Перайсці да зместу

Праметэй (Жылка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Усе мы страчаныя… Праметэй
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924
Крыніца: Вершы. Паэмы. Крытыка / У.Дубоўка, У.Жылка, Я.Пушча — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т.13). — 2016
Экспрэс

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Вольна хмары жывуць у гары,
Затаіўшы дажджовы свой жаль,
І свавольна імкнуцца вятры,
Па-над скалы, палі і бары,
Ўсё у даль, у прывабную даль;

Звонка рушачы, б’е ў камянёх
І бурліць гаваркі вадаспад;
Вольны зверы ў гушчарных лясох
Выбіраюць і пашу і лог;
Куды хоча паўзе нават гад.

Толькі я закуты ў ланцугі,
Толькі я, Праметэй, ля скалы
Ў безнадзейнасці гіну з тугі;
І мой боль — непамерны, благі,
І мой смутак — драпежны і злы.

Ўсё наўкола імкненне і рух,
Ўсё узмах і уздым, усё гук,
Ў тонах света патонуўшы слух; —
Толькі мой уяромлены дух,
Толькі мне немасць горкая мук!

І свядомасць няволі — каршун,
Мой бязлітасны, люты мой кат,
Немінучы, як з хмары пярун;
Ён бясспынна дратуе мой сум,
У грудзёх распаляе разлад!

І за што? І за што? — За узлёт?
Што я смеў? І што ўзяў я ў далонь
З недасяглых алімпскіх высот
І ў гібеючы ў цемры народ,
У народ кінуў боскі агонь?!

І за гэтае кара й прысуд?
І за гэта страшны прыгавор?
— Кінуць неба Элады, свой кут,
Адарванаму гібнуць між скрут,
Між каўказкіх захмараных гор?!

Ланцугі, ланцугі!.. Я магу!..
Я хачу!.. Маё сэрца пажар!..
Маё сэрца, як молата ўдар!..
Вы ж гадуеце зло і тугу;
Адбіраеце волі вы дар!..

О, няволя… нясіла… Ды не!
З гордых вуснаў не вылеціць стогн!
Пакарацца, хіліцца не мне!
Гнеў, як полымя мора імкне,
І ў вякі, і ў вякі мой праклён!

Мой праклён, мой пратэст, — нібы гром,
Хай пачуюць, хто думаў, хто смеў,
Хто маім прасвятлеўся агнём: —
Ганьба! вечная ганьба багом,
Чый магутны, няправедны гнеў!

(1924)