Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца шостая
← Быліца пятая | Пан Тадэвуш Паэмы Аўтар: Адам Міцкевіч 1834 Арыгінальная назва: Pan Tadeusz Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч |
Быліца сёмая → |
Быліца шостая
ЗАСЦЕНАК
Першыя ваенныя рухі заезду. — Выправа Пратазага. — Чарвяк з панам Суддзёй радзяцца аб публічнай справе. — Далейшы працяг напраснай выправы Пратазага. — Каноплі. — Шляхоцкі засценак[1] Добрын. — Апісанне сялібы і асобы Мацюка Дабрынскага.
Нязначна выкрадваўся світ без румян з сумароку
імглістага, дзень ведучы без прасвету у воку.
Даўно ужо дзень узышоўшы, а ледзь што відомы.
Вісела імгла над зямлёй, як страха із саломы
над беднаю хаткай літоўца; а з боку усходу
відацца з бялейшага крышку на небе абводу,
што сонца устала, зысці на зямлю ужо мае,
ды толькі нявесела йдзе, па дарозе драмае.
Спазнілася ўсё на зямлі за нябесным прыкладам.
Гаўяда[2] запозна на пашу кранулася стадам
і здыбала зайцаў пры снеданні позным па спанні.
Варочацца звыклі яны да гаёў пры світанні,
ды сёння ў імгле то макрыцу грызуць, то ў папары
выкопуюць ямкі ў раллі, сабіраюцца ў пары
й на вольным паветры забавіцца вольна маняцца;
аднак прад гаўядам прымушаны ў лес павяртацца.
Ў лясох цішыня. Як нямыя, птушыныя хоры,
і туліцца птушка да дрэў, атрасаючы пёры,
уцісне галоўку у плечыкі, вочы зажмура
і сонца чакае. На беразе, лужы панура
клякоча буслішча; на копках размоклы вароны,
разяўлены, цягнуць гаворкі свае несканчоны;
абрыдлая гаспадарам варажба непагоды.
А гаспадары ўжо даўно як пайшлі да работы,
І жнеі ўжо песню сваю зацягнулі гаротну,
як слотны той дзень, аднастайную, сумку, маркоту,
сумнейшую тым, што без рэха плыла туманамі.
Хруснулі у збожжы сярпы. І касцы ўжо радамі
бражджаць у пракосах атавы паміжы лугамі,
насвістуюць песні, а з кончанай кожнай страфою
прыстануць, жалеза паменцяць і йдуць чарадою.
Людзей, ні сярпоў, ані кос праз туман не відацца,
а толькі як водгук нявіднага грання чувацца.
Аконам, прысеўшы сабе на снапе, бы з маркоты,
пакручуе штось галавой, не пільнуе работы,
а ўсё на гасцінец глядзіць, на расстайны дарогі:
там дзеецца нешта, падобна да нейкай трывогі...
Дарогі й гасцінец сягоння чамусь спазаранку
ужо ажылі незвычайна. Мужыччу фурманку
са скрыпам хтось гоне, як почту, за ёй вылятае
шляхоцкая брычка, турчыць, здаганяе, мінае;
з дарогі аднэй пасланец, як кур’ер які, гоне,
а з правай наўзавады больш за дзесяцера коней.
Спяшаюцца ўсе і кіруюцца ў розны староны.
А што гэта знача? Устаў і аконам здзіўлёны,
хацеў распытацца; хоць доўга стаяў над дарогай,
ды клікаў дармо і не мог затрымаць анікога,
ані распытаць у імгле. Так мігаліся езныя, бытта
бы цені, чуваўся глухі толькі топат капытаў,
а што найдзіўнейшае, цокат аружнае сталі:
аконама разам і радасць, і страх абымалі.
Хоць час на Літве выдаваўся тады і ціхуткі,
глухія, аднак, аб вайне ужо лёталі чуткі,
і так: аб французах, Дамброўскім, аб Напалеоне.
Няўжо варажба на вайну ездакоў гэтых гоне?
Аконам пабег да Суддзі, каб усё расказаці,
а й сам ад яго спадзяваўся што-небудзь дазнаці.
Ў Сапліцаве госці і хатнія после тэй звады
ўчарашняй усталі маркотны, сабою не рады.
Дармо тады Войшчанка дам к кабале запрашае,
мужчынаў кампанія граць у мар’яша не мае
ахвоты: зашыліся ціханька ўсе па куточках,
мужчыны закуруюць люлькі, жанкі пры пруточках;
аж спяць нават мухі.
Пан Войскі пакінуў лапатку,
такой цішынёю зануджаны, йдзе у чалядку.
Ляпей ахмістрыні у кухні паслухаці крыкаў
і кухара грозьбаў і куксаў, падкухцікаў зыкаў.
Там Войскі стаяў у прыемным якімсь захапленні
пры русе ражноў, аднастайна вярцеўшых пячэні.
Суддзя, зачыніўшысь ад рання, пісаў у святліцы,
а Возны ад рання чакаў пад вакном на прызбіцы.
Закончыўшы позву, Суддзя Пратаза заклікае
і голасна жалабу тую на Графа чытае:
за скрыўджанне гонару, крыўдныя розны выразы,
Гярвазага скаржа за гвалты, напад і уразы;
абодвух жа іх за пярэхвалкі, кошты судовы
ён цягне у суд гарадскі у раестар тактовы[3].
