Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Літаратурнае балота

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гаманіць — галава не баліць Літаратурнае балота
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
„Тутэйшыя“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Літаратурнае балота.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРНАЕ БАЛОТА

(Пра „Узвышша“)

Заканчваючы першае дзесяцігодзьдзе Кастрычнікавай рэволюцыі, рабочыя і сяляне ўсяго Савецкага Саюзу адзначылі гэты вялікі юбілей шырокаю кампаніяй падрахаваньня ўсяго зробленага за гэты час, што павінна было вызначыць некаторыя тычкі і на будучы час. Не засталася ў баку ад гэтага руху і справа культурнага будаўніцтва. І асабліва ў нас, на Беларусі, гэты рух паказаў, да якіх непараўнаных дасягненьняў прывяла нашу занядбалую калісьці культуру невялічкая параўнаўча пара — дзесяць (а ў нас толькі восем) год пролетарскай рэволюцыі. Узмацняецца гаспадарка, утвараецца беларуская школа, ніжэйшая і вышэйшая, адбываецца нячуваны ўзрост літаратуры ды іншых мастацтваў і г. д.

Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне „Узвышша“ ніякім чынам не магло выявіць дрэнны тон і ня прыняць удзелу ў агульнай кампаніі. І ў № 5 сваёй часопісі „Узвышша“ яно адводзіць пэўнае месца для адзначэньня дзесятай гадавіны. Сюды належыць: верш Дубоўкі, апавяданьне Крапівы, апавяданьне Бядулі, верш Лужаніна і пара артыкульчыкаў.

На добры лад разгляд трэба пачынаць па парадку, што мы і зробім, зьвярнуўшы ўвагу ў першую чаргу на апавяданьне старэйшага ва „Узвышшы“ па гадох і па літаратурнаму стажу сябра — З. Бядулі. Апавяданьне мае прэтэндыйную назву „Дзесяць“, і ў ім аўтар пэўна меў на ўвазе даць нешта накшталт кастрычнікавай эпохі, прынамсі даць малюнак рэволюцыі ў вёсцы Глухі Бор. Даецца малюнак рэволюцыі, разьдзелу панскай зямлі, надыходу нямецкай і польскай окупацый. Потым ідзе жыцьцё пагранічча, голад у Паваложжы, новы быт, селькораўскі рух. Канчаецца ўсё гэта, як яму і належыць канчацца: электрыфікацыяй і палётам гэроя на самалёце. Гэрой, як водзіцца — не селянін, а нібыта — „пролетарыят“, вясковы каваль Міхалка. Гаворыць ён, як папісанаму, пра бальшавікоў і пра Леніна. Хаця і няпісьменны, але добра ведае, што „хто не працуе — той ня есьць“, потым організуе разьдзел панскай зямлі, змагаецца з окупантамі, з польскім шпіёнажам. Потым пачынае будаваць новы быт. і да таго гэты быт у яго даходзіць, што ён і думаць пачынае лёзунгамі. Вось ілюстрацыя:

„Міхалка ўспомніў сваіх бацькоў і дзядоў. Гэтыя абразы яму ад дзеда ў спадчыну засталіся…

— Ня мала дзед і бацька „бацюшку“ за абдзірства лаялі.

— Далоў гэту панскую выдумку!

— Прэч бляшаныя цацкі!

— Не патрэбны мне ідалы!

Такія думкі прамільгнулі ў яго мазгох трыма кароткімі лёзунгамі, якія павялічылі яго рашучасьць, паднялі гнеў“.

Калі дзеці ў апавяданьні гуляюць у „грамадзянскую вайну“, дык у „белагвардзейцы“ трапляюць дзеці кулакоў; праўда, каб нечакана не сконфузіць аўтара, ім у „начальнікі“ даецца бядняк. Калі пачынаецца селькораўскі рух, каваль Міхалка, ня гледзячы на сваю няпісьменнасьць, робіцца селькорам, церпіць зьдзекі з боку сельсавету, які, зразумела, складаецца з кулакоў. Справа канчаецца перамогай Міхалкі, „нечестивые“ пакараны. Тут надыходзіць ленінскі прызыў, Міхалка ўступае ў партыю і часова адступае ў цень, каб даць магчымасьць аўтару пераказаць у кароткіх словах Чаротаву поэму „Карчма“. Потым Міхалка ліквідуе царкоўныя сьвяты. Потым бярэцца за газэты і ўважна сочыць за ангельскаю забастоўкаю. Калі канчаецца забастоўка, Міхалка праводзіць электрыфікацыю, заводзіць радыё, зьяўляецца трактар і аўтомобіль. Нарэшце зьяўляецца лётнік, бярэ яго з сабою на самалёт. Апавяданьне канчаецца так:

„Пасьля абеду (у лётніка) Міхалка папрашчаўся. Трэба было ісьці цяпер назад у Комуну пехатой некалькі дзесяткаў вёрст, каб заўтра ў пару стаць на працу ў кузьні.

