарты! Сем чалавек ужо абамлела бяз прытомнасьці ды чатырох паслалі ў шпіталь. Пане корпусны командзір ім сам у рот коньяк уліваў, таму што ў яго ў кожнай сумцы пры сабе было па пляшцы. Як убачылі гэта хлопцы з трэцяга батальёну, дык усе разам страцілі прытомнасьць і ачунялі толькі тады, калі абедзьве пляшкі апаражніліся, і тых, хто аслабеў, пачалі паліваць вадою з пажарнае кішкі.
Папалуднаваўшы, Швэйк сядзеў на калодачцы за хлевам; двух чалавек моцна трымалі яго за рукі, двое — за ногі, а Юрайда галіў яго фэльдфэбэлеваю брытваю. У Швэйка сьлёзы стаялі на вачох; з носу цякло, з левай калашыны таксама, але ён трымаў галаву, нібы акамянеўшы, і падбадзёрваў Юрайду:
— Рэж, рэж, і не азірайся. Наступнік павінен бачыць, што перад ім не які-небудзь валацуга. Я павінен быць заўтра такім харашуном, што спадабаўся-б нават Івоньне, што піша пра моды ў «Народна Політыка». Рэж і не бяры ўвагі, што я ад болю нават, здаецца, замачыўся. Макрэйшым я цяпер усёроўна не зраблюся, а за славу кожнаму трэба пацярпець, як сарака пакутнікам.
Праз паўгадзіны, калі ён абмыў ля студні кроў са шчок і ў аскабалку люстэрка ўбачыў, што пасьля мэнзуры, ён пачаў хадзіць ад барака да барака, таемным голасам паведамляючы:
— Хлопцы, заўтра мы ідзем у Падгужы. На вас і на ахфіцэрах будуць біць вошы. А ў мяне там назначылі спатканьне з наступнікам трону, ягонаю імпэратарскаю вялікасьыцю эрцгэрцогам Карлам. Ён прыедзе туды і будзе са мною проста раіцца, як яму кіраваць краінай і ці не заключыць яму сэпаратны мір з Расіяй. Сяброўства з Вільгэльмам яму ўжо спрыкрала, і затым ён надта хоча пасябраваць са мной.
Наступны дзень належаў да тых, калі Швэйк зьведаў найвышэйшае шчасьце і навышэйшую радасьць. Вярнуўшыся з Падгужы, ён сам апавядаў пра падзею так:
— Разьдзелі мяне, браткі, там саўсім, як і вас, і паставілі пад халодны душ. Потым адзін ефрэйтар з санітараў выгаліў мне машынкай усе валасы на целе, пад пахамі і ўсюдах. Машынка надта-ж шчакатала ды рвала валасы, але ад вошай — гэта першы сродак, такі-ж самы, як ад вараньня высечы ўвесь лес… Потым я вымушан быў аддаць свае транты ў нейкую капцільню, дзе мне сьпяклі папружку, пра якую я забыўся ў нагавіцах. Транты нашы выкідалі ў вузлох, і мы ўсе адзін перад адным кідаліся на іх, каб ня сьвіснулі іншыя. На мой шынэль саўсім ўжо налучыўся нейкі басьняк, так што давялося зьехаць яму поўху. Нарэшце прышоў нейкі пан падпаручнік і прачытаў сьпіс, каму паказвацца ягонай імпэратарскай вялікасьці. Я гукнуў: «Тут!», і ён адвёў нас усіх на асобнае месца пад дрэвамі, каб мы не мяшаліся з тымі, у каго ёсьць вошы. Потым паставілі наперадзе актар, выклікалі музыку, фэльдкурат адправіў набажэнства, скомандавалі: «На малітву, шапкі далоў!» і паказаўся наступнік, эрцгэрцог Карл.