Трэ позву сягоння ўручыці да захаду сонца.
Прымаў гэта Возны з паважнаю мінай, бясконца,
й рукою і слухам: як толькі ён позву на вочы
пабачыў, стаяў хоць, а рады б, здаецца, падскочыў.
На самую думку працэсу ён адмаладжаўся;
успомніў, як, ходзячы з позвамі, часта набраўся,
бывала, гузоў, але часта і шчодрых заплатаў.
Вось так і жаўнер, што жыццё у вайне пракалатаў,
а после ў шпіталі на старасць калекай гаруе,
няхай толькі трубку ці бубен далёкі пачуе,
хапаецца з ложка, праз сон крычачы: «Бі маскаля!»
і скача ужо на назе дзераўлянай з шпіталя,
так хутка, што трудна здагнаці яго й маладзежы.
Пратазы спяшаўся хутчэй да вазненскай адзежы.
Жупана, аднак, ні каптуша цяпер не ўздзявае,
бо іх для вялікшай судовай парады трымае,
бярэ ў падарожу строй іншы: шырокі райтузы
і куртку, каторае полы, падняты на гузы,
закашаш, як трэба, ці спусціш, як хочаш, на ногі;
выгодную шапку з вушамі узяў для дарогі,
што можна падняць на пагоду, спускаць прад слатою.
Вось так апрануўшыся, з палкай пайшоў пехатою,
бо возныя перад працэсам, як шпегі прад боем,
прымушаны крыцца пад рознаю постаццю й строем.
А добра Пратазы зрабіў, што ў дарогу так ходка
сабраўся, бо позвай сваёй пацяшаўся б каротка.
Ужо ў Сапліцове змянілі кампаніі планы.
К Суддзі уляцеў задумёны Чарвяк нечаканы
і кажа: «Суддзя, і бяда ж нам з тэй паняю цёткай,
з тэй паняй Тальменай, такою какеткай, пустоткай!
Як Зося дзіцём засталася, у бедным жа стане,
то Яцка Тальмене аддаў яе на ўзгадаванне,
бо добрая, думаў, асоба і свет добра знае,
аж бачу, яна нам цяперака штось замучае,
інтрыгі заводзе і вабе Тадэя, здаецца;
сляджу я за ёю — а можа, да Графа бярэцца,
а мо’ да абодвух адразу. Абдумаем сродкі,
каб неяк пазбыцца яе, бо іначай то плёткі,
нядобры прыклад і між малакасосамі звады,
каторыя могуць сапсуць твае праўныя ўклады».
«Уклады? — ускрыкнуў Суддзя з незвычайным запалам,—
ніякіх укладаў, з укладамі квіта, прапала».
«А як то? — Чарвяк перабіў,— а ці розум, Пан, маеш?
ці новая зноў авантура, ці што мне тут баеш?»
Суддзя кажа: «Выясне суд, што не я вінаваты;
да звады давёў надзіманы Графюк дурнаваты
й Гярвазы латруга, а пэўне, што суд мне дасць веру.
Шкада, што учора ксёндз сам не прыйшоў на вячэру,
пасведчыў бы, як мяне Граф непрыгожа абразіў».
«Чаго ж Пан, — ускрыкнуў Чарвяк, — да руінаў тых лазіў?
Ах, замак пракляты! Адгэтуль ніколі не стане
нага там мая. Калатня гэта зноў! як скаранне!
Дык як там было, раскажы, трэба справу зацерці,
ужо надаелі мне гэтыя глупствы; паверце,
што маю важнейшыя справы, як згоду рабіці
між цяжбітаў. Раз шчэ магу пагадзіць вас». — «Гадзіці?
а што гэта знача? А йдзі з такой згодай да ліха! —
затупаў Суддзя, перабіўшы, — вось, бачыце мніха!
Што ветла прымаю, то хоча за нос шчэ вадзіці!
Дык ведай, Сапліцы не любяць на згоду хадзіці,
пазвалі — дык выграці мусяць; не раз ў іх іменні
працэс выгрываўся у шостым якім пакаленні.
Даволі дурнот нарабіў я з парады Вашэці,
суды падкаморскія склікаўшы раз ужо трэці.
Ад сёння няма аніякае згоды між намі!
(І, ходзячы з крыкам, ён тупаў абеймі нагамі).
Акроме таго, за ўчарашні няветлы учынак
ён мусіў бы перапрасіць, бо інакш паядынак!»
«А што калі Яцка даведацца-ме аб дурніцы
такой? ён з адчаю памрэ! Ці ж дагэтуль Сапліцы
замала яшчэ нарабілі у замку благога?
Браток! не хачу ўспамінаць я здарэння страшнога...
Часць грунтаў замковых, і сам мусіш з гэтым згадзіцца,
забрала ад іх і Сапліцам дала Таргавіца.
А Яцка, за грэх свой шкадуючы, меў прысягнуці,
грахоў каб дастаць адпушчэнне, дабро прывярнуці.
Аб Зосі, Гарэшкаў наследніцы, меў ён старанне
і коштаў жа не шкадаваў на яе ўзгадаванне.
Хацеў са сваім Тадавушкам дзяўчыну сасватаць
і так два дамы пакалечаны зноў жа пабратаць,
вярнуць каб старое грабежства без сораму, смела».