— Па дарозе людзі дзівіцца будуць, што ў мяне кажух, — падумаў Міхалка. — Няхай сабе завуць мяне лятуном, але я па ўсёй ваколіцы Глухога Бору буду зьбіраць грошы на самалёт „Комуна“.

Міхалка пусьціўся нацянькі палямі і гародамі, каб хутчэй папасьці на шырокі тракт. Ён трымаў кажух у левай руцэ, як трофэю свайго першага хрышчэньня ў паветры. Думкі аб заваёве будучыны ня выходзяць з яго галавы“.

Вось і ўсё.

Нудна! Такія апавяданьні сотнямі валяюцца па рэдакцыях і ў друк ніколі ня трапяць. „Узвышша“ дрэнна пажартавала з Бядулі, надрукаваўшы гэткі твор. Калі гэта першы твор пачыняючага аўтара, дык з гэтым можна мірыцца. Але калі пісьменьнік з амаль што дваццацігадовым стажам ды надпісвае такія штукі, то гэта ўжо аб нечым пачынае гаварыць. Апавяданьне цалкам належыць да таго гатунку твораў, пра якія Бухарын пісаў, што ад іх „непривычного человека начинает прямо тошнить“[1].

Можна гаварыць пра нашы дасягненьні, але можна і трэба гаварыць пра недахваты, не баючыся і не хаваючыся; ніхто ня стане адмаўляць, што яны ў нас ёсьць. А гэткія творы, як Бядулевы „Дзесяць“, былі б об‘ектыўна шкоднымі для соцыялістычнага будаўніцтва, робячы яму „мядзьведжую услугу“. І толькі тая шчасьлівая акалічнасьць, што падобныя творы па сваёй мастацкасьці няздольны нікога зацікавіць (як і ў гэтым выпадку), параліжуе тую шкоду, якую яны маглі-б прынесьці.

Поэма Дубоўкі „Кругі“ магла-б з пэўным посьпехам зьмясьціцца ў аддзел крытыкі, бо яна ў большай сваёй частцы прадстаўляе рыфмованы літаратурна-крытычны артыкул. Цэнтральным месцам поэмы зьяўляецца ліст, напісаны Дубоўкам самому сабе пад псэўдонімам Насты Нарутавічанкі. У лісьце выказваецца скарга на крытыку, якая перашкаджае пазнаёміцца з творчасьцю Дубоўкі:

„Конкрэтнага ня кажучы, яна нагадвае туман у цёмным лесе. Напішуць: „добра ўсё, у самы раз“, а заўтра: „брак настрояў пролетарскіх“. Ня крытыка, а нейкі самавар: усё залежыць ад староньняй ласкі“[2].

Далей аўтар скардзіцца, што крытыка „замкнула об‘ектыўнасьць на замок“ і пераходзіць да ацэнкі творчасьці Дубоўкі:

Мяне у вас цікавіла даўно
Ідэолёгія, кірунак, мова.
Ідэолёгію, здаецца мне,
Акрэсьліў у „ЗьвязьдзеЎладзімер Жылка,
Тлумачыць трэба нейкаю памылкай,
Што не казалі гэтага раней.

