Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/У акопах
← Наперад! Наперад! | У акопах Раман Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек 1932 год Пераклад: Лукаш Калюга |
У АКОПАХ
Паколькі кожная тэорыя — шэрая, а вечна зялёнае адно залатое дрэва жыцьця, дык усе тэорэтыкі ваеннага майстэрства са сваёй навукай селі ў лужыну пасьля першага-ж месяца вайны.
Так, у Богэміі якісьці профэсар вылічыў, што Аўстрыя здольна ваяваць сто год і што тады ўсё яшчэ будзе даволі мукі на бліны, у той час як у рэчаіснасьці ўжо праз год нідзе нельга было дастаць булак. Было вылічана, колькі патронаў выдаткуе адзін салдат за гадзіну, і на ўсіх стрэльбішчах складаліся дакладныя статыстычныя табліцы, які процант выпушчаных пападае ў цэнтр мішэні, што на практыцы павінна было азначаць, што такім лікам стрэл забіваецца столькі няпрыяцельскіх салдат. У рэчаіснасьці салдаты выкідалі тры чвэрткі патронаў у клёзэты, а рэшту выпускалі, ня цэлячыся, у паветра. З такою самаю дакладнасьцю было вызначана, колькі чалавек выбівае са строю граната, колькі — шрапнэль, і якую плошчу паражае закладзеная міна; пры гэтым, відавочна, меркавалася, што знарады льга будзе кідаць у натоўп салдат, як каменьні — у чараду гусей. Але на практыцы перамогу над гарматай, што каштавала сотні тысяч, узяла грашовая рыдлёўка, з дапамогаю якое салдат глыбока закопваўся ў зямлю, а пасьля казаў: «А ну, пападзі цяпер у мяне!»
Было вядома, колькі кілёмэтраў ільга было праходзіць на суткі ў час наступу, і дакладна было вылічана сярэдняе, ад наполеонаўскіх часоў аж да апошняй балканскай вайны; а тут, адылі, давялося пераканацца, што нейкі няшчасны наблытаны на слупы дрот здолен затрымаць цэлую армію на два тыдні і больш.
Армія, што абаранялася, часова ўмайстроўвалася ў кватэрах пад зямлёю; армія, што наступала, вымушана была, таксама часова, браць з яе прыклад.
Тэатр ваенных дзеяньняў ператвараўся ў фруктовы сад, з многімі платамі, за якімі стаялі вартаўнікі, і на кожным дрэве — абмазаны птушыным клеем прут; не ставала ўсяго надпісаў на платох: «Пабочным уваходзіць строга забараняецца». І вартаўнікі аж да тых дат вартавалі свой і суседаў плот, пакуль не прыходзіў загад вылезьці з садоў і ўзгрэць гэтага самага суседа. Каб салдаты не сумавалі, іх пасылалі на выведкі, адкуль ніхто не вяртаўся, або наладжваліся дэмонстрацыі, пры якіх заўсёды гінула колькі чалавек. Але гэта ня мела ніякага значэньня, таму што з радзімы рэгулярна пасылаліся ў полк маршавыя батальёны і падрастала моладзь, так што не патрабавалася ўстанаўляць асобыя тэрміны, калі забаронена паляваньне на людзей, як гэта робіцца ў сакавіку для зайцаў.
Людзі хаваліся пад зямлёй, як іхныя далёкія прашчуры, троглёдыты, і павольна, але верна ператвараліся ў зьвяроў; на офіцыйнай мове гэта звалася «позыцыйнай вайною».
Таму, калі ў батальён 91-га палка прышла маршавая рота, каб папоўніць убыль людзей, нікога ня зьдзівіла, што ў адзін з бліжэйшых дзён быў прызначаны агляд і паверка казённае маемасьці і зброі — процэдура, якую паручнік Лукаш прарабляў са слоўмі:
— Яна ў цябе заражана? Ладунак яшчэ ходзіць? Ну, добра, марш!
Але афіцэры ў іншых ротах дзёрлі горла:
— Гэта ты называеш «вычысьціў вінтоўку»? Езус-Марыя, я цябе, падлюгу, загадаю падвязаць! Бібікі б’еш траха ня два тыдні, а вінтоўка ў цябе іржавая. На выпадак чаго, я табе пакажу, дзе Макар козы пасе!
Паручніку Лукашу ўсё было абыякавым. У яго даўно ўжо склалася перакананьне, што ўся гэта вайна — марнасьць, і што яна зьяўляецца адно бязмэтным зьнішчэньнем маемасьці і людзей. Загэтым ён выконваў свае абавязкі, як неабходнае зло, якога нельга пазбыцца. Ён зрабіўся абыякавым да ўсяго навакольнага і адчуваў сябе душэўна разьбітым; бруд атручваў, вечна адна і тая самая гутарка з афіцэрамі спрыкрала, як горкая рэдзька. Часам, калі Швэйк выказваў на тое-сёе свае меркаваньні, у паручнікавай галаве мільгала думка: «Гэтаму дзяцюку можна пазайздросьціць, даліпан. Ягоная прыдуркаватасьць — большае шчасьце, як выйгрыш на дзьвесьце тысяч».
Палкоўнік Шрэдэр распарадзіўся праводзіць з салдатамі ротныя заняткі і паўтарыць усё, чаму вучылі іх у казарме. Паручнік Лукаш выконваў гэтае патрабаваньне так, што загадваў раніцою выводзіць салдат за ваколіцу, а ўдзень прымушаў іх праходзіць з дзядзькамі «славеснасьць» — занятак, на якім апавядаліся брыдкія анэкдоты. Неяк аднаго разу ён наткнуўся на кадэта Біглера ў той час, як той вучыў салдат аддаваць чэсьць і пры гэтым нечага чапляўся да іх. Гэта да таго абурыла паручніка, што ён некалькі дзён ня мог адкараскацца ад думкі: «Гэта-ж чалавека, магчыма, заўтра заб’юць, а ў яго адны турботы, каб у салдата, як ён будзе аддаваць чэсьць, мезенец быў якраз насупроць вока. Божухна ты мой, на што гэта дрэнь?»
Аднаго разу ён выказаў свае думкі Швэйку, той зараз-жа духова яго ўцешыў:
— Так што, дазвольце далажыць, пане паручнік, увесь сьвет і ўсё жыцьцё — адна дрэнь! Але гэтак яно і павінна быць, каб людзям было чым жыць. Загэтым, пане паручнік, адукаваныя людзі адно глупствам і займаюцца, што гэта самае найвыгаднейшае. От я, да прыкладу, дазвольце далажыць, ведаў двух садоўнікаў, нейкага Алёіза Вомачку і нейкага Франца Печанку, і абодва яны наглядзелі сабе ў Оўжыноўцы вішэньнік і абодва, калі яшчэ цьвілі вішні, прышлі да селяніна і прасілі аддаць ім вішэньнік. Ну, а паколькі, вядомая справа, кожны сам да сваіх рук хацеў прыбраць той вішэньнік, дык селянін дакляраваў ім абудвум і пастараўся падняць цану, а яны давай адзін перад адным набаўляць і набаўляць. І от неяк аднаго разу Вомачка ідзе па дарожцы і вылічае ў галаве, колькі кілё вішань ён абярэ з аднаго дрэва, а насустрач яму ідзе Печанка з такімі самымі думкамі. Вомачку, які быў чалавек занадта гарачы, гэта ўзьела, і ён кажа Печанку: «Гэй ты, рыжы сабака, ты ў мяне на дарозе не станавіся, а то я табе ўсе скабы паламаю!» А Печанка яму: «Лойзль, дружа мой, не гавары мне гэтак, таму што я прамысловец і нікому не дазволю бэсьціць сябе, касавокі чорт. Вядзі сябе, як адукаваны чалавек, калі ты таксама прамысловец, а то я табе мызу на порхаўку схвашчу!» Ну, тут Вомачка і зьехаў яму поўху, а Печанка зьвёў яго палкай па патыліцы, так што ў яго адразу гуз наскочыў. Абодва яны паімчаліся да доктара і кожны з іх атрымаў пасьведчаньне, што адзін аднаго пабіў. З гэтакай паперкай яны пашлі да адвоката і перадалі справу ў суд. Адбылося адно паседжаньне, потым другое, а справе ўсё канца ня відаць, і адвокаты кожнаму з іх нараілі падаць скаргу ў другую інстанцыю, так што яны перанесьлі справу ў крымінальны суд у Празе. А вішняк арандаваў нарэшце такі Вомачка, Печанка-ж узяў сабе сад нейдзе пад Дабрапулем. І от цяпер, пане паручнік, вы самі палічэце: два дактары, два адвокаты, іхныя машыністкі, судзьдзя і яго справавод у Жычане, судзьдзі ў Празе — усе гэтыя людзі займаліся гэтай продукцыйнай работай. Не пасьпелі давесьці справу да канца, настаў жнівень і па вішнях, а ў Празе нейкі дарадчык пры судзе сказаў ім, што іх абодвух пасадзяць у вастрог, і праскія адвокаты параілі ім абаім памірыцца і спыніць справу. Гэтак яны і зрабілі; а пасьля спаткаліся ў «Ступарта», і Вомачка, чухаючы ў раздум’і патыліцу, сказаў Печанку: «А ведаеш, Францль, я быў дурань, я аддаў гэтым адукаваным паном усе мае вішні». Тут Печанка нават пачаў румзаць і, выціраючы рукавом сьлёзы, прамовіў: «Лойзль, я твой брат. Мне таксама цяпер давядзецца даплачваць. Езус-Марыя, што скажуць нашы жонкі?» Так што, дазвольце даведацца, пане паручнік, вы падлічылі, колькі чалавек кармілася з таго, што два дурні ў Оўжыноўцы далі адзін аднаму ў морду?
— Мне здаецца, Швэйк, — задумна прамовіў паручнік Лукаш, — што ты ня вельмі любіш дактароў і асьвечаных людзей. Што яны табе такое зрабілі, што ты на іх такі сярдзіты?
