Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца пятая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быліца чацвёртая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца шостая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца пятая
КАЛАТНЯ

ЗМЕСТ:
Лавецкія планы Тальмены.— Гародніца выбіраецца на вялікі свет і слухае навукаў апякункі.— Стральцы вяртаюцца.— Вялікае здзіўленне Тадэя. - Паўторнае спатканне ў Святыні Задумы і згода праз мурашкаў - Пры стале пачынаецца гутарка аб уловах.— Повесць Войскага аб Райтане і князі Дынассаў перабіта.—Пачатак укладаў паміж старонкамі, таксама перабіты. —З’ява з ключом. — Калатня. — Граф з Гярвазым адбываюць ваенную нараду.

Так Войскі вяртаецца з бору, закончыўшы ўловы
удала. Тым часам Тальмена ў зацішшы альковы
цяпер пачала паляванне. І хоць нерухома
сядзіць, залажыўшыся рукі, аднак невідома
у думках звяроў двух вялікіх адразу ганяе
і, як іх абодвух сачыць і ўлавіць, прыдумляе:
і Графа й Тадэвуша. Граф, маладое панятка,
прыгожы такі, а вялікага ймя і дастатка,
крыху закаханы ужо, але можа змяніцца!
Ці шчыра кахае? ці после захоча жаніцца?
з жанчынаю колькі гадоў жа старэй, небагатай?
радня ці пазволе? а свет, пэўне, згане аж надта!

Тальмена во з гэтакай думкай з канапы паўстала,
на пальцах крыху паднялася, маўляў, падрастала;
крыху спас грудзі адкрыла, схілілася бокам,
сама сябе пільным, уважным агледзела вокам,
а после — пытае вялікае люстра аб радзе,
ды зараз апусце узрок, уздыхне і так сядзе.

Вяльможа пан Граф! перабірлівы ў густах вяльможы!
бляндын! а бляндыны не юрны... Дарма, што прыгожы!
Тадэй жа? О, гэта пасцівы, каханы хлапчына,
як дзетка, любіць першы раз пачынае, прасціна!
Нялёгка сарве, пільнаваны, ён першыя звязкі;
прытым для Тальмены ўжо мае цяпер абавязкі...
Мужчына, пакуль малады, хоць у думках і зменны,
у сэрцы сваім за дзядоў ён сталей, бо сумленны.
Дзявічае сэрца хлапца яшчэ доўга хавае
удзячнасць за чары, што ў першым каханні спазнае!
Раскошу вітае й працінае вясёла, без хмары,
як тую бяседу, што з другам спраўляем у пары.
Стары толькі п’яніца, як трыбухі сабе спале,
то брыдзе піццём, у якім заліваецца стале.
Ўсё гэта Тальмена дакладна і ведала й знала,
бо розуму й доследу больш, як давалі, хапала.

А што скажуць людзі? Не трэба ім лезці на вочы,
падацца у іншы дзе бок і там жыць на узбоччы
ці выехаць лепей куды і зусім з вакаліцы,
прыкладам, зрабіць падарожу малу да сталіцы,
хлапца маладога у свет у вялікі увесці,
як трэба, даць раду й кірунак і помач прынесці;
мець блізкае сэрца, прыяцеля, брата за гэта;
урэшце — ужыць сабе света, пакуль служаць лета!

Раздумаўшы так, па алькове вясёла і смела
прайшла колькі раз. Галаву зноў спусціла і села.

Ды варта было бы падумаць аб Графавым лёсе —
а што, калі ўдасца, і Графу падсунецца Зося?
Хаця й небагата, затое па родзе з ім роўна,
бо з дому сенатараў ведамых, дыгнітароўна[1],
калі ж бы між імі дайшло да жанімскае справы,
то мела б Тальмена ў іх доме прытулак ласкавы
на будуч’ню; Зосі радня бо і Графава сваці,
была б яна для маладых усё роўна, як маці.

Па гэтай адбытай з сабою станоўчай нарадзе,
з вакна яна кліча на Зосю, што бавіцца ў садзе.

А Зося у ранішнім строі, з галоўкай адкрытай,
стаяла й трымала рукою падмятае сіта;
да ног яе птушкі ляцелі. Стуль куры шурпаты
клубком падкаціліся, пеўнічкі згэтуль чубаты,
чырвоны свае шышакі патрасаючы грозна
й вяслуючы крыллямі цераз кусты і барозны,
шырока выцягуюць пяты свае вастражасты,
за імі ж павольны налучыся, індык задзірасты,
злуе на сваволю крыклівае жонкі з сябрамі;
там павы за ім, як плыты, вун даўгімі хвастамі
тарнуюць па лузе, а часам, праворны і скоры,
спадае, як граначка снегу, галуб срэбнапёры.
Ў сярэдзіне кругу зялёнае свежай муравы
сціскаецца круг розных птушак крыклівы, рухавы,
шнуром галубоў апяразаны ў відзе істужкі
бялюткай, пярэсты, ў сярэдзіне ў зоркі і ў дужкі.
Во тут бурштыновы дзюбы, там чубы із караляў
узносяцца з перра густога, як рыбы з-пад хваляў,
ўздымаюцца шыі павольны і ў рухах лагодных
хістаюцца мерна на від туліпанаў паводных;
і сотні вачэй там, як зорак, блішчыцца да Зосі.

Яна сваю постаць высока над птушкамі ўзносе,
сама уся белая, ў доўгу бялізну убрана,
і круціцца, мовіў бы, біўшая ў кветках фантана;
зачэрпае з сіта і сыпе на крылле й галовы,
як пэрлы, бялюткай рукою густы град парловы
ячменевых круп. То зярно нат для панскае стравы
гадзіцца, бо йдзе для літоўскіх расолаў заправы;
для птушак яго выкрадаючы шмат, ахмістрыні
вялікую Зосенька шкоду рабіла у скрыні.

Пачула, што кліча «Зося!» А голас то цёткі!
Дык сыпнула птушкам адразу апошні лакоткі,
сама ж, гэтак кружачы сіта ў руках, як танцуха
бубёнак, і такт адбіваючы шустра, дзявуха
свавольна праз паваў, курэй, галубоў паскікала:
змяшанае птаства успырхнула, ўверх падлятала;
а Зося падскокамі лёгкімі, як ветранымі,
здавалася, што найвышэй падлятала між імі.
Прад ёй галубы, успалоханы лётам, у белі
крылатай, маўляў, прад багіняй раскошы[2] ляцелі.

А Зося ўжо з крыкам вакном да альковы ўляцела
і цётцы ураз на каленкі, засопшыся, села;
Тальмена цалуе і гладзе галоўку, як маці,
і з радасцю бача прыгожасць і жывасць дзіцяці
(праўдзіва, любіла сваю гадаванку дзяўчыну).
Аднак ужо зараз паважаў настроіла міну,
устала і, ходзячы ўдоўжкі і ўшыркі альковы,
трымаючы палец пры вуснах, прамовіла словы:
 
«Каханая Зося, зусім ужо запамінаеш
на стан свой і век; то ж сягоння якраз пачынаеш
гадок чатырнаццаты. Час індыкі свае й куркі
кідаці, фэфэ! для цябе, дыгнітарскай дачуркі!
Даволі пялегвала[3] ўжо і дзятву умурзану
мужычую; мне так аж сэрца баліць, як пагляну:
аж страх! запалілася, чыстая тая цыганка,
хадою і рухамі проста, казаў бы, сялянка.
Ну, ўжо я цяперака гэтым манерам зараджу:
адразу твой выхад у свет, шчэ сягоння, наладжу,
у залю гасціную,— шмат і гасцей прылучыла,
а толькі глядзі, каб мне сораму не нарабіла».