Калі аўтар мае на ўвазе рэцэнзію пра зборнік „Наля“, даволі падлыжную і падпісаную Ул. Жылкам, дык нам здаецца, што ідэолёгія Дубоўкі там калі і высьвятлялася, дык далёка ня поўна, дый непраўдзіва. Што-ж тычыцца нашага погляду адносна ідэолёгічных шляхоў Дубоўкі, дык мы лічым, што паваротным пунктам у яго творчасьці зьявіўся зборнік „Credo“, у якім выразна выступае адыход таленавітага поэты ад тых прынцыпаў, да якіх ён раней далучаўся. Ідэолёгічны заняпад Дубоўкі павёў за сабою заняпад і мастацкі, што выявілася ў яго апошнім зборніку „Наля“ і асабліва ў разгляданай намі цяпер поэме. У гэтай поэме Дубоўка, упэўнены, як відаць, у сваёй непарушнай мастацкай сіле, яшчэ меней лічыцца з формальнымі элемэнтамі вершу. У выніку мы бачым заняпад рыфмы; яна або вельмі ўбогая, як: хараства — хто сам, кілёмэтр — бярэ, прарокаў — наогул, мераць — стварэньні, або прымітыўная, як: агні — дні, глядзяць — зазнаць, сонца — бясконца, стала — дачакала, даль — сталь, або такая, якой наогул нельга назваць рыфмай, як: самы раз — самавар, наш — турбаваць, з ім — зямлі, кійком — прынясло, і г. д. Калі ўзяць гукавы склад гэтага дубоўкавага твору, дык убачым перавагу больш глухіх гукаў, як г, д, к, б, у процілегласьць ранейшаму — дз, ц. с, р. Гэта, бязумоўна, яшчэ не адзнака заняпаду, але, калі домінуючыя гукі ідуць у разрэз з настроем і ўстаноўкаю поэтычнага твору, дык ад гэтага такі твор траціць процантаў 40 сваёй эмоцыянальнай насычанасьці. Рэжуць вуха няпрыемныя зьбегі галосных, якімі таксама грэшыць Дубоўка, як: уважліва ў яе.., хвалюе ў абоймы, кволую інтымнасьць і г. д., а таксама надаедлівыя паўторы, як здавальненьне нешта ня чутно. Да значных хібаў трэба аднесьці шматслоўе, калі адзін радок занадта перагружаецца паузамі; гэта робіць верш тугім і няпрыемным для чытаньня:

Што нават сорамна самой мне слухаць

або:

Лепш за ўсё, дамоў прышоўшы з працы.

Таксама і адваротнае зьявішча, калі на адно слова прыпадаюць два націскі, як:

Вы, таварыш Нарутавічанка,

або:

Шуканьняў, так сказаць, экстравагантных.

Калі, адкінуўшы ўсякія каноны, узяць поэму, як нешта суцэльнае (прынамсі, той пачатак яе, што надрукованы ў № 5 „Узвышша“), дык яна праз сваю сухасьць і нацягнутасьць нагадуе нешта вымучанае, выседжанае і, у кожным разе, далёкае ад якога-б там ні было пачуцьця. „Экстравагантныя шуканьні“ з боку мовы абмяжоўваюцца на гэты раз увядзеньнем толькі некалькі сапраўды экстравагантных слоўцаў, як „ліштва“. Наогул-жа, нам здаецца, што „Ганна Нарутавічанка“ ў сваім лісьце да Дубоўкі даволі выразна ахарактарызавала творчасьць яго за апошні час:

… Ці доўга будзе так?
жабрацтвы духу — не вялікі гонар.
Аджа-ж літаратура — не тартак,
не пагулянка з клёцкамі за горад.

Пра вершы ПушчыАсеньнія песьні“ і „Лісты да сабакі“ пісаў ужо А. Сянкевіч[3], даўшы ацэнку настрояў Пушчы з боку політычнага.

Гэтыя вершы Пушчы з боку іх зьместу зьяўляюцца, на наш погляд, лёгічным працягам ранейшай яго дзейнасьці. Тут, як і раней:

„Беларусь краіна, — найміцай астатняй
ў апранасе рванай днём і ноччу хмарнай.
Ой, Зямля-Плянэта і браты-народы!
Я спраўляю штодзень страшнае маленьне:
расьпяваю псальмы аб краіне роднай,
расьпяваю ўвечар, стаўшы на калені.
...........
Будзе дзень сьвяточны, дзень другога прыйсьця:
прыдзе Маці з Сынам, на услоне сядуць…
Расшумяцца клёны, расшумяцца лісьця, —
будзе сьвяткаваньне песеннае ў садзе.
Прыдуць з песьняй тыя, што сабе ня лгалі,
што сьлязу ранялі на сырым кургане…
...........
Азяблае цела ў трагічным уздыме;
зямлі нагату акрывае лістота.
Хто з крыжа краіну расьпятую здыме?
Ўзываю, малюся у грэшнай істоце.

Краіна наша і бяз Пушчавых псальмаў жыве і красуе; з крыжа яна сышла дзесяць год таму назад. А калі чытаеш гэтыя Пушчавы лемантацыі, дык мімаволі ўспамінаюцца радкі Гайнэ:

Сабаку я ў Дрэздэне бачыў; калісь
Быў добры сабака; цяпер-жа
Ў нябогі за зубам стаў зуб выпадаць,
Ён мочыцца толькі ды брэша.

І вось Пушча разражаецца лістамі да сабакі. Лісты безадказныя:

Ліста мне ад цябе ні разу ня прыслалі,
хоць ты й пісаў яго вячэрняю парой.

