Песьня мая ня ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая ня ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —
Знацца ёй досьць з беларускаю красай —
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо, калі гасьне паходня старая, —
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лякайскай ня знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмернай — служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.
З небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводзьзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары день жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песьня мая ня шукае чырвонцаў —
Будучнасць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
|