Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Тварам да чытача
← „Тутэйшыя“ | Тварам да чытача Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
На беларускім экране → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тварам да чытача. |
ТВАРАМ ДА ЧЫТАЧА
У разгары літаратурнай дыскусіі, у запале спрэчак адносна формальнай ці ідэолёгічнай стараны твораў таго ці іншага аўтара мы бадай што ніколі не ўспамінаем пра „трэцюю сілу“ ў літаратуры, пра тую сілу, якая мае права прэтэндаваць на першае месца, пра чытача мастацкай літаратуры. Калі-ж часамі хто дзе і ўспомніць пра чытача, дык толькі мімаходам, такім тонам, што „писатель пописывает, читатель почитывает“… і ўсё.
Нам думаецца, што ў літаратурнай публіцыстыцы пытаньне пра чытача павінна было-б займаць больш выдатнае месца, чымся гэта ёсьць цяпер. Беларуская мастацкая літаратура прарабіла ўжо занадта вялікі шлях, каб моўчкі абмінаць гэта пытаньне. Мы ня ставім пытаньне аб тым, каб пісьменьнікі выконвалі заказы чытача — гэта было-б па меншай меры дзіка. Але да голасу яго прыслухацца вельмі і вельмі варта, бо дрэнны канец чакае таго пісьменьніка, які ня ведае, хто і як яго чытае. У нас на Беларусі справа збліжэньня пісьменьніка з чытачом пакуль што яшчэ толькі малюецца ў пэрспэктыве. Ніводная, здаецца, бібліотэка, не завяла яшчэ сыстэматычнага вучоту карыстаньня кнігамі, і аўтары прымушаны здавальняцца вельмі расплыўчатымі, нявыразнымі і аднабокімі лічбамі рэалізацыі тыражу кнігі. Мы ведаем, напр., што зборнік Зарэцкага „У віры жыцьця“ вышаў другім выданьнем, кніжка Ц. Гартнага таксама вышла другім выданьнем; знача, першыя выданьні гэтых і яшчэ некаторых кніжак разышліся. Мы ведаем, што на базе выдавецтва мёртвым грузам заляглі творы узвышаўскіх „апосталаў“ Дубоўкі і Пушчы.
Гэтыя факты нам гавораць вельмі многае, але ўсё гэта вельмі туманнае і нявыразнае. Застаюцца неразьвязанымі кордынальнейшыя пытаньні. Якія кніжкі найлепей чытаюцца рабочымі, якія сялянамі? Якія заўвагі да кніжкі зьяўляюцца ў чытачоў? Які жанр найбольш цікавіць, што гавораць чытачы пра мову, пра стыль, пра композыцыю паасобных аўтараў. Адказ на гэткія пытаньні меў-бы для беларускіх пісьменьнікаў нязьмерна вялікае значэньне як пры пісаньні, так і пры апрацоўцы твораў. З другога боку, об‘ектыўная і бесстаронняя ацэнка чытаючай масы вельмі многім нашым „кандыдатам у бясьсьмертныя“ адразу паказала-б іх сапраўднае месца ў літаратуры.
У Расіі і на Украіне ў многіх мясцох праводзіцца сыстэматычнае падагульваньне карыстаньня кнігамі ў бібліотэках і прадажы кніг. У нас-жа гэтага пакуль што няма[1]. Мы дазволім сабе дзеля гэтага выкарыстаць некаторыя даныя Расіі і Украіны[2] і па аснове іх выказаць некаторыя думкі па сутнасьці закранутага намі пытаньня.
Адным з асноўных вымаганьняў, якія ставіць чытач да кнігі, — гэта зразумеласьць мовы. Сярпухоўскі рабочы пра кнігу Пільняка адзываецца так:
— На каком языке написана? На русский что-то не похоже.
На Васількоўскім заводзе (каля Кіева) „Пильняк побывал у многих, но из-за его слога и манеры письма непонятен“. Пра таго-ж Пільняка каломенскі ліцейшчык кажа: „Взял посмотреть, принес обратно. Такие слова сам чорт не разберет. Словарь, что-ли, в конце книги прилагать нужно“. Скардзяцца і на на Бабеля і на Маякоўскага.
У нас справа з моваю стаіць горш, чымся ў Расіі. Як агульнае правіла, не паступае ніякіх скаргаў на мову тых пісьменьнікаў, якія менш усяго адыходзяць ад жывой народнай мовы. Культура мовы нам бязумоўна патрэбна, але калі гэта „культура“ праводзіцца па „узвышаўскаму“ рэцэпту, дык тады… У выніку, калі чуюцца ў нас дзе скаргі на мову пісьменьнікаў, дык львіная доля з гэтых скаргаў прыпадае зноў-жа на долю узвышаўскіх абаронцаў, „культуры“ мовы.
