Праф. У. Пічэта. Гісторыя Беларусі
← І. П. Фурман. Крашаніна | Праф. У. Пічэта. Гісторыя Беларусі Рэцэнзія Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1925 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (1), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 120-122 |
Праф. У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця → |
Рэцэнзія Вацлава Ластоўскага на «Гісторыю Беларусі» Пічэты. |
Праф. У. ПІЧЭТА. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Частка першая. Дзяржаўнае выдавецтва, Масква—1924—Ленінград: 134 балоны ў 4-ку. Друкавана 3000 экз.
Нястача навукова апрацаванай гісторыі Крывіі (Беларусі) даткліва адчуваецца ў нашай маладой пісьменнасьці. Хадзілі чуткі, што такую гісторыю апрацовуе вядомы сваімі досьледамі крыўскай мінуўшчыны праф. Доўнар-Запольскі. Мы ня ведаем, якога зьместу мае быць гісторыя Доўнар-Запольскага, але можам з пэўнасьцю сказаць, што нечакана вышаўшая з друку „Гісторыя Беларусі“ праф. Пічэты не запоўніць быўшай у нашай пісьменнасьці пусткі. Гэту конспэктыўную сваю работу праф. Пічэта выканаў, ні на адзін момант не спыніўшыся на істотнай гісторыі нашага народу і краю. Гісторыя праф. Пічэты гэта — апавяданьне аб мінуўшчыне крыўскага (беларускага) народу, расказанае ў сьціслым зьвязку з гісторыяй Кіява і Масквы ў духу „общерусскости“. Да ацэны гіcтарычных падзей аўтор падыходзіць не са стараны інтэрасаў крыўскага (беларускага) народу, а са стараны надуманай і ня маючай падстаў у мінуўшчыне тэорыі аб „адзінай Русі“.
Пачатак Варага-Рускай ўлады ў нашай гісторыі трэба разглядаць так сама, як у расійскай гісторыі разглядаецца татарская навала. Імя напоўлегендарнага Рурыка павінна пераймаць чытачоў такой самай гразой, як і імя Батыя, бо паняволеньне ўсходнага Славянства пад ўладу Варагаў нічым на рожніцца ў сваёй істоце ад іншых вядомых ў гісторыі чужацкіх нападаў.
Трохсотлетняя абарона полацкіх Крывічоў, гэта — наш геройскі пэрыёд. „Крыважэрнасць і лютасьць“ павінна быць прыпісана не Ўсяславу Полацкаму, а, наадварот, - варажскім варагам, якія, абаснаваўшыся у Ноўгарадзе і Кіяве, стараліся пазбавіць свабоды адзінае, яшчэ змагаўшаеся з імі, ўсходна-славанскае племя Крывічоў. Постаць князя Ўсяслава Полацкага, геройскага змагара за незалежнасьць, ў нашай гісторыі павінна займаць такое-ж самае мейсца, як у гісторыі Русі — постаць Александра Неўскага.
З гісторыі Смаленскай, Северскай і Тураўскай зямель на першым мейсцы павінны быць пастаўлены тыя высілкі, якія Крывічы клалі, каб звольніцца ад кіяўскага абсолютызму і яго дынастыі, а ня тое, як рвалі і дзялілі нашу зямлю нашчадкі Русаў. У кніжцы-ж праф. Пічэты апошняе саўсім засланяе першае: ён ўладу Русаў на крыўскіх землях легалізуе…
Апісуючы дынастычныя змаганьні Яраславічаў, Расьціславічаў і др., праф. Пічэта ні словам не абмовіўся аб тым, што, акром тарговых шляхаў, змаганьне Крывічоў з Русамі было, папершае абаронай ад чужацкай навалы, а, падругое, — ў гэтых змаганьнях важыліся дзьве сыстэмы дзяржаўнага кіравецтва: з аднэй стараны (са стараны Крывічоў) клаліся высілкі на абарону глыбока дэмократычнага славянскага народапраўства, а з другой стараны (са стараны Русі-Варагаў) несены быў нам, побач з палітычнай няволай, нормандзкі фэодалізм, пераніцаваны пад уплывам хрысьціянства ў візантыцкі абсолютызм, за якім ішло рабства народных масс.
