Перайсці да зместу

Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца сёмая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быліца шостая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца восьмая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца сёмая
НАРАДА

ЗМЕСТ:
Добрыя рады Баўтрука, празыванага Прусак. — Жаўнерскі голас Мацюка Хрысціцеля. — Палітычны голас пана Бухмана. — Янкель радзе да згоды, якую Цызорык расцінае. — Рэч Гярвазага, з якой аказуюцца вялікія вынікі саймавой вымовы. — Пратэстацыя старога Мацюка. — Раптоўнае прыбыцце ваеннай помачы зрывае нараду.— Гайда на Сапліцу!

Чародна Баўтрук, або Бартак, там справу выводзіў,
каторы не раз ў Каралевец, са стругамі ходзіў,
названы Прусак ён паміжы сваймі землякамі
на жарты, што страшна ўжо грэбаваў ён прусакамі,
хоць рад быў аб іх гаварыць. Учытаны ў газету,
ў сваіх падарожжах далёкіх пабачыўшы свету,
ужо пажылы чалавек, у палітыцы сведам,
ён высветліць многае мог у нарадах як следна,
дык вывады гэтак канчае:

«Вось, знача, Мацею,
мой браце і бацька сабраных усіх, дабрадзею,
то помач зусім не благая. Бо я б на француза
ў вайне гэтак здаўся бы, на чатырох як бы тузаў:
народ баявы! а ад часу хіба Тадавуша
Касцюшкі, то свет і не бачыў такога геньюша[1]
ваеннага, як імператар цяпер Банапарта.
Я помню, французы калі перайшлі цераз Варту,
я быў за граніцай тады, а у року то панскім
у тысяча восемсот шостым; як раз жа із Гданскам
тады гандляваў я, а маю радню у Пазнанскім.
Паехаў адведаць іх. Ну, гэта з панам Юзэфам
Грабоўскім э, каторы тады рэгіменту быў шэфам
і жыў у тым часе на вёсцы каля Аб’язерра,
пайшлі мы сабе паляваць на маленькага звера.
 
Тады ў Велькапольшчы быў мір, як цяпер у Літве,
аж раптам расходзіцца весць аб страшэннай бітве.
Да нас пасланец прыбягае ад пана Тадвена.
Грабоўскі ліста прачытаў і ускрыкнуў: «Іена!
Іена! пабілі прусакаў наголаў, страшэнна!»
Адразу з каня я саскочыў, прыпаў на калена
падзякаваць богу. — Ну, едзем да места блізкога,
як бы з інтарэсам, не ведаем нібы нічога;
аж бачым адразу: усе камісары, ляндраты
і іншыя розныя ўсе там сабакі гафраты
з паклонамі нізкімі; кожны дрыжыць не прыпадкам,
маўляў той прусацкі насечнік, паліты вараткам.
Мы, рукі тручы й смеючыся пры гэтакай змене,
пытаем іх ветла навінак, што чуць аб Іене?
Спужаліся, дзівяцца, што аб паражцы таковай
мы ведаем; крыкнулі немцы: «А хары гот! о вэй!»[2]
Спусцілі насы ды да хаты, а з хаты у ногі —
і рвалі жа драла! Усе велькапольскі дарогі
ад бежанцаў поўны. Паўзе немчура, як мурашкі,
і цягне вагены, фарналькі, то бачыш калмажкі,
павозкі па іхнаму гэта; мужчыны й кабеты
із люлькамі, ймбрычкамі цягнуць свой статак і бэты[3],
ўцякаюць наўзавады. Мы ж тады моўчкі нараду
і зараз на коней, каб немцам змяшаць рэйтараду!
І дай жа ляндратам па шыі, з гафратаў дзерць скабы,
а гэр-афіцэраў лавіць за даўгія гарцабы —
а тут генерал наш Дамброўскі ўляцеў да Пазнаня
й прынёс напальёнаўскі разам загад: Да паўстання!
У тыдзень адзін наш народ так расчысціў прусацтва,
што немца тады не знайшоў бы, каб трэ, й на лякарства!
А што, каб і нам гэтак хвацка і спрытна ударыць,
Маскву ў Літве, як у лазні, таксама адпярыць?
Ну, як жа, Мацею? Масква калі так з Банапартам
задзерла каты, то ўжо ён паваюе не жартам.
Герой найпярвейшы на свеце, а войска без меры!
Ну, што, ты наш Крулік і Бацька, ці добры намеры?»