Ўзарвалася Зося, успляснула жыва ў далоні
і, скочыўшы, цётцы павісла аберуч на ўлонні;
смяялася, плакала з радасцю дзеткі нявіннай.
«Ах, цёця, даўно ж не была я у залі гасцінай!
Ад часу, як тутка жыву я з курмі, індыкамі,
галуб то дзікі — адзін госць, што бываў міжы намі.
Ужо мне крыху й нуднавата сядзець у алькове,
а кажа Суддзя, што нядобра то нат на здароўе».

«Суддзя! дакучаў пастаянна,— ёй цётка прарвала,—
што трэба у свет,— пад носам мармытаў мне нямала,—
што ўжо ты дарослая; сам жа паняцця не мае
аб свеце шырокім, дык проста чаўпе, а не знае.
Я ведаю лепей, як доўга належа спасобіць
паненку, у свет каб з’явіўшыся, ўражанне зробіць.

Бо ведай, як хто на вачох у людзей узрастае,
хоць гожы, разумны, эфекту ані не ўзбуджае,
бо людзі прывыкнуць, як бачуць кагосьці з маленка.
Няхай жа уложана добра, даросла паненка,
зусім нечакана з’явіўшысь, блісне перад светам,
то кожнага цягне цікавасць, казаў бы, магнэтам,
усе яе рухі, пагляды вачэй уважаюць,
падслухаюць словы і зараз другім паўтараюць,
калі ж прыпадзе маладая асоба да моды,
то мусе хваліць яе кожны, без шчырай нат згоды.
Знайсціся патрапіш хіба, спадзяюся: ў сталіцы
ўзрастала. Жывеш хоць гады ужо два ў вакаліцы,
хіба ж не запомніла йшчэ ты зусім Пецярбурка.
Ну, Зоська, рабі туалету, дастань там вун з бюрка,
усё прыгатоўлена тамака знойдзеш для ўбрання,
спяшайся, бо зараз жа могуць прысці з палявання.
 
Паклікалі тут пакаёўку, другой жа дзяўчыне
казалі вады наліваці у срэбна начынне.
Ў пяску верабей бы, трапечацца Зося, ўмывае
аблічча і шыю, і рукі, слуга памагае.
Тальмена адкрыла свае пецярбургскія склады,
там пляшкі парфумаў і слоікі рознай памады,
наўкола акроплюе Зосю адборнай парфумай,
(ў пакоі запах!), валасы напамаджуе гумай;
а Зосенька белу папчошку ўздзяе, ажурову,
і белы варшаўскі па ей чаравік, атласовы.
Тады пакаёўка ўзяла зашнуроўвала станік,
накінула после паненцы на торс пударманік;
жалезкай прыпечаны дай сабіраць папілёты,
а пуклі, кароткія надта, ўвілі у два сплёты,
пакінуўшы спераду волас так, гладка часаны.
Затым васількі пакаёўка, што свежа сабраны,
ўвязаўшы ў харошу пляцёнку, Тальмене давала,
а тая да Зосінай да галавы прышпіляла
адправа наўзлеў: васілёчкі на бледным валоссі
адбіліся хораша так, як на збожжа калоссі!
Знялі пударман, ужо ўсенька убранне гатова.
Дык Зося ускінула белу сукенку праз голаў,
рукою батыставу белу хусцінку звівае,
ўся белая так, як лілея, яна выглядае.

Паправіўшы ёй яшчэ раз валасы і ўсе строі,
наказала ўдоўжкі і ўшыркі прайсцісь па пакоі.
Тальмена вялікая свецкіх мамераў знайчыня:
муштруе, злуецца і ўсяк дырыгуе дзяўчыне,
аж крыкнула во на сястранкі паклоны з адчаю:
«Ах, гора ж мне! Бачыш во, Зоська, перапрашаю,
з гульні, пастухамі што знача пажыць! Расшыраеш
так ногі, як хлопец! Вачмі на бакі так міргаеш,
ну, чыста разводка! Ў паклоне зусім праставата!»
«Ох, цёця, — адказуе Зося,— ці ж я вінавата!
Сама ж замыкала мяне, не было мне з кім танчыць:
з нуды палюбіла я птушак, дзятву сваю няньчыць;
ды толькі цяпер пачакайце, няхай жа пабаўлюсь
крыху між людзьмі, дык пабачыце, як я папраўлюсь!»

«Ўжо ж яно, — цётка сказала, — ляпей хіба з птаствам,
як з тым, што у нас во дагэтуль гасціла, плюгаўствам.
Адно толькі ўспомні ты, хто гэта ў нас абываўся:
клябан марматаў свае пацеры, ў шашкі гуляўся,
палестра ўсё з люлькамі! Вось табе майш, кавалеры!
Ад іх ты магла бы набрацца харошай манеры...
Цяпер то, прынамсі, хоць ёсць жа каму паказацца:
пачэснае будзе таварыства ў доме збірацца.
Зважай толькі, Зоська, для Графа не ўхібі пашаны:
радня ваяводы, а сам малады, ўзгадаваны,
дык будзь яму ветлай».
Пачулася конскае ржанне
і гоман лавецкі пад брамай: «Яны! з палявання!»
Дык Зосю узяўшы пад рукі, пабегла да залі.
Лаўцы на пакоі адразу яшчэ не ўхаджалі,
да дам не хацелі ўвайсці, не змяніўшы адзежы
ў каморы. З’явілісь найпершы з усей маладзежы
Тадэвуш і Граф, найхутчэй пазмяняўшы убранні.

Тальмена спраўляе у доме павіннасці пані,
вітае уходзячых, садзе, гаворкай займае,
усім сестраніцу сваю па чарзе прадстаўляе.
Тадэвушу кажа найперш, што радня яму блізка;
дзяўчо яму дзыгнула, ён пакланіўся ёй нізка,
хацеў штось прамовіць, ды рот адкрываў яшчэ толькі,
як, глянуўшы ў Зосіны вочы, стрывожыўся столькі,
што, стоячы нема прад ёй, чырванеў, то бялеўся;
а што ў яго сэрцы было, то і сам не даўмеўся.
Пачуўся страшэнна няшчасным — пазнаў жа бо Зосю
па зросце, па голасе звонкім і светлым валоссю!
і стан, і галоўку то ж бачыў тады на баркане,
яе гэта голас будзіў яго й на паляванне.

Аж Войскі Тадэвуша вырваў з такога змяшання;
пабачыўшы, што пабляднеў і трымацца не ў стане,
параіў ісці у святліцу сваю для спачынку.
Тадэвуш стаяў у куце, прысланіўся к камінку,
маўчаў, а расшыраных зрэнак сваіх бліскавіцы
кідаў непрытомна на цётку, то йзноў к сестраніцы.
Што з першага Зося пагляду такое зрабіла
уражанне, то Тальмена адразу адкрыла,
а хоць усяго не згадала, аднак памяшана
займае гасцей, на Тадэя ж глядзіць пастаянна.
Урэшце, хвілінку ўлучыўшы, к яму падбягае:
чаму такі сумны? мо' хворы? сказаць налягае,
 
напомніла нават аб Зосі, пускалася ў жарты.
Тадэвуш без руху, на локці успёрты, упарты,
наморшчыўшы бровы, маўчаў і крывіўся на гэна:
тым болей змяшалася і здзівілась Тальмена.
Змяніла адразу і твар тады й тон сваей мовы,
устала, загневана, й дай яму вострыя словы,
прытычкі і закіды розныя сыпаці з жалем.
Сарваўся Тадэвуш і, моў бы уколаты жалам,
зірнуў з-пад лаба, і без слова, піхнуўшы нагою
у крэсла, усплюнуў і вышаў раптоўна з пакою,
затрэснуўшы дзверы. На шчасце, што гэтае сцэны
з гасцей не заўважыў ніхто, апрача Талімены.