— Браткі, — апавядаў далей Швэйк, — з яго добры кіраўнік — адразу спадабаўся, як толькі я яго ўбачыў; а калі ён падышоў да мяне, дык здаўся яшчэ больш сымпатычным — ужо занадта добры ішоў ад яго дух: мешаніна сьлівавіцы з ромам ці коньяком. Ён вельмі прыстойны малады чалавек і, як відаць, дэмократ; прыйнамней, ён не саромеўся піць ром, хоць адно самы найлепшы ямайскі. Потым адзін пан капітан прачытаў па паперцы, што кожны з нас зрабіў гэройскага, і сказаў што на вайне перамагае той, у каго найбольш моцныя нэрвы і больш ваенных нэрваў. Пасьля скомандаваў: «Вочы на-пра-ва!», і мы пачалі глядзець на наступніка, як ён будзе чапляць мэдалі. Яны ўсе ляжалі ў аднаго падпаручніка ў парцалянавай філіжаначцы з надпісам: «Вада Гісхюблер — найлепшы прыяцель жывата», і ягоная імпэратарская вялікасьць адно браў іх адтуль і прышпільваў ангельскімі шпількамі да левага боку салдацкіх грудзей. Калі ён дашоў да мяне, я зрабіў паварот галавы, а рука сьлізгаціць у мяне ўніз па дзяжцы; ён прышпіліў мне мэдаль да самай скуры. Я, вядома, ня міргнуў, а гляджу яму проста ў вочы, як адзін жулік другому. От ён і кажа: «Вольна, салдат. Мне здаецца, што мы ўжо дзесьці бачыліся». Я яму ў адказ: «Так точна, гэта можа быць; я звычайна бываю ў «Поўным Кубку», або ў «Банзэце» ў Нусьле». А ён пры гэтым у мяне пытаецца: ці ня бываў я ў Брандысе, і я адказваю: «Ніякім чынам не, у Брандысе ня быў, а ў Стара-Болеславі давялося пабываць у нейкага пана Свабоды, у якога я хацеў купіць ангорскую казу. А мяне там яшчэ арыштавалі, таму што я ў Лісе па абмылцы зьвёў у графскага лясьнічага сабаку, прыгожага ў плямы ганчака». Ну, ён падаў мне руку і сказаў: «Віншую!» і зьвярнуўся да наступнага, што праславіўся, салдата поруч са мной. А вы, браткі, падыходзьце цяпер і нюхайце маю правую руку, каб не плявузгалі потым, што я прагавіты і трымаю ўсё толькі пры сабе…
— Пасьля ў нас быў палудзень разам з панамі афіцэрамі, — пераводзячы дух, скончыў Швэйк. — На ганаровым месцы за сталом сядзеў нейкі палкоўнік, а ля ўваходу нас сустракаў кадэт такімі, блізка, слаўмі: «Салдаты! Гэроі! Зараз вы будзеце палуднаваць за адным сталом з панамі афіцэрамі. Памятуйце, што вы ўзнагароджаны мэдалямі, што вайна робіць з вас людзей, і таму не вядзіце сябе па-сьвінску. Страву будуць падаваць на паўмісках, вам — сьпярша. Але ня думайце, што вы павінны незаводня зжорці ўсё, і не налівайце сабе на талеркі занадта шмат, каб засталося тое-сёе і паном афіцэрам. Вы прысутнічаеце, гэроі, на парадным полудні, наладжаным царом-наступнікам на гонар вашых высокіх заслуг. Загэтым не аб’ядайцеся і не напівайцеся п’янымі, нібы вы былі ў сябе дома на вялікоднае сьвята. Ягонай імпэратарскай вялікасьці, цару-наступніку, ура, ура, ура!» Мы пракрычалі «ура», і ён сказаў, калі мы садзіліся за стол: «Пан палкоўнік будзе за вамі наглядаць; таго, хто занадта прыналяжа на ежу і пітво, ён загадае потым падвязаць да слупа». Пасьля прыдворныя лёкаі прынесьлі талеркі, нажы, відэльцы і лыжкі і налілі нам крупніку. Мы яго схлёбалі, а кадэт увесь час стаяў над нашай душой. Пасьля крупніка падалі смажаную сьвініну, надта малыя порцыі; мы ўзялі ўсе па маленькім кавалачку, так што палкоўнік прапанаваў нам узяць яшчэ, але кадэт нам падміргнуў, што ня трэба. Але я ўсё-такі палажыў сабе тры кавалачкі, і тады кадэт штурхнуў мяне пад сталом нагою. Я ўскочыў і сказаў: «Я павінен быў узяць яшчэ, таму што пан палкоўнік захацеў так. Пан палкоўнік — мой старшы начальнік, і калі ён загадае, я ўсё гэта адзін убяру. Мне сягоньня сам цар-наступнік паціскаў руку, і я павагі да чыну не парушу!» Бульбы і капусты я сабе таксама наклаў столькі, што паны афіцэры аж вочы вылупілі, а я адно падумаў: «Глядзеце, хлопцы, што можа праўдзівы гэрой!» На трэцяе падалі цяляціну і смажаных куранят з зялёным гарошкам, але гэта было адно паном афіцэрам. Запівалі ежу півам і віном, а на дарогу нам усім налілі ў пляшкі рому. Ром я ўжо выпіў і нікому не пакінуў ані кропелькі. Але маю руку, што паціскаў учора ягоная імпэратарская вялікасьць цар-наступнік, можа нюхаць кожны, хто захоча; прынаймней, у вас назаўсёды застанецца ў памяці гэта.