Так скончыў. Чакаюць усе ад Мацея адроку.
Мацей галавой не крануў, не падняў нат узроку,
а толькі рукой колькі раз ударыў па боку,
казаў бы, што шаблі шукаў (ад забору бо краю
ён шаблі не носе, аднак са старога звычаю,
Маскву як успомняць, за бок сябе левы хапае —
 
што Розачкі ўжо там няма, то, відаць, забывае;
праз тое усе й празвалі Мацея Забокам).
Падняў галаву ён і слухаў ў маўчанні глыбокам.
Відацца, ў сваіх спадзяваннях змыліліся людзі.
Нахмурыўся дзед, галаву апусціў аж на грудзі.
Азваўся ў канцы, вымаўляючы словы чаргою,
павольна, з прыціскам, ківаючы ў такт галавою:

«А ціхаце! скуль навіна гэта ўсенька прыходзе?
ды як жа далёка французы? а хто імі водзе?
ці ўжо і за што пачалі ваяваці з Масквою?
кудою праходзіць збіраюцца, з сілай якою?
а колькі язды, пехаты? няхай кажа, хто знае!»

Тут моўчкі адзін на другога гарой спаглядае.
«Я радзіў бы, — кажа Прусак, — пачакаць барнадына,
ксяндза Чарвяка, ад яго бо паходзяць навіны;
тым часам каб шпегаў нам пэўных паслаць пад граніцу
й паціху-памалу узбройваць усю акаліцу.
А толькі старацца усё асцярожна наладзіць,
каб неяк чаго маскалём у намерах не здрадзіць».

«Чакаці? брахаці?» — Мацей тут другі прарывае,
Крапіцелем хрышчан, бы дужа вялізную мае
дубінку, Крапілам празвану. Дык стаўшы сягоння
за тою дубінай, на галцы злажыўшы далоні
і ўспёршысь на іх барадою, крычаў: «Зачакаці!
Пасаймікаваць! Чым трым, брым, а пасля уцякаці!
Не быў я у Прусах, а розум жа той крулявецкі
то добры для Прусаў, а мне хопе розум шляхецкі
Мне ясна, хто біцца маніцца, крапіла хапае,
а хто паміраць, той ксяндза да сябе паклікае!
Мне жыць толькі й біць! Дык нашто барнадын паміж намі?
Не мальцы мы. Самі паробімся лепш чарвякамі,
Маскву каб тачыць. Трым, брым, шпегі і розны праведы.
Дык ведайце, што гэта знача? — Што вы кураседы
і боўдзілы самі! Бо справа то выжла сачыці,
ксяндзоўская квэсту збіраць, а мая так крапіці,
крапіці, крапіці і квіта!» — й пагладзіў дубінку.
Падхоплюе шляхта: «Крапіці! крапіць!» — як на рынку.
 
Хрысціцеля бок падтрымаў Баўтручок, што «Брытэўка»
за шаблю празваны, й Мацей, што празваны «Канэўка»
за стрэльбачку, штуцар, у горле страшэнна шырокі,
што, мовіў бы з конаўкі, куляў ліліся патокі.
Абодва крычэлі: «Віват наш Хрысціцель з Крапілам!»
Прусак не здаваўся, ды словы яго заглушыла
ад смеху і крыку: «Далоў Прусакі ўсе труслівы,
ў манаскі каптур хай схаваецца, хто баязлівы!»

Аж тутка старэнькі Мацей галаву падымае
і гоман, і крыкі паволі крыху уцішае:
«Не смейцеся, — кажа, — празнадта вы з гэнага плеха;
за вас бо вялікшага згрыз Чарвячок той гарэха.
І жах жа! Я раз толькі бачыў: ледзь вокам зірнуўся,
пазнаў, што за птушка; ён бокам адразу звярнуўся,
баяўся, відацца, каб я не пачаў спавядаці,
ды што ж — не мая гэта справа, няма што й казаці!
Сюды ён не прыйдзе, і клікаць дармо барнадына.
Калі ад яго гэта вышла усенька навіна,
няведама, з мэтай якою, бо бес то ксянжына!
Калі, апроч тэй навіны, вы нічога не мелі,
чаго ж да мяне вы прышлі і чаго вы хацелі?»

«Вайны!» — закрычалі. «Якой?» — запытаўся. Казалі:
«Вайны з маскалямі! Паўстання! Гайда на маскалей!»

Прусак жа крычаў галасней, аніяк не здаваўся
і послуху часцю паклонам сабе дабіваўся,
а часцю прамовай крыклівай і тонкай дабіўся.

«І я хачу біцца, — крычаў і у грудзі лупіўся, —
Хаця ж не нашу я Крапіла, друком ад віціны
раз справіў ажно чатыром прусакам я хрысціны:
хацелі мяне па-п’яному у Прэглі ўтапіці».
«Дзяцюк! — яму кажа Хрысціцель, — то добра! крапіці!»
«Ах, Езу, салодкі ты мой! Але ж перш трэба знаці,
вайна гэта з кім і за што? Каб і свету сказаці —
Прусак галасіў, — бо інакш, то народ не за намі!
Не пойдзе, калі, дзе ісці, мы не ведаем самі!
Паны дабрадзеі, няўжо вы купаны ў варатку?
Браточкі, тут трэба разважнасці, ладу, парадку!
Вайны калі хочаце: зробіма канфедэрац’ю,
 
а дзе й пад чыей булаваю, абдумаем рац’ю.
Таксама і тамака: ўбачылі мы рэйтараду
нямецкую, што тады робім? уходзім у раду
у тайную, зброім і шляхту й сялянску грамаду;
гатовы й чакаем Дамброўскага толькі наказу,
урэшце, на коней, гайда! і паўсталі адразу!»