«А што гэта? — крыкнуў Суддзя,— ну а мне што за дзела?
Не знаўся ніколі і нават не бачыўся з Яцкам —
а толькі што чуў аб ягоным жыцці гайдамацкам,
сядзеў тады рэтарам[4] я ў езуіцкай шчэ школе,
а после служыў дзецюком у вайводавым коле.
Далі мне маёнтак, узяў; як казалі аб Зосі —
прыняць, то прыняў, гадаваў яе, думаў аб лёсе
дзяўчыны: даелі мне гэты гісторыі бабскі!
Урэшце, чаго сюды сунецца нос гэты Графскі?
Адкуль яго права да замку? То ж ведама ўрэшце,
вада ён дзесятая на кісялі[5] і Гарэшцы!
Зняважыў мяне, дык не мне напрашацца на згоду!»
«На то, — кажа ксёндз, — ёсць прычыны паважнага роду.
Ці помніш, што ў войска брат выслаць хацеў свайго сына,
а после пакінуў ў Літве: а якая прычына? —
што дома для краю хлапец карыснейшы тут будзе.
А ведаеш пэўне, аб чым пагаваруюць людзі,
аб чым я і сам і не раз вам прыношываў чуткі;
пара ўжо сказаць, не адкладываць больш ні мінуткі!
А важныя рэчы, мой браце! вайна туж над намі!
Вайна ж то за Польшчу! дык будзем і мы палякамі!
Вайна непахібна! Калі із пасланствам таёмным
я мчаўся сюды, ўжо фарпочты[6] стаялі над Нёмнам;
вялікую армію ўжо Напальён сабірае,
якой чалавек шчэ не бачыў, гістор’я не знае.
А разам з французамі цягнуцца й польскія войскі,
і наглыя белы арлы, Панятоўскі, Дамброўскі!
Ужо у дарозе і хутка на знак Напальёна
праз Нёман пяройдуць, і ўскрэсне Літва і Карона».
Суддзя тое слухаў і звольна складаў акуляры,
ў ксяндза углядаўся, маўчаў, ды змяніўся на твары,
глыбока ўздыхнуў, ажно вочы ад слёз замуціла...
за шыю ксяндза ухапіў, колькі сілы хапіла:
«А мой жа Чарвяча, — усклікнуў, — няўжо гэта праўда?»
«А міленькі! — зноў паўтарае,—няўжо гэта праўда?
Бо колькі ж разоў нас звадзілі! Ці помніш? казалі:
ужо во ідзе Напальён! і ужо мы чакалі!
Казалі: ў Кароне ужо, прусакоў жа разбіўшы,
прыходзе да нас! Ну, а ён? замірэнне зрабіўшы
у Тыльжы. Глядзі, ці сябе ты не зводзіш часамі?!»
«Ды праўда, — Чарвяк адказаў, — так як бог ёсць над намі!»
«Дык слава хай будзе таму, хто нам гэта прароча! —
ускрыкнуў Суддзя, падымаючы рукі і вочы. —
А не пашкадуеш паганства свайго ты, Чарвяча,
бо дзвесце адборных гавечак Сапліца прызнача
на кляштар. Ксяндзок, да каштанчыка ўчора ты рваўся,
а после таксама гнядком ты маім захапляўся:
абоіх сягоння ў квастарскім вазе запрагаеш,
сягоння што хочаш прасі, што сабе спадабаеш.
А толькі мне дай супакой ты з усенечкай справай
і з Графам; ён скрыўдзіў, я вызваў, было б не цікава
й нягожа...»
Аж рукі заламаў на гэткія рэчы
квестар, углядаўся ў Суддзю і, паціснуўшы плечы,
прамовіў: «Калі Напальён нам нясе ўжо свабоду,
як свет весь дрыжыць, тады ты пачынаеш нязгоду,
працэсы; няўжо з маіх слоў ты не вывеў навукі:
пара ўжо рабіць, не сядзець, злажыўшы так рукі
спакойна!» — «Рабіць? але што?» — тут Суддзя запытаўся.
«Няўжо,— кажа ксёндз,— ты з вачэй шчэ з маіх не спазнаўся,
няўжо табе сэрца нічога не кажа? Ах, браце!
Калі Сапліцоўскай крыві вы хоць капельку майце,
дык зважце: французы ад пераду будуць лупіці...
а каб гэтак стылу паўстанне народу зрабіці?
Падумай! Няхай заіржыць тут Пагоня, на Жмудзі
вядзмедзь хай раўне! Ах, каб гэтак сабраліся людзі,
хоць з тысяча, з пяць якіх сотняў, ды стылу напёрлі,
паўстанне наўкола затым, як пажар, распасцёрлі,
каб мы, ад Масквы адабраўшы гарматаў, знамёнаў,
ішлі бы выбаўцаў вітаць: землякоў, Напальёна...
Ідом! Напальён жа, пабачыўшы нашыя лянцы,
пытае: а што там за войска? мы кажам: паўстанцы,
Цазар Найяснейшы, Літва і двары й вакаліцы —
ахвотнікі! — Хто камандзір? — Пад камандай Сапліцы!
Ніхто б тады й піснуць не смеў бы ўжо аб Таргавіцы!