Мы ня будзем разьбірацца, якім спосабам пісаў сабака Пушчу лісты. Пяройдзем далей і паслухаем тую мораль, якую прапаведвае Пушча:

Стаю вось перад зімнім тут палацам
І ўвесь, ня ведаю й чаго, дрыжу.
І сам ня ведаю, чаго так плачу…
Хто там? Прыдзі хутчэй і укрыжуй!
Канец хай будзе ўсім маім цярпеньням;
няхай лісты разьвеюцца з асін,
з чала краіны вырву ўсё-ж я церні,
каб болю іх ня ведаў болей сын.
Няўжо мне ранаў песьня не загоіць,
што гэтакі трывожны б‘ецца пульс?
Поэт, які ня ведае агоній,
ня здолее уславіць Беларусь.

Праўду кажа наша прыказка: „вясельле слаўна песьнямі, а хаўтуры — выем“. Але ніякім выцьцём цяпер не ўхаўтурыць беларускага вясельля. Дый ці сур‘ёзна Пушча думае, што Беларусі гэта патрэбна, каб ён сьпяваў Лазара пад кожнаю брамай? І ці ня гучыць пахабнейшым паклёпам на Беларусь заключны акорд апошняга ліста:

Жыві, жыві, знаць, дома лепей;
услухвайся ў таемны шум і шэпт,
чужыя людзі ходзяць каля склепу (!)
пільнуй! Цябе цалуе твой Язэп.

Больш нічога і не застаецца!

Ліст ад сабакі, як відаць, Пушча знарок напісаў дрэнна (з мастацкага боку), бо ня можа-ж сабака пісаць лепш за свайго гаспадара. Але сабака, хоць і няпісьменны (пушчавы лісты яму чытае пушчаў брат), але ўсё-ж ткі ў значнай меры здолеў праняцца пушчавымі настроямі.

— Дзе мой бацька, дзе радня?
Жыву вось тут, жыву адзін,
я штоночы і штодня
ня маю радасных гадзін.
Добры мой, пішы яшчэ,
пішы навіны мне свае.
З песьняй жыць куды лягчэй,
душа ня хоча з ёй сівець.

Так, да гэтых твораў словы Г. Гэйнэ вельмі пасуюць:

… Цяпер-жа
ў нябогі за зубам стаў зуб выпадаць…

З формальнага боку Пушча стаіць значна ніжэй за шмат каго з нашых пачынаючых поэтаў. Калі ўзяць яго мову (вяліканы, ўзываю, бежанец, калісьць (?), жыву ў шумнае (!) сталіцы), яго рыфму (штацкім — мастацкім, распаляць — сплямяць, вазёр — зор), — дык застаецца дзівіцца, ці той гэта Пушча піша, які некалі падаваў такія багатыя надзеі. Верш цяжкі, перагружаны нязграбнымі і няпрыгожымі гукавымі і слоўнымі композыцыямі. Архітэктоніка вершаў дазваляе рабіць самыя нечаканыя экспэрымэнты: у кожным разе — перастаноўка строф ні ў чым не зьмяніла-б вершаў; горш ня было-б, а сэнс быў-бы такі самы.

Што-ж тычыцца політычнага сэнсу пушчавых вершаў, дык мы ў большасьці згодны з вывадамі А. Сянкевіча, пакідаючы ў баку некаторыя мэтодолёгічныя моманты. Так, мы лічым, што т. Сянкевіч ня зусім дакладна тлумачыць думку Пляханава аб аналізе формальнага боку мастацкага твору. Ёсьць і яшчэ некаторыя мясьціны, з якімі мы ня можам згадзіцца.

Верш Лужаніна, прысьвечаны гадавіне, ня гледзячы на некаторыя хібы, робіць значна лепшае ўражаньне, чымся пушчава і дубоўкава варыва.

Верш КляшторнагаПраксэда“ прадстаўляе з сябе адзін з вядомых трафарэцікаў, — спыняцца на гэтым вершы ня прыходзіцца. Крыху больш цікавым для нас зьяўляецца апавяданьне К. ЧорнагаСпатканьне“. У XVIII ст. расійскі кніжны рынак быў завалены безьлічу перакладных сантымэнтальных романаў, у якіх пераважаў лірычна-апісальны элемэнт. Гэта даходзіла да таго, што быў роман у 300—400 старонак, увесь сюжэт якога заключаўся ў тым, што „некто женился и жена его умерла“. Для лірычна-настроеных людзей гэткая рэч і можа падыйсьці, але-ж колькі гэткіх людзей на сьвеце набярэцца, якім ніколі не надакучыць набіваць сябе поснаю лірыкай! Вось да гэткага гатунку твораў можна аднесьці і „Спатканьне“. Апісальны элемэнт у гэтым апавяданьні зусім задушыў і той мізэрненькі сюжэцік, які там быў. Трэба мець даволі цярплівасьці, каб прачытаць нават тыя 4 старонкі, што займае гэта апавяданьне.

