Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/«Тутэйшыя»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Літаратурнае балота «Тутэйшыя»
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Тварам да чытача
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Тутэйшыя» (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТУТЭЙШЫЯ

…Sіe tranken heіmlіch Weіn
Und predіgten offentlіch Wasser…
H. HEІNE[1]

З таго самага часу, як пачалі ўсё болей і болей ускладняцца формы чалавечых узаемаадносін, з таго самага часу, як вынікла колізія паміж паасобнымі групамі людзкой грамады, — пачала формавацца і ўзрастаць вельмі характарная, хоць і ў значнай меры дыфэрэнтаваная, група людзей; прынцыпы гэтай групы выявіліся ў прыказцы — „мая хата з краю“; назву гэтай групы ў нашы дні сталі, як нейкі ганебны ярлык, прышчэпліваць да самых рознастайных людзей, і ўсе гэтыя людзі аднолькава выказваюць сваю крыўду на гэту назву. Мы маем на ўвазе мяшчанства — тую катэгорыю соцыяльнага і псыхолёгічнага парадку, якая ў нашы дні робіцца небясьпечным месцам для адных, рыфам, на якім яны баяцца патапіць свой ортодоксальны карабель, і жупелам для другіх, якія самі, не разумеючы яго сутнасьці, стараюцца напужаць сваіх супраціўнікаў у тэй ці іншай спрэчцы. Дзьве асноўныя катэгорыі мяшчанства — мяшчанства, як фактар соцыяльны, і мяшчанства псыхолëгічнае, — яны ў жыцьці бадай што не супадаюць; не заўсёды першае абгрунтоўвае другое і другое паказвае прысутнасьць першага. У нашым артыкуле нас, бязумоўна, болей цікавіць другая катэгорыя, як маючая значна большае дачыненьне да пытаньняў літаратурнага мастацтва, чымся першая.

Што-ж такое мяшчанства? Найбольш устаноўлены погляд зьвязвае звычайна гэта разуменьне з вобразам нізенькай ціхай хаткі, дзе можна „кашу на падлогу класьці“, дзе ўсё прыбраньне вызначаецца абсолютнаю стопрацэнтнаю бязгустоўнасьцю, дзе адсутнічае ўсякае пачуцьцё стылю і дзе на сьценцы зусім спакойна могуць ужыцца портрэт Сталіна побач з выразаным з „Нівы“ портрэтам якого-небудзь Мікалая Мікалаевіча. Увязваюць гэта разуменьне яшчэ і з настойным імкненьнем да найбольш вытрыманай, з надворнага боку сімэтрыі; нарэшце, кажуць, што ўсякая абмежаванасьць ёсьць мяшчанства. Усіх вызначэньняў нельга пералічыць, але, на наш погляд, найбольш справядлівым зьяўляецца апошняе з прыведзеных намі.

А. В. Луначарскі ў сваім артыкуле „Разновидности мещанства“[2] піша так:

„Што-ж такое для нас культурнае мяшчанства? Гэта духоўная ўласьцівасьць усяе і ўсякае буржуазіі на ўсе яе эпохі, а таксама ўласьцівасьць тых груп, якія знаходзяцца пад яе ўплывам, — мала таго — гэта духоўная ўласьцівасьць усіх клясаў і груп, псыхіка якіх вызначаецца прыватнаю ўласнасьцю, як базісам іх культуры“.

З гэтага вызначэньня мы можам уявіць сабе падставу мяшчанства, яго соцыолёгічны базіс. З другога боку, рэальнае жыцьцë дае нам грубейшыя адзнакі мяшчанства — яго нярухомасьць, консэрватыўнасьць (бытавая і псыхолёгічная): адсюль захапленьне мяшчанства ідэаламі даўно мінуўшых дзён (напрыклад, мастацкія густы мяшчанства ілюструюцца так званымі романсамі —мастацкім жанрам 40—60 г. г. мінулага стагодзьдзя). Усё новае мяшчанствам успрыймаецца туга, разглядаецца яно, як чужое і варожае. Адным словам, увесь псыхічны твар гэтай групы зводзіцца да абмежаванасьці і адмежаванасьці. Той самы Луначарскі піша: „Адмежаванае поле, плот — гэта сымболі прыватнай уласнасьці індывідуалізму ў сэнсе стварэньня сваёй адмежаванасьці ад іншых, ад грамады“. Зусім зразумела, што мяшчанства, як псыхолёгічная катэгорыя, можа вельмі лёгка адрывацца ад сваёй экономічнай базы і абсталёўвацца на зусім нечаканых позыцыях. Так, ідэя А. М. Калантай аб „Крылатым Эросе“ многімі людзьмі, далёка нібыта не мяшчанамі, прыстасоўвалася да сваіх індывідуальных мэтаў; на гэтым грунце здараліся самыя дзікія гісторыі, як, напрыклад, чубараўшчына і ёй падобныя.