Як доўга Панарам стаяці і Нёману плыці,
так доўга Сапліцаў імя у Літве будзе слыці;
унукаў жа і праўнукаў будзе Ягелаў сталіца
паказываць пальцам, гаворачы: гэта Сапліца,
із гэных, што першыя з шляхты зрабілі паўстанне!»
На тое Суддзя: «Не так важна людское прызнанне,
ніколі не дбаў я аб свету пахвалы празнадта;
нявінен таксама, дальбо, за грахі свайго брата,
не надта таксама ў палітыку я удаваўся,
а толькі судзіў і зямелькай сваёю займаўся.
Як шляхціц, то пляму ту з дому хацеў бы я змыці,
паляк, а таму і для краю гатоў штось зрабіці,
душу нат аддаць. Хоць на шаблі я спрыцен не дужа,
аднак жа магу пастаяць, калі шчасце паслужа;
то ж ведама, ў польскіх апошніх часох сайміковых
я вызваў і зраніў дваіх аж братоў Бузвіковых,
якія... ды гэта не важка... А Ваша як мысліш?
Ці трэба цяпер, каб мы зараз у поле ўжо выйшлі?
Стральцоў назбіраецца, пораху маю ў дастатак,
а ёсць у ксяндза у клябаніі колькі гарматак;
ды Янкель казаў, што ў сябе ён трымае і гроты
да пікаў, як трэба, то зараз прышле да работы;
ён гроты гатовыя ў паках прывёз з Каралеўца
сакрэтна; дык возьмем і зараз адзенем на дрэўца;
а шляхта за шаблі й на коней пасесць не змарудзе,
і сам я з Тадэем наперадзе й — неяк жа будзе!»
«О польская кроў! —тут узрушаны ксёндз усклікае,
й, схапіўшы Суддзю у абоймы, што сілы сціскае, —
Сапліцаў дзіцё справядлівае! Бог прызначае
табе, каб ты з брата з бадзянага змыў усе віны!
Цябе заўсягды шанаваў, але з гэтай хвіліны
люблю, як найлепшага брата із роднай радзіны.
Усё прыгатовім, а выступіць шчэ зачакайце,
сам вызначу месца і час вам — тады ўжо валяйце.
Я ведаю, цар праз паслоў цяпер просіцца надта
міра ў Напальёна і, праўда, вайна не пачата,
а толькі ж князь Юзаф дачуўся ад пана Біньёна,
француза, даверніка блізкага Напалеона,
што кончацца перагаворы нічым, без паследку,
што будзе вайна. Таму князь мяне выслаў ў разведку,
з загадам такім, каб Літва ўжо была бы гатова
давесць Напальёну на дзеле, не толькі на словах,
што хоча злучыцца з Каронай, сястрыцай сваею,
жадае, каб Польшчу вярнулі й злучылі бы з ею.
Тым часам, браточку, вы з Графам дайдзіце да згоды.
Дармо, што дзівак, фантазёр, абы толькі без шкоды,
аднак жа і чэсны, і молад; патрэбны такія,
бо то ў рэвалюцыях дужа патрэбны дзіўныя,
я з доследу ведаю, нат дуракі прыдадуцца,
калі пад каманду разумных і чэсных здадуцца.
Пан Граф жа у шляхты вялізнае мае прызнанне,
павет весь зварухнецца, толькі хай Граф наш паўстане;
ён слаўны з багацтва, а кожны то шляхціц варожа:
відацца, што пэўная справа, як з ёю вяльможа.
Ляту да яго...» — «Але толькі, каб гэта ўдалося, —
Суддзя яму кажа,— хай першы мяне перапросе;
бо я жа ж і векам старэй і ўрадова асоба,
а што да працэсу, хай будзе з арбітрамі спроба...»
Тут бразнуў дзвярмі барнадын. «Ну, шчасліва дарога!» —
Суддзя пажадаў.
Барнадын ужо ў воз ля парога
ускочыў, на коней махнуў, смаргануў іх умела,
калмажка успырхнула, пылам кругом закурэла,
і толькі часамі манаскі каптур гэны буры
ўзнасіўся яшчэ над туманам, як каршун той над хмуры.
А Возны ўжо вышаўшы перш быў да Графіча дому.
Як ліс той бывалец, прынаджаны салам з-пад лому,
бяжыць, а стралецкія розныя хітрыкі знае,
бяжыць ды прыстане, прысядзе, хваста падымае,
як веерам, вецер кітою да нюхаўкі туліць,
пытаецца ветру, ці сала стральцы не атрулі?
Пратазы, з дарогі зышоўшы, уздоўж лугавіны
кружыў каля дому й вымахіваў палкай, з прычыны,
казаў бы, такой, што жывёлу пабачыў у шкодзе,
і так лавіруючы спрытна, ўжо стаў пры гародзе;
схіліўся, бяжыць, дзеркача нібы гэтак ён соча,
аж раптам скікне цераз плот і ў каноплі ускоча.
У гэтай зялёнай, густой і пахучай расліне
ля дому ёсць пэўны прытулак людзём і звярыне.
Не раз то бывае, што заяц, спайманы ў капусце,
скікне у каноплі, бо там беспячней, як пад кусце,
у гушчы зялёнай ніколі і хорт не здагоне,
і гончы не выветра, надта густая бо воня;
дварак, ад кнута уцякаючы, схову там знойдзе
і ціха чакае, аж злосць ужо ў пана пяройдзе,
і некруты нават, заместа у лесе, у пушчы,
дзе ўрад іх шукае, сядзяць у каноплях у гушчы.