Даволі гладкім, ня гледзячы на тую самую тандэтнасьць, што і ў Бядулі, зьяўляецца апавяданьне МрыяКолектыў Яўмена“. Можа Мрыю трошкі лепей, як Бядулю, удаўся яго абразок таму, што ён узяў толькі адзін момант, адну зьяву з пасьлярэволюцыйнага жыцьця, а Бядуля паквапіўся на ўсё. Ну, а вынікі паляваньня на двох зайцаў адразу (а там іх і болей было) даўно ўжо ўсім вядомы.

Бадай што зусім расчароўвае нас Крапіва, асабліва сваімі апавяданьнямі. Няма ўжо тут калішняй вастраты і сакавітасьці, нейкімі дзікімі і няжыцьцёвымі зрабіліся гэроі ды іх дзеі. У першым апавяданьні („Доўг“) Крапіва, перш чым прыступіць да кастрычнікавых успамінаў, зводзіць, паводле узвышаўскага звычаю, асабістыя рахункі, і гэта зусім забівае ўсялякую каштоўнасьць гэтага апавяданьня. Другое — больш цікавае. Але ўсё-ж ткі і тут Крапіва ня здолеў як сьлед апрацаваць досыць цікавы сюжэт.

Пяройдзем цяпер да публіцыстычнага разьдзелу часопісі, дзе зьвяртаюць на сябе ўвагу два артыкулы: „Аб разуменьні мастацкай творчасьці і аб некаторых пытаньнях у вывучэньні беларускай літаратурыБабарэкі і „Альбо грай, альбо скрыпку аддайВ. Кундзіша.

Артыкул Бабарэкі, як звычайна, вызначаецца сваёю размазанасьцю і паказвае вялікі поступ у разьвіцьці „беларускага Бялінскага[4]; ён цяпер можа гаварыць на працягу некалькіх старонак, і… нічога не сказаць — нешта накшталт лёгкай фізкультуры. Гэты артыкул таксама характарызуе яго здольнасьць. Бабарэка бярэ верш БагдановічаПесьняру“ і пачынае разважаць, што азначае гэта слова, а што тое, і чаму менавіта так, а не наадварот, і чаму гэта трэба разумець не як-небудзь іначай, а іменна так. І толькі ўжо на пятай старонцы робіць вывад, што матэрыялам для вершу „Песьняру“ былі думы пра песьняра, яго творчасьць, яго дачыненьне да мастацтва і наогул пра ролю і значэньне літаратурна-мастацкага твору. Які глыбокі аналіз, які дыапазон крытычнай думкі, які гэніяльны вывад!!! Прыблізна такую самую опэрацыю прарабляе Бабарэка і з вершам Гаруна… на тую-ж тэму. Калі прыняць пад увагу, што гэты артыкул зьяўляецца ўступам да кнігі пра творчасьць Дубоўкі, дык пэўне-ж Дубоўка разам са ўсёй сваёй творчасьцю патоне ў моры паперы, якую змарнуе паважаны „крытык“ на такую справу; а на паверхні гэтага мора будуць адзінока хістацца, нібы ўбогія чаўны, нямногія, але „гэніяльныя“ крытыкавы думкі.

І ў гэтым кашападобным артыкуле можна ўлавіць некалькі паасобных думак, якія выказваліся „беларускім Бялінскім“ і раней, але ў інакшай крыху форме. Першае — гэта палажэньне Бабарэкі пра „мастацтва для мастацтва“. Паважаны крытык мае нахіл думаць, што „мастацтва для мастацтва“ (або як яго называюць — „чыстае мастацтва“) зьяўляецца нікчэмнаю забаўкаю. Сьледам за Кауцкім Бабарэка кажа: „Я з свайго боку дадам, што такія мастакі падобны дзецям, якія забаўляюцца рознымі цацкамі“. Няпраўда, тав. Бабарэка! „Чыстае мастацтва“ прадстаўляе сабою адну з самых моцных зброяў ваяўнічай буржуазіі ў галіне мастацтва. Об‘ектыўна яно можа прыносіць большую шкоду часамі, чымся нават чэмбэрленаўскія гарматы, атручваючы сьвядомасьць клясы; а об‘ектыўна вы зрабілі-б ня вельмі ўжо вялікую паслугу для рэволюцыі, каб заклікалі рабочых і сялян у наступ, суцяшаючы, што „гэта Чэмбэрлен у цацкі гуляе, мы яго — сьнежкамі“. Мы лічым, што Бабарэка трымаецца такога пагляду па сваёй наіўнасьці, але раім яму гэту наіўнасьць адкінуць, а болей сур‘ёзна ўдумацца ў гэта пытаньне.