«І я прашу слова!» — казаў камісар тут із Клецку,
прыгожы і молад, адзеты крыху па-нямецку,
пан Бухман; аднак жа паляк і у Польшчы радзіўся;
няведама толькі, са шляхты ці не, вывадзіўся.
Аб тым не пыталі, усе шанавалі Бухмана,
што меў ён вялікую службу ў вялікага пана,
што добры ён быў патрыёт і вялізнай навукі,
што выўчыўся з кніжак чужых гаспадарскае штукі
і адміністрац’яй маёнтку займаўся умела;
судзіў аб палітыцы болей разважна, як смела,
умеў і прыгожа пісаць і прамову сказаці.
Замоўклі усе, калі ён пачынаў распраўляці:
«І я прашу слова», — паўтарыўшы, двойчы адхаркнуў
і звонкімі вуснамі гэтак во звякнуў:

«Прадмоўцы мае у прамовах сваіх у вымоўных
крануліся пунктаў усіх найважнейшых, галоўных,
дыскусію так на вышэйша ўзнялі станавішча,
дык мне застаецца сабраць у адзіна вагнішча
раскіданы мэтныя думкі і разумаванні;
і так спадзяюся згадзіць супярэчныя зданні.
Дзве часткі заўважыў я тутака ў споры тым цэлым;
падзел ужо зроблены, йду за тым самым падзелам.
А перад усім жа: нашто падтрымаць нам паўстанне?
і ў духу якім? найважнейшае, перша пытанне;
другое пытанне — то рэвалюцыйная ўлада.
Падзел такі добры, анно адвярнуць яго нада,
найперш распачаць ад улады; а сцяміўшы ўладу,
з істотай і духам і мэтай паўстання дам раду.
Дык вось аб уладзе: калі вачыма прабягаю
падзеі ўсяго чалавецтва, то што заўважаю?
Вось род чалавечы дзікі, па лясох несканчоных
рассыпан, збіраецца, лучыцца для абароны,
рыхтуецца, раіцца — першая гэта нарада.
А после з часціны уласнай свабоды, што нада,
зракаецца кожны для огулу: гэта устава
 
найпершая, скуль, як з крыніцы,, цячэ усё права.
Дык бачыма гэтак, што творацца ўрады умовай,
аж, як выдумуюць, божаю воляй яковай.
Як выяснім так мы урад грамадзянскім кантрактам,
падзел тады ўлады канешным праявіцца актам...» [4]

«Ну, вось табе маеш кантракты! мо’ кіеўскі, мінскі? —
Мацюк тут стары перабіў, — і урады бабінскі![5]
Пан Бухман, не буду я з вамі аб тым калаціцца,
ці чорт, ці сам бог нам накінуў цара — то дурніца:
кажэце, як скінуць цара, давай спосаб пазбыцца!»

«Во штука, — ускрыкнуў Крапіцель,— каб мог я падскочыць
да трону й цара каб Крапілам так пляснуць праз вочы,
тады б ён ужо не вярнуўся ні кіеўскім трактам,
ні менскім, ні пана Бухманавым нейкім кантрактам;
напэўне, не ўскрос бы ні з божае моцы, ні з поп'яй,
ані з Бальзабубавай; той малайчына, хто кропе!
Хоць вашая, Пане Бухмане, прамова вымоўна,
гаворка шум, друм, бо крапіць! гэта справа галоўна».

«Няўжо ж!» — запішчэў, паціраючы рукі, «Брытэўка»,
лятаўшы ад Мацькі к Хрысціцелю, мовіў бы цэўка,
кіданая справа налева у кроснах жанчынай:
«А толькі, ты, з Розачкай Мацька, ты, Мацька з дубінай,
згадзіцеся толькі, дальбо, Маскалёў мы паб’ема
на друз; дык усе пад камандаю Розгі хадзема!»

«Каманда, — азваўся Хрысціцель, — то так, на парадзе;
у нас жа каманда такая ў кавенскай брыгадзе,
і коратка й ясна: пужай, але сам будзь без страху,
лупі, не давайся, валяй і махай без прамаху;
шах, мах!» — «Ну, вось гэта мне, — Брытва піснуў, — рэгулямант!
Нашто пісаніна, нашто марнаваці атрамант?
А канфедэрацыі трэба? дык справай такою:
Мацей — наш маршалак, а Розга — яго булавою».
«Віват наш Пятух на званіцы!» — ускрыкнуў Хрысціцель.
А шляхта яму адказала: «Віват наш Крапіцель!»