Як выскачыў з брамы, панёсся ён проста у поле,
казаў бы, шчупак, як асцень яму грудзі праколе:
нурцуе, плюшчыць, спадзяецца, што так уцякае,
а шнур і жалеза усё за сабою цягае:
вось так і Тадэвуш цягаў за сабою згрызоты,
скакаў праз равы і платы ад шалёнай журботы,
без мэты й дарогі. Праблукаўшы часу нямала,
яго аж у саму сярэдзіну лесу загнала.
Там трапіў зумысля ці можа прыпадкам на ўзгорак,
што сведкам быў шчасця ягонага ўчора,
дастаў дзе задатак кахання, той цэтлік паганы,—
на ўзгорак, як помнім, Святыняй Задумы празваны.

Калі гэтак вокам наўкола кідае маркотна,
глядзіць: Талімена! затоплена ў думках самотна,
зусім ад ўчарашняе постаццю й строем адменна,
у белі, на камені, а і сама як каменна;
пахілены твар у адкрыта туліла далонне,
не чутна рыдання, а знаць, у слязах яна тоне.

Дармо баранілася сэрца мягкое Тадэя,
пачуў бо і літасць, і жаль, і стрымацца не ўмее.
Хоць доўга глядзеў яшчэ немы, укрыты за дрэвам,
урэшце ўздыхнуў і прамовіў к сабе гэтак з гневам:
«Дурны! ці ж яна вінавата, што я памыліўся?»
І ўжо да яе падысціся з-за дрэва хіліўся,
як раптам Тальмена зрываецца ходу з сяджэння,
кідаецца ўправа, улева, ляціць скрозь струменне,
а волас распушчаны, раскрыжавана, блядая,
падскакуе, гоніцца ў лес, да зямлі прыпадае,
 
упала, не можа падняцца і ўецца ад мукаў
страшных па дзярне; што за мукі, відацца із рухаў:
хапае за грудзі, за шыю, за ногі, калены.
Падскочыў Тадэвуш, бо думаў, што хвора страшэнна,
або сфіксавалася. Але ад іншай прычыны
паходзілі рухі дзіўныя.

Ля блізкай яліны
снаваўся наўкола травою, рухавы і чорны.
Не ведаць, чаму, ці з патрэбы, ці з іншай прычыны
любіў асабліва бываць ля Тальмены святыні:
дарог нарабіў ад узгорку мурашшай сталіцы
й вадзіў там шарэнгі свае аж да самай крыніцы.
Няшчасцем Тальмена прысела на іхны дарожкі;
мурашкі, прываблены бліскам бяленькай панчошкі,
узбеглі і густа давай казытаць і кусаці.
Тальмена прымушана іх атрасаць, уцякаці,
ў канцы на мураве сядае й напаснікаў ловіць.

Тадэвуш ёй помачы гэтай не можа адмовіць.
Так чысцячы сукню, да самых аж ног пахіліўся,
губамі, прыпадкам, на шчокі Тальмены зблудзіўся —
ў такім палажэнні прыязным хоць не гаварылі,
па ранішніх спрэчках, аднак, замірэнне зрабілі,
й не ведаць, як доўга трывала б такая размова,
каб іх не збудзіўшы нягодны званок з Сапліцова.

Ах, кліч на вячэру! Пара ўжо вяртацца дадому,
тым болей, што недзе паводдаль чувацца трэск лому.
А можа, шукаюць? нязгожа так разам вяртацца,
давай жа Тальмена направа к гароду скрадацца,
Тадэй жа налева пабег да вялікай дарогі,
а мелі у тым адступленні абое трывогі.
Тальмене здалося, што раз праз кусты ялаўцовы
бліснуўся худы закаптураны твар Чарвяковы;
Тадэвушу раз і другі мігануўся налева
цень белы, даўгі, паказаўся й схаваўся за дрэва;
а што гэта мела бы быць, то не ведаў; прачуцце
казала, што Граф у даўжэзным ангельскім сурдуце.

Вячэралі зноў у замчышчы. Упарты Пратазы,
нягледзь на Суддзі забарону выразну, адразу
у панску адсутнасць да замку ізноў штурмаваўся
 
і з крэдансам там (як казаў) заінтрамітаваўся.
Ўжо госці ўвайшлі, сталі колам; цішэй разгаворы;
вышэйшае месца заняў за сталом Падкаморы;
такі яму гонар і з веку і ўраду належа;
ядучы, усё кланяўся дамам, старым, маладзежы.
Чарвяк быў адсутны, а месца ксяндза барнадына
паправа ад мужа ўзяла папі Падкамарына;
Суддзя, калі гэтак гасцей у парадку паставіў,
то стаў, па лаціне жагнаўся і стол благаславіў.
Мужчынам гарэлку далі; тады ўсе пасядалі
і моўчкі смачны халадзец забяляны сцябалі.

Па тым халадцы ішлі ракі, курчаты, шпарагі
ў таварыстве келіхаў венгрыну, добрай малагі,
і п’юць і ядуць у маўчанні. Нікому не ўпамку,
ад часу, як сталі муры Гарашкоўскага замку,
каторы гасціў у сябе столькі шляхты й так шчодра
і столечкі віватаў чуў, разгалошываў бодра,
нікому не ўпамку такое вячэры хаўтурнай:
у сені замковай вялізнай, пустой і пахмурнай
чуваць толькі бразгат талерак і поканне коркаў,
бы злыдні гасцём зашнуроўвалі рот ад гаворкаў.

Маўчаць было повадаў шмат. Хоць і праўда, мыслівы
народ з палявання вярнуўся зусім не маўклівы,
аднак як Запал іх астыг, заняліся аблавай
і бачаць, што вышла з яе не з вялікаю славай.
І трэба ж было, каб адзін каптурышча папоўскі
там выскачыў, бытта Піліп з канапель[4], і такоўскі
стральцоў із павету ўсяго скасаваў бы? О стыдзе!
Што ж скажуць на гэта усё ў Ашмяне і у Лідзе,
якія ад веку спрачалісь з тутэйшым паветам
за славу стралецкую! Думалі, здача, над гэтым.

Асэсар і Рэет пахмурна, надута сядзелі:
хартоў сваіх свежую ганьбу у памяці мелі.
Ў вачох іхных заяц стаіць і нагамі махае,
куртатым хвастом на наругу з-пад гаю ківае
і гэтаю куртай, бы пугай, па сэрцы іх цвіча...
Сядзелі яны, нахіліўшы да місаў абліччы.
Асэсар і новыя повады меў шчэ да жаляў,
калі на Тальмену глядзеў, а пры ей на рываляў.