— Ды ніяк не, пане паручнік, яны мне нічога не зрабілі, — з бязьвіннаю ўсьмешкаю на абліччы адказаў Швэйк. — Я вам гэта адно так, да слова, расказаў, пане паручнік, каб вы бачылі, што на сьвеце павінна жыць і глупства. Збаў мяне божа, каб я меў што-небудзь супроць адукаваных людзей або гаварыў супроць іх; гэтае права я аддаю анархістам. Важныя, вучаныя паны — іх таксама час-часам пашкадаваць трэба, бо анархісты з імі надта-ж недалікатна абыходзяцца. Быў, да прыкладу ў Лібэне адзін сьлёсар, Соукуп па прозьвішчы; ён быў маладым чалавекам і таксама анархістам. Перш-на-перш ён быў членам Каталіцкага саюзу моладзі, потым перашоў да нацыянал-соцыялістаў і выступаў на іхных мітынгах, а пасьля не пакідаў разьвівацца, пакуль не зрабіўся анархістам. Яго часта садзілі ў вастрог, і ён ад гэтага зрабіўся мэлянхолікам і цьвярдзіў, што на сьвеце няма аніякае радасьці. Неяк аднаго разу ён нам прызнаўся: «Браць у доўг не магу, бо мне ніхто больш не дае. Я разяўлю рот, так мне садзяць за зьнявагу вялікасьці. Замажу я які-колечы дзяржаўны гэрб на паштовай скрынцы, дык мяне таксама зараз-жа бяруць на цугундар. Адным словам, хоць памірай!» І от ён надумаўся засіліцца ўночы на штакетах у Пожыцкім парку, але там яго адгаварыла адна гуляшчая дзеўка і павяла яго да сябе спаць. Гэта шлюндра, даруйце за выраз, пане паручнік, ізноў вярнула яму ахвоту жыць і паказала яму, як слаўна на белым сьвеце. Ён, дазвольце далажыць, заразіўся ад яе трыпэрам, хадзіў лячыцца ў клініку і пасьля, за півам і сасіскамі з хрэнам, расказваў нам: «Цяпер я ведаю, як да іх падступіцца. Я зраблю, каб быў у мяне хронічны трыпэр і буду праз яго помсьціць ім аж да самай сваёй сьмерці. Вы адно ўявеце, таварышы, такі малюнак: профэсар Яноўскі, патайны дарадчык і дастойнасьць, кажа дактаром, што канечнае патрэбна дасьледаваць у мяне прадстальную залозу — гэта нейкая залоза ў сярэдзіне! — і зьвяртаецца да мяне: «Раскірэчце ногі і нагнецеся!» — а потым, шануючы вас і гэтага дня, суне мне палец у задні праход і калупае ў ім. Не, вы адно ўявеце, браткі: патайны дарадчык, ягоная дастойнасьць, а павінен калупаць у мяне ў ср…! Анархіст не захацеў-бы зрабіць гэта нават папу рымскаму!» Такім чынам я, пане паручнік, нічога ня маю супроць інтэлігенцыі і нават час-часом шкадую яе ў цяжкім становішчы. Таму што з беднатою строгасьць патрэбна і каму-небудзь трэба-ж гэтыя строгасьці ўжываць. А каб ня было строгасьцяй, дык адукаваным людзям давялося-б ісьці красьці.
Калі нарэшце прышоў загад зьмяніць батальён аднаго з польскіх палкоў на перадавой позыцыі, у паручыка зрабілася лёгка на сэрцы. Прынамсі гэта была нейкая перамена, што магла быць пачаткам новых перамен, надалей і новых уражаньняў.
Агляд прашоў добра. Наперадзе пачулася команда: «Батальён, крокам… арш!» і атрад рушыў у дарогу. Да зьмярканьня ён дабраўся да апошняе вёскі Тэафілаўкі, за якою пачыналася ўжо лінія фронту. Быў зроблен кароткі адпачынак. Афіцэры пашлі на нараду ў штаб таго палка, частку якога павінен быў зьмяніць іхны батальён; а пасьля батальёну, каб ня зьбіўся з дарогі, далі павадыра, які многазначна сказаў салдатам:
— Пастарайцеся як мага цішэй ісьці, так вас і так. Дарога да якой я павяду вас, адкрыта ў бок няпрыяцеля і ім абстрэльваецца. Калі будзеце спраўляць гармідар, ён зараз-жа пусьціць пару-другую гранат. Ужо надта-ж мне ня хочацца праз вас дарэмна галавою налажыць.
Цыгаркі патухлі, люлькі зьніклі пад каўнярамі шынэляй; салдаты ўзялі ў рукі шанцавы інструмант і рыдлёўкі, каб ня бразгалі аб штыхі, і нібы цені вышлі з вёскі ў поле. Там ім давялося па шырокім ходзе зносін падняцца крыху ў гору; пасьля гэты ход падзяліўся на некалькі больш вузкіх хадоў і афіцэр, што прымаў батальён, накіраваў кожную роту ў другі ход, не пакідаючы адзін ісьці па сярэднім. На ўзвышшы гэты ход неўспадзеўку абрываўся і пачыналіся акопы. І от адусюль з-пад зямлі пачалі зьбірацца ў яго людзі; паколькі ў цемры нічога ня было відаць, яны вылазілі са сваіх нор, нібы чарвякі ці майскія жукі, калі ў красавіку адтае зямля. Адзін за адным выпаўзалі яны справа і зьлева, а афіцэр праціскаўся наперад і падштурхоўваў тых, што кагадзе прышлі, локцямі, паўтараючы заглушаным голасам:
— Чорт вас пабраў-бы, лезьце, хлопцы! У кожны акоп па столькі чалавек, колькі ў ім бойніц для стрэльбаў. Стрэльбы зараз-жа ўстаўляйце ў байніцы. Ну, чаго стаў, парасячы сын? Чакаеш, пакуль у задніцу заробіш?
А тыя, што адыходзілі, раілі:
— Проша пана, не паказвайце галовы! Маскалі страляюць без перастанку! Проша пана, учора ў нас дваіх забілі і дзевяць чалавек паранілі.
Прыемная, няма чаго сказаць, пэрспэктыва.
Швэйк хацеў пра нешта запытацца, але якраз у гэтую хвіліну паручнік Лукаш паклікаў: — Швэйк, Балун! — і таму з ягонае інтэрпэляцыі нічога ня вышла. Яны рушылі сьледам за паручнікам, якога павадыр павёў у бок па глыбокім ходзе афіцэрскі бліндаж.
Гэтае памяшканьне было дужа глыбока пад зямлёю, так што давялося спусьціцца некалькі прыступак уніз; капітан, што кагадзе вышаў адгэтуль, пакінуў, як сапраўдны джэнтльмэн, на стале сьвечку, што гарэла, якую, аднак, памкнуўся забраць з сабой ягоны дзяншчык, і не бяз гордасьці сказаў паручніку Лукашу:
— Цалюткі тыдзень капалі яго ўдзень салдаты, а начамі рабілі столь. Але гэта навалач, маскалі, укакошылі ў гэты час трох чалавек і штосьці чалавек шаснаццаць паранілі. За тое цяпер ужо тут няма чаго баяцца знарадаў. Бо афіцэр павінен быць у надзейным месцы ці няпраўда, пане паручнік?
Кажучы гэта ён паціснуў паручніку Лукашу руку і пашоў.
Паручнік Лукаш вышаў паглядзець, ці пастаўлена варта. Варочаючыся, ён пачуў, як Швэйк тлумачыў Балуну:
— Трэба будзе яму расстарацца дошкі, каб падкласьці пад сябе. Тут надта вільготна, са сьцен так і цячэ, і ён можа схваціць тут раматус. Давядзецца ’шчэ расстарацца стружак і зрабіць яму мяккую пасьцель; каб…
— Езус-Марыя, як мы тут будзем жыць? — перапыніў яго балуноў голас. — Божухна літасьцівы, гэта-ж сюды ніякая паходная кухня не даедзе!
Паручніку ў гэты момант усё на сьвеце спрыкрыла. Ён кінуўся на невялікую кучу стружак, што засталіся ад ягонага папярэдніка, накрыўся з галавой коўдраю і прамармытаў:
— Ліха яго ведае, што мне рабіць? Застрэліцца ці пайсьці і здацца ў палон?
Ён спаў надзвычай дрэнна, варочаўся з боку на бок і ўвесь час уцякаў ад нейкіх прывідаў, што гналіся за ім па вялічэзных скалах. Раніцою, разьбіты і знэрваваны, ён загадаў Балуну пададь кавы і вышаў з кубкам з бліндажа. Унізе на дне рова, сачыўся танюсенькім струменчыкам ручай; на ягоным беразе сядзеў удалы ваяка Швэйк і выразаў нажом фігуркі для млына, які ўжо весела круціўся і грукацеў у вадзе. Заўважыўшы паручніка, ён устаў, крыху нядбайна аддаў чэсьць і прамовіў:
— Жадаю добрай раніцы! Так што, дазвольце сказаць, кожны павінен аздабляць свой хатні прытулак, як пісалі ў часопісі «Сямейная ўтульнасьць». Але ў мяне ножык ужо занадта тупы, пане паручнік. Басьняк, у якога я купіў яго, адным словам ашукаў мяне. Ён упэўніваў, што гэта золінгенская сталь, а яна мяккая, як волава.
Паручнік Лукаш сыйшыў уніз і, убачыўшы, якія патугі аддаваў Швэйк, каб наддаць чалавечы выгляд кавалку дрэва, мімаволі ўсклікнуў:
— O sancta simpicitas![1]
І Балун так ніколі і не зразумеў, чаму Швэйк запытаўся ў яго праз дзесяць хвілін:
— Слухай, няўжо нам выдалі гэтак шмат сьлівавіцы, што наш паручнік з самага ранку п’яны?
☼
У акопах да жахлівасьці ня было чаго рабіць. Людзі мадзелі без работы і пры жыцьці гнілі, ня могучы ацерабіцца ад вошай, што елі іх, і захлынаючыся ў брудзе. Ня было як ні мыцца, ні стрыгчыся, ні галіцца. Тыя, што стаялі недалёка ад якое-небудзь крынічкі, маглі лічыць сябе за шчасьлівых, таму што ў іх прынаймней ня было недахопу ў вадзе, а тыя, якім да вады было далёка, звыкліся абыходзіцца і без яе, бо хадзіць па ваду азначала пэўную сьмерць. Манерка вады аплачвалася літрам чалавечае крыві — вада была дарагою, а кроў — таннаю.