Таму ў час заезду, бітвы або перадавання
абодва бакі не шкадуюць ніколі старання,
каб толькі як-небудзь пазіцыю ўзяць канапляну,
што спераду цягнецца аж да двара да баркану,
а стылу звычайна да хмелю яна прылягае,
атаку прад ворагам і адварот прыкрывае.
Пратаз, чалавек хоць і смелы, а чуў крыху страху:
прыпомніў сабе ад таго канаплянага паху
вазненскія розны даўнейшы прыпадкі нягладкі:
каноплі, як сведкі, прыводзілі ў думку нагадкі:
як раз запазваны шляхцюра із Тэльш, Дзіндалет,
загадваў, у грудзі упёршы яму пісталет,
падлезці пад стол і ўсю позву, як лёс, адбрахаці,
што Возны прымушаны быў у каноплі ўцякаці.
А после як пан Валадковіч, ганорны, зухвалы[7],
што соймікі нат разганяў, гвалтаваў трыбуналы,
прыняўшы ўрадовую позву, падзёр на кавалкі,
паставіў ў дзвярох гайдукоў, падаваўшы ім палкі,
і, ўзнёсшы над Возным спалоханым голу рапіру,
крычэў: або голаў зыму, або з’еш сам паперу!
Дык Возны давай нібы есці, чалавек мудраваны,
аж скраўся к вакну і скінуў у гарод канапляны.
Што праўда, тады у Літве не было ўжо звычаем
ад позваў на суд адганяціся шабляй, нагаем,
а лаянка нават і то ужо рэдка здарэнне;
ды толькі Пратазы аб гэткай абычаяў змене
і ведаць не мог, бо даўно не насіў ужо позваў.
Гатоў заўсягды, нават сам напрашаўся, ды просьбаў
не слухаў Суддзя праз узгляд на ягоныя годы;
сягоння ж прыняў прапазыку з прычыны прыгоды,
не ждаўшай адкладу.
Пратазы глядзіць, уважае —
ціхусенька ўсюды — ён руку ў каноплі ўсувае
і, гушчу сцяблоў расхіляючы, так ярыною
плыве, як рыбак, занырнуўшыся ўглыб пад вадою.
Падняў галаву — ўсюды ціха — на дом спаглядае,
ціхусенька ўсюды — праз вокны пакоі бадае,
пусцюсенька ўсюды — на ганак ідзе не без страху,
ўвайшоў — а там пуста, як бы ў зачарованым гмаху.
Тут позву дастаўшы, заяву чытае умела,
аж раптам — туркоча! аж сэрца яму задрыжэла,
хацеў уцякаць... калі ў дзверы заходзе асоба,
на шчасце, знаёмая! Ксёндз! здзіваваліся оба.
Відацца, што Граф із дваром сваім недзе сабраўся,
пакінуў расчынены дзверы, відацца, спяшаўся.
Відацца, што зброіўся спешна: ляжалі двуруркі
і штуцары скрозь на падлозе, і штэмплі, і куркі,
пры гэтым слясарска начынне, каторым рыштункі
спраўлялі, і порах, папера: рабілі ладункі[8].
Ці Граф із дваром сваім цэлым паехаў на ўловы?
Нашто ж бы ручное аружжа? Палаш безгаловы
ляжыць заржавелы, во шпага ляжыць без тамляку:
відаць, выбіралі аружжа із гэтага браку,
парухалі нават і склады старога аружжа,
Чарвяк да рушніцаў і шпагаў прыглядваўся дужа
уважна, а после ў пякарню пайшоў распытацца
пра Графа ад’езд у людзей, каб чагосьці дазнацца.
Дзве бабы спаткаў усяго, і адна старавіна
сказала, што Граф і усенькая дворна дружына
грамадна й аружна паехалі ў пуць да Дабрына.
А шырака слаўны ў Літве той Дабрынскі засценак
баёвасцю шляхты і гожасцю мілых паненак.
Багаты і модны даўней; як кароль бо Ян Трэці
абвесціў калісь паспаліта рушэнне праз віці[9],
харунжы вайводства прывёў з аднаго-лі Дабрына
шэсцьсот яму збройнае шляхты. Сягоння радзіна
збяднела, паменшала. Перш па дварох між панамі,
у войску, па сойміках, зборках, заездах часамі
прывыклі Дабрынскія жыці на лёгкім хлебе,
цяперака ж самі працуюць у цяжкай патрэбе,
не лепш мужыкоў! Адно толькі не носяць сярмягі,
а белыя світкі-капоты у чорныя шляхі,
ды контушы святам. І строй, нат бяднейшых шляхцянкаў,
таксама жа ж розніцца шмат ад сялянскіх каптанкаў:
бо ходзяць яны у куплёных усё паркалічках,
пасуць не у лапцях лазовых, анно ў чаравічках,
жнуць збожжа, а нават і пражу прадуць ў рукавічках.
Дабрынскія рознілісь шмат між літоўскай братвою
і відам, і ростам, гаворкай зусім не такою.
То чыстая ляшская кроў; усё чорны чупрыны
і вочы, высокі лабы і насішчы арліны;
з Дабрынскай зямлі спрадвечны свой род вывадзілі;
гадоў хоць чатырыста ўжо на Літву як прыбрылі,
умелі мазурскую мову й звычай захаваці.