Сядзела тады Талімена к Тадэвушу бокам,
ледзь смела ускінуць калі на яго хоць бы вокам;
хацела пахмурнага Графа хоць крышку забавіць,
ўцягнуць у даўжэйшую гутарку, гумар паправіць,
бо Граф дзіўна кіслы вярнуўся з сваёй пагулянкі,
хутчэй жа, як думаў Тадэвуш, з сваёй пагляданкі;
Тальмены не слухаў, падняўшы чало сваё горда,
наморшчыўшы бровы, зірнуў ён амаль не з пагардай,
затым як мага найбліжэй прысуваўся да Зосі,
у шклянку яе налівае, талеркі падносе,
ўсміхаецца, кланяйца, тысячу ветласцей бае,
то йзноў выварочуе вочы, глыбока ўздыхае.
Відацца аднак жа, нягледзь на такое чмучэнне,
што так улісляўся ён толькі на злосць Талімене;
бо ўсё галавою адвернецца, нібы няўмысне,
й штораз да Тальмены вачмі, пагражаючы, блісне.

Не можа Тальмена уцяміці, што гэта знача;
паціснула плечы і думала: глупства, дзівача!
Урэшце, на Графіча новы залёты не строга,
звярнулася, ўважна ізноў да суседа другога.

Тадэвуш пахмурны сядзеў, ані еўшы, ні піўшы,
як бы прыслуховаўся, вочы ў талерку ўляпіўшы;
яна аб здароўі пытае, віна падлівае,
а ён за начэпнасць злуецца або пазявае
і ліна благім (а не гэтакі быў яшчэ ўчора),
што лішне Тальмена да ходаў залётлівых скора;
ён згоршаны тым, што ў сукенцы разрэз заглыбока,
няскромна — а после ж вышэй як падняў сваё вока!
Спалохаўся! Меў бо цяпер ён быстрэйшы зраніцы,
зірнуў толькі раз на Тальмены румяныя ліцы,
адкрыў там адразу страшную вяліку тайніцу!
а божачка, наружавана!
Ці сортам няўдалы
быў руж, або неяк на твары працёрся памалу
й мясцамі радзейшы згрубеўшую цэру наскрозь адсланяе,
а можа, на ўзгорку (цяперака прыпамінае)
ён сам, гаварыўшы заблізка, адмухнуў з бялілаў
кармін, што лягчэйшы ад пылу матылевых крылаў.
Тальмена ад лесу занадта спяшала, ляцела,
 
паправіць таму сваіх колераў часу не мела:
найгорай ля губаў відацца пісогі і пегі.
Тадэвуша вочы ўсё роўна, як хітрыя шпегі,
адкрыўшы ўжо здраду адну, дык затым па чародзе
знаходзяць і іншыя фалыпы у гэтым жа родзе:
няма двух зубоў; на лабе, над шчакою
маршчынкі, маршчынаў жа тысяча пад барадою!

Тадэвуш тады зразумеў толькі, як непатрэбна,
за сціскла прыгожую рэч разбіраць, як ганебна
быць шпегам каханкі, і як непрыгожа
змяняць свае густы і сэрцы — ды сэрца хто ж зможа?
Каханне дармо заступіці ён хоча-сумленнем
і холад душы разагрэць свайго зроку праменнем.
Ужо гэты зрок як бы месяц, хоць свеце, не грэе,
паверху душы заблішчыць, як душа ледзянее...
Такія ён сам сабе робе папрокі й дакоры,
схіліўшыся й моўчкі кусаючы губы у горы.

Тым часам злы дух яго новай пакусаю вабіць
падслухіваць, што гаварылі там Зося і Графіч.
Дзяўчына, прылеглай пярэймасцю Графа узята,
ураз счырванела, спусціўшы свае вачанята;
затым пачалі ўжо смяяцца, ў канцы размаўлялі
аб неякім неспадзяваным у садзе спатканні,
аб неякім па лапухох і па градах ступанні.
Выцягіваў вушы Тадэвуш і чутка іх ставіў,
каўтаючы горкія слёзы, ў душы сваёй травіў.
Нягодную меў ён бяседу. Як гадзіна тая
раздвоеным жалам затрутую зель выпівае
й, скруціўшыся после, скрутулкай на сцежцы дзе ляжа,
назе пагражаючы, што, ідучы, не заўважа;
вось так і Тадэвуш, апоен атрутай зайздросці,
здаецца — нічога, а покаўся проста са злосці.

У зборы пат найвесялейшым хай колькі злуецца,
то іхна панурасць адразу на ўсіх разальецца.
Стральцы ўжо маўчалі; другая старонка цішэе
і моўкне таксама, заражана жоўчай Тадэя.
І пан Падкаморы, хмурнейшы ад цёмнае ночкі,
маўчаў, калі бачыў, што гэтак ягоныя дочкі,
паненкі пасажныя, гожыя, ў веку расцвеце,
па думцы усіх, найпярвейшыя дзеўкі ў павеце,
 
сядзяць так маўкліва, бо моладзь аб іх і не дбае.
Суддзю за гасціннае сэрца таксама чапае,
а Войскі, на то паглядзеўшы, па практыцы лоўчай
назваў ту вячэру не польскай, а неякай воўчай.

Пан Войскі меў слух, на маўчанне залішне чутлівы,
вялізны быў сам гаварун, дык любіў гаварлівых.
Не дзіва! са шляхтаю стравіў жыццё у нарадах,
па сойміках, з’ездах, уловах, бяседах, нападах.
Прывык заўсягды, каб бубніла бы нешта ля вуха,
а нават тады, як маўчаў ці з лапаткай за мухай
скрадаўся, ці марыць сядаў, сабе сплюшчыўшы вочы;
удзень разгаворы, а мусілі нават і ўночы
казаць яму пацеры, розныя казкі й бытулькі,
таму гэта быў заўсягды непрыяцелем люлькі,
надуманай немцам на тое, каб нас счужаземчыць,
казаў ён, што Польшчу анеміць, то знача, што знемчыць.
Прывыкшы да шуму, не мог спачываці, пачуўшы
ураз цішыню, і будзіўся. Так мельнік, заснуўшы
пры стукаце колаў, як толькі стрымаюцца восі,
ўзарвецца і крыкне з трывогай: «А слова сталося!»
Даў знак Падкамораму Войскі паклонам паважна,
рукою ад роту махнуў да Суддзі ён уважна,
дазволу прасіўся. Абодва паны адкланілісь
на немы ягоны паклон, ну дык, знача, згадзілісь.
Пачаў тады Войскі:
«Асмелюсь да моладзі ўдацца
й прасіць, пры вячэры каб зноў, як даўней, забаўляцца,
не толькі жаваць. Бо няўжо мы айцы капуцыны?
А хто ніжы шляхтай маўчыць, гэтаксама ён чыне,
як той паляўнічы, што ржаве набоі у стрэльбе,
таму нашых продкаў ганорнасць выхвалюю вельмі.
Па ўловах ішлі да стала, ды не толькі, каб есці,
а разам душу узаемна сабе каб адвесці
у гутарках; прыпаміналі так дзень яны цэлы:
заганы, пахвалы стральцоў і аблаўнікаў, стрэлы
і гончых. Кацілася шумна гамонка й рухава,
так міла для вуха лаўца, як другая аблава.
Я ведаю, ведаю: чорная клопатаў хмура
ўзнялася над вамі, не йнакш, з Чарвякова каптура!
 