Апошнія пробліскі чалавечнасьці і розуму, што заставаліся яшчэ ў салдат, гасьлі, як іскры ў попеле; пачуцьці прытупляліся, людзі рабіліся абыякімі да ўсяго і цікавіліся адно двума рэчамі: ежай і сном.
У Карпатах мне давялося спаткаць аднаго салдата, якога я даўней ведаў жвавым і варушкім; але ў акопе ён спаў па дваццаць дзьве гадзіны на суткі, а рэшту дзьве гадзіны ён ня спаў адно затым, што яго пасылалі ўначы на варту.
На адкрытым месцы было небясьпечна, і салдаты цэлымі днямі ня вылазілі з акопаў; загэтым Швэйку не заставалася нічога іншага, як поўзаць па ходах з акопа ў акоп і весьці гутарку пра сучасны момант.
Пра заключэньне міру не магло быць і гутаркі, і ніхто не даваў веры гэткага гатунку паведамленьням; газэты выкідалі ці ўжывалі на пэўную мэту, лаючы ідыётаў, што іх пісалі і вадзілі народ за нос.
У акопах узьніклі раптам нейкія чуткі, і сярод салдат было шмат такіх, што гатовы былі пашыраць самыя відавочныя недарэчнасьці. Аднак усё, што мела на сабе пячатку айчыннае вытворасьці, хутка прымалася і мела посьпех; пра яго гаварылі і абмяркоўвалі яго з усіх бакоў. І тая акалічнасьць, што ў Швэйка былі часам навіны, пачутыя праз паручніка Лукаша, а таксама прыдуманыя непасрэдна ім самім, стварыла яму ў акопах вядомае рэномэ і забясьпечвала давер’е нават самым немагчымым ідыёцтвам, што ён распаўсюджваў. Так, аднаго разу ён абышоў акопы з гэткай навінаю:
— Браткі, дванаццатая рота зробіць раніцою дэмонстрацыю супроць расійцаў. Сьпярша хацелі прызначыць на гэту справу нашу, але я прапанаваў палкоўніку дванаццатую, таму што яна ўсяроўна на ладан дыхае.
— Ну, дзякую шчыра, ня соладка ёй будзе, — заўважыў капрал Рыціна, земляроб з-пад Коліна. — Калі я быў на сэрбскім фронце, наш батальён выкінуў таксама такую вар’яцкую штуку супроць няпрыяцельскіх акопаў. Праз дзесяць хвілін ад яго не засталося і паловы, і двое сутак давялося капаць магілы. Я ведаю, сам палкоўнік з свайго бліндажа і носу не пакажа; ён падтрымлівае ваяўнічы дух за наш кошт. Які ва ўсім гэтым сэнс, скажэце вы мне, калі ласка?
— Пан палкоўнік знайшоў, што мы гэтым самым пакажам расійцам, што мы іх не баімся, — растлумачыў Швэйк.
— Вядома, яму і няма чаго іх баяцца, — уставіў свае словы радавы Брэчка, што быў да мобілізацыі за цесьлю. — Браткі, вы і ў вочы ня бачылі, што ў яго за бліндаж. Ён ззаду рэзэрваў, і жыве ў ім ён усяго адзін. Бліндаж выкапаны на глыбіні ў пяць метраў, і столь зроблена з паложаных накрыж бярвеньняў, а зьверху на іх — мяшкі з пяском, а потым яшчэ маскіроўка — гной і зялёныя галуны. Палкоўнік баіцца, што на яго могуць скінуць бомбу з аэропляну. І от, у гэтай нары ён сядзіць, як рудая мыш, а нам ён плешча пра «ваяўнічы дух».
— А ці ведаеце, даражэнькія, што была-б за любата? Каб наш пярдун вышаў біцца адзін-на-адзін з пярдуном, што командуе рускімі, — увязаўся ў гаворку ефрэйтар Трыка, цесьля з Печака. — Ну, скажэце, даражэнькія, хіба ня было-б куды прасьцей, каб кожны батальён або полк, або скажам, дывізія выбралі-б па адным прадстаўніку, а іншыя былі-б судзьдзямі ў барацьбе? І калі-б рускі накляпаў нашаму, дык мы лічыліся-б пераможанымі, а калі-б наш зьбіў на порахаўку маскаля, дык рускія павінны былі-б здацца. І пры гэтым мала каму прышлося-б старацца, каб перамагчы. Я чытаў калісьці пра такі спосаб весьці вайну вельмі цікавы роман, пад назваю «Сон паляўнічага на мядзьведзяў». У гэтым романе ёсьць гэрой, якога звалі Ольд-Чэтэрхенд, дык от той заўсёды хацеў біцца з індэйцамі адзін за ўсіх сваіх таварышоў. І ня толькі навучаў іх, чырвонаскурых, літасьці і дабразычлівасьці каталіцкае веры, але і страляў індэйцаў, хоць рабіў гэта не з вялікаю ахвотаю. І от гэты Ольд-Чэтэрхенд заўсёды гаварыў сваім таварышом, калі выходзіў біцца адзін-на-адзін з якім-небудзь правадыром індэйцаў: «Ня бойцеся за мяне і спадзявайцеся на бога, які пашле мне перамогу. Я супраціўніка свайго не заб’ю, але каб ён пазнаў, што я — хрысьціянін, я адсяку яму тамагаўкам абедзьве рукі. Наша вера кажа нам быць літасьцівымі нават з імі, чырвонаскурымі сабакамі».
— Гэта неблагая ідэя, — падхапіў Брэчка. — Па-мойму, было-б досыць, каб Вільгэльм або Франц-Іозэф схапіліся з Мікалаем. А ці чулі вы, браткі, што яны адзін аднаму тэлеграфавалі, калі іхныя ўрады пачалі пасылаць дыплёматычныя ноты? Вільгэльм, кажуць, тэлеграфаваў у Пецярбург: «Так і ведай, Нікі, чхаць нам на цябе». А той, дзейкаюць, адказаў: «Паглядзім, Вільлі, хто каго пераплюе. Я цябе не баюся». Ну, а наш старэнькі дзядок паслаў абаім па тэлеграме: «Рабеце, што хочаце. Мне на ўсё начхаць». Дык от калі яны змаглі гэтак дражніцца, то ім варта было-б і пабіцца паміж сабою.
— Тое, што ты кажаш пра Вільгэльма і Мікалая, — шчырая праўда, — з упэўненасьцю прамовіў Швэйк, — але тое, што ты гаворыш пра нашага імпэратара, — агідны паклёп! Ягоная імпэратарская вялікасьць прыняў вестку, што Расія абвясьціла яму вайну, з спакойнай годнасьцю і справядлівым абурэньнем, як пісала газэта «Голас народу». Ён кажуць сказаў савету міністраў: «Чымся больш ворагаў, тым больш гонару!», і «Калі мы аж да гэтых дат ня выйгралі яшчэ ніводнае вайны, дык нам ня так ужо важна прайграць і гэту!» ці нешта накшталт гэтага. Пасьля ён адразу паехаў у капуцынскі манастыр і там маліўся і зьняўся на фотографіі, і такая ілюстрацыя была ў часопісі «Сьветазар». А ў Добжычы за старшыню Саюзу вэтэранаў быў нейкі Лукеш, бляхар, які пачуў пра гэту ілюстрацыю і наўмысьля прыехаў ў Прагу купіць сабе гэты нумар «Сьветазара». І ён ня мог нават дапіць піва, — так шкода стала яму нашага імпэратара, калі ён убачыў старэнькага такім згорбленым і расчуленым. Лукеш ад гэтага пачаў ікаць, і адзін з прысутных параіў яму зьесьці жменьку солі з салянкі. Потым, калі ў яго забілі на фронце старэйшага сына, а другі вярнуўся бяз рукі і з высмаленымі вачыма, ён павесіў гэты портрэт у клёзэце, і яго забралі жандары. Цяпер ён, кажуць, у Пэрэзіенштадзе.
— А ўсё-ж такі было-б куды лепш, каб цары біліся паміж сабою адны і не чапалі сваіх падданых, — не пакідаў пра сваё Брэчка. Ім ня трэ’ было-б страляцца з пісталетаў, нават шаблямі рэзацца, калі яны ўжо так баяцца крыві. Яны маглі-б проста дужацца францускім спосабам або новым стылем, як нашы барацьбіты Шмэйкаль і Фрыштэнскі, і гэта было-б таксама някепска.