У другім месцы Бабарэка заяўляе:

„ … Каштоўна тая творчасьць, якая ўвасабляе ў вобразах мастацкіх, ці, іначай кажучы, матэрыялізуе ў формах мастацкага слова самасьвядомасьць чалавека (курсіў аўтара), менавіта — чалавека, а ня рэчаў, розных адцятасьцяй і, праўды тэй, што ў небе“ і г. д.

Такім чынам, Бабарэка лічыць каштоўным толькі той твор, які прадстаўляе сабою ўвасабленьне сьвядомасьці чалавека, зусім адкідаючы тыя фактары „рэчы“, якія адыгрываюць асноўную ролю ў сформаваньні гэтай сьвядомасьці. Не гаворачы ўжо пра статычнасьць гэтай формулы (бярэцца дзейнік і выключаецца дзея), яна дапускае ацэнку любога твору толькі па формальных адзнаках. Адгэтуль у вачох крытыка могуць мець аднолькавую вартасьць пагромны твор якога-небудзь Меражкоўскага і рэволюцыйны роман, скажам, Зарэцкага. Так і толькі так можна разумець формулу Бабарэкі, пабудаваную ў кожным разе не з матэрыялістычнага матэрыялу!.. З меркаваньняў далікатнасьці аднясем і гэту формулу да бабарэкавай наіўнасьці. На блытанай клясыфікацыі мастацкіх твораў па іх форме мы спыняцца ня будзем, бо тут справа зыходзіць да ўмоўных тэрмінаў; Бабарэка толькі ня здолеў разабрацца як належыць у зьмесьце гэтых тэрмінаў і безнадзейна ў іх заблудзіў.

Кундзіш у сваім артыкуле „Альбо грай, альбо скрыпку аддай“ накінуўся на апошні зборнік вершаў Андрэя Александровіча і разматлашыў яго ўшчэнт. Узяўшы поэму Александровіча „Дваццаць“, Кундзіш па ўсіх правілах гэту поэму згвалціў і ўзьвёў на Александровіча столькі грахоў, што проста застаецца дзівіцца, як гэта Александровіч да гэтага часу вольна ходзіць па вуліцы[5].

Рэшта матэрыялаў у гэтым нумары прадстаўляе бесстароньнія досьледы па тых ці іншых пытаньнях. З іх асабліва цікавым зьяўляецца нарыс аб татарскім тэатры. У гэтым жа нумары „Узвышша“ ўпяршыню завяло аддзел „Культура мовы“ даволі цікавы і карысны. З тых меркаваньняў, якія выказаны ў аддзеле, нам здаюцца зусім беспадстаўнымі дзьве апошнія заўвагі Л. і В. Л. Слова „страніца“ нам не даводзілася нідзе спатыкаць у беларускай мове, — ужываецца „старонка“, а слова „балона“, якое Л. прапануе ўвесьці, было-б штучным і незразумелым для мас. Тое самае можна сказаць і пра слова „ратайства“, якім В. Л. прапануе замяніць слова „зямляробства“. Няможна згадзіцца і з мотываваньнем В. Л. і Л. гэтых пропозыцый, па іх выходзіць, што нам трэба вяртацца ў мове ледзь не да часоў „цара Батуры“, прынамсі аўтар падае прыклады прыблізна з таго часу. У нас ёсьць жывая мова і замяняць яе тэрміны даўно вышаўшымі з ужытку, па меншай меры, было-б дзіка.

Вось і ўсё, чым пацешыла нас „Узвышша“ ў сваім апошнім нумары. Якія-ж вывады можам мы зрабіць з гэтага?

Перш усяго, паколькі сябры „Узвышша“ ня друкуюцца ні ў адной з беларускіх часопісяй, апрача сваёй, мы можам разгледзець гэты нумар ня толькі, як чарговы этап у жыцьці згуртаваньня, але і як чарговы этап разьвіцьця кожнага паасобнага яго сябра. Паколькі нумар, як відаць, прысьвечаны дзесятай гадавіне Кастрычніка, дык ён у пэўнай меры зьяўляўся і політычным экзаменам як для самога „Узвышша“, так і для яго сяброў. І гэтага экзамену ні „Узвышша“, ні яго сябры вытрымаць ня здолелі, і мы ў гэтым яшчэ больш пераканаемся, калі прасачым за творчасьцю паасобных сяброў „Узвышша“ за ўвесь гэты час.