Няўдачы вам сорам! Хай сорам, аднак, вас не пале:
не раз і найлепшыя нават стральцы не папалі;
стралецкі то лёс пападаць і хібляць, папраўляці.
Я самі хоць са стрэльбай цягаўся ужо ад дзіцяці,
хібляў! а хібляў і стралец гэны слаўны Тулошчык,
часамі, бывала, не трапе Райтан сам нябожчык.
Аб ім раскажу вам пасля. Што датыча няўправы
цяпер з ведзмядзём, што ён вырваўся гэтак з аблавы,
што после дваім панічом аж прышло адступіці,
хоць мелі жа ж піку, то гэтага нельга хваліці
ці ганіць; бо ходу даваць, як набоі у стрэльбе,
то гэта ўжо трус над трусамі і ганіцца вельмі;
ці звера к сабе добра не падпусціўшы, на слепа
страляць, не узяўшы на мэту, як нейкі цялепа,
ганебна здаўна. Калі ж добра да мэты хто змера,
разважна падпусце прытым, як належыцца, звера,
а хібе, то можа тады адступіць без журботы
ці з пікай ісці, агню толькі з уласнай ахвоты,
не з мусу; рагач бо, ці піка, стральцу даручоны
не дзеля нападу, а дзеля сваей абароны.
Вось гэтак было па-старому, дык мне вы паверце
і вашай уцечкі ўжо так не бярыце да сэрца.
Каханы Тадэю і Ясне вяльможны Пан Графе!
Як толькі успомніце часам аб сённяшнім трафе,
то ўспомніце разам і Войскага перасцярогу:
ніколі адзін не заходзіць другому дарогу,
ніколі ўдваіх не страляць да адное звярыны...»

Пан Войскі якраз вымаўляў гэта слова: звярыны,
калі напаўголас Асэсар шапнуў тут: дзяўчыны.
А, брава! ускрыкнула моладзь, пачуліся смехі.
Чаргой паўтаралася перасцярога Грачэхі,
апошняе слова прамовы: адныя звярыны,
а іншыя з голасным смехам крычэлі: дзяўчыны;
а Рэент шапнуў тут: кабеты, Асэсар: какеты,
і вочы свае у Тальмену ўтапіў, як штылеты[5].

Не думаў жа Войскі зусім прымаўляць анікому
й на то не зважаў, што шапталіся там пакрыёму:
так рады, што можа і дамаў і моладзь рассмешыць,
звярнуўся і да паляўнічых, таксама пацешыць
і іх, а наліўшы у чару віна, прадаўжае:
«Дармо маё вока ксяндза барнадына шукае;
хацеў бы й яму расказаць я прыпадак цікавы,
падобны якраз да сягонняшняй нашай аблавы.
Як Ключнік казаў, што спаткаў у жыцці сваім цэлым
ўсяго аднаго, з Чарвяком што зраўняўся бы стрэлам,
то знаў я й другога. Ён мэтным бо стрэлам таксама
вяльможаў дваіх ратаваў; гэта бачыў жа сам я,
у пушчы калі Налібоцкай гайсаў і папасваў
пасол наш Райтан пан Тадэвуш із князем Дынассаў.
Ані не зайздросцілі шляхціца славе паноўе,
а першыя самі пілі за яго на здароўе
і прэзантаў розных без ліку яму надавалі,
і скуру дзіка, што забіў. Раскажу я вам далей
пра стрэл і скуру ту, як сведак навочны, падобна;
а здарылась гэна якраз як сягоння, падобна,
прытым найвялікшым за гэных часоў паляўнічым,
якімі ж Райтана і князя Дынассаў мы лічым».

Аж тут адазваўся Суддзя, даліваючы чашы:
«П’ю за Чарвяка, пане Войскі, у рукі у нашы!
Калі квастара і не можам збагаціць мы даткам,
аднак жа за порах заплаціма іншым парадкам.
Ручаем, што звер, у бары што сягоння забіты,
у кляштарнай кухні гады будзе два не спажыты.
Скуры жа ксяндзу не дамо; ці сілком яе возмем,
ці сам яе ўступе з манаскай пакоры па просьбе,
ці нават, як трэба, куплю сабалёў хоць дзесяткам,
а з ёй жа па-нашаму гэтакім зробім парадкам:
найпершы вянец тут і славу бярэ слуга божы,
скуру жа наш Пан Падкаморы аддаці паложа
таму, хто усё ж заслужыў на другую награду».

Пагладзіў аж лоб Падкаморы на гэткую раду.
Стральцы зашумелі, і кожны з іх нешта цыганіў:
адзін, што ён звера знайшоў, а другі нібы раніў,
той кажа, што псярню пазваў, той за зверам пагнаўся.
Асэсар із Рэентам тутака зноў заспрачаўся,
адзін выхваляючы надта сваю Сангушкоўку,
другі балабанаўку слаўную Сагалясоўку.

«Суддзя, мой суседзе,— азваўся ў канцы Падкаморы,—
што перша награда ксяндзу, то нямашака спору;
другую ж нялёгка аддаць, бо скажу без наругі,
 
што ўсе, мне здаецца, тут роўныя маюць заслугі,
ўсім раўную зручнасць, удаласць, адвагу прызначыў
бо лёс, але двух небяспекай вялікшай адзначыў,
над імі была жа паднятая лапа вядзмеджа,
то Граф і Тадэвуш, дык ім і скура прыналежа.
А што Пан Тадэвуш уступе, я ў тым пракананы,
бо ён маладзей, спадароў жа пляменнік каханы,
дык Spolia opima[6] возьмеш сабе ужо, Графе,
хай луп на аздобу ў пакой твой стралецкі патрафе,
хай памяткай будзе сягонняшняй нашай забавы
і знакам лавецкага шчасця і будучай славы».

Замоўкпуў, вясёлы, што радасць вялікую справіў
для Графа — не ведаў, як сэрца яму акрывавіў.
Бо Граф на пакою стралецкага тыя ўспаміны
падняў мімаволі свой зрок на лабы на ласіны,
на тыя развесісты рогі, як лес ляўрыновы,
засеян рукою бацькоў на вянкі для сыноў, і
на тыя партрэтаў рады, што харошаць філяры,
на герб, на скляпенні блішчэўшы, Паўкозіч прастары
— усё яму голасам прошлых часоў гаварыла,
казала, дзе госце цяпер, з летуценняў будзіла.
Наследнік Гарэшкаў гасцём між парогаў забратых,
бяседнік Сапліцаў, тых ворагаў вечна заклятых!
А зайздрасць пры тым жа, якую к Тадэвушу чуе,
мацней яшчэ Графа супроці Сапліцаў бунтуе.
Прамовіў ён з горкай усмешкай: «Для скромнае хаты
маёй, уважаю, што гэтакі дар забагаты:
мо’ лепей, калі між ласёў тут вядзмедзь пачакае,
пакуль разам з замкам мне суд у канцы не прызнае».

Згадаў Падкаморы, к чаму тут снуецца аснова,
дык бразь! у сваю табакерку і просе так слова.

«То варта пахвалаў,— ён кажа,— мой Графе суседзе,
што гэтак аб справах, Пан, рупішся, нат пры абедзе,
не так, як сягоння паміж панічамі у модзе,
якія жывуць без рахунку. Манюся у згодзе
і згодай старонаў закончыць свой суд падкаморскі;
дагэтуль адзіная труднасць то грунт гэта дворскі.
А маю ўжо спосаб замены, за грунт знагародзіць
зямлёю манерам такім во...» І тутака ўзяўся выводзіць
парадачна (як заўсягды) гэны план зрыхтаваны;
 
і быў да сярэдзіны блізка, аж неспадзяваны
узняўся штось рух пры стале. Во адныя ўжо нешта
угледзелі, пальцам паказуюць, после і рэшта,—
і гэтак галовы усе, бы пры ветры зваротным
калоссе, звярнуліся разам у бок адваротны,
у кут.