Наша беларускае мяшчанства да гэтага часу знайшло сабе адбітак у п‘есе Янкі КупалыТутэйшыя“. З гэтага пункту погляду мы разгледзелі гэты твор, не ўваходзячы ў поўны яго аналіз. Беларускія гарады, у тым ліку і найбольшы з іx — Менск, прадстаўлялі і прадстаўляюць значную базу для стварэньня мяшчанства. Гэта даволі такія ціхія гарады з ня вельмі разьвітаю індустрыяй, з вялікімі кадрамі дробных гаспадарак, маючы ў сваіх межах і значную колькасьць зямляробаў, яны не маглі ня выхаваць у сваіх зарослых травою вулічках і завулках многіх пакаленьняў консэрватыўных і абмежаваных людзей. Сама гісторыя Беларусі, гісторыя нясупынных войн, выкрышталізоўвала лепшых, дужэйшых людзей і аддавала іх на службу іншым культурам, і нярухомымі заставаліся ў нашых гарадох „тутэйшыя“, якія з апаскаю праходзяць міма кожнай жыцьцёвай зьявы. Вось гэтых „тутэйшых“ і выцягнуў з іх зялёных завулкаў Янка Купала. Композыцыя п‘есы — гэта композыцыя характарная для многіх вершаваных твораў Янкі Купалы; розьніца толькі тая, што тут ідэі выліваюцца ў форму жывых людзей. У п‘есе зьяўляецца ў рэальных вобразах барацьба польскай і расійскай навукі за Беларусь, бясьсільныя патугі расійскіх і польскіх патрыотаў давесьці свае пабудаваныя на… іх-жа патрыотызьме палажэньні. Мы ў п‘есе Купалы дадатных тыпаў ня знойдзем. Купалавы гэроі гавораць самі за сябе. Вось Наста Пабягунская — тып, які адбівае ня толькі дзяўчат, але і пэўную катэгорыю мужчын. Гэта свайго роду жывая газэта, якая аб усім мае „пэўныя весткі“ і разносіць гэтыя „весткі“ па горадзе з нязвычайнаю адданасьцю. Гэта яшчэ бляды тып. Больш яскравыя і больш частыя госьці беларускіх літаратурных твораў пра мінуўшчыну — спраўнік, поп, пан, былыя гаспадары Беларусі бяз масак, без адзеньня, непадробленыя. Губэрская дама — новая фігура, але цікавая ў тым сэнсе, што зьяўляецца ў беларускай мастацкай літаратуры першаю ластаўкай, з таго кола, якое яшчэ чакае сваіх бытапісацеляў свайго дасьледчыка, хаця-б на архіўных матэрыялах. Але самым яскравым, самым тыповым і непаўтарымым зьяўляецца Мікіта Зносак, колескі рэгістратар, чыноўнік чатырнаццатае клясы. На жыцьцё ў яго няма свайго погляду; яго думкі ня могуць выйсьці за межы „брахалкі“, губарнатарскай канцэлярыі, чыноўніцкіх рэгалій і, наогул, захаваньня свайго няпрыкметнага існаваньня. Кругагляд яго звужаны і ня можа выйсьці за межы яго дробных інтарэсаў. Ён ня можа ўцяміць, чаму гэта людзі імкнуцца зьмяніць існуючы парадак. Да новага ён адносіцца варожа таму, што гэтае новае парушае яго асабовыя інтарэсы, яго ўстаноўлены уклад жыцьця. Тым ня менш — інстынкт самаабароны прымушае яго прыстасоўвацца да новых умоў. Прыстасаваньне гэта спэцыфічнае: зводзіцца не да ўсваеньня сутнасьці новага парадку, а да набыцьця нейкіх надворных форм; так у нашы дні некалькі няпрызнаных поэтаў пачалі разьбіваць радкі сваіх вершаў на некалькі кавалкаў і лічаць, што гэтым самым яны робяцца футурыстамі — Маякоўскі, бачыце, таксама разьбівае радкі… Мікіта Зносак перад прыходам палякаў вывучае польскую мову, перад прыходам бальшавікоў пачынае вучыцца аратарскаму мастацтву. На ўсякі выпадак ён „знаёміцца“ і з беларускаю літаратураю. Ён ведае:

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты.
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька,
Будзеш жыць і ты…

Колькі ў нас цяпер яшчэ водзіцца гэткіх-жа Зноскаў, гэтак званых крытыкаў, якія мала знаёмы з беларускай літаратурай, але „крытыкуючы“ бяруць сваімі здольнасьцямі дагадзіць кожнаму, хто сустрэнецца на дарозе, —

„швейцару, дворнику для избежанья зла,
собачке дворника, чтоб ласкова была“.

А ці мала ёсьць у нас і цяпер людзей, якія ўчора яшчэ выгіналіся перад кожным сустрэчным, якія былі „верноподданными“ да 1917 году, шчырымі палякамі ў 1919—20 годзе, а цяпер зрабіліся „марксыстымі“ і самымі энэргічнымі „барацьбітамі“ за беларускую культуру, — усё гэта дзеля таго, каб ня спыніць сваю рэгістратарскую кар‘еру. Непачаты кут у нас яшчэ гэтых „тутэйшых“. Калі гэткаму ў чым-небудзь не пашанцуе, дык ён ня грэбуе ніякімі спосабамі, каб вылезьці сухім з вады.

Гэткі тып паміж справамі раскажа жонцы гадзенькі анэкдот пра комуністых, а дзе трэба — казырне сваімі рэволюцыйнымі заслугамі: „адна знаёмая маёй цёткі ведала студэнта, што працаваў у 1906 годзе ў адным падпольным гуртку“… Адным словам, гэта чалавек, якіх многа, пра якіх пісаў нямецкі поэта:

…Sіe tranken heіmlіch Weіn,
Und predіgten offentlіch Wasser.

Янка Купала ў непаўтарымай фігуры свайго Мікіты Зноска паказаў зборны тып „тутэйшых“. Таму часамі і здаецца гэты Зносак ня зусім жывым чалавекам, што ў ім заключаецца шмат людзей. Але тое, што Купала браў ад розных асоб гэтага тыпу, у вобразе Зноска зьлілося ў адзіную суцэльную гармонію, у колектыўны портрэт беларускіх „тутэйшых“ у найбольш цяжкую для іх пару — 1918—20 гады. Але „тутэйшыя“ — жывучы народ. Усё перажылі, усё перанесьлі і цяпер час-ад-часу высоўваюць на сьвет свой агідны твар. У расійскім друку шмат пісалі пра барацьбу з мяшчанствам у літаратуры і ў жыцьці і Бухарын, і Луначарскі, і многія другія. У нас гэта пытаньне яшчэ ня ставілася, і ўжо цяпер „тутэйшыя“ напаўзьлі на найменш абаронены ў нас вучастак — у літаратуру. Ужо сягоньня на старонках беларускіх часопісяй і газэт замільгалі экстэтычныя сьлюнявенькія вершыкі.

А гэта сур‘ёзная пагроза для нашай літаратуры. Трэба нашым літаратурным крытыкам напружыць усе сілы, каб паставіць „тутэйшых“ на ўласьцівае ім месца і ня даць ім запанаваць у беларускай маладой літаратуры. На апошнім зьезьдзе КПБ т. Кнорын падкрэсьліў, што толькі тады крытыкі з марксыцкім ухілам могуць лічыцца сапраўднымі марксыцкімі крытыкамі, калі яны перамогуць сваіх літаратурных праціўнікаў. На беларускую літаратуру, на беларускае мастацтва вядуць наступ „тутэйшыя“ — мяшчанства. Вось сапраўдная магчымасьць выявіцца сур‘ёзнай крытыцы, такой неабходнай для падрастаючай беларускай літаратуры.

Сьнежань — 1927 г.


  1. Употайку пілі яны віно,
    На людзях вадой частавалі.
    Г. ГЭЙНЭ.
  2. А. В. Луначарский. „Мещанство и индивидуализм“.