Уладзімер Дубоўка за час сваёй працы ва „Узвышшы“ напісаў і надрукаваў зборнік „Наля“ і пачаў цяпер друкаваць поэму „Кругі“. Аб зборніку „Наля“ нам пісаць ужо даводзілася і нам няма патрэбы тут падрабязна спыняцца на ім. Мы разглядаем зборнік і поэму, як паступовыя тычкі творчага заняпаду Дубоўкі. Пасьля выхаду гэтых твораў ранейшая популярнасьць Дубоўкі (праўда, толькі ў вузкіх колах, бо шырокай масе творы Дубоўкі недаступны) пачынае замяняцца роўнадушшам да яго творчасьці, якая стала бледнаю і нясьвежаю, страціла тыя колеры, якімі зьзяла ў пачатку творчага шляху поэты. Чым далей, тым больш поэма ўжо зьяўляецца другім крокам да заняпаду пасьля „Налі“.

Язэп Пушча калісьці падаваў дужа багатыя надзеі, як сьвежы, орыгінальны поэта. Але надзеі надзеямі і засталіся. Ад „рыкаючай раніцы“ да падазрэнага „вітаізму“, ад „вітаізму“ да недалужнага зборнічка „Дні вясны“ і нарэшце да славутых лістоў, якія ставяць крыж на мастацкай каштоўнасьці твораў Пушчы і зьнімаюць маску, даволі ўжо падзёртую, з яго ідэолёгічнага твару. Пушча, як поэта, можа зацікавіць ужо толькі тыя колы насельніцтва, якія яшчэ не ачухаліся ад кастрычнікавага ўдару, якія захлёбваюцца над творчасьцю Есеніна, асабліва над тымі „творамі“, што прыпісваюцца Есеніну і распаўсюджваюцца рознымі цёмнымі асобамі. Для рабочых, для сялян, для савецкай інтэлігенцыі Пушча памёр. І ў гэтым вінна перш усяго тая організацыя, якая зьбіла Пушчу з правільнай дарогі і павяла па аблудных сьцежках упадніцтва — у гэтым вінна „Узвышша“.

Такі-ж самы лёс, як відаць, чакае і Крапіву. Яго творы з кожным разам усё болей робяцца блеклымі і няцікавымі. Трапіўшы ў сэктанцкае акружэньне „Узвышша“, Крапіва страціў тую ўстаноўку, якая падтрымлівала яго сатыру — сувязь з бягучым жыцьцём, сувязь з грамадзкасьцю. Шчыра кажучы, Крапіва мог-бы сур‘ёзьней аднесьціся да тых перасьцярог, якія яму ў гэтым кірунку робяцца, і зьмяніць свой шлях. У гэтым была б вялікая карысьць і для яго самога і для беларускай літаратуры.

Крыху горш стаіць справа з Бядуляй. Прапрацаваўшы на літаратурнай ніве блізка 20 год, ён стаў лічыць свае творы „непагрэшнымі“. А на справе аказалася, што ў гэтых творах вельмі і вельмі многа грашкоў. Больш таго. Аповесьць „Салавей“, надрукаваная ва „Узвышшы“, зьяўляецца ў Бядулі вялікім адступленьнем назад. Паставіўшы сабе задачай даць гістарычную аповесьць, Бядуля ня здолеў у ёй даць гістарычны колёрыт, ня здолеў увязаць дзею з эпохаю, палічыўшы, мабыць, непатрэбным прапрацаваць той вялікі запас матэрыялаў, які ў нас ёсьць па пытаньню аб прыгонным тэатры. Не дапамагло і ўвядзеньне (часамі вельмі няўмелае) сюжэтаў з народных казак, і намёкі аўтара на час дзеі не затушавалі сутнасьці. Аўтар даў не рэальны малюнак, не паказаў, як гэта было ці магло быць, а расказаў у такой форме, як яму трэ‘ было, каб адпаведным чынам разьвіць дзею, вынікаючую ў нетрах яго ўласнай інтуіцыі, і заместа прыгоннага артыста, а пасьля паўстанца „Салаўя“ вышаў кніжны партызан з апошняй вайны. Хібы ў мастацкіх прыёмах яшчэ болей псуюць справу. Але гэтыя хібы яшчэ болей паглыбляюцца ў апавяданьні „Дзесяць“, разгледжаным вышэй. Бядуля таксама, як і Дубоўка, шпаркімі крокамі ідзе да заняпаду. Яшчэ горш ён робіць тым, што на кожную крытыку яго творчасьці глядзіць, як на асабістую абразу, аб чым сьведчыць ліст Бядулі ў „Зьвязьдзе“ адносна рэцэнзіі Ул. Ж. на зборнік поэм Бядулі. Тымчасам об‘ектыўна горшую ролю для Бядулі адыгрываюць тыя падхалімы, якія закатваюць вочы перад ім і кожную яго недарэчнасьць гатовы назваць цудоўным пэрлам мастацтва. Бядулі больш усяго трэба сьцерагчыся такіх прыяцеляў, як Ул. Жылка, які пасьпяшаўся паведаміць грамадзтва, што гэта ня ён пісаў пра бядулевы поэмы; трэба зазначыць, што наўрад ці хто лічыў яго здольным напісаць гэткі артыкул. Ня трэба баяцца крытыкі, якая выкрывае недахваты. Найгоршы вораг пісьменьніка — гэта той, хто закрывае вочы на хібы і піша пахвальныя оды яго творам. Можна думаць, што гэткія пахвальныя рэцэнзіі ў значнай меры і вінны ў некаторым (будзем спадзявацца часовым) заняпадзе З. Бядулі.