У куце тым партрэт там вісеў і дагэтуль
апошняга пана з Гарэшкаў. З-пад тога партрэту
праз дзверцы малыя, укрытыя шчыльна ў філяры,
няўзнач паказалася постаць, падобна да мары.
Гярвазы!.. пазналі яго і па зросце й па твары,
па слаўных Паўкозічах, курце зжаўцелай дваровай.
Ступае так проста, як стоўп, ён, нямы і суровы,
не зняўшы ні шапкі, ні нат галавой не кіўнуўшы;
ў руках, як кінжал, гэтак ключ свой бліскучы трымае,
во шафу адкрыў і у ёй штось круціць пачынае.

Стаялі ў сянёх абапёрты ў кутох на філяры
там два курантовы зачынены ў шафах загары,
старыя манюкі, із сонцам даўно ўжо ў нязгодзе,
палудзень паказвалі часта а самым заходзе.
Гярвазы ніяк не прыбраўся махіны направіць,
а, не накруціўшы, не мог гэтаксама аставіць,
драчыў так штовечар загары ключом безупынна.
Цяпер жа на тое якраз прыпадала гадзіна.
Тады, калі справай займаў Падкаморы увагу
старон зацікаўленых, ён пацягнуў там за вагу;
шчарбатым зубом скрыгатнулі калёсікі ржавы,
дрыгнуў Падкаморы, ураз адарваўся ад справы
і кажа: «Пакінь на пасля сваю пільну работу!»
І далей выкладываць планы. А Ключнік на псоту
мацней пацягнуў шчэ за гіру другога цяжару,
і птушка, якая сядзела на версе загару,
трапечучы крыллем, запела курантавы нуты.
Птах зроблены штучна, а толькі шкада, што папсуты,
скрыпеў і пішчэў, заікаўся, чым далей, тым горай.
Дык госці у смех; перарваў тады зноў Падкаморы.
«Гэй, Ваша Пан Ключнік, ці лепей жа пушчык, — ускрыкнуў, —
як нос свой, шануеш, то годзе мне крыку і квіку!»
Гярвазы пагрозы аднак жа зусім не збаяўся,
паважна ён правай рукой на загар апіраўся,
 
а левай узяўся пад бок і стаяў такі горды.
«Эге, Падкаморанька! — крыкнуў,— то панскія жарты,
за пушчыла менш верабей, на сваім жа ён смецці
смялей, чымся пушчык, што ўлез у чужыя павеці.
А Ключнік — не пушчык; хто ноччу ў чужое паддашша
улезе, то гэтакі пушчык, а Ключнік пастраша».

«За дзверы яго!» — Падкаморы ускрыкнуў, «Мапанку,
мой Графе, — тут Ключнік усклікнуў, — што дзеецца ў замку
Гарэшкаў?! Ці мала, што гонар свой панскі Граф пляміш,
з Сапліцамі сеўшы ў бяседу, з такімі шышамі!
А трэба яшчэ, каб мяне, урадоўца у замку
і ключніка дому, Гярваза Рубайлу, Мапанку,
к таму зневажаці!.. Не бачыш хіба, Пан, разбою?»
Азваўся тут тройчы Пратазы: «Прашу супакою!
Ўступіце! Я, кажа, Пратазы Бальтазар Брахальскі,
падвойнага ймя, я калісь генерал трыбунальскі,
па-простаму возны, раблю пратакол, апісанне
вазненскае, з гэтым жа разам і месца дазнання,
усіх дабрародных прысутных бяру на свядэцтва
і пана Асэсара клічу урэшце на следства,
а з поваду гэта вяльможнага Пана Сапліцы:
у справе інкурсіі, знача, наезду граніцы,
гвалт замку, каторым Суддзя зусім праўна ўладае,
а довад выразны, што нават гасцей тут прымае».
«Брахач! — вераснуў яму Ключнік, — дастанеш, паганы!»
й з-за пояса пук ухапіўшы ключоў павязаных,
крутнуў іх кругом галавы і з усенькай натугі
жбурнуў. Пук жалеза ляцеў, як бы камень той з пугі,
і, пэўне, Пратазаму лоб расшчапіў бы на чвэрці;
ды Возны, на шчасце, схіліўся і ўцёк так ад смерці.

Ўзарваліся з месца усе; на хвіліну во глуха
і ціха, аж крыкнуў Суддзя: «У дыбы яго, зуха!
Сюды, дзецюкі!» — і ўся чэлядзь рванулася жвава
праходам вузкім, што праміжы сцяною і лавай.
Ды Граф пасярэдзіне крэслам заставіў дарогу
й на гэтакім слабенькім шанцы паставіўшы ногу:
«Не важчыся!— крыкнуў.— Суддзя! не дазволю нікому
пакрыўдзіць майго тут слугу, ў маім собскім жа дому.
Як скарга ў каго на старога, то мне хай гавора».
У Графавы вочы зірнуў ускаса Падкаморы:
«Без Вашае помачы сам я змагу пакараці
зухвальца шляхцюру, а Вам, Пане Графе, трэ знаці:
прад дэкратам замак сабе прысабечываць рана!
Не Ваша цяпер гаспадар, не пытаем Васпана!
дык ціха сядзі, як сядзеў; як сівыя галовы
нішто, то шануй жа хоць першы урад павятовы!»

А Граф адпаліў: «Надзелі мне вашы парады
й парадкі, ўсе гэтыя нудныя ўзгляды і ўрады!
Даволі ўжо глупства зрабіў, што заняўся з Васпанствам
у выпіўку, што заканчаецца ўжо грубіянствам.
Здасцё яшчэ справу мне з гонару гэткай абразы.
Пабачымся ў стане цвярозым! За мною, Гярвазы!»

Зусім не чакаў Падкаморы такога адказу.
У чару віна падліваў сабе ён, як адразу
уражаны Графа зухвальствам, бы неякім громам,
на чару ацёршыся бутлем зусім нерухомым,
набок галаву сваю выцяг, вушэй настаўляе,
шырока ён вочы расплюшчыў, хоць рот адкрывае —
маўчыць; але чару ў руцэ так магутна націснуў,
што покнула шкло, зазвінела, аж вочы запырснуў;
казаў бы, агонь з тым віном у душу яму ўліўся,
так вочы успыхнулі й твар так крывёю абліўся.
Парваўся казаць, ды малоў у губах невыразне
шчэ першае слова, аж плюнуў праз зубы: «Ты, блазне!
Графюк, такі важны! Тамаш, карабэлю! Ну я ту
наўчу цябе розуму, блазне! давай яго кату!
На ўзгляды, урады выкрыўлюе міну ўжо кіслу!
А я цябе зараз па кольчыках гэтых як свісну!
Дык фора за дзверы! Да шаблі! Тамаш, карабэлю!»