Аднак, хоць стрымана, ў кутох зашамрэла грамада,
відаць, што на дзве стараны раздзяляецца рада.
 
Ка’ Бухман: «А згоды ніколі я не пахваляю,
мая то сістэма!» Хтось крыкнуў жа: «Не дазваляю!»
А іншыя ўтораць з кутоў. Тады голасна, груба
азваўся прыбыўшы нядаўна і шляхціц Скалуба:

«Панове Дабрынскія! гэта ж не гожая справа!
А мы няўжо выняты будзем чамусьці з-пад права?
Як нас жа із нашых засценкаў сюды запрашалі,
спрасіў нас Рубайла Мапанку, то гэтак казалі,
што дзеяцца маюць вялікія рэчы ў народзе,
не толькі аб вас, а аб цэлым павеце тут ходзе,
аб шляхце усей; і Чарвяк жа не раз заікаўся
аб гэтым, што праўда, ніколі ва ўсім не прызнаўся,
а заўжды нам цёмна тлумачыў. Канцы ж то канцамі,
мы з’ехалісь тут і суседаў сазвалі ганцамі.
Не самі, Панове Дабрынскія, тутака, ўрэшце,
збярэцца із розных засценкаў тут шляхты са дзвесце,
дык радзьмася разам. Калі ўжо патрэба маршалка,
то ўсе галасуем, і кожнаму роўная галка!»
Жыве няхай роўнасць!

І два Тараевічы,
чатыры Стыпулкоўскія, разам тры Міцкевічы
«Няхай жыве роўнасць!» — крычаць, стаючы за Скалубай.
А Бухман пакліківаў: «Згода то будзе загубай!»
Крапіцель крычэў: «І без вас мы абойдземся самі,
няхай жа жыве наш маршалак, Мацюк над Мацькамі!
Бяры булаву!» Тут Дабрынскія ў крык: «Запрашаем!»
А шляхта чужая у голас: «Мы не пазваляем!»
На дзве раздзяліўся грамадкі натоўп скалачоны,
галоўмі ківаючы ў дзве процілежны староны,
адны крычаць: «Не пазваляем!» — другія жа: «Просім!»

Мацейка стары пасяродку сядзеў ў разгалоссі
такім, з усіх толькі яго галава нерухома.
Супроціў яго стаў Хрысціцель, трымаўшы рукома
дубіну, ды ўспёртай на ёй жа сваёй галавою
круціў, як узбітай на жэрдзіну тыквай якою,
і напераменку, то ўзад, то ўперад ківаўся,
«крапіць і крапіць!» — пастаянна крычэў, не спыняўся.
Уздоўж па святліцы пашмыгіваў Брытва рухавы
усё ад Крапіцеля ды да Мацеевай лавы.
 
А Конаўка ўшыркі паважна ізбу размярае
ад шляхты к Дабрынскім і, як пагадзіць, размышляе.
Адзін паўтарае: «Галіць!» — а другі: «Заліваці!»
Мацей хоць маўчыць, ды, відно, пачынае злаваці.

Так доўга шумелі, аж, бач, над натоўп вераскучы
спаміжы галоваў бліснуў, бытта стоўп разбліскучы:
быў гэта рапір даўжынёю у сажань, шырокі
на цэлую пядзю, а сечны на ’бодва ён бокі.
Відацца, тэўтонскі то меч, з нарымбэрскае сталі
каваны; дык моўчкі усе на той меч спаглядалі.
Таго, хто падняў, не відаць — дагадаліся ж скора:
Цызорык! дык крыкнулі гурмам: «Віват наш Цызорык!
Цызорык то Ключніка скарб найвялікшы у замку!
Віват наш Рубайла і Шчэрбец, Паўкозіч, Мапанку!»

Гярвазы (бо ён гэта быў) праз натоўп праціснуўся
ў сярэдзіну, бліснуў Цызорыкам, ўкруг азірнуўся,
затым, гастрыё пахіліўшы на знак прывітання
прад Мацькай: «Цызорык для Розгі — маё паважанне!
Браточкі Дабрынскія, — кажа, — не буду я радзіць
нічога, скажу адно толькі, на што вас зграмадзіць
стараўся, а далей усё станавіце вы самі.
Вам ведама, чуткі даўно ужо ходзяць між намі,
што дзеяцца вялікія рэчы на свеце,
Чарвяк гаварыў і гавораць усе у павеце?»
«Ну, ведама!» — крыкнулі.— «Добра. Разумнаму, — кажа, —
даволі двух слоў, а усё зразумее і зважа,
не праўда?» — «Ну, праўда!» — «Калі ж імператар французскі,—
Гярваз прадаўжае,— надходзе, а тутака рускі:
вайна! З імператарам цар, каралі з каралямі
пайдуць за чубы, як звычайна паміжы царамі,
а нам ці ж сядзець? Як вялікі вялікага глуша,
мы меншых падушым, свайго няхай кожны прыдуша.
Вялікім вялікая, меншым малая задача,
дык выразаць трэба шальмоўства усё, не іначай,
тады закрасуе і шчасце, і Рэч Паспаліта!»
«А праўда! — крычалі, — як з кніжкі у цемя убіта!»
Хрысціцель падтрымываў: «Праўда, крапі іх і квіта!»
«Галіць заўсягды я гатовы!» — азваўся і Брытва.
«Ды толькі згадзіцеся, — Конаўка ўсё дамагаўся, —
 