— Не, браце, куды гэта варта, — шчыра запярэчыў Швэйк. — Калі цары распачалі паміж сабою калатнечу, дык яна можа быць вырашана толькі ў сумленнай бойцы, у якой нельга жульнічаць і ў якой бярэ ўдзел столькі людзей, што яны ня могуць змовіцца ні ў адным якім шальмоўстве. Калі я быў у шпіталі, побач са мною ляжаў нейкі Пэпі Шкура. Ён быў за артыста вар’етэ, куплетыстам салёнаў і, калі ня краў, дык разьяжджаў па белым сьвеце з вандроўным цыркам. Ён умеў рабіць наўдзівосныя штукі з картамі, глытаў шпагі, еў пакульле, што гарэла, забіваў сабе ў рот шасьцідзюймовыя гвазды, але лепш за ўсё ён умеў красьці; апрача ўсяго гэтага, ён быў барацьбітом па францускім дужаньні. І от аднаго разу ён расказаў мне свае прыгоды, і пры гэтым адна рэч моцна засела ў мяне ў галаве. А расказаў ён мне прыблізна от што: «Я ў той час заляцаўся да нейкай Ганны Чадовіц, і было ў нас дзіцё. Гэта была надзвычай прыгожая жанчына, графскага роду, дачка нейкай нямецкай княгіні, але ў апошнія часы яна займалася ў Ёзыфаве простытуцыяй. Ну, от я вязу тачыльнае кола, а яна калясачку, і мы такім парадкам падарожнічаем з Ічына ў Турнаў. Там яна нечым мяне ўзлавала, так што я пакінуў тачыльнае кола разам з ёй на вуліцы і змыўся. І ці дасі веры, дружа, што я спаткаў яе адно праз тры гады на вялікай дарозе за Кралавіцамі пад Плзенам? Я зьбег ад яе ў Наву-Паку, а там быў нейкі Шымэк са сваім цыркам, і ён адразу прыняў мяне да сябе ў трупу, як непаражальнага індыйскага факіра, дакорніка тыграў і караля джунгляў. Але ў Паке людзі цёртыя, і цырк у нас пуставаў і бяз дзіва — у Шымэка было ўсяго двое коняй, муштраваная каза і сабака, якога я нічога ня мог навучыць, а таксама выступала ягоная жонка з вучонай малпай. Тады мы надумаліся пераехаць у Нова-Боўзаў, таму што Шымэк казаў, што там яшчэ ніколі ня было цырку, што гэта, так сказаць, бязьвінны горад. Далі мы першы gala-паказ, і прышло ўсяго некалькі хлапчукоў; далі другі з сталічнаю програмаю — ізноў адны ўсяго хлапчукі. Крэслы пуставалі, добрай публікі як ня было, так і няма. Пачухаў сябе Шымэк за вухам, а пасьля даў тэлеграму ў Прагу, паехаў сам у Нова-Балеслаў, і прывёз з тамтэйшае друкарні вялікія афішы: «Сёньня і штодня ў Цырку Чэмпіёнат францускае барацьбы на годнасьць Чэмпіёна сьвету і ўзнагароду на дзесяць тысяч крон. Барацьба цягнецца да канчатковых вынікаў». Раніцою мы расклеілі гэтыя афішы, а ў полудзень прыехалі тры паны з Прагі, якія нікому не назвалі сваіх прозьвішчаў, а толькі запыталіся дырэктара. Выявілася, што гэта — чэмпіёны Нямеччыны, Расіі і Португаліі. Увечары адбылася барацьба, і я ўдаваў сябе за чацьвертага, «Чорную Маску». А наш спрытны дырэктар, Шымэк, тымчасам пад сакрэтам расказаў у шынку, што гэта «Чорная Маска» — адзін грамадзянін з Боўзава, што захацеў астацца невядомым. Увечары цырк быў паўнюсенькі, як зачыніць, так што ледзьве ня было парвана на шматочкі парусіна, і пасьля звычайнае програмы адбылася барацьба. Зразумела, дружа, мы наперад змовіліся, на каторай хвіліне і хто каго паложыць на лапаткі, але гэтыя падлюгі шпурлялі мяне так, як анучу, так што таго вечару я паклаў на абедзьве лапаткі ўсяго чэмпіёна Партугаліі, а чэмпіёны Нямеччыны і Расіі так і непаддаліся. На другі дзень той, што ўдаваў сябе за чэмпіёна Расіі, таксама даў сябе перамагчы, і цырк роў ад захапленьня. На трэці дзень Шымэк абвясьціў, — бразгаючы ў бубен, як мае быць! — што чэмпіёны, якія зьехаліся на спаборніцтва, выклікаюць найдужэйшых людзей з Боўзава і ягоных ваколіц дужацца з тымі за знагароду на пяцьдзесят крон. І тады на вячорны паказ прыехалі нават тыя, хто жыў за тры гадзіны язды ад гораду, і мне давялося залажыць чэмпіёну Нямеччыны такі гальштук, што ён паляцеў потарч носам. А пасьля паказу ўсе тры чэмпіёны напіліся ў шынку і п’яныя зьбілі дырэктара, што ён ім надта мала заплаціў, ды тае ночы сабраліся і паехалі. Раніцай я калю за каламашкаю дровы, і раптам дырэктар Шымэк кліча мяне, каб я на хвіліну прышоў да яго. У каламажцы сядзіць нейкі незнаёмы пан; ён устае, падае мне руку і кажа: «Дазвольце пазнаёміцца: Тухічэк, тутэйшы мясьнік. Мне вельмі хапцелася-б, пане чэмпіён, паспрабаваць з вамі, якая ў мяне ёсьць сіла». У мяне аж у вачох пацямнела. Дзіва! Мужчына, здаровы, як бугай. Рукі тыя, рукі — як лапаты, ногі тыя, ногі — як бярвеньне. Узяўся я гэта за ручку дзьвярэй і кажу: «Што-ж вельмі прыемна. Але ці застрахаваліся вы на выпадак сьмерці, пане Тухічэк? Ці паклапаціліся вы пра жонку і дзяцей? Бачыце, я прынпыпова не ўжываю небясьпечных прыёмаў, дужаючыся з аматарамі, але ніколі нельга ведаць, што можа стацца!» Пан Тухічэк замаркоціўся, а дырэктар падміргівае мне, каб я вышаў разам з ім. І от за каламажкай пан Тухічэк, саромяючыся, пачынае: «Бачыце, пане чэмпіён, што вашых спосабаў і трукаў… Паслухайце, дайцеся мне палажыць вас». Я, вядома, страшэнна абражаны і кажу: «Ды што вы сабе думаеце, шаноўны васпане? Я — чэмпіён Эўропы, і павінен дазволіць вам палажыць мяне на абедзьве лапаткі? Мне даводзілася дужацца са Шмэйкалем, з Фрыштэнскім, Штэйнбахом, Цыганевічамі і нэграм Цыпсам, і ўсім ім я паказаў, пачом хунт ліха. Што-ж, па-вашаму, слава мне дарма прышлася, што я яе ні за што ні праз што павінен аддаць вам?» А ён нават рукі злажыў. «Пане чэмпіён, — кажа, — вы адно зразумейце: вы адгэтуль паедзеце, і ў газэтах пра гэта не напішуць, а я-ж тутэйшы, і мяне засьмяюць да сьмерці — вы нашых боўзаўцаў ня ведаеце. Ну, ласкай прашу вас, дайцеся мне падужаць вас, і я вам яшчэ дадам пяцьдзесят крон і заплачу за вас ў шынку за ўвесь час, што вы тут прабудзеце». Ён тут-жа запрасіў мяне пасьнедаць з ім, так што нарэшце такі я згадзіўся, што ён паваліць мяне, але я ўмовіўся, што гэта не павінна раней быць, як на шаснаццатай хвіліне… Дарагі мой, за ўсё жыцьцё мне не давялося зьведаць таго, што таго вечару. Цырк быў паўнюсенькі, не ўважаючы на патроеныя цэны, і пан Тухічэк абыходзіўся са мною ну проста, як саракапут з майскім жукам! Ён душыў мяне так, што я задыхаўся, і шпурляў мяне на пясок, як няшчасную варопаўку; я за яго адно чапляўся, каб не паваліцца ад слабасьці. Нарэшце я яму шапчу: «Ну, цяпер!» і ён наваліўся на мяне ўсім цяжарам і націснуў мне каленам на грудзі, а пасьля наступіў мне нагой на жывот і пачаў адбіваць паклоны перад публікаю. Узьняўся такі роў, што ў Заботцы людзі павыскаквалі ў адных сарочках на вуліцу, а званар палез на званіцу біць на трывогу, нібы Заботку забралі прусакі. А пасьля дырэктаршы ўвесь тыдзень давялося расьціраць мяне — да таго я ўвесь быў у сіняках і падцёках!»
— Загэтым, браткі, — скончыў Швэйк сваё апавяданьне, — нельга было-б і царом даць веры, што яны ня ўмовіліся як-небудзь сшальмаваць, нават каб яны вырашылі пакончыць справу паміж сабою паядынкам або францускай барацьбой. От калі аднаго разу адбываўся чэмпіёнат францускае барацьбы ў Празе, дык тады, сапраўды, усё было іначай. У той час барацьбіт Урбах з Нямеччыны адарваў вуха і расквасіў нос нашаму Шмэйкалю, што вельмі павялічыла сымпатыі да пана Шмэйкаля. Ён, ведаеце, расьцёр сабе кроў па ўсёй сваёй мызе і сказаў з гэтае прычыны прамову, каб публіка мела ўяўленьне аб тым, што яму даводзілася зносіць за межамі, раз нават у залатой славянскай Празе немец адважваецца адхрысьціць яго так. Але потым у барацьбе вольным стылем ён так адплаціў Урбаху, што немец выў бялугай, а дзьве біляцёршы траха не памерлі, дапамагаючы пану Шмэйкалю рукамі і нагамі, каб бэрлінец ня вырваўся з ягоных лап. А ўвечары яны абадва напіліся дап’яна ў «Графе» ў Вінаградах і пачалі абнімацца і цалавацца, таму што ў барацьбітоў гэткі звычай — абыходзіцца адзін да аднаго па-рыцарску. Але гэта надта доўгая гісторыя, і я раскажу яе вам другім разам; а зараз мне трэба ісьці, бо, пэўне, ужо раздаюць паёк.
Ён пашоў, і неўзабаве раздалося ў другім месцы:
— Браткі, заўтра на ўсім фронце пачнуць наступаць, і наша 12-я рота першая пакажа няпрыяцелю, дзе ракі зімуюць. Прышоў гэткі загад ад самога імпэратара; ён надта хоча, каб вайна як мага хутчэй скончылася.
Пакуль Швэйк наводзіў паніку «клёзетнымі тэлеграмамі», Балун рупна разаграваў на агні свой кацялок. Пад уплывам вечнага голаду Балун лёгка стаў ахвяраю захапленьня, што, паміж іншага, перашло і на іншых салдат: ніксаваць кацялкі ў сярэдзіне і задумляць новыя патравы з экзотычным смакам, з прычыны зьмены абелу ў кацялку. Часта, вяртаючыся, Швэйк заставаў Балуна ў суседнім бліндажы над шмараваньнем кацялка кавалачкам сьвіное скваркі; ён то награваў, то абціраў анучкаю кацялок, каб ён блішчэў, як срэбра. Пасьля ён даставаў з рэчавага мяшка розныя скруткі і пакуначкі і пачынаў тлумачыць:
— Перш-на-перш ты, братка, палажы туды кавалачак сала, потым прыпраў нацёртага часнаку і колькі каліў перцу і дай смажыцца. Пасьля вазьмі лыжку мукі, колькі штук сушаных сьлівак і залі вадою так, каб яно згусьцела, калі прастыне. Можна палажыць і драбок цукру, але канечне не забудзься гэтую штуку пасаліць. А калі ты яшчэ дадасі кубік сухога бульёну «Магі» і пакроенага на лустачкі хлеба, дык будзе такая смачная яда, якой ты ня знойдзеш ні ў якім рэсторане.
Посьпех гэткае стравы можна было лёгка растлумачыць, таму што армія забясьпечвалася з перапынкамі; расійцы пільна сачылі ўдзень і ўночы і рабілі немагчымым падвоз у вялікім памеры. Як толькі батальённы абоз пачынаў грукацець недалёка ад якой-небудзь вёскі, на вуліцы пачыналі ўжо рвацца знарады. Кухня пад’яжджала адно пад раніцу і заўнімалася за паўгадзіну хады ад акопаў, і салдатам даводзілася ў цемры цягнуцца да яе са сваімі кацялкамі.
