Песьня жней (Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня жней
Верш
Аўтар: Янка Купала
2.IX.1906
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/98



Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны,
Сярпом махаючы крывым,
Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,
Пры доўгай постаці стаім

        І дружна жнём,
        І паддаём
        Адна адной
        Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан-дабрадзей,
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяе жаць бардзей.

        І мы ўсё жнём,
        І паддаём
        Адна адной
        Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Агніста сонца прыпякае,
Ў губах язык засох, як косьць,
Пот горкі вочы залівае,
Змачыў кашулю ўсю як ёсьць.

        А мы ўсё жнём,
        І паддаём
        Адна адной
        Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Серп прыбаўляе ранаў косых,
Павеку рэжуць асьцюкі,
Як п’яўкі, смокчуць кроў з ног босых
Аржоньня вострыя сукі.

        Але мы жнём,
        І паддаём
        Адна адной
        Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Мы жнём, растуць снапы і мэтлі,
Мы жнём людзям, адно пабач:
Гаротным нам хоць лезь у петлі, —
Працуй на полі — дома плач.

        І ўсё ж мы жнём,
        І паддаём
        Адна адной
        Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі,
Гаруйма: гора — не напасьць;
Пан справіць гучныя дажынкі:
За пот, кроў, сьлёзы — водкі дасьць!

        Мы будзем піць,
        Як гора п'ём,
        Паноў хваліць
        І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяём.

(2.IX.1906.)