Мацей і Хрысціцель, наконта начальства, улады».
А Бухман на тое: «На згоду дурны толькі рады,
не шкодзяць для справы ані дыскусійныя звады.
Паслухайма моўчкі, а справа на тым толькі зышча,
бо з новага Ключнік глядзіць на яе станавішча».

«А дзе там, — адказуе Ключнік, — ў мяне па-старому;
аб рэчах вялікіх і думаць магнату якому:
на то імператар, кароль, і сенат, і паслове,
а робяцца гэткія рэчы, Мапанку, ў Кракове
або у Варшаве, не ў нас, у засценку Дабрыне.
А канфедэрац'яў не пішуць ані на віціне,
ні ў коміне крэйдай, а толькі жа на пергаміне.
Не нам і пісаць гэты акты, на то пісары і
каронны й літоўскія: гэтак рабілі старыя.
Во рэзаць Цызорыкам — справа мая!» — «І Крапілам
крапіці!» —дабавіў Крапіцсль.— «Выколываць шылам», —
ускрыкнуў тут Шыла Баўтрук, дабываючы шпагі.

А Ключнік: «Ніхто запярэчыць не мае адвагі,
Чарвяк што казаў: калі вы маніцёся ў павеце
прымаць Напальёна, то з дому трэ вымесці смецце.
І чулі то, пэўне, усе вы, а ці разумейце?
А смецце павету — то хто? Хто забіў гэтак здрадна
найлепшага тут з палякоў? і, аграбіўшы ладна,
цяпер ад наследніка вырваць астаткі маніцца?
Ці трэба казаць вам яшчэ?» — «Не іначай, Сапліца, —
адгадуе Конаўка, — злодзей!» — «О ёй! то гнабіцель!» —
тут Брытва піснуў, — «Дык крапіць яго!» — кажа Хрысціцель.
А Бухман прыбавіў: «Як здраднік, павесіць гадзіцца!»
«Гайда! — тады крыкнулі ўсе ўжо, — гайда на Сапліцу!»

Прусак яшчэ пробуе смела Суддзі абароны
і кажа, развёўшы рукамі ў абедзве староны:
«Панове браточкі! ай, ай! а на боскія раны!
І, Пане Гярвазы, няўжо вы ў варатку купаны?
Ці ж мова аб гэтым была там? Што нехта вар’ята,
баніта меў брата, ці ж можна караці за брата?
Ну, вось хрысціяне! Я Графіча бачу каншахты
у гэтым. — Ну, скажам, Суддзя каб цяжкі быў для шляхты,
 
дык не, далібо! Толькі вы называеце самі
яго, калі ён пагадзіцца стараецца з вамі,
свайго уступае, аплачуе грыўні і страты.
А што нам, што судзіцца Графіч? Абодва багаты;
дзяруцца паны, хай дзяруцца, чым мы вінаваты?
Суддзя то гнабіцель?! А ён бараніў, хіба блізка
што першы з паноў, мужыкам сваім кланяцца нізка,
к зямлі, бо то грэх. І не раз у яго то бывае,
я сам гэта бачыў, сялян да стала запрашае.
За воласць падаткі плаціў, а не так, як у Клецку,
хоць Ваша, Пан Бухман, там справу вядзеш па-нямецку.
Суддзя, кажуць, здраднік! Ад інфімы[6] разам ён з намі;
як быў, такі самы пасцівы, судзіце вы самі;
і Польшчу, і польскі звычаі ён любе, з народам
трымае і ходу не дасць абмаскаленым модам.
Як з Прусаў вяртаюся, хочучы змыцца з нямчызны,
ляту у Сапліцава, нібы у цэнтру пальшчызны:
а там, чалавек, надыхнешся, нап’ешся айчызны!
Дабрынскія, братам я вам, а не дам жа ніколі
пакрыўдзіць Суддзю, і не ўдасца супроць маёй волі.
Не так, браты-шляхта, вун там Велькапольшча рабіла:
і згода якая і дух! аж успомніў міла.
Падобных дурніцаў то, пэўне, ніхто б там не слухаў!»
«Дурніцаў?! — ускрыкнуў Гярвазы, — павесіць латругаў!»
Крык, шум узмагаўся. Тут Янкель прасіў паслухання,
на лаву ўсаскочыў, падняў над галовы сабрання,
як вехаць, сваю бараду, што па пояс сягае;
ён ліссі каўпак сабе правай рукою здымае,
а левай рукою скрануту ярмолку паправіў,
затым жа за пояс заткнуў яе й гэтак во правіў,
а ліссім сваім каўпаком усё кланяўся нізка:

«Ну, шляхта-панове, ну хай сабе буду «жыдзіска»;
Суддзя мне ні сват, ані брат; я шаную Сапліцаў,
паноў справядлівых і добрых, маіх жа дзядзічаў,
шаную Дабрынскіх я тож, Баўтрамеяў, Мацеяў,
як добрых суседаў сваіх жа, паноў дабрадзеяў;
і гэтак скажу: калі хочаце гвалт прычыніці
Суддзі, гэта дрэнна; ну, скажам, пабіці, забіці,
то лёгка, ну так — а асэсары, спраўнік, а турмы?
Бо ведайце, ў вёсцы Сапліцы жаўнераў жа цэлыя гурмы,
 
і егры[7] ўсе чыста! Асэсар у хаце; як свісне,
то прымашыруюць адразу, стаяць як умысне.
А што тады будзе? Калі ж вы чакайце француза,
французу дарога да нас шчэ вялікая дужа.
Я жыд і на войнах не знаюсь, а быў у Бяліцы
і бачыў знаёмых жыдоў там ад самай граніцы;
чуваць, што французы стаяць над Ласоснай ракою,
вайна ж калі будзе, то толькі хіба ўжо вясною.
Ну, так вам скажу: пачакайце! а двор Сапліцова
не крамная будка складана якась кірмашова,
злажыў і уцёк; як стаяў, так і будзе стаяці;
Суддзя не рандатар жыдок, каб ён меў уцякаці,
таму і вясною знайсці яго будзе шчэ можна.
Цяпер разысціся! А толькі пра ўсё асцярожна
а лепш не казаць анічога, паны ягамосці.
Як ласка, панове, чыя—запрашаю у госці,
бо Сара мая, ну, маленькага Янкельку мае,
усіх я частую сягоння, і музыка грае!
Заказаны скрыпкі, басэтля і дуды здаровы,
а, Пане Мацею, Пан любіш мядочак ліпцовы
стары, і каб новы мазуркі: а ёсць мазурочкі
навюсенькі; файна наўчыў я пяяць бахурочкі».

Вымова й развага любімага ўсімі Янкеля
прыпала да сэрцаў, дык воплескі згоды й вяселля
сарваліся ў хаце й ляцелі праз вокны і дзверы.
Гярвазы на Янкеля тут жа Цызорыкам змерыў;
жыд скочыў у шляхту, а Ключнік жа: «Вон, жыдавіне,
не сунь свайго носа у справы чужыя, бадзіня!
А, Пане Прусак, ці таму за Суддзю агітуеш,
што парай ягоных мізэрных віцінаў гандлюеш?
Запомніў, што бацька Вашэціны быў не такоўскі
й да Прусаў сплаўляў больш за дваццаць віцін Гарашкоўскіх?
Таму збагацеў так і сам і ягона радзіна,
а нават усе, колькі ёсцека вас із Дабрына.
Што Стольнік быў бацька для ўсіх, дабрадзей, то, старыя,
вы помніце добра, а чулі хіба й маладыя.
Каго ж камісарамі слаў да маёнткаў да пінскіх?
Каго на рахмістраў сваіх выбіраў ён? Дабрынскіх!
А крэдэнсу і маршалкоўства нікому, акроме
Дабрынскіх, не даў: а Дабрынскіх паўнюсенька ў доме!
 
То ж ён і ў судох падтрымовываў вашыя справы,
і у караля вырабляў жа ён хлеб вам ласкавы,
а вашых дзяцей дык капамі мясціў у канвікце
піярскім, на коштах ягоных, адзежы і вікце;
узрослым пратэгу рабіў — ну: не быў людаедам!
Скажэце: нашто яму гэта? — што быў вам суседам!
Сягоння не Стольнік, Сапліца сусед ваш блізюткі,
а добрага што вам зрабіў ён калі?»