Раздатчык прынёс тры пасудзіны з вараным рысам і накрышаным ліверам на дзесяць чалавек; салдаты рупна праколвалі новыя дзюркі ў сваіх папружках. Хлеба давалі па чвэртцы булкі на дзень, а сыра адно дзюркі з тоненькім абадком; консэрвы з кавы былі дрэнь дрэньню, таму што на консэрвовых фабрыках туды дамешвалі замест кавы высеўкі, а сала прыпадала на чалавека па такім маленькім кавалачку, якімі шпігуюць зайца. Але Балун умудрыўся рабіць і з малога.
Аднаго разу расійцы ўзяліся абстрэльваць вёску. Яны распачалі страляніну з цяжкіх гармат і стралялі ўсю ноч; на працягу дня яны адно час-часом пасылалі «гасьцінца», каб паказаць, што яны не заснулі, а з цемраю агонь ізноў павялічаўся.
Кухні не падыходзілі, абоз адсылалі назад, бо знарадам забіла каня першае хурманкі, і агонь увесь час трымаўся па лініі дарогі. Такім чынам, ежы не раздавалі двое сутак, і ў акопах галадалі.
Паручнік Лукаш дазволіў зьесьці «недатыкальны запас», але гэты запас быў ужо даўно зьедзены і ператраўлены; бо, хоць унтэр-афіцэры штодня павінны былі правяраць, ці ёсьць у салдат консэрвы, іх усё-ж такі цішком зьядалі, каб на выпадак параненьня ці сьмерць ў бойцы яны не засталіся санітарам.
Вайна рабіла з людзей вынаходцаў: бляшанкі асьцярожна адкупорваліся, апаражняліся, ізноў запячатваліся і насіліся парожнімі; у час аглядаў консэрвы ў салдат заўсёды былі ў парадку, і мінула досыць шмат часу, пакуль здагадаліся, што бляшанкі трэба браць у рукі і больш пільна аглядаць.
Да няўдачнікаў, якія былі выяўлены ў ашуканстве сваіх начальнікаў, належаў і Балун, што зжор свой «недатыкальны запас» ужо на другі дзень, калі нейкі шальмаваты салдат навучыў яго, як гэта зрабіць. І от цяпер ён у роспачы бегаў туды і сюды, спрабуючы знайсьці якую-небудзь ежу, але нічога ня мог расстарацца, бо консэрвы Лукаша пасьпелі зьнікнуць. Балун саўсім страціў галаву і пачаў плявузгаць, што пачынаецца «сьветапрастаўленьне» і пачынаецца дзень страшнога суду; ён сядзеў у кутку бліндажа і маліўся па маленькай кантычцы, якую жонка паслала яму з дому разам з вяндлінаю, каб у яго была і духовая страва.
Тае самае ночы расійцы зрабілі атаку на аўстрыйскія позыцыі, а пад раніцу паўтарылі яе. Наўсьцяж усяго ланцуга акопаў траскатаў пякельны агонь; ззаду іх і ў калючым дроце агарожы рваўся знарад за знарадам, і Балун, заткнуўшы сабе вушы, прыказваў:
— Настаў ён, настаў! Сьпярша нас марылі голадам, а цяпер саўсім забіваюць.
— Што-ж і гэта можа стацца, — аказаўся Швэйк, прысланіўшыся да сьцяны і вызначаючы па яе хістаньні, на якой адлегласьці разарваўся знарад. — А ты ведаеш, што перад сьмерцю трэба добра папасьціць. Паміраць — гэта яшчэ больш важная справа, як ісьці да прычасьця. Па сьмерці чалавек ідзе да нябеснага прычасьця, і не захоча-ж ён зьявіцца туды з поўным брухам. У самым пачатку вайны, пасьля бойкі пад Замосьцем, фэльдкураты пашлі прычашчаць на поле бойкі, ды і з Замосьця з імі пашоў і рабін паглядзець, ці няма там якога-небудзь канаючага яўрэя, якога ён-бы мог духова ўцешыць. От ідзе ён з адным фэльдкуратам і глядзіць, як адбываецца звычай апошняга алеяпамазаньня цяжка параненых, і раптам пад кустом яны знаходзяць двух параненых салдат. Адзін з іх быў хрысьціянін, а другі — яўрэй. От фэльдкурат і дараваў свайму грахі, і сабораваў яго, і духова ўцешыў яго. «Сыне мой, — гаварыў ён, — цяжкія твае раны і канчаецца тваё жыцьцё; але не палохайся, бо яшчэ сягоньня ты ўгледзіш аблічча бога і вечна ў захапленьні будзеш дзівіцца на яго». І от салдат пацалаваў крыж і памёр. А рабін таксама памаліўся над салдатам-яўрэем і таксама захацеў уліць у ягоную душу надзею на далёкую дарогу, і сказаў: «Майсей, я бачу, што нядоўга табе ўжо заставацца тут, але не ўдавайся ў роспач, таму што для ўсіх настае час, калі трэба пакінуць свае справы. І ты сканаеш так хутка, што яшчэ сягоньня будзеш вячэраць з Абрамам». Тады салдат плюнуў і ўздыхнуўшы адказаў: «Бачыць бог, што мне саўсім ня хочацца есьці». Так што, Балун, стары грэшнік, падрыхтуйся да падарожжа ў рай.
Балун стаў на калені і пачаў цалаваць аправу свае кантычкі; у гэту хвіліну знарад так недалёка грохнуў ад іх, што са столі пасыпалася гліна, і Швэйк многазначна прамовіў:
— Зараз нам будзе аман!
І раптам сярод найвялікшае канонады пачуўся знадворку голас:
— Командзіра! Дзе командзір? Командзіра!
— Швэйк, схадзі паглядзі, каго тут нячыстая прынесла, — загадаў паручык Лукаш. — Ліха на яго, можа гэта ордынарац з загадам, каб нам уцякаць адгэтуль.
Швэйк закульгаў на голас, што не перасьціхаў: «Командзіра! Дзе командзір?», і неўзабаве вярнуўся з двума салдатамі, што цягнулі на плячох вялікія, цяжкія мяшкі.
— Паёк? Сыр, консэрвы, сала? — запытаўся, выходзячы да іх насустрач, паручык Лукаш.
— Так што, пане паручык, — адказаў адзін з працоўных, — нам невядома, што ў іх ёсьць. А толькі от пакет ад пана палкоўніка Шрэдэра. Нам загадалі даставіць яго, каб тут няма ведама што, і дакляравалі за гэты срэбны мэдаль і тыднёвы водпуск.
Паручык разарваў пакет і хутка прабег колькі радкоў: «Тое, што ў мяшкох, неадкладаючы тэрмінова раздаць людзям даручанага вам батальёну, пераканаўшы іх, каб яны трацілі ашчадна». Падпісана: «Палкоўнік Шрэдэр».
— Халера іх ведае, што там можа быць? — лаяўся паручык, шчупаючы мяшкі. — Ручныя гранаты? Патроны? Сыгнальныя ракеты?
Ён загадаў Швэйку паглядзець, што ў мяшкох. Балун, у якога загарэлася іскра надзеі, кінуўся на дапамогу Швэйку, бо ён думаў, што ў мяшкох — сухары.
Пад вострымі нажамі вяроўка ў момант паляцела, і швэйкавы рукі зьніклі ў сярэдзіне аднаго мяшка. Пасьля яны ізноў паказаліся і выцягнулі прыгожа зложаныя і зьвязаныя пачкі танюсенькае паперы. Швэйк перадаў іх Лукашу.
— Што гэта такое? — прастагнаў паручык Лукаш. — Папера, тонкая папера! Салдатам на цыгаркі? Ды гэта-ж тытуну не раздаюць?
Паручык зьбянтэжана глядзеў на мяшкі і на салдат, што прынесьлі іх.
— Так што, — заявіў адзін з іх, — дазвольце далажыць, учора нейкія старшыя дактары, генэралы, рабілі агляд у вёсцы і заглядвалі ў клёзэты. Дзяншчык пана палкоўніка расказаў, што у клёзэтах ў іх гаварылі, што нібы салдаты скарыстоўваюць у клёзэтах лісты з дому, малюнкі сьвятых і портрэты імпэратара, што на фронце страшэнная патрэба ў шматку паперы, і што ад гэтага церпіць пачуцьцё павагі да сям’і, да рэлігіі і да існуючага ладу. Так што, пане паручык, асьмелюся далажыць, гэтая папера мусіць…
— Езус-Марыя! — радасна перапыніў яго Швэйк. Тут-жа нам пасылаюць бурай, белай, ружовай і блакітнай! Так што, пане паручык, я яшчэ ніколі ня бачыў гэткай прыгожай клёзэтнай паперы! Ах, тут ёсьць і ў роліках з надпісамі: «Чыстата — палова здароўя». От, дазвольце аказаць, пане паручык, будзе асалода хадзіць да ветру! Калі раздаць яе хлопцам, яны цэлымі днямі будуць сядзець над раўкамі. Яна такая далікатная, як малады гусак, і ня будзе дзёрці.
— Маўчы, Швэйк! — прасіпеў паручык Лукаш і, зьвяртаючыся да салдатаў, упалым голасам сказаў: «Далажэце пану палкоўніку, што ў нас ужо трое сутак няма ні хлеба, ні пайка, ні гарачай стравы, ні нават консэрваў. Далажэцэ яму, што ў нас выходзяць агнястрэльныя прыпасы і што я ані з кім не магу наладзіць сувязі па тэлефоне. Далажэце яму, што я раздам гэту клёзэтную паперу, як перасьціхне страляніна з няпрыяцельскага боку; цяпер-жа папера салдатам непатрэбна.
Балун заламаў над мяшкамі рукі; салдаты рыхтаваліся ісьці назад, а Швэйк пасьпяшыў замацаваць паручыкавы словы.
— Вы бачылі, браткі, — сказаў ён, — як лупіць па нас маскаль? Дык от, скажэце палкоўніку, што ў нашых хлапцоў з пераляку так зьляпіла задніцы, што пярынкі туды ня ўставіць. Скажэце яму, што ў нас наогул да ветру ня ходзяць і што…
— Швэйк, заткніся! — раззлавана крыкнуў паручык.