Пра узвышаўскую моладзь рана яшчэ гаварыць. Усе яны пакуль што яшчэ зусім мала сформаваліся, як пісьменьнікі, і могуць яшчэ паддавацца самым рознастайным уплывам. Ці пойдуць яны ў далейшым шляхам сваіх правадыроў, ці можа зразумеюць памылковасьць свайго сучаснага шляху — пакажа будучыня. А пакуль што вельмі цяжка даць ацэнку іх літаратурнага шляху з тэй прычыны, што гэтага шляху яшчэ ня было.

Што тычыцца агульнага шляху „Узвышша“ за час яго існаваньня, дык ён для нас ясны і быў прадугледжаны ў цэлым шэрагу артыкулаў, выступленьняў і г. д. зараз-жа пасьля апублікаваньня організацыйнай пляцформы згуртаваньня. Паступовы адыход „Узвышша“ ад „Маладняка“, ад усіх беларускіх газэт і часопісяй, разрыў усялякіх сувязяй з грамадзкім жыцьцём і самою грамадзкасьцю — усё гэта праходзіла на іншых вачох і цалкам спраўдзіла тыя пэрспэктывы, якія былі вызначаны „Маладняком“ у сваёй дэклярацыі ў мінулым годзе. „Узвышша“ зрабілася сэктаю, не хавае нават гэтага цяпер, не знайшоўшы нічога лепшага, як у кастрычнікавым нумары сваёй часопісі адвесьці месца для політычнай дэмонстрацыі свайго сябра Язэпа Пушчы. Ня робячы з гэтай дэмонстрацыі ніякіх організацыйных вывадаў у стасунку да Пушчы, не агаварваючы яго выступленьне, згуртаваньне „Узвышша“ гэтым самым падкрэсьлівае сваю солідарнасьць з гэтым песьняром ярэмічаўскага толку і з яго выступленьнем. Гэта і адкрывае нам твар гэтай сэкты, твар, які і да гэтага часу старанна прыкрываўся паказным, бляскам дэклярацыйных выгукаў.

Мы ня зьбіраемся заглядаць у будучыню, але той малюнак ідэолёгічнага і формальнага заняпаду, які прадстаўляе сабою „Узвышша“, цяпер ні да чога добрага давесьці ня можа. Дзе яно, тое ўзвышша беларускай пролетарскай літаратуры, якое абяцала „Узвышша“? У вершах Пушчы, у штампованых параграфах Бядулі? Практыка „Узвышша“ найлепей паказвае нам, як далёка часамі разыходзяцца словы і справы. Прыклад „Узвышша“ павінен стаць перасьцярогаю для ўсіх іншых нашых літаратурных організацый. Самім-жа правадыром „Узвышша“ трэба, пакуль ня позна, перагледзець пройдзены імі шлях і сур‘ёзна ўзважыць усе тыя памылкі, якія былі імі дапушчаны.

Сьнежань — 1927 г.


  1. Бухарин. Злые заметки.
  2. Гэты ўрывак мы зусім сьвядома падаем без падзелу на вершы, бо лічым, што гэткі падзел у гэтым месцы, як і у шмат якіх іншых, зроблены Дубоўкам зусім выпадкова.
  3. Соцыяльныя мотывы творчасьці або сабачыя лісты поэты Язэпа Пушчы („Зьвязда№ 9).
  4. Так называе Бабарэку Кундзіш („Кр. Ніва“, 1927 г. № 16).
  5. Больш падрабязна пра гэты артыкул гл. наш артыкул „Гаманіць — галава не баліць“.