«Нічагуткі!
Бо вырасшы, — Конаўка кажа, — з малога шляхеткі,
а нос задзірае уверх, надзіманішча гэткі!
Я, помніце, раз запрасіў на дачушкі вяселле;
паю, адмаўляецца, кажа: «Не п’ю я так веле,
як шляхта, бо вы наліваеце поўнае бруха!
Магнат! далікацік з мукі марымонскай[8], псялюха!
Не піў; налілі яму ў горла: крычыць і гвалтуе.
Чакайма, налье табе Конаўка! ох, не даруе!»
«Ой, жох! — закрычэў тут Крапіцель, — і я яго кропну,
аддам за сваё. Мой сынок быў хлапец растаропны,
цяпер жа здурнеў, што яго празываюць Саком,
а з прычыны Суддзі ён зрабіўся такім дураком.
Казаў я: «Чаго цябе ліха ў Сапліцава гоне?
чакай жа, як толькі злаўлю, няхай бог це бароне!»
А ён праз каноплі да Зосі ізноў падхадзіці;
злавіў яго, цапнуў за вушы і дай жа крапіці;
а ён тут у плач, як малое дзіця, завадзіці:
«Забі мяне, бацька, а мушу ісці там», — рыдае.
«Чаму гэта?» Кажа, што надта ён Зосю кахае!
Хацеў бы зірнуць на дзяўчыну! Ну, жаль мне дурнога,
кажу да Суддзі: «Пан, мне Зосю аддай за малога».
А ён жа: «Замолада, — кажа,— няхай пачакае,
сама як захоча». Тым часам, латруга, ўжо мае
кагосьці, чуваць. Ну, ўжо я на вяселле ўкручуся
і добра пасцель маладых пакраплю, адамшчуся!»

А Ключнік: «І гэтакі мае у нас панаваці, —
крычэў, — і даўнейшых найлепшых паноў руйнаваці?
А нашых Гарэшкаў — імя іх і памяць загіне?
Дык дзе ж тады ўдзячнасць на свеце? Няма у Дабрыне!
Браточкі! Вам хочацца з рускім царом нават біцца,
тым часам, я бачу, для вас застрашны і Сапліца!
Турмы баіцёся? Няўжо на разбой намаўляю?
 
А крый мяне, божа! я толькі за права трымаю.
То ж Граф гэта выграў, зыскаў і дэкрэтаў нямала;
а выпаўніць толькі! Вось гэтак даўней жа бывала:
дэкрэты пісаў трыбунал, а шляхта выпаўняла,
найболей Дабрынскія, згэтуль жа іхняя й хвала
ўзрасла на Літве! Бо то ж гэта Дабрынскія самі
на Мышскім[9] заездзе змагаліся там з маскалямі,
каторых расейскі прывёў генарал Вайніловіч
і, злодзей, прыяцель ягоны пан Воўк з Лагамовіч.
Ці помніце, як мы забралі Ваўка да няволі
і як ужо вешаць хацелі на бэльцы ў стадолі,
што быў ён слугой маскалём, мужыкам жа тыранам;
сяляне ж, дурныя, ўзялі й злітавалісь над панам!
(А мушу ўпячы шчэ яго на сваім Цызарыку.)
Не ўспомню я іншых вялікіх заездаў без ліку,
з каторых выходзілі добра, як шляхце прыстала:
з агульным прызнаннем, і зыскам, і хвалай!
Ды што ўспамінаць вам! Сягоння ўжо многія леты
правуецца Граф, ваш сусед, вырабляе дакрэты,
а беднаму з вас аніхто не паможа сіроце!
Дармо вас Гарэшка жывіў, памагаў у бядоце,
наследнік ягоны не мае прыяцеляў скорых,
адно толькі Ключніка й гэты вось верны Цызорык!»

«Й Крапіла, — ускрыкнуў Хрысціцель, — таксама з Гярвазам!
пакуль шчэ плюск-пляск у руцэ, то з табою я разам.
Што два, не адзін! Далібо, мой Гярвазы, ты меч,
я Крапіла сваё; далібо! я крапіць, а ты сеч,
і гэтак шах-мах, плюск і пляск! а яны хай лапочаць!»

А Брытва: «Пакінуць хіба ж і мяне не захочаць,
бо толькі намыліць — згалю й галаву з валасамі».
«І я, — кажа Конаўка,— рушыць гатовы із вамі,
як нельга усім пагадзіцца на выбар маршалка;
ды што галасы мне і галкі; бо во ў мяне галка:
(тут выняўшы куляў са жменю, пазвоньваў імі),
во галкі! — ускрыкнуў,— ў Суддзю давай галкамі ўсімі!»
«Да вас прылучуся, — кажа Скалуба,— бясспрэчна!»
І крыкнула шляхта: «За вамі усе мы, канешне!
Няхай жа жывуць нам Гарэшкі! Далоў Таргавіцу!
Віват наш Гярвазы Рубайла! Гайда на Сапліцу!»
 
Усіх за сабой пацягнуў так вымоўны Гярвазы,
бо кожны з іх меў да Суддзі усё нейкія ўразы,
звычайна ў суседстве бывае: то скаргі за шкоду,
за порубку, часам яку межавую нязгоду.
Адных толькі злосць, а другіх падбурала і завісць
багацця Суддзі, а усіх пагадзіла нянавісць.
Да Ключніка ціснуцца, ўверх падымаючы хмурай
і шаблі, і палкі.