Прыяцелі тут к Падкамораму ўжо падляцелі,
Суддзя ухапіў за руку: «Гэта, Пане, рэч наша,
я вызваны тутака першы. Пратазы, палаша!
Пушчу яго ў скокі, маўляў ведзмядзя на кіёчку.
Тадэй жа Суддзю устрымаў: «Пачакай жа, Стрыёчку
і пан Падкаморы, паважным людзём ці ж гадзіцца
вязацца із жэўжыкам: моладзь на тое, каб біцца.
Пазвольце: я добрага чосу патраплю задаці,
а Ваша храбёр, што умееш старых вызываці,
пабачым, ці гэтакі рыцар страшэнны ўжо дужа;
расправімся заўтра мы, выберам пляц і аружжа.
Сягоння ўцякай, пакуль цэлы».
Нязгоршая рада,
бо Ключнік із Графам папалі, што горай не нада.
З застолля вышэйшага рваліся толькі йшчэ крыкі,
а з востра канца ўжо ляцелі бутэлькі без ліку
кругом галавы пана Графа. З трывогі кабеты
у просьбы, у плач; Тальмена ўскрывала: «Нестэты[7]
і, вочы падняўшы, устала і пала у млосці,
схіліўшыся шыяй на грудзі да Графавай Мосці
і лабуддзі грудзі паклаўшы на Графавым лоне.
Хоць Граф і злаваўся, аднак устрымаўся ў разгоне,
узяўся чуціць, абціраць.
На Гярваза тым часам
ляцелі бутэлькі і ўслончыкі ўсцяж, раз за разам;
ужо пахіснуўся; дварня, кулакі закасаўшы,
была бы ужо на Гярвазага гурмам напаўшы,
аж Зося, пабачыўшы гэта і літасцю ўзята,
яго засланіла, расставіўшы ўкрыж ручаняты.
Ўстрымаліся. Звольна Гярвазы тады уступаўся
і знікнуў з ваччу; ўжо шукалі, пад стол дзе схаваўся...
аж з боку другога, маўляў з-пад зямлі, паказаўся.
Рукамі магутнымі лаву схапіўшы, рухава
крутнуў, бы вятрак, і, з паўсеней ачысціўшы жвава,
ўзяў Графа, і гэтак абодва, заслонены лавай,
адходзілі к дзверцам. Ужо падышлі да парогу,
Гярвазы стрымаўся, на ворагаў глянуў; дарогу
свабодну ўжо мае, а толькі у думках зважае,
ці дальш адступаці, ці новага шчасця шукаці.
І выбраў другое. Як бы за таран, ухапіўшы
за лаву, з размахам падняў; галаву адхіліўшы,
і выпяўшы грудзі, занёсся ісці перамогай,
аж глянуў на Войскага... й сціснула сэрца трывогай.

А Войскі, сядзеўшы ціхутка з прыплюшчаным вокам,
здаваўся пагружаны ў думанні дужа глыбокім;
і толькі тады, калі Граф з Падкаморым пазлуўся
й Суддзі загразіў, то стары галавой павярнуўся
і, двойчы зажыўшы табакі, працёр сабе вока.
Хоць Войскі Суддзі прыхадзіўся раднёю далёкай,
у доме гасціным ягоным прабыўшы нямала,
к здароўю прыяцеля вельмі адносіўся дбала.
На бойку ўглядаўся цікавы, як бойкія мальцы.
Выцягваў памалу руку, даланю, затым пальцы
на стол; клаў нажа у далоні, чаранком аж да ногця
паказнага пальца, жалезкай адвернут да локця,
руку адхіліўшы у тыл, так ківаў, забаўляўся
як бы, а на Графа тым часам усё углядаўся.

Страшная калісьці ў бітве гэта штука кідання
нажоў, у Літве ўжо памалу прышла ў занядбанне,
знаёмая толькі старым. Прабаваў яе Ключнік
па корчмах не раз, але Войскі на гэта быў зручны.
Відацца з замаху рукі, што магутна удэра,
а лёгка згадаці з ваччу, што у Графіча мера,
(з Гарэшкаў апошняга пана, хаця па кудзелі).
Тых Войскага рухаў малодшыя не зразумелі;
Гярвазы збялеў, зараз Графа за лаваю крые,
к дзвяром адступае.— «Лаві!» — грамада уся вые.

Як воўк той, пры падле абскочаны псамі няждана,
кідаецца вослеп у злосці, што ежа прарвана,
ужо здаганяе, аж тут у сабачым вярэску
во трэснула ціха ад курка... воўк знае па трэску,
стрывожыўся, глянуў і бача стральца на мігненне
адно, як, схіліўшыся, ўспёршысь рукой на калене,
ён стрэльбаю водзе за ім і ўжо цынгель хапае;
воўк, вушы спусціўшы і хвост падтуліўшы, ўцякае...
Кідаецца псярня за ім з трыумфальным галасам,
за кудлы скубе, а як звер к ім адвернецца часам
і зяпаю ляпне ды белых клыкоў скрыгатаннем
ледзь-ледзь пагразіць ім, то псярня ўцячэ з скавытаннем:
вось так і Гярваз адступаў тады з грознай паставай,
стрымоўваў напаснікаў грозным паглёдам і лавай,
аж разам із Графам папалі ўглыб цёмнай фрамугі.
«Лаві!» — загрымела ізноў там. Трыумф быў не доўгі,
бо над галавою натоўпу Гярваз нечакана
на хорах з’явіўся ізноў, пры старых там варганах
із трэскам давай вырываць алавяныя дуды;
зажарыўшы імі з гары, нарабіў бы ён шкоды,
ды госці ўцякалі, балей не чакаўшы знявагі,
і слугі ўжо біцца не мелі ахвоты й адвагі,
 
а ўслед за панамі, схапіўшы начынне, ўцякалі,
што нават накрыцце і розны там спрат пакідалі.

А хто ж там апошні, нягледзь ні на грозьбы, ні ўдары,
пляц бою пакінуў? — Пратазы Брахальскі удалы.
Ён, стаўшы за крэслам Суддзі непарушана, стойка,
абвестку цягнуў сваім возненскім голасам бойка,
аж, скончыўшы толькі, з пустога зышоў баявішча,
дзе кінуў ляжаўшых параненых, трупы, звалішча.

Хоць страты ў людзёх не было, ды усенечкі лавы
з нагамі былі пазвіханымі, стол жа кульгавы
таксама, абдзёрты з абруса, палёг на залітых
чырвоных талерках, як вой на шаломах пабітых,
паміжы курчат, індыкоў пакалечаных целаў,
між рэбраў каторых нямала яшчэ вілкаў стырчэла.

І хутка ў самотным старым Гарашкоўскім будынку
вярталася ўсё да звычайнага зноў супачынку.
Сцямнела. Астаткі багатае панскай яды там
ляжалі, як бы на начную пачостку Дзяды, са-
біраціся мелі мярцы на заклятыя словы.
Ўжо тройчы ў падстрэшшы пракрыкнулі совы,
як бы гусляры, што вітаюць, як месяц усходзе,
і, паўшы на стол праз вакно, раздрыжэўшыся, бродзе,
душа бы чысцовая; здолу праз дзіры ў палацы
выскакуюць, моў бы праклятыя грэшнікі, пацы...
грызуць, запіваюць; часамі ў куце непрыбрана
на тост гэтым марам успокне бутэлька шампана.