І тады Швэйк, зьвяртаючыся да паручыка Лукаша, сказаў мякка і лагодна:
— Мяне зусім нават ня зьдзіўляе, пане паручык, што гэтая клёзэтная папера вывела вас з сардэчнае роўнавагі. У мяне з такою дрэньню таксама аднаго разу былі вялікія няпрыемнасьці. Гэта было, асьмелюся далажыць, калі я служыў вучнем у аптэкарскім складзе ў пана Какошкі. У абедзены час я заўсёды заставаўся там адзін, затым, што прыказчыкі ішлі абедаць, а гаспадар пісаў лісты ў сябе ў канторы. І вось прыходзіць аднаго разу жанчына і пытае крэму на рукі. Я паглядзеў у скрынку — крэму няма. Я і кажу: «Крэму цяпер няма», і яна пашла. Але-ж стары Какошка выглянуў з канторы і пытае: па што прыходзіла жанчына, а калі я яму растлумачыў, ён мне кажа: «Так, Пэпі, ты не павінен адказваць. Калі чаго-небудзь няма, дык прапануй што-небудзь падыходнае. Бо, уласна кажучы, усё гэта адно і тое-ж. І даў мне аплявуху. Вось аднаго разу ў абед прышла адна дама і кажа: «Дайце мне пяць пачкаў клёзэтнае паперы». А ў нас раніцою якраз уся вышла, і новае мы яшчэ не атрымалі. Толькі я хацеў быў ёй гэта сказаць, як у тую-ж хвіліну згадаў свайго гаспадара, дый кажу: «Клёзэтнае паперы ў нас цяпер няма, пані, але шкляное і наждачнае паперы ў нас ёсьць усе нумары. Колькі аркушаў вам патрэбна?» Дазвольце далажыць, пане паручык, я атрымаў таго разу ад пана Какошкі толькі аплявух, што ў мяне яшчэ і сёньня, як згадаю, у вушох зьвініць. Таму што пан Какошка быў вельмі сур’ёзны чалавек і прагнаў свайго лепшага прыказчыка, пана Таўхэра, толькі за тое, што той сказаў яго экономцы, калі тая прышла да нас у магазын і спытала: «Ці ёсьць у вас зельле на каханьне?» адказаў: «О, пэўна, у мяне заўсёды ёсьць мэта каханьня, а асабліва, калі я бачу вас».
Балун заснуў на мяшкох з нечаканым грузам, а паручык Лукаш вышаў з бліндажа, таму што страляніна збольшага перасьціхла. Швэйк залажыў пярэстыя пачкі паперы ля сьцяны, разважаючы пра тое, што, уласна, патрэбна было-б прыслаць яшчэ конфэці і сэрпантын…
Каля дзевяці гадзін страляніна зусім перасьціхла і расійцы запрапанавалі праз парлямантэра перамір’е, каб можна было падабраць параненых і пахаваць забітых. Іх было нямала, і яны ляжалі толькі ў некалькіх кроках ад аўстрыйскае загарожы з калючага дроту. Пасьля сканчэньня ўсіх формальнасьцяй, паручык Лукаш загадаў, каб рабочая команда батальёну дапамагла расійцам капаць магілы. Узводны, пад начальствам якога працавала гэта команда, неўзабаве прыслаў паведамленьне, што сярод забітых расійцаў трапляюцца і аўстрыйцы. Напэўна, варта і сакрэты не пасьпелі вярнуцца ў свае акопы і былі забіты стрэламі з абодвых бакоў.
З вёскі пад’ехалі кухні і абоз з хлебам і пайком: акопы заварушыліся, з бліндажоў узьняліся палойкі дыму і другая зьмена рабочае каманды паправіла зруйнаваньні, зробленыя бомбардыроўкаю. Салдаты, накормленыя і здаволеныя, павылазілі з акопаў і сталі глядзець на работу магільшчыкаў і санітараў, якія адносілі параненых ў тыл, а забітых, разьдзеўшы дагола, складвалі ў кучы. Забітых набіралася ўсё болей і болей і кучы павялічваліся праз кожную хвіліну.
Расійцы таксама паказаліся на грэбяні сваіх акопаў; яны стаялі, пераступаючы з нагі на нагу, перад тымі людзьмі, якіх яны яшчэ гэтаю ноччу хадзілі забіваць і якія павінны былі забіваць іх саміх, і зьдзіўлена і тупа глядзелі на вынікі бойкі. Раптам сярод іх паказаўся вялікі плямісты сабака. Ён ткнуўся носам у забітых, падлез пад расійскую драцяную агароджу, ёглячы ад болю, затым, што калючкі рвалі яму скуру, і падбег да кучы трупаў, вакол якое працавалі магільнікі. Ён усіх абнюхаў, абышоў наўкол і проста кінуўся да аўстрыйскіх акопаў, не бяручы ўвагі на крык: «Казьбек, сюды! Казьбек!».
Ён шчасьліва мінуў агароджу і ўскочыў, быццам каго-небудзь шукаючы, у акоп; а потым ён забраўся ў бліндаж, дзе з некалькімі другімі салдатамі сядзеў Швэйк і абмяркоўваў становішча, што стварылася пасьля бойкі і атрыманьня харчоў.
— Наш паручык запатрабаваў зьмену, — запэўніваў усіх Швэйк, — і ўначы нас абавязкова зьменяць.
— Ну, калі-б нас зьбіраліся зьмяніць, — запярэчыў капрал Рыцына, — сюды ня прывезьлі-б гарачае стравы, а тым больш пайкоў. Ззаду нас, братка ты мой, няма ні душы; мы застанемся тут, пакуль нас усіх не пераб’юць.
— Глядзеце, браткі, сабака! І якраз, як мой Фокел! — задаволена крыкнуў у гэты момант Клейн, бядняк з-пад Табару. — Фокель, Фокель, ідзі сюды, ідзі, дурасьлівы!
Ён цмокнуў языком; сабака, віляючы хвастом, спыніўся перад ім, пазволіў прылашчыць сябе і ўзяць за аброшку. І Клейн, шчасьлівы, што знайшоў тут нешта роднае, абняў сабаку і пацалаваў яго, прыгаворваючы:
— Ух, ты сабачка, ух, ты мой харошы! І якія ў яго прыгожыя вочы! Ні ў кога на сьвеце няма такіх вачэй, браткі, як у жывёлы. У мяне дома было пара валоў, якіх я сам і выгадаваў. І вось у аднаго з іх былі такія вочы, што нават у дзевы Марыі не маглі быць прыгажэйшыя. Браткі, — сказаў Клейн неяк дзіўна ў нос, — я жыў толькі дзеля гэтых валоў, а паміраем дзеля яго імпэратарскай вялікасьці, — дадаў Швэйк да гэтага сардэчнага крыку. — А ведаеш, сябра ты мой, што…
Ён замаўчаў, таму што звонку пачуліся ўсхваляваныя салдацкія галасы; потым чутно было, як гаварыў паручык Лукаш: неўзабаве ўсё сьціхла, у бліндаж зазірнуў нейкі салдацік і шэптам паведаміў:
— Гэта таму, што цяпер перамір’е, дык і зьявіліся; а то ўжо, напэўна, і ня глянулі-б сюды! На агляд прыехалі, браткі: сам палкоўнік, чужыя афіцэры, дактары і адзін генэрал.
Па акопах, і сапраўды, праходзіў галоўны доктар Вітроўскі, той самы, які ўночы прыслаў клёзэтнае паперы.
Гэты галоўны доктар быў у палоне навязьлівае ідэі, што дэзынтэрыя, халера і тыфус зьяўляюцца ад таго, што ў прыбіральнях ня было паперы; і вось ён хадзіў па акопах і цікавіўся, колькі яе патрэбна будзе на гэтую мэту. Тымчасам ён тлумачыў сваім спадарожнікам:
— Але, панове, чыстата — вялікая справа. З захворваньнямі і сьмяротнасьцю ў арміі можна змагацца толькі пры дапамозе клёзэтнае паперы.
Выказаўшы гэтыя мудрыя словы, ён на чале высокіх наведвальнікаў пакінуў прыбіральныя месцы і амаль адразу-ж наткнуўся ў акопе на дзіўную процэсію. На расхіненым кавалку брэзэнту два салдаты несьлі голага чалавека, які ўвесь курчыўся, кідаўся, і час-ад-часу ёрзаў усімі цягліцамі, над якімі ён страціў, мусіць, усялякае кіраўніцтва.
— Што такое? — спытаў генэрал, спыніўшы салдатаў.
— Маю гонар далажыць, — ледзьве выгаварыў ад жаху той, які ішоў наперадзе, апускаючы брэзэнт з голым чалавекам на зямлю, — што гэта — жывы труп. Яму патрэбна было быць мёртвым, а ён жыве; ён быў сярод забітых і раптам ажыў.
— Нэрвовае страсеньне ад выбуху знараду, — самаздаволена зазначыў доктар Вітроўскі. — Вось калі ласка, панове, прыгожы, клясычны, надзвычайна характарны прыклад. Гэта наш ці расіец? — спытаў ён, нахіляючыся над голым чалавекам.
Невядомы безразважным зіркам глядзеў са свайго брэзэнту на гурт начальства, што быў навакол яго, і нічога не адказаў. Тады генэрал прыгнуўся да самага ягонага вуха і крыкнуў:
— Наш ці расіец? Чэх? Мадзьяр? Немец? Паляк?
Але заміж адказу цела няшчаснага шалёна курчыла ва ўсе бакі, ногі ўскідваліся ўгору, быццам у скоках, а рукі як быццам нешта лавілі, прычым пальцы сьціскаліся і расьціскаліся. Тады галоўны доктар яшчэ раз правугніў:
— Кажы: аўстрыец ці маскаль?
У Лукаша мароз прабег па скуры, калі ён зірнуў на гэтага няшчаснага, галава якога білася аб зямлю і падскоквала, быццам гумовая, а доктар, якому зрабілася ніякавата, зьвярнуўся да салдат, што сабраліся наўкола гэтага нябачнага відовішча:
— Хто яго ведае? Гэта наш таварыш ці вораг?