Мацей, нерухомы й пануры
дагэтуль, устаў з сваей лавы, ціхімі шагамі
ішоў сярод хаты і ў бокі падпёрся рукамі;
паважна і строга зірнуў на усіх прад сабою
і, слова узяўшы, ківаючы ў такт галавою,
казаў з перапынкам, з прыціскам: «Дурныя, дурныя!
Заплаціце дорага самі за справы чужыя!
Пакуль аб ускрэшанні Польшчы тачылася рада,
дабры грамадзянскім, дурныя, у вас тады звада!
І нельга, дурныя, было ані разгаварыцца,
ні правадыра вам паставіць, ні ладу дабіцца,
дурныя! А толькі ж як крыўда якая ці шкода
зусім асабістая, зараз, дурныя, ў вас згода!
А вон жа адгэтуль! А ну вас да бесаў мільёнаў,
сто тысячаў фураў і бочак, вазоў і фургонаў
чартоў!!!»
Прызамоўклі усе, як паражаны громам;
аж крык там страшэнны падняўся раптоўна за домам:
«Віват наш пан Граф!» Ён ўяжджаў на фальварак Мацееў,
сам збройны, за ім жа узброеных дзесяць джакеяў.
Сядзеў сам на хвацкім кані і у чорным быў строю;
наверсе гарохавы плашч італьянскага крою,
шырокі і без рукавоў, як апона на рэчы,
на засцежку ўзяты пад шыяй, спадаў цераз плечы;
а брыль жа меў круглы з пяром, у руцэ трымаў шпагу.
Канём павярнуўся і шпагай вітае ватагу.

«Віват нашы Графіч, — крычалі, — з ім жыць і ўміраці!»
І кінулась шляхта праз вокны на двор вызіраці,
за Ключнікам зараз із хаты к дзвяром напіраці.
З выходзіўшым Ключнікам натаўп шляхоцкі вось сунуў,
а, выгнаўшы рэшту, Мацей свае дзверы засунуў,
зірнуў праз вакно і яшчэ раз ім крыкнуў: «Дурныя!»
 
А шляхта тым часам ля Графа збіраецца, вые.
Ідуць у карчму. Тут Гярвазы успомніў мінуўшы
часы і казаў сабе даць паясы тры з кантушаў,
на іх жа са склепу тры бочкі выцягуе жыва:
мядову, другую гарэлкі, а трэцюю піва,
Як выцягнуў шпунты, тры пырснулі з шумам фантаны:
чырвона-крывавы, і жоўты, й адзін серабраны;
спадаючы звонка, сто кубкаў, сто чар наліваюць.
А шляхта кіпіць, бы ў катле. Падымаюць шкляніцы
за Графа здароўе і ўтораць: «Гайда да Сапліцы!»

А Янкель жа вымкнуўся моўчкі; Прусак гэтаксама,
не слуханы, хоць і даводзіў вымоўна, упрама,
даў цягу, ды шляхта ўздагонку крычэла, што здрадзіў.
Міцкевіч здалёку стаяў, не крычаў ані радзіў,
а з міны пазналі, што нешта благое мудруе,
дык зараз за шаблі й давай! Ён назад рэйтаруе,
усё адбіваецца, ранен, прыпёрты да плоту,
аж Зан і два Чэчаты скочыць прымелі ахвоту
на помач. Тут шляхту разнялі, ды ў гэтым разруху
двух ранілі ў рукі, нат нехта дастаў і па вуху,
а рэшта на коней сядала.
Пан Граф і Гярвазы
аружжа даюць, вызначаюць загады, наказы.
Урэшце усе праз даўгую засценку вуліцу
пусціліся наўскачкі з крыкам: «Гайда на Сапліцу!»

Зноскі

[правіць]
  1. Геньюша — генія, надзвычайнай здольнасці чалавека (Б. Т.).
  2. О Неrr Gott! О weh! — знача: а, божачка, бяда! (Б. Т.).
  3. Бэты — пасцель (Б. Т.).
  4. Бухман выкладае погляды на паўстанне ўлады французскага пісьменніка XVIII ст. Жан-Жака Русо (Яна Якуба Русо), аднаго з папярэднікаў французскай рэвалюцыі. Гэтыя погляды знаходзяцца ў творы пад назовам «Грамадзянскі кантракт» («Contract social!») (Б. Т.).
  5. Вясёлая шляхта XVI в. у ваколіцах Любліна ў Бабіне (стварыла) Бабінскую Рэч Паспаліту дзеля жарту і сатыры: трусы назначаліся гетманамі, скуралупы і зладзеі міністрамі скарбу і пад. (Б. Т.).
  6. Інфіма — найніжэйшая класа ў гімназіі (Б. Т.).
  7. Егры — стральцы (Б. Т.).
  8. Марымонт — пад Варшавай, слаўны сваімі млынамі (Б. Т.).
  9. Мястэчка Мыш — у Навагрудскім ваяводстве (Б. Т.).