А ўвечары, калі Швэйк дакладваў паручыку Лукашу пра тое, як прашоў парадны полудзень, ён з жалем у голасе дадаў:
— Так што, пане паручык, дазвольце заўважыць, што мне хацелася-б прычапіць хоць адну мэдаль да самай скуры так, як гэта зрабіў цар-наступнік, але ўсё-такі я быў вымушан выцягнуць шпільку, бо надта-ж ўжо шчымела. Бо такая-ж памяць была-б вельмі прыемнаю. От, напрыклад, у Празе быў адзін бургомістр, ня памятаю, як яго прозьвішча, якога, калі ягоная імпэратарская вялікасьць апошні раз быў у Празе, запрасілі на нарадны полудзень у Градшыне. Бургомістр быў у фраку, белай камізэльцы, крухмальнай сарочцы. І от, палуднуючы, шануючы вас, урабіў камізэльку маёнэзам, а крухмальную сарочку на грудзёх заліў каваю. А калі ён прышоў дадому, дык загадаў паклікаць чырвонадрэўца, заказаў у яго багатую пазлацанаю рамку і заставіў сарочку і камізэльку ў рамку пад шкло. Ён хацеў павесіць гэту карціну пад портрэтам Яна Гуса ў ратушы, каб у Празе захавалася памяць пра яго і каб настаўнікі вадзілі туды вучняў, каб тыя бачылі, як выглядаюць плямы ад кавы, што піў наш імпэратар, і ад маёнэза, што наш імпэратар еў. Але наладзілі з гэтае прычыны на Софійскай высьпе мітынг протэсту, і іхняя лідэрша, Франя Зэміна, эганьбіла гэткі проект, як учынак, няварты младачэскага дэпутата. Так што пану бургомістру давялося ў сваёй спальні павесіць гэту карціну, насупроць портрэту Гаўлічэка-Бароўскага з надпісам:
Улюбёны колер мой? — Чырвоны з белым |
— Ах, Швэйк, чаго-чаго ты, браце, ня ведаеш! — паціскаючы плячыма, сказаў паручык Лукаш. — Ты мог-бы зрабіцца рэдактарам «Інтымнае Прагі».
— Ніяк не, пане паручык, я нічога ня здумляю з галавы, а ўсё гэта я ведаю спрактыкаваўшыся. Хто-небудзь раскажа, а я матаю, на вус; іншым разам і ў газэце прачытаю. Ну, а памяць у мяне добрая, — апраўдваўся Швэйк. — От, да прыкладу, пане паручык, жыў у Бжэўнове адзін домаўласьнік, па прозьвішчы Нікль, і былі ў яго два сына. Меншы, праўда, зьбіраўся даць драла ў Амэрыку і напярэдадні свайго ад’езду пазычыў у брата дзьве кроны, дакляраваўшы яму аддаць іх на заўтрае раніцою. Ае заўтра раніцай ён пра гэта неяк забыўся і так і паехаў. Міналі гады, стары Нікль перадаў дом свайму старэйшаму сыну, калі той ажаніўся, а сам стары жыў з выдзелу. І мінула ўжо трыццаць год, як абодва браты ня бачылі адзін аднаго ў вочы, і тады іхны стары бацька памёр. Пахавальная калясьніца стаяла ўжо ля пад’езду і поп чытаў апошнія малітвы, як неўспадзеўкі пад’яжджае да дому фіякр; з экіпажу вылазіць паважны, грузны мужчына і ўсходзіць па ўсходах. Ніхто яго як быццам ня ведае і не пазнае, пакуль ён ня ўкленчыў каля труны на калені і не пачаў плакаць: «Ах, бацька, бацька! От якім мне давялося яшчэ раз убачыць цябе!» Ну, тады добрыя людзі скемілі, што гэта Рыгор Нікль, які ўцёк у Амэрыку, і сьвяшчэньнік зараз-жа трымаў слова пра мудрасьць боскую, што ў час прывяла сына да бацькавае труны. Але як адно сьвяшчэньнік скончыў сваё слова, старэйшы Нікль, Алёіз, дастаў з кішэні запісную кніжку і кажа амэрыканцу: «Ты вярнуўся якраз у час, каб аддаць мне тыя дзьве кроны, што я пазычыў табе, калі ты выяжджаў. Тады мне не давядзецца пераносіць гэты доўг у новую запісную кніжку. Гэта ў мяне сьпісана. У мяне сьпісваюцца на год па дзьве кніжкі, і твае дзьве кроны я пераносіў за трыццаць год роўна шэсьдзесят разоў. Таму гані грошы, Рыгор!» Так што, пане паручнік, дазвольце далажыць, што пасьля гэтага ўкола я таксама доўга не забудуся пра наступніка эрцгэрцога Карла.
Раніцою Швэйк заўважыў, што ў яго з левага боку на грудзях зьявіўся вялікі нарыў; і, паказваючы яго Ванэку, які параіў яму рабіць халодныя прымочкі; Швэйк, нікога не называючы, ляконічна прамовіў:
— Быдля! Набраўся так, што коле людзей, якія пралівалі за яго сваю кроў!