Калі пры хрысцінах імя надавалі дзіцяці,
то бралі звычайна патрона яму караняжа
або Баўтрамея святога, або Матыяша.
Мацвеева сына хрысцілі яны Баўтрамеем,
а зноў Баўтрамеева сына хрысцілі Мацеем.
Жанчыны усе празываліся Кахны й Марыны.
А каб разабрацца сярод вось такой мешаніны,
давалі мянюшкі ад нейкай захвалы, заганы,
і гэтак усе ў іх мужчыны й жанчыны празваны.
Мужчынам і колькі мянюшкаў давалі часамі
на жарт ці на знак паважання паміж землякамі;
бывала, той самы ў Дабрыне іначай быў ведам,
а зноў жа пад накшай мянюшкай быў знаны суседам.
Услед за Дабрынскімі іншае шляхты нямала
таксама мянюшкаў[10] сабе усялякіх набрала.
Цяпер блізка кожная іх ужывае радзіна,
а мала хто знае, што маюць пачатак з Дабрына
й былі там патрэбны, калі ў астальным усім краі
дурным вычвараішем вайшлі у шляхоцкі звычаі.
Дабрынскі Мацей, што стаяў на чале вакаліцы
усей, празываўся мянюшкай Пятух на званіцы.
З семсотым і дзевяцьдзесятым чацвертым жа рокам,
змяніўшы мянюшку сваю, празываўся Забокам;
а Крулікам (кролікам) звалі Дабрынскія самі,
літоўцы яго ймянавалі Мацюк над Мацькамі.
Як ён панаваў над Дабрынскімі, дом так ягоны
над вёскай: займаў між карчмой і касцёлам загоны.
Відацца, што рэдка там госці: жыла ў ім галота,
бо брама стырчыць без варот, а гароды без плота,
не сеяны, нават на градках раслі ўжо бярозкі:
а ўсё ж выглядала сядзіба сталіцаю вёскі,
бо хата і веліччу й формай магла б пахваліцца,
а справа была мураваная з цэглы святліца.
І скарбец, і свіран, гумно, і абора, і стайня,
у кучы усё, як бывала у шляхты звычайне;
усё прастарое, гнілое. А стрэхі над хатай
свяціліся, моў бы пакрытыя бляхай багатай,
ад моху й травы, што буялася, бы ў сенажаці.
Па стрэхах гуменных, казаў бы гароды вісячы
раслін разнаякіх: крапіва і крокус чырвоны,
ўсялякія краскі у жоўтыя, сінія тоны.
Пад дах галубы улятаюць у нейкай трывозе;
во ластаўка шмыг у гняздзечка; трусы пры парозе
ў мураўцы капаюцца й скачуць, бы беленькі дзеткі.
Ну, словам, падобны той двор да трусярні ці клеткі.
А быў абаронны калісь! І шукаці не нада
слядоў, бо, відаць, дазнаваў ён нямала нападаў.
Дагэтуль пад брамай ляжыць у траве каля хаты
на веліч з галоўку дзіцячую куля з гарматы
з часоў яшчэ шведскіх калісьці вароты адпёрты
трымалісь, крылом на жалезную кулю успёрты.
Ў падворку паміж палыноў, бадылёў запусцелых
стырчыць больш за дзесяць крыжоў паламаных, збуцвелых,
ў зямлі непасвячанай; знача, што тут пахавана
пагібшых ад смерці, ад наглай і неспадзяванай.
А глянеш на сцены ці скарбца, ці свірна, ці хаты,
то бачыш, яны ад зямлі аж да шчыту рабаты,
як роем насечнікаў чорных; у кожнай там пляме
сядзіць усярэдзіне куля, як чмель той у яме.
Пры хатніх дзвярох усе клямкі, гвазды ўсе і гакі,
калі не адцяты, то носяць ад шабляў адзнакі:
відацца, што тутака проб’валі гарт зыгмунтовак,
каторымі лёгка з цвякоў паадрэзваць галовак
ці гак адсячы, не зрабіўшы ніякае шчэрбы.
Вышэй, над дзвярмі, там Дабрынскіх віднеліся гербы;
аднак арматуру[11] паліцы сыроў засланілі,
і ластаўкі густа гняздзечкамі іх заскляпілі.
Ў сярэдзіне дому самога, у стайні, ў вазоўні,
рыштунку багата, маўляў у старой дзе збраёўні.
Вялізны вісяць пад страхой шышакі там чатыры,
аздобы для марсавых[12] чол, а сягоння Венеры,
там птушкі, галубкі, буркуючы, кормяць піскляты;
пад жолабам ў стайні кальчугі вялізны распяты
і панцыр кальчасты служылі цяпер за драбіну,
ў катору хлапец закідаў жарабцам канюшыну.
Кухарка рапіраў ўжо некалькі адгартавала,
заместа ражкоў да пячэні у кухні іх брала;
бунчук[13] жа, пад Венай здабыты, атропываў жорна.
Так выгнала Марса Цэрэра спадарна, праворна
й пануе у хэўры з Памонай, Вертумнам і Флорай
над Мацькі Дабрынскага домам, гумном і каморай.
Ды сёння прымушана зноў уступіці багіня:
вяртаецца Марс.