А там, на паверсе вышэйшым, у залі, празванай,
хоць люстраў даўно ўжо не мела, святліцай люстранай,
пан Графіч стаяў на балконе, павернутым к браме,
і так халадзіўся, сурдут свой надзеўшы на рамя
адно, рукаво жа ж другое й палу сфалдаваўшы
пад шыяй і грудзь сурдутом, бы плашчом, ўдрапаваўшы.
Гярвазы хадзіў шырачэпістым крокам па залі;
абое задуманы самі з сабой размаўлялі.
«Ага, пісталеты, — Граф кажа,— або і палашы».
«І замак, і вёска, — даверыўся Ключнік, — то нашы».
«І дзядзьку й пляменніка, — ўскліківаў Граф, — усё племя
 
за раз вызывай!» А Гярвазы: «І замак, і землі,
й сяло забірай!» Так сказаўшы, звярнуўся да Графа:
«Як хочаш, Панок, супакою, то ўсё ім заграбай.
Нашто тут працэсы, то ж справа, як сонейка, чыста:
ў руках бо Гарэшкаўскіх замак гадоў больш за трыста;
часць грунту з двара адарвалі у час Таргавіцы
і, ведайце самі, далі на ўладанне Сапліцы.
Не толькі ім гэтую часць, але ўсё адабраці
належа, каб кару за кошты працэсаў спагнаці.
Я пану казаў заўсягды: ўсе працэсы — дурнота;
я пану казаў заўсягды, што наезд — то работа!
Бо так па-старому: хто раз які грунт здабывае,
той пан, бо хто выграў у полі, ў судзе выгрывае.
А што да даўнейшых усякіх з Сапліцамі спорак,
то ёсцека лепшы на то за працэсы Цызорык;
калі ж бы на помач Мацей сваю «Розачку» даў бы,
Сапліцаў із ім я на сечку ўдваёх сшаткаваў бы».
«Ну, брава! — Граф крыкнуў, — а план твой гатыцка-сармацкі
мне лепей куды да спадобы, як спор адвакацкі.
Ах, важна! на цэлай Літве мы наробім галасу
паходам такім нечуваным з даўнога ўжо часу,
і самі забавімся. Два ўжо гады тут сяджу між лясамі,
якую ж дзе бачыў бітву? за мяжу з мужыкамі!
А наша выправа крыві праліванне варожа.
Адбыў раз такую у часе сваёй падарожы.
Калі я гасціў у знаёмага князя ў Сіцыльі,
разбойнікі ў горах ягонага зяця схапілі
й затым ад радні яго водкупу нагла жадалі.
Сабралі мы ўсіх, што былі там і слугі й васалі,
й напалі; тады сам я забіў двух разбойнікаў запар
і вызваліў вязня, найперш уляцеўшы у табар.
А мой жа Гярвазы! Які гэта быў трыумфальны,
харошы які паварот наш ваенна-фэўдальны!
Народу з вянкамі спаткалі нас цэлыя плоймы,
удзячная князя дачка аж мне пала ў абоймы.
Калі ж да Палермо прыбыў, то ўжо зналі з газеты
і пальцам мяне там паказвалі ўсенькі кабеты.
А нават аб гэтым такім рамантычным здарэнні
раман друкавалі, дзе я там стаю па найменні.
Раман называецца: «Граф, або йначай тайніцы
на замку на Бірбантэ-рокка». Ці ё тут цямніцы
 
пад замкам?» «А ёсць,— кажа Ключнік,— вялізны піўніцы,
пустыя! бо выпілі ўсенька віно з іх Сапліцы».
«І джокаяў,— Граф размышляе,— узброіці можа,
і з воласці клікнуць васаляў...» «Што, лёкаяў? Крый, пане, божа! —
Гярваз прарывае,— заезд не лічы, Пан, гультайствам!
Хто ж бачыў заезды рабіці з мужыцтвам, з лякайствам?
Мой Пане, відаць, на заездах зусім не бывалі!
Вусалі — то іншая рэч, прыдадуцца вусалі.
А толькі шукаць іх не ў воласці, а па засценках:
у Добрыне, Рэзькаве, Цятычах, Рубне, Рубенках.
Адвечная шляхта, і рыцарску кроў яна мае,
і шчыра Гарэшкаў фаміліі ўся спагадае,
і ўсе ненавідзяць ад сэрца Сапліцаў праклятых.
Я стуль набяру ужо шляхціцаў з трыста вусатых,
мая гэта справа. А пан сабе йдзі да палацу
і выспіся, заўтра пайдом на вялікую працу.
Пан любіш паспаці, другія ўжо пеўні чувацца,
а я папільную тут замку; як будзе відацца,
то з сонейкам стану ў Дабрынскім засценку, Мапанку».

На гэтыя словы пан Граф адышоўся з кружганку;
аднак жа яшчэ паглядзеў праз атвор у стральніцы
і, бачучы многа святла у дамоўстве Сапліцы,
гразіў: «Люмінуйце, а заўтра а гэтай пары
раз’ясніцца ў замку, сцямнее у вашым двары!»

Гярвазы сядзеў на зямлі, да сцяны прысланіўшысь,
цяжкой галавой ад задумы на грудзі схіліўшысь.
Паў месячны светач на верх галавы яго лысы,
Гярвазы па ім жа выкрэсліваў пальцам нарысы,
відаць, рыхтаваў ён паходаў ваенныя планы.
Ўсё болей цяжэюць павекі яго непраспаны,
кіўнуўся ўжо шыяй і чуе, што сон забірае,
дык пацеры, водле звычаю, казаць пачынае.
Ды хутка паміж «айчанасам» і «здровась-марыяй»
натоўпам нахлынулі розныя мары дзіўныя.
Прад Ключнікам роем Гарэшкі папы праляцелі:
нясуць буздыганы[8], другія нясуць карабэлі,
а кожны падкручуе вусы й страшно спазірае,
складаецца шабляю ці булавой патрасае;
затым адзін цень і ціхі, і пахмурны мігнуўся
 
з крываваю плямай ў грудзёх. Аж Гярвазы ўздрыгнуўся:
то Стольнік! зачаў наўкола сябе ўсё жагнаці
і, гэтыя сны каб страшныя хутчэй адагнаці,
давай адгаварваць літанью аб душах чысцовых.
Ды звоне ў вушшу, і узрок яму склеіўся знову —
вось конная шляхта натоўпам, блішчаць карабэлі:
заезд! а наперадзе Рымша й Карэліч ляцелі.
І бача самога сябе: на кані сіваватым,
з рапірам страшным сваім, над галавою паднятым,
ляціць: расхлістана па ветры шуміць тарататка,
а з левага вуха апала на тыл канфед’ратка;
ляціць; па дарозе і езных ён вале,
урэшце, дапаўшы, стадолу Сапліцы падпале —
цяжкая ад мар галава тут па грудзі спадае,
й апошні Гарэшкава Ключнік вось так засынае.

Зноскі[правіць]

  1. Дыгнітар — вяльможа (Б. Т.).
  2. Багіняй раскошы ў рымлян і грэкаў лічылася Венера (Афрадыта), перад ёй ляцелі галубы (Б. Т.).
  3. Пялегаваць — кукобіць, няньчыць (Б. Т.).
  4. Аднойчы на сейме пасол Піліп са спадчыннай вёскі Каноплі, узяўшы слова, так далёка адышоў ад сутнасці справы, што выклікаў сярод прысутных усеагульны смех. Адсюль з'явілася прымаўка: вырваўся, як Піліп з канапель (А. М.).
  5. Штылет — кінжал (Б. Т.).
  6. Spolia opima па-лаціне азначае: здабыча (Б. Т.).
  7. Польскі ўсклік «Нестэты!» знача: на жаль, на бяду! (Б. Т.).
  8. Буздыган — адзнака ваеннай улады, булава (Б. Т.).