Ніхто гэтага ня ведаў. І раптам аднекуль ззаду праціскаўся да самога генэрала ўдалы ваяка Швэйк і, гледзячы ў твар чалавечае разваліны, што выгіналася ля афіцэрскіх ботаў, — з паўхмылкаю сказаў:
— Так што, дазвольце далажыць, гэта чалавек. Асьмелюся далажыць, што калі людзі разьдзенуцца дагола, дык яны нічым ня розьняцца адзін ад другога, і толькі вельмі рэдка можна пазнаць, адкуль яны і з якое дзяржавы. Так што, мосьць, нават сабакам даводзіцца чапляць нумаркі на аброшкі і нават гусям, і курам чапляюць на ногі кольцы, каб не памыліцца, чые яны. Вось дазвольце далажыць, у Міхле жыла нейкая мадам Круцек, гандлярка малаком, дык у тае нарадзілася трайня, тры дзяўчынкі, а яна, іх родная маці, павінна была намаляваць ім атрамантным алоўкам розныя знакі на задкох, каб не пераблытаць іх, гэта дзяцей, калі яна іх карміла.
— Але, але, гэта правільна. Ён чалавек, ён яшчэ чалавек, — прагаварыў доктар Вітроўскі, кінуўшы сваім спадарожнікам. — Так, значыцца, панове, пойдзем далей!
За яго сьпіною збляднелы паручык Лукаш хапіўся рукою за шыю і высунуў язык, каб прымусіць Швэйка замаўчаць і паказаць яму, што ён ізноў адпаліў штуку, за якую яму пагражала быць павешаным.
☼
Батальёну так і не зьмянілі, і агорклае жыцьцё цягнулася з дня на дзень далей. Бруд і кароста ўзмацняліся, вошы пладзіліся ў прапацелай бялізьне, якая доўга не зьмянялася, і вайна, якую вялі з імі вачыма і пазногцямі, ня мела посьпеху. Пазногці хрусталі ад раніцы да вечару ва ўсіх швох кашуль і нагавіц, а на другі дзень пачыналі змаганьне ізноў. Нават ізоляванае становішча Лукаша ў сваім бліндажы, дзе яму не даводзілася непасрэдна мець справу з ніжэйшымі чынамі, ня выратавала яго ад шэрае нечысьці. Аднаго разу Швэйк прыкмеціў, як паручык шукаў у сябе раніцою пад пахамі вошай, якіх ён проста выграбаў адтуль і кідаў іх у траву; яны былі буйныя і спасныя, і Швэйк выразна бачыў, як яны, падаючы на зямлю, выцягвалі ножкі.
— Так што, — далікатна зазначыў Швэйк, — дазвольце запытацца, пане паручык, у вас таксама ёсьць вошы? Я з вялікім задавальненьнем нацёр-бы вае мазьзю з жывога срэбра, у мяне ёсьць цэлая баначка. Тады напэўна, пане паручнік, у вас таксама былі-б вошы, але толькі яны-б вас ня елі.
Паручык Лукаш з падзякаю згадзіўся з гэтаю прапановаю і ўвесь аддаўся ў спрытныя швэйкавы рукі, мужна церпячы гэтую козлытовую процэдуру.
Потым, узлажыўшы чыстую кашулю, ён адчыніў чамаданчык, і дастаўшы адтуль бронзавы мэдаль, працягнуў яго Швэйку са словамі:
— Вось табе, Швэйк, насі на здароўе, прашу цябе. Вазьмі сабе гэты мэталь «за храбрасьць», за тое, што не пакінуў свайго афіцэра ў небясьпецы.
— Ды вы і былі ў небясьпецы, пане паручык, — расьмяяўся Швэйк. — Яшчэ адзін дзень, і вошы вас зьелі-б жыўцом… Так што, дазвольце далажыць, я пайду ў лес па ламачча.
Расійцы ізноў пачалі страляць; быў ўжо вечар, а Швэйк ўсё яшчэ не вяртаўся з ламаччам. Ніколі яшчэ ён не адлучаўся так доўга. Паручык Лукаш паслаў Балуна шукаць яго ў бліндажох. Праз некаторы час Балун зьвярнуўся, перапалоханы і ўвесь у сьлёзах, цягнучы за сабой нейкага незнаёмага салдата. Ён паставіў яго перад паручыкам і заёгліў:
— Ах ты, гора якое! Швэйка-ж таксама болей жывога няма! Забілі нашага Швэйка, у лесе забілі…
— Швэйка? Хто забіў Швэйка? — закрычаў на Балуна паручык Лукаш.
Балун моўчкі паказаў на незнаёмага салдата; той працягнуў паручыку Лукашу бляшаны капсуль і сказаў:
— Маю гонар далажыць, гэта іменны капсуль таго ніжэйшага чына, якога нашыя знайшлі ў лесе забітым. Ад вашае роты, пане паручык, і наш пан падпаручык загадаў запытацца ў вас, ці не накіруеце вы каго паглядзець яго і ці не захочуць таварышы самі пахаваць яго.
Паручык Лукаш адчыніў капсуль; ніякае няпэўнасьці ня было — гэта было швэйкава пасьведчаньне асобы. У Лукаша было такое адчуваньне, быццам у яго щ целе кавалак лёду паволи спаўзаў ад галавы да ног.
— Дзе ён? Вы яго прынесьлі? — праз сілу прагаварыў ён.
— Пакуль што не, пане паручык. Ён яшчэ ў лесе. Шрапнэльным стаканам яму разьбіла галаву.
Паручык хуткім крокам крануўся за салдатам, у той час, як Балун, усё яшчэ галосячы і плачучы, стаў зьбіраць людзей, каб выкапаць магілу, а потым засьпяшаўся з імі сьледам за паручыкам.
На ўскраі лесу ляжаў забіты салдат; на ім былі толькі адны штаны, а над ім вісела на сучку жыкетка, на якой блішчалі тры мэдалі. Ногі забітага былі босыя, а боты стаялі трохі воддаль. Галава была зусім растоўчана і мазгі і кроў запырскалі ўсё наўкола. Паручык аглядзеў жыкетку з мэдалямі, якая бязумоўна належала Швэйку, і глухім голасам сказаў салдатам:
— Выкапайце яму магілу там, пад дубам.
Да горла яго падкочваўся жмак, на вочы выступілі сьлёзы; ідучы назад ён у думках паўтараў: — Значыцца, і Швэйк! Бедны Швэйк! — і яму здалося, што цяпер бліжэйшая чарга — па яго самога.
Балун позна вярнуўся з магілы, зыбаючыся, як хворы. Ён падагрэў свайму паручыку вячэру і, седзячы пры сьвечцы, дастаў маліцьвенік.
— Мы яму, таварышу залатому, паставілі на магілу бярозавы крыж: бо сьпіць, небарака ў неасьвенчанай зямлі, быццам жывёліна якая.
Паручык хутка ўклаўся, а Балун не пераставаў чытаць малітвы.
— Памолімся за дарагіх змарлых! Падай ім вечны мір і спакой, божа, і хай асьвеціць вечнае, ніколі ня блеклае сьвятло. Мір праху ягонаму…
І раптам брэзэнт, што вісеў над уваходам у бліндаж, прыўзьняўся, і ў бліндажы мільганула нейчая белая постаць.
— Найсьвяцейшая матка божая клакоцкая! Гэта-ж Швэйкаў дух! Ён не знаходзіць сабе супакою ў магіле! — застукаў зубамі Балун, адступаючы ў дальні кут, дзе спаў паручык. Белая постаць спынілася ля сьцяны і пачала шнарыць у ранцы, што вісеў там. Балун, ні жывы, ні мёртвы, прыціснуў прыціснуў да грудзей маліцьвенік і пачаў заклінаць яе:
— У імя найсьвеншае тройцы, згінь, нечысьць, рассыпся, не чапай нявіннае душачкі.
— Балун, дубіна, кінь дурня строіць! З глузду ты зьехаў, ці дапіўся да чорцікаў? — сьціхавата пачулася з вуснаў прывіда. — Заткніся, табе кажуць, і ня будзі пана паручыка; я ўжо як-небудзь дацярплю да раніцы.
— Езус-Марыя! Ён хоча застацца тут да раніцы! — заёгліў Балун, кідаючыся на паручыка. — Гэта швэйкаў дух! Гэта швэйкаў дух!
— Ты што з глузду зьехаў, ці што, Балун? Што такое? — накінуўся той на свайго дзяншчыка.
Тады да яго наблізілася нейкая белая постаць, узяла пад казырок, выпучыла жывот і прагаварыла:
— Так што, пане паручык, дазвольце далажыць, ламачча я ня прынёс, а ў лесе нехта ўкраў у мяне адзеньне. Я, ведаеце, палажыў яго на мурашнік, каб мурашкі выбралі з яго вошы і гніды. Гэта, пане паручык, вельмі практычны спосаб. Мурашкі так вычышчаюць з яго ўсе вошы і іхныя яечкі, што сэрца радуецца… А потым, дазвольце сказаць, я вымыў у ручаі ногі і трохі прыкарнуў, а калі прачнуўся, дык майго адзеньня ўжо ня было. Я і пасаромеўся зьвярнуцца голым пры сьвятле, пане паручык, каб у нас ня было скандалу… Найпакорней прашу выдаць мне новы рыштунак і бялізну і адшушаць злодзея, які ўкраў у мяне мае мэдалі. Кажуць, некага з нашае роты забіла, пане паручык.
— Ты атрымаеш новы рыштунак, Швэйк, само сабою разумеецца, — сказаў паручык. — А ведаеш, Швэйк, мне ўжо многа з табою было клопату, але калі-б цябе папраўдзе забілі, мне было-б вельмі шкода.
— Так што, пане паручык, дазвольце далажыць, — лагодна ўсьміхнуўся Швэйк, — што я, значыцца, дзеля вас ня дам сябе забіць.
Тым часам Балун троха ачухаўся, і памацаўшы Швэйка, убачыўшы, што той курыць люльку, нарэшце паверыў, што гэта ня прывід. Ён расказаў Швэйку, якія ўрачыстыя пахарункі яму наладзілі, і як злодзея забіла шрапнэльлю. Пачуўшы, што мэдалі выратаваны, Швэйк сказаў:
— А я нават на іх не напісаў: «Хто ў мяне іх украдзе, у таго рука адпадзе». Бо злодзей-жа толькі пасьпеў злажыць нагавіцы, як сьмерць яго ўжо і пакарала. І хто яго ведае, што было-б, калі-б ён апрануў і маю жыкетку; напэўна, з ім магло-б здарыцца яшчэ што-небудзь горшае.