На світанні з’явіўся ў Дабрыне
вярхом пасланец; ён лятае ад хаты да хаты
і будзе, на паншчыну моў бы. Ўстаюць браты-шляхты
і вулкі засценку натоўпам усе запаўняюць,
чуць крык у карчме, у клябаніі свечкі зігаюць.
Бягуць, і пытае адзін у другога — што знача?
Старыя дай раіцца; моладзь жа коней кульбача;
натоўпілась баб; дзецюкі ужо рвуцца да бою,
ды толькі не ведаюць: з кім, і за што, і кудою?
Стаяць таму змушаны, хоцькі-няхоцькі. Ў клябана
трывала даўгая нарада, страшэнна змяшана,
а ўсё аніяк не маглі яны трапіць да ладу,
дык гурмам рашылі ісці да Мацея на раду.
Мацею гадоў ужо семдзесят два, а рухавы;
з узросту малы, канфад’рат яшчэ барскае справы[14].
О, помняць і другі і ворагі шаблю страшную
яго, дамасцэнскую ту карабэлю крывую,
і пікі й штыкі ад каторай ляцелі, як сечка,
хоць жартамі скромна празваў яе Розга — Рузэчка.
А з канфедэрата староннікам стаў каралеўскім,
трымаўся тады з Тызенгаўзам, падскарбім літоўскім;
калі жа ж кароль падтрымаў таргавіцкую змову,
Мацей каралеўскую партыю кінуў ізнову.
Таму што праходзіў праз партыяў гэтак ён многа,
празвалі калісьці Пятух на званіцы старога,
што знача, як певень па ветры хвастом павяртаўся.
Прычыны жа частых так зменаў ніхто б не дазнаўся:
ці можа вайну так любіў, што, з аднымі пабіты,
ішоў да другіх, заўсягды да бітвы прагавіты?
Ці можа ён, быстры палітык, дух часу тлумачыў
і з тымі ішоў, дзе дабро для Айчызны прадбачыў?
Няведама! Толькі ж яго не вялі ні дурнота,
ні зыск які подлы, ні славы пустая ахвота,
і з парт’яй маскоўскай ніколі Мацей не трымаўся,
на самы нат від маскаля ужо пеніўся, рваўся.
Як край жа забралі, каб іх не спаткаці, ён дома
сядзеў, як вядзмедзь, што сасе сваю лапу пад ломам.
Апошні йшчэ раз ваяваў ён, пайшоўшы з Агінскім
да Вільні, дзе разам служылі яны пад Ясінскім,
і з Розачкай там ён даказываў цудаў адвагі.
Слыло, што адзін быў саскочыўшы з насыпаў Прагі
на помач Пацею[15], каторы ляжаў не забраны,
пакінут на пляцы, дастаўшы аж дваццаць тры раны.
І думалі доўга ў Літве, што з абоімі квіта,
аж раптам вярнуліся, кожны паколат, як сіта.
Пацей па вайне захацеў праз удзячнасць, нязгорда,
свайму абаронцу Дабрынскаму выдзеліць шчодра
хвальварак харошы з дымамі пяцьма ў дажывоцце
і вызначыў рочна йшчэ тысячу злотых у злоце.
Дабрынскі адмовіў: «Хай мае Пацей лепш Мацея,
ніжэлі Пацея Мацей, за свайго дабрадзея».
Не ўзяў ані грошай вяльможы, ані фаліварку,
з уласнае працы пражыў, не прыняўшы падарку:
гаўяда лячыў, рабіў розны пчаліны прыладкі,
ў сілкі налавіўшы, на торг пасылаў курапаткі,
звяроў паляваў.
А нямала такіх у Дабрыне
людзей растаропных старых, што яны й па-лаціне
умелі, ў палестры былі з маладога йшчэ году;
а шмат багацейшых было, ды з усенькага роду
Мацей, хоць і бедны прастак, найбалей паважаны,
не толькі таму, што рубака ён, Розачкай званы,
а як чалавека з разумнаю думкай любілі,
што ведаў гісторыю краю, падзеі фамільі,
што ведаў законы й парадак увесь гаспадарства,
таксама як сэкраты розны стральцоў і лякарства;
прытым прызнавалі яму (хоць клябан і пярэчыў)
знаймо незвычайных і надчалавечых нат рэчаў.
То пэўне, што змены надвор’я дакладна ён знае
і за каляндар гаспадарскі часцей іх згадае;
таму не дзівота, калі ці сяўбу пачынаці,
ці слаці віціны, ці збожжа калі зажынаці,
або прававацца судом ці рабіці уклады,
нічога ў Дабрыне не йшло без Мацеевай рады.
Стары не шукаў ані крышкі уплыву такога,
нат сам на кліентаў пабурківаў злосна і строга
і моўчкі выпіхіваў часта за дзверы із дому,
а рады даваў дужа рэдка і не абы-кому;
і толькі у самых паважнейшых спорах ці ўмовах
спытаны, казаў сваю думку ў кароткіх ён словах.
Хацелі яго залучыць да сягоннешняй справы
і думалі, стане ён сам на чале ўсей выправы;
бо змоладу дужа любіў ён да біткі нагоду
і ворагам быў жа вялізным маскоўскага роду.