У аддзеле „Беларусь у складзе в. кн. Літоўскага“ аўтор паўтарае перадпатопныя басьні, адкінутыя навейшай гістарычнай крытыкай. Басьні гэтыя знамяніта падпіраюць другую, паложаную ў аснову гісторыі Пічэты, старую ману аб істнаваньні Ў прошлым „агульнарускасьці“. Бо што прасьцей: была Русь, гэту Русь заваявалі часьцю Літва, часьцю Татары, пазьней высілкамі Масквы была яна ізноў злучана ў адно „пракавечнае цэлае“. Знача — радуйцеся і весялецеся рабы вялікай Расіі!
Праф. Пічэта ведае, што ў істоце-то яно было ня так. Агульна рускай на ўсходнай Славяншчыне была толькі дынастыя і царква, а паасобныя землі станавілі аддзельныя палітычныя і націянальныя камплексы, са сваімі асобнымі цэнтрамі, інтэрасамі, народнай мовай, звычаямі і абычаямі, — і гэтае племянное дзяленьне зламала, па доўгім змаганьню, сілу і адзінства дынастыі Русаў. Не узяўшы ўсяго гэтага пад увагу, аўтор ня мог выясьніць ні генэзы літоўскай дзяржаўнасьці, ні мейсца ў гэтай дзяржаўнасьці Крыўскага народу, — і яму прышлося здаволіцца зьбітымі і нічога ня вартымі паўтарэньнямі з Карамзіна і Ілавайскага.
Аўтор прамаўчвае такжа адну з цікавейшых балон нашай гісторыі—аб колёнізаці Крывічамі поўначы, ўсходу і поўдня. Ен не расказаў таго, як крыўская колёнізація ішла сьпярша на поўнач да Ноўгарада, як абаснавалася там і што яе адарвала ад мэтраполіі, калі і насколькі адарвала. Прамаўчаў такжа аб нашай крыўскай колёнізаціі на ўсход, аб яе дынамічнай сіле, каторая, ператравіўшы ў сабе фінскіх тубыльцаў і ўбраўшы значную дозу мангольскага элемэнту, вытварыда ўрэшце новую маскоўскую народнасьць, якая будучы па мове славянскай, па крыві асталася фіна-татарскай. Як гэты крыўска-фіна-татарскі конглёмэрат прысваіваў і прысвоіў сабе назову „Русь“, нішчыў пры помачы Татараў незалежныя ўсходна-славянскія князствы і ўрэшце разьбіў—ня сілай. а інтрыгамі—незалежнае в. кн. Літоўска-Крыўскае. Як пасьля пад „братняй“ маскоўскай апекай крыўскі народ стаўся „Белымі-Русамі“, малодшай галіной „Вялікарускага плема“.
Нам у нашай гісторыі, ў час адраджэньня народу, патрэбна об‘ектыўнае абаснаваньне яго кроўнага права на самаістасьць, а не апраўданьне чужацкага панавапьня над нам.
Гісторыя праф. Пічэты гэта ёсьць пераказ правінціянальнай (областной) гісторыі з пункту гледжаньня расійскага вялікадзяржаўніцтва. Новага гэта кніжка нічога ў нашу пісьменнасьць ня ўносіць. Яна ёсьць перафразоўкай на крыскую мову ідэй Карамзіных і Іловайскіх для апраўданьня маскоўскага панаваньня над нашым народам.
Прачытаўшы надрукаванае на агорцы імя праф. Пічэты, рэктара Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту, мы спадзяваліся знайсьці ў кніжцы іншы зьмест. Думалі, што аўтор хоць-бы са ўзгляду на сваё высокае становішча ў Беларусі, калі ня з іншых мяркаваньняў, дасьць хоць цень, хоць намёк нашай крыўскай гісторыі ў сваёй брашуры. Тым часам сустрэліся мы з нічым не маскаваным „собирательствомъ“. Пасьля гэтага нам зразумела і іншае, дагэтуль незразумелае, з дзейнасьці „Беларускага“ Унівэрсытэту, які свае публікаціі друкуе мовай Масквы, а ня Менска.
Ю. В—ка.