Радавому чытачу найбольш імпонуе самы просты, нескладаны стыль. Гэта адна з тых прычын, па якіх у рабочых бібліотэках бадай што на першым месцы стаіць запатрабаваньне на творы клясыкаў. Рабочы прыходзіць і кажа: „Дайте мне какого-нибудь Лермонтова“.
І нельга сказаць, каб у гэтым жаданьні атрымаць „какого-нибудь Лермонтова“ хаваецца ідэёвая блізкасьць да клясыкаў. Работніца Трохгорнай мануфактуры так кажа пра „Войну и мир“: „Не хочу больше читать про старое, дай мне новую. Вот читала и думала о войне с Наполеоном. Конечно, жалко, но и так уж настрадалась с этими войнами“… Можна знайсьці шмат падобных водгукаў пра клясыкаў. Нам трэба таксама памятаць, што на Беларусі найбольш выданьняў вытрымала „Дудка Беларуская“ Багушэвіча, „Тарас на Парнасе“ і г. д., дый цяпер гэтых кніжак нідзе нельга дастаць. Адзінаю прычынаю гэтага, на наш погляд, зьяўляецца простая мова гэтых кніжак і іх лёгкі стыль.
Калі мы пярэйдзем да тых жанраў, якія найбольш цікавяць радавога чытача, дык убачым, што ў большасьці выпадкаў — гэта авантурныя, прыгодніцкія романы і наогул творы з багата разьвітым дынамічным сюжэтам. Пра іншыя кнігі нярэдка можна спаткаць даволі едкія водгукі. Усюды найбольш цікавяцца творамі Сінклера, Лондона; „Цемент“ Гладкова таксама стаіць не на апошнім месцы. У нас справа стаіць у гэтым напрамку значна складней. Мы толькі-толькі ўзьбіліся на прозу і яшчэ не дайшлі да яе рэзкай дыфэрэнцыяцыі; калі наступіць гэты час, тады, бязумоўна, і выявяцца больш выразна інтарэсы беларускага чытача. Але ёсьць і ў нас некаторыя факты і даволі паказальныя. Аповесьць Вольнага „Два“ з 6000 тыражом (ды яшчэ і поруч з яўрэйскім перакладам) разышлася бадай што поўнасьцю за тры гады без малога. 2 тысячны тыраж апавяданьняў Р. Мурашкі „Стрэл начны ў лесе“ рэалізаваўся за 1 год 4 месяцы менш чым на 50 процантаў (апавяданьні Мурашкі прадстаўляюць з сябе ў большасьці лірычныя абразкі з слабым разьвіцьцём сюжэту). Вельмі добра разыходзяцца і апавяданьні Зарэцкага ды Чарота; мы лічым, што дынамічнасьць у разьвіцьці іх сюжэтаў адыграла ў гэтай справе не малую ролю.
Ды гэта і зусім зразумела. Радавы чытач хутчэй і лягчэй успрыймае дынаміку жыцьця, чымся статыку. Рабочы ня будзе стаяць на месцы ды разважаць, „дзе пачатак таго канца, якім канчаецца пачатак“. Гэта ні ў якім выпадку ня можа адпавядаць тым элемэнтам псыхікі, якія нараджаюцца ў сьціслым узаемадзеяньні з працоўным колектывам і ў працы каля машыны. Нездарма ў стары час славуты „Нат Пинкертон, король сыщиков“, ды іншыя падобныя „пэрлы“ знаходзілі сабе прыхільныя адносіны сярод рабочых. Цяпер у нас наступае эпоха культурнай рэволюцыі, калі ў рабочым асяродзьдзі адбываецца пэўны пералом у бок аформленьня элемэнтаў яго эстэтыкі, а знача, і яго літаратурных густаў. Але мы пэўны, што для радавога часта заўсёды застаецца ідэалам у мастацкім творы дынамічнасьць дзеі, вострае і нечаканае завязваньне і разьвязваньне інтрыгі ды іншыя элемэнты прыгодніцкага роману. Мы лічым, што нам у далейшым трэба было-б паклапаціцца аб тым, каб даць масаваму чытачу лёгкую і даступную кніжку ў гэтым жанры. „Нат Пинкертон“, „Палач города Берлина“ ды іншыя прапаведнікі буржуазнай моралі пакончылі ў нас жыцьцё разам з сваёю клясаю. Але імкненьне да лёгкай кніжкі, даступнай, зразумелай і цікавай — яно ня зьнікла, дый нічога дрэннага ў гэтым няма. Наадварот — патрэбна і неабходна было-б наладзіць выданьне сэрыі прыгодніцкіх кніжак цаною ў 15—20 капеек, не асабліва ганяючыся за тэхнікай выданьня, але зьвярнуўшы грунтоўную ўвагу на распрацоўку ў іх сюжэту і на ідэолёгічнае аформленьне. Сіл на гэта ў нас хапіла-б, а з боку сродкаў такое выданьне наўрад ці прынесла-б вялікія страты таму выдавецтву, якое за гэта ўзялося-б. Пытаньне аб стварэньні рэволюцыйнай романтыкі — ужо ня новае пытаньне. Пра гэта шмат гаварылі, шмат дзе пісалі, але гэтым справа і абмежавалася. А чытач ня мае кнігі для лёгкага чытаньня.