Якраз во старэнькі хадзіў па самотным падворры
й наспевываў ціха сабе: «Калі раннія зоры»,
вясёл, што пагодзіцца. Ймгла не ўздымалась панура
уверх, як звычайна, калі сабіраецца хмура,
а ўсё ападала. Ўжо вецер, развёўшы далоні,
сівую разгладжваў імглу, рассцілаў на балоні;
тым часам і сонца з-над неба мільёнам праменняў
ўсё тло пратыкае, сярэбра, залоце, чырвене.
Як пара у Слуцку майстроў літ-паяс вырабляе,
дзяўчына ізнізу на кросенцы шоўк заснувае,
разгладжуе поле, а зверху ўжо ткач навучоны
скідае ёй ніткі із золата, срэбра, чырвоны,
складаючы краскі; так вецер зямлю туманамі
наскрозь заснаваў, а ўжо сонца праткала касамі.
Мацей абагрэўся на сонцы, малітвы канчае,
да працы ў сваім гаспадарстве малым прыступае.
Ўзяў лісця, травіцы і, сеўшы прад хатаю, свіснуў:
на свіст яго трусікаў рой з-пад зямлі моў бы пырснуў,
і моў над травой расцвілі тут нарцысы даўгія,
так іхныя вушкі бялеюць; пад імі зыркія
блішчаць вачаняты, казаў бы крывавы рубіны,
ушытыя густа у зель аксамітнай дзярніны.
Трусы ўжо на лапках стаяць; прыглядаецца стадка
і слухае; ўрэшце уся белапуха грамадка,
прынаджана лісцем капусты, бяжыць да старэчы
і скача пад ногі яму, на калены, на плечы.
А сам жа ён белы, як трус той, іх любе грамадзіць
і цёплай рукою пушок іхны мякенькі гладзіць,
другою ж рукою ён проста із шапкі кідае:
то для вераб’ёў — і крыклівая банда злятае.
Калі так стары забаўляцца пачосткай быў рады,
раптоўна трусы — у зямлю, вераб’ёў жа грамады
на стрэхі ўцякалі прад новых гасцей надыходам,
што хутка ішлі ад пякарні паважным чародам.
Былі гэта тыя паслы, што шляхоцкай грамадай
з клябаньі пасланы сюды да Мацея за радай.
Здалёку старому адважылі нізка паклоны
й прамовілі важна: «Хай будзе Хрыстос пахвалёны!»
«На векі вякоў жа і аман»,— стары адазваўся,
калі ж аб паважнасці іхна пасланства дазнаўся,
то просе да хаты. Ўвайшоўшы, сядаюць на лаву;
адзін пасярэдзіне стаў і выкладуе справу.
Тым часам і шляхты штораз то гусцей прыбывала:
Дабрынскія блізка што ўсе там, суседзяў нямала
з засценкаў усіх вакалічных і збройна, й бязбронна,
у брычках, калмажках, а многа — і пеша, і конна;
вазы свае ставяць, к бярэзінкам вяжуць пад’ездкаў
і кружаць ля хаты, з нарады цікавыя весткаў;
запоўнілі хату, збіраюцца ў сені хваёвы,
а іншыя слухаюць, ўціснуўшы ў вокны галовы.
Зноскі
[правіць]- ↑ У Літве называюць ваколіцай або засценкам шляхецкае аселішча, каб адрозніць яго ад сапраўдных вёсак або сёлаў сялянскіх сяленняў (А. М.).
- ↑ Гаўяда — скаціна, тавар, быдла (Б. Т.).
- ↑ Рэестр тактавы абымаў крымінальныя справы, напр(ыклад) абразы ўрадавых асоб (Б. Т.).
- ↑ Рэтар — вучань класы рыторыкі, у якой вучылі прамоваў (Б. Т.).
- ↑ Кісель — літоўская страва, накшталт студзеню; робіцца яна з заквашанага молатага аўса, які прамываецца вадой да таго часу, пакуль не аддзеляцца ўсе драбніцы мукі; адсюль і прымаўка (А. М.).
- ↑ Фарпочта — разведачны патруль (Б. Т.).
- ↑ Пасля многіх свавольстваў схоплены ў Мінску і расстраляны па трыбунальскаму прысуду (А. М.).
- ↑ Ладунак — набой (Б. Т.).
- ↑ Калі кароль меў склікаць паспалітае рушэнне, наказываў затыкаць у кожнай парафіі высокую жэрдзь з прывязанай на вярху мятлой або «віццю». І гэта называлася «раздаць віці». Кожны дарослы чалавек рыцарскага стану павінен быў пад пагрозай утраты шляхоцтва адразу явіцца пад ваяводскую харугву (А. М., Б. Т.).
- ↑ Мянюшкі — гэта, уласна кажучы, зласлівыя прозвішчы (А. М.).
- ↑ Арматура — зброя (Б. Т.).
- ↑ Марс — бог вайны; марсавы — ваенны, ваяцкі (Б. Т.).
- ↑ Бунчук — конскі хвост на кіі, азначаўшы ў туркаў ваенную адзнаку (Б. Т.).
- ↑ У 1768 г. шляхта зрабіла ў Бары на Падоллі збройны саюз проці Расіі і караля Станіслава Панятоўскага, які трымаўся з Кацярынай (Б. Т.).
- ↑ Граф Аляксандр Пацей, вярнуўшыся пасля вайны ў Літву, дапамагаў землякам, якія скіроўваліся за граніцу, і пераслаў значныя сумы грошай у касу легіянераў (А. М.).