Праф. У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця
← Праф. У. Пічэта. Гісторыя Беларусі | Праф. У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця Рэцэнзія Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1925 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (1), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 122 |
Рэцэнзія Вацлава Ластоўскага на «Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця» Ўсевалада Ігнатоўскага. |
ПРАФ. У. ІГНАТОЎСКІ. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Ў XIX І Ў ПАЧАТКУ XX СТАЛЕЦЬЦЯ. Лекціі, чытаныя студэнтам Беларускаша Дзяржаўнага Унівэрсытэту. Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі. Менск, 1925. 251 балона ў 4-ку. Друкавана 10.000 экз.
Гісторыя Беларусі (Крывіі) праф. Ігнатоўскага зьяўляецца спробай апрацаваць нашу гісторыю XIX ст. Пры чым аўтор лішне многа удзяляе увагі справам расійска-польскіх стасункаў і на асноведзі гэтых палітычных падзей вырысовуе палажэньне нашага народу. Праўда, сялянства ў часе прыгоншчыны не адыгрывала значнай палітычнай ролі, але сялянства было адзіным прадстаўнікком нашай націі, якая ня мела ў сабе іншых грамадзкіх станаў. Дзеля гэтага сьпісаньне крыўд захадаў расійскай і польскай стараны абаснаваць праўнасьць панаваньня над крыўскім народам і яго тэрыторыяй ды адношаньне да гэтага ўсяго самога народу, — аб‘екту, за які ідзе спрэчка і змаганьне, — павінна было-бы заняць больш мейсца ў кнізе.
Недастаткам кнігі зьяўляецца лішне шырокае карыстаньне польскімі гістарычнымі матэр‘яламі, якія, асабліва ў апісаньні палітычных падзей, зьбіваюць аўтора.
Але віна тут ня гэтулькі самога аўтора, ў якога ёсьць увесь час імкненьне даць ацэну гістарычных падзей XIX ст. з пункту гледжаньня нашых народных інтэрасаў, сколькі віна у нераспрацаванасьці самога пытаньня.
Наша гісторапісь знаходзіцца яшчэ ў зародку, — і няма ня толькі распрацаваных архіўных матэр‘ялаў з пункту нашага ўласнага погляду, але найгорш, што яшчэ гэты погляд ня выраблены. Хоць ён ужо ў працы праф. Ігнатоўскага „Гісторыя літэратуры“ як-бы намячаецца: гэта — імкненьне проціставіць наш народ, як гістарычны індывідум у стасунку да акружаючых яго падзей і ўплываў. Выдзяленьне народнай індывідуальнасьці ёсьць істотнае заданьне ўсякай гісторапісі і адзіны крытэрый для ацэны прац, якія апісуюць нашу мінуўшчыну. Прыкладаючы апошні крытэрый да ацэны працы праф. Ігнатоўскага, мы павінны сказаць, што пры ўсёй яго добрай волі, з заданьня свайго ён пераможцам ня выйшаў, асабліва ў апісаньні падзей XX стагодзьдзя.
Павінны зазначыць такжа, што ўжываньне жаргонных слоў у навуковай пісьменнасьці не падходзіць да яе. Гэтак, слова „унія“, чамусьці у праф. Ігнатоўскага надрукавана „вунія“. Ідучы гэтым шляхам, трэба хіба пісаць „алепстрыка“, „ляндар“, „цяцялісты“ і г. д.
В. Л.