Песьня сіроткі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня сіроткі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906—1912
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2743#29213



Трэба мне, сіротцы, доля.
        Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
        І хлеба.

На тым сьвеце бацька, маці
        Ў магіле, —
Сама я запрацаваці
        Ня ў сіле.

Хто ж адзецца, пракарміцца
        Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
        Мой Божа?

Пайду к дрэўцу прытулюся,
        Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
        Бядачай.

Пашлю скаргу, хай нясецца
        За мора,
Як мне цяжанька жывецца, —
        Гавора.

Мо’ ня льюць там сьлёз напрасна
        Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
        Сіроткай.

Стогне бор, віхры зрываюць
        Плёт з стрэхаў, —
Мае жальбы заміраюць
        Бяз рэха…

(1906—1912)