Побач з гэтым выступае яшчэ адно пытаньне. У нас цяпер захапіліся выданьнем солідных тоўстых кніг, багатых па тэхніцы, па зьместу і г. д. Гэта, бязумоўна, паказвае пэўную сталасьць, падае шмат аўторытэту нашаму выдавецтву і г. д. Але большасьць усіх гэтых выданьняў мае адну значную хібу, якая часамі затуляе іх добрыя якасьці: яны не портатыўныя. У дарозе, у часе адпачынку і г. д. гэтыя выданьні могуць прадстаўляць сабою вельмі цяжкі матэрыял для чытаньня (у літаратурным сэнсе). Другі момант — адсутнасьць перакладной літаратуры. Да гэтага часу толькі „Маладняк“ наважыўся парушыць нашы традыцыі і выдаць некалькі кніжак перакладаў з чужаземных моў, дый то гэтыя кніжачкі не разьлічаны на шырокага чытача, а браліся, галоўным чынам, як узоры мастацкіх дасягненьняў тэй ці іншай краіны. Дзяржаўнае выдавецтва Украіны ды іншыя украінскія выдавецтвы выпускаюць цэлымі пачкамі пераклады з чужаземных моў. Выходзіць збор твораў Д. Лондана ў 30 томах (пар. „Нязвычайны адрывак“ — 44 стар.), выходзяць кніжкі Сінклера і г. д. Для нас было-б бязумоўна не па сродках такое выданьне. Але вельмі і вельмі рацыянальным было-б выданьне якой-небудзь 10-капеечнай кніжніцы, накшталт „Универсальной библиотеки“. Гэта апошняя выдае лепшыя творы расійскіх і чужаземных пісьменьнікаў, не саромячыся часам павялічваць цану (падвойныя, патройныя і г. д. выпускі). Нам здаецца, што можна было-б, наладзіўшы адпаведна апарат, падабраўшы кадр перакладчыкаў і наладзіўшы акуратны выпуск навінак беларускай і замежнай літаратуры, значна прасунуць кніжку на беларускай мове ў масу, што часткова і зьяўляецца заданьнем падобнага гатунку бібліотэчак.
Нарэшце, і гэта адна з асноўных задач, трэба шчыльней падыйсьці да пытаньня аб вывучэньні чытача. Трэба ня толькі ўвесьці ў сыстэму падагульваньне запатрабаваньняў на тую ці іншую кніжку ў бібліотэцы ці ў кнігарні. Бібліотэка да гэтага павінна далучаць усялякія іншыя лічбы, неабходныя для вывучэньня патрэбаў чытача: пол, узрост, профэсія, адукацыя і г. д.; усё гэта вельмі важна таму, што мы ў канцы канцоў зусім яшчэ ня ведаем твару чытача беларускай кніжкі. Нарэшце, бібліотэчныя работнікі не павінны абмяжоўвацца аўтоматычнай выдачай кнігі. Яны павінны ўважна прыслухоўвацца да гутарак чытачоў, уцягваць іх у гэту гутарку і вынікі сваіх нагляданьняў занатоўваць (бязумоўна не для бібліотэчнага архіву толькі). Гэтая праца, не такая ўжо складаная, у значнай меры падняла-б ня толькі якасьць работы бібліотэк. Яна дапамагла-б праз вучот інтарэсаў масавага чытача ўносіць адпаведныя папраўкі ў выдавецкія пляны тых устаноў, якія гэткімі плянамі займаюцца, а гэта ў сваю чаргу магло-б унесьці значныя зьмены ў справу рэалізацыі беларускай кнігі і далейшага яе прасуваньня ў масы.
Студзень, 1928 г.