☼
Праз тыдзень пасьля гэтага інцыдэнту расійцы ізноў перайшлі ў наступ. Іхняя артылерыя была ўжо прыстрэляна, і загэтым знарады градам сыпаліся ў аўстрыйскія акопы. Зямля ператварылася ў суцэльнае пекла. Дванаццаць гадзін, не перастаючы, знарады дзяўблі адно і тое-ж месца, разрываючы драцяную агароджу, разносячы ў пыл бліндажы, калечачы і забіваючы людзей. Пад вечар, калі агонь трохі сьціх, па акопах пашыраўся загад: «Адступаць! Адыйсьці назад! Усім!»
Батальён не адышоў, а пабег назад. Ня трэба было падганяць салдат; ззаду іх час-ад-часу ўспыхвала працяглае рускае «Урааа-рааа-рааа!», і гэта адно акрыляла іхны крок. Да позьняе ночы пракладвалі сабе салдаты дарогу ў цемры, то ўгрузаючы па калена ў пяску, то правальваючыся яшчэ глыбей у твань. Нарэшце перад імі мільганула вёска і змучаныя салдаты, што нязьмерна змарыліся ў дарозе, пазалазілі ў гумны і ў хлявы на сена. Няпрыяцель не чапаў іх і дазволіў ім адпачыць да раніцы; але потым ён пачаў абстрэльваць вёску шрапнэльлю.
Паручык Лукаш загадаў адступаць далей і наважыўся выйсьці з батальёнам на шашу. Неўзабаве яны дабраліся да яе, але засталі там нябачаны вэрлах. Толькі таго і было, што перакульваліся якія-небудзь драбіны ці двухколка, затрымліваючы ўвесь рух, пакуль іх ня сьпіхалі з шашы ў канаву. Салдаты спыняліся на час і забіралі з іх консэрвы, хлеб і цукер, не зважаючы на ўдары афіцэрскіх стэкаў і пагрозу рэвольвэрамі. Да кучкі салдатаў, што ўвіхаліся каля драбін з консэрвамі, далучыўся і Швэйк. Ён напхаў сабе поўны ранец і хлебны мяшок з бляшанкамі, за што яго пахваліў стары, бывалы франтавік.
— Добра робіш, браток. Гэта ты добра схавай, а астатняе можна ўсё выкінуць вон. Калі ў цябе ёсьць поўны хлебны мех, лыжка і кацялок, дык ты на вайне не загінеш, таму што для захаваньня жыцьця гэтыя рэчы патрабнейшыя, як стрэльба.
Свайго паручыка Швэйк ужо даўно згубіў, а Балуна ня бачыў ад самае раніцы. Ён спакойна плыў адзін у гэтым чалавечым струмені, які спыняўся, хістаўся, стагнаў і лаяўся, але ўсё-ж нястрымана рухаўся наперад. Перад ім на шашы паганятыя гналі гурты жывёлы, каб яна не засталася няпрыяцелю; цэлыя чароды быкоў, кароў і цялят зьмешваліся з самаахвярнымі ваякамі шэра-сіняе арміі. А няпрыяцель насядаў і яго артылерыя, прыстраляўшыся, пачала слаць знарады ў самую гушчу людзей і жывёлы. Гэта стварыла сярод няшчаснае чацьвёраногае жывёлы, якую ня вымуштравалі канчаць сваё жыцьцё сярод такога фэерверка, — жахлівы перапалох; жывёла ўздрэнчылася, вырвалася і кінулася з апушчанымі рагамі на сьцяну людзей, што была наўкола яе. На шашы стварыліся клубкі цел, што конвульсыйна трапяталіся, каціліся то ў адзін, то ў другі бок. Параненая жывёла, страціўшы розум ад болю і страху, рынулася, зьмятаючы ўсё на сваім шляху, ва ўсе бокі з шашы на волю… Але вось да шрапнэлі расійцы дадалі яшчэ некалькі фугасаў; адзін з іх трапіў у самую сярэдзіну шашы, і ў сумятні, што ўтварылася наўкола яго, разыгралася трагэдыя, якую мала хто з навакольных заўважыў. З-за дзівоснага слупа дыму вынырнула раптам ладная гатунковая карова, як сьляпая, кінулася, нахіліўшы галаву, з усіх наперад і ўсадзіла свае доўгія вострыя рогі ў ранец нейкага салдата, што крочыў ускраем дарогі, і стрымглаў памчалася ў поле. А на яе рогах матляхаўся на папрузе ад ранца салдат, дзіка размахваў рукамі і дзёрся на ўвесь голас:
— Стой, стой, дурная! Цябе-ж расстраляюць за дзяржаўную здраду. Стой!.. Не, такое штукі са мною яшчэ ніколі не здаралася!..
☼
Разьезд 8-га Данскога казацкага палка асьцярожна, крок за крокам, прабіраўся наперад. Гэта быў галаўны разьезд атраду, што ішоў на зьмену змучаных частак 3-га Каўкаскага армейскага корпусу. Пяць казакоў ехалі дарогаю, трымаючы напагатове доўгія дзіды. На ўскраі невялікага гаю яны спыніліся, пазлазілі з коняй і, вядучы іх на повадзе, падаліся ў цень дрэў. Харунжы ішоў наперадзе; раптам ён абярнуўся і прашыпеў:
— Кладзіся!
Казакі мігам ляглі, а афіцэр, паўзучы, прабіраўся ў самую гушчарню, адкуль чуцён быў рык, тупат і чалавечы голас. Хутка ён вярнуўся і шэптам аддаў загад. Казакі паўскаквалі на коні і паўколам паскакалі пад дарогу, што ішла праз паляну. Яны прыгатаваліся да атакі, і, узяўшы дзіды пасярэдзіне і выхапіўшы шашкі, пачалі чакаць команды. Але команды не дачакаліся, і казакі самі ўбачылі нязвычайнага няпрыяцеля, якога яны зьбіраліся атакаваць. На паляне пасьвілася вялікая белая карова, якую вёў чалавек у падраным аўстрыйскім мундзіру, на вяроўцы, абкручанай вакол яе рог; потым гэты чалавек прывязаў карову да дрэва, лёг пад яе і пачаў выдойваць малако ў кацялок, прыгаворваючы:
— Вось бачыш, Пяструха, цяпер прыдзецца нам з табою не расставацца і ўдаваць з сябе вандроўнікаў у лесе. Ты будзеш карміць мяне сваім малаком, каб я не памёр з голаду. Ну, ну, Пяструха, давай-жа яго болей, ня гань сама сабе! Ведаеш, у сьв. Гэнафэвы было толькі лань, і тая ёй давала толькі малака, што яна магла жыць. А ты-ж як-ніяк тырольскага заводу.
Харунжы паклікаў на мігі бліжэйшага казака і шэптам спытаў у яго:
— Што гэта — палонны? Вар’ят? Ці што?
— Ваша благародзьдзе, — таксама ціха адказаў казак, — у яго стрэльба.
— Няўжо? — зьдзівіўся афіцэр таму, што ў чалавека з кароваю была стрэльба. — Ну, наперад, хлопцы! — крыкнуў ён, і чатыры казакі выехалі на палянку, накіравалі дзіды чалавеку ў грудзі і крыкнулі:
— Рукі ўгору!
Чалавек у няпрыяцельскай форме падняў рукі. Адзін з казакаў саскачыў з каня і адабраў ад яго стрэльбу; потым афіцэр павярнуў да яго і спытаў:
— Што ты тут робіш?
Чалавек расшпіліў жыкетку, расхінуў на грудзях кашулю і ў роспачы крыкнуў:
— Забеце мяне, я здрадзіў свайму імпэратару!
— Значыцца, і вас вошы заелі? — мэлянхолічна адказаў яму казак, зразумеўшы, што палонны паказвае яму зьедзеныя грудзі. — Ну, добра, ідзі, браце! Пакаштуй нашае рускае кашы! Наперад, марш!
Схапіўшы салдата за плячо, казак заўважыў тры мэдалі на ягонай жыкетцы. Ён сказаў афіцэру: — Глядзеце ваша благародзьдзе, «за адвагу». Значыцца, ён у нашых страляў! — даў палоннаму па вуху, садраў мэдалі і сунуў іх сабе ў кішэню. Потым ён падхапіў яго пад руку і павёў у штаб. Салдат абярнуўся і прагаварыў:
— Паслухайце, каровы вы ня рэжце, яна малочная… Вось кажуць, што вы нашы браты; але я бачу, якія вы браты! Акурат, як гэтыя Растачылі са Сьлівенца, якія распаролі адзін другому бруха… Ды ня трымай ты мяне так, я і бяз гэтага не ўцяку!.. Вось на Ланцунскай вуліцы жыў адзін шавец, Фуячэк по прозьвішчы, дык той сагануў паліцэйскаму, які таксама яго так вёў, у морду, дальбог!..
Яны дайшлі да палка, і казак здаў палоннага ў штаб. Усё зьзяла золатам і срэбрам; у нікчэмнага аўстрыякі вочы замітусіліся. Нейкі тоўсты палкоўнік крыкнуў яму:
— Вайсковапалонны? Якая родная мова? Як фамілія?
— Так што, дазвольце далажыць, я халасты, — адказаў палонны, — але гэта вельмі далікатна з вашага боку, ваша высокаблагародзія, што вы пытаеце пра маю «фамілію», пра жонку і дзяцей.
Палкоўнік зьвярнуўся да свайго штаба з запытаньнем:
— Што ён кажа? — А потым на ламанай нямецкай мове яшчэ раз спытаў у палоннага:
— Як тваё прозьвішча? Як цябе зваць? Разумееш? Імя?
І тады салдат выцягнуўся, як струна, усадзіў свой зірк у вочы палкоўніка, які адразу зразумеў, што перад ім — прадстаўнік варожае дзяржавы, і адказаў голасам, які разьлёгся па стэпах Украіны і па ўсёй «матушцы-Расіі», за Урал да Сібіру і да Каўказу і Чорнага мора:
— Я — Язэп Швэйк з Прагі, вуліца «На Боішці», Чэхія.
- ↑ О, сьвятая прастата!