Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Песьня жней

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Касцу Песьня жней
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Захад сонца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня жней (Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ЖНЕЙ

Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны;
Сярпом махаючы крывым,
Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,
Пры доўгай постаці стаім
І дружна жнём,
І паддаём
Адна аднэй
Ахвоты больш,
І песьню жаласна пяём.

Асобна кожную загонам
Нас надзяліў пан-дабрадзей,
А над усімі злы аконам
Стаіць, ганяе жаць бардзей.
І мы ўсё жнём і г. д.

Агніста сонца прыпякае,
Ў губах язык засох, як косьць,
Пот горкі вочы залівае,
Змачыў кашулю ўсю як ёсьць.
А мы ўсё жнём і г. д.

Серп прыбаўляе ранаў косых,
Павеку рэжуць асьцюкі,
Як п‘яўкі, смокчуць кроў з ног босых
Аржоньня вострыя сукі.
Але мы жнём і г. д.

Мы жнём, растуць снапы і мэтлі,
Мы жнём людзям, адно пабач:
Гаротным нам хоць лезь у петлі:
Працуй на полі — дома плач.
І ўсё-ж мы жнём і г. д.

Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі,
Гаруйма: гора — не напасьць;
Пан справіць гучныя дажынкі:
За пот, кроў, сьлёзы — водкі дасьць!
Мы будзем піць,
Як гора п‘ём,
Паноў хваліць,
І дружна ім
Скрозь сьлёзы песьню прапяём.